Лекции.Орг


Поиск:




Категории:

Астрономия
Биология
География
Другие языки
Интернет
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Механика
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Транспорт
Физика
Философия
Финансы
Химия
Экология
Экономика
Электроника

 

 

 

 


Вялізная памылка цёткі Мардж 16 страница




Гары з Герміёнаю зарагаталі.

- Ну, насамрэч!- прамовіла Трэлані, паварочваючы галаву ў іх бок. Парваці з Лавендрай зласліва азірнуліся.- Вы руйнуеце вібрацыі прадбачлівасці!- Яна падышла да іх стала і зазірнула ў крышталёвы шар. Гары адчуў, як яго сэрца перахапіла. Ён быў упэўнены ў тым, што зараз пачуе...

- Што ў вас тут?- прашапатала яна, нахіляючы свой твар да шара так, што на ім адлюстраваліся яе ўдвая павялічаныя акуляры.- Нешта рухаецца... але што?

Гары быў гатовы паставіць у заклад ўсё, што заўгодна, у тым ліку і сваю Вогненную стралу, што пачуе зараз не самую добрую навіну. І сапраўды...

- А мой ты любы...- глуха выдавіла прафесарка, пазіраючы на Гары.- Мой ты даражэ-эне-ечкі. Я бачу... ясней чым колісь... да цябе нехта падкрадаецца... і ён ўсё бліжэй... Гэта Гр...

- А, Магутны Божа!- гучна прамовіла Герміёна.- Гэта ўжо не смешна, зноўку Грым!

Прафесарка падняла свае вялізныя вочы і паглядзела на Герміёну. Парваці нешта шапнула Лавендры, і яны разам таксама ўтаропіліся на дзяўчынку. Трэлані выпрасталася, працягваючы пазіраць на Герміёну з непераважнай разлютаванасцю на твары.

- Мне вельмі шкада за словы, якія я вымушана сказаць, але мне з самога пачатку твайго аб’яўлення на маіх занятках было відавочна, што ты, мая даражэнечкая, не маеш таго, што патрабуе высакароднае мастацтва вяшчунства, ані. І насамрэч, мне цяжка прыпомніць вучня, чый розум быў настолькі безнадзейна будзённым.

На хвіліну запанавала маўчанне. А пасля...

- Выдатна!- раптоўна прамовіла Герміёна, падымаючыся і запіхваючы сваё “Развуаляванне будучыні” ў торбу.- Выдатна!- паўтарыла яна і перакінула торбу праз плячо, ледзь пры гэтым не скінуўшы Рона з крэсла.- Я ўмываю рукі! Я сыходжу!

Пад здзіўленыя позіркі астатніх вучняў Герміёна падышла да люку, адштурхнула яго і спусцілася па лесвіцы ўніз.

Мінула колькі хвілін перш, чым вучні нарэшце супакоіліся. Прафесарка Трэлані, здавалася, забылася аб сваім Грыме, яна рэзка развярнулася і, цяжка дыхаючы, адышла ад стала Гары і Рона, мацней захутваючыся ў сваю празрыстую хустку.

- Ооооо!- нечакана прамовіла Лавендра, прымусіўшы ўсіх усхамянуцца.- Оооооо, мадам прафесар, я толькі што прыпомніла! Вы ж прадбачылі яе сыход? Ці не так? “ А на пасхальных вакацыях адзін з нас пакіне заняткі назаўжды! ” Вы казалі гэта на пачатку навучальнага году, прафесар!

Трэлані адаравала яе ўсмешкай.

- Так, мая даражэнечкая, зразумела ж я прадбачыла, што міс Грэйнджар пакіне нас. Я, канечне, шчыра спадзявалася, што гэта памылковы прагноз... каб вы ведалі, які гэта цяжар мець унутранняе вока...

Лаведра і Парваці з глыбокім уражаннем паглядзелі на прафесарку і пасунуліся, каб яна магла прысесці за іх столік.

- Ці ты колісь бачыў яе такой?- з пачцівым жахам спытаўся Рон у Гары.

- Ну...

Гары зноўку зірнуў у свой крышталёвы шар, але не ўбачыў там анічога акрамя белай смугі. А што калі прафесарка Трэлані зноўку бачыла Грыма? Апошняе, што яму было патрэбна падчас фінальнага матчу па квідытчы, - гэта смяротны зыход.

