дакумент-1:
Узята з: (Гісторыя Беларусі / А.Л. Абецэдарская, П.І. Брыгадзін, Л.А. Жылуновіч і інш; пад рэд. А.Г. Каханоўскага і інш. – Мінск: Экаперспектыва, 1996. – 496 с)
Уваходжанне беларускіх зямель у склад Вялікага Княства Літоўскага істотна паўплывала не толькі на этнічную кансалідацыю, але і на развіццё матэрыяльнай, духоўнай культуры беларускага народа. Гэты працэс адбываўся пры разнастайных культурных сувязях насельніцтва Беларусі з іншымі краінамі, а таксама з народамі, якія ўваходзілі ў склад адзінай шматэтнічнай дзяржавы. Высокі культурны ўзровень, колькасная і тэрытарыяльная перавага ўсходнеславянскага насельніцтва ў параўнанні з іншымі народамі садзейнічалі таму, што пачынаючы з XIV ст. менавіта беларуская культура адыгрывала важную, а ў асобных выпадках і вызначальную ролю ў культурым жыцці Вялікага Княства Літоўскага.
Беларуская культура ўзнікла і развівалася на старажытных усходнеславянскіх традыцыях. На яе развіццё значна паўплывалі перадрэнесансныя і рэнесансныя ідэі. У выніку культура беларускага народа ў сярэдзіне XIII— сярэдзіне XVII ст. набыла арыгінальныя рысы, нацыянальную самабытнасць і дасягнула найвышэйшага ўздыму.
Інтэнсіўна развівалася матэрыяльная культура. У гэты час узніклі і пашырыліся новыя формы і спосабы апрацоўкі глебы, арганізацыі земляробства. Двухпольны севазварот паступова змяніўся трохпольным, што дало магчымасць у буйных феадальных гаспадарках вырошчваць збожжа на продаж. 3 землеапрацоўчых прылад працы сталі шырока выкарыстоўвацца вырабы мясцовых рамеснікаў, такія як сохі, бароны, сярпы, цапы і інш.
Цэнтрамі рамяства і гандлю сталі гарады і буйныя мястэчкі. Развітымі відамі рамесніцкай дзейнасці была апрацоўка скур, выраб з іх абутку, адзення, рэчаў гаспадарчага і хатняга ўжытку. 3 другой паловы XVI ст. шырока распаўсюджваліся ганчарныя вырабы, з'явілася аднакаляровая і паліхромная кафля. Паліхромная рэльефная кафля выраблялася ў Гародні, Заслаўі, Лагойску, Оршы і Менску. Разам з разнастайнымі вырабамі традыцыйных рамёстваў (ткацтва, апрацоўка металаў, дрэва, косці) на Беларусі ў XVI ст. распаўсюджваюцца выраб паперы, шкла, кнігадрукарства.
Духоўная творчасць беларускага народа адлюстравалася ў фальклоры, песенным, харэаграфічным і музычным мастацтве. У XIII — першай палове XVII ст. далейшае развіццё атрымала вусна-паэтычная народная творчасць. На Беларусі ўзнікае новы эпічны жанр — гістарычныя песні і паданні, якія прысвячаліся барацьбе беларускага народа супраць іншаземных захопнікаў. Значнае месца ў вуснай народнай творчасці займала абрадавая паэзія. У адпаведнасці з асноўнымі этапамі сельскагаспадарчых работ яна падзялялася на зімовы, веснавы, летні і восеньскі цыклы. Таксама шырока былі прадстаўлены сямейна-абрадавая паэзія, лірычныя песні. Мудрасць народа, яго жыццёвы і гаспадарчы вопыт знаходзілі адлюстраванне ў казках, прыказках, прымаўках і загадках. Невыпадкова многія з іх сталі ўзорамі сапраўднага фальклору і на працягу многіх стагоддзяў захоўваліся ў якасці выдатных твораў беларускага народа.
