Барадулін Рыгор, нарадзіўся 24.02.1935 г. на хутары Верасоўка Ўшацкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і рабочага.
У 1954 г. скончыў Ушацкую сярэднюю школу, у 1959 г. філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях газеты «Советская Белоруссия», часопісаў «Бярозка», «Беларусь», «Полымя», з 1969 г. у выдаведтве «Беларусь», з 1972 г. рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі ў «Мастацкай літаратуры». У 1984 г. у складзе дэлегацыі Беларускай ССР прымаў удзел у рабоце XXXIX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1989 г. - прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра. Сябра СП СССР з 1958 г.
Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, «Знак Пашаны», медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.
Амаль кожны год з 1953 па зборніку.
Першыя вершы апублікаваны ў 1953 г. (газета «Чырвоная змена»). Выдаў зборнікі паэзіі «Маладзік над стэпам» (1959), «Адам і Ева» (1968), «Вяртанне ў першы снег» (1972), «Рум» (1974), «Свята пчалы: Выбранае» (1975), «Азбука не забаўка» (1985), «Індыкала-кудыкала» (1986), «Кобра ў торбе» (1990). У 1984 г. выйшлі выбраныя творы ў 2 тамах.
Напісаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987).
На беларускую мову пераклаў кнігі - Я.Райніс «Ветрык, вей!» (1965), С.Ясенін «Выбранае» (з А.Куляшовым, 1976), С.Паптонеў «Беларусь - белая балада» (з В.Нікіфаровічам, 1979, 1985), А.Вазнясенскі «Небам адзіным» (1980), А.Хаям «Рубаі» (1989), М.Шагал «Паэзія» (з Л.Бярынскім, 1989), Б.Пастарнак «Гарэла свечка...» (1990). Паасобныя творы Шэкспіра, Байрана, Кітса, Кіплінга, Рэмбо, Бёрнса і іншых паэтаў свету ўвайшлі ў кнігу перакладчыка «Кахаць - гэта значыць...» (1986). Пераклаў п'есы Лесі Ўкраінкі «Каменны гаспадар» і Мальера «Тарцюф».
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976) за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў «Рум» і кнігу перакладаў выбранай лірыкі Ф.Г.Лоркі «Блакітны звон Гранады».
Спектр філасофскай тэматыкі і праблематыкі ў творчасці Рыгора Барадуліна мае багатую палітру. Бадай што, любы са шматлікіх яго зборнікаў можа пацвердзіць гэтыя словы. Тым больш яны тычацца творчасці эпохі пераменаў, эпохі рознага роду трансармацый, эпохі з аморфнымі, астыгматычнымі, спашукаючымі чалавека каштоўнасцямі. Адчуць подых эпохі і разам з тым не збіцца на шлях да лжэідэалаў, не згубіць у сабе чалавечнасць дапамагае пранікнёнае спасціжэнне сталай мудрасці паэта ў яго творах.
Філасофскія лірычныя вершы Рыгора Барадуліна тужаць па гарманічнай душы, сапраўднаму інтлекту. Шукае ўсё гэта не ў завоблачных высях і абстрактных эмпірыях, а ў рэальным жыцці, сярод рэальных людзей і асоб.
Лірычны жывапіс філасофскай думкі Рыгора Барадуліна, пачынаючы з ранніх вершаў і канчаючы творамі 90-х гг., вызначаецца незвычайным багаццем зрокавых, слыхавых і абаняльных асацыяцый. Прыкладам асацыятыўнага мыслення ў ранняй лірыцы з’яўляецца верш “У верасня – свой, асаблівы пах...”, у якім дакладна ўзнаўляюцца колеры, гукі, водар роднага краю, што сведчыць пра надыход восені.
Вечна надзёнае “Трэба дома бываць часцей”, над сутнасцю якога не ўладарны час, ці не стала ўжо беларускай ідыёмай, такой блізкай кожнаму беларусу: “Трэба дома бываць часцей, / Трэба дома бываць не госцем, / Каб душою не ачарствець, / Каб не страціць святое штосці”. Такія простыя ды надзіва мудрыя словы назаўсёды сьалі крылатым выразам, маральнай формулаю жыцця як для сучаснікаў, так і для тых, хто яшчэ прыйдзе ў гэты белы свет.
Паэт не толькі стварае свае сакавітыя, каларытныя па жывапісе і гучнасці вершы ды і эпічныя рэчы, - паэмы “Куліна”, “Матчына хата”, “Блакада”, “Вяртанне ў першы снег”, “Аблачына – самабранка”, “Смаргонская акадэмія”, але гэтым самым надточвае нітку гістарычнай памяці нацыі, якая захоўваецца ў слове.
Толькі жыццялюб можа прашаптаць так па-ранейшаму: “Мне б вякоў не хапіла / Слухаць вочы твае”.
Дзякуе Госпаду за дазвол слова мовіць на зямной бяседзе. “З тлумам ды малітваю жыву, / Паважаючы зямлю сыруб, / Бо пачынаю адчуваць растанне”.
