Вершы былі першымі друкаванымі творамі пісьменніка, а паэтычныя зборнікі "Матчына душа" (1958) і "Вячэрнія ветразі" (1960) - першымі яго кнігамі. У 1969 годзе выдаў арыгінальны зборнік паэзіі "Мая Іліяда". Прыкметнай з'явай у беларускай літаратуры стала і апошняя, пасмяротная яго кніга "Быў. Ёсць. Буду" (1986). У сваіх ранніх паэтычных творах, якія ўзніклі ў першай палове 50-х гадоў, Караткевіч выкарыстоўваў набыткі фальклору (вершы "Машэка", "Казка пра сноп", "За рэчанькай за быстраю"), звяртаўся да патрыятычнай тэматыкі (паэма "Зямля дзядоў", вершы "Вагеньчык у яблынным садзе", "Орша"), пісаў вершы пейзажныя ("Ноч", "Вясновая непагода", "П'юць галубы блакіт із каляіны"), інтымныя ("І зашумяць асіны над ракою"). У 1957 годзе паэтычныя творы Караткевіча з'явіліся на старонках "Маладосці", "Літаратуры і мастацтва", "Чырвонай змены". Іх заўважыла літаратурная грамадскасць і крытыка. Першыя друкаваныя вершы Уладзіміра Караткевіча былі прадметам шматлікіх гаворак і спрэчак. Як значную падзею ў тагачасным літаратурным жыцці ацаніла крытыка выхад першага паэтычнага зборніка "Матчына душа".
Крытыка адзначала талент, самабытнасць і арыгінальнасць паэта, разглядала асаблівасці яго стылю і майстэрства, дакарала за кніжнасць, складанасць, захапленне гістарычнай тэматыкай і недастатковую ўвагу да сучаснасці.
У вершы "На пачатку дарог": Караткевіч, згадваючы сваё маленства, глядзеў на свет вачыма чатырохгадовага хлопчыка. Тут паэт па-свойму, а не так, як таго хацеў бы крытык, успрымаў свет. Гэты верш, як і любы іншы твор, варта ацэньваць паводле тых мастацкіх прынцыпаў, на грунце якіх ён створаны.
Караткевіч не толькі разважаў пра шляхі развіцця беларускай паэзіі, спрабаваў вызначыць яе адметны кірунак, але і выказваў творчую праграму, якая грунтавалася на ўласных, нацыянальных культурных і гістарычных традыцыях. Eн пісаў: "І ці можам мы адмовіцца ад рытму і рыфмы, ад лепшай, ад найбольш моцнай нашай зброі? Вядома, не.
Уладзімір Караткевіч быў адным з тых аўтараў, у творчасці якога з незвычайнай сілай узнавіліся аслабленыя, амаль перарваныя ў час культу асобы Сталіна, беларускія адраджэнцкія ідэі. Творчасць Уладзіміра Караткевіча была прасякнута моцным патрыятычным пафасам. Як і Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Алесь Гарун, Вацлаў Ластоўскі, ён выяўляў асаблівую прыхільнасць да гісторыі і народнай творчасці. Неабходна ўлічыць таксама і тое, што Караткевіч быў пераважна пісьменнікам-рамантыкам. Такім жа шляхам ішоў і Уладзімір Караткевіч. У першай палове 50-х гадоў ён не толькі збіраў, запісваў і даследаваў народную творчасць, пра што сведчаць ягоныя "Казкі і легенды маёй Радзімы.
Многія раннія вершы Караткевіча былі заснаваны на фальклорным ці гістарычным матэрыяле. Яркай вобразнасцю, рытмічнай зладжанасцю, адметнасцю мастацкага бачання свету вызначаецца верш "Машэка". Паэт звярнуўся ў ім да вобраза легендарнага асілка, які шырока бытуе ў беларускім фальклоры. У яго Машэка выступае як народны заступнік і бунтар. Тут вылучаны ў першую чаргу сацыяльныя матывы, што паслужылі прычынай для бунту Машэкі. Асабістая ж крыўда на пана нібы адышла на другі план.
Задушэўнай і трагічнай атрымалася "Балада пра паўстанца Ваўкалаку", дзе ў шчымліва-балючай і пранікнёна-лірычнай форме перададзены душэўны стан героя ў яго апошнія хвіліны жыцця. Смяртэльна паранены, ён ляжыць у яры каля ракі, а ягоныя думкі і пачуцці ляцяць да роднай хаты. Там "сястра сядзіць пад калінай", там на могілках маці ляжыць. Зняможаны і аслабелы, ён звяртаецца да вольнага ляснога аленя, які каля яго, як цень, праходзіць да вадапою, з просьбай: "Лісце аб'еш, алень!" Хоча, каб алень зрабіў прасвет у галінах, якія замінаюць яму пабачыць родныя абліччы і краявіды. Гэты зварот-рэфрэн узмацняе лірызм твора, падкрэслівае любоў героя да роднай зямлі. Як блізкую і дарагую істоту, адзінага сведку яго адзіноты і гора, ён просіць, каб алень зняў мяккімі губамі пярсцёнак з яго рукі і аднёс гэты пярсцёнак той, якая перастала яго кахаць. Ваўкалака выступае ў баладзе як жывы чалавек. Eн высакародны ў сваіх пачуццях, думках і ўчынках, вялікі ў сваёй любові да волі і роднай зямлі, велічны і трагічны ў сваім каханні.
