Лекции.Орг


Поиск:




Категории:

Астрономия
Биология
География
Другие языки
Интернет
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Механика
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Транспорт
Физика
Философия
Финансы
Химия
Экология
Экономика
Электроника

 

 

 

 


Кастрычнік




У кастрычніку — насмаркаць

Багачу, я свой сноп малачу.

У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі.

Кастрычнік ходзіць па краю й гоніць птушак з гаю.

Кастрычнік ні калёс, ні палоз не любіць.

Кастрычнік зямлю балоціць, а лес дык залоціць.

У кастрычніку снег — толькі на грэх.

У кастрычніку гром — зіма без снегу.


Кастрычнік — дзесяты месяц года. Стараславянскія назвы яго — листапад, риень, паздерник, брудень, у чэхаў ён таксама říjen, у сербаў — паздзернік, у палякаў — październik, ва ўкраін­цаў — жовтень. Беларускае найменне месяца паходзіць ад слова “кастрыца” (“кастра”): у гэты час сяляне трапалі, часалі лён і каноплі, з якіх ападала шмат кастры.

У рымлян oktober (такая ж аснова ў нямецкай, французскай, англійскай, рускай мовах) быў прысвечаны богу вайны Марсу. У 15-ы дзень месяца прыносілі ў ахвяру каня, які вылучаўся на папярэдніх скачках. Другога кастрычніка святкавалі Медэтрыналіі ў гонар багіні медыцыны Медэтрыны. Кожны рымлянін гатаваў сабе багаты стол і стараўся як мага больш наесціся і напіцца, бо гэта нібы перасцерагала яго ў будучым ад розных хвароб.

Старажытныя грэкі ўшаноўвалі бога вінаробства Бахуса (Дыяніса). Свята было вельмі вясёлым і свабодным, у ім нароўні з вольнымі грэкамі прымалі ўдзел і рабы. Адмысловы хор пры музыцы і скоках пеў так званы дыфірамб — асаблівую песню ў гонар Бахуса, дзе адлюстроўваліся сумныя і радасныя падзеі з жыцця бога.

Кастрычнік — сярэдні месяц восені, характарызуецца зменлі­вым надвор’ем: бываюць густыя туманы, слата, частыя пры­маразкі, а часам выпадае і снег. Дрэвы стаяць аголеныя, птуш­кі адляцелі ў вырай. Наступае пара для садаводаў: пасадка дрэў і ягаднікаў, абмазванне ствалоў глінай і вапнай, іх ацяпленне.

Народны каляндар месяца не багаты. Яго асноўнае свята — Пакровы. У скарбонцы земляробскай мудрасці маюцца пры­кметы, па якіх вызначаецца надвор’е, як на бліжэйшыя дні, так і на вялікі тэрмін — зіму і вясну.

2/19. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца — мароз на Пакровы ўдарыць (Ляснічы, 1990).

3/20. Астап (Астаф’я). Людзі прыкмячалі; калі ў гэты дзень вецер паўночны — на холад, паўднёвы — на цяпло, заходні — на дождж, усходні — на сухое надвор’е (Ляснічы, 1990).

4/21. Пранцішак (Францішак). Да гэтага часу жыта ўсё ўб­рана з поля, таму цяжка там знайсці зярнятка. “На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка” (Паўлюкоўскі, 1934).

7/24. Пачатак Бабінага лета на Мядзельшчыне (да 14 кастрыч­ніка).

У гэтую пару варажылі на “шчаслівую бабулю” (бабку-пупарэзніцу). Усе дні загадзя “раздаваліся” бабулям, якія прымалі роды ў наваколлі: панядзелак — Тэклі, аўторак — Юстыні, сера­ду — Марцэлі і г. д. Калі дзень выдаваўся сонечны, ціхі, вясёлы, гэта значыла, што рука ў бабулі лёгкая, і роды адпаведна пройдуць лёгка (Васілевіч, 1991).

8/25. Сяргей. Першыя халодныя дні месяца далі падставу ў некаторых мясцінах назваць яго пачаткам зімы. “З Сяргея па­чынаецца зіма” (Паўлюкоўскі, 1934).

