Агульнаўсходнеславянская/старажытнаруская
Беларуская мова ў ВКЛ
Палітычныя і эканамічныя стасункі ўсходніх славян падрываліся міжусобнымі войнамі, што прывяло да распаду Кіеўскай Русі ў ХІІІ ст. У гэты час заходнія землі ўсходніх славян аб’ядноўваюцца ў складзе новай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага. І на працягу XIV стагоддзя ўся тэрыторыя Беларусi ўвайшла ў яго склад.
У Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм этнiчную большасць складалi нашчадкi былых усходнеславянскiх плямёнаў (крывiчоў, дрыгавiчоў, радзiмiчаў), якiя не асіміляваліся ў вялiкай дзяржаве, а захавалi свае традыцыi, звычаi і сваю мову. На базе гэтай часткi ўсходнеславянскага насельнiцтва на працягу XIV-XV стагоддзяў складалася беларуская народнасць, а з асаблівасцей іх гаворак – беларуская мова, у яе пісьмовай, літаратурнай форме.
Такім чынам, беларуская мова перыяду ВКЛ фарміравалася на аснове пісьмовай спадчыны старажытнай усходнеславянскай мовы і жывых гаворак былых усходнеславянскіх плямёнаў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў.
Навукоўцы мову таго часу называюць “ старабеларускай ” (“ старажытнай беларускай ”). У пісьмовых жа тагачасных крыніцах гэта мова называецца “літоўская”, “ліцвінская”, “руская”, “простая”. Такія найменні нельга разумець з пазіцый сучасных значэнняў гэтых слоў.
Вызначэнне “ руская ” у складзе моўнай назвы паходзіць ад назвы “Русь”, якой у ВКЛ абазначалася тая частка ўсходнеславянскага насельніцтва, што ўваходзіла ў склад гэтага княства. Нагадаем, што акрамя агульнай назвы “Русь”, за паўднёвай часткай тэрыторыі Беларусі замацавалася назва “Палессе”, за цэнтральнай і паўночнай – "Белая Русь”. Тэрмін “Белая Русь” упершыню сустракаецца ў канцы XIV ст. у адносінах толькі да Полацкай зямлі. У далейшым ён пашырыўся на ўсю Беларусь.
У аснове літаратурнай мовы часоў Вялікага Княства Літоўскага ляжала менавіта беларуская мова. Доказам гэтаму з’яўляецца пераклад Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., зроблены для Маскоўскай дзяржавы. Значыць, мова, на якой быў створаны тэкст юрыдычнага дакумента – Статута, была незразумелай для рускай народнасці.
Што датычыцца назвы “літоўская мова” ў адносінах да старабеларускай, то гэта найменне хутчэй характарызавала мову паводле дзяржавы. Так, у пісьмовых дакументах таго часу беларускія землі часта называюцца Літвой, а беларусы – літоўцамі або ліцвінамі ў знак таго, што яны былі жыхарамі Вялікага Княства Літоўскага, а мова – літоўскай (або рускай, простай, як было згадана вышэй). Продкі ж сучасных літоўцаў называліся жамойтамі і аўкштайтамі. Тым больш, пісьмовая літоўская мова з’яўляецца толькі ў ХVІ ст. на аснове лацінскай графікі. Назва ж “белорусский язык” пачала ўжывацца толькі ў сярэдзіне ХVІІ ст.
Старабеларуская мова ў Вялікім Княстве Літоўскім выконвала функцыі афіцыйнай, дзяржаўнай мовы. Яна ўжывалася ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, выкарыстоўвалася ў пісьмовай практыцы на тэрыторыі ўсяго ВКЛ. На ёй афармляліся дзяржаўныя паперы, ажыццяўлалася дыпламатычная перапіска, вялося навучанне, стваралася багатая літаратура. Выкарыстоўвалі беларускую мову і жамойцкія (у сучасным разуменні - літоўскія) князі. Паказальна, што ў 1392 – 1393 гг. нават хан Арды Тахтамыш пісаў ліст польскаму каралю Ягайлу на старабеларускай мове [8].
