Вечар настолькі быў удалы, што Гарын настрой не змог згубіць нават Малфой, які крыкнуў яму праз натоўп, калі яны выйшлі з залы:
- Дэментары дасылаюць табе сардэчнае прывітанне, Потэр!
Гары, Рон і Герміёна рушылі разам з астатнімі грыфіндорцамі звычайным шляхам да сваёй вежы. Але калі яны дасягнулі калідора, што скончваўся партрэтам Тлустай Пані, яны заўважылі, што весь ён быў забіты навучэнцамі.
- Чаму ніхто не праходзіць ўсярэдзіну?- не разумеючы, спытаўся Рон.
Гары зірнуў праз галовы тых, што стаялі наперадзе. Партрэт быў закрыты.
- Калі ласка, дайце прайсці,- пачуўся голас Пэрсі, які хціва рухаўся праз ажыўлены натоўп.- Чаму вы ўсе тут? Няўжо ніхто не памятае пароль... прабачце, я стараста школы...
А потым па-над натоўпам запанавала цішыня, якая, здавалася, пачалася з першых радоў і халодным струменнем пранеслася па калідоры. Потым яны пачулі нечакана рэзкі голас Пэрсі:
- Хто-небудзь, паклічце Дамблдора. Хутчэй.
Вучні пачалі азірацца, а тыя, хто стаяў ззаду, падняліся на пальчыкі.
- Што тут дзеецца?- спыталася Джыні, якая толькі што падыйшла.
У наступны момант аб’явіўся прафесар Дамблдор, які хутка падбег да партрэта. Натоўп вучняў расступіўся, каб даць яму дарогу, тады Гары, Рон і Герміёна падышлі бліжэй, каб паглядзець што здарылася.
- А мамка ж...- усклікнула Герміёна, схапіўшы Гары за руку.
Тлустая Пані знікла з партрэта, які быў жорстка распаласаваны; падлога была засцелена палоскамі палатна, а некаторыя кавалкі былі адарваны цалкам.
Дамблдор хутка паглядзеў на знявечаную карціну і развярнуўся, пахмурна гледзячы на прафесароў МакГонагал, Люпіна і Снэйпа, якія набліжаліся на дапамогу.
- Мы павінны знайсці яе,- прамовіў дырэктар.- Мадам прафесар, калі ласка перадайце містэру Фільчу, каб ён неадкладна пачаў шукаць Тлустую Пані на ўсіх карцінах у замку.
- Жадаю поспеху!- прамовіў нехта, голасна гігікаючы.
Гэта быў полтэргейст Піўз, які лятаў па-над натоўпам і быў у вялікім захапленні, як і кожны раз, калі бачыў якуюсь аварыю ці неспакой.
- Што ты маеш на ўвазе, Піўз?- спакойна спытаўся ў яго Дамблдор, і ўхмылка полтэргейста пакрысе саслабела. Ён не смеў дражніць Дамблдора. Яго голас ператварыўся на ліслівы, што было не нашмат прыемней, чым яго гогат.
- Ёй сорамна, Вашае Вяршынства, сэр. Яна не жадае, каб яе бачылі, бо яна знаходзіцца ў жахлівым стане. Я бачыў, як яна праходзіла праз пейзаж на чацьвёртым паверсе, хаваючыся за дрэвамі. Енчыла нешта жудаснае,- шчасліва прамовіў ён,- Бедная, няшчасная,- дадаў ён непераканаўча.
- Яна сказала, хто гэта зрабіў?- спакойна прамовіў Дамблдор.
- Так, канечне, містэр Галоўны Прафесар,- адказаў Піўз, з выглядам чалавека, які трымаў у руках вялізную бомбу.- Ён вельмі раззлаваўся, калі яна не пусціла яго.- Піўз развярнуўся ў паветры і ўсміхнуўся Дамблдору між уласных ног.- Вох, і люты характар ў гэтага Сірыюса Блэка.
— РАЗДЗЕЛ IX —
Няўмольная параза
Прафесар Дамблдор павеў грыфіндорцаў назад у галоўную залу, дзе хвілін праз дзесяць да іх далучыліся вучні з астатніх Дамоў Хафлпафа, Рэйвенкло і Слізэрына. Вучні выглядалі моцна разгубленымі.
- Мне і іншым настаўнікам неабходна добра агледзіць ўвесь замак,- распавёў Дамблдор вучням, калі прафесары МакГонагал і Флітвік зачынялі ўсе дзверы ў галоўную залу.- Баюся, што для вашай уласнай бяспекі вам прыйдзецца правесці гэтую ноч тут. Пакідаю ля кожнай з дзвярэй прэфектаў, а за агульную бяспеку будуць адказваць школьныя старасты. Пра любое здарэнне неадкладна паведамляць мне,- дадаў ён Пэрсі, які зухавата і ганарліва крочыў між вучняў,- дашлеш мне паведамленне праз кагось з прывідаў.
