Партызанскі рух на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны – адна з найбольш даследаваных старонак з падзей ваеннага часу. Але і ў гэтай справе ёсць шмат асаблівасцяў і рыс, аб якіх мала гаварылася раней. Партызанскі рух на Беларусі меў пэўную перыядызацыю і да таго, ярка акрэсленыя рэгіянальныя асаблівасці.
Слова «партызан» (ад франц. partisan – член атрада, арганізаванага з прадстаўнікоў народных мас для барацьбы з ворагам на акупіраванай тэрыторыі) шырока вядома з часоў сярэднявечча ў Еўропе. Пазней партызанамі пачалі называць удзельнікаў узброенай барацьбы супраць іншаземных захопнікаў у варожым тыле. Такім чынам, партызанскі рух не з’яўляецца нацыянальнай беларускай з’явай, але справа ў тым, што дзейнасць партызанскіх атрадаў на Беларусі ў гады апошняй вайны набыла асабліва значныя памеры. Супраць акупантаў на барацьбу з цягам часу падняўся народ. У радах антыфашысцкага руху на тэрыторыі рэспублікі налічвалася каля 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў. 374 тыс. чалавек з’яўляліся байцамі 1255 партызанскіх атрадаў (каля ў 213 брыгад).
Партызанка на Беларусі мае некалькі перыядаў свайго развіцця, кожны з іх мае свае адметнасці. Першы этап – арганізацыйны, калі толькі шукаліся формы барацьбы ў тылу ворага. Гэта чэрвень – снежань 1941 г. Яшчэ адна прыкмета гэтага перыяду – гэта крызіс партызанкі, які праявіўся ў паражэннях на фронце і ў пазіцыі чакання, якую заняло мірнае насельніцтва. Другі этап беларускай партызанкі пачаўся ў снежні 1941 г. і цягнуўся да канца лета 1942 г. Гэта перыяд пераадолення крызісу і рэзкага росту колькасна партызанскага руху. У гэты перыяд адбываецца супрацьстаянне ў цэнтры Беларусі паміж цывільнай нямецкай адміністрацыяй Генеральнай акругі Беларусь і партызанамі ў барацьбе за падтрымку ад мірнага насельніцтва. У гэты перыяд вызначаецца арганізацыйная структура партызанкі, рух атрымлівае шырокую падтрымку ад «Вялікай зямлі». Трэці перыяд цягнуўся з восені 1942 па восень 1943 г. Менавіта ў гэты час колькасць памылак нямецкіх акупацыйных улад дасягнула крытычнай масы, і насельніцтва перайшло на пазіцыі падтрымкі партызанаў. Ствараюцца велізарныя партызанскія зоны, якія ахопліваюць значныя тэрыторыі. Праводзяцца буйныя вайсковыя і дыверсійныя аперацыі. Чацьвёрты перыяд беларускай партызанкі цягнуўся з восені 1943 г. па лета 1944 г. Гэты перыяд адзначаны пачаткам вызвалення Беларусі і ўдзелам у гэтым і партызан. Найбольшага ўздыму дасягае «рэйкавая вайна». Менавіта да гэтага перыяду адносіцца значнае ўзмацненне савецкай партызанкі на захадзе Беларусі. Да таго, пасля забойства Вільгельма Кубэ масавыя рэпрэсіі і карныя экспедыцыі спрыялі разгортванню ўсенароднага характару антынямецкай барацьбы і ў цэнтры Беларусі.
Падрыхтоўка да партызанскай вайны на Беларусі на выпадак вайны з нацысцкай Германіяй ці Польшчай пачалася яшчэ ў 1930-я гг. Згодна з загадамі савецкага Генштаба стваралася заканспіраваная сетка дыверсійных груп і адзіночак у гарадах і на чыгунках, арганізаваліся манеўраныя партызанскія атрады, ствараліся базы забеспячэння ўсім неабходным. Так, у схронах былі закладзены боепрыпасы, амуніцыя, шмат харчавання, каля 50 тыс. вінтовак, 150 кулямётаў, узрыўчатка. Кіравалі гэтай работай партыйныя органы і камандуючы войскамі Беларускай ваеннай акругі І.П.Убарэвіч. Усяго было створана
6 тэрытарыяльных партызанскіх атрадаў – Бабруйскі, Барысаўскі, Мінскі, Мазырскі, Полацкі і Слуцкі, у складзе 300-500 прафесіяналаў, якія прайшлі абучэнне ў спецыяльных закрытых школах. На чале атрадаў стаялі вопытныя кіраўнікі – удзельнікі партызанкі ў гады першай сусветнай і антыпольскай партызанкі пачатку 1920-х гг. С.А.Ваўпшасаў, В.З.Корж, К.П.Арлоўскі, А.М.Рабцэвіч.
