3. Бацькам рэфармацыі ў ВКЛ быў Мікалай Радзівіл Чорны.
4. Асноўная форма распаўсюджвання – кальвінізм.
Літаратура:
У перыяд рэфармацыйнага руху, які ахапіў у сяр. XVI ст. ВКЛ, прыкметна ажывілася выданне рэлігійна-маральнай, царкоўна-дыдактычнай, вучэбнай і перакладной літаратуры. Змяніўся характар літаратуры, якая стала выразніцай пэўных саслоўна-класавых інтарэсаў і тэндэнцый. Літаратура расшырыла свой ідэйна-тэматычны дыяпазон і сферу эстэтычнага ўздзеяння. Яна пачала часцей звяртацца да фактаў рэчаіснасці і даваць ім ацэнку з пункту гледжання цвярозага розуму, прытрымліваючыся традыцый гуманізму эпохі Адраджэння.
Рацыяналістычны падыход да з’яў рэчаіснасці абумовіў узрастанне гуманістычных тэндэнцый у літаратуры. У некаторых творах таго часу адкрыта і смела ставілася на парадак дня надзенныя пытанні сацыяльна-палітычнага і культурнага жыцця грамадства, рабіліся спробы крытычна асэнсаваць з’явы рэчаіснасці, праблемы багатых і бедных, маральнай адказнасці чалавека за свае ўчынкі.
Рэфармацыйны рух ва ўмовах ВКЛ быў складаным і супярэчлівым. Ні на адно пытанне грамадскага жыцця ў яго ідэолагаў не было адзінства поглядаў, таму што яны стаялі на розных ідэйных пазіцыях.
Найбольш яркімі прадстаўнікамі рэфармацыйнай думкі ў Беларусі былі С. Будны і В. Цяпінскі.
Публіцыстыка
Старажытнабеларуская мастацкая публіцыстыка дзялілася на свецкую і рэлігійную, уключала палемічныя трактаты, прамовы, вітанні, сатырычна-парадыйныя творы, эпісталы, прадмовы і пасляслоўі, прысвячэнні, словы, катэхізісы, казанні.
Аснову складалі палемічныя творы, яны акрэсліваліся як «адказы», «аспрэчанні», «абароны», «абвінавачанні», «выкрыцці», «спрэчкі», «водпісы» і інш. У канцы XVI—XVII ст. для абазначэння семантычных дамінант і жанравых форм пачалі ўжывацца грэчаскія і лацінскія тэрміны, што выносіліся на тытулы твораў: «апокрысіс», «антырызіс», «антыдотум», «апалогія» і г.д.
Першым палемічным трактатам у старажытнабеларускай літаратуры можна лічыць твор мітрапаліта Георгія «Спрэчка з лацінай: 27 абвінавачанняў» (XII ст). Палемічнае гучанне маюць словы Кірылы Тураўскага «Указанне, адкуль сярод людзей жыццё без жаніцьбы» і «Слова пра кніжнае шанаванне», а таксама «Прыпавесць пра чалавечую душу і цела, або Пра Сляпога і Кульгавага», скіраваная супраць епіскапа Феадорца.
«Пасланне дэ прэсвітэра Фамы» Клімента Смаляціча (XII ст.) уяўляе сабой палемічны адказ апаненту. Да жанру выкрыцця належыць трактат мітрапаліта Кіпрыяна «Пасланне да ігуменаў Сергія і Феадора з выкрыццём беспадстаўных дамаганняў Маскоўскай мітраполіі архімандрытам Міцяем». Традыцыі палемічнага жанру прадоўжыў Грыгорый Цамблак, аўтар «Слова, якую веру трымаюць немцы».
У пачатку 1560-х г., як водгук на падрыхтоўку уніі Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы ўзнікла палітычная літаратура, узорам якой ёсць трактат А. Ротундуса (Л. Мялешкі) «Размова Паляка з Літвінам» (1562). У жанры палітыка-палемічнага трактата напісана «Паведамленне добрасумленнага Літвіна братам сваім, народу літоўскаму» К. Валадкевіча (1592), а таксама асобныя ананімныя творы.
Росквіту палемічная літаратура дасягнула ў другой палове XVI ст., з пашырэннем рэфармацыйнага руху. Ананімнае «Спісанне супраць лютэраў» (сяр. XVI ст.) належыць да найбольш ранніх выступленняў праваслаўных пісьменнікаў супраць пратэстанцтва. Пры канцы 1560-х г. узнікла палеміка паміж князем Мікалаем Радзівілам Чорным і папскім нунцыем Алоізам Ліпаманам, пазней апублікаваная пад тытулам «Два лісты» (1599). Значныя палемічныя творы належаць пяру Сымона Буднага: «Кароткі доказ таго, што Хрыстос не з'яўляецца такім жа Богам, як Бог Айцец» (1574), «Аб асноўных артыкулах Хрысціянскай веры» (1576), «Абарона ўрада» (1583) і інш. Помнікам гэтага жанру з'яўляецца памфлет віцебскага прапаведніка Кузьмы (Андрэя) Каладынскага «Ліст Полаўца Івана Смеры да вялікага князя Уладзіміра» (пасля 1560), дзе крытыкуецца рэлігійная дактрына праваслаўя і каталіцтва.