Даўно звернута ўвага даследчыкаў, што асобныя мадэлі прозвішчаў выяўляюць дакладныя межы бытавання. Так, Леў Успенскі адзначыў: тыя, хто носіць прозвішчы на -оў, -аў, найчасцей павінны быць велікарусамі, ураджэнцамі спрадвечна рускіх абласцей. Уладальнікі прозвішчаў на -іх, -ых замацаваліся б (па паходжанні ва ўсякім выпадку) за Заураллем ці Сібір'ю, -енка – найчасцей лічаць характэрным украінскім фармантам, -енкаў, -ёнкаў – своеасаблівым гібрыдам чыста рускага і паўднёвага або заходняга тыпаў, -іч, -овіч – падказалі б кірунак на Беларусь, магчыма, у рэгіён польскага і часткова паўднёваславянскага моўнага ўплыву (Успенский Л. Загадки топонимики.– С. 208).
Асобныя мадэлі беларускіх прозвішчаў таксама выяўляюць акрэсленыя арэалы іх бытавання: прозвішчы на -оў, -еў, -ін, -ын уласцівы пераважна паўночнаму ўсходу Беларусі (Віцебшчына, Магілёўшчына, усходнія раёны Гомельшчыны). Выразна і пераканальна гэта відаць на прыкладзе прозвішчаў беларускіх пісьменнікаў, вядомых дзеячаў навукі, культуры, ураджэнцаў названых усходніх абласцей Беларусі: М. Лынькоў, В. Быкаў, А. Куляшоў, I. Чыгрынаў, С. Законнікаў, А. Ушакоў, В. Матэвушаў, П. Пруднікаў, I. Шамякін, Р. Барадулін, А. Вялюгін, Г. Бураўкін, А. Грачанікаў, Я. Сіпакоў і інш.
Прозвішчы з суфіксамі -овіч, -евіч, -іч, -ыч бытуюць ва ўсіх кутках Беларусі, але найбольш тыповыя яны для цэнтральнай часткі і Гродзеншчыны. Параўнаем таксама: К.М. Міцкевіч (Я. Колас), I.Д. Луцэвіч (Я. Купала), Ф. Багушэвіч, В. Дунін-Марцінкевіч, Н. Гілевіч, Я. Непачаловіч, У. Юрэвіч, М. Ермаловіч, А. Марціновіч, Г. Далідовіч, М. Багдановіч і інш. Гэтая мадэль беларускіх прозвішчаў, як ужо адзначалася, аказала ўплыў на фарміраванне падобных прозвішчаў у польскай мове, якая там атрымала значнае пашырэнне ў XVIII і наступных стагоддзях, а беларуская і ўкраінская мадэль на -скі, -цкі была запазычана ў XVII–XIX стст. рускай мовай, дзе таксама атрымала значнае пашырэнне. На беларускім этнаграфічным абшары прозвішчы на -скі, -цкі сустракаюцца паўсюдна, аднак найбольш характэрнымі яны будуць для Гродзеншчыны, заходніх раёнаў Міншчыны і ўсходу Віцебшчыны: Я. Карскі, В. Сакалоўскі, С. Прытыцкі, К. Каліноўскі, М. Раманоўскі (Кузьма Чорны), А. Вярцінскі, С. Шарэцкі і інш. Як падлічана, у беларусаў частотнасць прозвішчаў на -скі, -цкі вагаецца ад 10 працэнтаў ад агульнай колькасці (поўдзень і ўсход) да 30 пранэнтаў на паўночным захадзе рэспублікі.
Між іншым, мадэль прозвішчаў на -скі, -цкі – самая пашыраная з усіх вядомых у Польшчы. З гэтым фармантам там носяць прозвішчы 50 працэнтаў усіх палякаў. У чэхаў прозвішчы на -скі, -цкі маюць усяго 3 працэнты насельніцтва, у рускіх частотнасць гэтага фарманта ў прозвішчах не перавышае 4 працэнты, хаця гэта прыкладна 5 мільёнаў расіян. На ўсходзе Украіны з такімі суфіксамі ў прозвішчах прыкладна 4–6 працэнтаў, а на захадзе 12–16 працэнтаў яе карэнных жыхароў. У македонцаў, як і ў палякаў, прозвішчы на -скі, -цкі ахопліваюць палову насельніцтва, значная іх доля таксама ў балгараў – 18 працэнтаў (гл.: Никонов В.А География фамилий.– М., 1988. С. 111).
