1. Навуковая тэматыка.
2. Маналагічны характар выказвання.
3. Строгі адбор моўных сродкаў.
4. Лагічная паслядоўнасць выказвання.
Інфармацыя павінна падавацца паслядоўна, быць несупярэчлівай. Паміж асобнымі сказамі, а таксама часткамі навуковай працы павінны быць выяўлены лагічныя сувязі.
Лагічнасць дасягаецца выкарыстаннем наступных сродкаў:
- спецыяльных канструкцый тыпу спачатку трэба азначыць, неабходна спыніцца, варта пагадзіцца, зараз звернемся, спачатку адзначым, далей дакажам і інш.;
- пабочных канструкцый (па-першае, па-другое, значыць, такім чынам);
- складаных прыназоўнікаў (з прычыны, у сувязі, у выніку, у адпаведнасці з);
- складаназалежных сказаў;
- злучнікаў (злучальных слоў) і прыслоўяў: таму, пагэтаму, тады, адсюль;
- прамога парадку слоў, пры якім у сказе спачатку называецца выканаўца, а потым дзеянне (сістэма фарміруе асаблівасці, перыядычны закон дазволіў абагуліць разрозненыя факты);
5. Сцісласць у выкарыстанні моўных сродкаў пры інфармацыйнай насычанасці зместу.
У навуковым тэксце шырока выкарыстоўваюцца абрэвіятуры, умоўныя скарачэнні, формулы.
6. Аб’ектыўнасць і дакладнасць
Аб’ектыўнасць выяўляецца ў выкладанні не толькі аднаго, а некалькіх поглядаў на праблему, у адсутнасці неабгрунтаваных суб’ектыўных меркаванняў пры разглядзе навуковай з’явы. Мэта любога паведамлення ў сферы навукі – выклад новых навуковых ведаў, іх доказ. З гэтай прычыны асабістыя эмоцыі немагчымыя, а аўтарскае “ я ” замяняецца займеннікам “ мы ” для падкрэслівання аб’ектыўнага стану рэчаў, а таксама для запрашэння да сумеснага дзеяння. Шырока выкарыстоўваюцца такія канструкцыі, як: на нашу думку, на наш погляд, паводле нашых назіранняў, на думку аўтара, аўтар сцвярджае, зараз звернем увагу, разгледзім, дакажам, і г. д.
Дататковая грунтоўнасць і аб’ектыўнасць дасягаецца пры дапамозе выкарыстання дакладнай фактычнай інфармацыі – лічбы, даты, уласныя назвы і інш.
7. Доказнасць навуковага выкладу.
У навуковым выступленні, у даследаванні ўсе палажэнні і гіпотэзы павінны быць аргументаванымі. Правільнасць выказаных ідэй пацвярджаецца разнастайнымі графікамі, схемамі, дыяграмамі, формуламі, ілюстрацыямі, цытаваннем аўтарытэтных даследчыкаў са спасылкамі на іх працы. Спасылкі могуць афармляцца як цытаты (тэкст бярэцца ў двукоссе[11]
[13]
, у канцы яго ставяцца квадратныя дужкі з пазначэннем крыніцы цытаты (аўтара і яго кнігі) і нумара старонкі):
Яшчэ В. Гумбальт адзначаў, што “межы майго свету – гэта межы маёй мовы” [Гумбальт, с. 10].
Крыніца цытавання можа пазначацца паводле аўтара або нумарам, пад якім стаіць кніга ў спісе выкарыстанай літаратуры. Пры паўтарэнні размешчаных побач звестак запісваецца: Там жа, с. 243 або Тамсама, с. 243. Спасылкі на электронныя крыніцы афармляюцца таксама згодна з гэтымі прынцыпамі. Правілы афармлення спасылак і спіса літаратуры змешчаны на сайце Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь: http://www.vak.org.by.
Важна адзначыць, што навуковае маўленне не пазбаўлена вобразнасці, эмацыйнасці і ацэначнасці, якія, аднак, нельга параўнаць з адпаведнымі характарыстыкамі мастацкага ці публіцыстычнага маўлення. Своасаблівая экспрэсія навуковага маўлення найлепш рэалізуецца ў тэкстах навукова-вучэбнага і навукова-папулярнага падстыляў з мэтай зацікавіць чытача, актывізаваць увагу і разумовую дзейнасць.
Табліца 12. Некаторыя азначэнні ацэначнага характару, уласцівыя для навуковага стылю
Праблема | фундаментальная, актуальная, надзённая, вострая, вядучая, невырашальная, надуманая |
Пытанне | прынцыповае, спрэчнае, правамернае, важнае |
Мэта | галоўная, асноўная, рэальная |
Задача | першаступенная, канчатковая, карэнная, вузлавая |
Напрамак | вядучы, галоўны, генеральны, вырашальны, правільны, памылковы |
Вывучэнне | аб’ектыўнае, спецыяльнае, доўгатэрміновае, паглыбленае, інтэнсіўнае, усебаковае, дасканалае, уважлівае |
Даследаванне | сістэматычнае, паглыбленае, усебаковае, дэтальнае, падрабязнае, сур’ёзнае, глыбокае, актуальнае, каштоўнае |
Назіранні | аб’ектыўныя, дакладныя, дасканалыя, шматлікія, рэгулярныя, важныя, глыбокія, непасрэдныя |
Факт | агульнапрызнаны, агульнавядомы, несумненны, бясспрэчны, відавочны, пераканальны |
Інфармацыя | дакладная, вычарпальная, поўная, падрабязная, істотная, каштоўная, карысная, неабходная, аператыўная, дастатковая |