Прафесар Дамблдор спыніўся і ўжо збіраўся пакінуць залу, але нешта прыпомніў:
- Ага, вам будзе сёе-тое трэба...
Ён абыякава ўзмахнуў сваёй палачкай і шыкоўныя доўгія сталы адляцелі ў бакі і ўсталі ўздоўж сцен; яшчэ адзін мах і падлога пакрылася сотнямі мягкіх фіялетавых спальнікаў.
- Дабранач,- прамовіў прафесар і зачыніў за сабой дзверы.
Зала адразу ж усхвалявана загудзела, а грыфіндорцы пачалі распавядаць астатнім вучням, што здарылася.
- Усім заняць свае спальнікі!- крыкнуў Пэрсі.- Скончваем размовы! Праз дзесяць хвілін, адбой!
- Хадзем,- прамовіў Рон Гары і Герміёне. Яны схапілі тры спальнікі і пацягнулі іх у кут.
- Вы мяркуеце, Блэк яшчэ ў замку?- занепакоена прашапатала Герміёна.
- Відавочна, Дамблдор лічыць, што так,- адказаў Рон.
- Як добра, што ён прабраўся сюды менавіта сёння,- прамовіла Герміёна, калі яны цалкам апранутыя забраліся ў свае спальнікі і прыпадняліся на лакцях, каб працягнуць размову,- у адзіную ноч, калі нас не было ў вежы...
- Магчыма, ён страціў адчуванне часу, калі знаходзіўся ў бягах,- меркаваў Рон,- і забыўся, што сёння Хэлоўін. Інакш бы ён уварваўся сюды.
Герміёна ўздрыганулася.
Усіх прысутных цікавіла толькі адно пытанне, якім чынам ён сюды трапіў.
- Мо, ён валодае апарыяваннем,- выказаў здагадку нехта з Рэвенкло ў некалькіх футах ад іх.- Папросту аб’яўляецца з паветра.
- Ён, напэўна, пераапрануўся,- прамовіў нейкі пяцігодка з Хафлпафа.
- Мо, проста прыляцеў,- дадаў Дын Томас.
- Пэўна, з усіх прысутных, я адзіная, хто здагадаўся прачытаць гісторыю Хогвартса?- сказала Герміёна Рону і Гары.
- Ну не ведаю,- адказаў Рон.- А з чаго ты так вырашыла?
- Таму што замак абараняюць ані толькі муры,- растлумачыла Герміёна.- На яго накладзены шмат разнастайных замоў, каб спыніць таго, хто паспрабуе трапіць сюды крадком. Ты не зможаш раптоўна апарыяваць сюды. І я б жадала ведаць, якім чынам можна пераапрануцца, каб падмануць гэтых, дэментароў. А ўжо яны ахоўваюць тут кожную нару ў зямлі. І праляцець праз іх не так ўжо проста. Тым больш, што Філч ведае тут ўсе патаемныя хады, каб паставіць ля іх ахову...
- Зараз выключыцца святло!- крыкнуў Пэрсі,- я жадаю, каб ўсе схаваліся ў свае спальнікі і спынілі размовы!
Усе свечкі імгненна згаслі, і зала засталася асветленай толькі прывідамі, што луналі сюды-туды ля прэфектаў дамоў, якія размаўлялі аб нечым сур’ёзным тонам, і столяй, што, як і неба звонку, была абсыпана яскравымі зоркамі. Перапоўненая зала працягвала аб нечым шапатаць і Гары здавалася, што ён засынае на вуліцы пры лёгкім ветрыку.
Штогадзіны хтось з настаўнікаў прыходзіў высветліць, ці ўсё добра. Прыблізна а трэцяй гадзіне ночы, калі большасць навучэнцаў нарэшце заснула, у галоўную залу завітаў сам Дамблдор. Гары назіраў, як той падыйшоў да Пэрсі, што блукаў між спальнікамі, штохвіліны загадваючы вучням спыніць размову. Ён быў у колькіх кроках ад Гары, Рона і Герміёны, якія хутка прыкінуліся, быццам спяць, калі да Пэрсі наблізіліся крокі дырэктара.
- Знайшлі што-небудзь, прафесар?- спытаўся шэптам хлопец.
- Ані, а ў цябе як?
- Усё пад кантролем, сэр.
- Добра. Думаю, не мае сэнсу будзіць іх зараз. Я знайшоў часовага апекуна для Грыфіндорскай вежы. Заўтра зранку адвядзеш іх туды.
- А Тлустая Пані, сэр?
- Хаваецца ў мапе Эгрылшыра на другім паверсе. Магчыма, яна не пусціла Блэка ў вежу без паролю, таму ён атакаваў. Пані зараз вельмі апанурана, але як толькі супакоіцца, я папрашу містэра Філча адрэстаўраваць яе.
Гары адчуў, як уваходныя дзверы расчыніліся і ў зале адчуліся нечыя крокі.
