Эпоха феадалізму ахоплівае працяглы перыяд. Яна праіснавала да буржуазных рэвалюцый у Англіі (ХVІІ ст.) і ў Францыі (ХVІІІ ст.); у Расіі і Беларусі – прыкладна з ІХ ст. да сялянскай рэформы 1861 г., у Закаўказзі – з ІV ст. да 70-х гг. ХІХ ст., у Сярэдняй Азіі – з VІІ−VІІІ стст. да 1917 г. Феадальныя адносіны з тымі ці іншымі асаблівасцямі былі характэрны амаль для ўсіх краін.
На Беларускіх землях яны фарміраваліся і развіваліся на працягу доўгага часу, аднак у пытанні аб генезісе феадалізму на гэтай тэрыторыі пакуль што няма адзінага меркавання. У цэнтры спрэчак аб узнікненні феадалізму стаіць праблема асновы, на якой ўзніклі феадальныя адносіны ва ўсходніх славян. Адны даследчыкі лічаць, што феадальныя адносіны склаліся яшчэ ў нетрах першабытнаабшчыннага ладу. Другія, гаворачы аб узнікненні феадалізму, выдзяляюць паміж першабытным грамадствам і феадальнай эпохай працяглы “пераходны перыяд”.
Асобныя гісторыкі выказваюць думку, што ўзнікненне сельскай абшчыны азначала канец першабытнаабшчынных вытворчых адносін. У аснове ўзнікнення сялянскай абшчыны, як яны ўяўляюць, ляжала індывідуалізацыя грамадскай вытворчасці, якая прывяла да ўзнікнення парцэлярнай гаспадаркі, а яна, у сваю чаргу, з’явілася асновай для ўзнікнення класавых адносін.
Перыяд феадалізму ў гісторыі ўсяго ўсходняга славянства, а значыць, і ў гісторыі Беларусі, налічвае шмат вякоў і можа быць раздзелены на тры асноўныя этапы:
1 – ІХ – першая палова ХVІІ ст. (станаўленне і развіццё феадальных адносін);
2 – другая палова ХVІІ ст. (пачатак разлажэння феадалізму і зараджэння капіталістычных адносін);
3 – першая палова ХІХ ст. (крызіс феадальна-прыгонніцкіх адносін).
Такім чынам, феадальныя адносіны нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі ў ІХ ст. і існавалі да 1861 г. На працягу свайго існавання яны садзейнічалі некатораму росту прадукцыйных сіл, развіццё якіх ішло даволі марудна, таму гаспадарка Беларусі на ўсім працягу гэтых стагоддзяў захавала натуральны характар.
§2. У ІХ−Х стст. эканамічная аснова багацця феадалаў – буйная зямельная ўласнасць на беларускіх землях – толькі яшчэ нараджалася. Побач з ёю існавалі і пераходныя ўклады: патрыярхальны, рабаўладальніцкі, ваеннай дэмакратыі і інш.
Значная частка зямлі належала непасрэдна дзяржаве. Сяляне, якія пражывалі на ёй, эксплуатаваліся вялікім князем і панаваўшай вярхушкай. Асноўнай формай эксплуатацыі была даніна, якая збіралася метадам “палюддзя”. Першапачаткова даніна (футра, мёд, воск і іншыя прадукты) збіралася самім князем з дружынай у час перыядычных аб’ездаў падуладных тэрыторый. Адзінкай аблажэння данінай з’яўляўся жылы будынак – “дым” або “саха”, гэта значыць сялянскі двор з ворыўнай зямлёй.
З канца Х ст., і асабліва ў ХІ ст., у Полацкім, Тураўскім і іншых княствах на тэрыторыі Беларусі ідзе працэс росту колькасці буйных феадалаў і плошчаў іх уладанняў. Крыніцамі фарміравання буйнога феадальнага землеўладання былі:
1) захоп незанятых, свабодных зямель, якіх было яшчэ шмат;
2) захоп абшчынных зямель шляхам прамога насілля або на падставе княжацкіх падараванняў.
