Таксама мы просім памятаць, што любая магічная дзейнасць сярод чальцоў немагічнай супольнасці (маглаў) з’яўляецца сур’ёзным правапарушэннем. (адпаведна артыкулу 13, статуту аб сакрэтнасці Сусветнай канфедэрацыі ведзьмакоў.)
Прыемных вакацый!
З шчырай павагаю,
Мафальда Гопкірк
Аддзел па адсочванню неправамернага выкарыстання магіі пры
Міністэрстве Магіі”
Гары адарваў вочы ад ліста і зглынуў.
- Ты нічога не сказаў нам аб тым, што цябе забаронена чараваць па-за межамі школы,- сказаў дзядзька Вернан, у яго вачах танчылі шалёныя агенчыкі.- Што, няўжо забыўся... ці можа з памяці спусціла..?
Ён насоўваўся на Гары, выскаліўшы зубы быццам вялізарны бульдог.
- У мяне ёсць для цябе адна навіна... ты будзеш замкнёны... і ты аніколі не вернешся да сваёй школы... ніколі... а калі ты паспрабуеш скарыстацца магіяй... яны тым больш цябе выкінуць!
З вар’яцкім смехам, дзядзька пацягнуў Гары наверх.
Усё сталася па яго слову. Наступнай раніцай, дзядзька выклікаў майстра, які ўсталяваў на вокны гарынага пакою цяжкія краты. А сам містэр Дурслі прарэзаў у дзвяры гарынага пакою адтуліну, як быццам для коткі, праз якую тройчы на дзень, хлопцу падавалася крыху ежы. Ранніцай і ў вечары, Гары выводзілі, каб той мог скарыстацца ваннай і прыбіральняй. Астатні час, хлопчык быў замкнёны ў пакоі.
*
Мінула тры дні, з боку Дурслі не выявілася аніякіх прыкметаў паляпшчэння яго становішча, а Гары не мог прыдумаць аніякага выйсця. Яму засталося толькі ляжаць на сваім ложку, назіраць, як сонечны дыск заходзіць за краты яго вакна і са шкадаваннем разважаць над тым, што з ім цяпер будзе.
Што будзе добрага, калі ён скарыстаецца магіяй, калі яго ўсё адно са школы выкінуць? Але цяпер, калі Дурслі даведаліся, што не прачнуцца зранку крыланамі і хлопчык згубіў сваю апошнюю зброю, яго становішча пагоршылася ніжэй чым колісь за ўсё яго жыццё. Добі выратаваў Гары ад жудасных падзей, што павінны адбыцца ў Хогвартсе, але што яму з таго, калі цяпер ён, напэўна ўсё адно памрэць з голаду.
Каціная адтукліна з грукатам адчынілася і адтуль паказалася цёткіна рука з талеркаю кансэрваванага супу. Гары, чые вантробы невыносна пакутавалі ад голаду, імгненна саскочыў з ложку і падняў талерку. Суп быў страшэнна халодным, тым ня меньш хлопчык выпіў адным глытком большую частку. Потым, перасекшы пакой, ён падыйшоў да савінай клеткі і вытрас на яе талерачку волкую гародніну. Хэдвіг натапырыла пер’е і зірнула на гаспадара з глыбокай агідаю.
- Ня трэба круціць дзюбаю, гэта ўсё што мы маем,- змрочна сказаў ёй Гары.
Хлопчык пакінуў пустую талерку ля адтуліны і зноўку лёг на ложка. Ён адчуваў сябе яшчэ больш галодным.
Гары спадзяваўся, што ўсё ткі пражыве яшчэ чатыры тыдні. Цікава, што будзе, калі ён не аб’явіцца ў Хогвартсе? Ці дашлюць каго-небудзь, каб высвятліць, чаму ён адсутнічае? Ці яны здолеюць прымусіць Дурслі, каб яны яго выпусцілі?
Тым часам яго пакой ахутала цемрай. Адначасова змучаны буркатаннем ў жываце і крутанінай ад невырашальных пытанням ў галаве, Гары праваліўся ў неспакойны сон.
Ён прысніў, што апынуўся ў заапарку, дзе сядзеў на ложку з саломы у клетцы, да якой была прыбіта шыльда “Непаўнагадовы чараўнік”. Людзі пазіралі на яго, змучанага і згаладалага. Потым у натоўпе ён заўважыў твар эльфа Добі, Гары паклікаў яго, просячы аб дапамозе, але той крыкнуў хлопчыку ў адказ: “Цяпер Гары Потэр у бяспецы, сэр!” і знік. Пасля да яго завіталі Дурслі, і Дадлі, голасна рагочучы, пачаў грукаць па кратах яго клеткі.
- Супыніся,- прамармытаў Гары, калі стук пачаў аддавацца болем у яго галаве.- Пакінь мяне ў супакое... Годзе... Я спаць хачу...
Гары расплюшчыў вочы. Праз краты на вакне яму ў твар свяцілася месячнае святло. Адтуль жа на яго глядзеў нехта – рабаціністы, рудавалосы і доўганосы.
