Нягледзячы на тое, што германскія войскі акружылі савецкую групоўку каля Мінска, спроба з ходу фарсіраваць водны рубеж на Бярэзіне і выйсці да Дняпра вермахту не ўдалося. Толькі 1 ліпеня часці 47-га германскага танка вага корпуса змаглі прарвацца на ўсходні бераг Бярэзіны. Так сама ўпарта абараняліся часці 47-га стралковага корпуса генерал-маёра С.І.Паветкіна і 4-га паветрана-дэсантнага корпуса генерал-маёра А.С.Жадава ў раёне Бабруйска. Гэта дазволіла заняць баявыя рубяжы свежым савецкім дывізіям, падцягнутым на лінію Дняпра з цэнтральных раёнаў краіны.
12-16 ліпеня цяжкія баі за Оршу вялі войскі 18-й (палкоўніка П.К.Жывалёва) і 73-й (палкоўніка А.І.Акімава) стралковых дывізій са складу 20-й арміі Заходняга фронту, а таксама знішчальны батальён з ліку 1200 мясцовых жыхароў. Пад Оршай 14 ліпеня ўпершыню нанесла ўдар па ворагу батарэя рэактыўных установак пад камандаваннем капітана І.А.Флёрава.
З 3 па 26 ліпеня савецкія войскі гераічна абаранялі Магілёў. Праціўнік сканцэнтраваў тут 4 пяхотныя і 1 танкавую дывізіі, матарызаваны полк СС «Вялікая Германія» і іншыя вайсковыя фарміраванні. Ім супрацьстаялі часці 61-га стралковага корпуса генерал-маёра Ф.А.Бакуніна і байцы народнага апалчэння. Толькі воінамі 172-й дывізіі генерал-маёра М.Ц.Раманава за 10 дзён баявых дзеянняў было знішчана 179 танкаў і бронетранспарцёраў, каля 4 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Асабліва ўпартыя баі разгарнуліся на Буйніцкім поле пад Магілёвам. Цяжкія баі адначасова ішлі на подступах да Віцебска і Гомеля.
1 ліпеня камандуючым Заходнім фронтам быў прызначаны нарком абароны маршал С.К.Цімашэнка. Былое кіраўніцтва фронту і частку вышэйшых камандзіраў на чале з камандуючым генералам арміі Д.Р.Паўлавым за быццам бы «бяздзейнасць» і «баязлівасць» былі асуджаны і расстраляны.
Адначасова з абарончымі баямі камандаванне Чырвонай Арміі летам 1941 г. правяло шэраг наступальных аперацый.
6 ліпеня 1941 г. войскі 20-й арміі генерал-лейтэнанта П.А.Курачкіна сіламі 5-га і 7-га механізаваных корпусаў нанеслі контрудар у напрамку Сянно-Лепель. Адбылася буйнейшая танкавая бітва з пачатку Другой сусветнай вайны, у якой удзельнічала больш як 1500 танкаў і бронемашын. Праціўнік быў адкінуты на 30-40 кіламетраў. Але 7-мы механізаваны корпус быў спынены сіламі 47-га нямецкага матарызаванага корпуса на подступах да Лепеля, а 5-ты савецкі корпус апынуўся ў акружэнні, з якога да 10 ліпеня 1941 г. у раён Оршы выйшла толькі частка савецкіх войскаў. У нямецкі палон пад Лепелем трапіў сын Сталіна – Якаў.
Другой наступальнай аперацыяй савецкіх войскаў на Беларусі летам 1941 г. з’яўляецца Рагачоўска-Жлобінская аперацыя, праведзеная войскамі 21-й арміі генерал-палкоўніка Ф.І.Кузняцова. 13 ліпеня 63-ці стралковы корпус генерал-лейтэнанта Л.Р.Пятроўскага правёў контрудар, вызваліў гарады Рагачоў і Жлобін. Нямецкія войскі былі адкінуты на 20-30 кіламетраў у напрамку Бабруйска. Контрудар войскаў 21-й арміі скаваў сілы 8-мі нямецкіх дывізій, што не дазволіла ім хутка фарсіраваць Днепр і выйсці на аператыўную прастору ў напрамку Раслаўль-Смаленск.
Такі ход баявых дзеянняў выклікаў трывогу ў стаўцы вярхоўнага галоўнакамандавання Германіі. Вермахт спыніў наступленне ў канцы ліпеня 1941 г. на Смаленскім напрамку і перайшоў да ўмацавання флангаў групы армій «Цэнтр». У гэтых умовах для абароны гомельскага напрамку савецкае кіраўніцтва 24 ліпеня стварыла Цэнтральны фронт, кіраваць якім прызначылі генерал-палкоўніка Ф.І.Кузняцова.
У першай дэкадзе жніўня нямецкае камандаванне кінула ў наступленне на Гомель звыш 25 дывізій, галоўным чынам танкавых і матарызаваных. Баі за горад працягваліся амаль
20 дзён. Пад сценамі горада вермахт страціў звыш 80 тыс. сваіх салдат і афіцэраў, каля 200 танкаў і 100 самалётаў. У ноч з 19 на 20 жніўня 1941 г. савецкія войскі і апалчэнцы пакінулі Гомель. Да пачатку верасня 1941 г. уся тэрыторыя Беларусі была акупіраваная нямецкімі войскамі.
Трагізм першых дзён вайны вынікаў не толькі з вялікіх тэрытарыяльных страт, але з велізарных людскіх страт, якія несла Чырвоная Армія. Так, за 18 першых сутак абарончай аперацыі ў Беларусі войскі Заходняга фронту панеслі страты агульнай колькасцю 417790 чалавек, а ўсяго за 6 месяцаў 1941 г. страты Чырвонай Арміі склалі 4473800 чалавек.
Вялікая колькасць савецкіх салдат і афіцэраў патрапілі ў германскі палон: у «катлах» пад Беластокам, Гродна і Мінскам больш за 300 тыс. чалавек, пад Віцебскам, Оршай, Магілёвам і Гомелем – 450 тыс. чалавек, пад Смаленскам – 180 тыс.чалавек, пад Чарнігавам – 100 тыс.чалавек, пад Бранскам і Вязьмай –
663 тыс. чалавек. Але быў нанесены і адчувальны ўрон групе армій «Цэнтр». Вермахт страціў у 1941 г. на Беларусі каля 1000 танкаў і 150 тыс. ваеннаслужачых забітымі і параненымі.
Абарончыя баі ў Беларусі далі магчымасць савецкаму камандаванню разгарнуць войскі другога стратэгічнага эшалона на рубяжы рэк Заходняя Дзвіна-Днепр, дазволілі мабілізаваць непасрэдныя рэзервы краіны, каб даць адпор ворагу. Намечаныя камандаваннем вермахта тэрміны захопу Смаленска і Масквы былі сарваны.