Лекции.Орг


Поиск:




Категории:

Астрономия
Биология
География
Другие языки
Интернет
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Механика
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Транспорт
Физика
Философия
Финансы
Химия
Экология
Экономика
Электроника

 

 

 

 


Шыльны панядзелак — першы дзень Вялікага посту. На Ві­цебшчыне раней у гэты дзень гулялі ў карчме, што называлася “каваць шыла” (Шэйн, 1912). 1 страница




*Паласказуб (Пласказуб, Панядзелак Пласказуб, Папалакіны) — першы панядзелак Велікоднага посту (7 тыдняў). Наймен­не, відаць, звязана з піццём гарэлкі. Увесь пост царква не дазваляла есці мяса, піць малако, спяваць песні, танцаваць. У Сло­німскім павеце хлопцы насілі ступу і складалі туды розныя рэ­чы дзяўчат, каторыя не паспелі выйсці замуж. Дзяўчаты адкуп­ліваліся, і ўсе разам гулялі. У розных раёнах Беларусі веша­лі калодкі хлопцам, якія не ажаніліся. На Свіслаччыне гэты дзень называўся Паслязапусак. Прызнавалася добрым, калі пер­шым у хату з раніцы заходзіў мужчына, а калі жанчына, то нібыта будуць развальвацца сыры.

“А я пойду дэй повесную…”

“Ой, вясна-вясняначка”

14/1. Аўдакей (Аўдокій, Яўдоха, Аўдоння, Аўдуська, Яўдокі, Галдакей, Аўдоцця Вясноўка). У многіх раёнах — першы дзень вясны. “Яўдокі — з гары патокі”. Гаварылі, што Аўдакей трымае ў руцэ лета. Прыкмячалі надвор’е — ці нап’ецца певень або вол з-пад страхі. Лічыўся нешчаслівым днём, таму “не пралі, не снавалі” і не выконвалі іншыя работы. Тады ж казалі: “Прадзі, гульцяй, бо будуць голыя бокі, як не прасьцімеш”. Але на “Оўдокый помідоры на расаду сажалі і на окне дзержалі” (Лель­чыцкі раён; Талстая, 1984). У валачобных песнях спявалі:

Святы Еўдакей — веснавы святок.

Веснавы святок — пераступ года.

Пераступілі ў яго слядочкі,

У яго слядочкі ўсе святочкі...

Ці:

Аўдакеі

Дровы сякуць,

У клады кладуць.

У іншых раёнах “гукалі вясну”. Хаця, бывала, і добра яшчэ трымалася зіма. “Яўдохі — снегу па бокі” (вёска Моталь, Іва­наўскі раён).

“Чырачка-пташачка, не залягай далечка…”

Першыя чатыры дні сакавіка, па перакананні некаторых ся­лян, адлюстроўваюць наогул стан надвор’я ўсяго года: першае сакавіка ўяўляе сабою нібы вясну; другое — лета; трэцяе — во­сень; чацвёртае — зіму; якія выдадуцца дні, такая будзе і адпа­вядаць ім пара года. У другіх мясцінах гавораць: “Калі Галдакей (дзень святой Еўдакіі, першае сакавіка) цёплы, свеціць сонца, то вясна і лета надарацца цёплыя і асабліва добры будзе сенакос. Ідзе дождж — чакай ураджай на жыта. Калі моцны мароз, то ён жа замарозіць грэчку ў час цвіцення. Як першае сакавіка ту­маннае, пашанцуе з ураджаем на стручковыя расліны. Калі ж мя­целіца і завея (бывае рэдка), то ў бягучым годзе неабходна чакаць вялікага голаду, які вымяце людзей”.

У гэты дзень у іншых краях сяляне стараюцца есці асаб­лівую страву — “націну”, прыгатаваную з лісця рэпы. Кажуць, так яны папярэджваюць хваробу “грэчаніцу”. Назву яе сяляне звязваюць з грэчкай, ад якой нібы яна і з’яўляецца. Прык­меты хваробы на апантаных ёю асабліва заўважаюцца раніцай і вечарам: адчуваецца вялікі непрыемны сверб (Вілейскі павет; Крачкоўскі, 1874).

15/2. Хвядот. На гэты прысвятак засцерагаліся моцных вят­роў. “На Хвядота занос — усё сена знясе” (Паўлюкоўскі, 1934). “На Фядота занос — доўга прыпару не будзе” (Ляснічы, 1990).

Сонейка вясновае, лагоднае

17/4. Герасім Гракоўнік — дзень прылёту гракоў. “Герасім гра­коў прыгнаў” (Ляснічы, 1990). Існуе прыкмета: гракі сядзяць ужо ў гнёздах — на дружную вясну, калі лётаюць бязмэтна або і зу­сім іх не відаць у аселіцы — вясна будзе павольная, часцей — позняя (Санько, 1990).