Жалезны тыдзень. Чысцяць, змазваюць жалезныя рэчы, каб цэлы год не ржавелі і не ламаліся (Санько, 1990). На Жалезны тыдзень існавалі і забароны: “Пянькі ні мачы — крэпка будзіць” (Смаленская губерня; Дабравольскі, 1894).

9/26. Іван Шаптун (Іван Пакроўны, Іван Журавіннік, Іван Кураед, Багаслоў). Свахі сакрэтна шапталіся з жаніхамі пра ня­вест, каб 1 кастрычніка (па старым стылі) зрабіць вяселле. Асабліва гэта было распаўсюджана ў Віцебскай губерні. За­хавалася прымаўка: “Іван Багаслоў дружкі разаслаў, а на Пакрова дзеўка гатова”.

У Лельчыцкім раёне гавораць: “Іван Пакроўцы перад Пакро­вам ходзіць” (Талстая, 1986). Па прысвятку раней арыентаваліся ў заканчэнні сяўбы азімых, завяршалі іншыя палявыя работы і пачыналі вяселлі. На Драгічыншчыне кажуць: “Богослаў сваты розослаў, пачынаюць высілля робыты” (Талстая, 1986). Вядомы песні:

Ах, восень, восень!

Сватоў па восем,

А ка мне ніводнага!..

Ай, восень, макрота,

Дзецюкам жаніцца ахвота...

Пры выкананні розных гаспадарчых работ, талок спявалі таксама іншыя песні, не вельмі замацаваныя за асенняй парой.

У Шумілінскім раёне хадзілі па журавіны (ягады выкарыс­тоўвалі для лячэння многіх хвароб). Там жа раней высаджвалі куранят, якія вырасталі да Івана Кураеда, і аддавалі іх папу.

10/27. Саўкі (Савасцей). У цёплую восень хавалі вуллі ў амшанік, хаця звычайна гэта рабілі ў Засімаў дзень.

11 /28. Пакроўны бацька — прысвятак за тры дні перад Пакро­вамі (Талстая, 1986).

Пакроўцы — Дзяды перад Пакроваю, адзначаліся на Магілёў­шчыне. У Вілейскім павеце асеннія Дзяды праводзіліся пры­блізна каля І кастрычніка. “Сяляне адной вёскі кожны год ро­бяць памінкі ў адзін і той жа тыдзень, сяляне другой вёскі — у другі. Адны з іх звычайна ўдзельнічаюць у святах іншых” (Крачкоўскі, 1874).

“А я й з табою на ручнічок стану…”

Выпрабаванне на працавітасць

Весялей іграй, музыка! Добры памол з першага ўраджаю

14/1. Пакровы (Пакроў, Трэцяя Прачыстая) — народнае свята глыбокай восені, пасля яго пачынаецца зіма. Сяляне стараліся закончыць палявыя работы, усебакова падрыхтавацца да зімы. Пра гэты дзень вядома шмат прымавак: “Прыйшла Пакрова, пытае, ці ты да зімы гатова”, “Калі да Пакроў не было снегу, не будзе яго яшчэ два тыдні”, “На Пакроў мароз — сей пад кустом авёс” і інш.

Адбываюцца змены ў прыродзе: “Прыйшла Пакрова — усох­ла дуброва” (Радчанка, 1888), “Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку вяночкам”. Становіцца менш корму жывё­ле на лугах. “Пакровы — зарыкалі каровы” (Слонімскі раён), “На Пакрова дай сена карове” (Дубровенскі раён), “Пакрова — кіі на дрова” (г. зн. пастухам ужо не патрэбны) (Іванаўскі раён). Па надвор’і гадалі пра будучае. “Як на Пакрова дождж ідзе, то бортнік скача, а пахар плача”, “Як на Пакроў маладзік стане — лёгка будзе, як “у старом” — сільна зіма” (Лельчыцкі раён).