Паэт меў набыткі пры выкарыстанні фальклорнага і гістарычнага матэрыялу і ў такіх паэтычных творах 50-х гадоў, як "Шыпшына і ружа", "Паязджане", "Перакаці-поле", "Балада пра Вячка, князя людзей простых". У іх таксама яскрава выявілася так характэрнае для яго паэзіі спалучэнне эпічнасці, баладнасці з эмацыянальнасцю і лірызмам.
У вершы "На пачатку дарог", якім адкрываўся зборнік "Матчына душа", паэт згадаў бачанае ім у чатырохгадовым узросце шаткаванне капусты. Eн тут апаэтызаваў працу, даў цікавыя і каларытныя сцэны жаночай "талакі", успомніў песні, якія тады пачуў, назваў кнігі і казкі, якія прачытаў і якія назаўсёды засталіся ў ягоным сэрцы.
Паэзія Уладзіміра Караткевіча ад самых вытокаў была напоўнена любоўю да радзімы. Eн пісаў пра сваю моцную і адданую любоў да роднага горада Оршы (верш "Орша"), бо там "нарадзіліся думкі, воля, імкненні, жаданні". Шмат цёплых і сардэчных слоў сказаў пра Рагачоў, дзе ў дзедавай хаце жыў з сям'ёй дзядзька Ігар Васілевіч Грынкевіч. Так, сваю раннюю паэму "Зямля дзядоў" ён пачаў у 1950 а закончыў у 1955 годзе.
У паэме аўтар кідаў позірк у сівую мінуўшчыну, згадваў тыя часы, калі "тварылі Будны і Цяпінскі, паэты, дойліды і разьбяры", калі ваяваў Вячка і жыў Вашчыла, думаў пра "нялёгкае і гордае жыццё" свайго народа, пісаў пра яго сённяшні дзень. І хоць паэме яшчэ бракуе кампазіцыйнай зладжанасці, але яна захапляе непасрэднасцю і шчырасцю ў выяўленні патрыятычных пачуццяў, многімі цікавымі малюнкамі і вобразамі.
Вышэйшае прызначэнне і абавязак чалавека і мастака ён бачыў у служэнні сваёй шматпакутнай і прыгожай зямлі. Так, у вершы "Матчына душа", плённа выкарыстоўваючы казачныя, фантастычныя вобразы, сцвярджаў, што павінен, абапіраючыся на казкі, легенды і паданні, перадаць "барацьбу і пакуты народа, неўміручую душу яго". Усведамляў, што трэба несці гэты "цяжкі крыж, але вельмі пачэсны".
Вартасць асобы і творцы паэт вымяраў іх стаўленнем да радзімы. Напрыклад, у вершы "Калумбы зямлі нязнаемай" (1957), рашуча выступаючы супраць багемнага паэта, які апяваў далёкія экзатычныя мясціны, супраць дзяржаўных чыноўнікаў, інтэлігентаў і мяшчан, якія адракліся ад матчынай мовы і беларускай культуры, выказваў веру ў свой народ і сцвярджаў, што будзе пісаць пра Беларусь, пра яе прыгажосць і што адкрые яе для беларусаў.
У вершы "Жаданы госць" паэт далікатна, з цеплынёй і пяшчотай паказвае збліжэнне двух пажылых людзей - мужчыны і жанчыны, якія страцілі ў вайну блізкіх. Мужчына наведвае сваю суседку, вітаецца з ёю, спачувае ёй. У іх скупых і стрыманых дыялогах заключана вялікае і складанае пачуццё. Цяжка і непрытульна ім, адзінокім, у жыцці. Няпроста мужчыне сказаць пра сваё пачуццё. Але прыходзіць час, і ён прамаўляе свае запаветныя словы. Жанчына нібы здранцвела ад ягонага прызнання. Пачуццё, эмоцыя - важны рухаючы элемент і ў яго творах эпічнага плана (баладах, паэмах), дзе галоўная роля належыць сюжэту і дзеянню. Лірычная танальнасць прыкметна вызначае і паэтыку "Партызанскай балады". У ёй праз інтымныя перажыванні сваёй гераіні паэт дакладна перадаў яе псіхалагічны і душэўны стан, раскрыў веліч яе як асобы. Паўліна стрыманая ў выяўленні інтымных пачуццяў да каханага чалавека, які не можа адказаць ёй узаемнасцю. Толькі калі перавязвала яго, "да раны прыпала крадком". Дзеля выратавання каханага яна ахвяруе ўласным жыццём. На ўсхваляванай і шчымліва-балючай ноце перададзена сцэна іхняй апошняй сустрэчы і развітання: Ціха-ціха ўздымаюцца да бінтоў, ад крыві рабых,
Чыстыя-чыстыя рукі - белыя галубы...