“Гракі сядзяць ужо на гнёздах – на дружную вясну”

18/5. Конагароднік — дзень падрыхтоўкі да пасадкі расады капусты (Ляснічы, 1990).

19/6. Язэп. “Як святы Язэп кіўне барадою, дык зіма ўцякае ўніз галавою”. Здаралася, што ў вясновыя “паставыя” дні, калі касцёл забараняў шлюб, вяселле ўсё-такі адбывалася. На гэты конт народ меў прыказку: “Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту” (Паўлюкоўскі, 1934). Добрае надвор’е на Язэпа лічы­лася спрыяльным. “На Язэпа пагода — год ураджайны” (Б.с. к., 1937).

20-21. Дзень астранамічнага вясенняга раўнадзенства.

22/9. Саракі (Саракасвятыя, Сорак мучанікаў). У народзе каза­лі, нібы на Саракі прылятае 40 “выраяў”, а таксама, што гэта свята “пчальніковае” і ўжо канчаткова прыходзіць вясна. Гаварылі: “На Саракі мужык пытаецца, ці далёка да ракі”; “Свя­тыя Саракі — да не йдзі да ракі”; “Святыя Саракі ў поле саху валаклі”. Выпякалі з цеста для дзяцей 40 жаваранкаў, у некато­рых мясцовасцях — 40 варэнікаў, 40 маленькіх піражкоў, галу­шак. Гушкаліся на арэлях. Згодна павер’ям, сарока пачынае віць сабе гняздо і прыносіць для гэтага 40 пруцікаў. Але чака­лі яшчэ сорак маразоў. Нібыта з выраю тады прылятае сорак жаваранкаў. Хлопчыкі павінны да ўсходу сонца, не памыў­шыся і закрыўшы вочы, падабраць на двары сорак трэсак і высы­паць іх пад печ або перакінуць цераз хату столькі ж пала­чак. Хто выканае гэта, той вясною знойдзе сорак птушыных гнёздаў (або сорак качыных яек).

Народ ведаў, што “на Сорак мучанікаў дзень з ноччу мераец­ца” (Паўлюкоўскі, 1934). Відаць, у старажытнасці ён звязваўся з вясеннім раўнадзенствам, ад якога пачыналася вясна. На Саракі сажалі расаду (Свіслацкі раён).

У Ельнінскім павеце дзеці праводзілі цікавую гульню: выкон­валі пахаванне “трункі” з насякомымі, спявалі: “Жылі не сяляне, памерлі не радзіцелі” (Дабравольскі, 1914). Малыя і дарослыя гушкаліся на арэлях, “каб лён рос” (Шумілінскі раён).

Пліска. Праваслаўны прысвятак па сутнасці не адрозніваецца ад каталіцкай Прыскі (гл. 10 сакавіка). “На святога Пліска праб’ець лёд і пліска” (Насовіч, 1874).

Чакаю цябе, шпачок!

САРАКІ НА СЛУЧЧЫНЕ

З выраю прылятае жаваранак, от затым у гэты дзень жанкі пякуць маленькія патапцы і называюць іх жаваранкамі. Пту­шачак абліваюць засалоджанаю вадою з макам і даюць дзецям. Іншыя пякуць хлеб і на булках зверху кладуць з цеста як бы барану, серп, касу, саху або яшчэ што-небудзь з гаспадарчых прыладаў. Гэтыя рэчы падсушваюць і трымаюць за абразамі з грамнічнаю свечкаю... (Сержпутоўскі, 1930).

САРАКІ НА ВІЛЕНШЧЫНЕ І НАВАГРУДЧЫНЕ

...Сяляне заўважаюць: калі снег яшчэ ляжыць на стрэхах, то зі­ма будзе даволі ўстойлівая. Яны кажуць: “Калі Саракі заста­лі снег на стрэхах, то Благавешчанне (25 сакавіка) — на зямлі, а Юр’я (23 красавіка) — у гарах”. Есць павер’е, нібы ў гэты дзень вылятае ў нашу старонку (з цёплых месц) сорак “выраяў” — птушак.

Вядома, што ў вясковым побыце адной з вялікіх асалод у вясковых хлопчыкаў лічыцца адшукванне птушыных гнёздаў і яек. Каб у сваю пару быць шчаслівымі ў той справе, сяляне ў не­каторых мясцінах выкарыстоўваюць наступны сродак. Старэй­шыя ў хаце падгаворваюць дзяцей, каб яны, па магчымасці, ра­ней усталі на “Саракі” і нанеслі ў хату дроў. Хто з іх раней падымецца і выканае ўказаную ўмову, той будзе мець больш пос­пеху потым у адшукванні птушыных гнёздаў і яек...

