IV. Хатняе заданне.
А) Агульнае: апавяданне “Князёўна з трыма імёнамі”;
Б) Дадатковае: падрыхтаваць паведамленне па выбары: “Рагнеда - мужная палачанка”, “Ізяслаў - князь-асветнік”.
ТЭМА 11: ЯРАСЛАЎ МУДРЫ - СЫН РАГНЕДЫ
МЭТА: паказаць, якую ролю ў гісторыі адыграў кіеўскі князь Яраслаў - сын Рагнеды і Уладзіміра.
ЗАДАЧЫ: пазнаёміць вучняў з найбольш важнымі накірункамі дзейнасці Яраслава Мудрага: кіраўніцтва дзяржавай, асветніцтва, напісанне законаў, умацаванне адзінства дзяржавы; садзейнічаць развіццю ў вучняў мыслення шляхам разважання над вывучаемым матэрыялам, а таксама праз уздзеянне на эмацыянальную сферу пабуджаць у іх свядомасці цікавасць да гістарычнага мінулага; выхоўваць у вучнаў разуменне агульнасці лёсу трох братніх славянскіх народаў: беларускага, рускага, украінскага, а таксама добразычлівыя адносіны да нашых гістарычных суседзяў, з якімі ў нас агульныя этнічныя карані.
АФАРМЛЕННЕ КЛАСНАЙ ДОШКІ:
Паняцці і назвы Яраслаў Мудры - сын Рагнеды Дата
Закон “Руская праўда” і Уладзіміра
Храм Святой Сафіі План ХІ стагоддзе
1. Дзяржава - Кіеўская Русь. ХІ стагоддзе
2. Вялікі кіеўскі князь - Яраслаў Мудры. Гарады
ЛАГІЧНАЕ ЗАДАННЕ: Кіеў
Чаму Яраслава назвалі Мудрым?Ноўгарад
Полацк
І. Работа над матэрыялам хатняга задання.
Выконваюць заданні 4 вучні каля дошкі.
Заданне 1. Запісаць гістарычныя паняцці і вусна растлумачыць іх сэнс.
Заданне 2,3. Прадоўжыць лагічныя ланцужкі.
А. Рагвалод - дачка (?) - сын (?)
Б. Рагнеда - замужам (?) - у манашках (?)
Заданне 4. З дапамогай лічбаў і літар правільна суаднясіце паміх сабой імёны і назвы ў левым і правым слупках:
1. Рагвалод а) Полацк
2. Уладзімір б) Кіеў
3. Яраполк в) Ноўгарад
4. Рагнеда г) Заслаўе
5. Ізяслаў
1 - а, 2 - а, 3 - б, 4 - а, 5 - а, г.
У час выканання вучнямі заданняў заслухоўваюцца паведамленні пра Рагнеду і Ізяслава, якія рыхтавалі ў адпаведнасці з хатнім заданнем: “Рагнеда - мужная палачанка”, “Ізяслаў - князь-асветнік”.
Дадатковыя заданні
1. Работа з картай. Паказаць Полацк, Кіеў, Ноўгарад, Заслаўе. Растлумачыць паходжанне назваў гарадоў Полацка і Заслаўя, а таксама выказаць меркаванне аб паходжанні назвы горада Ноўгарада (Новы горад). На пярэднім фарзацы падручніка і на карце знайсці беларускі горад з падобнай назвай (Навагрудак). Аб чым гэта можа сведчыць? (Аб агульнасці ўсходніх славян, продкаў беларусаў, рускіх, украінцаў)
2. Работа з карцінай на ст.42. Дзе адбываюцца падзеі? (У Полацку) Чаму? (Назва карціны) Чаму на карціне паказаны воіны князя? Хто іх праважае ў паход? Чаму ў жанчын сумныя твары? Знайдзіце словы ў тэксце, якія найбольш дакладна адпавядаюць зместу карціны. (“Уладзімір сабраў вялікае войска і, як толькі сышоў снег, нечакана напаў на Полацк”) Аўтар карціны выкарыстаў мастацкі прыём, каб падкрэсліць трагічны вынік падзеі: на блакітным небе чырвоныя воблакі, на тварах воінаў - напружанае чаканне, а на жаночых - сум.
ІІ. Вывучэнне новага матэрыялу.
Вучням прапануецца падрыхтаваць свае сшыткі для работы. Ставяцца задачы ўрока. Звяртаецца ўвага на назву тэмы, план яе вывучэння, паняцці, назвы. Асаблівая ўвага звяртаецца на лагічнае заданне: выканаць яго можна, толькі добра засвоіўшы новы матэрыял.
Настаўнік паказвае запісаную на дошцы дату - ХІ ст. Успомніце, у якіх стагоддзях жылі Рагвалод, Рагнеда, Ізяслаў? (Х ст.) У новым матэрыяле будуць вывучацца падзеі наступнага ХІ ст. Такім чынам, вывучаючы гістарычныя падзеі, мы з вамі рухаемся паслядоўна з Х у ХІ ст.
Колькі ў Рагнеды было дзяцей? (Тры сыны і дзве дачкі) Аднаго з сыноў называлі Яраславам. Вось на сённяшнім уроку і будзе вывучацца жыццё і дзейнасць сына Рагнеды, вялікага кіеўскага князя Яраслава, якога празвалі Мудрым. З гэтага вынікае, што новы матэрыял з’яўляецца працягам таго, што вывучалася на мінулым уроку.
1. Кіеўская Русь. На адным з урокаў вы ўжо сустракаліся з тлумачэннем гэтай назвы. Успомніце яе.
На водным шляху з “варагаў у грэкі” знаходзіліся два буйныя гарады - Ноўгарад і Кіеў. Знайдзіце гэтыя гарады на карце вучэбнага дапаможніка на ст.18. Кожны з іх мог стаць цэнтрам дзяржавы. У 1019-1054гг. княжыў у Кіеве Яраслаў - сын Рагнеды і Уладзіміра.
2. Вялікі кіеўскі князь Яраслаў Мудры. Каменціраванае чытанне з пошукам і выдзяленнем галоўнага ў ім. Па ходу работы на дошцы і ў сшытках вядуцца адпаведныя запісы - складанне лагічнай схемы:
Лагічная схема “Яраслаў, празваны Мудрым”
Князь | Яраслаў сын Рагнеды і Уладзіміра | Военачальнік |
Асветнік | Падзяліў княства | |
Склаў законы | Разумны | |
Пабудаваў храм | Разважлівы |
Работа з матэрыялам дапаможніка
Абзац 1. Матэрыял чытаецца ўслых. Вучні перадаюць змест прачытанага. На карце паказаць Ноўгарад і кіеў. Успомніць сутнасць панаццяў “летапіс”, “рукапісная кніга”, “купец”. Галоўнае ў прачытаным: Яраслаў - князь і асветнік.