З надворку на Гары пазіраў Рон Візлі.
РАЗДЗЕЛ ІІІ
Логавішча
- РОН?!- выдыхнуў Гары, ён падлез да вакна і адчыніў яго, каб мець магчымасць пагаманіць з сябрам праз краты.- Рон, як ты... Што..?
Гледзішча, якое адкрылася хлопчыку ў наступнае імгненне прымусіла Гары раскрыць рота. Рон высоўваўся з задняй сядушцы старога бірузовага аўтамабіля, які папросту вісеў у ПАВЕТРЫ. Зпераду на Гары ўсміхаючыся спазіралі старэйшыя ронавы браты, блізняты Фрэд і Джордж.
- Як маешся, Гары?
- Што ў цябе тут тварыцца?- спытаўся Рон.- Чаму ты не адказваў на мае лісты? Я даслаў цябе ажно дванаццаць запрашэнняў у госці, а потым тата прыйшоў з працы і расказаў, што ты атрымаў афіцыйнае папярэджанне за карыстанне магіяй перад магламі...
- Гэта быў не я... а адкуль ваш бацька пра гэта даведаўся?
- Ён у міністэрстве працуе,- адказаў яму Рон.- Гары, ты ж ведаеш, што нам забаронена чараваць па-за школай...
- І гэта ТЫ мне кажаш?- пазіраючы на лятаючы аўтамабіль, прамовіў Гары.
- Гэта не лічыцца,- адказаў Рон,- мы яе толькі пазычылі, яе тата зачараваў, не мы. А вось чараваць перад магламі, сярод якіх ты жывеш...
- Я ж сказаў вам, што гэта быў не я... доўга тлумачыць. Слухайце, ці вы не можаце сказаць у Хогвартсе, што Дурслі мяне замкнулі і не дазваляюць вярнуцца ў школу, а магіяй я скарыстацца не змагу, таму што міністэрства вырашыць, што я выкарыстаў другую замову за якіясь тры дні і...
- Кідай сваю балбатню,- адказаў яму сябра.- Мы прыехалі, каб забраць цябе з сабой.
- Але ж вам таксама забаронена чараваць, як і...
- А мы і не збіраліся, - прамовіў Рон тузануўшы галавой на пярэднюю сядушку,- але, пэўна ты забываешся, хто тут са мной.
- Абкруці гэта вакол кратаў,- кінуўшы Гары вяроўку, заявіў Фрэд.
- Калі Дурслі штось пачуюць, яны мяне заб’юць,- надзейна прывязваючы да кратаў вяроўку заўважыў Гары, тым часам Фрэд націснуў на газ.
- Не турбуйся,- сказаў ён Гары.- А цяпер адсунься.
Гары адсунуўся ў цень, дзе стаяла клетка з Хэдвіг, якая здавалася разумела ўсю важкасць моманту, таму сядзела не выдаваючы ані гука. Машына усё больш набірала хуткасць, яе равенне рабілася гучней і, нарэшце, калі Фрэд пусціў машыну ўперад, краты былі адарваны ад сцяны... Гары ізноў падбег да вакна і ўбачыў як яны паволі боўталіся на вяроўцы ў колькіх футах ад зямлі. Рон запыхаўшыся зацягнуў краты ў машыну. Гары з трывогай прыслухаўся, але з дурслеўскай спальні не адчувалася ані гуку.
Калі краты занялі сваё месца на задняй сядушцы разам з Ронам, Фрэд, як мага бліжэй падляцеў да гарынага вакна.
- Забірайся сюды,- клікнуў яму Рон.
- Але ўсе мае хогвартскія рэчы... палачка... мятла...
- Дзе яны?
- Замкнуты ў каморы пад лесвіцай, а я не магу выйсці з пакоя...
- Няма праблемаў,- з пярэдняй пасажырскай сядушцы адказаў Джордж.- Адсунься.
Праз вакно Фрэд і Джордж асцярожна праслізнулі ў гарын пакой. Гары вырашыў, што блізнятам трэба аддаць належнае, калі Джордж выцягнуў з кішэні звычайную шпільку і прыняўся калупаць ёй ў замке.
- Сярод чараўнікоў шмат хто лічыць падобныя маглаўскія штукі дарэмнай стратай часу,- заявіў Фрэд,- але мы мяркуем, што ім варта навучыцца, хаця яны і запавольныя.
Нешта ціхінька пстрыкнула і дзверы адчыніліся.
- Так... мы спускаемся ўніз па тваю валізу... а ты хапай ўсё, што цябе спатрэбіцца ў гэтым пакоі і перадавай Рону,- прашапатаў хлопчыку Джордж.
- Уважлівей на ніжняй прыступцы,- калі блізняты зніклі ў цёмным калідоры, гукнуў Гары- яна рыпіць.
Хлопчык гойсаў уздоўж пакоя, збіраючы свае рэчы і перадаваючы іх праз вакно Рону. Потым кінуўся, каб дапамагчы блізнятам падняць валізу па сходах. Тут Гары пачуў, як закашляў у сваім пакоі дзядзька Вернан.
