Лекции.Орг


Поиск:




Категории:

Астрономия
Биология
География
Другие языки
Интернет
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Механика
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Транспорт
Физика
Философия
Финансы
Химия
Экология
Экономика
Электроника

 

 

 

 


Прароцтва прафесаркі Трэлані




 

Эйфарыя ад, нарэшце, выйгранага Кубка па квідытчу доўжылася ў Гары не менш за тыдзень. Здавалася нават надвор’е святкавала разам з ім. Набліжаўся чэрвень, дні сталі бясхмарнымі і гарачымі, а ў вучняў прачнулася стойкае жаданне шпацыраць, ці валяцца на траўніку, прыхапіўшы з сабой колькі пінт гарбузовага соку. Гуляць у простыя гульні, накшталт плювакаменьчыкаў, альбо назіраць, ці не варухнецца летуценна гіганцкі кальмар на паверхні возера.

Але яны не маглі сабе гэтага дазволіць. Набліжаліся іспыты і замест таго, каб валэндацца на прыродзе, вучні сядзелі ў задушным замку, спрабуючы сканцэнтравацца ў той час, калі ў вокны дзьмуў летні ветрык. Нават Фрэд і Джордж сядзелі за працай, яны рыхтаваліся да іспытаў на Простую Рэзультатыўную Адзнаку Школьнай Чарадзейскай Адукацыі (П.Р.А.Ш.Ч.А.). Пэрсі засеў рыхтавацца да Трыклятай Абароны Рэзультатаў Чарадзейскай Адукацыі (Т.А.Р.Ч.А.), самай высокай кваліфікацыйнай адзнакі, якую мог даць Хогвартс. Ён збіраўся атрымаць пасаду ў Міністэрстве магіі, таму вінен быў дамагчыся на іспытах самых высокіх адзнак. Пэрсі стаў больш нервовым і даваў самыя суровыя пакаранні тым, хто па вечарах парушаў цішыню ў гасцёўні. Але на самой справе адзіным чалавекам, які падзяляў трывогу Пэрсі, была Герміёна.

Гары і Рон, якія ўжо кінулі пытацца яе, якім чынам у той атрымлівалася быць адначасова на колькіх занятках, не маглі сябе стрымаць, калі пабачылі яе графік праходжання іспытаў. У першым слупку можна было прачытаць:

 

ПАНЯДЗЕЛАК

9.00 - Нумералогія

9.00 - Ператварэнні

Абед

13.00 - Замовы

13.00 – Старадаўнія руны

 

- Герміёна?- асцярожна спытаўся Рон, бо ведаў што Герміёна ў апошнія дні была здольная на выбухі гневу, калі ёй нехта перашкаджаў.- Эээ... ці ты ўпэўнена, што правільна перапісала часы іспытаў?

- Што?- раздражнёна спыталася яна, зазірнуўшы ў свой графік.- Зразумала, так.

- Гэта не мае сэнсу, але няўжо ты збіраешся быць на двух іспытах адначасова?- спытаў Гары.

- Не,- імгненна адказала Герміёна.- Хтось з вас бачыў мой падручнік “Нумералогія і граматыка”?

- Так, я яе ўзяў, каб пачытаць перад сном,- прамовіў Рон, але вельмі ціха. Герміёна пачала рыцца ў грудзе пергаменту на стале, пытаючыся адшукаць кнігу, у гэтае ж імгненне ля вакна адчуўся шолах, і ў гасцёўню заляцела Хэдвіг, нешта шчыльна сціскаючы ў дзюбе.

- Гэта ад Хагрыда,- прамовіў Гары, раскрываючы цыдулку.- Апеляцыя Бакбіка... будзе разглядацца шостага.

- У дзень апошняга іспыту,- заўважыла Герміёна, працягваючы шукаць падручнік.

- Разгляд адбудзецца тут,- працягваў чытаць Гары.- Будзе прысутнічаць прадстаўнік з міністэрства і... і кат.

Герміёна ўражана падняла вочы.

- Навошта яны вязуць на апеляцыю кáта? Гучыць так, бы яны ўсё ўжо вырашылі!

- Так. Здаецца, што так,- павольна адказаў Гары.

- Яны гэтага не зробяць!- узвыў Рон.- Я столькі часу страціў, шукаючы матэрыялы дзеля яго абароны, яны не павінны гэта праігнараваць!

Але ў Гары было жудаснае пачуццё, што меркаванне за Камітэт па знішчэнні небяспечных істот ужо склаў містэр Малфой. Драко, які быў надта падаўлены ў сувязі з перамогай Грыфіндора ў квідытчным фінале, у апошнія дні, здавалася, крыху аднавіў сваёй мінулую пыхлівасць. Гары выпадкова пачуў, як ён са смехам разважаў аб тым, што Бакбік павінен быць катаваны і цалкам быў задаволены сабой, прадчуваючы гэту падзею. Гары ледзь стрымаў сябе, каб па прыкладзе Герміёны не заехаць Драко па твары. А горшым за ўсё было тое, што у іх нават не было магчымасці наведаць Хагрыда, бо новыя меры бяспекі ў школе так і не былі зняты. Гары не адважваўся нават схадзіць па сваю мантыю-невідзімку, схаваную пад статуей аднавокай вядзьмаркі.

*

Пачаўся тыдзень іспытаў і над замкам запанавала ненатуральная цішыня. У панядзелак трэццягодкі пакінулі кабінет Ператварэнняў толькі ў абедзенны час, млявымі і бледнатварымі, параўноўваючы свае вынікі і скардзячыся на цяжкія заданні, накшталт ператварэння імбрычыка на чарапаху. Герміёна надта раздражняла астатніх сваімі пустымі хваляваннямі наконт таго, што яе чарапаха больш нагадвала марскую, а не рачную. Але насамрэч яна магла клапаціцца значна менш за астатніх.

- У маёй замест хваста застаўся імбрычны носік, які жах...

- А ці бываюць чарапахі, у якіх падчас дыхання з носу ідзе пар?

- А ў маёй на панцыры застаўся арнамент у выглядзе вярбовага галля, думаеш гэта моцна паўплывае на адзнаку?

Пасля абеду яны рушылі здаваць іспыты па Замовах. Герміёна мела рацыю, прафесар Флітвік вырашыў рабіць іспыт па ўзбадзёрваючых замовах. Гары настолькі моцна хваляваўся, што перастараўся і Рон, які быў яго партнёрам на іспыце пачаў істэрычна рагатаць і быў вымушаны сысці на гадзіну ў суседні пакой, каб супакоіцца і выканаць замову на Гары. Пасля вячэры ўсе навучэнцы паспяшаліся ў свае гасцёўні, каб, не расслабляючыся, пачаць рыхтавацца да заўтрашніх іспытаў па Доглядзе за магічнымі істотамі, Зеллеварстве і Астраноміі.

Хагрыд, які праводзіў іспыт па доглядзе за магічнымі істотамі, быў даволі моцна заклапочаны і лунаў думкамі дзесь надта далёка. Ён прывалок вялізную балею чарвямляваў і раздаў іх вучням. Прафесар Хагрыд прызначыў такое выпрабаванне, чый чарвямляў застанецца жывым праз гадзіну, той і здасі іспыт. Аднак ў сувязі з тым, что гэтыя істоты лепей адчувалі сябе, калі іх пакідалі ў супакоі, гэта быў самы лёгкі іспыт з усіх. Вучні ціхінька сядзелі і займаліся сваімі справамі, а Гары, Рон і Герміёна, скарыстаўшыся магчымасцю, падыйшлі да Хагрыда, каб крыху паразмаўляць.

- Бікі пошнім часам крыху маркоціцца,- нахіліўшыся, быццам збіраўся праверыць, ці жывы яшчэ Гарын чарвямляў, ціха прамовіў ён.- А то, стольк сядзець пад замком. І ўсё ж... Так ці накш... пасьзаўтра ўсё высьтліцца.

Іспыт па Зеллеварстве, які быў пасля абеду, стаў сапраўднай катастрофай. Як не стараўся Гары, але яго канцэнтрат збянтэжанасці, аніяк не жадаў гусцець. Снэйп, які з мсцівым задавальненнем назіраў за Гары, перад тым як вярнуцца за свой стол надрапаў у сваім журнале нешта, што надта нагадвала нуль.

Апоўначы ў самай высокай вежы Хогвартскага замку адбываўся іспыт па астраноміі. А ўжо ранкам у сераду яны пайшлі здаваць Гісторыю магіі. Адказваючы пра выпадкі палявання на вядзьмарак ў сярэднявеччы, Гары запісаў у сваім пяргаменце ўсё, аб чым даведаўся летась ад Фларыяна Фартэск’ю, адначасова з гэтым шкадуючы, што не мае магчымасці, седзячы ў задушным класе паласавацца сваім ўлюбёным марозівам –“Шакаладны арэшак”. Пасля абеду было не лепш, яны правялі колькі гадзін у парніках, здаючы Зёлказнаўства, і ўвечары вярнуліся ў Грыфіндорскую гасцёўню з абгарэлымі шыямі, з тугою думаючы, што іспыты скончацца толькі заўтра.

Перадапошнім іспытам ў чацвер ранкам была Абарона ад цёмных мастацтваў. Іспыт прафесара Люпіна быў самым незвычайным з тых, у якіх яны калі-небудзь удзельнічалі. Ён больш нагадваў паласу перашкодаў і праводзіўся знадворку. Вучню трэба было перайсці бродам глыбокі вір, што кішэў грындзілоў; мінуць шэраг калдобін, сярод якіх хаваліся чырвонакалпачнікі; прахлюпаць між куп’я сярод дрыгвы, ігнаруючы маны блукаючых агенчыкаў і, нарэшце, забрацца ў стары куфар, каб пазмагацца з новым богартам.

- Выдатна, Гары,- глуха прамовіў прафесар Люпін, калі хлопчык, усміхаючыся, вылез з куфра,- Вышэйшы бал!

Гары акрылены сваім поспехам, застаўся назіраць, як іспыт адолеюць яго сябры. Рон рабіў усё файна, ажно пакуль не трапіў на блукаючы агенчык, які паспяхова завабіў яго па пояс ў дрыгву. Герміёна раскошна прамінула ўсе перашкоды, але як толькі яна забралася ў куфар з богартам, не мінула і хвіліны, як яна з лямантам выскачыла вонкі.

- Герміёна!- збянтэжана ўсклікнуў Люпін.- Што здарылася?

- П-п-прафесарка МакГонагал!- цяжка дыхаючы адказала дзяўчо, кажучы на куфар.- Й-яна сказала, што я праваліла ўсе іспыты!