Гістарычная даведка. Князь Яраслаў быў добра адукаваным для свайго часу чалавекам, ведаў замежныя мовы, любіў чытаць кніжкі. Чытанне кніг стала яго прывычкай. Сынам сваім ён гаварыў: “Кніжныя словы ёсць рэкі, напаўняючыя сусвет”. Яраслаў быў скупым, але на пакупку кніжак не шкадаваў грошай. У яго вялікай бібліятэцы былі кніжкі на славянскай, грэчаскай і іншых мовах. Кожная з іх, упрыгожаная каменнямі, жамчужынамі, золатам і срэбрам, уяўляла сабой цэлы скарб.
Абзац 2. Запіс у сшыткі паняцця “закон” і яго тлумачэння. “Руская праўда”, напісаная Яраславам, была першым вядомым у гісторыі законам во ўсходніх славян. Гэты закон дапаўняўся і ўдакладняўся сынамі Яраслава пасля яго смерці.
Вось некаторыя артыкулы з “Рускай праўды”. Ці можна іх назваць справядлівымі і чаму?
§55. “Калі селянін уцячэ ад свайго пана, не разлічыўшыся з ім, то становіцца яго рабом...”
§85. “Калі селянін памрэ, то ўся яго маёмасць адыходзіць да князя...”
§86. “Калі памрэ багаты чалавек або дружыннік (княжацкі воін), то маёмасць не ідзе князю...”
Галоўнае ў прачытаным - князь склаў законы.
Абзац 3. Галоўнае ў прачытаным - пабудаванне па загадзе Яраслава храма Святой Сафіі. Такія храмы, акрамя Кіева былі пабудаваны ў Канстанцінопалі (сталіцы Візантыі, цяпер Стамбул), Полацку і Ноўгарадзе. Слова “Сафія” азначае “мудрасць”, якая, па ўяўленні веруючых, кіруе сусветам. Гэты храм будаваўся ў гонар перамогі ў 1036 годзе войска Яраслава над печанегамі, якія напалі на Кіеў. У храме Святой Сафіі спачывае прах князя Яраслава і яго жонкі Ірыны.
Абзац 4. Матэрыял гэтага абзаца з’яўляецца лагічным завяршэннем папярэдняга.Яскравым доказам выдатных якасцей военачальніка з’яўляеццаперамога Яраслава над печанегамі. Запіс у схему: “военачальнік”.
Абзац 5. Пытанні для гутаркі: 1. Як паступіў Яраслаў незадоўга да сваёй смерці? 2. Што ён раіў сваім сынам? 3. Ці паслухалі яны бацьку? 4. Якую страшную бяду яны гэтым наклікалі?
Абзац 6. Гэты матэрыял дае падставу запісаць у лагічную табліцу выразы: “разумны”, “разважлівы”.
ІІІ.Замацаванне. Яно будзе грунтавацца на матэрыяле лагічнай схемы.
Пытанні для гутаркі:
1. Якія справы князя Яраслава вы лічыце найбольш важнымі? Чаму?
2. Што князь больш за ўсё любіў? (Чытаць кніжкі)
3. У якой справе ён быў першым сярод усходніх славян? (Склаў законы)
4. Ці ўсе справы князя былі карыснымі?
5. Што ён не змог прабачыць? (Узніклі спрэчкі. Напалі мангола-татары)
Выканайце лагічнае заданне: чаму Яраслава назвалі Мудрым? (Сумарнае выражэнне яго заслуг - гэта і ёсць мудрасць князя Яраслава). Сярод князёў Кіеўскай Русі толькі Яраслаў быў празваны Мудрым.
IV. Хатняе заданне.
А) агульнае: апавяданне “Яраслаў Мудры - сын Рагнеды”;
Б) дадатковае: падумаць, што было агульным у жыцці і дзейнасці Ізяслава і Яраслава.
ТЭМА 12: УСЯСЛАЎ ЧАРАДЗЕЙ
МЭТА: паказаць ролю Усяслава Чарадзея ў гісторыі нашай Айчыны.
ЗАДАЧЫ: пазнаёміць вучняў з найбольш яркімі падзеямі гісторыі нашай краіны, якія звязаны з жыццём і дзейнасцю полацкага князя Усяслава: умацаваннем магутнасці Полацкага княства, будаўніцтвам храма Святой Сафіі, бітвай на Нямізе; развіваць у вучняў разуменне карысных вынікаў дзейнасці гістарычных асоб на прыкладзе жыцця полацкага князя Усяслава; на прыкладах гераічнай барацьбы палачан з ворагамі выхоўваць у вучняў патрыятычныя пачуцці і шаноўныя адносіны да тых, хто ў барацьбе за незалежнасць сваёй Радзімы ахвяраваў самым каштоўным - сваім жыццём.
АФАРМЛЕННЕ КЛАСНАЙ ДОШКІ:
Паняцце Усяслаў Чарадзей Назвы
Дружына План Храм
Дата 1. Князь Усяслаў Купал
1067г. 2. Храм Святой Сафіі Няміга
3. Бітва на Нямізе
Лагічнае заданне:
Галоўны вынік дзейнасці Усяслава
ХОД УРОКА
І. Работа над матэрыялам хатняга задання.
Заданне 1. Запісаць паняцце “закон”, даць яму тлумачэнне, а таксама назву закона і імя яго стваральніка.
Заданне 2. Запісаць у лагічную схему назвы, якія там адсутнічаюць.
Князь?
? Яраслаў Падзяліў княства
??
пабудаваў храм Разважлівы
Заданне 3. Адкуль узяты гэтыя словы?
“Калі селянін памрэ, то ўся яго маёмасць адыходзіць да князя...”
Заданне 4. Ці можна злучыць імёны князёў з дадзенымі назвамі? Чаму так ці не?
Рагнеда
Ізяслаў Князі Яраслаў
Асветнікі
У час выканання практычных заданняў адзін вучань класа расказвае пра жыццё і дзейнасць Яраслава Мудрага.
ІІ. Вывучэнне новага матэрыялу.
Настаўнік вызначае задачы ўрока, звяртае ўвагу на запісы на дошцы, прапануе падрыхтаваць сшыткі для работы. Стварае эмацыянальную атмасферу ў класе.
Уступнае слова настаўніка. Прывольна раскінуўся на беразе Заходняй Дзвіны самы старажытны з беларускіх гарадоў - Полацк. Прашумелі над ім сівыя стагоддзі, а ён - жывы сведка летапіснай мінуўшчыны, нібыта стаміўшыся, адпачывае ад сваёй былой славы ды велічы. Абышлі яго сваімі памерамі і хараством іншыя гарады. Дзе ж яму раўняцца з прыгажуном Мінскам! Але які беларускі горад можа памерацца з Полацкам сваім гістарычным мінулым? А яно ў яго надзвычай багатае.