Акрамя мясцовых князёў буйным землеўладальнікам становіцца баярства, якое складалася з двух слаёў: туземнай знаці ў выглядзе “лепшых”, “старэйшых” людзей і іншых прадстаўнікоў родаплемянной знаці, а таксама вышэйшых чыноў княжацкага двара, якія атрымлівалі зямлю ў кіраванне, падарунак або вотчыну. У канцы Х ст., пасля прыняцця хрысціянства, буйным землеўладальнікам становіцца царква.
Феадальнае землеўладанне ў беларускіх княствах і землях склалася ў форме вотчыны, якая знаходзілася ў поўнай уласнасці феадала, перадавалася па спадчыне, магла быць прададзена, падаравана.
Вотчына – комплекс феадальнай зямельнай уласнасці (зямля, пабудовы, жывы і мёртвы інвентар) і звязаных з ёю правоў на феадальна залежных сялян. Вотчына ўяўляла сабой арганізацыю для прысваення вотчыннікам-феадалам прыбавачнай працы залежных сялян і была асновай панавання феадалаў у сярэдневяковым грамадстве. Аснову вотчыны складалі панская гаспадарка і сялянскія трыманні. Для рэалізацыі сваіх правоў у вотчыне яе ўладальнік абапіраўся на ўласны апарат прымусу і цэнтральную ўладу. Эканамічная структура вотчыны характарызавалася тымі ці іншымі суадносінамі домена ўтрыманняў і розным спалучэннем галоўных форм эксплуатацыі сялян у вотчыне (баршчына, прадуктовы і грашовы аброкі).
Першыя звесткі аб княжацкіх вотчынах у Полацкім княстве адносяцца да Х ст. У ХІ − ХІІ стст. ёсць звесткі аб баярскіх і манастырскіх вотчынах. Вотчыны абслугоўваліся працай залежных сялян – смердаў і халопаў. У ХІ − ХІІ стст. феадальныя правы вотчыннікаў замацоўваюцца ў Рускай Праўдзе.
Непазбежным вынікам з’яўлення буйнога землеўладання было ўзмацненне феадальнай залежнасці сялян і паступовае перарастанне даніны ў феадальную рэнту. У ІХ − ХІІ стст. закабаленне смердаў поўнасцю яшчэ не закончылася. Па сваім гаспадарчым і прававым становішчы яны дзяліліся на дзве асноўныя групы: свабодных і залежных ад землеўладальнікаў. Але суадносіны паміж імі хутка мяняліся. Гаспадарка смердаў была няўстойлівай. Смерды ў той час па-ранейшаму былі аб’яднаны ў сельскія абшчыны. У абшчыне яны мелі сваю гаспадарку, зямлю, хату, прылады працы, неабходную працоўную жывёлу. Вялікі памер даніны, ваенныя паходы, частыя набегі суседніх народаў прыводзілі гаспадарку незалежных смердаў да разарэння. Патрэба ў прыладах працы, інвентары, насенні прымушала збяднеўшых смердаў ісці ў кабалу да буйнога землеўладальніка. Такім чынам з асяроддзя незалежных абшчыннікаў вылучалася група радовічаў. Тэрмін “радовіч” узяў пачатак ад слова “рад”, гэта значыць дагавор. Радовіч – гэта свабодны, але збяднелы смерд, які на дагаварных умовах працаваў у гаспадарцы феадала.
Акрамя радовічаў, існавалі і такія групы залежнага насельніцтва Беларусі, як халопы, закупы і ўдачы. Халопы былі несвабодныя і знаходзіліся ў поўнай уласнасці феадала. Закупамі называлі тых сялян, якія не мелі магчымасці весці гаспадарку на абшчынным надзеле і сяліліся на зямлі феадала, атрымлівалі ад яго пазыку (“купу”) і павінны былі працаваць да выплаты доўгу. Многія не маглі вярнуць пазыку і рабіліся неаплатнымі даўжнікамі. Удачамі называліся людзі, якія часова працавалі ў феадала, але не мелі на яго зямлі асабістай гаспадаркі. За работу ўдачы атрымлівалі міласць (хлеб і прыдатак).