Абрадавая паэзія, калядаванне і шчадраванне, хаджэнні валачобнікаў на Вялікдзень, купальскія карагоды заўсёды суправаджалі музыкі. Удзельнікамі народных свят былі скамарохі, якія выступалі з драматычнымі і камічнымі інтэрмедыямі. Вандроўныя акцёры карысталіся рознымі струннымі і ўдарнымі інструментамі (гудкамі, свістулькамі, дудамі, трубамі, рагамі, бубнамі, свірэлямі, сурнамі, скрыпкамі). У XVII ст. у Смаргоні была створана спецыяльная акадэмія, дзе рыхтавалі акцёраў і дрэсіравалі мядзведзяў. Выступленні скамарохаў садзейнічалі ўзнікненню ў XVI ст. народнага лялечнага тэатра — батлейкі, які меў сінтэтычны характар, уключаў песні, танцы, маналогі, дыялогі.
У XV — XVI стст. на Беларусі склаліся пэўныя перадумовы для развіцця культуры Адраджэння. Гарады сталі цэнтрамі ажыўленай грамадска-палітычнай дзейнасці, пашырыліся іх узаемасувязі з краінамі Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. Інтэнсіўна развіваліся кнігадрукаванне, адукацыя, шырылася цікавасць да культурных каштоўнасцяў антычнасці. У асяроддзі гараджан і шляхты распаўсюджваліся ідэі Рэфармацыі і гуманізму, мецэнацтва. Даволі хутка ішоў працэс станаўлення беларускай мовы і пашырэння пісьменнасці. Спецыфічнай рысай Адраджэння на Беларусі была наяўнасць на працягу пэўнага перыяду адноснай верацярпімасці, узаемадзеяння і ўзаемаўплыву беларускай, рускай, украінскай і польскай культур, што абумовіла полілінгвізмлітаратуры гэтага перыяду. Да 1696 г. беларуская мова выконвала ролю дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім. На ей былі створаны выдатныя помнікі грамадска-прававой думк і — Статуты Вялікага Княства Літоўскага (1529, 1566, 1588), накіраваныя на ўмацаванне дзяржаўна-юрыдычнага суверэнітэту краіны.
Своеасаблівай энцыклапедыяй гістарычных ведаў эпохі сярэднявечча сталі летапісы — Летапісец вялікіх князёў літоўскіх, Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага, Хроніка Быхаўца і інш. У летапісах адлюстраваны гістарычнае мінулае нашага народа, вядучыя грамадска-палітычныя ідэі эпохі, паказана дзейнасць гістарычных асоб.
У пачатку XV ст. на беларускіх землях жыў і ствараў шматлікія творы Рыгор Цамбла к — выдатны славянскі царкоўны дзеяч і пісьменнік, які ў 1415 — 1419 гг. з'яўляўся мітрапалітам Вялікага Княства Літоўскага. Цамблак унёс у беларускую літаратуру гуманістычныя ідэі, узбагаціў яе яркімі творамі, напісанымі ў экспрэсіўна-эмацыянальным стылі.
Тытанічнай постаццю эпохі Адраджэння быў Францыск Скарына (каля 1490 — каля 1551) — вучоны, пісьменнік, перакладчык, гуманіст і асветнік, які аказаў значнае ўздзеянне на развіццё беларускай культуры, даў беларускаму народу друкаваную кнігу на яго роднай мове. У Празе на працягу 1517 — 1519 гг. Ф.Скарына надрукаваў 23 кнігі Бібліі, а ў Вільні заснаваў друкарню, дзе выпусціў "Малую падарожную кніжку" (1522) і "Апостал" (1525).
Заснаванне на Беларусі кнігадрукавання адкрыла небывалыя магчымасці для развіцця асветы, навукі і культуры. Выданні Ф.Скарыны арганічна спалучалі традыцыі беларускага мастацтва з вопытам еўрапейскага кнігадрукавання. Ва ўяўленні Ф.Скарыны Біблія была скарбніцай не толькі рэлігійных, але і свецкіх ведаў, адной з крыніц "семи наук вызволеных".
Ф.Скарына, як і гуманісты Італіі, бачыў у ведах сродак барацьбы з руцінай, невуцтвам, цемрашальствам, шлях да павышэння нацыянальнай самасвядомасці і індывідуалізацыі асобы.
Ф.Скарына быў заснавальнікам жанру прадмоў да чытача. Яго прадмовы да розных выданняў культавых кніг трывала ўвайшлі ў літаратурны ўжытак. У іх першадрукар выкарыстаў моўны народны матэрыял. Усе прадмовы і пасляслоўі Ф.Скарыны прасякнуты клопатам аб разумным упарадкаванні грамадства, выхаванні чалавека, усталяванні дастойнага жыцця на зямлі.