У іншых месцах дзеці неапранутымі стараюцца тройчы абабег­чы хату і праз акно ўкінуць 40 трэсак, узятых з таго месца, дзе ко­люць дровы, або цераз страху босыя хлопчыкі перакідваюць 40 трэсак.

Калі хто-небудзь з сялян убачыць у той дзень вырай, які ля­ціць, то гэта, па перакананні народа, знак яго будучага поспеху і шчасця ва ўсім. Асабліва наглядаюць гусей і жураўлёў: ці ля­цяць яны кожны асобна, па аднаму, ці цэлымі ланцугамі. Калі гусі і жоравы “ляцяць па адном, дык і на жыта будзець добры ўра­джай, і снапы будуць такія цяжкія, што прыйдзецца насіць па аднаму; як ляцяць па два і па тры, то і жыта давядзецца на­сіць так” (Крачкоўскі, 1874).

*Зборава субота — субота першага тыдня Вялікага посту. На Усходнім Палессі ў гэты дзень праводзілі абрад “споведзі дзеж­кі”. Яе мылі, накрывалі новым ручніком, падкурвалі воскам, кі­далі туды вугельчык. Не расчынялі ў ёй хлеб, бо лічылі, што цяж­ка будзе ісці-дзежцы на споведзь.

*Збор (Ізбор, Узбор) — нядзеля першага тыдня (зборнага) пасля Масленіцы. Лічыўся пачаткам збору селяніна да выезду ў поле. У адной з песень распавядаецца:

А Збор мовіць гаспадару:

“Слаўны мужу над мужамі,

Тваё дзела на торг ехаць,

Зялеза купляць, нарогі каваць”.

Хутка ў поле

У некаторых валачобных песнях Збор ставіцца на першае месца сярод гадавых святак:

А ішоў напярод да й святы Ізбор,

А святы Ізбор — да бяжыць вада з гор,

...а рыбка з нор.

А святы І збор да й лемяшы купіў.

Свята і зараз вядома на Віцебшчыне.

25/12. Рыгор. “На Рыгора зіма ідзе ў мора” (Паўлюкоўскі, 1934). У народнай песні спяваецца:

А святы Рыгор спусціў ваду з гор,

Ваду ў зямлю, а з зямлі траву.

Феафан. У народзе прыкмячалі: калі дзень пачынаецца з тума­ну, то варта чакаць добрага ўраджаю льну і канопляў (Ляснічы, 1990).

Дабравешчанне (Звеставанне) — вясновае свята, свята прылё­ту птушак. Аб характары яго сведчаць прымаўкі: “На Дабравешчанне Бог багаслаўляе ўсе расліны”; “На Дабравешчанне і птушка гнязда не кладзе”; “Дабравешчанне як захоча, дык і бусел заклякоча”. “На Дабравешчанне звон, а ў морквы дух вон” (тра­ціць сок); “У каго хлеба шмат, Дабравешчанню рад”; “На Дабравешчанне цёпла — ураджай на арэхі” (Паўлюкоўскі, 1934).

Праводзілі “гуканне вясны”.

26/13. Міжблагавешчыны (да 7 красавіка) — забарона на “за­пасванне” кароў. У Мінскай губерні была такая завядзёнка: у пе­рыяд паміж каталіцкім і праваслаўным Благавешчаннем, калі се­лянін не выгнаў першы раз кароў да 13 сакавіка, то не выгане і ў Міжблагавешчыны. “Запасванне” жывёлы ў гэтую пару, на думку сялян, наклікае на статак ваўкоў, якія прыносяць вялі­кую шкоду. Каб пазбегнуць няшчасця, беларус стараецца не даваць у доўг рэчы, асабліва бёрда (Дземідовіч, 1895).

30/17. Аляксей Цёплы (Аляксей Весняны, Аляксей, Алексій, Ляксей, Алісійкі). Лічыцца цёплым вясновым днём, з ім звязана нямала народных прыкмет. “На Ляксея вол павінен з лужы на­піцца” (Паўлюкоўскі, 1934). Чакалі прылёту жураўля ці бусла. Бусько кажа: “На Лэксія хоць заб’юся, а з’яўлюся” (Столін­скі раён; Талстая, 1986). Дзень рыбалова. “На Аляксея лёд такі слабкі, што его і рыба хвастом разаб’е” (Рэчыцкі павет; Пят­кевіч, 1884). Плялі сеткі. “Аляксей сеці садзіць, лодкі смаліць, рыбу коліць”. Аглядалі (“тварылі”) вуллі. На Палессі вядома пры­маўка: “На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою”. Калі былі цяжкасці з сенам, то палешукі не чакалі Юр’я, не звярталі ўвагу на Міжблагавешчыны, а выганялі “тавар на чарнагалоў”, першую зеляніну ў балоце, або “на верас”. Тут мелася на ўвазе любая мінулагодняя раслін­насць, якую мусілі перабіраць згаладалыя пасля цяжкай зімы ка­ровы.