Спатрэбілася колькі часу перш, чым яна супакоілася. Калі ж Герміёна нарэшце авалодала над сабой, яна разам з Гары і Ронам вярнулася ў замак. Рон злёгку пацяшаўся з Герміёнінага богарта, але раптам сціх, калі яны ўбачылі, што хтосьці чакае іх ля ўваходных дзвярэй.

Карнэліюс Фадж, які крыху ўзапрэў у сваёй паласатай мантыі, стаяў і глядзеў сабе пад ногі. Заўважыўшы Гары, ён усхамянуўся.

- Вітаю, Гары!- прамовіў ён.- Я спадзяюся, ты ідзеш з іспыта? Гэты - перадапошні?

- Так,- адказаў Гары. Рон і Герміёна дагэтуль ніколі не бачыліся з міністрам па справах магіі і таму збянтэжана стаялі за Гарынай спіной.

- Выдатнае надвор’е,- сказаў Фадж, зірнуўшы на возера,- Але як шкада... як шкада...

Ён цяжка ўздыхнуў і паглядзеў на Гары.

- Я тут з адной вельмі непрыемнай місіяй, Гары. Камітэту па знішчэнні небяспечных істотаў спатрабаваўся сведка катавання шалёнага гіпагрыфа. Я якраз быў у Хогсмідзе, каб праверыць, як справы з росшукамі Блэка, і гэта пасада была запрапанована мне.

- Ці гэта значыць, што апеляцыю ўжо разгледзелі?- выступіўшы наперад, спытаўся Рон.

- Не, не, розгляд апеляцыі запланаваны на сёння,- адказаў Фадж з зацікаўленасцю, зірнуўшы на Рона.

- Тады як вы можыце лічыць сябе сведкам катаваня,- рашуча прамовіў Рон.- Гіпагрыфа ж яшчэ могуць апраўдаць!

Перш чым Фадж паспеў штось адказаць Рону, за спіной міністра з галоўных дзвярэй выйшлі два чараўніка. Адзін з іх быў настолькі стары, што здавалася быў гатовы рассыпацца на іх вачах, а другі быў велічны і дужы, з танюткімі чорнымі вусамі. Гары адразу зразумеў, што гэта прадстаўнікі камітэта, бо стары, зірнуўшы ў напрамку Хагрыдавай халупы, прамовіў слабым голасам:

- Божа мой, Божачкі, я ўжо занадта стары для падобных спраў... а другой гадзіне, ці не так Фадж?

Чарнавусы правеў сваім пальцам дзесьці ў раёне паса, і Гары заўважыў, што той крануўся ляза вялізнай сякеры. Рон ужо раскрыў рот, каб нешта сказаць, але Герміёна моцна пхнула яго пад рэбры і хістнула галавою у напрамку ўваходу.

- Навошта ты спыніла мяне?- раздражнёна спытаўся Рон, калі яны ўвайшлі ў галоўную залу на абед.- Ці ты іх бачыла? Яны ўжо і сякеру падрыхтавалі! Гэта не правасуддзе!

- Рон, твой бацька працуе ў міністэрстве. Табе нельга казаць падобнага яго босу!- адказала Герміёна, але пры гэтам сама выглядала ашаломленай.- Калі Хагрыд у гэты раз захавае раўнавагу і распавядзе ўсё належным чынам, мяркую, яны не пасмеюць катаваць Бакбіка....

Аднак Гары быў больш чым упэўнены: Герміёна і сама не верыла таму, што казала. Вучні, якія сядзелі ў галоўнай зале за сталамі, з захапленнем разважалі аб тым, што пасля абеду нарэшце адбудуцца апошнія іспыты. Але, перапоўніўшыся турботаю аб Хагрыдзе і Бакбіку, сябры не ўдзельнічалі ў гэтым размовах.

Апошнім іспытам у Гары і Рона было Вяшчунства, а ў Герміёны – маглазнаўства. Яны падняліся па мармуровых сходах. Пакінуўшы Герміёну на другім паверсе, Гары з Ронам самі падняліся ажно да сёмага, дзе ўбачылі шэраг вучняў, якія згрудзіліся на вінтавой лесвіцы, што вяла да кабінета прафесаркі Трэлані, і спрабавалі ў апошнюю хвіліну запомніць штось з напісанага ў падручніку.

- Яна выклікае паасобку,- паведаміў ім Нэвіл, калі Гары з Ронам падышлі да яго і прыселі побач. Нэвіл трымаў на каленях свой падручнік “Развуаляванне будучыні”, ён быў адчынены на старонцы, прысвечанай варажбе з дапамогаю крышталёвага шару.- Хто-небудзь з вас бачыў, хоць нешта ў гэтым шары?- няшчасным голасам спытаўся ён.

- Ані,- рашуча адказаў Рон. Ён зірнуў на свой гадзіннік, Гары ведаў, што Рон глядзіць, колькі часу засталося да пачатку апеляцыі Бакбіка.

Чарга вучняў, якія чакалі іспыту, скарачалася вельмі павольна. Калі хтось, ужо здаўшы іспыт, спускаўся па срэбнай лесвіцы, усе адразу кідаліся да яго і шэптам пыталіся.

- Што яна пыталася? Ці здаў ты?

Але рашуча ўсе адмаўляліся адказваць на пытанні.

- Яна сказала, што ўбачыць у сваім крышталёвым шары, калі я вам падкажу, і са мною здарыцца няшчасце,- прапішчаў Нэвіл, спусціўшыся ўніз да Гары і Рона, якія ўжо дасягнулі пляцоўкі пад кабінетам Трэлані.

- Вельмі зручна,- фыркнуў Рон.- Ці ведаеш, я пачынаю думаць, што Герміёна мела рацыю, яна,- Рон паказаў пальцам на люк,- папросту старая махлярка.

- Так,- гледзячы на ўласны гадзіннік, адказаў Гары, было ўжо а другой дня,- Трэ, каб яна паспяшалася...

Парваці спусцілася па лесвіцы, ззяючы ад гонару.

- Яна сказала, што з мяне атрымаецца вельмі добрая празорліўка,- паведаміла яна Гары і Рону.- Я столькі ўсяго ўбачыла... жадаю поспехаў!

І яна паспяшала ўніз па сходах да сваёй сяброўкі Лавендры.

- Рональд Візлі,- фамільярна прамовіў, цмяны голас па-над іх галовамі. Рон, скруціўшы морду ў Гарыным напрамку, падняўся па лесвіцы. Цяпер Гары быў адзіным, хто не прайшоў іспыт. Ён прысеў на падлогу спіной да сцяны і прыслухаўся да ціхага гудзення мух, а яго думкі былі недзе там, з Хагрыдам.

Нарэшце, прыкладна праз дваццаць хвілін, вялізныя ступакі Рона паказаліся з люку.

- Ну як?- падымаючыся з падлогі, спытаўся Гары.

- Трызненне,- адказаў Рон.- Я зразумела ж анічога не бачыў, таму нес першае, што прыйшло да галавы, хаця я не ўпэўнены што яна гэта заўважыла, але...

- Сустрэнемся ў гасцёўні,- прамармытаў Гары, калі голас прафесаркі паклікаў яго.

У пакоі на гары было яшчэ больш задушна чым раней. Фіранкі былі наглуха завешаны, ў коміне палаў агонь, а звычайны для кабінета пах быў настолькі моцным, што Гары закашляўся. Праз бязладна расстаўленыя сталы і крэслы, Гары накіраваўся да стала, дзе ля вялізнага крышталёвага шара сядзела прафесарка Трэлані.

- Дабрыдзень, мой любы,- мягка прамовіла яна.- Калі на гэта будзе твая воля, зазірні ў шар... не спяшайся, вось... а потым скажы мне, што ты там бачыш...

Гары нахіліўся да шару і з ўсяе моцы пачаў глядзець у яго, імкнучыся ўбачыць там хоць штось акрамя віхуроў белай смугі, але ў яго анічога не атрымалася.

- Не?- далікантна спыталася прафесарка.- Што ты бачыш?

Задуха была невыноснай, а ноздры пякло ад паху духмянасцяў, якія даносіліся з коміна. Гары падумаў аб тым, што толькі што паведаміў яму Рон і таксама вырашыў прыкінуцца.

- Ну...- прамовіў ён,- я бачу цёмную постаць... ммм...

- На што яна падобна?- прашапатала прафесарка.- Не спяшайся, падумай...

Гары крыху паразважаўшы, спыніўся на Бакбіке.

- Гіпагрыфа,- рашуча адказаў ён.

- Няўжо!- прашапатала Трэлані, штось нядбайна нашкрабаўшы на скрутку пергаменту, які ляжаў у яе на каленях,- Мой ты хлопчык, магчыма, ты бачыш вынік сутычкі нашага беднага Хагрыда з міністэрствам магіі! Паглядзі... ці мае гіпагрыф галаву?

- Так,- рашуча прамовіў Гары.

- Ты ў гэтым упэўнены?- не супакойвалася прафесарка.- Упэўнены, мой любы? Зірні лепей, мо, ён курчыцца на зямлі, ці якаясь постаць стаіць па-над ім з сякераю ў руках?

- Не!- адказаў Гары, пачынаючы адчуваць лёгкую моташ.

- Крыві няма? Можа, плачыць Хагрыд?

- Не!- паўтарыў Гары, з усяе сілы жадаючы найхутчэй пакінуць гэты пакой і яго задуху.- З ім ўсё добра, ён... ён адлятае...

Прафесарка Трэлані з тугою ўздыхнула.

- Добра, мой ты даражэнькі, думаю на гэтым мы і супынімся... канечне, ты мяне крыху расчараваў... але я ўпэўнена, што ты імкнуўся зрабіць ўсё як мага лепш.

Гары ўздыхнуў з палёгкаю, падняўся на ногі, перакінуў праз плячо торбу і ўжо збіраўся сыходзіць, як раптам за яго спіною адчуўся нечы гучны і рэзкі голас:

- Гэта адбудзецца сёння ўвечары.

Гары развярнуўся. Прафесарка Трэлані, здранцвеўшы, сядзела на сваім крэслы і глядзела кудысь невідушчымі вачыма, прыадчыніўшы рот.

- П-прабачце?- спытаўся Гары.

Але прафесарка, здавалася, не чуе яго. Яе вочы закаціліся. Гары стаяў і з непакоем глядзеў на яе. Трэлані выглядала так, бы з ёй вось-вось пачнецца прыступ нейкай хваробы. Гары пачаў прыпамінаць, ці працуе зараз шпітальнае крыло... але тут яна зноў загаварыла, тым жа чужым, рэзкім голасам:

- Цёмны Лорд ляжыць адзінокі і маркотны, прыхільнікі выракліся яго. Адзіны, каго ён мае - слуга, які дванаццаць гадоў быў запалонены. Але сёння апоўначы слуга вырвецца на свабоду і адправіца шукаць свайго гаспадара, каб аб’яднацца з ім. З дапамогаю свайго слугі, Цёмны Лорд уваскрэсне і будзе яшчэ мацней і жахлівей, чым колісь. Сёння... апоўначы... слуга... вырвецца... шукаць... гаспадара...