Такім чынам, з’яўленне радовічаў, халопаў, закупаў і ўдачаў на Беларусі, з аднаго боку, сведчыла аб маёмасным расслаенні сялянскай абшчыны і, з другога, – аб канцэнтрацыі зямельнай уласнасці ў руках пануючага класа феадалаў.
Асноўнай формай эксплуатацыі рабочай сілы ў феадальнай вотчыне ў Х − ХІІ стст. была адработачная рэнта. Смерды, якія трапілі ў феадальную залежнасць, апрацоўвалі панскую зямлю і выконвалі іншыя работы ў выглядзе баршчыны. Памеры баршчынных павіннасцей не былі цвёрда ўстаноўленымі і вызначаліся звычаямі.
Галоўнай ячэйкай эканомікі Беларусі была дробная гаспадарка селяніна, якая засноўвалася на прымітыўнай ручной тэхніцы. Паколькі грамадскае раздзяленне працы было развіта вельмі слаба, панавала натуральная гаспадарка.
Сяляне вялі сваю гаспадарку на землях, якія належалі сельскай абшчыне. Ворныя землі былі ў карыстанні асобных двароў. У сумесным карыстанні заставаліся сенажаці, пашы, лясы і вадаёмы.
Асноўныя земляробчыя прылады – драўлянае рала, саха, матыка, рыдлёўка, каса-гарбуша, серп, барана, граблі, цэп, драўляная ступа і інш. Сеялі ўручную, баранавалі драўлянай бараной. Зерне малацілі на таку драўлянымі цапамі, веялі пры дапамозе драўляных рыдлёвак і рэшатаў і захоўвалі яго ў свірнах. Для памолу зерня выкарыстоўвалі круглыя каменныя жорны з пясчанікавых парод.
Археалагічныя матэрыялы, знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі, даюць уяўленне як аб саставе культурных раслін, так і аб сістэмах земляробства. У ІХ − ХІІ стст. было распаўсюджана ворыўнае земляробства з ужываннем папарнай сістэмы ў выглядзе двухполля або нават трохполля. Раскопкі сведчаць аб тым, што найбольш распаўсюджанымі збожжавымі культурамі былі жыта і пшаніца. Значнае месца займаў ячмень, меншае – авёс, проса, грэчка, бабовыя, гарох, віка, лён, каноплі.
Цікавыя звесткі аб стане земляробства ў заходняй частцы Беларусі далі раскопкі старога замка ў Гродне. У ХІ − ХІІ стст. жыта было тут пераважна азімай культурай і, бясспрэчна, культывавалася ўжо даўно. Відаць, як і ў Мінскай зямлі, у гэты час складвалася папарная сістэма земляробства. Аднак гэта адносіцца да густа заселеных раёнаў на даўно асвоеных палях, якія прылягалі да паселішчаў, у той час як удалечыні ад вёсак існавала лясная аблога.
Некалькі іншым быў стан земляробства на поўдні Беларусі. Тут побач з урадлівымі глебамі, на якіх таксама ўкаранялася папарная сістэма земляробства, былі вялікія забалочаныя прасторы і густыя лясы. Таму ў некаторых месцах Прыпяцкага Палесся аж да ХІХ ст. земляробства вялося ў форме лясной аблогі і ляды. На гэтай эканамічнай аснове захоўвалася архаічная сям’я – палескае “дворышча”.
Як сельскае, так і гарадское насельніцтва Беларусі займалася агародніцтвам. Акрамя бабовых шырока былі распаўсюджаны капуста, рэпа, агуркі, буракі, рэдзька, морква і цыбуля. Пры рабоце на агародах ужываліся саха, матыка з жалезнай рабочай часткай і драўляная рыдлёўка з жалезнай акоўкай, так званым рыльцам. Іх адлюстраванне мы знаходзім у старажытнарускіх мініяцюрах, а жалезныя наканечнікі матык і акоўкі рыдлёвак – пры археалагічных раскопках.