*

Нават Велікодныя вакацыі не прынеслі палёгкі. Трэццягодкі не маглі прыпомніць, каб колісь мелі столькі хатняй работы. Нэвіл Лонгботам увогуле быў блізкі да нервовага зрыву, і ён такі - не адзін.

- Нехта называе гэта вакацыямі!- ўз’енчыў неяк Шымас Фініган у гасцёўні.- Да іспытаў яшчэ сто гадоў, якой халеры яны ад нас хочуць?

Але ж анікому не было гэдак цяжка, як Герміёне. Нават пазбавіўшыся заняткаў па Вяшчунстве, яна атрымала болей заданняў чым хтось іншы.Штоночы яна апошняй пакідала гасцёўню. А шторанку прачыналася самай першай, каб ісці ў бібліятэку. І цяпер мела гэткія ж кругі пад вачыма, як прафесар Люпін і, здавалася, што яна ў любы момант была гатова расплакацца.

Рон ўзяў на сябе апеляцыю Бакбіка. Калі ён не займаўся сваімі хатнімі заданнямі, ён дэталёва вывучаў велізарнейшыя тамы з назвамі накшталт “Даведнік па псіхалогіі гіпагрыфаў”, ці “Улюбёнцы ці шалёнцы? Даследванне жорсткасці ў гіпагрыфаў”. Ён быў настолькі паглыблёны ў свой занятак, што нават забываўся кпіць Крукшанса.

Тым часам Гары старанна пытаўся сумясціць неабходнасць выконваць свае шматлікія хатнія заданні са штодзённымі квідытчнымі трэніроўкамі, не кажучы яшчэ пра бясконцыя абмеркаванні тактыкі з Вудам. Матч Грыфіндор – Слізэрын павінен быў прайсці ў першую суботу апасля вялікодных вакацыяў. Слізэрынцы вялі ў ліку на дзвесце ачкоў, і гэта азначала, што дзеля перамогі ў турніры, Грыфіндору патрэбна будзе абыграць іх на адпаведную колькасць балаў, пра што Олівер, не стамляючыся, нагадваў сваім гульцам. Гэта азначала і тое, што асноўны цяжар будзе пакладзены на плечы Гары, бо гулец, які зловіць сніч, заробіць для сваёй каманды сто пяцьдзясят ачкоў.

- Толькі ты павінен будзеш злавіць яго,- пры кожнай раптоўнай сустрэчы казаў яму Вуд, калі мы будзем перамагаць з розніцай больш за пяцьдзясят ачкоў. Толькі, калі будзем выйграваць з вялікай розніцай, Гары, ці мы выйграем матч, але прайграем Кубак. Ты зразумеў? Злаві сніч, калі мы...

- Я ПАМЯТАЮ, ОЛІВЕР!- уз’енчыў Гары.

Увесь Грыфіндор памяшаўся на маючым адбыцца матчы, бо грыфіндорскі Дом не выйграваў Кубка ажно з тых часоў, калі за паляўнічага у камандзе гуляў легендары Чарлі Візлі, які прыходзіўся Рону другім па старшынстве братам. Але Гары сумняваўся, што хоць хтосці з яго судамоўцаў, нават сам Вуд, жадаў гэтай перамогі так, як яе жадаў сам Гары. Яго суварожасць з Малфоем дасягнула найвышэйшай кропкі за ўвесь час іх знаёмства. Драко працягваў кіпець ад лютасці, успамінаючы выпадак з глеезакідваннем ў Хогсмідзе, і апантана шалеў з таго, што Гары здолеў пазбегнуць нават найменшага пакарання. Гары ж ў сваю чаргу не забыў пра спробу Малфоя нарабіць яму шкоды падчас гульні з Рэйвенкло. А справа Бакбіка канчаткова ўпэўніла Гары ў неабходнасці перамогі над Драко на вачах ува ўсёй школы.

Ніколі на памяці навучэнцаў перад матчам не было настолькі напружанай атмасферы. А пасля вакацыяў напружанасць у адносінах паміж двума хогвартскімі Дамамі дасягла сваёй мяжы. Узмацнілася колькасць невялічкіх сутычак паміж асобнымі навучэнцамі, якая дасягнула кульмінацыі, калі ў шпітальным крыле апынуліся грыфіндорскі чатырохгодка і слізэрынскі шасцігодка, у якіх з вушэй вырас парэй.