Прафесарка Трэлані прынізіла галаву сабе на грудзі. З яе горла вырваўся гук крахтання, і яна падняла галаву.

- Прабач, мой даражэнечкі,- сонна вымавіла яна.- Сёння такая спёка... я задрамала на хвіліну...

Гары, працягваў стаяць, вытарапіўшыся на яе.

- Штось здарылася, мой даражэнечкі?

- Вы... вы толькі што паведамілі... што Цёмны Лорд уваскрэсне... яго слуга збіраецца вярнуць яго...

Трэлані здзіўлена глядзела на яго.

- Цёмны Лорд? Той, Чыё Імя Нельга Вымаўляць? Гэта нагадвае дурны жарт, мой даражэнечкі... уваскрэсне, насамрэч...

- Але вы самі толькі што пра гэта казалі! Што Цёмны Лорд...

- Думаю, ты таксама крыху задрамаў, любы мой!- адказала прафесарка.- Вядома, я б аніколі ў жыцці не дазволіла сабе прадказаць падобную лухцень!

Гары спусціўся ўніз па срэбнай лесвіцы, а потым па вінтавых сходах, разважаючы... што гэта было... рэальнае прадказанне, ці нейкі від эфэктнага заканчэння іспыту?

Праз пяць хвілін ён ужо бег міма троляў-ахоўнікаў да ўваходу ў Грыфіндорскую вежу, у яго розуме працягвалі гучаць словы прафесаркі. У супрацьлеглым кірунку рушылі іншыя вучні. Пасміхаючыся і жартуючы, яны ішлі на доўгачаканую волю. Калі ён дасягнуў Тлустай Пані і прайшоў праз адтуліну за яе партрэтам у гасцёўні, ён ўбачыў, што тая амаль апусцела. Толькі Рон з Герміёнаю сядзелі ў сваім звычайным куточку.

- Прафесарка Трэлані, запыхаўшыся прамовіў ён,- толькі што сказала мне...

Ён рэзка спыніўся, паглядзеўшы на іх твары.

- Бакбік прайграў,- слаба прамовіў Рон.- Мы атрымалі паштоўку ад Хагрыда.

На гэты раз ліст не быў запырсканы слязьмі, але склалалася ўражанне, што рукі Хагрыда так моцна калаціліся, калі ён пісаў яго, што прачытаць штось было вельмі цяжка.

 

“Апеляцыя прайграна. Яны збіраюцца ажыцявіць катаванне на захадзе сонца. Вы ўжо нічым не можаце дапамагчы. Прыходзіць не трэба. Я не хачу, каб вы гэта бачылі.

Хагрыд”.

 

- Нам трэба ісці,- імгненна прамовіў Гары.- Нам нельга пакідаць яго аднаго, чакаць кáта!

- Гэта будзе на заходзе сонца,- сказаў Рон, гледзячы праз вакно на надворак.- Нам ніхто не дазволіць пайсці туды... асабіста табе, Гары...

Гары апусціў галаву на рукі, абдумваючы нешта.

- Калі б толькі ў нас была мантыя-невідзімка...

- А дзе твая?- спыталася Герміёна.

Гары распавёў ёй аб тым, што быў вымушаны схаваць яе ў праходзе пад статуяй.

-... калі Снэйп пабачыць, што я зноў хаджу там, мяне чакаюць непрыемнасці,- дадаў ён.

- Маеш рацыю,- выпрастоўваючыся, сказала Герміёна,- калі ён пабачыць цябе... А як ты адкрываў праход у гарбе?

- Трэба... дакрануцца да яго палачкай і сказаць “Дысэндзіюм”,- адказаў Гары.- Але...

Герміёна не дачакалася пакуль ён скончыць, яна падыйшла да партрэта, адчыніла праход і кудысьці сыйшла.

- Спадзяюся, яна не пайшла за мантыей?- гледзячы ёй ў след, прамовіў Рон.

Але яна пайшла. Праз чвэрць гадзіны Герміёна вярнулася, трымаючы пад вопраткай старанна складзеную серабрыстую мантыю.

- Герміёна, што з табой тварыцца ў апошні час?- здзіўлена спытаўся Рон.- Спачатку стукнула Малфоя, потым дэманстратыўна пакінула прафесарку Трэлані...

Дзяўчына зірнула на яго.

*

Разам з астатнімі яны спусціліся на вячэру, але пасля не вярнуліся ў Грыфіндорскую вежу. Пад вопраткай ў Гары была схавана мантыя-невідзімка, і ён увесь час быў вымушаны трымаць рукі крыжом, каб схаваць камяк. Яны затаіліся ў Вестыбюлі і сядзелі, прыслухоўваючыся, пакуль не ўпэўніліся, што там больш нікога няма. Нарэшце яны пачулі, як сышлі апошнія людзі, ляпнулі дзверы. Герміёна высунулася з іх схованкі.

- Усё добра,- прашапатала яна,- нікога больш няма... апранаем мантыю...

Прытуліўшыся як мага бліжэй адно да аднаго, каб ніхто іх не заўважыў, і, апрануўшы на сябе мантыю, яны на дыбачках прамінулі Вестыбюль і, спусціўшыся па сходах, выйшлі на надворак. Сонца ўжо хавалася за Забаронены лес, пакрываючы золатам вершаліны дрэў.

Яны дабраліся да халупы і пастукалі ў дзверы. Праз хвіліну Хагрыд адчыніў дзверы, ён быў бледны і яго ўсяго калаціла, Хагрыд азірнуўся, шукаючы наведвальнікаў.

- Гэта мы,- прасыкаў Гары.- Мы пад мантыяй-невідзімкай. Пусці нас і мы яе здымем.

- Вы не вінны былі прыходзць!- прашаптаў Хагрыд, адходзячы ўбок, каб сябры маглі ўвайсці ўсярэдзіну. Палясоўшчык хутка зачыніў дзверы, і Гары зняў мантыю.

Хагрыд не плакаў і не кідаўся ім на шыі. Ён папросту выглядаў, як чалавек, які не ведае дзе ён і што трэба рабіць. І гэтая яго разгубленнасць выглядала горш за яго слёзы.

- Гарбат?- спытаўся палясоўшчык. Калі ён пацягнуўся за імбрычыкам, яго вялізныя рукі затрэсліся.

- Хагрыд, а дзе Бакбік?- нерашуча спыталася Герміёна.

- Я... ён здворк,- адказаў Хагрыд і заліў увесь стол малаком, пераліўшы яго праз край малочніка.- Я прывязаў го ля гарбузовых градак. Там, здворк, ён можа бачць дрэвы... падыхаць свеж паветрам... пкуль...

Рукі Хагрыда зноў моцна закалаціліся, ён выпусціў малочнік і ўся падлога залілася малаком.

- Я прыбяруся, Хагрыд,- спешна прамовіла Герміёна і прынялася за ўборку.

- Там, у шафе, ё шчэ дзін,- сядаючы, прамовіў Хагрыд і выцер рукавом свой вялізны лоб. Гары азірнуўся на разгубленага Рона.

- І што, Хагрыд, няўжо аніхто нічым не можа дапамагчы?- раз’юшана спытаўся, Гары, які сядзеў паблізу ад яго.- Дамблдор...

- Ён спрабваў,- адказаў Хагрыд.- Але Дамблдор не ў стань амяніць рашэннь камтэту. Ён гаварыў ім, што Бакбік не шалёны, але ты ж ведаш, яны баяцца... Люцуса Малфоя... ён пагжаў ім, я зараз чкаю, калі прыйдзь кат Макнэр, ён стары Малфоеў сябрук... ён зробе ўсё хутка і чыста... а я буд побач...

Хагрыд зглытнуў. Яго вочы шалёна забегалі па пакоі, быццам ён аднекуль чакаў падтрымкі ці на кагось спадзяваўся.

- Дамблдор таксам прыйдзе, калі йны... калі йны будуць го катваць. Ён напьсаў мне пра гэт зранку. Кажа, хоч патрымаць... патрымаць мне. Дамблдор - вялікь чалавек...

Герміёна, якая корпалася ў шафе з посудам, выдала кароткі, адразу ж задушаны енк. Яна, ледзь стрымліваючы слёзы, вярнулася да стала, трымаючы ў руках новы малочнік.

- Мы таксама застанемся тут,- пачала яна, але Хагрыд закруціў сваёй калматай галавой.

- Вы верньцеся ў замак. Я жо казаў, што не хачу, каб вы гэт бачылі. І шчэ, вы памьтаеце, што не вінны без зволу быць па-за замкам... Калі Фадж і Дамблдор убачаць вас, Гары будзе чкаць вяліка бяда.

Маўклівыя слёзы сцякалі з вачэй Герміёны, але яна хавала іх ад Хагрыда, працягваючы мітусіцца за гатаваннем гарбаты. Яна ўзяла бутэльку малака, каб напоўніць малочнік і адразу ж ускрыкнула.

- Рон, мне... мне цяжка паверыць ў гэта, але тут у малочніку Скаберс!

Рон утаропіўся на яе.

- Што ты такое кажаш?

Герміёна падняла малочнік са стала, перавярнула яго і патрэсла сюды-туды. З апантаным піскам і моцна намагаючыся вярнуцца ўсярэдзіну, на стол выпаў пацук Скаберс.

- Скаберс!- бездапаможна сказаў Рон.- Што ты тут робіш?

Ён схапіў пацука за хвост і падняў яго да святла. Той выглядаў жудасна. Ён быў схуднелы, як ніколі раней, а на яго скурцы сям-там выпалі жмуткі поўсці і паўсюль былі залысіны. Пацук курчыўся ў руках Рона, быццам спрабуючы вызваліцца.

- Усё добра, Скаберс!- прамовіў Рон.- Тут няма катоў! Ніхто не наробіць табе шкоды!

Хагрыд выпрастаўся, не адрываючы вочы ад акна. Яго звычайна румяны твар, быў колеру пергамента.

- Яны йдуць...

Гары, Рон і Герміёна маланкай кінуліся да акна. Недзе здалёк група мужчын спускалася замкавымі сходамі. Наперадзе рушыў Альбус Дамблдор, і яго сівая барада зіхацела ў праменні заходзячага сонца. Побач з ім рушыў Карнэліюс Фадж. А за імі крочылі стары камітэтчык і кат Макнэйр.