У некаторых раёнах пачыналі сеяць лён, авёс. “Аляксей сохі чэшыць, хамуты строе”. Не ткалі, перад сном дзяўчаты гадалі пра будучае замужжа. “Святый Олэксію, я на Тобі лён сію. Дай, Божэ, знаты, з кім буду ў пары стаяты” (Пінскі раён; Талстая, 1986).


Красавік

Красавік сініць і дзьме, бабам цяпло нясе, а мужык

пазірае ды галавою ківае.

У красавіку грымот — цёплы будзе год.

Красавік сушыць, нічога з зямлі не рушыць.

У красавіку зямля грэе.

У красавіку дождж праходзіць, сонца грэе —

тады ўсякі не збяднее.


Назва чацвёртага месяца года паходзіць ад слова “красаваць”, бо ў ім з’яўляюцца першыя краскі-кветкі. Гэтаму адпавядае і дру­гое найменне, што сустракаецца ў старажытнай літаратуры,— кветень. У прыватнасці яго ўжывае Ф. Скарына ў “Малой пада­рожнай кніжцы”. Такая ж форма захавалася ва ўкраінскай мо­ве — квітень і польскай — kwiecień. У старажытных славян чац­вёрты месяц яшчэ вядомы як беразоль. А ў чэхаў гэта duben, у лі­тоўцаў — balandis і г. д.

Рускі апрель (таксама ў англічан, французаў, немцаў) пахо­дзіць ад рымскага аргіііз, што азначае “адчыняць”. У гэты месяц у Італіі адчыняліся дзверы вясны, распускаліся на дрэвах пу­пышкі.

Пачатак апрыліса ў рымлян прысвячаўся двум багіням. 4 кра­савіка распачыналася сямідзённае свята Магалерыя. На ім уша­ноўвалі маці багоў Цыбелі. А свята Цэрэаліі адзначалася ў гонар багіні земляробства Цэрэры, апякункі збожжа і пладоў, маці-карміцелькі ўсіх жывых істот, у тым ліку і людзей. Лічы­лася, што ад яе пайшла ўсякая культура, якая звязана з земля­робствам. “Вынаходніцы” земляробства ахвяравалі мёд, малако, збожжа, розныя плады і кветкі.

Трэцім важным святам былі Паліліі. Яны праводзіліся 21 красавіка ў гонар божышча пастухоў Палеса, якраз у дзень за­снавання Рыма. Падчас святкавання рымляне асаблівую ўвагу звярталі на жывёлу: ачышчалі яе памяшканне, упрыгожвалі зе­лянінаю, абкурвалі сераю. У ахвяру Палесу прыносілі малако. Праводзілі абрады ачышчэння: пастухі пераскоквалі цераз каст­ры з саломы і праганялі праз іх свойскую жывёлу.

Для земляроба настае адказны час: падрыхтоўка насення і вы­бар аптымальнага дня першага ворыва. На яго сяляне некалі ішлі, як на свята, мыліся ў лазні, апраналіся ва ўсё белае, выкон­валі прымеркаваныя да тае нагоды абрады, прытрымліваліся па­вер’яў.

Надзейнай прыкметай гатоўнасці глебы з’яўлялася наступнае: сціскалі ў жмені невялікі яе камяк і з сілай разбівалі воб­зем. Калі рассыпаўся — “засупоньвай хамут”. Пачалі жабы крак­таць — выходзь у поле. Жаўрук зазвінеў — бяры саху ў рукі. Не без падстаў у народзе было прынята выязджаць у поле пасля першага грому: следам за ім усталёўваліся цёплыя пагодлівыя дзянькі. Вопытныя сейбіты аддавалі даніну павагі традыцыям і больш спадзяваліся на сябе, на веды і ўменні. Кідалі зярняты раўнамерна праз крок, пазбягалі неглыбокага іх загортвання. Тэрмін сяўбы залежаў ад рэгіянальных асаблівасцей. У Паазер’і, напрыклад, пасяўную на яравым кліне пачыналі з аўса (“Сей аў­сы ў гразь — будзеш як князь”; “Сей авёс, як камары з’явяцца”). Затым ішоў ячмень і пшаніца. Мелі на ўвазе і такое: як цвіце каліна — без ваганняў сей ячмень; сеялі таксама, калі з’яўля­ліся на елках шышкі чырвоныя, а на соснах зялёныя; з ячменем стараліся ўправіцца да вылету хрушчоў. Пшаніцу сеялі, калі рас­пускалася чаромха, а льном займаліся ў апошнюю чаргу.