Але ж асабліва дрэнныя часы наступілі для Гары. Ён і кроку не мог прайсці без таго, каб нейкі слізэрынец не падставіў яму нагу, а ўжо Крэйб з Гойлам тыя і ўвогуле нейкім чынам аб’яўляліся там, дзе быў Гары, аднак адразу ж камлюкавата спяшалі прэч, калі бачылі, што яго атачалі іншыя вучні. Вуд ў сваю чаргу даў заданне іншым, паўсюль суправаджаць Гары, каб пазбегнуць выпадкаў нападу на хлопчыка з боку слізэрынцаў. Грыфіндорцы ўспрынялі гэты загад з энтузіязмам, і цяпер Гары ўвесь час спазняўся на заняткі, бо паўсюль яго атачаў велізарны і шумны натоўп. Сам жа хлопчык непакоіўся больш не пра ўласную бяспеку, а пра захаванне Вогненнай стралы. Калі ён не лятаў на ёй, ён зачыняў яе ў сваёй валізе і ўвесь час імкнуўся вярнуцца ў Грыфіндорскую вежу, каб паглядзець ці там яна.

*

У ноч перад матчам ніхто і не думаў дакранацца да сваіх хатніх заданняў. І нават Герміёна не адкрывала падручнікаў.

- Я зараз не здольная працаваць,- нярвуючыся, сказала яна.- Не магу сканцэнтравацца.

У гасцёўні стаяў звышнатуральны глум. Блізняты Візлі здымалі напругу, з падвоенай сілай націскаючы на ўсе застаўкі. Олівер Вуд стуліўся ў куточку з мадэллю квідытчнага поля і штурхаў фігуркі сваёй палачкай, увесь час мармочучы нешта сабе пад нос. Анджэліна, Алісія і Кэці смяяліся над жартамі Фрэда і Джорджа. Гары сядзеў у далечыні ад ўсіх разам з Ронам і Герміёнаю, імкнучыся не думаць пра заўтрашні матч, бо штораз, калі ён гэта рабіў, у яго адразу ж узнікала адчуванне, бы нешта вялізнае са змаганнем пытаецца вылезці з яго страўніка.

- З вамі ўсё будзе добра,- паспрабавала падтрымаць яго Герміёна, якая сама была безумоўна перапужанай.

- Ты ж маеш Вогненную стралу!- дадаў Рон

- Так...- згадзіўся Гары, а яго страўнік зноўку пачало курчыць.

- Каманда! Па ложках,- сапраўднай палёгкай прагучаў для Гары загад Вуда.

*

Гары вельмі дрэнна спаў. Спачатку ён прысніў, што праспаў, і Вуд крычаў яму: “Гары, дзе ты швэндаўся? Нам прыйшлося паставіць замест цябе Нэвіла!”

Потым ён прысніў, што Малфой і астатняя слізэрынская каманда аб’явіліся на матчы драконна, і яму прыйшлося лётаць з шалёнай хуткасцю, каб пазбегнуць выплескаў полымя з рота малфоеўскага дракона. Тут Гары ўсвядоміў, што забыўся на сваю мятлу. Ён пачаў падаць і, уздрыгануўшыся, прачнуўся.

Колькі секундаў яму спатрэбілася, каб ўсведаміць, што матч яшчэ не пачынаўся, а сам ён у поўнай бяспецы ляжыць у ложку, а камандзе Слізэрыну безумоўна аніхто не дазволіць лётаць на драконах. Гары адчуў моцную прагу. Як мага цішэй ён вылез з-пад свайго балдахіну і падыйшоў да срэбнага збаночка, што стаяў на падваконні.

Знадворку было ціха і спакойна. Вяршыні дрэваў у Забароненым лесе не калыхаліся, а Лупцуючая вярба не варушылася і выглядала зусім нявінна.Здавалася, што ўмовы для будучага матчу былі ідэальнымі.

Гары вярнуў келіх на месца і ўжо збіраўся вярнуцца ў ложак, калі нешта звонку прыцягнула яго ўвагу. Нейкая жывёліна гойсала па серабрыстым траўніку.

Гары кінуўся да сваёй камоды і, схапіўшы акуляры, вярнуўся да вакна. Гэта не магло быць Грымам... не зараз... не перад матчам...

Ён зноўку зірнуў на траўнік, хвіліну апантана шукаючы істоту. Цяпер яна сядзела ля ўзлеску... але гэта быў не Грым... гэта быў кот. Гары з палёгкаю абапёрся на падваконне, спазнаўшы ёршыкападобны хвост. Гэта быў усяго толькі Крукшанс...