- Вы вінны сці,- сказаў Хагрыд, кожную цалю яго цела калаціла.- Ім нельг бачыць вас тут... хуценька, хуценька...

Рон запхаў Скаберса ў кішэню, а Герміёна падняла мантыю.

- Ідзіць праз заднія дзверы,- прамовіў Хагрыд.

Яны рушылі за ім да дзвярэй, якія вялі ў сад. Гары адчуваў нейкую нерэальнасць таго, што адбываецца, асабліва калі ўбачыў Бакбіка. Той стаяў у колькіх футах ад іх, прывязаны да дрэва ля гарбузовых градак і здавалася разумеў, што адбываецца. Ён, рэзка хістаючы сюды-туды галавой, нервова капаў кіпцюрамі зямлю.

- Сё добра, Бікі,- мякка прамовіў Хагрыд.- Сё добра, гэт Гары, Рон і Герміёна.- ён развярнуўся да іх і сказаў.- Сё. Вам трэб сці.

Але яны не рухаліся.

- Хагрыд, мы не...

- Мы раскажам ім, што адбылося на самой справе...

- Яны не заб’юць яго...

- Сходзьце!- разлютаваўся Хагрыд.- Не хпала шчэ, каб і вы траплі з-за мяне ў бяду!

У іх не было другога выбару. Герміёна накінула мантыю на сябе, Гары і Рона. Ля ўваходу ў халупу адчуліся галасы. Хагрыд паглядзеў на тое месца, дзе толькі што бачыў сяброў.

- Хутчэй сходзьце,- прахрыпеў ён.- Не слухце...

Ён развярнуўся да халупы, і тут у ўваходныя дзверы пастукаліся.

Павольна, быццам здраньцвеўшы ад жаху, Гары, Рон і Герміёна рушылі вакол халупы. Калі яны апынуліся ля ўваходных дзвярэй, тыя з моцным грукатам зачыніліся.

- Калі ласка, паспяшаемся,- прашапатала Герміёна.- Я... я не магу гэта вынесці...

Яны пачалі падымацца па травяністым схіле да замка. Сонца ўжо схавалася, неба было ясным, пурпурова-шэрага колеру, але на самым ускрайку далягляду лунала лілова-чырвоная палоска.

Рон застыў.

- Рон, калі ласка,- прамовіла Герміёна.

- Скаберс... ён выслізнуў... з кішэні...

Рон нахіліўся, каб падабраць пацука і запхнуць яго назад, але той быццам звар’яцеў. Ён шалёна пішчаў, круціўся і выгінаўся, спрабуючы кусіць Рона за руку.

- Скаберс, гэта я, ты ідыёта кусок, гэта Рон,- прасыкаў хлопчык.

Яны пачулі, як расчыняюцца дзверы, і аб нечым пачалі разважаць мужчынскія галасы.

- Ах, Рон, калі ласка, хутчэй, яны ўжо збіраюцца зрабіць гэта,- выдыхнула Герміёна.

- Добра... Скаберс, заставайся там...

Яны зноў пайшлі да замку. Гары з Герміёнаю імкнуліся не прыслухоўвацца да галасоў ззаду. Рон ізноў спыніўся.

- Я не магу ўтрымаць яго... Скаберс, заткніся, яны нас пачуюць...

Пацук працягваў шалёна пішчаць, але рабіў ён гэта не настолькі гучна, каб мажліва было не чуць галасы, што даносіліся з Хагрыдава гароду. Яны аб нечым блытана і туманна гаманілі, потым запанавала цішыня, сярод якой яны раптоўна пачулі відавочны свіст і стук сякеры.

Герміёну загайдала.

- Яны... забілі яго!- прашаптала яна Гары.- Я... я ня... ня веру... яны... забілі яго!

 

— РАЗДЗЕЛ XVII —

 

Кот, Пацук і Сабака

 

Ад шоку Гарына галава спусцела. Сябры, стаялі пад мантыяй-невідзімкай, пахаладзеўшы ад жаху. Апошнія праменьчыкі сонца кідалі крывавыя водсветы на пакрытую доўгімі ценямі зямлю. Тут за сваімі спінамі яны пачулі нечы дзікі вой.

- Хагрыд,- прамармытаў Гары. Не разумеючы, што ён робіць, Гары развярнуўся і кінуўся да халупы. Але Рон з Герміёнаю схапілі яго за абедзве рукі.

- Нам нельга гэтага рабіць,- сказаў Рон, які сам быў бялей за паперу.- Уяві, якія Хагрыда будуць чакаць непрыемнасці, калі даведаюцца, што мы былі ў яго...

Герміёна пачала дыхаць павярхоўна і адрывіста.

- Як... яны... маглі?- задыхаючыся, вымавіла яна.- Як яны маглі гэта зрабіць?

- Годзе, пайшлі.- сказаў Рон, зубы якога, здавалася, моцна калаціліся.

Павольна, каб не выслізнуць з-пад мантыі, яны рушылі да замка. Святло хутка знікала і да таго часу, як яны выйшлі на адкрытае месца, вакол іх ужо апусцілася густая цемра.

- Скаберс, сядзі на месцы,- сыкнуў Рон, прыціскаючы грудзі рукою. Яго пацук шалёна курчыўся. Рону раптоўна прыйшлося зрабіць перапынак, каб глыбей запхнуць яго ў кішэню.- Што з табой, дурная жывёла? Сядзі на месцы... АЁЙ! Ён кусіў мяне!

- Рон, цішэй!- імгненна прашапатала Герміёна.- Фадж можа аб’явіцца тут у любы момант...

- Ён... не жадае... заставацца... на месцы...

Пацук, здавалася, быў моцна напалоханы. Ён з усяе моцы выкручваўся, жадаючы вызваліцца з ронавай рукі.

- Што з ім дзеіцца?

Але, здавалася, Гары ведаў адказ на гэта пытанне... асцярожна, прыціснуўшы сваё цела да зямлі і жудасна зіхоцячы ў цемры шырокімі жоўтымі вачыма, да іх набліжаўся... Крукшанс. Ці ён бачыў іх, ці краўся на віск Скаберса, хлопчык дакладна не ведаў.

- Крукшанс,- уз’енчыла Герміёна,- Псік, Крукшанс! Не, вэк адсюль!

Аднак кот працягваў набліжацца...

- Скаберс... НЕ!

Але было ўжо запозна... пачук праслізнуў паміж пальцамі ронавай рукі, якая сціскала яго, кінуўся на зямлю і збег. У тое ж імгненне за ім кінуўся Крукшанс. І перш, чым Гары і Герміёна паспелі штосьці зрабіць, за імі следам, выбегшы з-пад мантыі-невідзімкі, у цемру пабег Рон.

- Рон!- праенчыла Герміёна.

Яна і Гары зірнулі адно на аднаго ды кінуліся следам. Мантыя-невідзімка перашкаджала ім бегчы ў поўную сілу, таму яны скінулі яе і цяпер яна срэбнай паходняй лунала за імі. Гары і Герміёна чулі наперадзе грукат ронавых ног і як той крычыць на Крукшанса.

- Вэк ад яго... вэк... Скаберс, ходзь да мяне...

Адчуўся моцны стук.

- Вось табе! Ідзі прэч, смярдзючы кот...

Гары з Герміёнай ледзь не спатыкнуліся аб Рона, паспеўшы спыніцца за цалю ад яго. Той качаўся па зямлі, але Скаберс зноўку быў запхнуты ў яго кішэню і таперча ўяўляў дрыготкі камячык, моцна прыціснуты двума рукамі.

- Рон... падымайся... ідзі назад пад мантыю,- цяжка дыхаючы, прамовіла Герміёна.- Дамблдор ды... міністр... з’явяцца тут з хвіліны... на хвіліну...

Аднак перш, чым яны маглі зноўку схавацца пад мантыяй, нават раней чым яны паспелі ўздыхнуць на поўныя грудзі, сябры пачулі мягкі тупат велізарных лап. Раптам нешта скочыла на іх з цемры. Гэта быў гіганцкі... бледнавокі... вугольна-чорны... сабака.

Гары пацягнуўся за палачкай, але было запозна, сабака скокнуў і пхнуў у яго грудзі пярэднімі лапамі. Хістнуўшы ў паветры валоссем, Гары паваліўся на зямлю і ўбачыў па-над сабою сабачыя іклы ў цалю даўжынёй...

Але сабакаў прыжок быў настолькі моцным, што ён пераскочыў праз ашаломленага Гары ў якога скалася ўражанне, што яму паламалі ўсе рэбры. Хлопчык паспрабаваў выпрастацца, але зноўку адчуў рычанне, сабака падрыхтаваўся да новай атакі.

Рон падняўся на ногі. Сабака скочыў да яго, адапхнуўшы Гары ўбок, яго сківіцы зачыніліся на выцягнутай уперад Ронавай руцэ. Гары, кінуўшыся да іх, схапіў істоціну за поўсць, але той пацягнуў Рона за сабой, быццам той быў лялькаю з анучы...

Потым штось невядомае моцна стукнула Гары па твары, і ён зноўку паваліўся на зямлю, пачуўшы, як Герміёна таксама павалілася і закрычала ад болю. Кроў засціла Гарыны вочы, ён намацаў палачку...

- Люмас!- прашапатаў ён.

Святло, што з’явілася на кончыку палачкі, асвяціла тоўсты ствол дрэва, пагнаўшыся за Скаберсам яны апынуліся ля Лупцуючай вярбы, галлё якой рыпела бы ад моцнага ветра і сям-там сцябала па зямлі, каб спыніць іх набліжэнне.

А недзе пад камлём яны заўважылі сабаку, які цягнуў Рона ў адтуліну між карэння. Хлопчык люта змагаўся, але яго галава і тулава ўжо зніклі з вачэй...

- Рон!- закрычаў Гары і паспрабаваў кінуцца ўслед, аднак цяжкая галіна жорстка лупанула ў паветры, і ён быў вымушаны адскочыць назад.

Гары і Герміёна бачылі, як Рон адной нагой паспрабаваў зачапіцца за корань, каб спыніць спробу сабакі поўнасцю зацягнуць яго ў праход. Але тут паветра працяў жудасны трэск, падобны на стрэл, Ронава нага пераламалася і ў гэта ж імгненнне ён цалкам знік з вачэй.

- Гары, мы павінны бегчы за дапамогай...- залямантавала Герміёна. Яна таксама была ў крыві – Вярба дзеранула яе па плячы.

- Не! У нас няма на гэта часу, гэты сабака дастаткова вялікі, каб зжэрці Рона...

- А, хіба, мы зможам прайсці тут без старонняй дапамогі...