- Містэр дырэктар?- адчуўся голас Снэйпа. Гары ляжаў, не варушачыся, і прыслухоўваўся.- Мы перагарнулі ўвесь трэці паверх, там яго няма. Філч пераглядзеў усе падзямеллі, таксама ані.
- А як з астранамічнай вежай? Пакоем прафесаркі Трэлані? Савятняй?
- Абшукалі...
- Добра, Северус. Насамрэч я і не чакаў, што яго зловяць.
- А у вас маюцца меркаванні наконт таго, як ён сюды трапіў,- спытаўся Снэйп.
Гары крышачку адняў галаву ад рукі, каб чуць абедвума вушамі.
- Шмат, Северус. І кожнае наступнае неверагодней за папярэдняе.
Хлопчык крыху расплюшчыў вочы і зірнуў туды, дзе стаялі суразмоўцы; ён ўбачыў спіну Дамблдора, твар Пэрсі і профіль Снэйпа, які выглядаў разлютаваным.
- Ці памятаеце, дырэктар, нашу размову... эээ... на пачатку году?- ледзь раскрываючы вусны, быццам жадаючы, каб яго не пачуў Пэрсі, прамовіў Снэйп.
- Так, Северус,- адказаў Дамблдор, і ў яго голасе адчуліся ноткі неспакою.
- Мне здаецца... практычна немагчымым... каб Блэк трапіў у школу без дапамогі адсюль. Я выказаў сваю заклапочанасць, калі вы прапанавалі...
- Я не веру, каб гэты чалавек дапамог Блэку трапіць ў замак.- адказаў Дамблдор і зрабіў гэта такім тонам, што адразу было зразумела – тэма закрыта.- А цяпер мне трэба спусціцца да дэментароў. Я абяцаў паведаміць ім, калі наш пошук будзе завершаны.
- А хіба яны не пажадалі вам дапамагчы, сэр?- спытаўся Пэрсі.
- Зразумела ж,- халодна адказаў Дамблдор,- Але, кажу вам, што ніводзін з іх не трапіць у межы замку, пакуль я дырэктар.
Пэрсі выглядаў злёгку збянтэжаным. Дамблдор рушыў з залы хуткімі і ціхімі крокамі. Прафесар Снэйп пастаяў, крыху незадаволена гледзячы яму ўслед, а потым таксама рушыў вонкі.
Гары зірнуў у бок Рона і Герміёны, іх вочы таксама былі расплюшчаны і адлюстроўвалі зорную столю.
- Што вы думаеце на гэты конт?- ледзь раскрываючы рот, спытаўся Рон.
*
Наступныя колькі дзён ў школе адзінай тэмай для размоваў быў Сірыюс Блэк. Тэорыі яго пранікнення ў замак былі адна дзічэй за другую; Ханна Эбат з Хафлпафа распавядала на зёлказнаўстве ўсім жадаючым, што Блэк трапіў у Хогвартс, ператварыўшыся на квітнеючы куст.
Карціну Тлустай Пані знялі са сцяны і замянілі на сэра Кэдагана з яго тлустай шэрай лашадкай. Але ніхто не быў шчаслівы з гэтай нагоды. Палову часу Кэдаган праводзіў, запрашаючы вучняў на бойку, а другую ў выдумленні недарэчных складаных пароляў, якія мяняў двойчы на дзень.
- Ён шаленца кусок,- люта выказваўся Шымас Фініган Пэрсі,- ці нельга яго замяніць?
- На жаль, ніхто з карцін не пажадаў гэтым займацца,- адказаў Пэрсі,- напалохаліся здарэння з Тлустай Пані. Сэр Кэдаган быў адзіным, хто меў адвагу і сам вызваўся добраахвотнікам.
Але сэр Кэдаган непакоіў Гары значна менш. Цяпер за ім паўсюль уважліва сачылі. Хтось з настаўнікаў увесь час знаходзіў прычыну, каб прайсці з ім па калідоры, а Пэрсі Візлі бегаў за ім хвастом (хутчэй за ўсё, лічыў Гары, па загадзе сваёй маці), як вельмі ганарысты вартаўнічы сабака. У рэшце рэшт, яго выклікала ў свой кабінет прафесарка МакГонагал і глядзела на яго з такім змрочным тварам, быццам хтосьці вінен быў памерці.
- Няма сэнсу хаваць гэта ад вас далей, містэр Потэр,- пачала яна вельмі сур’ёзным тонам,- я ведаю, што для вас гэта будзе сапраўдным шокам, але Сірыюс Блэк...
- Я ведаю, што ён палюе на мяне,- стомлена адказаў Гары.- Я выпадкова чуў размову бацькоў Рона. Вы ж ведаеце містэр Візлі працуе ў Міністэрстве магіі.
Прафесарка МакГонагал, здавалася, моцна здзівілася. Яна глядзела на Гары секунду-другую, а потым прамовіла:
- Так, балазе! Тады вы мяне зразумееце, Потэр, чаму я не думаю, што вашыя вечаровыя трэніроўкі па квідытчу добрая ідэя. Выходзіць на поле толькі з чальцамі вашай каманды - гэта вельмі небяспечна, Потэр...