Але ці толькі ён? Гары прыжмурыўся і прытуліўся носам да шкла. Здавалася, Крукшанс спыніўся. Гары мог спрачацца, што ён бачыў яшчэ нейкія рухі ў ценю дрэў.

У наступны момант істота выйшла на святло. Гэта быў агромністы, кудлаты, чорны сабака. Ён крадком рушыў уздоўж траўніка, а Крукшанс трушком спяшаў з другога боку. Гары ўтаропіўся на іх. Што гэта магло значыць? Калі Крукшанс мог бачыць сабаку, ці мог той быць прадвеснікам гарынай смерці?

- Рон!- прасыкаў Гары.- Рон, прачніся!

- А?

- Мне неабходна, каб ты сказаў, ці бачыш ты нешта!

- Цяпер цёмна, Гары,- неразборліва прамармытаў Рон,- Што ты ад мяне хочаш?

- Падыміся...

Гары зноўку хутка павярнуўся да вакна.

Крукшанс і сабака зніклі. Гары забраўся на падваконнік і зірнуў у цень замку, але там іх таксама не было. Куды яны маглі падзецца?

Гучны хроп падказаў яму, што Рон зноўку заснуў.

*

Наступным ранкам Гары і астатняя грыфіндорская каманда ўвайшлі ў галоўную залу пад бурныя апладысменты. Хлопчык не мог не ўсміхнуцца, калі ўбачыў, што навучэнцы за рэйвенклоскім і хафлпафскім сталамі таксама пляскалі ладкамі. Слізэрынскі стол гучна прашыпеў, калі яны праходзілі міма. Гары заўважыў, што Малфой выглядаў бляднейшым, чым звычайна.

Вуд правёў амаль увесь сняданак, заклікаючы, каб хто-небудзь пад’еў, аднак сам ні да чаго не дакранаючыся. А потым, не даўшы анікому даесці, пачаў запрашаць іх рухацца, каб ён мог паведаміць ім пра свае новыя прапановы. Калі яны пакідалі галоўную залу зноўку адчуўся выбух апладысментаў.

- Жадаю поспеху, Гары!- усклікнула Цёў Чан, і хлопчык адчуў, што чырванее.

- Балазе... знадворку поўны штыль, так што... ну, канечне, сонца крыху заяскравае, і зрок можа крыху пагоршыцца, і будзе цяжка сачыць за... зямля даволі цвёрдая, добра, гэта дазволіць нам хутчэй узляцець...

Вуд напружана мераў крокамі поле, азіраючыся на сваю каманду. Нарэшце ён заўважыў, як цэнтральныя дзверы адчыніліся, і адтуль струмянямі хлынуў натоўп навучэнцаў.

- У пераапраналку,- суха загадаў ён.

Ніхто з гульцоў не размаўляў, пакуль яны пераапраналіся ў свае пунсовыя мантыі. Гары адчуваў сябе так, бы з’еў на сняданак нейкую торганую істоту, і яму было цікава, ці адчуваюць астатнія гульцы нешта падобнае. Час праляцеў імгненна, і вось ўжо Олівер загадаў усім ісці на поле.

Калі яны выйшлі на поле, раздаўся гуд з галасоў і апладысментаў. Тры чвэрці вучняў мелі на сваёй вопратцы пунсовыя ружачкі і размахвалі пунсовымі сцягамі з залатым грыфіндорскім ільвом, альбо плакатамі з надпісамі “ДАВАЙ, ГРЫФІНДОР!” ці “КУБАК ТОЛЬКІ ЛЬВАМ!” Толькі за слізэрынскімі варотамі можна было ўбачыць навучэнцаў у зялёных мантыях, што размахвалі зялёнымі сцягамі са срэбнай змяёй. У першам шэрагу сядзеў прафесар Снэйп, апрануты, як і вучні яго Дому ў зялёнае, а на яго твары лунала бязлітасная ўсмешка.

- А вось і грыфіндорцы!- загаласіў Лі Джордан, што як заўсёды каментаваў гульню.- Гэта Потэр, Бэл, Джонсан, Спінэт, Візлі, Візлі і Вуд. Шырока прызнаная лепшай камандай Хогвартса за шмат папярэдніх год...

Каментар Лі быў заглушаны абуранымі воклічамі з боку слізэрынцаў.