Паблізу іх лупанула, сціснуўшы лозіны, бы ў кулак, яшчэ адна галіна.

- Калі туды трапіў сабака, мы таксама зможам гэта зрабіць,- прамовіў Гары і прыняўся кідацца сюды-туды, спрабуючы прайсці міма ашалелага, лупцуючага паветра і глебу галля, але ані на цалю не наблізіўся да каранёў, без рызыкі трапіць пад удары дрэва.

- Дапамажыце, дапамажыце хто-небуць,- у адчаі шапатала Герміёна, нясмела скочучы паблізу,- калі ласка...

Крукшанс кінуўся наперад. Ён, як тая змяя, праслізнуўшы між лупчуючага галля, націснуў сваёй лапай на нейкі вузлаваты сук на камлі.

Раптам дрэва знерухоміла, бы ператварылася на мармуровае. Нават лісце на ім перастала дрыжаць.

- Крукшанс!- няёмка прашапатала Герміёна. Яна балюча схапіла Гары за руку.- Як ён даведаўся..?

- Ён сябра гэтага сабакі,- змрочна адказаў Гары, - я неяк бачыў іх разам. Ходзьма... трымай палачку напагатове...

У лічаныя секунды яны дасягнулі прахода, але перш, чым паспелі туды прайсці самі, у адтуліну кінуўся Крукшанс, паказаўшы ім свой руды бутэлькападобны хвост, следам за ім рушыў Гары. Ён уніз галавою прапоўз колькі футаў, а потым слізгануў на дно даволі нізкага праходу. Ён убачыў ката, які бег наперадзе, паблісківаючы сваімі жоўтымі вачыма ў святле Гарынай палачкі. Праз колькі секунд ў праходзе аб’явілася Герміёна.

- А дзе Рон?- перапужаным голасам прашапатала яна.

- Недзе там,- прамовіў Гары і, перагнуўшыся напалам, паспяшаўся следам за катом.

- А куды вядзе гэты праход?- задыхаючыся ад бега, спыталася Герміёна.

- Не ведаю... ён адзначаны на Мапе Паскуднікаў, але Фрэд і Джордж сцвярджаюць, што ім ніколі ніхто не карыстаўся. Ён вядзе па-за межы мапы, але хутчэй за ўсё выходзіць недзе ў Хогсмідзе...

Гары і Герміёна, трымаючы ў полі зроку кончык крукшансава хваста, рушылі, сагнуўшыся амаль што напалам, так хутка, як толькі маглі. Яны ішлі даволі доўга і, на Гарыну думку, столькі, колькі трэба было ісці да “Мядовага Герцага”. Усё, пра што мог думаць Гары, гэта быў Рон і тое, што з ім мог зрабіць сабака... хлопчык перавёў дыханне, якое ад доўгага руху было адрывістым ды цяжкім, і крочыў далей...

Праход крыху расшырыўся, крута павярнуў - і тут Крукшанс знік з вачэй, а недзе наперадзе праз невялічкую адтуліну Гары пабачыў пляму цмянага святла.

Яны з Герміёнаю спыніліся і аддыхаліся. Пасля гэтага, яны моцна сціснулі свае палачкі і падышлі паглядзець, куды яны трапілі.

Гэта быў значна неўпарадкаваны і пыльны пакой. Са сценаў звісалі аскепкі шпалераў, падлога была пакрыта плямамі, а па выглядзе мэблі здавалася, што нехта яе разбіў. Усе вокны ў пакоі былі забіты дошкамі.

Гары зірнуў на Герміёну. Та была моцна напалохана, але кіўнула ў знак згоды.

Ён выбраўся з праходу і азірнуўся. Пакой быў пусты, аднак дзверы з правага ад яго боку былі прыадчыненыя і вялі ў змрочны пярэдні пакой. Раптам Герміёна схапіла яго за руку. Яе вочы блукалі ўздоўж закалочаных вокнаў.

- Гары,- прашапатала яна,- здаецца, я ведаю, дзе мы. Гэта Лямантуючая халупа.

Гары паглядзеў навокал. Яго вочы трапілі на драўлянае крэсла. З яго сям-там былі выдраны вялізныя кавалкі, а адна з ножак увогуле адарвана.

- Прывіды не маглі зрабіць падобнага,- павольна сказаў ён.

У тое ж імгненне яны пачулі рыпанне па-над сваёй галавою. Нехта хадзіў па другім паверсе. Абодва зірнулі на столь. Герміёна так моцна сціснула Гарыну руку, што той перастаў адчуваць свае пальцы. Падняўшы бровы, ён зірнуў на дзяўчынку, тая зноў кіўнула і адпусціла яго руку.

Як мага цішэй яны накіраваліся ў пярэдні пакой і ўбачылі трухлявыя сходы. Пакой быў пакрыты тоўстым слоем пылу, і толькі на падлозе і сходах была бачна шырокая паласа некалі адпаліраванага дрэва. Такое ўражанне, што тут колькі хвілін таму валачылі нешта на другі паверх.

Гары і Герміёна рушылі ўздоўж паласы.

- Нокс,- прашапаталі яны, і святло на кончыках іх палачак знікла. Гары і Герміёна ўбачылі прыадчыненныя дзверы. Крадком яны падышлі да іх і прыслухаліся. У пакоі чуліся нечыя крокі, ціхія стогны, а пасля глыбокае і гучнае варкатанне. Гары з Герміёнай у апошні раз перазірнуліся і кіўнулі адно адному.

Шыльна сціснуўшы палачку ў руце, Гары штурхнуў дзверы.

У шыкоўным ложку пад пакрытым пылам балдахінам ляжаў Крукшанс і гучна варкатаў, пазіраючы на Гары і Герміёну. Побач з ложкам на падлозе, сціскаючы рукамі нагу, якая была выгнута пад дзіўным вуглом, сядзеў Рон.

Сябры кінуліся паабапал яго.

- Рон... з табой ўсё добра?

- Дзе сабака?

- Гэта не сабака,- прастагнаў Рон, сціснуўшы ад болю зубы.- Гары, гэта была пастка...

- Што...

- Гэты сабака... насамрэч анімаг...

Рон паглядзеў кудысь праз Гарына плячо. Той развярнуўся і ўбачыў, як з ценю выйшаў чалавек і з грукатам зачыніў дзверы.

На галаве мужчыны была купа брудных заблытаных валасоў па локаць даўжынёй. Васковага колеру скура настолькі шчыльна абцягвала косткі на яго твары, што той больш нагадваў чэрап і, калі б не бляск глыбокапасаджаных вачэй, мужчыну мажліва было прыняць за мерцвяка. Ён ашчэрыў ва ўсмешцы жоўтыя зубы. Гэта быў аніхто іншы, як Сірыюс Блэк.

- Экспеліярмус!- прахрыпеў ён, накіраваўшы на іх ронаву палачку.

Палачкі Гары і Герміёны вылецелі з іх рук і ўзняліся ў паветра, дзе іх перахапіла рука Блэка. Ён наблізіўся да іх на крок. Яго вочы глядзелі на Гары.

- Я ведаў, што ты прыйдзеш на дапамогу свайму сябру,- прахрыпеў Блэк, голас якога гучаў так, бы ён адвык ім карыстацца,- твой бацька зрабіў бы дзеля мяне тое ж самае. Ты смела кінуўся на дапамогу, а не пабег за настаўнікамі. Я вельмі ўдзячны... гэта значна спрашчае маю справу...

Ціхі кпін наконт яго бацькі, прагучаў у Гарыных вушах так, быццам Блэк прароў гэтыя словы. У яго грудзях закіпела нянавісць, не пакідаючы месца для страху. Першы раз у жыцці ён жадаў, каб ў яго руках апынулася палачка, але не дзеля абароны, а дзеля атакі... дзеля забойства. Не разумеючы што робіць, Гары кінуўся наперад, але паабапал ад яго адчуліся рэзкія рухі і дзве пары рук, схапіўшы, затрымалі яго.

- Нетрэба, Гары!- змярцвелым шэптам прамовіла Герміёна. А Рон абярнуўся да Блэка.

- Калі вы вырашылі забіць Гары, вам спачатку трэба будзе забіць нас!- злосна сказаў ён, хаця намагаючыся стаяць на нагах, ён настолькі знясіліў, што з яго твару схаланула уся барва, і, кажучы гэтыя словы, ён моцна хістаўся.

Штось бліснула ў зацененых вачах Блэка.

- Кладзіся на ложак,- сказаў ён Рону,- інакш яшчэ больш пашкодзіш сваёй назе.

- Ці вы чуеце мяне?- саслабела прамовіў Рон, ён быў вымушаны чапляцца за Гары, каб застацца ў вертыкальным становішчы.- Вам прыйдзецца забіць нас траіх!

- Сёння адбудзецца толькі адно забойства,- адказаў Блэк, і яго ўсмешка пашырылася.

- Што так?- выпаліў Гары, спрабуючы вырвацца з рук Рона і Герміёны.- У мінулы раз ты не быў такім літасцівым? Хіба ты не забіў усіх тых маглаў, каб дабрацца да Пэцігру... гады ў Азкабане змягчылі тваё сэрца?

- Гары!- ўзлямантавала Герміёна.- Сціхні!

- ЁН ЗАБІЎ МАІХ МАМУ І ТАТУ!- заравеў Гары, з моцным высілкам вырваўся з рук сяброў і кінуўся наперад...

Ён забыўся пра магію... ён нават забыўся пра тое, што быў маленькім і хударлявым трынаццацігадовым хлапчуком у той час, як Блэк быў высокім і дарослым мужчынам. Усё аб чым Гары мог зараз думаць - гэта пашкодзіць Блэку, як мага мацней. І яму было ўсё роўна, колькі шкоды ён атрымае наўзамен...

Гарына ўзрушанае атакаванне, магчыма, было настолькі бязглуздым, што Блэк не паспеў сваячасова скарыстацца палачкамі. Хлопчык адной рукою схапіў чэзлае запясце Блэка, каб адхіліць палачкі, а другой моцна ляпнуў таго ў галаву і яны абодва паваліліся да супрацлеглай сцяны...

Герміёна закрычала, Рон завыў, а з палачак, што трымала рука Блэка падняліся бруйкі асляпляльных іскраў, якія толькі на цалю не дасягнулі гарынава твару. Гары адчуваў, як друзлая рука мужчыны шалёна выкручваецца, каб асвабадзіцца ад захопу, але хлопчык шчыльна трымаў яе, у гэты ж час іншай рукою шалёна, калоцячы Блэка туды, куды толькі мог трапіць.

Тут вольная рука Блэка схапіла Гары за горла...

