За гады індустрыялізацыі Беларусь ператварылася ў індустрыяльна-сельскагаспадарчую рэспубліку. Былі створаны новыя галіны прамысловасці: станкабудаўнічая, сельскагаспадарчага машынабудавання, цэментная, хімічная. Шырока вялося прамысловае будаўніцтва, асабліва ў заходніх абласцях БССР. Была ўведзена ў эксплуатацыю электрастанцыя ў Мазыры, а таксама другая чарга БелДРЭС. Ажыццяўлялася рэканструкцыя раней уведзеных прадпрыемстваў у Мінску, Віцебску, Гомелі, Оршы. Колькасць працоўных і служачых павялічылася за пяць перадваенных гадоў (з 1937 г. па 1941 г.) амаль удвая – з 645 тыс. да 1136 тыс.
Але перабольшваць поспехі беларускай прамысловасці не трэба – на тое былі свае натуральныя прычыны. У 1940 г. на Беларусі пражывала 4,8% насельніцтва СССР, у той жа час удзел рэспублікі ў агульнасавецкай вытворчасці не перавышаў 2%.
У пераліку на душу насельніцтва ўзровень прамысловай прадукцыі быў ніжэйшы ў 2,4 разы. Па энергазабяспечанасці беларуская прамысловасць саступала агульнасавецкім паказчыкам у 4,6 разы і нават даваенным польскім у два разы. Галіны металаапрацоўкі і машынабудавання – самыя перадавыя – давалі толькі 15,2% ад агульнай вытворчасці беларускай прамысловасці, і прыкладна 72% прамысловай прадукцыі рэспублікі давалі чатыры ўсходнебеларускія гарады: 23,1% – Віцебск, 21,2% – Мінск, 16,6% – Гомель і 11,5% – Магілёў.
Натуральныя прычыны такога адставання беларускай прамысловасці вельмі простыя – БССР знаходзілася ў вельмі небяспечнай прыгранічнай зоне – побач з верагоднымі ваеннымі праціўнікамі – Польшчай, а потым і Германіяй. Развіваць цяжкую прамысловасць такім чынам тут не мела аніякай рацыі, да таго, на Беларусі не было ніводнага радовішча прыроднай сыравіны, прыгоднай для развіцця цяжкай прамысловасці. А ў індустрыялізацыі савецкай краіны галоўны акцэнт быў зроблены менавіта на развіцці цяжкай прамысловасці. Тым не менш, гаварыць аб заняпадзе беларускай прамысловасці так сама няправільна, яна хутка развівалася, але гэта датычыцца галін, традыцыйных для рэгіёну – ільноапрацоўкі, дрэваапрацоўкі, харчовай і швейнай прамысловасці. Гэтыя галіны так сама працавалі і на абароназдольнасць краіны – яны забяспечвалі армію абмундзіраваннем, харчаваннем і іншымі бытавымі рэчамі.
Важную гаспадарчую і ваенна-стратэгічную значнасць мела развіццё транспартнай сістэмы. У гэтай галіне ў перадваенныя гады былі занятыя 142 тыс. рабочых і служачых. За кароткі час была рэканструявана ўся чыгуначная гаспадарка. Працягласць чыгункі на тэрыторыі БССР у 1940 г. дасягнула 5,7 тыс. км супраць 3,8 тыс. км у 1913 г. Яе грузаабарот у параўнанні з 1913 г. павялічыўся ў 4 разы. Паскорана развіваўся аўтамабільны транспарт – у 1940 г. аўтапарк рэспублікі налічваў больш за 21 тыс. машын. Даўжыня аўтадарог з цвёрдым пакрыццём перавысіла
11 тыс. км.
У сельскай гаспадарке наглядалася існаванне двух сістэм – калгасна-саўгаснай у цэнтры і на ўсходзе Беларусі і пераважна індывідуальна-падворных гаспадарак на захадзе Беларусі. Але гэтая сітуацыя была часовая – усеагульная калектывізацыя была толькі справай часу. Урад у перадваенныя гады пачаў праводзіць мерапрыемствы па эканамічнай стымуляцыі працы калгаснікаў. Уводзілася грашовая ці натуральная аплата за адпрацаваныя працадні, умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў i саўгасаў, павышаўся ўзровень механізацыі сельскагаспадарчых работ. Сялянам дазволілі мець асабістыя прысядзібныя гаспадаркі і нават жывёлу – гэта так званыя «сталінскія каровы». Аднак у калгаснай сельскай гаспадарцы назіраліся нізкая ўраджайнасць, адставанне развіцця жывёлагадоўлі, недахоп механізатараў i калгасных кадраў масавых спецыяльнасцей, пакуль яшчэ слабае выкарыстанне сельскагаспадарчых машын. Калгаснае кіраўніцтва не мела аніякай свабоды ў вырашэнні гаспадарчых пытанняў – яно вымушана было толькі выконваць загады з цэнтра – дзе мала што ведалі пра гаспадарчыя асаблівасці канкрэтнага рэгіёну.
Хуткае развіццё прамысловасці і механізацыя сельскай гаспадаркі запатрабавала вялікую колькасць кадраў, і менавіта ў 1940 г. пачалі стварацца навучальныя ўстановы па падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых. Былі створаны тры тыпы прафесійна-тэхнічных устаноў – рамесныя вучылішчы, чыгуначныя вучылішчы і школы фабрычна-заводскага навучання. У 1940-1941 навучальным годзе ў Беларусі мелася 40 такіх школ, 15 рамесных і 6 чыгуначных вучылішч. Пашыралася сетка сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, у 1940-1941 навучальным годзе дзейнічала 128 тэхнікумаў і вучылішч. Інжынераў і спецыялістаў кіруючага рангу рыхтавала сістэма вышэйшай адукацыі. Ужо ў 1940 г. у БССР працавала 25 ВНУ.