1. Аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі Беларусі ў пасляваенны час.
2. Асноўныя рысы грамадска-палітычнага жыцця Беларусі ў другой палове 1940-х - першай палове 1980-х гг.
3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў 1950-х – першай палове 80-х гг.
4. Здабыткі і негатыўныя з’явы ў развіцці адукацыі, навукі і культуры ў 1950-е - 1980-е гг.
Пытанні да дыскусіі:
1. Чаму да сярэдзiны 80-х гг. тэмпы прыросту нацыянальнага даходу БССР былi вышэйшыя за агульнасаюзныя?
2. Як была звязана эканомiка з ваенна-прамысловым комплексам?
Тэмы рэфератыўных паведамленняў:
1. Цяжкасцi развiцця сельскай гаспадаркi ў пасляваенныя гады.
2. Асоба П. М. Машэрава.
Літаратура: [].
Пры разглядзе зместу дадзенай тэмы студэнтам неабходна звярнуць увагу на тое, што вызваленая Беларусь была разрабавана і зруйнавана, велізарныя страты панесла не толькі гаспадарка рэспублікі, але і насельніцтва, прыроднае асяроддзе.
Перад разбуранай эканомікай Беларусі ў першыя паслеваенныя гады стаяла задача цалкам аднавіць народнагаспадарчы патэнцыял і эканамічныя сувязі, забяспечыць далейшае развіццё народнай гаспадаркі, правесці канверсію эканомікі, знайсці рэсурсы для паляпшэння ўмоў жыцця людзей.
Важнае месца ў вывучэнні дадзенай тэмы студэнтамі павінна заняць асэнсаванне асаблівасцей, якія паўплывалі на далейшае развіццё гаспадаркі БССР. У прамысловасці больш хуткімі тэмпамі адраджалася машынабудаванне. Марудна адраджалася лёгкая прамысловасць. Асаблівая ўвага надавалася аднаўленню энергетыкі. Прадугледжвалася паскорана развіваць машынабудаванне, стварыць новыя галіны прамысловасці – трактара- і аўтамабілебудаванне, выпуск лакаматываў, гідратурбін, матацыклаў, веласіпедаў, швейных машын; аднавіць і развіваць энергетычную гаспадарку, пашырыць паліўную базу рэспублікі.
Рэспубліка атрымлівала дапамогу ад цэнтра кваліфікаванымі рабочымі, інжынерамі і служачымі; бюджэтнымі датацыямі, тэхнікай і абсталяваннем, сыравінай. Прыходзіла дапамога і па лініі ААН.
У выніку выканання праграмы гаспадарчага і сацыяльнага развіцця на 1946-1950 гг. шмат чаго ўдалося зрабіць: адноўлены гаспадарчы комплекс, сістэма адукацыі, шырокія памеры набыло жыллёвае будаўніцтва, вырасла пакупная здольнасць насельніцтва, павялічыўся рознічны тавараабарот. У той жа час планы на развіццё сельскай гаспадаркі на Беларусі выкананы не былі. Рэальная заработная плата дасягнула даваеннага ўзроўню. Адначасова наглядаўся рост падаткаў з грамадзян. Былі ўведзены падаткі на халасцякоў, адзінокіх і маласямейных грамадзян. Штогадовыя дзяржаўныя пазыкі мелі абавязковы характар і з’яўляліся скрытай формай павелічэння падаткаў.
Студэнты павінны мець на ўвазе, што камандна-адміністрацыйныя метады кіравання гаспадаркай дазволілі вырашыць складаныя праблемы пасляваеннага адраджэння прамысловасці. Але бліжэй да канца чацьвёртай пяцігодкі яны ўжо сталі тормазам далейшага развіцця эканомікі Беларусі.
З Беларусі ў гэты перыяд ва ўсходнія і іншыя раёны СССР выехала шмат рабочай сілы і высокакваліфікаваных маладых спецыялістаў. У выніку накіраванай уладамі міграцыі ў БССР істотна зменшылася колькасць беларусаў і павялічалася колькасць прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей, перш за ўсё рускіх, палякаў, украінцаў, якія адыгрывалі значную ролю ў жыцці рэспублікі.
Разглядаючы асноўныя рысы грамадска-палітычнага жыцця Беларусі студэнты павінны засяродзіць сваю ўвагу на наступных пытаннях: грамадска-палітычная сітуацыя ў БССР у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе; асаблівасці працэсу дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця ў БССР у другой палове 1950-х - 1960-е гг.; грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1970-е - першай палове 1980-х гг.
Пасля перамогі ў вайне 1941-45 гг. пачаліся новыя масавыя арышты, расстрэлы, высылкі ў савецкія канцэнтрацыйныя лагеры. Тым не менш, моладзь актыўна стварала тайныя таварыствы, абменьвалася думкамі. Тайнае таварыства “Чайка” існавала ў сярэднне-спецыяльных і прафесійна-тэхнічных установах у Баранавічах, Брэсце, Жыровіцах. “Саюз беларускіх патрыётаў” дзейнічаў у педвучылішчах Глыбокага і Пастаў, існавала арганізацыя “Свободная Беларусь”.