- Ані,- прашыпеў ён.- Я надта доўга чакаў гэтага...

Блэкавы пальцы сціскаліся мацней, Гары пачаў задыхацца, а яго акуляры з’ехалі на бок.

Хлопчык заўважыў, як быццам ніадкуль аб’явілася нага Герміёны і стукнула Блэка. Той хрыпя ад болю выпусціў Гары. Рон кінуўся на блэкаву руку, што сціскала палачкі, Гары адчуў глухі стук...

Ён вызваліўся з-пад клубка змагаючыхся цел і ўбачыў сваю палачку, што ляжала на падлозе. Гары нахіліўся, каб падабраць яе, але...

- Халера!

У бойку ўступіў Крукшанс. Ён глыбока ўсадзіў у Гарыну руку кіпцюры пярэдніх лапаў. Гары адштурхнуў яго, але той кінуўся да яго палачкі...

- НЕЕЕЕЕ!- зароў Гары і моцна пхнуў ката, Крукшанс пырхаючы адляцеў убок. Гары падняў сваю палачку і развярнуўся...

- Сыйдзіце з дарогі!- крыкнуў ён Рону з Герміёнаю.

Іх не трэба было перапрошваць два разы. Герміёна, запыхаўшаяся і з пакрываўленымі вуснамі, адскочыла ўбок. Рон адпоўз да ложка з балдахінам і сціскаючы абедзвюма рукамі паламаную нагу, цяжка дыхаючы, паваліўся на яго. Яго збляднелы твар набыў зялёнае адценне.

Блэк валяўся ля сцяны. Яго тонкія грудзі хутка ўздымаліся і апускаліся, мужчына пазіраў, як да яго набліжаецца Гары накіроўваючы палачку яму ў сэрца.

- Жадаеш забіць мяне, Гары?- прашапатаў Блэк.

Хлопчык супыніўся перад ім, па ранейшаму накіроўваючы палачку ў сэрца і зірнуў на яго зверху ўніз. Вакол левага вока Блэка быў ліловы сіняк, а з носу цякла кроў.

- Ты забіў маіх бацькоў,- прамовіў Гары, яго голас крыху дрыжаў, але палачка па- ранейшаму цвёрда казала ў сваім кірунку.

Блэк ўтаропіў на яго свае запалыя вочы.

- Я не аспрэчваю гэта,- ціха прамовіў ён,- але ты не ведаеш усіх падрабязнасцяў...

- Усіх падрабязнасцяў?- паўтарыў Гары, у яго вушах шалёна грукатала.- Ты прадаў іх Вальдэморту, гэтага мне хапае!

- Ты павінны выслухаць мяне,- прамовіў з настойлівасцю ў голасе Блэк.- Потым будзеш шкадаваць аб гэтым... ты чуў не ўсё...

- Я чуў значна больш, чым ты ў стане сабе ўявіць,- адказаў хлопчык, яго голас моцна як ніколі раней дрыжаў.- Ты чуў яе? Чуў маю маці... якая пыталася спыніць Вальдэморта, калі той збіраўся забіць мяне... і ўсё гэта здарылася з-за цябе...

Перш, чым хтось з іх змог вымавіць слова, нешта рудое праслізнула міма Гары і скокнула на грудзі Блэку. Гэта быў Крукшанс, ён сеў над сэрцам мужчыны. Той заміргаў і паглядзеў на ката.

- Псік,- прамармытаў ён, спрабуючы адагнаць ката.

Але Крукшанс учапіўся кіпцюрамі ў яго вопратку і не варушыўся. Ён павярнуў на Гары сваю выродлівую пляскатую пысу і паглядзеў на хлопца сваімі вялізнымі жоўтымі вачыма. Справа ад іх ціха плакала Герміёна.

Гары ўтаропіўся на Блэка і Крукшанса, што ўчапіўся ў яго і моцна сціснуў сваю палачку. Яму прыйдзецца спачатку забіць ката. Ён паплечнік Блэка і, калі кот жадае памерці абараняючы яго, Гары гэта не датычыцца... А то што Блэк спрабуе абараніць Крукшанса, значыць тое, што кот яму даражэй, чым былі Гарыны бацькі...

Гары падняў палачку. Зараз самы падыходзячы момант дзеля таго, каб зрабіць гэта, адпомсціць за маму і тату. Зараз ён заб’е Блэка. Ён павінен яго забіць. Гэта яго апошні шанец...

Беглі секунды, Гары застыў, трымаючы палачку напагатове, Блэк, трымаючы Крукшанса на грудзях, глядзеў на яго. З ложка чулася адрывістае дыханне Рона, а Герміёна сціхла.

Раптам адчуўся нейкі новы гук...

Скрозь падлогу пачуліся прыглушаныя крокі... на першым паверсе нехта хадзіў.

- МЫ ТУТ!- нечакана закрычала Герміёна.- ТУТ НАВЕРСЕ... ХУТЧЭЙ... ТУТ СІРЫЮС БЛЭК!

Блэк хітра варухнуўся і амаль спіхнуў Крукшанса, Гары сутаргава сціснуў сваю палачку... “Ты павінен зрабіць гэта зараз!”- чуў ён у сваёй галаве... але крокі ўжо былі на сходах, а Гары працягваў стаяць.

Дзверы адчыніліся фантанам чырвоных іскраў, Гары павярнуў галаву. У пакой з абяскроўленым тварам, трымаючы на пагатове сваю палачку, забег прафесар Люпін. Яго вочы зірнулі на Рона, што зноў ляжаў на падлозе, на Герміёну, што скруцілася побач з дзвярыма, на Гары і нарэшце на самога Блэка, што, сцякаючы крывёй, скурчыўся ля Гарыных ног.

- Экспеліярмус!- пракрычаў Люпін.

Палачка Гары і дзве палачкі, што сціскала ў руке Герміёна, зноўку ўзняліся ў паветра. Люпін спрытна схапіў іх і ўвайшоў у пакой, гледзячы на Блэка, на грудзях якога працягваў сядзець Крукшанс.

Гары раптоўна адчуў сябе спустошаным. Ён так і не зрабіў таго, што збіраўся. Яму не хапіла адвагі. Цяпер Блэк вернецца да дэментараў.

Адчуўся голас Люпіна, што дрыжаў ад эмоцый, якія нахлынулі на яго:

- Дзе ён, Сірыюс?

Гары хутка зірнуў на Люпіна. Ён не разумеў, што прафесар меў на ўвазе. Пра каго ён пытаўся? Хлопчык зноў перавёў вочы на Блэка.

Той ляжаў з абыякавым тварам. На працягу колькі секунд ён нават не варушыўся. Потым ён павольна падняў сваю хударлявую руку і паказаў ёй на Рона. Анямеўшы, Гары азірнуўся на свайго сябра, што выглядаў зусім збітым зпанталыку.

- Але...- прамармытаў Люпін, гледзячы на Блэка настолькі пільна, быццам спрабаваў прачытаць яго думкі,- чаму дагэтуль ён не паказаў сабе? Калі...- зрэнкі Люпіна расшырыліся, нібы ён бачыў за спіною ў Блэка штось, што не бачыў ніхто з прысутных...- калі толькі гэта быў ён... няўжо, вы памяняліся... не сказаўшы мне?

Працягваючы пільна глядзець ў вочы Люпіна, Блэк павольна кіўнуў.

- Прафесар Люпін,- гучна перапытаў Гары,- што тут..?

Але ён так і не скончыў пытання, бо тое, што адбылося далей прымусіла словам засесці ў яго горле. Люпін апусціў палачку і ў наступны момант падскочыў да Блэка, схапіў за руку і падняў яго на ногі, з-за чаго Крукшанс зваліўся на падлогу. Люпін і Блэк абняліся, як браты.

Гары перабываў у шокавым стане і ў яго страўнік, быццам сціснулі ў кулак.

- Я НЕ МАГУ Ў ГЭТА ПАВЕРЫЦЬ!- залямантавала Герміёна.

Люпін адпусціў Блэка і павярнуўся да Герміёны. Яна прыўзнялася з падлогі і вытарапіла на прафесара зшалелыя вочы.

- Вы... вы...

- Герміёна...

- Вы і ён...

- Герміёна, супакойся...

- Я нікому не распавядала гэта!- галасіла дзяўчынка.- Я пакрывала вас...

- Герміёна, калі ласка, выслухай мяне,- закрычаў Люпін,- я магу ўсё растлумачыць...

Гары адчуваў, што яго зноў пачало калаціць, але не ад жаху, а ад новай хвалі лютасці.

- Я давяраў вам,- крыкнуў ён Люпіну, яго голас некантралявана дрыжаў.- А вы ўвесь гэты час былі яго сябрам!

- Ты памыляешся,- адказаў прафесар,- дванаццаць гадоў я не быў яго сябрам, але зараз зноўку стаў ім... дазволь растлумачыць...

- НЕ!- пралямантавала Герміёна.- Гары, не вер яму, ён дапамог Блэку трапіць ў замак, ён таксама жадае тваёй смерці... ён ВАЎКАЛАК!

Запанавала звонкая цішыня. Усе ўтаропіліся на прафесара Люпіна, які хай і быў даволі бледным, але захоўваў супакой..

- Не ўсё ў гэтым жыцці можна падагнаць пад свае стандарты,- прамовіў ён.- Баюся, што толькі адно з трох тваіх сцверджанняў правільнае. Я не дапамагаў Сірыюсу трапіць у замак і, вядома, не жадаю Гары смерці...- па яго твары прабеглі дзіўныя дрыжыкі,- але не буду адмаўляцца... так, я – ваўкалак.

Прыклаўшы гераічныя намаганні, Рон паспрабаваў выпрастацца, але зноўку паваліўся на падлогу, стогнучы ад болю. Люпін з заклапочаным тварам кінуўся да яго, але той цяжка дыхаючы прамовіў.

- НЕ ПАДЫХОДЗЬ ДА МЯНЕ, ВАЎКАЛАК!

Люпін спыніўся. З відавочным высілкам ён павярнуў галаву на Герміёну.

- Ці даўно ты здагадалася?- спытаў прафесар.

- Амаль што год,- ціха прамовіла яна.- Калі рыхтавала сачыненне для прафесара Снэйпа.

- Ён будзе ўзрушаны,- халодна сказаў Люпін.- Ён прапанаваў гэта сачыненне, каб хтось сам здагадаўся, па маіх сімптомах. Ты праверыла месяцовыя карты і высветліла, што я заўжды хварэю падчас поўні? Ці зразумела гэта тады, калі заўважыла, што богарт, калі бачыць мяне, ператвараецца на поўню?

- І то, і другое,- ціхутка сказала яна.

Люпін напята ўсміхнуўся.