Высокім пачуццём — любоўю да Радзімы — асветлены яго творы: "Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыне, знають ямы своя; птици, летающие по въздуху, ведають гнезда своя; рибы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть бо бозе, к тому месту великую ласку имають".
У скарбніцу еўрапейскай культуры ўвайшла літаратурная спадчына беларускага паэта-гуманіста Міколы Гусоўскага (1470? —каля 1533). Пяру Гусоускага належаць тры паэмы, больш за 10 вершаў, але гімнам Бацькаўшчыне, паэмай жыцця стала " Песня пра зубра ", якую ён напісаў у 1522 г. у Рыме на лацінскай мове. Пясняр прыроды, працы і свабоднага чалавека, паэт выказаў гарачую любоў да роднай зямлі, з вялікай мастацкай сілай намаляваў жыццё простых людзей, гераічнае мінулае свайго народа, стварыў паэтычны вобраз Вітаўта, асудзіў міжусобныя войны.
У 1523 г. "Песня пра зубра" была выдадзена ў кракаўскай друкарні.
Першая на сучаснай тэрыторыі Беларусі друкарня пачала дзейнічаць у 1550 — 1570 гг. ў Бярэсці пад апекай канцлера Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага. Першая кірылічная кніга ў межах сучаснай Беларусі была надрукавана ў Нясвіжы (1562). У XVI ст. друкарні існавалі і ў іншых мястэчках Беларусі: Заблудаве, Лоску, Цяпіне. У Заблудаве рускія першадрукары Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец выдалі "Евангелле вучыцельнае" (1569).
Традыцыі Ф.Скарыны і М.Гусоўскага працягвалі выдатныя пісьменнікі-гуманісты Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Лявонцій Карповіч, Мялецій Сматрыцкі, Лаўрэнцій Зізаній, якія выступалі супраць нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту, прызнавалі індывідуальны розум асноўнай крыніцай пазнання.
Таленавітым публіцыстам пачатку 60-х гг. XVI ст., вядомым грамадска-палітычным дзеячам пратэстанцкага кірунку быў Сымон Будны (каля 1530 — 1593). У 1560 г. віленскі ваявода і канцлер Вялікага Княства Літоўскага Мікалай Радзівіл прызначыў яго пастырам клецкай саборнай царквы кальвіністаў. У 1562 г. Сымон Будны ў Нясвіжскай друкарні выдаў на беларускай мове свой "Катэхізіс", які стварыў для простых людзей. Ён імкнуўся да таго, каб усе, хто хоча дасягнуць "истины разумения", звярталіся да гэтай кнігі, а таксама "деток своих поучали".
У 70-я гг. Сымон Будны разгарнуў інтэнсіўную грамадска-палітычную дзейнасць, выдаў Біблію (1572), Новы Запавет (1574), працу "Аб галоўных палажэннях хрысціянскай веры" (1576). Пісьменнік-публіцыст палемізаваў з езуіцкімі тэолагамі, абвяргаў дагмат пра бессмяротнасць душы, самым надзейным аўтарытэтам у справах веры і пазнання лічыў Біблію, заклікаў да развіцця беларускай культуры, роднай мовы.
Сучаснікам і аднадумцам Сымона Буднага быў Васіль Цяпінскі (? — каля 1599), які бачыў у паланізацыі феадальных вярхоў Вялікага Княства Літоўскага смяротную пагрозу развіццю нацыянальнай культуры беларускага народа. У 70-я гг. XVI ст. на свае сродкі ў маёнтку Цяпіна ён заснаваў друкарню, дзе выдаў "Евангелле", тэкст якога надрукаваў на царкоўнаславянскай і беларускай мовах. У прадмове да "Евангелля" ён выявіў сябе палымяным абаронцам нацыянальнай культуры.
У паслялюблінскі перыяд на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага шырокую дзейнасць дзеля ўмацавання каталіцкай царквы разгарнулі езуіты. Яны стварылі шырокую сетку агульнадаступных бясплатных школ. У 1570 г. у Вільні была заснавана (сярэдняя адукацыйная школа) езуіцкая калегія, якая пры каралі Стэфане Баторыі ператварылася ў акадэмію (першую ВНУ, на тэрыторыі этнаграфічнага рассяялення беларусаў). З'яўленне езуітаў у Вялікім Княстве Літоўскім паклала пачатак каталіцкай контррэфармацыі. Ва ўмовах міжканфесійнай барацьбы літаратура становіцца магутным ідэалагічным сродкам.