Аднак, у 1937-1938 гг. гэтыя работы былі звернутыя – большасць «тайных» партызан было рэпрэсіравана, атрады ліквідаваны, схроны перададзены арміі. Гэта было вынікам рэпрэсій супраць генералітэту і афіцэрства Чырвонай Арміі, а так сама вынікам прыняцця новай ваеннай дактрыны – прэвентыўнага ўдару Чырвонай Арміі, якая не прадугледжвала акупацыі тэрыторыі СССР, а баявыя дзеянні планаваліся «на чужой тэрыторыі і малой крывёй». У выніку гэтага, у 1941 г. партыйнаму і ваеннаму кіраўніцтву ўсю работу па стварэнню падпольнай і партызанскай сеткі прыйшлося весці з нуля.
Асноўныя задачы і метады, а так сама характар разгортвання партызанскага руху былі зададзены шэрагам распараджэнняў партыйных і савецкіх органаў агульнасавецкага і рэспубліканскага маштабу. 29 чэрвеня 1941 г. была выдадзена Дырэктыва СНК СССР і ЦК УКП(б), якая патрабавала стварэння ў захопленых раёнах партызанскіх атрадаў і дыверсійных груп, падрыву мастоў, парушэння ліній сувязі, падпальвання складоў, стварэння невыносных умоваў для акупантаў. 30 чэрвеня 1941 г. у дадатак да дырэктывы ЦК КП(б)Б прымае дырэктыву «Аб пераходзе на падпольную работу партыйных арганізацый раёнаў, занятых ворагам», а 1 ліпеня – «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага», у якой больш канкрэтызаваліся мэты і задачы партызанскай барацьбы, вызначаліся сродкі сувязі і метады канспірацыі і г.д.
Як вынік – 16 ліпеня 1941 г. Гітлер зняў з вермахту і акупацыйных уладаў усялякія абмежаванні на выкарыстанне самых жорсткіх мераў у адносінах да мясцовага насельніцтва. «Мы можам знішчаць усё, што накіравана супраць нас...» Такая пазіцыя акупантаў цалкам адпавядала інтарэсам маскоўскага кіраўніцтва – бо яна была залогам пашырэння незадаволенасці насельніцтвам акупаваных раёнаў новай адміністрацыяй. Таму партыйнымі органамі, знішчальнымі атрадамі і іншымі ўстановамі рабілася ўсё, каб забяспечыць адразу супрацьстаянне паміж мірным насельніцтвам і акупантамі. З гэтай мэтай знішчалася ўсё, што магло нармалізаваць жыццё пад акупацыяй – асабліва бытавое жыццё. Знішчаліся прадпрыемствы, склады, палі з няўбраным зернем, вывозілася жывёла, прыпасы, тавары. Найбольш паспяхова і паслядоўна гэтыя мерапрыемствы прайшлі на ўсходзе, і менавіта там найбольш шырока і праявіў сябе партызанскі рух.
Такім чынам, разгортванне партызанскага руху мела дзве галоўныя мэты – якія можна прасачыць ў дакументах партыі і ўрада. Найбольш відавочная – гэта мэта ваенная. Яе сутнасць у тым, каб зрабіць як мага больш цяжкімі ўмовы існавання нямецкіх войскаў на захопленай тэрыторыі, а так сама парушаць сродкі камунікацыі, асабліва чыгунку, што значна ўскладніць пастаўкі на фронт і манёўранасць вермахту. Другая мэта – больш глабальная, палітычная. Сутнасць яе ў тым, каб надаць партызанскаму руху ўсенародны характар. Гэтага патрабавалі ўмовы ідэалагічнай вайны. Неабходна было недапусціць аніякага паразумення паміж нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй і мірным насельніцтвам, якое апынулася пад акупацыяй. І дзеля гэтага рабілася ўсё, нават знішчаліся матэрыяльныя фонды, запасы харчавання, з мэтай – прымусіць акупантаў адразу перайсці да канфіскацыі дзеля забеспячэння вермахту і Рэйху. Гэтая палітыка з поспехам была рэалізаваная на ўсходзе, але на захадзе Беларусі і ў цэнтральных раёнах былі свае асаблівасці разгортвання партызанкі – як усеагульнага руху. Менавіта ўсеагульнасць, усенароднасць партызанскага руху дазволіць гаварыць аб народнай падтрымкі камуністычнай палітыкі даваеннага часу і з’явіцца мацнейшым прапагандысцкім інструментам у камуністычнай ідэалогіі.