- Але ў суботу ў нас першы матч!- абурана заявіў Гары.- Я павінен трэніравацца, мадам.
Прафесарка МакГонагал пільна паглядзела на яго. Гары добра ведаў, што яна глыбока зацікаўлена ў будучай перамозе грыфіндорскай каманды. І гэта яна ў рэшце рэшт прапанавала яго на пасаду паляўнічага. Ён чакаў, сцішыўшы дыханне.
- Хммм...- прафесарка МакГонагал паднялася і пачала глядзець праз вакно на квідытчнае поле, добра бачнае праз дождж.- Добра... хто яго ведае. Канечне, я б хацела, каб мы нарэшце выйгралі Кубак... але ўсё роўна Потэр... я буду вельмі задаволена, калі на трэніроўках будзе прысутнічаць хтось з настаўнікаў. Я папрашу мадам Хуч паназіраць за вамі.
*
Па меры набліжэння першага матча, надвор’е ўстойліва пагоршвалася. Пад наглядам мадам Хуч, бясстрашная грыфіндорская каманда трэніравалася больш жорстка, чым звычайна. На апошнюю трэніроўку перад суботнім матчам Олівер Вуд прынёс непрыемную навіну.
- Мы не граем са Слізэрынам!- выглядаючы моцна раз’юшаным, прамовіў ён.- У мяне быў Флінт. Замест іх будзе Хафлпаф.
- Чаму?- хорам спыталіся астатнія чальцы каманды.
- Флінт сцвярджае, што ў іх паляўнічага яшчэ не загаілася рука,- адказаў Вуд, скрыгочучы зубамі ад злосці.- Але чаму яны робяць гэта, цалкам відавочна. Не жадаюць гуляць ў гэткае надвор’е. Мяркуюць, што гэта пагоршыць іх шанцы...
На працягу дня лілі моцныя дажджы і дзьмулі моцныя вятры, а падчас гаворкі Олівера, чуліся аддаленыя выбухі грому.
- З рукою Малфоя ўсё балазе!- люта прамовіў Гары.- Ён выбэндываецца!
- Ведаю, але мы не можам даказаць гэта,- тужліва адказаў Вуд.- Усе нашыя мінулыя трэніроўкі вяліся з разлікам на тое, што мы будзем граць са Слізэрынам, а замест гэтага будзе Хафлпаф з зусім іншым стылем. Да таго ж, яны ўзялі новага паляўнічага і капітана Сэдрыка Дзігары...
Анджэліна, Алісія і Кэці раптоўна загігікалі.
- Што?- пахмурліва адрэагаваў Вуд на іх несур’ёзныя паводзіны.
- Гэта такі прыгожы і высокі?- спыталася Анджэліна.
- Такі магутны і маўклівы,- дадала Кэці і яны зноў пачалі гігікаць.
- Ён маўклівы таму, што настолькі тупы, што не ў стане звязаць і двух слоў,- маментальна сказаў Фрэд.- Не ведаю чаму ты турбуешся, Олівер. Мы злёгку іх пераможам. Памятаеш, як мы гулялі з імі ў мінулы раз? Гары злавіў сніч праз пяць хвілінаў пасля пачатку гульні.
- Мы гралі ў іншых умовах!- крычаў Вуд, злёгку вытарапіўшы вочы.- Дзігары склаў даволі моцную каманду! І ён выдатны паляўнічы! Мы не павінны расслабляцца! Наадварот, нам трэба засяродзіць сваю ўвагу! Слізэрын спрабуе заспець нас знянацку! Таму мы павінны перамагчы!
- Олівер, супакойся!- выглядаючы ўстрывожана, прамовіў Фрэд.- Мы сур’ёзна аднясемся да гульні з Хафлпафам. СУР’ЁЗНА.
*
За дзень да гульні вецер дасягнуў свайго максімума, а залева была мацней чым калі-небудзь. У класах і калідорах было настолькі цёмна, што па загадзе Дамблдора запалілі дадатковыя паходні. Слізэрынская каманда выглядала вельмі задаволенай, а мацней за ўсіх Малфой.
- Ах, калі б мая рука была ў крыху лепшым стане!- уздыхаў ён, гледзячы на шторм за вокнамі.
Гары не ў стане быў думаць ані аб чым, акрамя надыходзячага матчу. Олівер лавіў яго ў калідорах і даваў разнастайныя парады. Калі гэта здарылася ў трэці раз, Вуд размаўляў настолькі доўга, што Гары раптоўна зразумеў, што ўжо хвілін на дзесяць спазняецца на Абарону ад цёмных мастацтваў. Ён шпарка пабег па калідоры, а Олівер крычаў яму ўслед:
- Дзігары вельмі хутка адхіляецца, так што, Гары, паспрабуй кружляць вакол яго...
Гары ледзь не праслізнуў міма кабінета па Абароне, ён шпарка адчыніў дзверы і кінуўся ў сярэдзіну.
