Першыя прапановы з боку Англіі і ЗША аб ваенна-эканамічнай падтрымцы СССР прагучалі 22 і 23 чэрвеня 1941 г. Але памеры дапамогі залежалі ад таго, «які час пратрымаецца Расія». 12 ліпеня была падпісана савецка-англіяская дэкларацыя аб аказанні ўзаемадапамогі і аб немагчымасці заключаць сепаратныя мірныя дагаворы з Германіяй без узаемных кансультацый. 30 ліпеня ў Маскву прыляцеў саветнік прэзідэнта ЗША Г.Гопкінс, які быў уражаны абарончымі магчымасцямі краіны. Тым не менш, закон аб ленд-лізе не адразу быў пашыраны на Савецкі Саюз.
Аснова для ўтварэння антыгітлераўскай кааліцыі была закладзена 14 жніўня 1941 г., калі прэзідэнт ЗША Ф.Рузвельт і брытанскі прэм’ер-міністр У.Чэрчыль на ваенна-марской базе Арджэнція (востраў Ньюфаўндлен) падпісалі дэкларацыю, вядомую як «Атлантычная хартыя». 24 верасня да яе далучылася 10 краін, у тым ліку СССР. А з 29 верасня па 1 кастрычніка 1941 г. у Маскве адбылася канферэнцыя трох краін – СССР, ЗША, Англіі на якой былі абмеркаваны пытанні ваенна-тэхнічнай дапамогі СССР. Саюзнікі абавязваліся пачынаючы з 1 кастрычніка штомесяц пастаўляць у СССР 400 самалётаў, 500 танкаў і інш. зброю. СССР узамен пастаўляў стратэгічную сыравіну. Такім чынам, на СССР распаўсюджваўся закон аб ленд-лізе (англ. lend-lease – даваць узаймы, здаваць у арэнду) – праграма перадачы ўрадам ЗША у форме заёму ці арэнды ваеннай тэхнікі, зброі, амуніцыі, стратэгічнай сыравіны, харчавання, розных тавараў і паслуг краінам-саюзнікам па антыгітлераўскай кааліцыі.
Значнай падзеяй, якая вымусіла ЗША ўступіць у вайну супраць фашысцкага блока з’явілася нападзенне 7 снежня
1941 г. японскіх войск па амерыканскай ваенна-марской базе Пёрл-Харбор на Гавайскіх астравах. 8 снежня Англія таксама аб’явіла вайну Японіі. 11 снежня Германія і Італія аб’явілі вайну ЗША. Зона вайны пашырылася на Ціхі акіян.
1 студзеня 1942 г. прадстаўнікі 26 дзяржаў, у тым ліку ЗША, СССР, Англіі, Кітая, падпісалі ў Вашынгтоне дэкларацыю аб сумеснай барацьбе супраць агрэсара. Гэтыя краіны сталі называцца «Аб’яднанымі нацыямі».
З першых кантактаў паміж урадамі СССР і саюзнікаў Сталін ставіў пытанне аб адкрыцці другога фронту ў Паўночнай Францыі, тым больш што абставіны спрыялі гэтай аперацыі. Начальнік штаба арміі ЗША Дж.Маршалл да пачатку 1942 г. распрацаваў адпаведны план, але ён быў адхілены Ф.Рузвельтам, які больш клапаціўся пра ваенныя дзеянні супраць Японіі на Ціхім акіяне. У.Чэрчыль матываваў сваю адмову тэхнічнымі цяжкасцямі правядзення маштабнай дэсантнай аперацыі. Аперацыя магла быць падрыхтавана не раней лета 1943 г. Рэальныя мэты ўрадаў ЗША і Англіі былі відавочныя – знясіліць у ўзаемнай вайне дзвюх гігантаў – СССР і Германію і пасля хуткай і лёгкай перамогі дыктаваць сваю волю на міжнароднай арэне.
Шмат перашкод у складванні кааліцыі стварыла пытанне аб межах. СССР настойваў прызнання сваіх межаў на 22 чэрвеня 1941 г., з чым не згаджаўся ўрад Англіі. Таму пры падпісанні савецка-англійскага дагавора аб саюзе і пасляваенным супрацоўніцтве гэтае пытанне не згадвалася. Праз два тыдні было падпісана савецка-амерыканскае пагадненне «Аб прынцыпах, якія выкарыстоўваюцца ва ўзаемнай дапамозе ў вядзенні вайны супраць агрэсіі». Такім чынам, былі замацаваныя прынцыпы арганізацыі антыгітлераўскай кааліцыі. Краіны «Траістага пакту» сутыкнуліся з перспектывай паражэння супраць саюзу краін, які валодаў значна мацнейшым ваенным і эканамічным патэнцыялам.
Вынікі: Вайна паказала ўсе хібы камандна-адміністратыўнай сістэмы, якая склалася ў СССР, але менавіта вайна падкрэсліла і станоўчыя бакі гэтай сістэмы. Была праведзена эвакуацыя асноўных магутнасцяў ВПК, хутка праведзена мабілізацыя ваенных і працоўных рэсурсаў. Краіна была перабудаваная на жыццё ва ўмовах татальнай вайны. Тым не менш, катастрофа 1941 г., велізарныя страты Чырвонай Арміі ляжаць на сумленні кіраўнікоў краіны і арміі – І.Сталіна, К.Варашылава, Л.Берыя, П.Молатава і інш. Першыя перамогі былі атрыманы хутчэй насуперак дзейнасці гэтых асобаў – гэта быў подзвіг народа, яго асабістая ахвяра, пакладзеная на алтар барацьбы з нацызмам.