Наш славуты зямляк Францыск Скарына з пачуццём вялікага гонару пісаў, што ён родам са слаўнага горада Полацка. Вянком гэтай славы была знакамітая Сафія - галоўны сабор горада Полацка. Таленавітыя майстры збудавалі яго яшчэ ў сярэдзіне ХІ ст. па загадзе князя Усяслава Чарадзея. Такіх Сафій, як Полацкая, было тады ва ўсім свеце толькі чатыры. І вось больш чым дзевяць стагоддзяў ззяе сабор сваім нязгасным святлом.
Менавіта ў тым жа ХІ ст. Полацкае княства было як ніколі багатым і магутным. Яго багацце і магутнасць стваралі простыя людзі пад кіраўніцтвам свайго мудрага і мужнага князя Усяслава Брачыслававіча Чарадзея. Аб ім і пойдзе размова на нашым уроку.
1. Князь Усяслаў. Настаўнік прымацоўвае да дошкі партрэт князя. Вучням прапануецца адкрыць дапаможнік на ст.49. На малюнку Усяслаў Чарадзей. Паднятая рука - гэта заклік да працы ў імя Радзімы, меч у другой руцэ - гэта гатоўнасць пастаяць за яе незалежнасць. Усяслаў - князь-стваральнік, князь-воін.
Настаўнік прапануе вучням прачытаць у дапаможніку матэрыял пра паходжанне яго прозвішча “Чарадзей”.
Гістарычная даведка. Прапраўнук Рагвалода, які стаў княжыць у Полацку ў 1044 г., быў чалавекам у многім незвычайным: мудры, мужны, вынослівы, працавіты і энергічны - ён сваімі якасцямі здзіўляў і ўражваў сучаснікаў. Многія, хто ведаў яго, нават людзі адукаваныя, ахвотна верылі, што нарадзіўся князь ад чараўніцтва. Летапісы сцвярджаюць, што меў ён на галаве “чарадзейскую” прыкмету, асобны радзімы знак. Лічылася, што ў ім заключалася ўся яго незвычайная сіла. Па прапанове волхваў (язычніцкіх прапаведнікаў) насіў на галаве павязку, каб радзімы знак не кідаўся людзям у вочы.
Радавод полацкіх Рагвалодавічаў Х-Хістст. (у дужках абазначаны гады смерці князёў)
РАГВАЛОД(каля 980)
Ізяслаў (1001)
Усяслаў (1003) Брачыслаў(1044)
Усяслаў Чарадзей (1101)
1. Храм Святой Сафіі. Дзе яшчэ былі ўзведзены такія храмы?
Канстанцінопаль (Царград)
Кіеў
Святая Сафія Ноўгарад
Полацк
Работа з малюнкам на ст.53. Да класнай дошкі прымацоўваецца малюнак, на якім паказаны сучасны выгляд Сафіі, які вельмі адрозніваецца ад Сафіі ХІ ст.
За доўгі час свайго існавання Сафія шэсць разоў гарэла і разбуралася, затым неаднаразова перабудоўвалася. Апошні раз гэта адбылося ў 1750 г. І вось такі выгляд набыў сабор, які вы бачыце на малюнку. Звярніце ўвагу на купалы храма. Што яны нагадваюць? (Знешне падобны на шлемы воінаў) Чаму? (У тыя часы часта ўзнікалі войны, а значыць, прыходзілася ваяваць, абараняцца ад нападаў ворагаў. Бывала, што сцены храмаў станавіліся апошнім пунктам абароны. Вось чаму яны былі магутнымі і высокімі, а вокны вузенькімі, як байніцы вежаў, і знаходзіліся на значнай адлегласці ад зямлі)
Разгляданне малюнкаў на ст.50-51. Звярнуць увагу на кальчугу і меч.
Кальчуга абараняла цела ад удараў мяча і стрэл. Гэта баявое адзенне было вельмі дарагім. Збройнікі рабілі яго з 8-10 тыс. злучаных паміж сабою маленькіх кольцаў, канцы якіх браліся на заклёпкі.
Меч - тыповы від зброі, вельмі зручны ў рукапашным баі. Ім можна было калоць і рубіць направа і налева. У далёкія часы казалі: “Мой меч - твая галава з плеч!”.
2. Бітва на Нямізе. Гэты матэрыял настаўнік выкладае сам пры дапамозе вобразнага, мастацкага расказа з элементамі драматызацыі гістарычных падзей.
Летапіс сведчыць: “І сустрэліся праціўнікі на Нямізе месяца сакавіка ў 3-ці дзень, быў снег вялікі, і пайшлі адзін на аднаго. І была лютая сеча, і многія паляглі ў ёй, і перамаглі Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад (кіеўскі князі), Усяслаў жа ўцёк”.
Вось як апісвае невядомы аўтар “Слова пра паход Ігаравы” ўвесь драматызм гэтай крывавай сечы:
“На Нямізе галовы сцелюцца снапамі,
Харалужнымі малоцяць цапамі,
Жыццё кладуць на таку злюцела,
Веюць душу ад цела.
Нямігі крывавыя берагі
Не збожжам былі засеяны зноў -
Засеяны касцьмі рускіх сыноў”.
З рэшткамі сваёй дружыны Усяслаў адышоў да Дняпра, але канчаткова не быў пераможаны. Кіеўскія князі таксама панеслі вялікія страты.
Ёсць у нашай сталіцы, горадзе Мінску, вуліца Няміга (знайсці яе на плане горада, змешчаным на фарзацы). Носіць яна назву рэчкі, якой няма ўжо на карце горада. Праляцела з той грознай падзеі, быццам жураўліным шнурам, дзевяць стагоддзяў, перасохла Няміга і ператварылася ў невялічкую ручаіну. У наш час пусцілі яе па падземным калектары ўздоўж вуліцы. Цячэ яна ў бетоннай трубе, нібыта тыя слёзы, пралітыя па загінуўшых тут у час крывавай сечы воінаў. А было гэта даўным-даўно, у 1067 г. “месяца сакавіка ў 3-ці дзень”, як напісаў аб гэтым летапісец.
Вучні запісваюць у свае сшыткі дату бітвы, вызначэнне паняцця “дружына”, вызначаюць стагоддзе, у якім адбылася бітва.
Пражыў князь больш за 70 гадоў, княжыў 52 з іх і 18 гадоў свайго княжання правёў у ваенных паходах. Сваім нашчадкам пакідаў ён Полацкую зямлю не спустошанай і разрабаванай, а магутнай і квітнеючай. Між тым зямны шлях князя наблізіўся да канца. Летапісец зрабіў апошні запіс: “У год 1101 памёр Усяслаў, князь полацкі, месяца красавіка ў 14-ы дзень, у дзевяць гадзін дня, у сераду”. Сумна стала на нашай зямлі. У гэты дзень яна развіталася з адным са сваіх лепшых сыноў.
ІІІ.Замацаванне.