Менавіта на старабеларускай мове ўпершыню ў гісторыі ўсходніх славян з’явілася друкаваныя кнігі. Пачатак кнігадрукавання быў пакладзены Францыскам Скарынам, які ў 1517 годзе ў Празе выдаў “Псалтыр”, першую з 23 перакладзеных і надрукаваных ім кніг Бібліі. Скарына быў сапраўды адным з найвялікшых еўрапейскіх энцыклапедыстаў свайго часу. Менавіта ім быў распрацаваны зручны друкаваны шрыфт, у якім былі загалоўныя (вялікія) і радковыя (малыя) літары, уведзены тлумачэнні незразумелых слоў на палях. Такія тлумачэнні Скарыны сталі прататыпамі двухмоўных беларускіх слоўнікаў. Прадмовы і пасляслоўі, якія Ф. Скарына змяшчаў у кожнай сваёй кнізе, з’яўляюцца ўзорам не толькі старабеларускай мовы, але і змяшчаюць унікальную філасофію беларускага асветніка, першадрукага, вучонага, перакладчыка, культурнага дзеяча, медыка [48].
Кнігадрукаванне, закладзенае Ф. Скарынам, пашырыла магчымасці беларускай мовы, на якой пачалі стварацца і выдавацца арыгінальныя творы. Першая надрукаваная беларуская кніга на тэрыторыі Беларусі – “Катэхізіс” (ад грэч. – настаўленне, навучанне), выдадзеная Сымонам Будным 1562 г. у Нясвіжы. Кніга пабудавана ў выглядзе кароткіх пытанняў і разгорнутых адказаў па біблейскай тэматыцы. У 1580 г. Васіль Цяпінскі ў сваім родавым маёнтку Цяпіна (цяпер Чашніцкі р-н) выдаў “Евангелле”. Адметнасць гэтага твора ў тым, што ўпершыню кніга была надрукавана на царкоўнаславянскай і старажытнай беларускай мовах паралельна, што дае багатыя звесткі для параўнання тагачаснага стану гэтых моў.
На беларускай мове створаны важныя дзяржаўныя дакументы – Статут Вялікага Княства Літоўскага, які вытрымаў 3 рэдакцыі: 1529 г., 1566 г., 1588 г. Гэты дакумент важны для беларусаў не толькі тым, што створаны на нацыянальнай мове беларусаў. Такі збор законаў – важнае сведчанне дзяржаўнасці беларускага народа, яго высокай юрыдычнай культуры. Пра высокі тэарэтычны і прафесійны ўзровень Статута сведчыць той факт, што ён доўгі час быў адзіным зборам законаў у Еўропе, быў перакладзены на лацінскую,польскую, рускую мовы. Статут паслужыў узорам для стварэння зводаў законаў у суседніх дзяржавах: Прусіі, Польшчы, Расіі.
Старабеларуская мова была мовай суда, канцылярый. Да нашага часу дайшоў вялікі архіў дзяржаўных актаў – Літоўская метрыка, якая налічвае 600 тамоў і дае каштоўныя звесткі пра палітычнае, эканамічнае, культурнае жыццё нашых продкаў, развіццё беларускай мовы.
На беларускай мове былі створаны летапісы (Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г., “Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага”, “Хроніка Быхаўца” і інш.), перакладныя (“Александрыя”, “Аповесць пра Трышчана”) і арыгінальныя мастацкія творы (“Ліст да Абуховіча”, “Прамова Мялешкі”) навуковая літаратура (“Граматыка”, “Лексіс” Лаўрэнція Зізанія, “Граматыка” Мялеція Сматрыцкага, па якой вучыўся М. В. Ламаносаў і называў яе “вратами учености” [34, с. 12].
Да гэтага ж часу належаць 30 зборнікаў кітабаў (рукапісныя рэлігійныя кнігі татар, якія з ХІV ст. жылі на тэрыторыі Беларусі). Каштоўнасць гэтых кніг у тым, што арабскімі літарамі напісаны беларускі тэкст, у якім паслядоўна і выразна перадаюцца многія фанетычныя асаблівасці беларускай мовы.
Усё гэта дае падставы лічыць ХV - ХVІ стст. у гісторыі беларускай мовы “залатым векам”.
Такім чынам, у складзе Вялікага Княства Літоўскага ў ХІV - ХVІ стст. сфарміравалася беларуская народнасць і ўласна беларуская літаратурная мова як асобная самастойная мова. Найвышэйшага ўзроўню яна дасягнула ў ХV - ХVІ стст.