Для арганізацыі партызанкі і падполля кампартыя спецыяльна пакінула на Беларусі 1215 камуністаў дзеля арганізацыі кіравання падполлем і партызанкай, а ўсяго за 1941 г. на акупіраваную тэрыторыю Беларусі было накіравана больш за 8000 камуністаў і каля 5000 камсамольцаў.
Але ствараліся атрады і самастойна, без «загаду звыш». У ліку такіх быў Пінскі партызанскі атрад пад камандаваннем В.З.Каржа, які налічваў каля 60 чалавек. На тэрыторыі Кастрычніцкага раёна Палескай вобласці актыўна дзейнічаў атрад «Чырвоны Кастрычнік». Яго кіраўнікі Ц.П.Бумажкоў і Ф.I.Паўлоўскі 6 жніўня 1941 г. сталі першымі партызанамі – Героямі Савецкага Саюза. У Чашніцкім раёне ўзброеную барацьбу супраць акупантаў узначаліў Ц.Я.Ермаковіч, у Суражскім раёне быў створаны атрад, на чале якога стаў М.П.Шмыроў, якога называлі ў народзе «Бацькам Мінаем». На аснове знішчальных батальёнаў узнікаюць партызанскія атрады ў Парыцкім, Лельчыцкім, Ельскім, Лоеўскім, Рагачоўскім, Мехаўскім і іншых раёнах Беларусі. Усяго самастойна ўзнікла каля 60 атрадаў і груп.
Тым не менш, большую частку партызанскіх фарміраванняў склалі арганізаваныя партыйна-савецкімі органамі. Яшчэ да акупацыі ўсходняй Беларусі ў Магілёве, Лёзне, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Полацку, іншых населеных пунктах ствараліся кароткатэрміновыя курсы і падрыхтоўчыя цэнтры дыверсанцкай працы. У выніку, за ліпень-верасень у цэнтралізаваным парадку было сфарміравана звыш 430 партызанскіх атрадаў і арганізацыйных груп, у якіх налічвалася больш 8300 чалавек. Менавіта яны сталі арганізацыйным ядром для многіх баяздольных партызанскіх фарміраванняў.
Дзейнасць партызан выклікала ў захопнікаў пэўную заклапочанасць, але маштабы партызанкі яшчэ былі нязначныя. Толькі на ўсходзе Беларусі немцы сутыкнуліся з цяжкасцямі ў забеспячэнні групы армій «Цэнтр» усім неабходным «з выпадку разбурэння партызанамі чыгуначных шляхоў». Каб пакончыць з дзейнасцю «лясных бандытаў», а так сама ліквідаваць, адлавіць салдат-акружэнцаў, у ліпені-жніўні 1941 г. была здзейснена першая буйнамаштабная карная аперацыя пад назвай «Прыпяцкія балоты». Але пад час яе правядзення партызан карнікі не сустрэлі, таму знішчалі мірных жыхароў і акружэн-
цаў – усяго 13788 чалавек. Гэтая аперацыя паўплывала на змяненне адносін мірнага насельніцтва да немцаў у гэтым рэгіёне з нейтральнага да рэзка варожага.
Тым не менш, восень 1941 г. вызначаецца як крызіс партызанкі. Цэнтральнае маскоўскае кіраўніцтва больш цікавілася падзеямі на франтах. Да того, ні з Масквой, ні з Чырвонай Арміяй не існавала сувязі. Партызаны не ведалі, што адбывалася на франтах, а нямецкая прапаганда выкарыстала гэта для дэзінфармацыі як мірных жыхароў, так і партызан. Аб’яўлялася аб заняцці Масквы і Уралу, што вызвала маральны крызіс. Вялікая няўпэўненасць была і з тым, як доўга працягнецца вайна. Да таго, у атрадах не было зброі і боепрыпасаў, харчавання і цёплай вопраткі. У выніку жорсткіх карных мер акупантаў частка атрадаў была разгромлена, а іншыя, не атрымаўшы падтрымкі ад насельніцтва, распаліся ці перайшлі на паўлегальнае становішча. Але і ў зімовых умовах каля 200 партызанскіх атрадаў і груп працягвалі ўзброеную барацьбу.