Вучням прапануецца выканаць лагічнае заданне. (Ваенныя справы Усяслава, абарона ім Полацкага княства ад ворагаў. Галоўнае не толькі ў гэтым. А дзеля чаго князь жыў і змагаўся? Якім быў канчатковы вынік яго дзейнасці? Пры князі Усяславе “...Полацкае княства дасягнула найбольшага росквіту і праславілася сярод іншых дзяржаў” - ст.52 вучэбнага дапаможніка)
IV. Хатняе заданне.
А) агульнае: апавяданне “Усяслаў Чарадзей”;
Б) дадатковыя:
· Прыдумаць прозвішчы, якіх яшчэ заслугоўваў Усяслаў (Будаўнік, абаронца Радзімы і г.д.)
· Вызначыць асноўныя накірункі дзейнасці князя.
ТЭМА 13: ЕФРАСІННЯ ПОЛАЦКАЯ
МЭТА: пазнаёміць вучняў з рэлігійнай і асветніцкай дзейнасцю Ефрасінні Полацкай.
ЗАДАЧЫ: паказаць вучням, у чым заключалася сутнасць і значэнне рэлігійнай і асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай, раскрыць вялікую гуманістычную ролю яе намаганняў, накіраваных на служэнне свайму народу, сваёй Бацькаўшчыне; фарміраваць у вучняў разуменне ролі жыцця і дзейнасці гістарычнай асобы ў гісторыі, шляхам аналізу гістарычных падзей развіваць у вучняў аналітычныя здольнасці; на яркіх прыкладах служэння Ефрасінні Полацкай свайму народу выхоўваць у вучняў высокія маральныя якасці і пачуццё асабістага трамадзянскага абавязку перад сваёй Радзімай і яе народам.
АФАРМЛЕННЕ КЛАСНАЙ ДОШКІ:
Паняцці Ефрасіння Полацкая Назвы і імёны
Манастыр Складанне плана Сход
Сабор 1.? Прадслава - Ефрасіння
Дата 2.? Спаса-Ефрасіннеўская царква
1161г. -? ст. Лазар Богша
Мікалай Кузьміч
Лагічнае заданне:
Ці можна Ефрасінню назваць асветніцай?
І. Работа над матэрыялам хатняга задання.
Да дошкі выклікаюцца 5 вучняў для выканання практычных заданняў.
Заданне 1. Запісаць на дошцы паняцці “дружына” і “князь” і вусна даць ім тлумачэнні.
Заданне 2. Запісаць дату бітвы на Нямізе і вызначыць, у якім стагоддзі яна адбылася (1067г.-ХІ ст.)
Заданне 3. Вызначыць галоўныя накірункі дзейнасці князя Усяслава Чарадзея, дапісаўшы ў лагічную схему словы замест пытальнікаў.
Князь Воін
? Усяслаў?
Сафійскі сабор Мудры
??
Заданне 4. Дапісаць у схему гарады замест пытальнікаў.
Канстанцінопаль (Царград)
?
Святая Сафія Ноўгарад
?
Заданне 5. Запісаць прозвішчы, якія, акрамя Чарадзея, заслугоўваў князь Усяслаў
Вусныя адказы.
Заданне 1. Расказаць пра Сафійскі сабор.
Заданне 2. Растлумачыць словы верша на ст.52:
А) “...галовы сцелюцца снапамі”;
Б) “Жалезнымі малоцяць цапамі”;
В) “Жыццё кладуць на таку”;
Г) “Веюць душу ад цела”.
Лагічнае заданне. Чаму аўтар гэтых радкоў параўноўвае бітву з сельскагаспадарчымі работамі? (Сяляне, каб абараніць Радзіму, сталі воінамі, і ім бітва чымсьці нагадвала сельскагаспадарчыя (земляробчыя) работы; каб паказаць накал бітвы, яе трагічныя вынікі)
ІІ. Вывучэнне новага матэрыялу.
Настаўнік прапануе вучням падрыхтаваць сшыткі для работы. Вызначае задачы ўрока, звяртае ўвагу вучняў на запісы на дошцы і паведамляе вучням, што яны будуць чытаць матэрыял апавядання і складаць яго план. Па гэтым плане на наступным уроку яны будуць расказваць пра жыццё і дзейнасць Ефрасінні Полацкай.
Матэрыял апавядання складаецца з васьмі абзацаў. Вучні паслядоўна чытаюць іх, вылучаюць галоўную думку і фармулююць яе ў выглядзе пункта плана.
Абзац 1. Размова ў ім ідзе пра вечавы сход, які склікаўся ў Полацку для вырашэння самых важных пытанняў у жыцці княства. На вечавы сход сабіраліся дарослыя мужчыны. Веча мала права здымаць і назначаць пана, заключаць дагаворы з іншымі гарадамі і дзяржавамі. Калі веча не падтрымлівала князя, ён павінен быў пакінуць горад.
Запісаць у сшыткі вызначэнне паняцця “сабор”. Запісаць пункт плана:
1. Звон кліча на сход.
Абзац 2. Прадслава была ўнучкай знакамітага князя Усяслава Чарадзея і дачкой яго малодшага сына Святаслава.
Запісаць пункт плана: 2. Прадслава дапамагае параненым воінам.
Абзац 3. Запісаць вызначэнне паняцця “манастыр”. Пытанні для гутаркі: 1. Для чага пайшла Прадслава ў манастыр? 2. Якое новае імя атрымала яня? 3. Дзе яна жыла? 4. Чым яна там займалася? 5. Каму дапамагала Ефрасіння?
Запісаць пункт плана: 3. Манашанка Ефрасіння.
Абзац 4. Пытанні для гутаркі: 1. Чым займалася Ефрасіння ў манастыры? 2. Чаму яна вучыла дзяцей? 3. Чым яшчэ займаліся манашкі?
Лагічнае заданне: ці можна Ефрасінню назваць асветніцай? Калі так, то чаму?
Запісаць пункт плана: 4. Асветніцкая дзейнасць Ефрасінні.
Абзац 5. Выснова аб гуманістычнай дзейнасці Ефрасінні. Заклік тварыць дабро і жыць у міры з’яўляецца актуальным і ў нашы дні.
Запісаць пункт плана: 5. Ефрасіння вучыць людзей дабру.
Абзац 6. Настаўнік прымацоўвае да дошкі малюнак Спаса-Ефрасіннеўскай царквы: самым прыгожым будынкам ХІІ ст., які захаваўся да нашага часу, была Спаса-Ефрасіннеўская царква. Спас - рэлігійнае свята ў гонар Ісуса Хрыста (спасіцеля).
