Як разнавіднасць навуковага стылю можна назваць навукова-папулярны стыль. Ён прызначаны для больш шырокага кола чытачоў, чым непасрэдна навуковы стыль. Навукова-папулярныя выданні не ўжываюць вялікай колькасці вузкапрофільнай тэрміналогіі і часта падаюць тлумачэнне рэдка ўжываемых слоў. Для навукова-папулярнага стылю ўласцівы вобразнасць, элементы гутарковай лексікі, словы абмежаванага выкарыстання.
Сфера ўжывання: даклады, лекцыі, навуковыя артыкулы, водгукі, анатацыі, рэцэнзіі, манаграфіі, падручнікі і інш.
Прыклад:
РЭЗЮМЕ
Плоцкі Андрэй Раманавіч
Дыягнастычнае значэнне вызначэння ўзроўню гомацыстэіна для выяўлення парокаў развіцця плода.
Ключавыя словы: гомацыстэін, прыроджаныя парокі развцця плоду, прэнатальная дыягностыка, плазма крыві, адмытыя эрытрацыты, каляплодныя воды.
Мэта работы: выявіць дыягнастычную ролю вызначэння ўзроўню гомацыстэіну і яго метабалітаў для выяўлення парокаў развіцця плода.
Метады даследавання: клінічны, ультрагукавы, хроматаграфічны.
Атрыманыя вынікі і іх навізна: праведзена вывучэнне ўзроўню гомацыстэіну і яго метабалітаў у плазме крыві, адмытых эратрацытах і каляплодных водах цяжарных жанчын пры нармальнай цяжарнасці і пры пароках развіцця плода. Выяўлена, што мае месца сапраўднае павышэнне ўзроўню гомацыстэіну ў плазме крыві пры пароках развіцця цэнтральнай нервовай сістэмы, пароках пярэдняй брухавіннай сценкі, дыяфрагмальных кілах, атрэзіях стрававода, полікістозе нырак, шыйнай гігроме і мностве прыроджаных анамаліях плода. Высокі ўзровень гомацыстэіну ў каляплодных водах асацыіруе з вялікай колькасцю прыроджаных парокаў развіцця плода, а зніжэнне яго – з раскелінамі твара, шыйнай гігромай і парокамі пярэдняй брушной сценкі плода. Адзначана сараўднае зніжэнне ўзроўню глутаціёну і ўзаемаадносін “глутаціён/гомацыстэн” у адмытых эрытрацытах пры прыроджаных пароках сэрца і мностве прыроджаных пароках развіцця плода. Вызначэнне ўзроўню гомацыстэіну ў плазме крыві жанчын групы “рэзерва родаў” дазваляе ацаніць адэкватнасць праводзімай прэканцэптыўнай падрыхтоўкі. Вызначэнне ўзроўню гомацыстэіну ў плазме крыві дазваляе фарміраваць групы рызыкі сярод цяжарных жанчын і жанчын групы “рэзерву родаў” па ўзнікненні прыроджаных парокаў развіцця плода для правядзення паглыбленай і своечасовай дыягностыкі.
Рэкамендацыі па прымяненні: паказальнікі ўзроўню гомацыстэіну могуць быць выкарыстаны ў якасці дыягнастычнага маркера прыроджаных парокаў развіцця плода ў медыцынскіх установах, якія займаюцца прэнатальнай дыягностыкай. Узровень гомацыстэіну ў плазме крыві можа быць крытэрыем адэкватнасці праводзімай прэканцэптыўнай падрыхтоўкі сярод жанчын групы “рэзерву родаў”.
Галіна прамянення: акушэрства, прэнатальная дыягностыка.
ПУБЛІЦЫСТЫЧНЫ СТЫЛЬ
Публіцыстычнаму стылю ўласцівы экспрэсіўнасць, эмацыянальнасць, ацэначнасць. У мове часта ўжываюцца рытарычныя пытанні, сказы-звароты, паўторы, сказы з інверсійным парадкам слоў і г.д. Мова публіцыстыкі мае шмат агульнага з мовай мастацкай літаратуры. Тут ужываюцца дыялектызмы, жарганізмы, словы і выразы з зніжанай стылістычнай афарбоўкай.
Сфера ўжывання: газеты, часопісы, даклады, выступленні, рэцэнзіі, арыткулы, рэпартажы і г.д.
Прыклад:
Паліноз – хвароба, якую выклікае пыленне раслін, прыносіць алергікам нямала пакутаў. Аднак звычайны бытавы пыл, які заўсёды разам з намі, бадай, яшчэ больш небяспечны алерген, чым пылок раслін. Калі ў вас раптоўна з’яўляюцца кашаль, хрыпы, прыступы ўдушша, ноччу дрэнна дыхаецца, то зусім верагодна, што так сябе праяўляе бытавая алергія.
Пакаёвы пыл, у якім жывуць кляшчы-сапрафіты, выклікае самую цяжкую дыхальную алергію і можа справакаваць захворванне на бранхіяльную астму. 1 грам пылу з падушкі ці коўдры можа ўтрымліваць 200 – 15000 кляшчоў-сапрафітаў.