- А вось на поле выходзіць каманда Слізэрына на чале з іх капітанам Флінтам. Ён зрабіў сякія-такія змены ў складзе каманды і здаецца зрабіў стаўку не на майстэрства гульцоў, а на іх памер...

Зноў раздаліся абураныя воклічы слізэрынцаў. Але Гары, зірнуўшы на супернікаў, ўбачыў, што Лі меў рацыю – акрамя маленькага Малфоя, астатнія гульцы слізэрынскай каманды нагадвалі волатаў.

- Капітаны, пацісніце адно аднаму рукі!- загадала мадам Хуч.

Флінт і Вуд наблізіліся і паціснулі адно аднаму рукі настолькі шчыльна, як быццам збіраліся паламаць суперніку пальцы.

- Сядайце на мётлы!- усклікнула мадам Хуч.- Тры... два... адзін...

Гук яе свістка патануў у рове трыбунаў, калі чатырнаццаць гульцоў узвіліся ў паветра. Гары адчуў, як вецер прыгінае яго валоссе назад, і што ўсё яго нерваванне знікла, калі ён адчуў узбуджэнне палёта. Ён азірнуўся назад і, убачыўшы, як за ім следам ляціць Малфой, рынуўся ўздоўж поля ў пошуках сніча.

- Грыфіндор адразу ж рынуўся ў гульню. Алісія Спінэт з гэтай каманды завалодала квафлам і цяпер неслася ў бок слізэрынскіх кольцаў. Добра выглядаеш Алісія! Ай, не... Квафл перахапіў Ворынгтан і нарэшце ў бой кінуўся Слізэрын... БАМ... добры бладжэр пушчаны Джорджам Візлі і Ворынгтан губляе квафл, які імгненна падхоплівае Джонсан. Грыфіндорцы зноў на гульне, давай Анджаліна... яна прыгожа аблятае вакол Мантэгю... нырай, Анджэліна, гэта бладжэр!... КІДОК ПА КОЛЬЦАХ! ГОЛ! ДЗЕСЯЦЬ – НУЛЬ НА КАРЫСЦЬ ГРЫФІНДОРА!

Анджаліна ўскінуўшы кулак ў паветра праляцела вакол поля, а ўнізе ўражана роў пунсовы натоўп...

- УУУУУУ!

Анджаліна ледзь не звалілася з мятлы, калі ў яе на поўнай хуткасці ўрэзаўся Флінт.

- Прабачце!- крыкнуў Флінт, калі ўнізе абурана засвісталі.- Я, на жаль, не ўбачыў яе!

У наступны момант, бітак з грыфіндорскай каманды Фрэд Візлі стукнуў Флінта сваёй бітаю па патыліцы. Той дзюбнуўся носам у ручку сваёй мятлы, і ў яго адразу пацякла юшка.

- Парушэнне!- віскнула мадам Хуч, наблізіўшыся да іх.- За несправакаваны напад на слізэрынскага пераследніка, Грыфіндору прызначаецца пенальці. Пенальці таксама прызначаецца Слізэрыну за пашкоджанне пераследніка з грыфіндорскай каманды!

- Кінце, міс!- прастагнаў Фрэд, але мадам Хуч ужо дала сігнал сваім свістком, і Алісія паляцела наперад дзеля выканання пенальці.

- Давай, Алісія!- загаласіў Лі ў запанавалай сярод натоўпа цішыні.- ТАК! ЯНА АБЫХОДЗІЦЬ НАГЛЯДЧЫКА! ДВАЦЦАЦЬ – НУЛЬ НА КАРЫСЦЬ ГРЫФІНДОРА!

Гары развярнуў сваю Вогненную стралу, каб паглядзець, як Маркус Флінт, які ўсё шчэ сцякаў крывёю, паляцеў наперад, каб прабіць пенальці на карысць Слізэрына. Перад грыфіндорскімі кольцамі, сціснуўшы сківіцы, насіўся Вуд.

- Зразумела ж, Вуд найдвыдатнейшы наглядчык!- паведаміў Лі прысутным, пакуль Флінт, чакаў сігналу ад мадам Хуч.- Найраскошнейшы! Яго будзе вельмі цяжка абыйсці... вельмі цяжка... ТАК! Я НЕ ВЕРУ! ЁН ЗЛАВІЎ КВАФЛ!