- Сярод тых, каго я сустракаў, ты самая разумная вядзьмарка, свайго ўзросту.

- Ані,- прашапатала Герміёна,- калі б я была крыху разумнейшай, я б усім паведаміла, хто вы!

- Але яны даўно ведаюць,- адказаў Люпін.- Ва ўсялякім выпадку настаўнікі.

- Дамблдор наняў вас, ведаючы, што вы ваўкалак?- здзівіўся Рон.- Ён зшалеў?

- Некаторыя з настаўнікаў лічаць гэдак жа,- адказаў прафесар.- Дамблдору прыйшлося прыкласці значныя намаганні, каб пераканаць іх у маёй дабранадзейнасці...

- І ЁН ПАМЫЛЯЎСЯ! - пралямантаваў Гары.- УВЕСЬ ГЭТЫ ЧАС ВЫ ДАПАМАГАЛІ ЯМУ!- Гары паказаў на Блэка, які рушыў да ложка з балдахінам і паваліўся на яго, схаваўшы твар у дрыготкай руцэ. Крукшанс ускочыў яму на калені і заваркатаў. Рон, цягнучы нагу, асцярожна абмінуў іх абодвух.

- Я не дапамагаў Сірыюсу,- адказаў той.- Дай мне магчымасць і я растлумачу. Вось...

Ён аддзяліў палачкі Гары, Рона і Герміёны адну ад адной і кінуў іх уладальнікам. Гары ашаломлена злавіў сваю.

- Вось,- прамовіў прафесар, запіхваючы сваю палачку за пас,- таперча вы ўзброеныя, а мы не. Будзеце слухаць?

Гары не ведаў, што і думаць. Мо, гэта быў нейкі выкрут Люпіна?

- Калі вы не дапамагалі яму,- спытаўся хлопчык, разлютавана гледзячы на Блэка,- як вы даведаліся, што ён тут?

- З Мапы,- адказаў Люпін.- Мапы Паскуднікаў. Я якраз сядзеў у сваім кабінеце і разглядаў яе...

- Вы ведаеце, як яна працуе?- з недаверам спытаўся Гары.

- Зразумела ж ведаю,- адказаў прафесар, нецярпліва хістнуўшы рукой.- Я дапамагаў ствараць яе. Я – Лунацік... так мяне ў школе клікалі сябры.

- Вы стваралі яе?..

- Істотней іншае, я ўважліва назіраў за Мапаю ў гэты вечар, таму што вырашыў, што ты, Рон і Герміёна, паспрабуеце збегчы з замка, каб наведаць Хагрыда, падчас катавання яго гіпагрыфа. І я меў рацыю, ці не так?

Ён пачаў хадзіць па пакоі сюды-туды, падымаючы нагамі маленькія фантанчыкі пылу.

- Ты, магчыма, скарыстаўся старою мантыяй свайго бацькі, Гары...

- Адкуль вы ведаеце пра мантыю?

- Колькі разоў я бачыў, як Джэймс знікае, апранаючы яе...- зноў нецярпліва хістнуўшы рукою, адказаў Люпін.- Справа ў тым, што нават калі ты схаваўся пад мантыяй, на Мапе Паскуднікаў цябе ўсё роўна бачна. Я назіраў, як вы рушылі да Хагрыдавай хаціны. Праз дваццаць хвілін вы пакінулі яе і накіраваліся да замка, але цяпер з вамі быў хтось яшчэ.

- Што?- здзіўлена спытаў Гары.- Не, з намі нікаго больш не было!

- Я не паверыў сваім вачам,- працягваў Люпін, праігнараваўшы Гарыну заўвагу, як і раней мераючы пакой крокамі.- Я вырашыў, што мапа сапсавалася, бо як ён мог апынуцца сярод вас?

- Анікога з намі не было!- прамовіў Гары.

- А потым я ўбачыў яшчэ адну кропку, што хутка накіроўвалася ў вашым напрамку і была падпісана, як Сірыюс Блэк... Я бачыў, як ён біўся з вамі і як павалок двух з вас да Лупцуючай вярбы...

- Аднаго,- раззлавана сказаў Рон.

- Ані, Рон,- адказаў Люпін,- вас было двое.

Ён перастаў хадзіць, і яго вочы ўтаропіліся на Рона.

- Ці не мог бы я зірнуць на твайго пацука, Рон?- спакойна папросіў ён.

- Што?- спытаўся Рон.- Што вы збіраецеся рабіць са Скаберсам?

- Анічога,- адказаў прафесар.- Так магу я на яго зірнуць, калі ласка?

Хістаючыся, Рон сунуў руку ў сваю мантыю і выцягнуў адтуль Скаберса. Рон схапіў яго за лысы хвост, каб той не ўцёк. Крукшанс падняўся на каленях Блэка і мякка зашыпеў.

Люпін наблізіўся да Рона. Ён пільна зірнуў на пацука і, здавалася, нават затаіў дыханне.

- Што здарылася?- зноўку спытаўся Рон, прыціснуўшы Скаберса да сябе, той выглядаў моцна спалоханым,- Пры чым тут мой пацук?

- Ён не пацук,- нечакана прахрыпеў Сірыюс Блэк.

- Што вы маеце на ўвазе... вядома ж ён пацук...

- Ані,- ціха прамовіў Люпін.- Ён чараўнік.

- Анімаг,- дадаў Блэк.- Яго імя Пітэр Пэцігру.

 

— РАЗДЗЕЛ XVIII —

 

Лунацік, Галахвост, Мяккалап і Рагач

 

Мінула колькі секунд перш, чым сябры зразумелі гэтае абсурднае сцверджанне. Нарэшце, Рон агучыў тое ж, што было ў думках самога Гары.

- Вы абодва ашалелі.

- Смехата!- ледзь чутна прамовіла Герміёна.

- Пітэр Пэцігру памёр!- дадаў Гары.- Ён забіў Пітэра дванаццаць гадоў таму!

Хлопчык кіўнуў на Блэка, твар якога сутаргавата тузануўся.

- Я жадаў гэтага,- ашчэрыўшы жоўтыя зубы, заравеў той,- але малы Пітэр перайграў мяне... аднак у гэты раз падобнага не здарыцца!

Скінуўшы Крукшанса на падлогу, Блэк кінуўся да Скаберса. Калі яго вага навалілася на Ронаву нагу, той загаласіў ад болю.

- Сірыюс, НЕ ТРЭБА!- крыкнуў Люпін і, кінуўшыся наперад, адарваў Блэка ад Рона.- ЧАКАЙ! Ты не павінен рабіць гэта проста так... яны павінны зразумець... нам трэба растлумачыць ім усё...

- Мы растлумачым ім потым!- гыркнуў Блэк, пытаючыся вырвацца з рук прафесара, адной рукою ўсё яшчэ спрабуючы дацягнуцца да Скаберса, які вішчаў, як той падсвінак і, спрабуючы вырвацца ад Рона, абдрапаў таму твар і шыю.

- Яны... маюць... права... ведаць... усё!- запыхаўшыся, адказаў Люпін, усё яшчэ пытаючыся стрымаць Блэка.- Рон, трымаў яго, як хатняга ўлюбёнца! Сёе-тое і я не разумею! А Гары... ты павінен распавесці яму ўсю праўду, Сірыюс!

Блэк спыніў свае спробы вырвацца, але яго запалыя вочы працягвалі ўважліва назіраць за пацуком, які быў моцна заціснуты ў пакусанай, падрапанай і зкрываўленай руцэ Рона.

- Добра,- адказаў ён, не адрываючы ад Скаберса вачэй,- распавядзі ім, калі жадаеш. Але рабі гэта хутчэй, Рэмус. Я жадаю здздейсніць забойства, за якое сядзеў...

- Вы абодва вар’яты,- хістаючыся, прамовіў Рон, ён азірнуўся на Гары і Герміёну, чакаючы ад іх падтрымкі.- З мяне годзе. Я пайшоў.

Ён спрабаваў ісці толькі на здаровай назе, але Люпін выцягнуў сваю палачку і накіраваў яе на Скаберса.

- Ты павінен выслухаць мяне, Рон,- ціха сказаў ён.- Толькі працягвай шчыльна трымаць Пітэра.

- ГЭТА НЕ ПІТЭР, ГЭТА – СКАБЕРС!- залямантаваў Рон, ён паспрабаваў запхнуць пацука назад ў кішэню, але той шалёна змагаўся. Рон пахістнуўся і, згубіўшы раўнавагу, паваліўся, Гары злавіў яго і зноўку пасадзіў на ложак. Потым, ігнаруючы Блэка, звярнуўся да прафесара Люпіна.

- Ёсць сведкі, якія бачылі, як Пэцігру памёр,- сказаў ён,- поўная вуліца народу...

- Не бачылі, а лічылі, што бачылі!- прамовіў Блэк, не спускаючы вачэй са Скаберса, які курчыўся ў Ронавай руцэ.

- Усе лічылі, што Сірыюс забіў Пітэра,- адказаў прафесар,- Я сам так лічыў... пакуль сёння не ўбачыў Мапу. Справа ў тым, што Мапа Паскуднікаў ніколі не брэша... Пітэр жывы, Гары, і зараз Рон трымае яго.

Гары зірнуў на Рона, калі іх вочы сустрэліся, яны быццам моўчкі сказалі адно адному: Блэк і Люпін з’ехалі з глузду. Іх гісторыя не мае сэнсу. Як Скаберс можа быць Пітэрам Пэцігру? Пэўна, Блэк усё ж звар’яцеў у Азкабане... але чаму Люпін патакае яму?

Затым пачала гаварыць Герміёна. Яе голас дрыжаў і не жадаў супакойвацца, а сама яна здавалася жадала пераверыць, ці ў глуздзе зараз прафесар Люпін.

- Але, прафесар Люпін... Скаберс не можа быць Пэцігру... гэта не магчыма, я не...

- Чаму немагчыма?- спакойна спытаўся Люпін, быццам яны зараз былі на занятках і Герміёна знайшла нейкі недахоп ў эксперыменце з грындзілоў.

- Таму... таму што, калі Пітэр Пэцігру быў анімагам, пра гэта б усе ведалі. Мы вывучалі анімагію на занятках прафесаркі МакГонагал. Калі я рабіла хатняе заданне, даведалася, што... Міністэрства шчыльна сочыць за чараўнікамі, якія могуць ператварыцца на жывёлаў, яны ўсе занесены ў рэестр, дзе ўказана іх імя і на якую жывёлу яны ператвараюцца, іх афарбоўку і прыкметы. Я пайшла да МакГонагал, і яна паказала мне гэты рэестр, там было зарэестравана толькі сем анімагаў, якія жылі ў гэтым стагоддзі, і Пэцігру сярод іх не было...

