Мова існуе як сістэма стыляў – г.зн. яе функцыянальных разнавіднасцей[13]
[15]
, якія характарызуюцца выбарам і ўжываннем моўных сродкаў, адпаведных сферы зносін – афіцыйнай або неафіцыйнай.
Адрозненні ў стылях асабліва выразна выяўляюцца ў лексіцы і дазваляюць падзяліць яе на міжстылёвую (нейтральную) і стылістычна афарбаваную.
Нейтральная лексіка ўключае ў свой склад словы, якія могуць ужывацца ў любым функцыянальным стылі, не маюць дадатковых адценняў размоўнасці, пагардлівасці, зневажальнасці і г.д. (пакой, лыжка, рука, месяц, гадзі′на, выразны, чытаць, ісці, хутка). Іх найважнейшая функцыя – утвараць своеасаблівы каркас выказвання. Нейтральная лексіка колькасна пераважае над стылістычна афарбаванай лексікай.
Стылістычна афарбаваная лексіка – словы, замацаваныя за пэўным функцыянальным стылем.
Стылістычна афарбаваныя словы маюць нейтральныя сінонімы, дзякуючы гэтаму, усведамляецца іх стылёвая маркіраванасць, ацэначнасць. Так, адзін і той жа змест можа быць выражаны ў залежнасці ад сферы і характару зносін стылістычна рознымі сродкамі:
1) Білеты на спектакль у замку Радзівілаў вы можаце набыць у касах горада Мінска.
2) Яна купіла два білеты на спектакль.
3) – Гэта табе: два білеты на фэст у Нясвіжы. – Файна! Дзе ўдалося дастаць?
Дзеясловы купіць, набыць, дастаць сінанімічныя па сваім змесце, але адрозныя па стылістычнай характарыстыцы і ўжыванні: купіць стылістычна нейтральнае, два наступныя словы – стылістычна афарбаваныя: набыць часцей ужываецца ў кніжным маўленні, пераважна ў сферы афіцыйна-дзелавога маўлення, дастаць (‘знайсці, здабыць’) пашырана ў размоўным маўленні.
Лексіка пісьмовага маўлення
У адрозненне ад нейтральнай, лексіка пісьмовага маўлення мае яркі адбітак кніжнасці. Гэтыя словы з’яўляюцца прыналежнасцю выключна або пераважна пісьмовага маўлення. Асноўныя сферы выкарыстання – навуковая і вучэбная літаратура, сродкі масавай інфармацыі, афіцыйныя дакументы і справавыя паперы.
Спецыфічнымі рысамі пісьмовага (або кніжнага) маўлення з’яўляюцца: абдуманасць, падрыхтаванасць, устаноўка на афіцыйнасць зносін. Напрыклад, навуковая лексіка вызначаецца мноствам тэрмінаў, абстрактных слоў, аддзеяслоўных назоўнікаў (сінтэзаванне, абстрагаванне, фарміраванне, развіццё), асобых спалучэнняў (у сувязі з, з прычыны, такім чынам, з аднаго боку). Ужывальная ў сферы навукі, такая лексіка, як правіла, не мае ярка выражанай эмацыянальнасці, ацэначнасці.
Названыя ўласцівасці шырока прадстаўлены і ў наступным пласце кніжнай лексікі: публіцыстычнай лексіцы, якая ўжываецца ў сферы публіцыстыкі і красамоўства (змагар, барацьбіт, запавет, аплот, арэол, гонар, пашана)..
Кніжная лексіка складае неад’емную частку выяўленчых сродкаў мовы мастацкай літаратуры, дзе рэалізуе асобыя эстэтычныя функцыі. Такім словам уласціва ацэначнае значэнне, якое і тлумачыць іх эскпрэсіўнае ўздзеянне (хуткаплынны, марнатраўства, яскравы).
Афіцыйна-справавая лексіка складае характэрную прыналежнасць мовы афіцыйных дакументаў і канцылярска-адміністратыўнага маўлення (абанент, заказчык, ісцец, адказчык, кватэранаймальнік). Яна ўжываецца для абазначэння грамадска-палітычных і прафесійных з’яў, у ёй адсутнічаюць эмацыянальна афарбаваныя словы, ужываюцца стандартныя выразы (справаздачны перыяд, даводзіць да ведама, згодна з параграфам, уключыць у склад).
Такім чынам, лексіка пісьмовага маўлення мае адметныя рысы ў залежнасці ад сферы маўленчай камунікацыі (навуковае маўленне, публіцыстычнае, афіцыйна-справавое).
Лексіка вуснага маўлення
Як і лексіка пісьмовага маўлення, лексіка вуснага маўлення з’яўляецца стылістычна афарбаванай. Але, у адрозненне ад пісьмовай, лексіка вуснага маўлення характарызуецца нязмушанасцю зносін, непадрыхтаванасцю, сітуатыўнасцю, дыялагічнасцю (часта суправаджаецца непасрэдным кантактам). Сфера яе ўжывання – паўсядзённыя побытавыя стасункі, а таксама ў значнай ступені прафесійныя зносіны неафіцыйнага характару.
У заледнасці ад ступені літаратурнасці, можна вылучыць два асноўныя пласты лексікі вуснага маўлення: размоўную (гутарковую) і прастамоўную.
Размоўная лексіка – словы і выразы, якія ўжываюцца людзьмі пры неафіцыйных моўных зносінах. Размоўная лексіка з’яўляецца стылістычна афарбаваным пластом слоўнікавага складу і не выходзіць за межы лексікі літаратурнай мовы.
Большасці размоўных слоў уласціва пэўная ацэначнасць: гуляка, абібок, чысцюля, зубрыла, шыбаваць, здаравяка, нештачка. Гэтыя дадатковыя адценні адлюстроўваюцца ў слоўніках пры дапамозе спецыяльных памет: сцяміць (разм., адабр.) – скеміць; зегры (разм., зневаж.) – вочы.
Да размоўная лексікі адносяцца і многія словы прафесійнага і справавога характару, якія выкарыстоўваюцца ў неафіцыйных зносінах (прафесіяналізмы [14]
[16]
): кірпіч ‘знак, які забараняе праезд’; абараніцца ‘абараніць дыпломную работу, дысертацыю’; распісацца ‘зарэгістраваць шлюб’.
Прастамоўная лексіка – стылістычна зніжаныя словы, якія знаходзяцца па-за межамі нармаванай літаратурнай мовы, у адрозненне ад размоўнай лексікі. Прастамоўная лексіка выкарыстоўваецца для зніжанай, грубаватай ацэнкі з’явы або падзеі. Такія словы характарызуюцца ярка выражанай адмоўнай экспрэсіяй: жмінда (пагардл.), дрыхнуць (груб.), слюнцяй (груб.).
Лаянкавыя і вульгарныя словы таксама ўваходзяць ў гутарковую лексіку, аднак знаходзяцца на перыферыі беларускай мовы, іх выкарыстанне сведчыць пра адсутнасць культуры маўлення.
Лексіка паводле стылістычнай прыналежнасці адрозніваецца ступенню стылістычнай зніжанасці. Адзінкай яе “вымярэння” служыць нейтральная лексіка: лексіка кніжнага маўлення ў цэлым больш высокая, чым нейтральная, размоўная – больш зніжаная ў параўнанні з нейтральнай.
Табліца 14. Лексіка беларускай мовы паводле стылістычнай прыналежнасці