Насельніцтва Беларусі добра ведала і садоўніцтва. Як пісьмовыя помнікі, так і археалагічныя матэрыялы зафіксавалі развядзенне яблынь, груш, вішань, сліў і інш. Костачкі вішні выяўлены пры археалагічных раскопках у Мінску, Полацку, а ў Гродне – вішні і слівы. У ІХ − ХІІ стст. у ежу ўжываліся розныя расліны, вядомыя і цяпер.
Адной з галін сельскай гаспадаркі старажытнай Беларусі з’яўлялася жывёлагадоўля. Археалагічныя крыніцы сведчаць, што ў раннефеадальны перыяд на тэрыторыі Беларусі акрамя буйной рагатай жывёлы разводзілі авечак, коз, свіней і коней. Аднак жывёлагадоўля ў гаспадарчым жыцці заходнярускіх плямён не адыгрывала рашаючую ролю. Тлумачыцца гэта тым, што ў густых лясах мала было добрых пашаў, а значыць, не было ўмоў для развядзення жывёлы ў вялікай колькасці. Пад пашы звычайна выкарыстоўваліся закінутыя кавалкі зямлі. І ва ўмовах панавання падсечнай сістэмы земляробства жывёлагадоўля была вельмі слаба звязана з паляводствам.
Дадатковым прыбыткам у гаспадарцы служылі паляванне і рыбалоўства, чаму, бясспрэчна, спрыялі геаграфічныя ўмовы. У лясах вадзілася шмат розных звяроў, а рэкі і азёры былі багатыя на рыбу. Нашы продкі палявалі на высакароднага аленя, зубра, дзіка, мядзведзя, лісіц, вавёрак, куніц, баброў і г.д. З цягам часу паляванне ўсё больш ператваралася ў промысел пушнога звера.
Побач з паляваннем і рыбалоўствам шырокае развіццё атрымала бортніцтва, або лясное пчалярства. Мёд і воск былі прадметамі не толькі ўнутранага спажывання, але і вывазу ў іншыя краіны.
Значную ролю адыгрывала перапрацоўка сельскагаспадарчых прадуктаў. З насення льну і канопляў здабывалі алей, са злакавых рабілі муку і крупы. Тэхніка перапрацоўкі сыравіны была прымітыўнай. Напрыклад, зерне для атрымання проса таўклі драўлянымі таўкачамі ў вялікіх ступах. Такія таўкачы знойдзены ў Полацку. Алей выціскалі простымі прэсамі.
Развіццё прадукцыйных сіл у Беларусі было звязана з працэсам аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі. У нашых далёкіх продкаў вельмі рана з’явіліся розныя промыслы і рамёствы.
Хатнія промыслы былі цесна звязаны з земляробствам, якое з’яўлялася галоўным заняткам славян на тэрыторыі Беларусі. З ільну, канапель і воўны рыхтавалі пражу, ткалі палатно і сукно. З дрэва і гліны рабілі посуд. Ганчарнае кола пачало прымяняцца ў старажытнабеларускіх землях ўжо з ІХ − Х стст.
Апрацоўка розных скур і пашыў вопраткі мелі таксама характар хатняга промыслу.
Паказчыкам зруху ў прадукцыйных сілах беларускіх княстваў і зямель у ХІ − ХІІ стст. з’явілася далейшае развіццё рамяства, цэнтрам якога станавіліся гарады – Полацк, Тураў, Мінск, Віцебск і інш. У ХІІ ст. на тэрыторыі Беларусі налічвалася 33 населеныя пункты, якія можна назваць гарадамі. Старажытнабеларускі горад складаўся з дзвюх частак: умацаванага дзядзінца (горада) і рамесна-гандлёвага пасада, дзе знаходзіўся рынак. Горад быў звязаны з бліжэйшай сялянскай акругай, прадуктамі якой ён жыў і насельніцтва якой забяспечваў рамеснымі вырабамі. У той жа час і частка гарадскога насельніцтва захоўвала сувязь з земляробствам. Гарады былі цэнтрамі ўнутранага гандлю. Паміж гарадамі вёўся і знешні гандаль. Тут існавала грашовае (праўда, пакуль заблытанае і стракатае) абарачэнне. Ужо ў ІХ ст. распаўсюджваюцца металічныя грошы, яны выцеснілі грошы-жывёлу і грошы-футра. Самай буйной і галоўнай грашовай адзінкай таго часу была грыўна, якая ўпершыню ўпамінаецца ў 882 г. Грыўны таго часу былі сярэбранымі і да ХІІ ст. з’яўляліся як вагавай, так і грашовай адзінкай. Насельніцтва Беларусі карысталася таксама манетамі іншаземнай чаканкі. Еўрапейскія манеты з’явіліся на Беларусі ў ХІ ст. і чаканіліся амаль выключна ў Нямеччыне. Але развіццё гарадоў, гандлю, грашовага абарачэння не мяняла агульнага натуральнага характару гаспадаркі, таварная вытворчасць яшчэ толькі нараджалася.