Ён імкнецца не столькі ўсе апісаць, “занатаваць” у вершы, колькі пранікнуць у глыбіню з’явы, зразумець яе сацыяльныя, гістарычныя, прыродныя “параметры” і значэнне для чалавека: “Цаглінай стаць павінна гліна, / Паводкай – снегу мітусня, / Павінна помніць каляіна, / Што першай легла палазня...”.
Вельмі цікавы па думцы верш “Інтэлект зямлі”. Выраз – нечаканы: звычайна інтэлект мы звязваем не стлолькі з эмацыянальным успрыняццем свету, так сказаць, з рацыянальная, “галоўнай” яго інтэрпрэтацыяй: “Небу ўсе гімны, легенды, / Долу – / Багроў мазалі. / Космас інтэлегентны, / Ды ёсць / Інтэлект зямлі...”. У падтэксце верша паэт, як нейкі сучасны пантэіст, атаясамляе сябе з зямлёй, прыродай, адкрывае нязнаныя раней грані свайго светапогляду.
Барадулін вяртаецца да вобраза маці, які стаў стрыжнем ўсёй яго творчасці. Маці як сімвал і аснова жыцця ў самым шырокім сэнсе і канкрытны дарагі чалавек, які даў табе жыццё, вывеў са сцежкі маленства на вялікі зямны шлях і аберагае цябе нават адтуль – з вечнасці. “Мама, / Я пастарэў без цябе, / Для сцен адзіноты вырас. / Мне зараз твой зразумелы выраз: / Адзін як вока ў ілбе...”.
Барадулін настойліва і таленавіта ўзнаўляе ў вершах і паэмах старонкі мінулага, постаці продкаў – аратых, ваяроў, кніжнікаў. Прыгадаем такія з іх, як “Сафійка”, “Мая бацькаўшчына”, “На Беларусі...”, “Каменная балада”
Рыгор Баралулін па сваёй натуры – прыродапаклоннік: “Гараджанін часовы, / Праз бетон, праз цагліны / Чую траў перазовы, / Сум засохлай галіны”.
Аўтар разважае пра каханне, ён хоча разабрацца, чым усё-такі з’яўляецца для нас каханне. Ці можа яно перагарэць і знікнуць? І прыходзіць да несуцешнага вываду: “І тыя ж гады, тыя ж вочы, і тыя і не тыя. Асвойваць немагчыма двойчы два бугаркі крутыя”.
“Тваё каханне на маім плячы журлівае, як веснавое ранне”.
Паэтам уласціва пачуццё заўсёднае закаханасці ва ўсё прыгожае на зямлі, вянцом якому – жанчына.
“Імчыце, / Вольнасці фургоны! / Лашак тугі траву скубе. / Я твой нявольнік, / Твой прыгонны. / Нашто мне воля / Без цябе?!”
У паэзіі філасофіі жыцця Барадуліна няма рытарычнай пустаты, бо прадметам яе даследавання заўжды з’яўляецца сапраўдная сутнасць і прыгажосць жыцця, душэўная чысціня чалавека, яго унутранае багацце.
Прыкладам поўнай згарманізаванасці пачуццяў лірычнага героя і настрою прыроды ў адлюстраванні Радзімы з’ўлецца верш “З-пад нахмураных броваў...”, якім пачынаецца кніга “Рум”. Душэўны стан лірычнага героя, яго здзіўленая зачараванасць убачанымі пасля доўгай адсутнасці краявідамі вельмі дакладна перададзены ў наступных радках: “Нават страшна дыхнуць – маладыя аблокі / Над Ушачынай ціха плывуць”.
Лірычны герой
калі яго лірычны герой выстаўляецца як закінуты ў свет адзіночка (“Завыць ваўком зусім не проста...”), то ён не стараецца такую сітуацыю паглыбіць, пазбягае хваравітага дэкадансу, шукае выйсця. І знаходзіць, прычым не адно: “Пакуль жыву я, / Жыве таксама / На гэтым свеце / Са мною мама” ці: “Радуйся ў жыцці святлу і свету, / Верачы ў паганскую прыкмету: / Дабрыня шукае глыбіні”.
Любоў да жыцця, пяшчотная і моцная, знайшла водгук у многіх радках. Таму і просіць паэт: “Дазвольце затрымацца на зямлі / Мне... /”.
Таму паэт моліцца за Бацькаўшчыну: “Хай свеціцца імя Тваё, Беларусь” (“Малітва наступнасці”), - дзе слова “свеціцца” набывае канатацыю ў сувязі з радыёактыўным выпраменьваннем пасля аварыі на ЧАЭС. “Малітва наступнасці” па сутнасці песімістычны верш. Лірычны герой нібы згаджаецца з лёсам роднай краіны, знаходзячы нават аналогіі ў гучанні слова “радыяцыя” з назвай святога для пашаны продкаў беларусаў.
Усё гэта – ад малога да касмічнага – прасякнута не сухасцю філасофіі, а пачуццямі любові і чалавечнасці, афарбаванымі ў паэтычным колеры Творцы, пачуццямі, з якіх пачынаецца наш бясконцы свет, пачуцямі, якія немагчыма дакладна і поўнасцю апісаць - імі трэба жыць.