Гары з палёгкаю адвярнуўся і зноўку прыняўся шукаць вачыма сніч, адначасова ловячы кожнае слова Лі. Трэба было не толькі самому знайсці сніч, але не даць тое ж самае зрабіць Малфою, пакуль Грыфіндор не павядзе ў ліку больш за пяцьдзесят ачкоў...

- Квафлам завалодаў Грыфіндор, не, Слізэрын... не! Квафл зноў вярнуўся да грыфіндорцаў, ён ў руках Кэці Бэл, яна маланкаю нясецца праз поле, трымаючы квафл у руках... НАЎМЫСНЫ НАПАД!

Мантэгю – адзін са слізэрынскіх пераследнікаў перарэзаў шлях Кэці, але замест таго, каб выхапіць ў яе квафл, ён паспрабаваў схапіць дзяўчыну за галаву. Кэці закруціла ў паветры, яна цудам уседзіла на мятле, але згубіла квафл.

Мадам Хуч зноў засвісцела і з крыкам падляцела да Мантэгю. Хвіліну пазней Кэці прабіла пенальці міма слізэрынскага наглядчыка.

- ТРЫЦЦАЦЬ – НУЛЬ! ВОСЬ ВАМ, ВЫ БРЫДКІЯ ШЭЛЬМЫ...

- Джорджан, калі ласка, каментуй неперадузята..!

- Я гэдак і раблю, мадам прафесар!

Гары адчуў моцны штуршок хвалявання. Ён убачыў сніч... ён мігацеў ля падножжа адной са стоек грыфіндорскіх калец... але яму пакуль нельга было яго лавіць. А калі яго заўважыць Малфой...

Нацягнуўшы на твар выраз фальшывай сканцэнтраванасці, Гары развярнукў мятлу і памчаўся да слізэрынскіх кольцаў. Гэта спрацавала. Малфой кінуўся следам, вырашыўшы, што Гары ўбачыў сніч там...

ШШШШШ.

Раптам міма правага вуха Гары прасвісцеў бладжэр, пушчаны слізэрынскім бітаком Дэрыкам. Праз дзелю секунды...

ШШШШШ.

Яшчэ адзін бладжэр, пушчаны другім бітаком слізэрынцаў Боўлам, праляцеў міма яго локця.

Гары крайком вока ўбачыў, як Боўл з Дэрыкам набліжаюцца да яго, падняўшы біты...

У апошнюю секунду ён рэзка накіраваў Вогненную стралу ўгору, і слізэрынскія бітакі з гідкім хрустам сутыкнуліся адно з адным.

- Бугагаааа!- залямантаваў Лі Джордан, калі слізэрынскія бітакі, хіляючыся, адляцелі адно ад аднаго, схапіўшыся за галовы.- На жаль, хлопчыкі! Вам трэба было спачатку добра падумаць, перш чым спрабаваць падбіць гульца на Вогненнай страле! А квафлам ізноў валодае Грыфіндор, ён у руках у Джонсан... да яе набліжаецца Флінт... торкні яму ў вока, Анджаліна!.. Гэта быў жарт, мадам прафесар, толькі жарт... вой не... квафлам завалодаў Флінт, ён ляціць да грыфіндорскіх колаў. Давай, Вуд, абараняй..!

Але Флінт забіў. На слізэрынскім баку адчуўся выбух радасці, а Лі настолькі смачна вылаяўся, што прафесарка МакГонагал зноўку паспрабавала адабраць ў яго чароўны мікрафон.

- Прабачце, мадам прафесар, прабачце! Больш не паўтарыцца! Вось, Грыфіндор лідыруе з лікам трыццаць на дзесяць і зноў атакуе...

Гэта была самая брудная гульня, у якой толькі ўдзельнічаў Гары. Раз’юшаныя тым, што грыфіндорцы з самога пачатку захапілі перавагу, слізэрынцы ўжо не грэбавалі аніякімі сродкамі, каб захапіць квафл. Боўл атакаваў Алісію сваёй бітай, потым апраўдываючыся, бы прыняў яе за бладжэр. Джордж Візлі стукнуў яму ў адказ локцем у твар. Мадам Хуч зноўку прызначыла пенальці абедзвюм камандам, але Вуд ў чарговы раз уратаваў свае кольцы і разрыў у ліку павялічыўся да сарака на дзесяць на карысць Грыфіндору.

Сніч зноўку адляцеў. Малфой ўсё яшчэ працягваў туліцца да Гары, а той лятаў над полем, азіраючыся на Драко... трэба дачакацца разрыву больш за пяцьдзясят ачкоў...