Нарэшце, цяжка дыхаючы, яны падняліся на другі паверх, дацягнулі валізу да пакоя і сунулі ў раскрытае вакно. Фрэд забраўся назад у машыну, каб дапамагчы Рону, а Гары з Джорджам штурхалі яе з пакоя. Пакрысе, цаля за цаляй валіза пачала пралазіць у вакно.
Дзядзька Вернан зноў закашляўся.
- Яшчэ крыху,- прамовіў запыхаўшыйся Фрэд,- Яшчэ адзін добры штуршок...
Гары і Джордж добра націснулі на валізу плячыма і тая ў рэшце рэшт апынулася ў машыне.
- ОК, рушылі,- прашапатаў Джордж.
Але, як толькі Гары паставіў нагу на падваконнік, ён пачуў за спіной гучнае вухканне, а следам за ім грымотападобны голас містэра Дурслі.
- ДЗЯБЛАВА ПТУШКА!
- Я забыўся на Хэдвіг!
Праз увесь пакой Гары кінуўся да клеткі з савой... у калідоры запалілася святло. Хлопчык праз вакно перадаў клетку Рону. Ён ўжо зноў стаяў на камодзе, калі дзядзька бухнуў па дзярах... і яны з грукатам адчыніліся.
Дзелю секунды, Вернан разважаючы стаяў у дзярах, а потым, заравеўшы, як той рассвірапелы бык, кінуўся да Гары і схапіў яго за шчыкалатку.
Рон, Фрэд і Джордж схапілі гарыны рукі і з усяе моцы пацягнулі на сябе.
- Пятунья!- заравеў дзядзька.- Ён вырашыў збегчы! ЁН ЗБЯГАЕ!
Браты Візлі з апошніх сіл пацягнулі Гары на сябе і яго нага выслізнула з дзядзькавых рук. Як толькі хлопчык апынуўся ўсярэдзіне, дзверы зачыніліся.
- Націскай на газ, Фрэд!- прагаласіў Рон і машына знянацку прыпусціла кудысь у бок месяца.
Гары ня верыў у гэта – ён быў вольным. Ён апусціў шкло на дверцы і начное паветра пачало церабіць яго валоссе. Гары зірнуў на змяньшаючыеся дахі на Прайвет Драйв. Знямелыя дзядзька Вернан, цётка Пятунья і Дадлі ўсё яшчэ вызіралі з вакна яго пакою.
- Да наступнага лета!- крыкнуў ім Гары.
Браты Візлі голасна зарагаталі. Гары адкінуўся на сядушку. На яго твары ад вуха да вуха залунала ўсмешка.
- Выпусці Хэдвіг з клеткі,- прапанаваў Рон.- Няхай ляціць следам за намі. Яна ўжо сто год як крылы не распраўляла.
Джордж перадаў Рону шпільку і праз хвіліну-другую, Хэдвіг вясёла выляцела ў вакно і нібы здань, заслізгала ў паветры следам за імі.
- Ну... расказвай,- у нецярплівасці прамовіў Рон.- Што там у цябе за гісторыя?
Гары распавёў ім аб Добі, аб папярэджані якое той даў і аб падзенні пудзінга з фіялкамі. Калі ён скончыў у машыне на доўгі час запанавала цішыня.
- Усё гэта гучыць вельмі падазрона,- нарэшце прамовіў Фрэд.
- І безумоўна, замудрагеліста,- пагадзіўся Джордж з братам.- І што, ён не сказаў, нават, хто з яго пункту гледжання стаіць за змовай?
- Мяркую, ён не мог сказаць,- сказаў Гары.- Што раз, калі ён мімаходзь кранаўся гэтай тэмы, ён адразу ж пачынаў біцца аб сцяну галавой.
Хлопчык заўважыў, як Фрэд з Джорджам перазірнуліся.
- Ці вы што думаеце, ён мяне падмануў?- спытаўся Гары.
- Ну,- сказаў Фрэд,- магчыма, што так... справа ў тым, што хатнія эльфы валодаюць асаблівай вельмі магутнай магіяй, але звычайна яны не карыстаюцца ёй без дазвола сваіх гаспадароў. Думаю старога Добі даслалі да цябе, каб адхіліць тваё вяртанне ў Хогвартс. Вырашылі, што гэта будзе вельмі смешна. Можаш узгадаць, кагось, хто мае на цябе вока?
- Так,- не дамаўляючыся прамовілі Гары і Рон.
- Драко Малфой,- патлумачыў Гары блізнятам.- Ён ненавідзіць мяне.
- Малфой?- павярнуўшыся да Гары, спытаўся Джордж.- Ці ён не сын Люцыюса Малфоя?
- Магчыма, прозвішча ня вельмі распаўсюджанае, так?- адказаў хлопчык.- А што?
- Я чуў, як тата казаў пра яго.- адказаў Джордж.- Ён быў заўзятым прыхільнікам Сам-Ведаеш-Каго.