У старажытнабеларускіх гарадах да ХІІ ст. налічвалася больш за 60 рамесных спецыялістаў. Раней за ўсё ў якасці самастойнай галіны вытворчасці вылучалася апрацоўка жалеза. У гарадах у галіне апрацоўкі жалеза з’явілася не менш за 16 прафесій. Аб тэхнічным узроўні металургічнай вытворчасці сведчыць прымяненне рамеснікамі зваркі, ліцця, наваркі і загартоўкі сталі.
У ХІ − ХІІ стст. беларускія рамеснікі выраблялі больш за 100 відаў жалезных вырабаў. Іх прадукцыя спрыяла развіццю таварных адносін паміж горадам і вёскай. У рамесных майстэрнях вырабляліся прылады працы (косы, сярпы, сякеры, малаткі), зброя (мячы, лукі), прадметы быту і ўпрыгажэнні.
У ІХ − Х стст. з хатніх промыслаў вылучаецца ювелірная справа. З высакародных (галоўным чынам серабра) і каляровых металаў рамеснікі рабілі перш за ўсё жаночыя ўпрыгажэнні – грыўні, розныя падвескі, бранзалеты, пярсцёнкі і інш. Майстрам-ювелірам былі знаёмыя розныя тэхнічныя прыёмы іх вырабу: адліўка, гравіроўка і чаканка. Аб тым, што мастацкая творчасць рамеснікаў Беларусі дасягнула высокага для таго часу ўзроўню, сведчыць крыж, зроблены ў 1161 г. для адной з полацкіх цэркваў мясцовым майстрам Лазарам Богшам. Гэты крыж быў абкладзены залатымі пласцінкамі з жэмчугам і самацветамі. Асаблівую мастацкую каштоўнасць мелі эмалевыя ўпрыгажэнні крыжа (арнамент і мініяцюрныя фігуры людзей). Ён быў згублены ў часы Вялікай Айчыннай вайны, і лёс яго невядомы.
Далейшае развіццё на Беларусі атрымалі такія віды рамёстваў, як ганчарнае, гарбарнае, апрацоўка каменя і дрэва, разьба па косці, прадзенне, ткацтва і інш. Рукамі рамеснікаў былі пабудаваны выдатныя архітэктурныя збудаванні: Сафійскі сабор (сярэдзіна ХІ ст.), Спаса-Ефрасіннеўская царква (сярэдзіна ХІІ ст.) у Полацку, Каложская царква ў Гродне (сярэдзіна ХІІ ст.) і інш.
Будынкі цэркваў у старажытнасці выкарыстоўваліся не толькі для рэлігійных мэт, але і для правядзення сходаў насельніцтва. Феадалы і багатыя купцы захоўвалі ў цэрквах свае каштоўнасці і дакументы. Царкоўныя падвалы часам выкарыстоўваліся купцамі як склады для каштоўных тавараў.
Свае прадукты рамеснікі ў большасці выпадкаў не выраблялі для рынку, а папярэдне забяспечвалі сябе заказам з боку пакупніка. Гэта тлумачыцца слабым развіццём у Полацкім і Тураўскім княствах таварна-грашовых адносін, поўным панаваннем натуральнай гаспадаркі. Унутраны рынак быў яшчэ вузкім, і рамеснік не мог быць упэўнены, што яго прадукцыя заўсёды будзе рэалізавана. Заказ аплачваўся натурай, неабходнымі рамесніку прадуктамі, радзей грашыма.