У перыяд контррэфармацыі значную ролю ў развіцці культуры Беларусі адыгрывалі праваслаўныя брацтвы, прадстаўнікі якіх тэарэтычна абгрунтоўвалі юрыдычныя правы праваслаўнай царквы. Для распаўсюджвання сярод народа пісьменнасці брацтвы адкрывалі прыхадскія школы, арганізоўвалі друкарн і, выдавалі кнігі. Пачатковыя і сярэднія школы былі адкрыты ў Вільні, Бярэсці, Пінску, Слуцку, Менску і Магілёве. Брацкія друкарні ў канцы XVI — першай палове XVII ст. дзейнічалі ў Вільні, Еўі, Магілёве. Выдаўцы выпускалі рэлігійна-культавыя і школьныя кнігі: "Евангелле вучыцельнае" (1569), "Псалтыр з Часаслоўцам" (1570), "Граматыка славенска" (1596) і інш. Друкарня Мамонічаў выпусціла першыя ў беларускім кнігадрукаванні кірылічныя выданні прававога характару: "Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага" (1586) і "Статут Вялікага Княства Літоўскага" (1588).
Вострай палітычнай накіраванасцю і каларытнай жывой мовай гэтага часу вылучаюцца парадыйна- сатырычныя творы канца XVI ст. – " Прамова Мялешкі " і " Ліст да Абуховіча " " Пасланне апосталу Пятру ".
Ананімны твор " Прамова Мялешкі " ўяўляе сабой літаратурную пародыю на соймавую прамову, сатыру на грамадска-палітычныя парадкі, якія панавалі ў Рэчы Паспалітай. Асабліва асуджаецца тая частка феадальнай знаці, якая ў пагоні за ўсім іншаземным знішчае свае нацыянальныя традыцыі.
Наваградскі шляхціц Цыпрыян Камунякаў "Л ісце да Абуховіча " ў сатырычнай форме паказвае амаральнасць і прадажнасць службовай шляхты, выступае супраць засілля "пальшчызны" на беларускіх землях.
Парадыйна-сатырычныя творы садзейнічалі далейшай дэмакратызацыі літаратуры, узмацненню ў ёй крытычнага пачатку, народнага гумару і сатыры.
У перыяд контррэфармацыі асаблівага росквіту дасягнула царкоўна-палемічная публіцыстыка. У 1577 г. у Віленскай друкарні Мікалая Крыштафа Радзівіла выйшла ў свет кніга вядомага царкоўнага дзеяча, заснавальніка полацкага езуіцкага калегіума Пятра Скаргі "Аб адзінстве царквы боскай пад адзіным пастырам", у якой аўтар дае ідэалагічнае абгрунтаванне царкоўнай уніі.
У канцы 80-х гг. палемічную антыкаталіцкую публіцыстыку ўзначалілі палемісты астрожскай школы Герасім Сматрыцкі і Васіль Суражскі. Яны абвяргалі тэндэнцыйныя сцвярджэнні П.Скаргі аб нізкім інтэлектуальным узроўні праваслаўнага насельніцтва, аб непрыгоднасці яго пісьмовай мовы для ўжывання ў розных сферах духоўнага жыцця.
У канцы XVI ст. уплывовы палітычны дзеяч Вялікага Княства Канстацін Астрожскі ў сваёй рэзідэнцыі адкрыў першую грэка-славянскую праваслаўную школу і арганізаваў пры ёй друкарню. 3 дзейнасцю астрожскай школы звязаны першыэтап развіцця палемічнай публіцыстыкі. Яркія замалёўкі непрымірымых сацыяльных канфліктаў дадзены ў кнізе В.Суражскага "О единой истинной православной вере и о святой соборной апостольской церкви" (1588).
Вядомым творам антыўніяцкай публіцыстыкі быў " Апокрысіс " (Вільня, 1597) Х.Філалета, у якім аўтар ярка і вобразна сцвярджае, што царкоўны саюз уніяцкіх епіскапаў з папай рымскім быў абумоўлены імкненнем епіскапаў да матэрыяльных выгод і высокіх дзяржаўных пасад.