Пакроў заўсёды чакалі, бо тады было менш работы. На Тураўшчыне кажуць: “Як прыйдзе Пакрова, то жыва-здарова, як прыйшлі жніва, то ляжу нежыва”. Наступала пара асенніх вяселляў. “Прыходзіць Пакрова — раве дзеўка бы карова” (Серж­путоўскі, 1930), “Пакрова — дзеўка гатова, Пакрова прайшла — дзеўка замуж не пайшла” (Свіслацкі раён).

Стары вятрак ужо на спачынку

Добра ахарактарызавана свята ў валачобнай песні, якая бытуе ў Міёрскім раёне:

Святы Пакроў

Пытаецца

Да ў вазвышанькі,

Ці ўпахала

У полі жыта.

Аяй буду

Да й хадзіць

Аглядаці,

Ці ўруніла

У полі жыта,

Зямлю лістом

Засыпаці,

Снегам чыстым

Пакрываці,

Ваду лёдам,

Пчолку мёдам

Надзяляці.

Старых бабак

Кіёчкамі,

Сярэдніх жонак

А дзяўчатак

Вяночкамі

Награждаці.

Дзявоцкае лета (па 21 кастрычніка) на Мядзельшчыне, ты­дзень пасля Пакроваў. У адрозненне ад Бабінага лета ўсе дні раз­мяркоўваліся паміж дзяўчынкамі, якіх ужо прынялі “ў дзеўкі”, і варажылі пра добры характар будучых маладух. Калі дні стаялі сонечныя, значыць, і характар у дзяўчат павінен быць люд­скі, ласкавы (Васілевіч, 1991).

20/7. Палагея, Сяргей. У некаторых раёнах лічаць гэты дзень пачаткам зімы.

21/8. Трыфан, Пелагея. Прыказкі прысвятка адлюстроўваюць халодную пару. “Трыфан, Пелагея золкім ветрам вее”, “Трыфан кажух латае, Палагея рукавічкі вяжа” (Ляснічы, 1990).

23/10. Аўлампій. У народзе прыкмячалі: калі на Аўлампія рогі месяца паказваюць на поўдзень — будзе позняя зіма, на поўнач — суровая (Ляснічы, 1990).

24/11. Зміцер — прысвятак. “Зміцер зямлю выцер, на груды пабіў, каб ніхто не хадзіў”, “Да Змітра баба хітра” (Сахараў, 1937).

25/12. Марцін — свята млынароў. Адзначалі яго на млынавым каменным крузе (Ашмянскі павет; Берман, 1874). У Барысаўскім павеце елі гусей і гаварылі: “Марцін святы — губіцель гагаты” (Ляцкі, 1898). Гагатой называлі гусей, якіх ужывалі на свяце.

28/15. Сымон і Юда. “Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць” (Паўлюкоўскі, 1934).

Параскева Пятніцкая. Дзень забароны прадзення ў католікаў. “Ня можна прасці, араць, выносіць попел і рабіць шчалок для мыцця бялізны” (Сахараў, 1937).

29/16. Логін — прысвятак, збавіцель хвароб вачэй (Раманаў, 1912).

30/17. Паклоны — дзень адбівання паклонаў пакутніку Анд­рэю Крыцкаму (Крачкоўскі, 1874).

31/18. Лука (Лукаш) — прысвятак, па якім арыентаваліся на Палессі пра неспрыяльную пару для сяўбы азімых. “Хто сіе до Лукы, то нэ будэ маты хлыба, ны мукы” (Маларыцкі раён; Талстая, 1986). Адзін з дзён асенніх вяселляў. “На Лукаша — дзеўка наша”.

Юльян — прысвятак; ахоўнік дзяцей.






Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-09-20; Мы поможем в написании ваших работ!; просмотров: 1347 | Нарушение авторских прав


Поиск на сайте:

Лучшие изречения:

Человек, которым вам суждено стать – это только тот человек, которым вы сами решите стать. © Ральф Уолдо Эмерсон
==> читать все изречения...

2406 - | 2248 -


© 2015-2025 lektsii.org - Контакты - Последнее добавление

Ген: 0.011 с.