- А калі Сам-Ведаеш-Хто знік,- дадаў Фрэд, пазіраючы на Гары праз люстэрка задняга віду,- Люцыюс Малфой вярнуўся да нашай супольнасці і заявіў, што ані да чаго асаблівага ня меў дачынення. Раздзяры яго халера... тата лічыць, што Малфой уваходзіў у блізкі асяродак Сам-Ведаеш-Каго.
Гары ўжо чуў нешта падобнае аб сям’і Малфояў, таму словы блізнятаў яго ані не здзівілі. Драко прымусіў Гары лічыць Дадлі Дурслі дабразычлівым, клапатлівым і чулым хлопчыкам.
- Не вядома, ці ёсць у Малфояў хатні эльф...- заўважыў Гары.
- Ну, эльфамі валодаюць старажытныя і забагатыя чарадзейскія сем’і,- адказаў Фрэд.
- Угу, маці заўжды марыла, каб у нас быў свой хатні эльф,- дадаў Джордж,- каб ён прасаваў бялізну. Але ў нас толькі стары мярзотны гуль на гарышчы і гномы па ўсім садзе. А эльфы жывуць толькі ў старых маёнтках, замках і палацах. У нашым доме ані не спаймаеш нават аднаго...
Гары не казаў анічога. Калі ўлічваць, што ў Драко Малфоя заўжды было ўсё самае найлепшае, золата ў яго сям’і сабакі не лізалі; больш таго Гары з лёгкасцю мог уявіць Малфоя, што носам ўгору расхаджвае па агромістым маёнтку. А ўжо даслаць да Гары сямейнага лёкая, каб той не даў Гары вярнуцца ў Хогвартс, было нечым цалкам на яго падобным. Няўжо Гары быў настолькі дурным, што ўспрыняў сур’ёзна добіны словы.
- А я ўсё роўна рады, што мы прыляцелі за табой,- заўважыў Рон.- Я так хваляваўся, калі не атрымаў ад цябе адказ на свае лісты. Спачатку думаў гэта Эрал, нешта наблытаў...
- Эрал?
- Сямейная сава. Ён ужо вельмі стары. І ён не першы раз губляе пошту. Тады я паспрабаваў скарыстацца Гермесам...
- КІМ?
- Ён таксама сава. Бацькі падаравалі яго Персі, калі таго абралі на прэфекта,- адказаў Фрэд.
- Але Персі не даў яго,- працягнуў Рон,- сказаў, што ён яму самому патрэбны...
- Персі гэтым летам паводзіць сябе задзіўна,- ня ўхвальна прамовіў Джордж.- Ён насамрэч дасылае вельмі шмат лістоў і марнуе купу часу, седзячы затыкнуўшыся ў сваім пакоі... Я маю на ўвазе, гэта ж колькі разоў мажліва было б адпаліраваць свой значык прэфекта... Фрэд, ты зашмат даў на захад,- кажучы на компас на панэлі прыладаў, дадаў ён. Фрэд крутануў стырно ў новым напрамку.
- А ваш тата ведае, што вы ўзялі машыну?- добра ведаючы адказ, спытаўся Гары.
- Ммм, не,- адказаў яму Рон,- ён сёння ў ночы працуе. І я спадзяюся, мы вернем яе ў гараж ранней, чым маці заўважыць тое, што мы адсутнічалі.
- А ваш бацька... чым ён займаецца ў міністэрстве?
- Працуе ў адным з самых сумных аддзелаў,- адказаў Рон.- Камітэт па барацьбе са злаўжываннем маглаўскімі артэфактамі.
- ЧЫМ?
- Гэта звязана з зачараваннем тых рэчаў, якія былі зроблены магламі, на той выпадак, калі яны трапяць у якую-небудзь маглаўскую краму ці хату, разумееш. Напрыклад, у мінулым годзе памерла адна старая вядзьмарка, а яе чайны сервіз трапіў ў антыкварную краму. Адна магелка набыла яго, прынесла да сябе ў хату і прапанавала сваім сябрам гарбаты. Гэта быў сапраўдны жах... бацьке прыйшлося працаваць звышурочна колькі тыдняў.
- А што здарылася?
- Імбрычак ашалеў і пачаў пырскаць на ўсіх кіпнем, а адзін мужчына трапіў у шпіталь з шчыпцамі для цукру, якія моцна схапілі яго за нос. Тата ледзь не звар’яцеў, бо ў яго камітэце працуюць толькі ён і стары вядзмак па прозвішчы Перкінс, каб захаваць усё ў таямніцы прыйшлося накладаць памяцізмяняльную замову на купу народу...
- А ваш тата... я пра гэту машыну...
- Наш тата,- зарагатаў Фрэд,- ледзь не вар’яцее ад усяго, што датычыцца маглаў, наш хлеў ушчэнт перапоўнены разнастайнымі маглаўскімі рэчамі. Ён разбірае іх на часткі, накладае на іх разнастайныя замовы, а потым зноўку збірае. Калі б ён ладзіў рэйд на наш дом, ён быў бы абавязаны арыштаваць сябе самога. Маці ад гэтага папросту шалее.