Пра паступовае перамяшчэнне асобных бсларускіх прозвішчаў з захаду на ўсход сведчаць вучоныя. Так, у рускай мове міграцыю некаторых беларускіх паводле паходжання прозвішчаў з Арлоўшчыны на Ніжнюю Волгу прасачыў У. Ніканаў. Ён, у прыватнасці, адзначаў, што прозвішчы Анцупавы і Куцанковы вядомы былі спачатку ў Лівенскім уездзе Арлоўскай губерні. На думку вучонага, яны беларускія, бо ц у каранях прозвішчаў развілося з т: Анцуп утварылася з Антип (пераход т → ц або так званае цеканне – вельмі выразная фанетычная асаблівасць беларускага кансанантызму. Гэтая з'ява адсутнічае ў суседніх рускай і ўкраінскай мовах.– В. Ш.). У. Ніканаў выявіў, што потым абодва названыя прозвішчы сталі паўтарацца ў Светлым Яры каля Астрахані, а пазней Анцупавы былі зафіксаваны ў Сібіры: (гл.: Никонов В. География фамилий. С. 6).
Прозвішчы на -еня (-эня), паводле М. Бірылы, не ўласцівы суседнім рускай і ўкраінскай мовам і з’яўляюцца спецыфічна беларускімі, асноўныя іх арэалы – Случчына, Піншчына, часткова Пружаншчына: ІІратасеня, Каваленя, Галеня, Слышэня, Краўчэня, Кляўчэня, Варвашэня і інш.
На ўсходзе Міншчыны і захадзе Віцебшчыны спецыфічнымі будуць прозвішчы з суфіксамі -онак, -ёнак, якія амаль не ўжываюцца за межамі названага арэала: Кавалёнак, Міхасёнак, Васілёнак, Малашчонак, Лаўрынёнак.
Межы асобных тыпаў прозвішчаў часта не супадаюць з моўнымі і дзяржаўнымі межамі. Такім яскравым прыкладам з’яўляецца вялізны адзіны масіў прозвішчаў на -енка, які праходзіць упоперак моўных межаў і аб’ядноўвае ўсходнюю частку Украіны з усходняй Беларуссю. Параўнаем вядомыя беларускія прозвішчы пісьменнікаў, вучоных: I. Навуменка, Б. Сачанка, Р. Сабаленка, У. Краўчанка, К. Кірэенка, М. Ларчанка, В. Протчанка, I. Ігнаценка, М. Піліпенка, У. Анічэнка, А. Сеўчанка і інш. Усе яны – ураджэнцы ўсходніх раёнаў Беларусі. Гэтую мадэль беларускіх і ўкраінскіх прозвішчаў М. Грынблат лічыў нават вызначальнай адносна паходжання і рассялення такога старажытнага племені, як крывічы, якое побач з дрыгавічамі адыграла першаступенную ролю ў фарміраванні беларускай нацыі. Ён, напрыклад, меркаваў, што вобласць пашырэння прозвішчаў з суфіксам -енка (тыпу Бандарэнка), якая цягнецца суцэльнай непарыўнай паласой з Сярэдняга Падняпроўя ў Верхняе і ўніз па Заходняй Дзвіне, уключаючы і Полацк, нібыта сведчыць пра дняпроўскае паходжанне крывічоў. М. Ермаловіч, мабыць, не без падстаў пярэчыць гэтаму аргументу, спасылаючыся на тое, што аднымі прозвішчамі, іх мадэлямі, якія з’явіліся параўнальна нядаўна, нельга абгрунтоўваць з’явы глыбокай старажытнасці (гл.: Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. С. 29).