Кніжны і газетны пыл выклікае так званую “бібліятэчную” алергію з рознымі праявамі – ад чхання да прыступаў удушша.
(Вольга Шаўко)
ГУТАРКОВЫ СТЫЛЬ
Гутарковы стыль характарызуецца прастамоўнай лексікай, дыялектызмамі, прафесіяналізмамі, жарганізмамі. Ён вельмі індывідуалізаваны, што робіць дадзены стыль блізкім да публіцыстычнага і мастацкага. Адметнымі асаблівасцямі гутарковага стылю з’яўляецца дыялагічная мова, спрошчанасць, перарывістасць і экспрэсіўнасць. Значную ролю тут адыгрываюць няпоўныя сказы, устаўныя канструкцыі, пабочныя словы. Яшчэ адной прыкметай гутарковага стылю можна назваць наяўнасць выклічнікаў, часціц, дзеяслоўных форм, інфінітыва, форм цяперашняга часу дзеяслова ў значэнні прошлага часу: “Пагаварыў бы са мной трошкі!”
Сферы ўжывання: дыялог, маналог, вітанне, запіска, ліст.
Прыклад:
Харунжы ўспыліў:
- Сам супярэчыш сабе. Пры патуранні тваіх маленькіх вырастаюць гітлеры!
- Яны вырастаюць патураннем дужа сквапных і багатых. І ўціскаюць малых, Толя.
- Ну, а каб ты пры Гітлеру жыў? Галовы сякуць вакол, а ты стогнеш аб адзінках, што не атрымліваюць лістоў. Так?
- Не трэба, Толя, - усё яшчэ спакойна сказаў Андрэй. – Я б не стагнаў, я б сам, першы, страціў галаву. Я таксама не з дробных і ведаю, што права здзекавацца з гонару і сумлення чалавека ні ў каго няма. І калі пачынаюць рабіць такое – чалавек, грамадства мае права ўзяцца за зброю і паўстаць супраць гэтага...
(У. Караткевіч)
МАСТАЦКІ СТЫЛЬ
Мастацкі стыль вылучаецца адзінствам камунікатыўнай і эстэтычнай функцый. Наглядаецца вялікая разнастайнасць вобразна-выяўленчых адзінак, якія павышаюць дзейснасць мовы. Сюды адносяцца эпітэты, параўнанні, метафары, гіпербалы і г.д. Да вобразна-выяўленчых сродкаў належаць рытарычныя фігуры (рытарычныя пытанні, звароты, выклічнік) і стылістычныя – сінтаксічныя фігуры, уласцівыя перш за ўсё паэзіі (інверсія, падваенне, анафара і г.д.).
Мове мастацкай літаратуры ўласціва стылістычная незамкнутасць, тут прысутнічаюць дыялектныя словы, тэрміналагічная лексіка, неалагізмы і архаізмы, часам нават вульгарызмы.
Сфера ўжывання: апавяданні, аповесці, раманы, казкі, вершы, быліны і г.д.
Прыклад:
Сэрца на далоні
Яраш, усё такі ж спакойны і велічны, прыветліва ківае ёй галавой. У адказ яна заплюшчвае вочы: маўляў, я ўсё разумею, не турбуйцеся, я на ўсё гатова. Нічога не сказаўшы, ён адыходзіць. Працягвае рукі Машы. Яна спрытна сцягвае пальчаткі і накрывае яго вялікія рукі сурвэткай. Ён садзіцца. Ён адпачывае. Можа, апошні раз прадумвае план аперацыі. А яго памочнікі – урачы і сёстры – не вельмі каб спешліва падключаюць да хворай датчыкі апаратаў: пад спіну, да галавы, да рукі, да нагі... Правады, шлангі звісаюць пад сталом. Шыковічу чамусьці больш за ўсё кінуўся ў вочы і запомніўся маленькі апарацік, які надзелі Зосі на левае вуха. (Пасля ён даведаўся, што гэта аксігемометр – прыбор, які вызначае насычанасць крыві кіслародам.)
Яраш расказваў яму пра назначэнне многіх апаратаў. Але цяпер у галаве ў Шыковіча ўсё пераблыталася. Ды прыборы і машыны яго ніколі не цікавілі. Цікавяць людзі. Цяпер больш за ўсіх яна, Зося. І ўрачы. Здавалася, злачынна павольна ўсё яны робяць. Хіба можна ў такі момант быць такімі марудамі? Хацелася крыкнуць Антону: “ Чаму ты ўсеўся, як Буда? Падгані іх!”
У самога яго ўсё часцей і мацней б’ецца сэрца. Ён амаль пачынае дрыжаць ад хвалявання і нецярплівасці: хутчэй, хутчэй! Нарэшце Майзіс, першы асістэнт, кідае:
- Гатова, Антон Кузьміч.
(І. Шамякін)