- Прабачце за спазненне, прафесар Люпін, я...
Але замест Люпіна за сталом настаўніка сядзеў Снэйп.
- Заняткі пачаліся дзесяць хвілінаў таму, Потэр, таму, думаю, трэба будзе пазбавіць Грыфіндор дзесяці балаў. Сядай.
Але Гары не рухаўся.
- Дзе прафесар Люпін?- спытаўся ён.
- Ён паведаміў, што дрэнна адчувае сябе, каб выкладаць сёння.- з крывой усмешкай прамовіў Снэйп.- Я мяркую, што табе трэба сесці.
Але Гары працягваў стаяць.
- Што з ім?
Чорныя вочы Снэйпа люта бліснулі.
- Яго жыццю анічога не пагражае,- зірнуўшы на хлопца так, бы жадаў сцерці яго з зямлёй, прамовіў Снэйп.- Яшчэ пяць балаў з Грыфіндора і, калі я яшчэ раз папрашу цябе сесці, пазбаўлю пяцідзесяці балаў.
Гары павольна рушыў да свайго месца. Снэйп агледзіў вучняў.
- Як я ўжо паведамляў вам, пакуль не ўварваўся Потэр, прафесар Люпін не пакінуў аніякіх запісаў наконт тэмаў, якія ён з вамі праходзіў...
- Калі ласка, сэр. Мы ўжо прайшлі богартаў, крывавакалпачнікаў, капаў і грындзілоў,-хутка прамовіла Герміёна,- і павінны былі пачаць...
- Замаўчыце,- халодна сказаў Снэйп.- я не прасіў вас паведамляць пра мінулыя тэмы. Я толькі меў на ўвазе, што прафесар Люпін занеарганізаваны.
- Ён лепшы настаўнік па Абароне ад цёмных мастацтваў з тых, што ў нас былі,- смела заявіў Дын Томас і астатні клас, згаджаючыся, загудзеў. Снэйп пазіраў пагрозлівей чым калі-небудзь.
- Вас вельмі лёгка задаволіць. Пэўна, Люпін не надта часта пытаецца вашыя веды... З майго пункту гледжання, вам яшчэ год трэба пачакаць перш, чым вывучаць крывавакалпачнікаў і грындзілоў. А тэмай сённяшнега ўроку будуць...
Гары пазіраў за тым, як той перагартаў падручнік да самага апошняга раздзелу, які яны вядома ж не праходзілі.
-... ваўкалакі,- скончыў Снэйп.
- Але, сэр,- не ў сілах стрымаць сябе, прамовіла Герміёна,- мы павінны былі вывучаць не ваўкалакаў, а блукаючыя агеньчыкі...
- Міс Грэйнджар,- знішчальна спакойным голасам паведаміў Снэйп,- пакуль што заняткі тут вяду я, а не вы. Я папрашу ўсіх знайсці старонку нумар трыста дзевяноста чатыры.- ён яшчэ раз азірнуў клас.- Усе гатовы! Пачынаем!
З гораччу кідаючы на яго касыя погляды і мармочучы сабе пад нос, вучні раскрылі падручнікі.
- Хто можа паведаміць, якім чынам можна адрозніць сапраўднага воўка ад ваўкалака?- спытаўся прафесар.
Усе маўкліва сядзелі, акрамя Герміёны, чыя рука, як і заўсёды ўзнялася ўгору.
- Аніхто?- прамовіў Снэйп, цалкам ігнаруючы Герміёну, і на яго твар вярнулася крывая ўсмешка.- Гэта кажа мне аб тым, што прафесар Люпін нават не вучыў вас прынцыповай розніцы паміж імі...
- Мы ўжо казалі вам, што не дайшлі да ваўкалакаў,- раптоўна прамовіла Парваці,- але ж мы...
- МАЎЧАЦЬ!- агрызнуўся Снэйп.- Так, так, так, ніколі не думаў, што сустрэну трэцягодак, якія не ў стане распазнаць ваўкалака. Я абавязкова паведамлю прафесару Дамблдору, як добра вас...
- Сэр, можна мне,- сказала Герміёна, усё яшчэ працягваючы трымаць руку ў паветры.-Ваўкалак адрозніваецца ад сапраўднага воўка колькімі дробнымі дэталямі. Яго пашча...
- Вы ўжо другі раз кажыце без дазволу, міс Грэйнджар,- халодна прамовіў Снэйп.- З Грыфіндора знята яшчэ пяць балаў з-за нашай невыноснай усяведы.
Герміёна густа счырванела, апусціла руку і ўтаропілася ў падлогу вачыма поўнымі слёз. Гэта вызвала сярод вучняў хвалю моцнай нянавісці да Снэйпа, нягледзячы на тое, што кожны з іх хаця б аднойчы называў Герміёну падобным чынам. Нават Рон, які называў сяброўку ўсяведай не радзей двух разоў на тыдзень ускрыкнуў:
- Вы задалі пытанне, на якое яна ведае адказ! Навошта пытацца, калі вы не жадаеце, каб вам адказалі?