- Вось і аўтамагістраль,- гледзячы на зямлю праз ветравое шкло, заявіў Джордж.- Праз дзесяць хвілінаў будзем дома... Вось і добра, бо ўжо пачынае днець...
На даляглядзе слабым ружовым святлом заружавеў золак.
Фрэд пакрысе пачаў саджаць машыну. Знізу Гары разглядзеў цёмныя коўдры палёў і зграмаджэння дрэў.
- Мы непадалёк ад вёскі,- сказаў Джордж.- Вось. Отэры Сэнт Кэтчпал...
Машына апускалася ўсё ніжэй і ніжэй. Праз галіны дрэў было бачна ўзыход чырвонага сонца.
- Селі!- прамовіў Фрэд, пасля слабога ўдара машыны аб зямлю. Яны прызямліліся ля будавіны нагадваючай стары гараж, што стаяла ў невялічкім двары. Так Гары ўпершыню ўбачыў дом Рона.
Складалася ўражанне, што калісьці гэта быў вялізны каменны хлеў, да якога сям-там былі прыстасаваны дадатковыя памяшканні, пакуль ён не ператварыўся ў перакасавураную шматпавярховую будавіну, што трымалася толькі дзякуючы магіі (Гары вырашыў, што хутчэй за ўсё так і было). На даху высіліся ці то чатыра, ці то пяць комінных труб. Ля ўваходу ў зямлю быў убіты скасабочаны слуп да якога была прыбіта шыльда з надпісам “Логавішча”. Ля ўваходу ляжала груда старых гумовых ботаў і вельмі іржавы кацёл, а па двары, дзяўбаючы зямлю хадзіла колькі тлусценькіх бурых кур.
- Не надта шмат,- прамовіў Рон.
- Гэта ШЫКОЎНА,- прыпамінаючы дом на Прайвет Драйв, з радасцю заўважыў Гары.
Яны выйшлі з машыны.
- Цяпер мы ціхінька пойдзем наверх,- сказаў Фрэд,- і спусцімся толькі калі маці пакліча нас на сняданак. А потым спусцішся ты Рон і скажаш: “Маці, ты глядзі хто завітаў да нас ноччу!”. Маці будзе так рада бачыць Гары, што аніхто і не здагадаецца, што нам трэба было кудысь лятаць на машыне.
- Добра,- пагадзіўся Рон,- Пойдзем, Гары, я сплю...
Раптам твар Рона, які глядзеў у бок хаты, зрабіўся непрыемнага зялёнага колеру. Астатняя тройца развярнулася, каб паглядзець што ён такога ўбачыў.
Праз двор, раскідваючы па дарозе курэй да іх ішла маленькая, тоўсценькая жанчына з дабразычлівым тварам, якая цяпер хутчэй нагадвала шаблязубага тыгра. Гэта была місіс Візлі.
- Аёй,- прамовіў Фрэд.
- Хавайся ў бульбу,- дадаў Джордж.
Місіс Візлі спынілася ля іх, паставіўшы рукі ў бокі. На ёй быў апрануты пасуднік з кветачкамі з кішэні якога тырчала чароўная палачка.
- НУ,- прамовіла яна.
- Добрай ранніцы, мама!- адказаў Джордж, голасам, які сам палічыў далікатным і чароўным.
- А ці вы не думалі, што я буду непакоіцца?- жахлівым шэптам спыталася жанчына.
- Прабач, мама, разумееш, мы былі...
Усе троя, былі значна вышэйшымі за маці, але цяпер пад ціскам яе гневу, нібыта паменьшылі ростам.
- ЛОЖКІ ПУСТЫЯ! АНІЯКАЙ ЦЫДУЛКІ! МАШЫНЫ НЯМА... ВЫ МАГЛІ РАЗБІЦЦА... Я ЛЕДЗЬ НЕ ЗВАР’ЯЦЕЛА З НЕПАКОЮ... ВЫ АБ ГЭТЫМ ПАДУМАЛІ? НІКОЛІ, КОЛЬКІ Я ЖЫВУ... ВОСЬ ПАЧАКАЙЦЕ БАЦЬКА ВЕРНЕЦЦА, АНІ З КІМ З СЫНОЎ МНЕ НЕ БЫЛО ТАК ЦЯЖКА, АНІ З БІЛАМ, АНІ З ЧАРЛІ, АНІ З ПЕРСІ...
- Наш бездакорны і дасканалы Персі,- прамармытаў Фрэд.
- А ТАБЕ АНІ НЕ ЗАШКОДЗІЛА З ПЕРСІ ПРЫКЛАД УЗЯЦЬ!- стукаючы Фрэда пальцам у грудзі прагаласіла місіс Візлі.- вы маглі бы загінуць, вас маглі ўбачыць, праз вас бацька мог страціць ПРАЦУ...
Здавалася, што сваю праборку яна можа доўжыць бясконца. Місіс Візлі ўжо паспела ахрыпнуць перш, чым павярнулася да Гары, той ў жаху ажно адступіў.
- Гары, вельмі рада цябе бачыць,- прамовіла яна.- Хадзем, зараз будзем снедаць.