Народныя прыкметы дапамагалі селяніну выбраць месца па­севу ў залежнасці ад надвор’я, указвалі на паслядоўнасць вы­рошчвання культур на розных палетках. Так, калі чакалася су­хое лета, то на нізінах высявалі лён і гарох, а на ўзгорках — авёс. Канюшыну сеялі па азімым полі, на папарах — жыта, пасля яго — ячмень, затым — авёс і грэчку, або ячмень — па бульбе, а лён — па канюшыне, ячмені, цаліне ці залежы і г. д.

1/19. Дар’я Вясенняя — свята вясны ў некаторых раёнах (Да­бравольскі, 1914). На апошні сняжок і ранішні мароз сяляне вы­носілі адбельваць палотны.

*Кратчаты (Храстовы, Кросны) тыдзень — пачатак чацвёрта­га тыдня Вялікага посту. Пяклі “храсты” (вырабы з цеста ў вы­глядзе бараны, іншых сельскагаспадарчых прылад), якія бралі на засеўкі.

*Благавесны тыдзень. Хавалі з вачэй кросны і “благавеснавалі” (святкавалі).

4/22. Васіль Сонечнік. “Васіль Сонечнік ледзяшы са стрэх здымае” (Ляснічы, 1990).

5/23. Арына (Ірына). “На Арыну (Ірыну) сей капусту ў расад­ніках (на расаду)” (Б.г.к., 1926; Паўлюкоўскі, 1934).

*Кросная серада (Серадапосце) — серада на чацвёртым тыдні Вялікага посту. Таксама пяклі “храсты”.

6/24. Камаедзіца — язычніцкае свята пакланення мядзведзю, зафіксаванае ў мінулым стагоддзі ў Бягомльскім прыходзе Ба­рысаўскага павета.

СВЯТА КАМАЕДЗІЦЫ

У гэты дзень гатуюць асобную ежу, менавіта: на першую страву — сушаны рэпнік у гонар таго, што мядзведзь харчуецца пераважна раслінным кормам, травамі; на другое падаецца кі­сель, бо звер любіць авёс; трэцяя страва складаецца з гарохавых камоў, ад якіх і само свята атрымала назву Камаедзіцы.

Пасля абеду ўсе — і старыя і малыя — кладуцца адпачываць, але не спяць, а час ад часу пераварочваюцца з боку на бок, нібыта мядзведзь у бярлозе. Цырымонія працягваецца каля дзвюх га­дзін — усё робіцца дзеля таго, каб мядзведзь лёгка падняўся пасля зімовага сну. Потым сяляне ўжо не займаюцца сваімі дзён­нымі справамі, святкуюць. Паводле павер’я, мядзведзь у гэты дзень абуджаецца ад спячкі, выходзіць са сваёй бярлогі. Вось і сустракаюць яго добразычліва.

Пачатак свята бярэ, без сумнення, ад часоў дахрысціянскіх і служыць верагоднай аргументацыяй таго, што ў данай мясцо­васці пакланяліся мядзведзю. Па ўспамінах старажылаў, у гэтым рэгіёне некалі былі магутныя лясы і непраходныя нетры, дзе вялося мноства дзікіх звяроў. Мядзведзь, які вылучаўся сваёй сілаю, ростам, наводзіў страх на людзей. Каб задобрыць яго, людзі і прыдумалі звычай ушаноўваць мядзведзя (Шэйн, 1902)...

“Красавік у полі чорны, а ў бары белы”

Благавеснік — дзень перад Благавешчаннем. На Століншчыне кажуць: “Не так бойся Благовешчэння, як бацька яго. Благавеснік — это бацько Благовешчэння”.

Завітаў бусел-клекатун

7/25. Благавешчанне. Лічылася вялікім святам, святам прылёту бусла. У Драгічынскім раёне, напрыклад, калі ўпершыню бачылі белую птушку, то клікалі: “Бусько, бусько, на Тобі галёпу, а ты мыні дай жыта сторону, на Тобі сырпа, дай мыні жыта снопа” (Талстая, 1984). Галёпы — пшанічныя пірагі ў выглядзе бусла — пяклі і на Гродзеншчыне. Шчасціла нібыта таму, хто ўбачыць першага бусла, які ляціць. А ў таго, каму трапіць на вока стаячы, нібы будуць балець ногі. Дзеці сустракалі птушку радаснай песняй:

Бусел, бусел-клекатун,

Узяў бабу за каўтун...

У гэты дзень забаранялася гарадзіць плот, убіваць у зямлю колле, не пачыналі сеў, не выганялі першы раз кароў, не вывозілі гной у поле. Гаспадыня падымалася раней мужа, каб выканаць абрад “развязвання сахі” (Навагрудскі павет; Крачкоўскі, 1874). У Свіс­лацкім раёне жанчыны не расчэсвалі валасы, каб “куры расаду не дралі”. Пасля абеду ў многіх раёнах Беларусі “гукалі вясну”. Спявалі:

У нас сягоння Благавешчынне.