Гістарычная даведка. Старажытны рукапіс сведчыць, што аднойчы ноччу ўбачыла Ефрасіння прывід - нібыта да яе з’явіўся анёл і параіў ёй пабудаваць царкву ў Сяльцы на рацэ Палаце. “Паставіла Ефрасіння царкву каменную Святога Спаса, і збудавалі тую царкву за 30 тыдняў”. Захавалася імя кіраўніка будоўлі Іаана, які кіраваў арцеллю мясцовых майстроў, якія за небывала кароткі тэрмін узвялі царкву-прыгажуню. Царква была невялікай і аднакупальнай, была яна мураванай і вызначалася строгасцю і прыгажосцю. Галоўным упрыгожаннем унутранага ўбранства былі фрэскі. Фрэска - роспіс сцен вадзянымі фарбамі па свежай тынкоўцы. Фарбы пранікалі ў свежую тынкоўку і разам з ёй цвярдзелі, ад чаго рабіліся вельмі трывалымі і доўга захоўваліся. На цёмным фоне - постаці святых. Першае, на што міжволі звернеш увагу, - гэта твары людзей. Тонкія насы, выгнутыя ў выглядзе дуг бровы і вялікія задуменныя вочы. Яны глядзяць на нас, нібыта пытаюцца, ці варты мы сваіх продкаў, людзей шчырых, добрых, мудрых.
Запісаць пункт плана: Спаса-Ефрасіннеўская царква.
Абзац 7, 8 і матэрыял “Цікава ведаць”. Пытанні для гутаркі: 1. Калі быў зроблены крыж? 2. Хто яго заказаў? 3. Хто выканаў заказ? 4. Што гаварылася ў паданні пра крыж? 5. Які яго лёс? 6. Хто аднавіў крыж? 7. Дзе захоўваецца яго копія? 8. Дзе знаходзяцца астанкі святой Ефрасінні? 9. Як яны называюцца?
Запісаць пункт плана: 7. Крыж Ефрасінні. Запісаць імя майстра Лазара Богшы і дату 1161г., перавесці яе ў стагоддзе.
Гістарычная даведка. Нарадзілася Ефрасіння каля 1104г. У юнацтве была яна незвычайна прыгожай. Бацька меў намер выдаць дачку замуж за якога-небудзь князя. Але зусім іншы лёс выбрала яна, стаўшы манашкай. Закончылася для яе бестурботнае дзяцінства, пачалося новае жыццё з пастамі, малітвамі, пастаяннымі думкамі пра Бога. На схіле жыцця Ефрасіння вырашыла здзейсніць рэлігійны подзвіг: адправіцца ў далёкае і цяжкае падарожжа ў Іерусалім, каб пакланіцца Святой Зямлі, дзе жыў Ісус Хрыстос. Там яна памерла, напэўна, у 1167г. (па іншых звестках у 1173г.). Пазней астанкі святой былі перавезены ў Полацк.
Вось як узнёсла і паэтычна піша пра славутую палачанку невядомы аўтар: ”Ефрасіння - незвядальны свет райскага саду. Ефрасіння - арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад заходу і да ўсходу, як прамень сонечны, прасвятліў зямлю Полацкую”.
Ефрасінню Полацкую праваслаўная царква абвясціла святой. Каталіцкая царква таксама прызнала яе святой. Вернікі лічаць Ефрасінню Полацкую нябеснай заступніцай беларускай зямлі.
ІІІ.Замацаванне.
1. Запаўненне табліцы ў вуснай форме.
Пытанні | Сафійскі сабор | Спаса-Ефрасіннеўская царква |
1. Час пабудовы | ХІ ст. | ХІІ ст. |
2. Месца | Полацк | Сяльцо |
3. Хто загадаў пабудаваць | Усяслаў Чарадзей | Ефрасіння Полацкая |
4. Памеры | Вялікія | Невялікія |
5. Купалы | ||
6. Прызначэнне будынка | Маліцца Богу | Маліцца Богу |
7. Ці захаваліся будынкі | Перабудоўваўся 6 разоў | Захаваўся |
2. Пытанні на ст. 59 вучэбнага дапаможніка.
IV. Хатняе заданне.
А) агульнае: апавяданне “Ефрасіння Полацкая”;
Б) дадатковае: паўтарыць апавяданне “Князёўна з трыма імёнамі”.
ТЭМА 14: У АБАРОНУ СВАЁЙ ЗЯМЛІ
МЭТА: пазнаёміць вучняў з найбольш значнымі падзеямі барацьбы нашых продкаў з крыжакамі і татарамі ў імя абароны сваёй Бацькаўшчыны.
ЗАДАЧЫ:паказаць вучням, якая небяспека пагражала беларускім землям з захаду і ўсходу, як нашы далёкія продкі рашуча змагаліся з крыжакамі і татарамі і перамаглі іх у гэтай барацьбе; даць вучням найбольш поўныя звесткі аб утварэнні беларуска-літоўскай дзяржавы - Вялікага княства Літоўскага, расказаць пра дзейнасць князя Вітаўта; развіваць у вучняў цікавасць да гістарычнага мінулага нашай Радзімы, фарміраваць уменне працаваць з гістарычнай картай; на яркіх прыкладах сумеснага змагання славянскіх і неславянскіх народаў супраць агульнага ворага - крыжакоў - выхоўваць у вучняў любоў да Радзімы, гатоўнасць стаць у адзін шэраг яе абаронцаў у час суровых выпрабаванняў, абуджаць у іх свядомасці інтэрнацыянальныя пачуцці.
АФАРМЛЕННЕ КЛАСНАЙ ДОШКІ:
Паняцце У абарону сваёй зямлі Гістарычныя назвы
Рыцары План Вялікае княства Літоўскае
1. Дзве небяспекі Навагрудак
Даты 2. Князь Вітаўт Грунвальд
ХІІІ ст. 3. Вялікае княства Літоўскае
15 ліпеня 1410 г. - 4. Грунвальдская бітва
Грунвальдская бітва Лагічнае заданне:
Вызначыць галоўную прычыну перамогі
над крыжакамі ў Грунвальдскай бітве
І. Работа над матэрыялам хатняга задання.
Варыянт А
Практычныя заданні каля дошкі (3 вучні)
Заданне 1. Запісаць на дошцы паняцці “сабор” і “манастыр” і даць ім вусныя тлумачэнні.
Заданне 2. Запісаць дату, калі быў зроблены крыж Ефрасінні Полацкай, і перавесці яе ў стагоддзе.
Заданне 3. Карткі з імёнамі злучыць у дзве групы і растлумачыць свой выбар.
Анастасія Рагнеда Прадслава
Ефрасіння Гарыслава Ефрасіння
Рагнеда Анастасія
Прадслава
Гарыслава
У час выканання практычных заданняў 2-3 вучні расказваюць пра жыццёвы шлях Ефрасінні па запісаным у сшытках плане.
Варыянт Б
Гістарычная гульня. Вучні дзеляцца на дзве каманды. Кожная з іх выбірае сабе назву (“Знатакі”, “Вучоныя”, “Асветнікі”, “Летапісцы”). Назвы каманд запісваюцца на дошцы. Пад назвамі ставяцца балы: кожнае правільна выкананае заданне - 1 бал, выкананае часткова - 0.5 бала, не выкананае - 0.