Толькі Гары паспеў захапіцца герміёнінымі намаганнямі па выкананні хатніх заданняў, як Люпін пачаў рагатаць.

- Так, Герміёна!- адказаў ён,- але ў міністэрстве анічога не ведалі аб трох незарэестраваных анімагаў, што валэндаліся па Хогвартсе.

- Калі ты жадаеш распавесці ім усю гісторыю, Рэмус, паспяшайся і неадкладна пачынай,- прагыркаў Блэк, працягваючы ўважліва слядзіць за кожным рухам Скаберса,- я ўжо чакаў дванаццаць гадоў і не жадаю чакаць далей.

- Добра... але ты вінен дапамагчы мне, Сірыюс,- адказаў той,- я ведаю толькі пачатак...

Люпін спыніўся. За яго спінаю адчулася нейкае дзіўнае рыпенне. Дзверы ў пакой самі сабою адчыніліся. Усе пяцёра ўтаропіліся на іх. Люпін падышоў да дзвярэй і вызірнуў вонкі.

- Нікога...

- Гэта дом з прывідамі!- прамовіў Рон.

- Ані,- адказаў Люпін, усё яшчэ здзіўлена пазіраючы на дзверы.- У Лямантуючай халупе ніколі не было прывідаў... усё ляманты і крыкі, да якіх прызвычаіліся мясцовыя жыхары, былі... маімі.

Ён адштурхнуў з вачэй сівое валоссе, паразважаў хвіліну і пачаў сваё апавяданне:

- Усё пачалося з таго... што я стаў ваўкалакам. Нічога падобнага не адбылося, калі б мяне не кусілі... і калі б я не быў гэткім авантурыстам...

Ён выглядаў спакойным, але стомленым. Рон збіраўся перабіць яго, але Герміёна сыкнула на яго і пільна ўтаропілася на Люпіна.

- Калі мяне кусілі я быў вельмі малым хлапчанём. Мае бацькі выпрабавалі ўсё, але ў тыя часы не было аніякіх лекаў. Тое зелле, што зараз гатуе дзеля мяне прафесар Снэйп, было вынайдзена не так даўно. Яно робіць мяне цалкам бяспечным. Я пачынаю прымаць яго за тыдзень да поўні і пакуль я гэдак раблю... я магу ціхенька сядзець у сваім кабінеце і чакаць. Пакуль месяц не зменшыцца.

- Але тады мардоўнікавага зелля не існавала і я раз на месяц ператвараўся на сапраўдную пачвару. Нельга было і марыць аб тым, што я магу трапіць ў Хогвартс. Бацькі хутчэй за ўсё не пажадалі б, каб іх дзеці вучыліся разам са мной.

- Але тут на пост дырэктара быў абраны Дамблдор, а ён спачуваў усім. Ён прыйшоў да маіх бацькоў і сказаў ім, што калі яны прымуць пэўныя меры засцярогі, не будзе аніякіх прычын, каб я не мог вучыцца ў школе...- Люпін паглядзеў на Гары і ўздыхнуў.- Колькі месяцаў таму я сказаў табе, што Лупцуючую вярбу пасадзілі ў той год, калі я прыехаў у Хогвартс. Але справа ў тым, што яе пасадзілі, каб я быў сюды прыняты. І гэты дом...- прафесар маркотна абвёў пакой вачыма...- і праход, што вядзе да яго... усё гэта было пабудавана дзеля мяне. Раз на месяц я павінен быў пакідаць замак, каб перавараціцца. А над праходам была пасаджана Лупцуючая вярба, каб ніхто выпадкова не трапіў на мяне, калі я быў небяспечным.

Гары не мог бачыць, як гэта ўсё адбывалася, але зараз ў захапленні слухаў. Адзіным гукам, акрамя голаса Люпіна, што апавядаў гісторыю, быў напалоханы піск Скаберса.

- У тыя часы мае ператварэнні былі... жахлівымі. Ператварацца на ваўкалака пакутліва балюча. А тут я быў яшчэ аддзелены ад людзей, якіх мог кусіць, таму замест іх я драпаў сябе самога. Сельскія жыхары, што чулі мае крыкі і ляманты вырашылі, што тут паселішча асабліва шалёных зданяў. Гэтую чутку пусціў Дамблдор... і нават зараз, калі шмат год Халупа маўчыць, мясцовыя жыхары не адважваюцца да яе падыходзіць...

- Але, калі не браць на ўвагу мае ператварэнні, я быў шчаслівым, як ніколі ў жыцці. Бо ў мяне аб’явіліся першыя ў жыцці сябры, трое самых найвыдатнейшых сяброў у свеце. Сірыюс Блэк... Пітэр Пэцігру... і зразумела ж твой Гары бацька – Джэймс Потэр.

- Гэтыя тры маіх сябра не маглі не заўважыць, што я кожны месяц кудысь знікаю. Я спрабаваў выдумляць разнастайныя гісторыя. Казаў, што хварэла маці, і я быў вымушаны ехаць дадому, каб адведваць яе... З тугою і жахам я думаў аб тым, што, калі мае сябры даведаюцца аб тым, кім я ёсць, яны пакінуць мяне. Але ж вядома, яны, як і ты Герміёна, аб усім здагадаліся...

- Але не кінулі. Замест гэтага яны здзейснілі дзеля мяне тое, што зрабіла мае ператварэнні не толькі больш-менш ніштаватымі, але зверх таго яны сталі лепшым часам ў маім жыцці. Мае сябры сталі анімагамі.

- Мой тата таксама?- здзіўлена спытаўся Гары.

- Зразумела,- прамовіў Люпін.- Яны выдаткавалі лепшыя часы жыцця на працягу трох год, каб высветліць, якім чынам гэта зрабіць. Твой бацька і Сірыюс, на іх шчасце, былі лепшымі навучэнцамі школы, таму што анімагічная трансфармацыя можа пайсці непапраўна жахліва... гэта адна з прычын, па якой міністэрства ўважліва сочыць за тымі, хто спрабуе гэтым займацца. Пітэр атрымаў ад Джэймса і Сірыюса ўсю тую дапамогу, якую яны маглі даць яму. І вось, нарэшце, на пятым годзе навучання ў іх атрымалася. Яны па ўласным жаданні маглі пераварочвацца на жывёлаў.

- Але якім чынам гэта дапамагло вам?- збянтэжана спыталася Герміёна.

- Яны не маглі скласці мне кампанію, як людзі, але рабілі гэта пад выглядам жывёлаў.-адказаў Люпін.- Ваўкалакі небяспечныя выключна для людзей. Яны ўпотай пакідалі замак пад мантыяй-невідзімкай Джэймса. Пераварочваліся... Пітэр, які быў найменшым з нас, спакойна мог праслізнуць міма атакуючых галінак Вярбы і націснуць на вузел на яе камелі і тым самым абязрушыць дрэва. Потым яны праходзілі праз праход і далучаліся да мяне. Пад іх уплывам, я стаў менш небяспечным. Калі я быў сярод іх, маё цела працягвала быць ваўчыным, а вось мой розум значна менш.

- Паспяшайся, Рэмус,- гыркнуў Блэк, ён працягваў пазіраць на Скаберса з выразам жахлівага голаду на твары.

- Я ўжо амаль скончыў, Сірыюс, амаль скончыў... Дык вось, мы былі вельмі ўзрушаны магчымасцямі, якія адкрыліся для нас, калі мы ўсе навучыліся пераварочвацца. Неўзабаве мы пакінулі Лямантуючую Халупу і шлэндалі па начах па замку і вёсцы. Джэймс і Сірыюс ператвараліся на такіх буйных жывёлаў, што з лёгкасцю маглі стрымаць ваўкалака. Сумняваюся, што ў Хогвартсе быў колісь навучэнец, які ведаў бы тэрыторыю Хогвартса і Хогсміда лепш за нас... І вось праз колькі часу, мы вырашылі стварыць Мапу Паскуднікаў, якую падпісалі сваімі мянушкамі. Сірыюс – Мяккалап, Пітэр – Галахвост, а Джэймс – Рагач.

- А на якіх жывёл..?- пачаў было Гары, але Герміёна перабіла яго.

- Але ж гэта было вельмі небяспечным! Бегаць ў цемры разам з ваўкалакам! А калі б вы выслізнулі з-пад увагі астатніх і кусілі кагось?

- Думкі пра нешта падобнае дагэтуль пераследуюць мяне,- цяжка прамовіў прафесар.- Шмат разоў падобнае ледзве не здаралася. Але потым мы смяяліся з гэтага. Мы былі малымі і бязглуздымі... і захопленныя сваёй разумнасцю.

- Часам я адчуваў сябе вінаватым ў тым, што грэбаю даверам Дамблдора. Вядома ж... ён дазволіў мне вучыцца ў Хогвартсе, чаго б не зрабіў ніхто з папярэдніх дырэктароў. А ён нават не ведаў, што я парушаю правілы, якія ён прызначыў дзеля бяспекі, маёй і навакольных. Таксама ён не ведаў, што, узяўшы з мяне прыклад, трое навучэнцаў, сталі нелегальнымі анімагамі.Але мае дакоры сумлення адступалі штораз, калі мы сядалі абмяркоўваць свае прыгоды на наступны месяц. І я зусім не змяніўся...- твар прафесара здранцвеў, а ў голасе аб’явілася агіда на сябе самога.- На працягу ўсяго году я змагаўся з сабой, разважаючы, ці павінен я сказаць Дамблдору, што Сірыюс – анімаг. Але так і не зрабіў гэтага. Чаму? Таму што я жахлівы баягуз. Гэта азначала бы маё прызнанне ў тым, што я пагрэбаваў яго даверам, калі вучыўся ў школе і павёў за сабою іншых... А давер Дамблдора для мяне ўсё. Ён пусціў мяне ў Хогвартс, калі я быў хлопчыкам і даў працу таму, каго пазбягалі ўсё яго сумленнае жыццё, таму, хто не меў магчымасці знайсці сабе аплачваемую працу з-за сваёй... асаблівасці. Таму я пераканаў сябе, што Сірыюс трапляе ў школу дзякуючы цёмным мастацтвам, якім навучыўся ад Вальдэморта, а тое,





Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2017-02-24; Мы поможем в написании ваших работ!; просмотров: 426 | Нарушение авторских прав


Поиск на сайте:

Лучшие изречения:

Если вы думаете, что на что-то способны, вы правы; если думаете, что у вас ничего не получится - вы тоже правы. © Генри Форд
==> читать все изречения...

2215 - | 2158 -


© 2015-2024 lektsii.org - Контакты - Последнее добавление

Ген: 0.013 с.