Кэці забіла гол. Пяцьдзясят – дзесяць. Фрэд і Джордж пачалі кружляць вакол яе, падняўшы біты ўгору, на той выпадак, калі хтось са слізэрынцаў вырашыць адпомсціць. Боўл з Дэрыкам, скарыстаўшыся іх адсутнасцю, адзін за адным накіравалі бладжэры ў жывот Вуду, і той з перахопленым дыханнем колькі разоў крутануўся на сваёй мятле, але ўтрымаўся.

Мадам Хуч мятала маланкі з вачэй.

- ВЫ НЕ ПАВІННЫ НАПАДАЦЬ НА НАГЛЯДЧЫКА, КАЛІ Ў ЯГО НЯМА КВАФЛА,- вішчала яна Боўлу і Дэрыку.- ГРЫФІНДОР Б’Е ПЕНАЛЬЦІ!

Анджаліна забіла квафл. Шэсцьдзясят на дзесяць. Праз імгненне-другое Фрэд Візлі, шпульнуўшы бладжэрам у Ворынгтана, выбіў квафл з яго рук. Той перахапіла Алісія і адправіла ў слізэрынскія кольцы. Семдзясят на дзесяць.

Натоўп грыфіндорскіх прыхільнікаў ажно ахрып ад шалёнага равення... Грыфіндор вёў у матчы з перавагаю ў шэсцьдзесят ачкоў, калі зараз Гары зловіць сніч, кубак у іх руках. Гары адчуваў на сябе погляды сотняў вачэй, калі на шалёнай вышыні ляцеў уздоўж поля,. Малфой, паскорыўшыся, ляцеў за яго спіною.

І тут ён ўбачыў яго. Сніч блішчэў у якіхсьці дваццаці футах над ім.

Гары імгненна набраў хуткасць, вецер засвістаў у яго вушах; ён ўжо працягнуў руку, каб схапіць мяч, але тут усведаміў, што запавольваецца...

З жахам на твары ён азірнуўся. Малфой, кінуўшыся наперад, схапіў яго Вогненную стралу за хвост і цягнуў яе назад.

- Ты...

Гары быў настолькі разлютаваны, што гатоў быў стукнуць Малфоя, але быў не ў стане да яго дацягнуцца. Драко задыхаўся ад напругі, але працягваў трымаць Вогненную стралу, а яго вочы злосна зіхацелі. І ён дасягнуў мэты сваіх намаганняў... Сніч зноўку знік.

- Пенальці! Грыфіндор б’е пенальці! У жыцці не бачыла анічога падобнага!- вішчала мадам Хуч, маланкай падляцеўшы да Малфоя, які зноў трымаўся абедзвума рукамі за свой Німбус 2001.

- МАХЛЮЮЧЫ ПАДЛЮКА!- завыў у свой мікрафон Лі Джордан, адскокваючы з зоны дасягальнасці прафесаркі МакГонагал.- ТЫ БРУДНАЯ МАХЛЮЮЧАЯ КУРВ...

Ён замоўк на паўслове, але прафесарка МакГонагал нават не спрабавала яго супыніць. У гэты момант яна махала кулаком у напрамку Малфоя, яе капялюш зваліўся з галавы, а сама яна люта крычала.

Пенальці біла Алісія, але яна была настолькі раззлавана, што прамазала на колькі футаў. Грыфіндор пачаў губляць канцэнтрацыю, а вось слізэрынцы, натхнёныя бруднай гульнёй Малфоя, зноў былі гатовы ірвануцца наперад.

- Слізэрын на гульне, Мантэгю імчыцца да кольцаў... ён забівае...- прастагнаў Лі.- Семдзясят на дваццаць на карысць Грыфіндору...

Гары цяпер ляцеў настолькі блізка ад Малфоя, што іх каленкі стукаліся адна аб адну. Гары збіраўся любым чынам не дазволіць яму дабрацца да сніча...

- Ідзі прэч, Потэр!- у адчаі ўз’енчыў Малфой, калі паспрабаваў развярнуць мятлу, але быў заблакаваны Гары.

- Квафл атрымала Анджаліна Джонсан з Грыфіндору, давай, Анджаліна, ДАВАЙ!

Гары азірнуўся, усе слізэрынскія гульцы, акрамя Малфоя, нават іхні ахоўнік, несліся да Анджаліны, спрабуючы яе заблакаваць...

