Правядзенне аграрнай рэформы і ўпарадкаванне павіннасцяў суправаджалася замацаваннем сялян за зямлёй, ператварэннем розных іх катэгорый у адзін клас-саслоўе – прыгоннае сялянства.
Прыгонны стан сялянства замацоўваўся заканадаўча на працягу некаторага часу:
Прывілей 1447 г., пацвердзіў даўняе права феадалаў на вотчынны суд, што ставіла ў значную залежнасць ад яго рашэнняў сялян.
Першы Статут ВкЛ 1529 г. адмаўляў сялянам у праве ўласнасці на зямлю. Яны страчвалі права ёю распараджацца без згоды феадала. "Уставай на валокі" (1557 г.) дзяржаўныя сяляне фактычна замацоўваліся за зямельнымі надзеламі.
Другі Статут ВкЛ 1566 г. замацоўваў 10-гадовы тэрмін пошуку беглых ці крадзеных сялян і адміністрацыйныя пакаранні супраць тых, хто іх хаваў. Забаранялася хаваць сялян у гарадах.
Трэці Статут ВкЛ (1588 г.) падоўжыў тэрмін пошуку беглых да 20 гадоў, канчаткова пазбаўляў сялян права пераходу ад феадала і залічваў у стан непахожых людзей тых, хто пражываў на зямлі феадала 10 гадоў. Тэарэтычна селянін мог адкупіцца, заплаціўшы
10 коп грошай, а таксама ўсе пазыкі і дапамогі, якія ён атрымаў ад пана, аднак выплаціць такія грошы было вельмі цяжка.
У канцы XVI – першай палове XVII ст. у ВкЛ канчаткова фактычна і юрыдычна аформілася прыгоннае права. Селянін быў пазбаўлены права свабодна распараджацца сваёй спрадвечнай маёмасцю. Селянін стаў аб’ектам залогу, куплі-продажу як з зямлёй, так і без яе. Феадал мог судзіць селяніна.
Сістэма пазямельных адносін, якая стыхійна складвалася на працягу стагоддзяў, у ходзе аграрнай рэформы другой паловы XVI – першай паловы XVII ст. была ўпарадкавана. Адзінкай падаткаабкладання стала валока зямлі. Сялянскія сем’і замацоўваліся за валокай ці яе часткай, станавіліся як бы дадаткам да яе, часткай уласнасці землеўладальніка. Замест натуральнай панскай гаспадаркі ўтварылася таварная гаспадарка, арыентаваная на вытворчасць зерня для продажу. На Беларусі такая гаспадарка звалася фальваркава-паншчыннай, ад назвы панскага ці дзяржаўнага маёнтка і галоўнай формы павіннасці сялян.
Тэма 7 Уключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі. Узнікненне індустрыяльнага грамадства.
1. Падзелы Рэчы Паспалітай.
2. Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі пасля ўключэння ў складзе РП.
3. Асноўныя напрамкі палітыкі самадзяржаўя ў Беларусі.
Літаратура
Бригадин.П.И.История Беларуси в контексте европейской истории: курс лекций / П.И.Бригадин.- Минск, 2007.
Гісторыя Беларусі: у 2 ч. / пад рэд. Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля.-Мінск, 2007.
Гісторыя Беларусі: у 2 ч.: курс лекцый. - Мінск, 2000; 2002.
Гісторыя Беларусі. З 1795г. да вясны1917г.:вучэб.дапам / рэдкал.: І.П.Крэнь, І.І.Коўкель.- Мінск, 2007.
Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветынх цывілізацый: дапаможнік / пад рэд. Л.В.Лойкі,- Мінск, 2005.
/ пад рэд. А.А.Кавалені, В.Ф.Касовіча.- Мінск, 2005.
Падзелы Рэчы Паспалітай
Пасля смерці Аўгуста ІІ у барацьбе з былым каралём Станіславам Ляшчынскім за карону Рэчы Паспалітай перамог сын першага Аўгуст ІІІ (1733-1763 гг.). Адзінае, што вызначае гэта кіраванне – адсутнасць войнаў. Гэта зразумела. Моцныя суседзі – Расія, Аўстрыя і Прусія не жадалі разбурэння слабай дзяржавы, якая была бар’ерам паміж імі. Аднак ва ўнутраных справах кароль не меў ніякіх рычагоў уціску. Аўгуст ІІІ увесь час жыў у Дрэздэне, сталіцы свайго герцагства, дзе ён быў абсалютным уладаром, а Рэч Паспалітую наведваў пад час сеймаў і паляванняў. Пасля яго смерці карона Рэчы Паспалітай пад уціскам Кацярыны ІІ, рускай імператрыцы, дасталася яе фаварыту Станіславу Аўгусту Панятоўскаму (1764-1795 гг.), які стаў апошнім каралём Рэчы Паспалітай і вялікім князем Літоўскім. Панятоўскі быў стаўленнікам Чартарыйскіх, якія ваявалі супраць Патоцкіх і іх кандыдата – Караля Радзівіла. Так, без міжусобіц не абыходзілася ні водная элекцыя – выбранне караля. Але на канвакацыйным і элекцыйным сеймах не дзейнічала права “liberum veto”, таму Чартарыйскія паспрабавалі правесці шэраг рэформ па ўмацаванню дзяржавы, якія шляхта правальвала на вальных сеймах. Перад выбраннем новага караля былі прыняты рашэнні: аб усталяванні рэгламенту сеймавых паседжанняў; аб адмене права “liberum veto” у вырашэнні гаспадарчых спраў; праведзены змены ў фінансавай і судовай сістэмах. Былі адменены ўнутраныя гандлёвыя пошліны, праведзена рэвізія дзяржаўных маёнткаў. На сейме 1766 г. шляхта адкрыта выступіла супраць гэтых рэформ, якія падрывалі “залатыя шляхецкія вольнасці” і запрасілі дапамогі ў Расіі. Рускі пасол Рапнін выставіў ультыматум – вярнуць “liberum veto” і ўраўняць“дысідэнтаў” – праваслаўных у правах з католікамі. У падтрымку гэтых патрабаванняў у 1767 г. былі створаны Слуцкая канфедэрацыя праваслаўнай шляхты і Торуньская канфедэрацыя пратэстанцкай шляхты. Патрабаванні Расіі былі прынятыя ў 1768 г., а рэформы Чартарыйскіх праваліліся. Але шляхта, падбухторваемая каталіцкімі святарамі, рашуча выступіла супраць ураўноўвання праваслаўных у правах з каталікамі. У лютым 1768 г. Юрыем Пуласкім была сабраная Барская канфедэрацыя – супраць праваслаўя і Расіі. Канфедэраты былі разбітыя ўрадавымі польскімі і рускімі войскамі, але паспелі ўцягнуць Расію ў вайну з Турцыяй, якую першая бліскуча выйграла. Адначасова рускія войскі нанеслі шэраг паражэнняў войскам канфедэратаў, якімі кіравалі Міхаіл Пац, Іосіф Сапега, Міхаіл Казімір Агінскі. Апошні быў разбіты А.Суворавам у кастрычніку 1772 г. пад Сталовічамі каля сучасных Баранавіч.