Вучні імгненна зразумелі наколькі далёка зайшоў хлопец. Снэйп падняўся і павольна рушыў да Рона. Увесь клас сядзеў, не дыхаючы.
- Пакаранне, Візлі,- лісліва прамовіў Снэйп, усутыч прыхіліўшы свой твар да Рона.- А калі ты яшчэ дазволіш сабе крытыкаваць маё выкладанне, сапраўды пашкадуеш.
Ніхто нават не піскнуў на працягу ўсяго астатняга часу. Усе моўчкі сядзелі і перапісвалі з падручніка раздзел аб ваўкалаках, а прафесар хадзіў паміж радамі і правяраў тое, што яны вывучалі з Люпінам.
- Вельмі дрэннае вытлумачэнне... да таго ж не вернае, капы часцей сустракаюцца ў Манголіі... прафесар Люпін паставіў вам дзесяць балаў? Я б за гэта і трох не даў...
Нарэшце празвінеў званок, але Снэйп затрымаў іх.
- Вы павінны будзеце напісаць сачыненне пра метады распазнавання і забойства ваўкалакаў на два скруткі пергаменту і здаць яго да раніцы панядзелка. Гэта навучыць вас трымаць сябе ў руках. Візлі застанься, я вырашу, якім чынам цябе пакараць.
Гары і Герміёна выйшлі з класа аднымі з апошніх, крыху пачакалі пакуль астатнія вучні адыйдуць па-за межы чутнасці і разразіліся на Снэйпа лютай тырадай.
- Снэйп ніколі не дазваляў сабе падобных выказванняў пра іншых настаўнікаў Абароны ад цёмных мастацтваў, нягледзячы на тое, што вельмі жадае атрымаць гэтую пасаду,- сказаў Гары Герміёне.- Чаму ён так уз’еўся на Люпіна? Лічыш з-за таго богарта?
- Я не ведаю,- маркотна адказала Герміёна,- але жадаю, каб Люпін хутчэй паправіўся...
Праз пяць хвілін іх дагнаў моцна разлютаваны Рон.
- Ведаеце, што гэты...- Рон назваў прафесара такім словам, што Герміёна пагрозліва перапыніла яго,- што ён загадаў мне зрабіць? Я павінен вычысціць усе вуткі ў шпітальным крыле, не карыстаючыся магіяй!- ён глыбока ўздыхнуў і сціснуў кулакі.- Чаму Блэк не схаваўся ў яго кабінеце? Мог бы забіць яго дзеля нас!
*
Наступнай раніцай Гары прачнуўся настолькі рана, што было яшчэ цёмна. Спярша ён лічыў, што яго разбудзіла равенне ветра за вакном, але тут адчуў халодны ветрык на патыліцы і выпрастаўся на ложку... над ім плаваў палтэргейст Піўз і настойліва дзьмуў яму ў вуха.
- Навошта ты гэта зрабіў?- раззлавана спытаўся Гары.
Піўз надзьмуў шчокі і працягваў настойліва дзьмуць, павялічваючы моц, а потым развярнуўся і, рагочучы, адляцеў прэч.
Гары адшукаў свой будзільнік і паглядзеў на яго. Было а палове на пятую. Праклінаючы Піўза, ён павярнуўся на іншы бок і паспрабаваў зноў заснуць, але ў яго гэта не атрымалася. Яму перашкаджалі грукат грымотаў, удары ветра аб замкавыя муры і далёкае рыпенне дрэў у Забароненным лесе. Праз колькі гадзінаў яму прыйдзецца, змагаючыся з гэтым надвор’ем, гуляць на квідытчным полі. У рэшце рэшт Гары адмовіўся ад далейшых спробаў заснуць, апрануўся, узяў свой Німбус 2000 і ціхенька выйшаў з пакою.
Як толькі Гары адчыніў дзверы, нешта, злёгку крануўшыся яго нагі, праслізнула ў пакой. Ён хутка развярнуўся і зрабіў гэта своечасова, паколькі паспеў схапіць Крукшанса за яго пухнаты хвост і выкінуць назад у гасцёўню.
- Ведаеш, я мяркую Рон меў рацыю адносна цябе.- падазрона прамовіў Гары кату.- Тут хапае мышэй звонку, ідзі і лаві іх, уперад.- дадаў ён і штурхнуў Крукшанса нагою ўніз па вінтавой лесвіцы.- Пакінь Скаберса ў супакоі.
У гасцёўне шум буры чуўся яшчэ мацней. Гары дакладна ведаў што матч адбудзецца, бо з-за такіх дробязях, як навальніца з грымотамі, матчы па квідытчу не адмянялі. Да таго ж ён пачаў адчуваць сябе вельмі засцярожаным. Неяк Вуд паказаў яму Сэдрыка Дзігары ў калідоры, той быў пяцігодкам і значна больш вялікі за Гары. Звычайна паляўнічыя лёгкія і хуткія, але ў падобнае надвор’е Дзігары меў несумненную перавагу, таму што ў яго было менш шанцаў згубіць курс.