Гары крута развярнуў сваю Вогненную стралу і, прыхіліўшыся да ручкі настолькі нізка, што ажно лёг на яе, маланкай пусціў яе наперад у напрамку слізэрынцаў.

- АААААААААААААААААА!

Слізэрынцы разляцеліся хто куды, калі Вогненная страла шалёна праляцела міма іх. Шлях Анджаліны быў зноўку вольны.

- ЯНА ЗАБІЛА! ЯНА ЗАБІЛААА! Грыфіндор лідзіруе восемдзясят на дваццаць!

Гары ледзь не рынуўся галавой аб трыбуны, але паспеў крута затармазіць і, развярнуўшыся, зноў паімчаўся на сярэдзіну поля.

Тут ён убачыў нешта, што прымусіла яго сэрца шалёна забіцца. Малфой ляцеў да зямлі з урачыстым выразам на твары... у колькіх футах па-над травой паблісквала золатам нешта маленькае.

Гары накіраваў Вогненную стралу ўніз, але Малфой быў нашмат бліжэй да сніча.

- Давай! Шпарчэй! Шпарчэй!- крычаў хлопчык сваёй мятле. Ён быў ужо амаль ля Малфоя... Гары прыціснуўся да ручкі, каб ухіліцца ад бладжэра, які шпульнуў у яго Боўл... ён ляцеў міма ладыжак Малфоя... ён параўняўся з ім...

Гары кінуўся наперад, трымаючыся за мятлу толькі нагамі. Адной рукою ён адштурхнуў Малфоя, а другой...

- ТАК!

Ён накіраваў мятлу ўгору, падняўшы над галавой руку, пад узрушаны роў стадыёну. Гары ляцеў над натоўпам, адчуваючы дзіўны звон у вушах. Маленечкі залаты мяч быў шчыльна заціснуты ў яго кулаке і спрабаваў вырвацца на волю, штурхаючы па яго пальцам трапяткімі крылцамі, але Гары моцна сціскаў яго.

Да яго наблізіўся напалову аслеплены слязьмі Вуд, ён схапіў хлопчыка за шыю і моцна зарыдаў на яго плячы. Потым ён адчуў два моцныя ўдары, калі ў іх урэзаліся Фрэд з Джорджам. А пасля адчуў галасы Анджаліны, Алісіі і Кэці, якія спявалі:

- Мы выйгралі Кубак! Мы выйгралі Кубак!

Ператварыўшыся на спутаны клубок абдымкаў і лямантуючы ахрыплымі галасамі, грыфіндорская каманда апусцілася на зямлю.

Адна за другой хвалі пунсовага натоўпу рынуліся праз бар’еры на поле. Па іх спінах заляпалі нечыя рукі. Гары быў збянтэжана ўражаны гэтым шумам і колькасцю рук, што ляпала па ім. Затым ён і астатнія грыфіндорскія гульцы былі падняты на плечы натоўпу. Выціснуты на святло, ён ўбачыў Хагрыда з пунсовай ружачкай на яго барвовым футры:

- Ты пабіў іх, Гары! Ты пермог іх! Пачкай, я збягу, раскажу Бакбіку!

Потым ён ўбачыў Пэрсі, які, забыўшыся на сваю ганарлівую шляхетнасць, скокаў сюды-туды, як той маньяк. Прафесарка МакГонагал рыдала яшчэ мацней за Вуда, выціраючы свае вочы вялізным грыфіндорскім сцягам. Праз натоўп прадраліся Рон і Герміёна. Але яны не маглі вымавіць аніслова і толькі стаялі ды ззяючы глядзелі на Гары, калі яго неслі да трыбунаў, дзе стаяў Дамблдор, трымаючы ў руках вялізарны Квідытчны Кубак.

Калі б нават іх акружылі дэментары... Рыдаючы, Вуд перадаў Гары Кубак, той падняў яго па-над галавою і адчуў, што у гэты момант быў гатовы выклікаць наймацнейшы ў свеце Патронус.

 

— РАЗДЗЕЛ XVI —

 





Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2017-02-24; Мы поможем в написании ваших работ!; просмотров: 382 | Нарушение авторских прав


Поиск на сайте:

Лучшие изречения:

Так просто быть добрым - нужно только представить себя на месте другого человека прежде, чем начать его судить. © Марлен Дитрих
==> читать все изречения...

2443 - | 2198 -


© 2015-2024 lektsii.org - Контакты - Последнее добавление

Ген: 0.007 с.