Значны след у развіцці палемічнай публіцыстыкі пакінуў архімандрыт віленскага Святадухаўскага манастыра, рэктар брацкай школы Лявонцій Карповіч (1580 — 1620). Яго "казанні" змяшчаюць глыбокія разважанні пра сэнс жыцця і маральную чысціню чалавека, вылучаюцца ўзвышаным барочным стылем.
Адно з вядучых месцаў у літаратурным працэсе Беларусі канца XVI — першай паловы XVII ст. займае творчасць Мялеція Сматрыцкага (1577 — 1633). У 1610г. пад псеўданімам Тэафіла Арталога на польскай мове выдаў свой найбольш значны твор "Фрынас", у якім ад імя маці-царквы, якая з'яўлялася сімвалам прыгнечнай радзімы, заклікаў народы Беларусі і Украіны да аб'яднання супраць каталіцьізму. Непадалёку ад Вільні ў мястэчку Еўе М.Сматрыцкі займаўся педагагічнай дзейнасцю, выкладаў "свабодныя" навукі. У 1619 г. тут выйшла яго "Граматыка славенска", якая стала шырокавядомай не толькі ў славянскіх краінах, але і ў Заходняй Еўропе. М.Сматрыцкі ў значнай ступені абапіраўся на "Граматыку славенску" (1596) Л.Зізанія. Упершыню ў гісторыі славянскага мовазнаўства ён склаў поўны курс граматыкі — арфаграфію, этымалогію, сінтаксіс і прасодыю. Гэта навуковая праца абяссмерціла яго імя ў вяках.
Прадстаўніком дэмакратычнага напрамку ўцаркоўна-палемічнай публіцыстыцы быў Афанасій Філіпові ч (1597 — 1648). У шматлікіх публіцыстычных артыкулах, аб'яднаных у звод пад назвай " Дыярыуш " (1646), ён змагаўся з палітычнай несправядлівасцю Рэчы Паспалітай, пагражаў свецкім феадалам "страшным божым судом", заклікаў да барацьбы супраць каталіцкай экспансіі.
У другой палове XVI ст. традыцыйнае летапісанне, па сутнасці, спынілася. Шырокае развіццё атрымала гісторыкамемуарная літаратура (" Допісы " аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага, мемуары наваградскага падсудка Фёдара Еўлашэўскага, "Баркулабаўская хроніка" і інш.).
У " Баркулабаўскай хроніцы " мемуарыст распавядае пра страшны голад на беларускай зямлі ў пачатку XVII ст., калі "так мерли одны пры местах, на вулицах, па дорогах, по лесах, на пустыни, при роспутиях, по пустых избах". Аўтар паказвае простых людзей, іх цяжкую працу і быт, апісвае Бярасцейскі царкоўны сабор 1596 г. Гісторыка-мемуарная літаратура па сваім характары была прасякнута свецкімі матывамі. Аўтары ўслаўлялі інтарэсы чалавека незалежна ад яго сацыяльнага паходжання, што абумовіла далейшае паглыбленне дэмакратызацыі і гуманізацыі літаратурнага працэсу на Беларусі ў канцы XVI — першай палове XVII ст.
Плённа развівалася сілабічная паэзія, ля вытокаў якой стаялі Я.Вісліцкі, А.Рымша, С.Полацкі. Ф.Утчыцкі, І.Іяўлевіч Асаблівасць беларускай паэзіі пачатку XVI ст. — стварэнне вершаваных твораў на лацінскай мове, шырокае бытаванне гістарычных паэм, панегірычных эпіграм, элегій. У гістарычнай паэме Яна Вісліцкага "Пруская вайна" (1516) услаўляецца перамога пад Грунвальдам.
Выдатным дасягненнем усёй старажытнай культуры ўсходніх славян былі зборнікі Сімяона Полацкага (1629 — 1680) "Псалтыр рыфмаваная", "Вертоград многоцветный" і "Рифмологион". У сваіх вершах паэт усхваляў высокае прызначэнне чалавека, асвятляў шматлікія грамадска-палітычныя падзеі, падымаў маральна-філасофскія і сямейна-бытавыя праблемы, палемізаваў з кансерватыўнымі прадстаўнікамі царкоўнай іерархіі. С.Полацкі ачысціў паэтычную мову ад уплыву гутарковай стыхіі і наблізіў яе да рытарычна-дэкламацыйных традыцый старажытнага віційства.