У нас дзевачкі — дарагі тавар,

У нас хлопчыкі — дзяшовы тавар...

(Гомельскі павет; Радчанка, 1888)

Песні напаміналі пра далёкія часы куплі-продажу нявест і іншыя рэлікты. Моладзь наладжвала гульні, карагоды. На паў­днёвым усходзе Беларусі “вадзілі стралу”.

У валачобных песнях апавядаецца:

Благавешчанне — араты на ніву,

Араты на ніву, сядун на прызбу.

Гаспадару, слаўны мужу,

Слаўны мужу над мужамі,

Вазьмі, ваша, нову сошку

Да й коніка варанога,

Варанога, маладога

Едзь жа, ваша, у чыста поле,

У чыста поле заараць

З соллю, з хлебам...

“Вясня, вясна, што нам прынесла?”

Пра свята ходзіць шмат прымавак: “Да Благавешчання зіму не лай і сані трымай” (Лельчыцкі раён; Цітовіч, 1974); “З бла­гавешчанскага цяляці каровы не ждаці” (Барысаўскі павет; Ляцкі, 1898); “На Благавешчанне дзеўка косу не пляце, птушка гнязда не ўе” (Слуцкі павет; Сержпутоўскі, 1930).

ГУКАННЕ ВЯСНЫ

Дзяўчаты выходзяць да гумнаў, залазяць на стрэхі і, седзячы на іх, спяваюць цыкл вяснянак, у якіх кожны слупок заканчваец­ца выклічнікам “Гу!” Калі ідуць на вуліцу, з тымі ж песнямі во­дзяць “танкі”. У Ельні Чэрыкаўскага павета сыходзяцца ля лазні, збіраюць мялля, г. зн. кастрыцу ад ільну і пянькі, разводзяць агонь. Каля кастра і спяваюць вяснянкі. (“Так палюць мялля ўся­кую вічарыну аж да васкрэсных днёў”.) У некаторых месцах з вё­сак накіроўваюцца на бліжэйшы пагорак, там і “гукаюць вясну”. Нарэшце, дзе гэты звычай забываецца, дзяўчаты спяваюць вяс­нянкі проста ў сябе на прызбах. У апошні час у “гуканні вясны” большы ўдзел прымаюць і дзяўчынкі гадоў 12—14.

Галасістая акарына — дзецям на забаву.

Ганчар з Івянца Франц Целішэўскі

Вось некаторыя вяснянкі:

А ў нас сягодні Благавешчаньня! Гу!

Руднецкія[6] дзевачкі, пярайдзіця к нам. Гу!

А ў нас хлопчыкі — дзяшовый тавар. Гу!

Па дзевяць на шэляг, дзесяты паддачы! Гу!

Руднецкія хлопчыкі, пярайдзіця к нам. Гу!

А ў нас дзевачкі — дарагі тавар. Гу!

Па сто рублёў каса, на тысячы краса. Гу!..

Вясна, вясна, што нам прынясла?

Дзеўкам узросту, а хлопцам каросту!

Дзеўкі смяюцца, а хлопцы шкрабуцца!..

(Гомельскі павет; Раманаў, 1912)

ВАДЖЭННЕ “СТРАЛЫ”

...Дзяўчаты ідуць з пагорка чарадою ўздоўж вуліцы на другі канец вёскі і спяваюць:

Ой, пушчу стрялу да по ўсем сялу.

Ой, і я лелі,— да па ўсем сялу[7].

Ой, ляці, стряла, по конец сяла!

Ой, убій, стряла, добра моладца!

Ой, ляжыць цела, як бумага бела.

Ой, ніхто к целу не прыступіцца.

Прыступілася адна Йванаўна.

Ой, узяла цела да й на ручанькі,

Панесла цела да й да цэркаўкі.

Сама цэркаўка й атварылася,

Самі свечы да запаліліся,

Самі кнігі да зачыталіся.

Ой, сама я села да ля цела бела,

З мяне, маладой, да слёзкі палілі.

Ой, сама я цела да на ручкі ўзяла,

На ручкі ўзяла, ох, заплакала:

— Ох ты цела маё, цела,

Ой, зачым я ля цябе села...

У канцы вёскі дзяўчаты робяць карагод і танцуюць пад спевы. Вечарам у гэты дзень наймаюцца музыкі, і ў абранай хаце наладж­ваецца пагулянка (Рэчыцкі павет; Грузінскі, 1891).

*Засеўкі. Звычайна пачыналі на Хрышчатым тыдні або пасля Благавешчання. Селянін адзяваўся ў чыстае, браў з сабою грам­нічную свечку, “храсты”, асвечаную галінку вярбы, яйкі. Абхо­дзіў тры разы каня з сахою, даваў ахвяру зямлі, духу нівы (ко стачкі ад рытуальнай ежы, яйкі, “храсты”), ставіў галінку вярбы, свечку і араў. Сеялі ў суботу або нядзелю “ў поўню”, каб былі ка­ласы поўнымі (Кобрынскі павет; Крачкоўскі, 1897).