Гары правёў астатні час да світання, седзячы ў крэсле ля коміна, час ад часу падымаючыся, каб спыніць Крукшанса, які зноўку краўся па лесвіцы да пакою хлопцаў. Нарэшце Гары вырашыў, што самы час спусціцца да сняданку, так што ён у адзіноце прайшоў праз адтуліну за партрэтам.
- Супыніся і абараняйся, брудны сабака!- ускрыкнуў сэр Кэдаган.
- Вой, змоўкні,- пазіхнуў Гары.
Ён падсілкаваўся вялізнаю талеркаю аўсянкі і калі прыняўся за тост за сталом, аб’явіліся іншыя чальцы каманды.
- Гульня абяцае быць цяжкою,- прамовіў Вуд, які нічога не еў.
- Кідай турбавацца, Олівер,- занепакоена сказала Алісія,- мы нічога не маем супраць невялічкага дожджыка.
Але дождж быў зусім не невялічкі. Толькі папулярнасцю гульні, тлумачылася тое, што ўся школа з’явілася паглядзець матч. Людзі беглі да квідытчнага поля, схіліўшы галовы ад лютага ветру, які вырываў парасоны з іх рук. Перш чым зайсці ў распранальню, Гары ўбачыў на трыбуне Малфоя, Крэйба і Гойла, якія сядзелі разам пад вялізным парасонам і паказвалі на яго пальцам.
Каманда пераапранулася ў сваю пунцовую форму і стала чакаць традыцыйнай, бадзёрай па духу гаворкі Вуда, але ў таго анічога не атрымалася. Ён колькі раз паспрабаваў пачаць размову, але толькі выдаваў дзіўныя глытаючыя гукі. Нарэшце ён безнадзейна пахістаў сваёй галавой і паклікаў іх рушыць за сабою на поле.
Вецер быў настолькі моцным, што па полі яны ішлі, хістаючыся, а радасныя воклічы натоўпу, не было чуваць з-за выбухаў грымотаў. Дождж моцна заліў акуляры Гары, і яму было не зразумела, якім чынам у яго атрымаецца ўбачыць Сніч.
З супрацлеглага боку на поле выйшла каманда Хафлпафу, апранутая ў канарэечна-жоўтую вопратку. У цэнтр поля выйшлі капітаны і паціснулі адно аднаму рукі. Дзігары ўсміхнуўся Вуду, але ў таго быццам звяло сківіцы, і ён абмежаваўся простым паклонам. Гары па рухам вуснаў зразумеў, што мадам Хуч загадала гульцам сядаць на мётлы, таму з лясканнем выцягнуў правую нагу з бруду і перакінуў яе праз свой Німбус 2000. Суддзя паклала свісток у свае вусны і парыў ветру данёс да Гары пранізлівы і далёкі свіст – гульня пачалася.
Хлопчык хутка ўзляцеў, але яго Німбус губляў напрамак пад моцным ветрам. Таму, сабраўшы ўсе сілы, ён як мог затрымаў яго на месцы і развярнуўся.
Праз пяць хвілінаў Гары ўшчэнт прамок і змерз. Ён быў не ў стане бачыць не тое, каб маленькі Сніч, але нават іншых гульцоў сваёй каманды. Хлопчык лётаў сюды-туды праз поле, гледзячы, як міма яго праносяцца чырвоныя і жоўтыя фігуры, нават не ўяўляючы, што творыцца ў іншай частцы поля, бо з-за ветру не чуў каментароў. Гледачы схаваліся пад плашчы і мора парасонаў, прыціснутых адно да аднаго. Двойчы Гары ледзь не быў скінуты са сваёй мятлы бладжэрам, бо дождж настолькі заліў яго акуляры, што ён не ведаў адкуль іх чакаць.
Хлопчык страціў лік часу і яму ўсё цяжэй і цяжэй было трымаць сваю мятлу прамкі. Неба пацямнена настолькі, што здавалася, бы ноч вырашыла прыйсці крыху раней. Двойчы Гары ледзь не сутыкнуўся з іншым гульцом, нават не разумеючы, ці то быў супернік, ці чалец яго каманды, бо ўсе былі настолькі мокрыя, а дождж настолькі шчыльны, што ён ледзь адрозніваў адных ад другіх...
Пасля першага ўсполаху маланкі пачуўся свісток мадам Хуч; Гары заўважыў контуры Олівера Вуда, які паказваў, каб хлопчык ляцеў да зямлі. Праз колькі імгненняў уся каманда плюхнулася назад на бруднае поле.
- Я папрасіў тайм аўту!- раўнуў Вуд сваёй камандзе.- Усе сюды...
Яны згрудзіліся на ўскрайку поля пад вялізным парасонам, Гары зняў свае акуляры і шпарка працёр іх аб сваю мокрую вопратку.
- Які лік?