Развярнуўшыся, яна крочыла назад у дом. Гары кінуў на Рона занепакоенный погляд, але той падбадзёрваючы кіўнуў у адказ і хлопчык завітаў у дом, следам за місіс Візлі.
Кухня, куды яны завіталі была замалой і вельмі цеснай. Цэнтр пакоя займаў вялізны драўляны стол з крэсламі вакол яго. Хлопчык прысеў на краёк аднаго з крэслаў і азірнуўся. Ён яшчэ аніколі ня быў у сапраўдным чарадзейскім доме.
На адной са сцен вісеў дзівосны гадзіннік, які меў толькі адну стрэлку, але ня меў лічбаў. Замест іх па коле месціліся надпісы, кшталту “Час для гарбаты”, “Час гадаваць курэй”, “Вы спазніліся”. На коміннай паліцы ў тры рады месціліся кнігі з такімі назвамі, як “Замовы для свойскага сыра”, “Разнастайныя спосабы начараваць печыва” і “Гасціна за адну хвіліну. Усяго толькі магія!” І калі Гары не падманулі вушы, стары радыёпрымач, які стаяў ля ракавіны, абвесціў: “А цяпер “Гадзіна вядзьмаркі”, для вас спявае чараўніца Цэлестына Ворбэк.”
Місіс Візлі загрукатала посудам, злёгку нядбала гатуючы сняданак. Кінуўшы на сваіх сыноў гнеўны погляд, яна паклала на палаючую патэльню крыху кілбасак. Ад часу жанчына ціхінька мармытала нешта нагадваючае “Аб чым вы толькі сабе думалі” ці “Хто б сказаў – НЕ ПАВЕРЫЛА”.
- ТВАЁЙ віны, мой любы, тут няма,- паклаўшы на гарыну талерку восем ці дзевяць кавалкаў кілбаскі, запэўніла хлопчыка місіс Візлі,- Мы з Артурам таксама непакоіліся пра цябе. Толькі ўчора ўвечары мы разважалі наконт таго, што трэба будзе прыехаць і забраць цябе самім, калі ты не адкажаш Рону да пятніцы. Але вось так (на гарынай талерке апынулася адразу тры яйкі), ляцець праз усю краіну на нелегальнай машыне... вас мог хто-небудзь ўбачыць...
Яна абыякава махнула палачкай і ў ракавіне, з мягкім дзвяканнем, посуд пачаў мыць сам сябе.
- Усю ноч было даволі ХМАРНА, мам!- прамовіў Фрэд.
- Не расчыняй рота, калі ясі,- гыркнула на яго місіс Візлі.
- Мам, яны яго амаль не кармілі!- дадаў Джордж.
- Гэта і цябе тычыцца!- сказала жанчына, але нашмат лагодней, адначасова намазваючы дзеля Гары хлеб маслам.
Нечакана на кухне аб’явілася невялічкае рудавалосае стварэнне ў доўгай начной кашулі. Узвіскнула і пабегла назад.
- Гэта Джыні,- паўшэптам паведаміў Рон сябру,- мая сястра. Яна ўсё лета пра цябе балбатала.
- Так, ёй жыццёва неабходны твой аўтограф, Гары,- пасміхнуўся Фрэд, але перахапіўшы погляд маці, адразу ж схіліўся над талеркай і надалей еў моўчкі. Увогуле, пакуль ўсе чатыры талеркі не былі спустошаны (а гэта адбылося неверагодна хутка), ніхто за сталом не вымавіў аніслова.
- Божачкі, як жа я стаміўся,- пазіхнуў Фрэд, калі нарэшче адклаў відэлец і нож.- А ці не пайсці мне да ложка і...
- Ані,- гыркнула місіс Візлі.- Сам вінаваты, што валэндаўся ўсю ноч. Ідзі і абязгномь сад, ці то яны зноў ушчэнт парасперазаліся.
- Ну, мам...
- Вы двоя, таксама, - сказала яна, паглядзеўшы на Рона і Джорджа.- А ты, любы мой,- звярнулася яна да Гары,- лепей ідзі паспі. Ты не прымушаў іх ляцець за табой на гэтай брыдотнай машыне.
- Не, дзякуй,- адказаў Гары, які вырашыў, што ўжо ня хоча спаць.- Я лепей Рону дапамагу. Я ніколі яшчэ не бачыў як сад абязгномваюць...
- Гэта вельмі ветліва з твайго боку, мой любы, але абязгномванне – праца нудотная,- прамовіла місіс Візлі.- Ну ка, давайце пагледзім, што на гэты конт напісана ў Локхарта.
Яна выцягнула са стоса на каміннай паліцы вялізны том.
- Мам,- прастагнаў Джордж,- мы ўжо і так ведаем, як бязгноміць сад.
