Тэрміны – словы і спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі назвамі паняццяў навукі, мастацтва, тэхнікі. Сукупнасць тэрмінаў пэўнай навукі, прафесіі называецца тэрміналогіяй. Так, тэрміны, што адносяцца да медыцыны, і называюцца медыцынскай тэрміналогіяй.
ШЛЯХІ РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАЙ МЕДЫЦЫНСКАЙ ТЭРМІНАЛОГІІ
Гісторыя фарміравання і далейнага папаўнення беларускай медыцынскай тэрміналогіі непарыўна звязана з развіццём усёй беларускай літаратурнай мовы. Вызначым асноўныя крыніцы гэтага працэсу.
1. Запазычанні. Як правіла, запазычваюцца інтэрнацыянальныятэрміны, якімі карыстаюцца многія мовы. Але дапускаецца выкарыстанне і нацыянальных тэрмінаў, калі падобны не задавальняе як інтэрнацыянальны або немагчыма зрабіць якасны яго пераклад. Часцей за ўсё пры запазычаннях выкарыстоўваецца калькаванне (звычайна з рускай мовы): тазобедренный – тазасцегнавы, большеберцовый – вялікагалёнкавы. У складаных тэрмінах першай часткай звычайна з’яўляюцца ўсечаныя часткі грэчаскіх і лацінскіх назоўнікаў і прыметнікаў.
Адназоўнікавы кампанент грэчаскага паходжання:
Ларынга- (ад larynks, - ngos – гартань), выражае паняцце “які адносіцца да гартані: ларынгаспазма, ларынгастэноз; мія- (ад mys, myos – мышца), выражае паняцце “мышачны”: міяфібрылы,, міярэлексанты; неўра- (ад neuron – нерв), указвае на сувязь з нервовай сістэмай. Таксама да грэчаскага кампанента можна аднесці: нефра- (ад nephros – нырка), пнеўма -(ад pneuma – дыханне), самата- (ад soma ,-atos – цела), спондыла -(ад spondylos – пазванок), фармака -(ад pharmakon – лякарства), хламіда -(ад chlamys – плашч), энтэра -(ад enteron – кішка), адэна -(ад aden – залоза), анка -(ад onkos – уздутасць), ата -(ад us, otos – вуха), афтальма -(ад ophtalmos – вока), гемата -(ад haima, - atos - кроў), дэрмата -(ад derma -, - atos – скура), кранія -(ад kranion – чэрап), наза -(ад nosos – хвароба), рына -(ад rhis, - inos – нос), сарка -(ад sarks, sarkos – мяса), сплахна -(ад splachnon – вантробы), такса -(ад toksikon – яд), тарака -(ад thoraks – грудзі), ура -(ад uron – мача), фізія -(ад phisis – прырода), хале-( ад chole – жоўць), хондра -(ад chondros – храсток), эмбрыя -(ад embryon – зародак), энцэфала -(ад enkephalos – мозг).
Колькасць лацінскіх тэрмінаў значна меншая ў параўнанні з грэчаскай мовай. Гэта, як правіла, тэрміны, першай часткай якіх з’яўляюцца лацінскія элементы вібра- (ад vibro дрыжу, вагаюся; выражае паняцце “вібрацыйны”), імуна- (ад immunis свабодны ад чаго-небудзь, некрануты; указвае на адносіны да імунітэту), каранара- (ад coronarius вянечны; выражае паняцці “які мае адносіны да вянечных артэрый сэрца”), лакта- (ад lac, - ctis малако; выражае паняцце “які адносіцца да малака”), мульты- (ад multium многа; указвае на шматлікасць прадметаў або на шматразовасць дзеянняў, функцый), радые- (ад radius прамень; указвае на адносіны да радыеактыўнасці, радыяцыі).
Наступнай часткай складаных тэрмінаў часта з’яўляюцца элементы –фікацыя (ад facere рабіць; абазначае ўкараненне, распаўсюджанне), -цыд ( ад caedo забіваю; адпавядае паняццю знішчэнне), -ол (ад oleum алей; адпавядае паняццю алей).
Многа тэрмінаў запазычана з іншых моў ужо ў гатовым выглядзе: білірубін (bilirubinum, ад bilis “жоўць” + rubber “чырвоны” – лацінізм), самнамбулізм (somnambulisme, ад лацінскага somnus “сон” + ambulare “хадзіць” – з французскай мовы), мальсека (malsecco, ад male “хвароба” + secco “сухасць” – з італьянскай).
2. Уласнабеларуская лексіка. Сюды мы адносім тэрміны, што ўзніклі ў беларускай мове з XIV стагоддзя і да нашых дзён: нырка, лытка, галёнка.
3. Неалагізмы. Па меры з’яўлення новых прадметаў і паняццяў узнікае неабходнасць у іх моўным абазначэнні. Так і з’яўляюцца неалагізмы: эмбрыёлаг, аксід, тамограф.
У беларускай мове ёсць яшчэ вялікі незапатрабаваны пласт медыцынскай тэрміналогіі. Гэта дыялектныя словы. Многія з іх і сёння ў карыстанні значнай часткі беларусаў і існуюць паралельна з запазычанымі або калькаванымі тэрмінамі: аорта – тутніца, ключыца – раменніца, прамая кішка – кутніца.
Заданне 14. 1. Што такое тэрміналогія?
2. Якія вы ведаеце шляхі папаўнення беларускай тэрміналогіі?