1. Гульня ў крыжаванку (6 балаў).
Каманда 1. 1. Будынак, дзе жывуць манахі. 2. Жанчына, якая жыве ў манастыры. 3. Імя манашкі.
Каманда 2. 4. Яе імя пасля нараджэння. 5. Якой лічыць Ефрасінню царква? 6. Што заказала Ефрасіння Лазару Богшу?
М
М А Н А Ш К А
Н
Е Ф Р А С І Н Н Я
П Р А Д С Л А В А
С В Я Т А Я
К Р Ы Ж
Р
2. Гульня ў пераблытаны тэкст (4 балы).
Каманда 1.
А) “А па вузенькіх вулачках горада спяшаецца дзяўчынка гадоў дзесяці. Гэта Гарыслава.
Б) Маладой манашцы далі новае імя Прадслава.
Каманда 2.
А) Па загадзе Ефрасінні быў пабудаваны Сафійскі сабор.
Б) Ефрасіння заказала майстру Мікалаю Кузьмічу зрабіць крыж.
3. Гульня ў тэкст (6 балаў).
Каманда 1.
А) Рагнеда нарадзілася і жыла ў... ст. (ІХ, Х, ХІ).
Б) Яе родным горадам быў... (Тураў, Навагрудак, Полацк).
В) Рагнеда нарадзілася ў сям’і... (князя, рамесніка, купца).
Каманда 2.
А) Прадслава нарадзілася і жыла ў... ст. (Х, ХІ, ХІІ).
Б) Яе родным горадам быў... (Полацк, Заслаўе, Нясвіж).
В) Прадслава нарадзілася ў сям’і... (купца, рамесніка, князя).
4. Гульня “Хто яна: Рагнеда ці Ефрасіння” (4 балы).
Каманда 1.
А) Бацька надумаў аддаць яе замуж. Але яна вырашыла пайсці ў манастыр. (Прадслава)
Б) Князь Уладзімір прымусіў яе стаць яго жонкай. (Рагнеда)
Каманда 2.
А) У яе нарадзіліся тры сыны і дзве дачкі. (Рагнеда)
Б) ”Зброя, казала яна, прыносіць у хаты замест хлеба горыч ды слёзы”. (Ефрасіння)
Настаўнік разам з вучнямі падлічвае балы і называе каманду, якая перамагла. Актыўным удзельнікам гульні выстаўляюцца адзнакі.
ІІ. Вывучэнне новага матэрыялу.
Вызначэнне задач урока. Настаўнік звяртае ўвагу вучняў на дзве падзеі: утварэнне ВКЛ і Грунвальдскую бітву, якія пакінулі глыбокі след у гісторыі не толькі беларускага народа, але і іншых суседніх народаў.
Знаёмства з запісамі на дошцы, акцэнтаванне ўвагі на лагічным заданні. Падрыхтоўка вучнямі сшыткаў да ўроку.
1. Дзве небяспекі. Выкарыстанне карты-схемы.
рыцары-крыжакі
Полацкае
княства
ХІІІ ст.
паўночны захад
Татары
паўднёвы ўсход
Знаёмства з малюнкам на ст.60. звяртаецца ўвага на плашчы і шчыты, на якіх намаляваны крыжы. Вучні здагадваюцца, чаму іх назвалі крыжакамі. Крыжакі і нават іх коні з ног да галавы былі закаваны ў жалеза і ўяўлялі сабой грозную ваенную сілу.
Запіс у сшыткі вызначэння паняцця “рыцар”.
Не меншую пагрозу для краіны ўяўлялі набегі татар. Татары былі спрытнымі і ўдалымі воінамі, выдатна валодалі шабляй, трапна стралялі з лука, на 20-30 м кідалі аркан з пятлёй на шыю ворага, каб сцягнуць яго з сядла. Нападлі яны імгненна і хутка знікалі, калі ім пагражала небяспека. У кожнага воіна быў запасны конь. Каб падняць паніку ў стане праціўніка, наступалі татары з гіканнем, свістам і дзікім выццём. Пасля захопу горада палонных выводзілі ў адкрытае поле, адбіралі маладых мужчын і жанчын і адпраўлялі іх у рабства, а ўсіх астатніх секлі шаблямі.
2. Князь Вітаўт. Барацьбу супраць крыжакоў і татар узначаліў вялікі князь Вітаўт. Настаўнік прымацоўвае да дошкі партрэт князя.
3. Вялікае княства Літоўскае. Прычына ўтварэння ВКЛ - знешняя небяспека. Яна і прымусіла насельніцтва беларускіх і літоўскіх зямель аб’яднацца ў адзіную дзяржаву - Вялікае княства Літоўскае.
Запіс у сшыткі назвы дзяржавы і яе сталіцы.
Паказ на карце межаў ВКЛ у перыяд княжання Вітаўта - ад Балтыйскага да Чорнага мора. ВКЛ было самай вялікай дзяржавай у Еўропе.
4. Грунвальдская бітва.
Запіс у сшыткі даты і назвы бітвы.
Расказ настаўніка.
1. Сустрэча з ворагам. Войска Вітаўта наблізілася да вёскі Грунвальд і застыла ад нечаканасці. Недалёка ў баявым парадку, закаваныя ў браню, нерухома стаялі кліны крыжакоў. У першым радзе было 5 коннікаў, у другім - 7, трэцім - 9, чацвёртым - 11... Кліны мелі да 20 радоў. За першай паласой войска ішла другая. Здавалася, няма яму канца і краю
2. Пачатак бітвы. І вось загучалі трубы... Вітаўт павёў сваё войска ў бой... Шматтысячная хваля вершнікаў неслася на крыжацкія шэрагі. Ад тупату капытаў дрыжэла зямля...
3. Воўчыя ямы. Вялікі князь Літоўскі Вітаўт дзейнічаў рашуча, аддаваў кароткія загады... Раптам з вачэй яго адразу знікла некалькі радоў коннікаў. Як быццам праваліліся скрозь зямлю. Цяпер Вітаўт здагадаўся, чаму крыжакі першымі не пайшлі ў наступленне. Яны загадзя падрыхтавалі глыбокія ямы-лавушкі (“воўчыя ямы”), абстаўленыя завостранымі каламі, прыкрытыя зверху дзірваном. У гэтыя ямы праваліліся многія коннікі. Іншыя хутка знайшлі праходы паміж ямамі. Атака працягвалася.
4. Ход бітвы. Рыцары рвануліся насустрач непрыяцелю... Ворагі сышліся ў сечы. І завярцеўся крывавы клубок: цяжка было разлічыць, дзе чужыя, дзе баязлівец, дзе герой. Стаяў немаверны гул ад баявых клічаў, крыкаў, іржання коней, бразгату зброі. Як саломінкі, ламаліся дзіды (коп’і), трашчалі пад ударамі сякер і мячоў шчыты. Гудзелі стрэлы. Падалі забітыя, курчыліся на зямлі параненыя.