Гары зірнуў на вокладку. Над вялізнай фатаграфіяй прыгожага чараўніка з хвалістым светлым валоссем, залатымі літарамі было напісана “Гільдэрой Локхарт: Даведнік па барацьбе з хатнімі шкоднікамі”. Як і заўжды на чарадзейных фатаграфіях, чараўнік, які напэўна і быў тым самым Гільдэроем Локхартам, рухаўся на вокладцы і нахабна падміргіваў усім прысутным. А місіс Візлі ззяючымі вачыма пазірала на яго.
- Ах, ён такі міленькі,- прамовіла яна.- Ён ведае аб хатніх шкодніках літаральна ўсё; як добра; якая цудоўная кніга...
- Маці – яго фанатка,- вельмі гучным шэптам прамовіў Фрэд.
- Не кажы ерунды, Фред,- прамовіла жанчына, яе шчокі пачырванелі.- Калі вы лічыце, што ведаеце аб усім лепш за Локхарта, ідзіце. Але, барані вас Бог, калі я выйду ў сад і знайду там хаця аднаго гнома.
З позізамі і буркатам, браты Візлі, а за імі Гары, папляліся надворак. Сад быў папросту агромісты, менавіта такі, як, з пункту гледжання Гары і павінен быць сад. Хаця хлопчык быў упэўнены, што Дурслі бы ён дакладна не спадабаўся – тут было зашмат пустазелля, траўнік, які аніхто даўно не скошваў... затое, ўздоўж плота раслі крывыя дрэвы, кветнікі былі перапоўнены раслінамі, якіх Гары аніколі не бачыў, а вялізная зялёная сажалка, была поўная жабак.
- У маглаў таксама ёсць гномы ў садах,- перасякаючы траўнік паведаміў Гары Рону.
- А, так, я бачыў тое, што маглы назвываюць гномамі,- з галавой нырнуўшы ў куст півоні паведаміў Рон.- Нейкія маленькія тлусценькія дзяды марозы з вудамі ў руках...
Адчулася валтузня, півоня ўздрыганулася і Рон выпрастаўся, трымаючы нешта ў руках.
- Вось гэта вось – гном,- змрочна паведаміў ён.
- А ну, пусці мяне! А ну, пусці мяне!- завішчаў гном.
Ён, вядома ж анічым не нагадваў дзеда мароза. Гном быў маленькім і скурыстым з вялізнай, лысай, гузаватай быццам бульба галавой. Рон трымаў яго на адлегласці выцягнутай рукі, бо гном моцна лягаўся сваімі маленькімі з жорсткімі мазалямі ножкамі; потым Рон схапіў істоту за ладыжкі і развярнуў да гары нагамі.
- А цяпер, трэ рабіць вось так,- сказаўшы гэта Рон падняў гнома панад галавой (А ну, пусці мяне!) і пачаў раскручваць яго быццам ласо. Заўважыўшы сшакаваны выраз на гарыным твар, Рон дадаў.- Гэта аніяк яму не ЗАШКОДЗІЦЬ... гэта трэба рабіць, каб у гнома закруцілася галава і ён не змог знайсці шлях да сваёй нары.
Хлопчык адпусціў гнома і той узляцеў у паветра на добрых дваццаць футаў і з глухім стукам ляснуўся недзе далёка за загароджай.
- Слабак,- прамовіў Фрэд,- Іду ў заклад, мой гном, пераляціць праз той пень.
Гары даволі хутка навучыўся не шкадаваць гномаў. Першага з пайматых ім гномаў ён вырашыў папросту адпусціць за загароджу, але той адчуўшы гарыну слабасць, цапнуў хлопчыка за палец сваімі вострымі як брытва зубамі. З цяжкасцю ў Гары атрымалася стрэсці гнома з рукі...
- А ні што сабе, Гары... напэўна добрых футаў пяцьдзесят...
Хутка паветра перапоўнілася гномамі, што ляцелі за загароджу.
- Гномы... у іх ўвогуле розуму замала. Вось глядзі.- нахіліўшыся Джордж схапіў адначасова пяць ці шэсць гномаў.- Як толькі яны чуюць, што недзе праводзяць абязномленне, куляю аб’яўляюцца, каб на гэта паглядзець. Аніяк не могуць уцяміць, што цяпер ім лепей заставацца ў нары.
Неўзабаве, прыгорбіўшы свае маленькія плечы і згрудзіўшыся бязладным строем, натоўп гномаў пачаў сыходзіць прэчкі.
- Яны хутка вярнуцца,- гледзячы на то, як гномы знікаюць недзе на другім баку поля, сказаў Рон.- Ім тут падабаецца... Тата замягкі да іх, ён лічыць, што гномы пацешныя...
Адчуўся грукат зачыняючыхся дзвярэй.
- Вярнуўся!- закрычаў Джордж.- Тата вярнуўся.
Яны пакінулі сад і паспяшалі дадому.
Містэр Візлі сядзеў на адным з кухонных крэслаў, скінуўшы акуляры і заплючшыўшы вочы. Ён быў хударлявым і лысым, але валасы, што ў яго яшчэ засталіся былі гэткімі ж рудымі, як і ўва ўсіх яго дзяцей. На ім была пыльная і зношаная доўгая зялёная мантыя.