У сувязі з шырокім ужываннем прозвішчаў на -енка ў Падняпроўі і Левабярэжнай Украіне, дзе яны ахопліваюць у асобных рэгіёнах да 60 працэнтаў карэнных жыхароў, гэту мадэль нярэдка лічаць тыпова ўкраінскай, што зусім не правільна, бо названая мадэль тыповая і для беларусаў з усходу рэспублікі. Падрабязна межы арэалаў прозвішчаў на -енка вызначылі на Украіне і Беларусі вядомыя вучоныя Ю. Радзько і М. Бірыла. Між іншым, як было заўважана іншымі лінгвістамі (У. Ніканаў і інш.), ні Ю. Радзько, ні М. Бірыла не ўстанавілі ў межах бытавання гэтай мадэлі самага істотнага – пашырэння прозвішчаў на -енка ідзе не па мяжы беларускай і ўкраінскай моў, а з поўначы на поўдзень, аб’ядноўваючы ўсходніх украінцаў з усходнімі беларусамі і адрозніваючы тых і другіх ад астатніх украінцаў і беларусаў. Гэтыя відавочныя парадоксы міжмоўнага ўзаемадзеяння пакуль яшчэ нікім не растлумачаны.
Міжмоўны беларуска-ўкраінска-польскі арэал на захадзе, на стыку трох дзяржаў, маюць таксама прозвішчы з суфіксамі -ец, -ак, -ук, -юк: Кавалец, Піліпец, Глушак, Паўтарак, Андрыюк, Трафімук, Клімук, Блізнюк, Сідарук і інш. Так, мадэль прозвішчаў на -ук, -юк, а таксама -чук (тыпу Кавалюк, Кавальчук) аб’ядноўвае вялізны арэал украінскіх прозвішчаў з Валыні і Падолля, дзе яны ахопліваюць да 27 працэнтаў, з прозвішчамі палякаў у паўднёва-ўсходняй частцы Польшчы, а таксама з прозвішчамі беларусаў брэсцка-пінскага Палесся. Між іншым, у Брэсцкай вобласці прозвішчы на -ук, -юк маюць аж 50 працэнтаў яе жыхароў, на астатняй тэрыторыі рэспублікі – меней 10 працэнтаў, а ў некаторых рэгіёнах гэтая мадэль прозвішчаў зусім не існуе.
На Беларусі ёсць цэлыя вёскі з аднолькавымі або спецыфічнымі толькі для пэўнага рэгіёна прозвішчамі. Часам, пачуўшы знаёмае прозвішча, мы можам з упэўненасцю сказаць, з якіх мясцін яго носьбіт, дзе яго радзіма, а нярэдка – і чым знакамітыя яго сваякі, вёска. Напрыклад, род сусветна вядомага рускага пісьменніка Ф. Дастаеўскага вядзе сваю радаслоўную з палескага сяла Дастоева, што на Піншчыне (цяпер Іванаўскі раён). У «БелСЭ» (т. IV) пра класіка сусветнай літаратуры сказана: «Род Дастаеўскага беларускага паходжання. У 1506 г. продкі Дастаеўскага атрымалі грамату на сяло Дастоева на Піншчыне». Пра гэта ж пісала і жонка Ф. Дастаеўскага А. Дастаеўская: «Фёдар Міхайлавіч многа разоў гаварыў мне, што яго род паходзіць ад пінскага маршалка Дастаеўскага... Дастаеўскія і яго патомства жылі ў Дастоеве... У 1506 г. баярын Даніла Іванавіч Ірціш атрымаў ад пінскага князя ў якасці ўзнагароды ў ліку іншых пасяленняў і Дастоева. Патомкі Данілы Іванавіча ў афіцыйных дакументах пачынаюць пісаць і іменаваць сябе Дастаеўскімі, па назве сяла, якім яны валодалі (гл.: Лабынцев Ю. В глубинном Полесье (Турово-пинская земля).– М., 1989. С. 138).