5. Дзіўная зброя. На правым крыле войска князя Вітаўта наступала татарская конніца. Крыжакі з насмешкай глядзелі на дзіўнае войска ў яркім адзенні. Татарскія панцыры і шчыты са скур буйвалаў не маглі вытрымаць удараў рыцарскіх мячоў. Але татары выкарысталі сваю зброю. На адлегласці 20-30 крокаў яны пусцілі ў ход арканы. Пярэдні шэраг крыжакоў нібы ветрам здзьмула. Яны апынуліся пад капытамі сваіх коней.
6. Крыжацкі абоз. Бітва працягвалася ўвесь дзень. Пад вечар крыжакі не вытрымалі і пачалі адыходзіць. У руках пераможцаў апынуўся ўвесь крыжацкі абоз. Ордэн паклапаціўся не толькі пра зброю і харч, але і пра кайданы, ланцугі для палонных, пра віно, каб пасля бітвы адсвяткаваць сваю перамогу. Кайданы і ланцугі згадзіліся - у іх закулі палонных крыжакоў.
Настаўнік паказвае на карце месца бітвы.
ІІІ.Замацаванне.
Выканаць лагічнае заданне: паразважаць над прычынамі перамогі над крыжакамі ў Грунвальдскай бітве і выдзеліць сярод іх галоўную.
(1. Мужнасць і гераізм удзельнікаў бітвы.
2. Ваенныя здольнасці Вітаўта.
3. Сумеснае выступленне беларусаў, рускіх, палякаў, літоўцаў, татар - галоўная прычына перамогі над крыжакамі)
IV. Хатняе заданне.
А) агульнае: апавяданне “У абарону сваёй зямлі”;
Б) дадатковыя:
· Падрыхтаваць паведамленне пра Вітаўта;
· Паўтарыць апавяданне “Яраслаў Мудры - сын Рагнеды”.
ТЭМА 15: ПА ЯКІХ ЗАКОНАХ ЖЫЛІ НАШЫ ПРОДКІ
МЭТА: даць вучням уяўленне аб законах, па якіх жылі ў мінулыя часы нашы продкі.
Задачы:паказаць вучням, што жыццё чалавека немагчыма без падпарадкавання правілам, якія ўстаноўлены законам, што правілы законаў могуць залежаць і не залежаць ад жадання і волі чалавека; пазнаёміць вучняў з рознымі відамі законаў: законамі прыроды, законамі жыцця, грамадскімі і дзяржаўнымі законамі; на аснове атрыманых ведаў развіваць у вучняў светапогляд, які грунтуецца на разуменні рэальнага жыцця, у якім чалавек павінен сувымяраць свае дзеянні з агульнапрынятымі правіламі, якія дзейнічаюць у грамадстве; выхоўваць у вучняў павагу да законаў і імкненне будаваць сваё жыццё ў адпаведнасці з правіламі дзеючых у грамадстве законаў.
АФАРМЛЕННЕ КЛАСНАЙ ДОШКІ:
Паняцці Па якіх законах жылі нашы продкі Імёны
Веча План Яраслаў Мудры
Статут 1. Законы прыроды Леў Сапега
Даты 2. Законы жыцця
ХІ ст. -“Руская праўда” 3. Грамадскія законы
XVI ст. - Статут (1588 г.)4. Дзяржаўныя законы
І. Работа над матэрыялам хатняга задання.
А) Практычныя заданні каля дошкі (4 вучні).
Заданне 1. Запісаць паняцці і даты і вусна растлумачыць іх.
Заданне 2. Запісаць назву дзяржавы і назву яе сталіцы.
Заданне 3. Пералічыць ворагаў, з якімі змагаліся нашы продкі ў ХІІІ стагоддзі.
Заданне 4. На вялікай карце знайсці і паказаць:
а) межы ВКЛ;
б) першапачатковую сталіцу дзяржавы;
в) месца, дзе адбылася Грунвальдская бітва.
Б) Гульня “Знайсці і выправіць памылку.
Правілы гульні:
а) выпраўляе той, хто першым падняў руку;
б) папраўляе яго той, хто другім падняў руку.
Заданні:
1. Беларускія і польскія землі аб’ядналіся ў адну дзяржаву - Вялікае княства Літоўскае. (Беларускія і літоўскія)
2. Першапачатковай сталіцай ВКЛ стаў горад Мінск. (Навагрудак)
3. Барацьбу супраць крыжакоў узначаліў Усяслаў Чарадзей. (Вітаўт)
4. Татараў, якіх бралі ў палон, прадавалі ў рабства. (Дазвалялі сяліцца ў беларускіх гарадах: Іўі, Мінску, Лідзе, Клёцку)
5. Грунвальдская бітва адбылася ў 1513 годзе. (У 1410г.)
6. У Грунвальдскай бітве войскамі ВКЛ камандаваў князь Ізяслаў, а польскім - кароль Ягайла. (Войскамі ВКЛ камандаваў Вітаўт)
7. Грунвальдская бітва працягвалася 5 дзён. (1 дзень)
8. У гэтай бітве перамаглі крыжакі. (Перамаглі іх праціўнікі)
9. Першы малюнак у падручніку называецца “Татары каля Полацка”. (“Крыжакі пад Навагрудкам”)
10. Другі малюнак называцца “Адступленне татар”. (“Грунвальдская бітва”)
Зверыць адказы вучняў з матэрыяламі вучэбнага дапаможніка.
В) Заслухаць паведамленні вучняў пра князя Вітаўта (калі дазваляе час).
ІІ. Вывучэнне новага матэрыялу.
Вучням прапануецца падрыхтаваць свае сшыткі для работы. Ставяцца задачы ўрока. Звяртаецца ўвага на назву тэмы, план яе вывучэння, паняцці, даты і імёны гістарычных дзеячаў. Настаўнік нагадвае вучням аб тым, што яны павінны былі паўтарыць матэрыял апавядання “Яраслаў Мудры - сын Рагнеды”.
Пытанні для гутаркі: 1. Хто такі Яраслаў? 2. Чаму яго ў народзе празвалі Мудрым? 3. У якім стагоддзі ён жыў? 4. Ці можна князя Яраслава назваць асветнікам? 5. Як называўся сабор, пабудаваны ў Кіеве па яго загадзе? 6. Яшчэ ў якіх гарадах існавалі такія саборы? 7. Як называўся закон, напісаны Яраславам Мудрым?
Настаўнік заўважае, што пры вывучэнні новага матэрыялу размова таксама будзе ісці пра законы.
1. Законы прыроды. Вучні чытаюць услых матэрыял першага абзаца, пераказваюць прачытанае і вызначаюць у ім галоўнае. Адказваюць на пытанні: 1. Аб чым ідзе размова? 2. Пра якія законы гаворыцца ў дапаможніку? 3. Ці можна законы прыроды адмяніць? 4. Чаму іх нельга адмяніць?