У верасні 1953 года першым сакратаром КПСС, а значыць і кіраўніком дзяржавы, быў абраны М.Хрушчоў. Пачаўся перыяд адноснай дэмакратызацыі. Да гэтага часу першымі асобамі БССР былі не прадстаўнікі тытульнай нацыі, а асобы з ліку нацыянальных меншасцей. У 1956 годзе ўпершыню з сярэдзіны 1920-х гадоў ЦК КПБ ўзначаліў беларус – К.Т.Мазураў. Праўда, на развіцці нацыянальнай культуры гэта не сказалася – на працягу 1960-1970 гг. беларускамоўныя школы пераводзіліся на рускую мову навучання.
У кастрычніку 1964 года з-за шматлікіх пралікаў у кіраванні краінай М.Хрушчоў быў вызвалены ад займаемай пасады, кіраваць партыяй і краінай быў пастаўлены Л.Брэжнеў. У 1965 г. у Беларусі кампартыю ўзначаліў П.Машэраў.
Пасля змены кіраўніцтва ў 1965 г. былі разгледжаны пытанні аб развіцці сельскай гаспадаркі і паляпшэнні кіравання эканомікай. Канчаткова былі ліквідаваны апошнія прыкметы савецкага прыгонннага права для калгаснікаў – яны атрымалі пашпарты, права на пенсію, на гарантаваную аплату працы. Большая свабода была дадзена ў развіцці ўласнай гаспадаркі.
У 1966-1985 гг. у краіне быў перыяд застою. Узмацніўся пераслед іншадумцаў (дысідэнтаў).
Аналізуючы сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў 1950-х – першай пал. 80-х гг., студэнты павінны звярнуць увагу на наступныя пытанні: экстэнсіўныя і інтэнсіўныя фактары развіцця эканомікі БССР у складзе адзінага народнагаспадарчага комплексу СССР; курс на апераджальны рост у рэспубліцы цяжкай прамысловасці; асноўныя тэндэнцыі індустрыяльнага развіцця БССР ва ўмовах разгортвання навукова-тэхнічнай рэвалюцыі; нарастанне экалагічных праблем; чыннікі паступовага запаволення тэмпаў эканамічнага росту і ўзнікненні цяжкасцяў у сацыяльнай сферы.
На працягу 1950-60-х гг. эканамічны ўздым суправаджаўся павышэннем матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця беларускага народа і развіццём сацыяльнай сферы. Разам з відавочнымі поспехамі трэба адзначыць, што эканоміка страціла былы дынамізм. Існуючы гаспадарчы механізм стаў тормазам на шляху эканамічнага развіцця краіны, што абумовіла паступовы ўваход савецкай эканомікі ў глыбокі крызіс. Спробы сацыяльнай пераарыентацыі эканомікі і рэфарматарства 1950-х гг. саступілі месца кансерватыўным эканамічным поглядам, якія прывялі гаспадарку краіны да стагнацыі, застою і цяжкага эканамічнага крызісу.
Студэнты павiнны звярнуць увагу, на тое якiя змяненнi адбылiся ў сацыяльна-эканамiчным жыццi пры Л. Брэжневе, спынiцца на рэформах А.М. Касыгiна 1965г. i прычынах iх згортвання.
Эканамічныя цяжкасці 1970-80 гг. адбіваліся на ўзроўні дабрабыту насельніцтва і сацыяльнай палітыкі. Рэальная зарплата не павышалася, а часам нават зніжалася. Абвастрылася жыллёвая праблема, не адпавядала сучасным патрабаванням сістэма аховы здароўя. Узрос агульны дэфіцыт прадметаў спажывання. Уводзіліся прывілегіі для партыйна-дзяржаўнага апарату, што абвастрала сацыяльную напружанасць у грамадстве.
Страшэнныя экалагічныя і эканамічныя наступствы для ўсёй тэрыторыі Беларусі мела аварыя на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС), якая адбылася 26 красавіка 1986 г.
Аналізуючы здабыткі і негатыўныя з’явы ў развіцці адукацыі, навукі і культуры студэнты павінны звярнуць увагу на наступныя пытанні: культурнае і духоўнае жыццё ў БССР; станаўленне і развіццё савецкай беларускай культуры; русіфікацыя; змены ў духоўным жыцці беларускага народа ў канцы 1980-х гадоў.
Беларуская культура перыяду 1950-80 гг. прайшла вельмі складаны і цяжкі шлях. Абмяжоўвалася свабода творчасці, выцісканне беларускай мовы было ўведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Культура, навука і адукацыя не атрымлівалі дастатковага фінансавання, што сур’ёзна адбілася на іх узроўні і якасці. У той жа час увесь свет ведае нашых навукоўцаў, літаратараў, мастакоў, акцёраў, што сведчыць аб высокім узроўні культуры.
Завяршаючы падрыхтоўку дадзенай тэмы, студэнтам неабходна засвоіць, што асаблівасцю пасляваеннага развіцця культуры стаў партыйны дыктат, барацьба з прагрэсіўнай інтэлігенцыяй, русіфікацыя (у БССР не было ніводнай сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай навучання). Але важна адзначыць, што адбылося аднаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы адукацыі, навукі і культуры.
Эканамічнае развіццё Беларусі праходзіла супярэчліва. 3 аднаго боку ўзрос эканамічны патэнцыял, эканоміка Беларусі развівалася больш хуткімі тэмпамі ў параўнанні з агульнасаюзнай. Узрос дабрабыт народа. 3 другога боку нарасталі цяжкасці, супярэчнасці ў эканамічным і сацыяльным развіцці краіны. Зніжаліся тэмпы развіцця ўсіх галін народнай гаспадаркі.