- Што была за ноч,- навобмацак шукаючы імбрычак прамармытаў містэр Візлі, калі дзеці згрудзіліся вакол яго,- Дзевяць рэйдаў! ДЗЕВЯЦЬ! А яшчэ, стары Мандангус Флэчэр спрабаваў сурочыць мяне, калі я развярнуўся да яго спіной...
Містэр Візлі, зрабіў вялізны глыток гарбаты і ўздыхнуў.
- Што-небудзь знайшоў?- з нецярплівасцю спытаўся Фрэд.
- Усё што нам атрымалася знайсці - зачараваных замочных свірдлавін і кусучы імбрык,- з позіхам адказаў містэр Візлі.- Знайшлі яшчэ сёе тое, даволі непрыемнае. Мортлейк быў дапытаны з нагоды аб’яўлення ў яго, колькіх занадта дзіўных тхароў. Але гэта, дзякуй Богу, справа камітэта па эксперыментальных замовах...
- А навошта камусь было зачароўваць замочныя свірдлавіны?- спытаўся Джордж.
- Звычайны здзек над магламі,- уздыхнуў містэр Візлі.- Напрыклад, хтось з нашых прадае ім ключ, які сам па сабе змяншаецца да неверагодна дробных памераў і магл ня можа знайсці яго, калі захоча трапіць ў свой дом... Вядома ж ён анізашто не прызнаецца сам сабе ў тым, што вінаваты ключ, магл папросту вырашыць што згубіў яго і вінаватага потым адшукаць будзе неверагодна цяжка. Дзякуй Богу, маглы прыкладуць усе свае сілы, каб праігнараваць прысутнасць магіі, нават калі магія будзе перад самымі іх вачамі... і вы анізавошта не паверыце, што толькі нашы не прымудраюцца зачароўваць...
- НАПРЫКЛАД, МАШЫНЫ!
На кухні, трымаючы ў руках быццам меч даўжэзную качаргу, аб’явілася місіс Візлі. Містэр Візлі рыўком расплюшчыў вочы, ён вінавата паглядзеў на жонку.
- Молі, мая любая, ты сказала м-машыны?
- Так, машыны, Артур, машыны,- бліскаючы вачыма, прамовіла Молі Візлі.- Уяві сабе чараўніка, які набыў недзе стары іржавы аўтамабіль, сказаўшы сваёй жонцы, што ўсяго толькі жадае высветліць, як той працуе, а НА САМОЙ СПРАВЕ зачараваў яго, каб той мог ЛЯТАЦЬ.
Містэр Візлі залыпаў вачыма.
- Ну, каханая мая, ты, напэўна разумееш, што дзейнічаў ён цалкам ў межах закону, а то што ён... не сказаў праўду жонцы, дык магчыма гэта... ммм... і да лепшага... Тым больш, у кожным законе ёсць сякія-такія пралазы... ён жа не збіраўся лятаць на ёй, а то што яна можа лятаць не...
- Артур Візлі, ты сам прыклаў намаганні, каб зрабіць гэту пралазу, калі пісаў закон!- закрычала ў адказ місіс Візлі,- каб мець магчымасць і надалей важдацца ў хляву з усім гэтым маглаўскім смеццем. І, каб ты ведаў: Сёння ранніцай Гары прыбыў сюды на машыне, на якой ты нат не збіраўся лятаць!
- Гары?- зноў залыпаў вачамі містэр Візлі.- Як такі Гары?
Ён азірнуўся, убачыў Гары і падскочыў ад здзіўлення.
- А мой ты, Бог, гэта Гары Потэр? Я так рад цябе бычыць, Рон столькі распавядаў нам...
- СЁННЯ НОЧЧУ ТВАЕ СЫНЫ ЛЯТАЛІ НА МАШЫНЕ ДА ГАРЫНАГА ДОМУ І НАЗАД!- прагаласіла місіс Візлі.- Што ты цяпер скажаш, а?
- Што, на самой справе?- прагна спытаўся містэр Візлі.- Ну і як яна? Т-то бок,- ён запнуўся, убачыўшы, як запалалі жонкіны вочы,- гэта было вельмі няслушна з вашага боку, хлопцы... сапраўды вельмі вельмі дрэнна...
- Пойдзем,- заўважыўшы, што місіс Візлі пачала раздувацца, як тая жабка-бык, прамармытаў Рон сябру.- Я пакажу цябе маю спальню.
Хлопцы выслізнулі з кухні і па вузкім калідорчыку трапілі да шурпатых сходаў, што зігзагам агіналі ўвесь дом. На пляцоўцы чацвёртага паверха дзверы былі прыадчынены і перш чым іх зачынілі, Гары заўважыў у шчыліну два бліскучых карых вока.
- Гэта Джыні,- растлумачыў Рон.- Вельмі дзіўна бачыць яе гэткай ціхінькай, звычайна, яна не супыняе гамонку ані на хвіліну...
Яны прамінулі яшчэ два лесвічных пралёты, аж пакуль не апынуліся ля дзвярэй з аблупленай фарбай, да якіх была прыбіта шыльда “Пакой Рональда”.