Запісаць у сшыткі першы пункт плана.
Узгадайце законы прыроды, якія не залежаць ад чалавека. (змена дня і ночы, змена пораў года, старэнне чалавека і г.д.)
2. Законы жыцця. Работа над матэрыялам вядзецца па папярэдняй схеме. Ёсць законы, якія выпрацоўваюцца самім жыццём, іх спецыяльна ніхто не стварае, яны з’яўляюцца няпісанымі і датычаць толькі людзей.
Ці ёсць у наш час такія няпісаныя законы? Назавіце іх. (Да старэйшага за сябе звяртацца на “Вы”; уступаць яму месца ў транспарце; першым выказаць яму прывітанне. Нельга хлусіць, крыўдзіць іншых, патрэбна дапамагаць малодшым і г.д)
Запісаць другі пункт плана.
3. Грамадскія законы. У Полацкім і Тураўскім княствах існаваў звычай склікаць на сход дарослых мужчын для абмеркавання якога-небудзь ваеннага пытання. Такі сход называўся веча.
Настаўнік звяртае ўвагу вучняў на той факт, што такія законы прымаліся на агульнанародным сходзе, тым яны і адрозніваліся ад двух папярэдніх. Было ў іх і агульнае: усе яны былі няпісанымі законамі.
Запісаць трэці пункт плана.
4. Дзяржаўныя законы. Па ходзе чытання вучні робяць у свае сшыткі запісы
ХІ ст. “Руская Праўда”, Яраслаў Мудры
XVI ст. Статут, Леў Сапега.
Гэтыя законы былі агульнадзяржаўнымі, іх спецыяльна распрацоўвалі і выдавалі ў выглядзе зборнікаў. Яны былі абавязковымі для выканання ўсімі грамадзянамі. Складальнікам аднаго з першых у Еўропе збора законаў - Статута Вялікага княства Літоўскага - быў наш зямляк Леў Сапега.
(Да дошкі прымацоўваецца яго партрэт)
Гістарычная даведка. Леў Іванавіч Сапега (1557-1633) - адзін з буйнейшых магнатаў і палітычных дзеячаў ВКЛ. Ён займаў самыя высокія пасля князя дзяржаўныя пасады: канцлера, ваяводы, гетмана. Важнейшай яго заслугай перад Радзімай з’яўляецца падрыхтоўка і выданне Статута 1588 г.
Разгляданне партрэта Л. Сапегі на ст.65. Стальныя даспехі і шабля, а таксама гетманская булава сведчаць аб тым, што Леў Сапега найперш за ўсё быў абаронцам Радзімы, але не гэтая справа была галоўнай у яго жыцці. У яго правай руцэ ліст з законамі, якія прынеслі яму сусветную славу. Статут 1588 г. быў настолькі дасканалым законам, што ён дзейнічаў ажно 250 гадоў.
Запісаць у сшыткі наступны пункт плана, а таксама вызначэнне паняцця “Статут”.
Работа з малюнкам на ст.54. Гэта тытульны ліст Статута. Калі уважліва разгледзіць назву, напісаную чырвонымі літарамі, то можна прачытаць, што гэты дакумент называецца “Статут Вялікага княства Літоўскага”. У цэнтры размешчаны герб Пагоня. На ім паказаны вершнік з мячом, паднятым над галавою. Герб Пагоня - гэта дзяржаўны сімвал ВКЛ.
Чытанне вучнямі самастойна апошняга абзаца апавядання і адказ на пытанне, якую галоўную ролю ў жыцці чалавека выконваюць законы. Яны дапамагаюць жыць людзям у міры і згодзе. Законы неабходна ведаць, іх патрэбна паважаць, а самае галоўнае - выконваць, каб усім нам жыць у міры і згодзе.
ІІІ.Замацаванне.
1. Работа з табліцай: адказаць на пытанні.
Пытанні | “Руская Праўда” | Статут |
1. Што гэта такое | Законы | Законы |
2. Дата напісання | ХІ ст | XVI ст. |
3. Аўтары | Яраслаў Мудры | Леў Сапега |
2. Пабудова лесвіцы, трэба даць назву кожнай яе прыступцы.
законы 4 прыроды
3 дзяржаўныя
2 грамадскія
1 жыцця
Заданне можна дыферэнцыраваць па ўзроўні складанасці:
а) запісаць назвы першай і апошняй прыступак;
б) запісаць назву толькі першай або апошняй прыступкі;
в) паставіць пытальнікі ва ўсіх прыступках.
IV. Вынікі ўрока.
1. Як называецца тэма ўрока? 2. З чым знаёміліся ў час яе вывучэння? 3. Якія паняцці вывучаліся? 4. З якімі датамі знаёміліся? 5. Пра дзейнасць якіх гістарычных асоб даведаліся?
V. Хатняе заданне.
А) агульнае: апавяданне “Па якіх законах жылі нашы продкі”;
Б) дадатковае: даведацца ў сваіх бацькоў, як называецца галоўны закон нашай краіны і ў якім годзе ён пачаў дзейнічаць.
ТЭМА 16 -17. АДКУЛЬ ПАЙШЛІ НАЗВЫ НАШЫХ ГАРАДОЎ(2 урокі – падарожжы па тэме)
МЭТА: фарміраваць у вучняў уяўленні аб легендарным паходжанні нашых
гарадоў, уменне арыентавацца ў месцараспалажэнні гарадоў на карце.
ЗАДАЧЫ: правесці знаёмства вучняў з летапіснымі звесткамі пра найбольш старажытныя гарады, з народнымі паданнямі і даследаваннямі вучоных аб паходжанні іх назваў, паказаць, якую ролю ў развіцці гарадоў адыгралі рэкі;
развіваць уменні выдзяляць галоўнае ў вывучаемым матэрыяле; выхоўваць цікавасць да гістарычнага мінулага беларускай зямлі, павагу да нашых продкаў.
АФАРМЛЕННЕ КЛАСНАЙ ДОШКІ
Паняцці Гарады
Рамеснік Полацк Тураў
Мінск Віцебск
Магілёў Гомель
Брэст Гродна
Праблемнае заданне:
Чаму, на вашу думку, назвы многіх гарадоў паходзяць ад назваў рэк?
Работа над матэрыялам хатняга задання.
1) Растлумачыць паняцці ВЕЧА і СТАТУТ.
Чым яны адрозніваюцца? Чым падобныя?
2) Запісаць імёны гістарычных дзеячаў, расказаць, што імі было створана.
3) Злучыць стрэлкамі імёны і назвы, назваць, што ў іх аднолькавае, чым адрозніваюцца.
ХІ ст. Леў Сапега “Руская праўда”
ХVI ст. Яраслаў Мудры Статут