У Гомельскім павеце раілі: “Пшаніцу лепш сеяць у тры тэрміны: раннюю — да Юр’я, сярэднюю — калі ў жыта высып­леце колас і познюю — адначасна з грэчкай. Грэчку ж лепш уся­го сеяць задва тыдні да Купалы” (Раманаў, 1912).

У гонар таго, што асноўныя работы пачыналіся ў селяніна не ў хаце, а на двары і менш прыходзілася карыстацца асвятлен­нем, выконвалі абрад “Жаніцьба коміна” (апісанне яго гл. 14 ве­расня): “Ек засеўкі — будуць топіць, варыць, а до коміна вяжуць хмель да сухімі зернятамі посыпаюць” (Тураўскі слоўнік, 1982).

Благуста — наступны дзень за Благавешчаннем на Корбыншчыне. “На Благусту сій капусту” (Талстая, 1986).

9/27. Матрона. “На Матрону шчупак хвастом лёд прабівае” (Паўлюкоўскі, 1934).

14/1. Прабуджэнне дамавіка. Паўсюдна вядома: “Апрэль — нікому не вер”. У гэты дзень нібыта прабуджаўся дамавік, таму трэба было хлусіць, каб заблытаць яго (Крачоўскі, 1874).

Мар’я. У памяці людзей звязана з разводдзямі, за якімі яна прыходзіла, пасля чаго з’яўлялася надзея на вялікую траву. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то лічылася, што суха будзе ў жніво на хлебнай ніве” (Ляснічы, 1990).

15/2. Палікарп. Дзень Палікарпа асацыіруецца з голадам, бо раней да гэтага часу адсяваліся, і часцей апошнім зернем. “На Палікарпа пачатак бясхлебіцы” (Паўлюкоўскі, 1934).

Незвычайныя пасажыры на Ясельдзе

16/2. Мікіта. На Мсціслаўшчыне гавораць: “На Мікіту няма ні зімы, ні лета”. У іншых раёнах кажуць: “Калі на Мікіту кры­гаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам” (Ляснічы, 1990).

Пачатак Пахвальнага тыдня — тыдня перад Вербніцай. Наз­ва паходзіць ад дзеяслова “хваліцца”. “Дзіка качка яйцэм похваліцца”; “На Похвальный тыжэнь хаты не начытаюць рабіці. Ка­жуць, урэдный ён” (Лельчыцкі раён); “Похвальная похваліць, то Вэрбная поправіць” (Пінскі раён); “Нельзя беліць хату, снаваць кросна: пахвалісса зрабіць — не пахваліла знасіць” (Мазырскі раён; Талстая, 1986).

Пахвальная пятніца — дзень на Пахвальным тыдні. На Пін­шчыне мылі ўсе дзежкі.

21/8. Руф (Рухлы) — прысвятак, у беларусаў Смаленшчыны лічыўся апошнім днём зімы. Руф рушыць снягі, зіму. “Пуд снег пудзіць, а Рухлы атусюль парушыць — і з гор, і з лясоў, і з раў­коў” (Дабравольскі, 1894).

Радзівонаў дзень — пачатак палявых работ на поўначы Бела­русі (Ляснічы, 1990).

*Мезіна субота — дзень перад Вербніцай (Тураўскі слоўнік, 1984).

*Пахвальная субота — дзень на Пахвальным тыдні. Не пра­цавалі, святкавалі (Талстая, 1986).

23/10. Юры. “Як настане Юр’ева раса — не патрэбна коням аўса” (Сахараў, 1937).

Войцах. “Святы Войцеху выпусціў жаўранка з меху” (Сахараў, 1940).

*Вербніца (Вербіца, Вербіч, Вярба, Вербная нядзеля) — ня­дзеля перад Вялікаднём. Пачатак Вербнага (Страстнага) тыдня. У царкве асвячалі галінкі маладой вярбы, адзін аднаго сцябалі імі, прыгаворваючы: “Вярба б’е, не я б’ю, за тыдзень — Вялік­дзень. Будзь здаровы, як вада, будзь багаты, як зямля!” Галінкі тыя захоўвалі. Прашаптаўшы замову, вярбою гналі першы раз кароў на пашу. “Верба свята — нова лята, верба пасвіці ў поле гнала”. На Тураўшчыне казалі: “Вербіч не пройшоў, то кожуха не кедай. Прыдзе Вербіч — кожуха торбіч” (Тураўскі слоўнік, 1982). У Крупскім раёне гаварым: “Свята Вербніца сошкі правіць” (Грынблат, 1967).