- Мы вядзем на пяцьдзясят ачкоў,- адказаў Вуд.- Але калі ты не зловіш сніч у бліжэйчы час, нам прыйдзецца гуляць ў цемры.
- З гэтым ў мяне цяжкасці,- заўважыў Гары, раздражнёна памахаўшы акулярамі.
Тут з-за Гарынага пляча аб’явілася Герміёна, хаваючы галаву пад плашчом і незразумела чаму ззяючы.
- У мяне ёсць ідэя, Гары!- прамовіла яна.- Дай мне свае акуляры, хуценька!
Хлопчык аддаў акуляры Герміёне, астатняя каманда здзіўлена назірала за тым, што будзе. Тая кранулася акуляраў сваёй чароўнай палачкай і прамовіла: “Імпэрвюс!”
- Трымай!- прамовіла Герміёна, вяртаючы акуляры Гары.- Цяпер яны будуць адштурхоўваць ваду!
Вуд выглядаў так, бы гатовы быў расцалаваць яе.
- Шыкоўна!- хрыпла крыкнуў ён пасля таго, як Герміёна знікла ў натоўпе.- Добра, Грыфіндор! Наперад!
Замова Герміёны зрабіла сваю справу. Гары па-ранейшаму пакутваў ад холаду і вымак так, як ніколі ў жыцці, але ён мог бачыць. Поўны адноўленай рашучасці ён вёў сваю мятлу праз турбулентныя патокі, шукаючы вачыма сніч, пазбягаючы бладжэраў і паднырваючы пад Дзігары, які нёсся ў супрацьлеглым кірунку...
Адчуўся новы выбух грому і адразу пасля гэтага зямлю працяла маланка. Далейшая гульня станавілася небяспечнай. Гары вінен быў як мага хутчэй знайсці сніч...
Ён развярнуўся, маючы намер зноўку ляцець ў сярэдзіну поля, калі чарговы сполах маланкі асвятліў трыбуны. І тут хлопчык убачыў нешта, што цалкам авалодала ім. На фоне неба быў выразна бачны сілуэт велізарнага чорнага сабакі, які стаяў на самым верхнім пустым радку сядзенняў.
Гарыны знямелыя рукі саслізнулі па мятле, і яго Німбус адразу знізіўся на колькі футаў. Гары хістнуў галавою, каб прыбраць прамоклы чубок з вачэй і зноўку зірнуў на трыбуны. Сабака знік.
- Гары!- адчуўся пакутлівы крык Вуда ад самога месца наглядчыка.- Гары, за спінай!
Гары дзіка азірнуўся. Сэдрык Дзігары рэзка рынуўся ўгору, а прамкі паміж ім і Гары ў стуменях дажджу мігцела нешта залатое...
Гары моцна сціснуў ручку мятлы і, панічна адштурхнуўшыся ад паветра, кінуўся на сніч.
- Давай!- гыркнуў ён свайму Німбусу, а дождж сек яго па твары.- Хутчэй!
Але раптам пачало адбывацца нешта дзіўнае. Па-над усім стадыёнам запанавала жудасная цішыня. Нават вецер, якім бы моцным не быў, нібыта забыўся равець. Як быццам нехта выключыў гук, ці Гары быццам аглох... што здарылася?
Потым па яго ўлонні пракацілася жудасна знаёмая хваля холаду і ён адчуў, як нехта рухаецца ўнізе па полі...
Перш, чым Гары паспеў нешта вырашыць, вочы самі перавяліся са сніча на тых, хто рухаўся ўнізе.
Там стаяла не менш за сотню дэментароў, і іх схаваныя пад каптурамі твары глядзелі на яго. Тут нібы ільдзяная вада працяла яго грудзі і пачала рваць вантробы. Гары, як некалі ў цягніку... адчуў нечый крык, крык ў сваёй галаве... крык жанчыны...
“Не, толькі не ён, не Гары, калі ласка не Гары!”
“Прэч, дурная дзеўка... адыйдзі, зараз жа...”
“Не Гары, калі ласка, не, забяры мяне, забі мяне, але не...”
Дранцвеючая, бурлюючая смуга напаўняла мозг Гары... Што яму рабіць? Куды ляцець? Ён павінны дапамагчы ёй... альбо яна хутка памрэ... будзе забіта...
Ён пачаў падаць, падаць праз ільдзяную смугу.
“Не Гары, калі ласка... злітуйся... злітуйся над ім...
Пранізлівы голас смяяўся, жанчына крычала, і больш нічога Гары не змог зразумець.
*
- На шчасце, зямля была мягкая.
- Я нават вырашыў, што ён памёр.
- Але ў яго нават акуляры не зламаліся.
Гары чуў шэпт галасоў, але іх размова не мела для яго сэнсу. Ён не разумеў, дзе знаходзіцца, як сюды трапіў і што рабіў да таго, як сюды трапіць. Ён ведаў толькі тое, што кожная цаля яго цела моцна балела, быццам ён быў жорстка пабіты.