У развіцці архітэктуры на беларускіх землях спалучаліся нацыянальныя і заходнееўрапейскія традыцыі, якія прынеслі на Беларусь гатычны, раманскі стылі і стыль барока. Творча пераасэнсоўваючы гэту спадчыну, беларускія майстры стварылі самабытныя і арыгінальныя помнікі дойлідства.
У сувязі з пастаяннай знешняй небяспекай у гэты час было пабудавана шмат крэпасцяў і замкаў. Адным з модных абарончых збудаванняў стаў замак у Наваградку, які быў абнесены мураванымі сценамі і шмат'яруснымі вежамі. Адначасова з'явіліся замкі ў Лідзе, Крэве, Гародні, якія разам з мураванымі і драўлянымі замкавымі пабудовамі іншых гарадоў і мястэчак Беларусі стваралі абарончую сістэму агульнадзяржаўнага значэння.
Абарончы характар насіла архітэктура замкаў у Смалянах і Койданаве. У пачатку XVI ст. магнацкім родам Ільінічаў была пабудавана жамчужына беларускага каменнага дойлідства — Мірскі замак.
Дойліды дасягнулі высокага мастацкага ўзроўню ў культавай архітэктуры. Быў створаны новы стыль — беларуская готыка, узорамі якой сталі цэрквы абарончага характару ў Сынкавічах, Мала-Мажэйкаве (Мураванцы), Супраслі і Заслаўі. У другой палове XVI ст. на Беларусі пачалі з'яўляцца культавыя пабудовы ў стылі рэнесансу (пратэстанцкі сабор у Смаргоні і каталіцкі касцёл у Нясвіжы). 3 канца XVI ст. узводзяцца барочныя помнікі — езуіцкі касцёл у Нясвіжы, які быў пабудаваны архітэктарам-італьянцам Дж.М.Бернардоні. Барочнай архітэктуры ўласціва прасторавая разгорнутасць, ансамблевасць і дынамічнасць кампазіцыі.
У выяўленчым мастацтве Беларусі пашыраюцца іканапіс, фрэскі, дэкаратыўная скульптура палацаў і культавых пабудоў. Найбольшую цікавасць сярод твораў жывапісу таго часу выклікаюць абразы "Адзігітрыі Іерусалімскай" з пінскай Варварынскай царквы, "Замілаванне" з Маларыты. У другой палове XVI ст. у іканапісе адчуваюцца рысы Адраджэння, кампазіцыі вызначаюцца прасторавасцю пабудовы, з'яўляюцца элементы бытавога характару (абраз "Нараджэнне Маці Боскай" Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649). Фоны абразоў часта ўпрыгожваліся разьбяным залачоным арнаментам, які надаваў твору дэкаратыўнасць.
У XV ст. з'яўляюцца творы свецкага жывапісу — партрэты княгіні Ганны Радзівіл, слуцкага князя А. Алелькавіча, вядомага магната Аляксандра Хадкевіча і інш. Структура сістэмы размалёвак становіцца больш адвольнай, насычанай канкрэтнымі дэталямі. 3 канца XVI ст. у жывапісе акрамя партрэтнага ўзнікаюць гістарычны, батальны і іншыя жанры.
У скульптуры гэтага часу назіраецца цікавасць да рэальнага чалавека, вобразам надаюцца рысы індывідуальнасці. Выразнасць пластычнай мовы вызначае кампазіцыю "Марыя з дзіцем" у Нясвіжы.
У XV — XVII стст. пры Слуцкім, Супрасльскім, Пінскім, Ляшчынскім манастырах існавалі бібліятэкі. Ствараліся яны таксама пры калегіумах у Гародні, Бярэсці, Менску, Наваградку і інш., фарміраваліся буйныя прыватнаўласніцкія зборы — наваградскага ваяводы, канцлера Вялікага Княства Літоўскага Альбрэхта Гаштольда, Радзівілаў, Сапегаў.
Такім чынам, менавіта XIII — XVII стст. сталі тым часам, калі культура беларускага народа, развіваючыся на ўласнай аснове, узбагацілася здабыткамі сусветнай цывілізацыі і актыўна ўключылася ў агульнаеўрапейскі культурна-гістарычны працэс. (канец тэкста)