Паводле высокіх гуманістычных мерак Караткевіч адзін з першых у беларускай паэзіі здолеў выкрыць у "Баладзе пра смяротнікаў" сутнасць чалавеканенавісніцкай ідэалогіі і палітыкі фашызму. "Балада пра смяротнікаў" з'яўляецца творам героіка-трагічным. Яна знаходзіцца ў шэрагу лепшых паэтычных твораў беларускай, у якіх услаўляюцца гераізм, мужнасць і нязломнасць чалавека ў неймаверна цяжкіх і складаных ваенных абставінах.
Гістарычны аспект у творчасці Караткевіча з'яўляецца надзвычай істотным.
Паэма "Слова пра чалавечнасць" сведчыць пра несумненны поспех Караткевіча ў распрацоўцы ліра-эпічных форм, хоць у ёй іншы раз побач з паэтычнымі знаходкамі суседнічаюць і апісальныя, шматслоўныя радкі. Паэт не прызнаваў пасіўнага і сузіральнага гуманізму. За чалавечнасць, як за шчасце і жыццё, трэба змагацца. Вуснамі героя з паэмы "Слова пра чалавечнасць" ён гаварыў: "Гуманізм, ён павінен быць ваяўнічым
Першаасновы народнага быцця, сутнасць нацыянальнага характару ён хацеў вытлумачыць у вершы "Беларуская песня", якім адкрываецца зборнік, творы паэтычным і ўрачыстым, напоўненым гонарам за сваю зямлю і яе людзей: Тут паэт даваў маштабны і цэласны малюнак Беларусі, паэтызаваў яе, кляўся ёй у адданасці і вернасці. І рабіў гэта сродкамі ўзнёслымі, рамантычнымі, з выкарыстаннем рытарычнага пытання, сімволікі і гіпербалізацыі.
Паэзія Караткевіча вызначаецца павышанай экспрэсіўнасцю, эмацыянальнасцю, напружанасцю дзеяння, кантрастнасцю і яркасцю вобразаў. Спраўдным феерверкам фарбаў і колераў свецяцца вобразы і ў "Чорнай баладзе Гаркушы": "сонца - ружовы цвет", "чароды ліловых хмар", "залатыя злівы", "пярэсты чмель", "цёмныя кучары вішань сяла", "малінавыя бадзякі". Навакольнае асяроддзе напоўнена самымі разнастайнымі гукамі, пераліваецца шматлікімі колерамі.
Лебядзінай песняй і запаветам стаў для Уладзіміра Караткевіча апошні зборнік "Быў. Eсць. Буду". У яго ўвайшлі паэтычныя творы 70-х - першай паловы 80-х годоў, а таксама ранейшага часу, пераважна 60-х гадоў і два вершы "Як Стажары ў небе заззялі" і "Было юнацтва", напісаныя ў канцы 50-х гадоў.
З вершаў, напісаных у апошнія пяць гадоў, былі ўключаны "На Беларусі бог жыве", "Новая Атлантыда", "Раманс пра караля, што пакінуў трон", "Не злабіся на ерэтыкоў", "Беларускае мінулае", "Што такое ёсць справядлівасць", "Армянскія ананімныя прытчы", "Стары певень", "Паэт" і іншыя.
Паэтычныя творы Уладзіміра Караткевіча сведчаць пра глыбіню яго паэтычнага таленту, пра значнасць яго як асобы і мастака. Дакладна і трапна сваё месца ў беларускай паэзіі вызачыў сам паэт на пачатку 60-х гадоў у наступных радках:
Мінаюць дні. Прыходзіць слава,
А грошай, як раней, няма.
І ходзіць у пальце каравым
Паэтаў мінскіх атаман.
З болем пісаў у вершы "Стары певень" пра тое, што знікае, вымірае вёска, традыцыйная захавальніца народнай душы і нацыянальнага характару. І спеў адзінокага пеўня, у апошняй хаце, дзе жыве "бабулька адным-адна", не падтрымаюць іншыя пеўні, бо "забітая кожная з хат, як труна". "Гэты певень вартуе наш родны край", - сцвярджае паэт. Заканчваецца верш радкамі, дзе аўтар да кожнага і адначасова да ўсіх звяртаецца з запытаннем: "А вы? Ці не ганьба вам?"
Сцвярджэннем уласнай велічы, магутнасці і несмяротнасці, далучанасці да лёсу людскога прасякнуты верш "Быў. Eсць. Буду".