Беларускі пісьменнік Раман Сабаленка быў родам з сяла Сабалі, што на Брагіншчыне. На жаль, вёска адселена ў выніку чарнобыльскай трагедыі. А род Быкавых, з якога і сусветна праслаўлены беларускі празаік і грамадскі дзеяч Васіль Быкаў, бярэ свой пачатак з вёскі Бычкі, што на Лепельшчыне. Вёска Кулакі на Салігоршчыне – радзіма вядомага празаіка Аляксея Кулакоўскага. Дарэчы, у гэтай вёсцы выспяваў таксама літаратурны талент яшчэ двух беларускіх пісьменнікаў – Аркадзя Чарнышэвіча і Анатоля Дзялендзіка. На Мазыршчыне ў вёсках Бабры, Раеўскія, Акулінка, Козенкі ў вялікай колькасці жывуць людзі з прозвішчамі Бобр, Раеўскі, Акуленка, Козенка і інш. Гэтая ж анамастычная з’ява паўтараецца і ў другіх рэгіёнах Палесся. Так, у Ельскім раёне ў вёсках Засінцы, Бякі, Казлы, Серыя значная частка карэннага насельніцтва носіць прозвішчы Засінец, Бек, Казёл (у некаторых Козел), Серы. У Лельчыцкім раёне ў вёсках Маркоўскае, Прыбалавічы, Таргонскія (цяпер – Запясочча.– В. Ш.) многія жыхары маюць прозвішча Маркоўскі, Прыбалавец, Таргонскі. Гэтая ж з’ява фактычна паўтараецца ў маштабе ўсёй Беларусі ў паселішчах з традыцыйным складам насельніцтва. Так, адзін з персанажаў нарыса А. Клышкі і Я. Сіпакова «Паэма дарог» не без гумару прызнаваўся: «Я, хлопцы, Коўш. I вёска мая Каўшы. Пад Баранавічамі. Як адзін у вёсцы – Каўшы. Васемнаццаць хат – і ўсе Каўшы. Толькі прымакі новыя прозвішчы прынеслі...» Пра аднастайнасць і вялікую частотнасць сярод карэнных жыхароў некаторых беларускіх прозвішчаў расказвае і пісьменнік Мікалай Матукоўскі, былы карэспандэнт газеты «Известия» па Беларусі, успамінаючы сваё першае знаёмства са шматлікай беларускай раднёй рускага паэта Яўгенія Еўтушэнкі. «У лесе кіламетраў за дзесяць да Хамічоў (Калінкавіцкі раён.– В. Ш.) мыдагналі худзенькага, падсохлага дзядка, пасадзілі ў машыну. Яўгеній Аляксандравіч задае першае «разведвальнае» пытанне: «Дзядуля, а вы Ярмілу Еўтушэнку ведалі?» Дзед аж падскочыў на сядзенні. «Ба. Да я ж разам з ім каровы ў поле ганяў».– «А хто-небудзь з Еўтушэнкаў у жывых застаўся?» – «Ды ў нас паўвёскі Еўтушэнкі. I родныя сёстры Ярмілы – Ганна і Еўка жывыя...»
Часам прозвішча, як зазначае В. Вярэніч, сугучнае назве вёскі, сведчыць аб сацыяльным ці нацыянальным паходжанні яе заснавальнікаў. Васькоўскія – вёска Васькавічы, Дзідкоўскія – вёска Дзідкавічы, Качаноўскія – вёска Качановічы – уласцівы заходнебеларускаму рэгіёну; Сыгнаеўскія –Бут-Гусаімы – вёска Беражцы – характэрны для пасяленняў беларускіх татараў вёска Сыгнаі, Баўсуноўскія – вёска Баўсуны, Калавуры – вёска Калавуравічы,; Хадакоўскія – вёска Хадакі, Недашкоўскія – вёска Недашкі, Радзялоўскія – вёска Радзяловічы і інш.– сведчаць пра польскае іх паходжанне і заснаванне (гл.: «Польские говоры в СССР». Ч. 2.— Мн., 1973. С. 130).