24/11. Анціп — ахоўнік зубоў. Святкаваўся толькі тымі, у каго часта баляць зубы, і знахарамі, якія шэпчуць ад зубнога болю (Раманаў, 1912).

Пачатак * Белага (Вербнага) тыдня. *Чысты панядзелак. Бя­лілі і мылі хаты. Існавала такая прыкмета: як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр’я (6 мая) на “голы” лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла (Раманаў, 1912; Цэбрыкаў, 1862).

25/12. Марк. “Дождж на Марка, дык зямля, як скварка” (Б. с. к., 1937). У Свіслацкім раёне, дзе многія ведаюць польскую мову, згадваючы Вялікдзень, кажуць: “Ек бэндзе Вельканец на свянтэго Марка, то на земі не бэндзе ні еднэго недовярка” (не зусім веруючага).

*Чысты аўторак. На Случчыне сцвярджалі: “У Чысты паня­дзелак і аўторак не можна ў хаце трымаць чаго-небудзь нечыста­та, бо на людзей і на говядо нападуць паршы” (Сержпутоўскі, 1930).

26/13. Серада, пятніца паміж рускім і каталіцкім Юр’ем. На Віцебшчыне лічылі: калі ў гэты перыяд народзіцца жарабя, то яго з’есць воўк (Нікіфароўскі, 1897).

*Дравяная страсць — серада на Страстным (Белым) тыдні. Мыюць у хаце ўсё драўлянае (Талстая, 1986).

*Дравесны чацвер — тое, што і серада.

*Чысты (Жыльны, Вялікі) чацвер (Жыльнік) — чацвер на Вербным тыдні. Хадзілі мыцца ў лазню, на “бягучую ваду”, на расу, каб не было на целе хвароб, клапоў у хаце: “Чысты чацвер вулкі чысце, дваркі мяце, слядкі кладзе... к святому Вялічку”. У хаце ўжо ўсё было памыта, бо, як лічаць на Свіслаччыне, у гэты дзень нельга мыць — “зальеш Хрысту вочы”. Варылі вячэру (нават з дванаццаці страў), у некаторых раёнах не елі — “жыльнікавалі” да Вялікадня. У Смаленскай губерні заклікалі на вячэ­ру “марозам”:

Мароз, мароз,

Ідзі кісель ісць!

Ня бей наш авёс.

Вясна-красна

Каля рэчышкі ішла,

К нам прышле,

Лета прынісла.

(Дабравольскі, 1914)

Аралі і сеялі. “Чысты чацвер ячмень засяваець”; “Вялікі чвэр­так — гаспадар ідзець у поле з сівым канёчкам ды із плужочкам, пачынаець поле араць яравое”. Прыкмячалі: як на Чысты чацвер добрае надвор’е, то і на Ушэсце будзе такое ж.

У Лельчыцкім раёне праводзілі абрад “мыцця хлебнай дзеж­кі”. Каля хаты рабілі “аганец” (касцёр) са смецця, падмеценага ў хаце і вакол яе. Дзежку ля “аганьца” мылі. Затым аблівалі выкарыстанай вадою хату. На Мсціслаўшчыне раніцай пралі ле­ваю рукою “чацвярговыя ніткі”. Потым сатканым з іх палатном перавязвалі раны. Наглядалі за надвор’ем: дождж у той дзень абяцаў малако ў кароў.

ЧЫСТЫ ЧАЦВЕР

...Напярэдадні яго выстаўляюць на двор кавалак хлеба і калі­ва солі, і калі хлеб на працягу ночы не замерзне, то яравыя не пашкодзяцца ад маразоў. Для здароўя карысна той хлеб з’есці пасля лазні, у якой мыюцца да ў:ходу сонца, гаворачы, што і во­ран перад гэтым днём “купае сваіх дзяцей”.

Некаторыя, збіраючыся ў лазню, бяруць з сабою маленькі каменьчык і становяцца на яго праваю нагою ў час аблівання. Камень іншы раз зберагаюць да будучага года. Залазячы на палок, прыгаворваюць: “Хрышчоны на палок, нехрышчоны з палка”. Выходзячы з лазні, пакідаюць на палку вядро вады і венік для “хазяіна” і, перахрысціўшыся, шэпчуць: “Табе баня — на стаянне, а нам — на здароўе”. Словам “хазяін” велічаюць дама­вога, словам “нехрышчоны” просяць нячыстага пакінуць палок.





Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-09-20; Мы поможем в написании ваших работ!; просмотров: 1415 | Нарушение авторских прав


Поиск на сайте:

Лучшие изречения:

Победа - это еще не все, все - это постоянное желание побеждать. © Винс Ломбарди
==> читать все изречения...

2305 - | 2141 -


© 2015-2025 lektsii.org - Контакты - Последнее добавление

Ген: 0.013 с.