§3. З канца ХІ ст. каралі, графы, князі Францыі, Англіі, Германіі і іншых еўрапейскіх краін імкнуліся захаваць багатае ўзбярэжжа Міжземнага мора, неаднойчы адпраўляліся ў крывавыя паходы супраць Егіпта, Сірыі. Гэтыя войны падтрымлівала каталіцкая царква, якая выступала арганізатарам крыжовых паходаў.
Адбылося так, што і беларускім княствам прыйшлося адбівацца ад крыжацкай агрэсіі (крыжакі – нямецкія рыцары, бязлітасныя і жорсткія заваёўнікі). У войсках крыжакоў ствараліся асобныя манашаска-рыцарскія арганізацыі. Іх звалі духоўна-рыцарскімі ордэнамі. Першым у 1119 г. быў створаны Ордэн тампліераў, другім – Ордэн шпітальераў, янітаў. У канцы ХІІ ст. стварыўся трэці ордэн – Тэўтонскі, які пазней перасяліўся з Палесціны ў Прусію.
Захапіўшы вусце Заходняй Дзвіны, нямецкія феадалы заснавалі там крэпасць Рыгу (1201 г.), а затым у 1202 годзе стварылі духоўны рыцарскі Ордэн мечаносцаў і пачалі пераносіць ваенныя дзеянні ў Прыбалтыку і Русь для заваявання гэтых зямель. Пасля чаго сталі ўзводзіць іншыя гарады, насяляючы іх нямецкім жыхарствам.
Пачынаецца нашэсце Тэўтонскага ордэна, якое пагражае не толькі разбурэннем славянскіх і балцкіх гарадоў і вёсак, фізічным знішчэннем народаў, але і духоўным упадкам, анямечваннем этнічных груп, што насялялі Усходнюю Еўропу. Таму барацьба з тэўтонамі стала барацьбой за выжыванне славянства, і на пярэднім краі гэтай барацьбы стаялі беларускія землі, беларускі народ, які закрыў сабою іншыя ўсходне-славянскія землі ад крыжацкай навалы.
Палачане першымі ўступілі ў адкрытую барацьбу супраць агрэсіі нямецкіх рыцараў. У ніжнім цячэнні Дзвіны знаходзіліся гарады-крэпасці Кукенойс і Герцыке, якімі кіравалі васалы полацкага князя. Рыцары наблізіліся да горада Кукенойса. Тут княжыў Вячка, які паходзіў з дынастыі полацкіх князёў. З невялікай дружынай ён доўга і мужна адбіваўся ад захопнікаў; у 1208 г. мусіў спаліць Кукенойскі замак. Ён усё жыццё змагаўся з крыжакамі і загінуў у жорсткім баі ў 1224 г. У 1209 г. рыцары абрабавалі і спалілі другі старажытны фарпост Полацкага княства – горад Герцыке.
Полацк умацоўваў палітычныя сувязі з наўгародскай зямлёй. Полацкія дружыны прымалі ўдзел у бітвах супраць шведскіх рыцараў на рацэ Няве (1240) і Чудскім возеры (1242). У бітве на Няве адвагай вызначыўся Якаў-палачанін, які служыў пры двары Аляксандра Неўскага. У жорсткай рукапашнай схватцы ён, узброены толькі мячом, напаў на цэлы “полк” шведаў і адзін вытрымаў бой супраць атрада рыцараў.
У гісторыі захавалася таксама імя гарадзенскага ваяводы Давыда, сына князя Доўманта. У 1314 г. Давыд Гарадзенскі са сваёй дружынай разбіў крыжакоў, што напалі на Наваградак, а ў 1319 г. узначаліў пераможны паход гарадзенцаў на Прусію. Пскавічы паслалі к Давыду за дапамогай, і той выратаваў горад ад крыжакоў. Наступны ўдар Ордэну Давыд нанёс у Мазовіі ў 1324 г., а праз два гады арганізаваў паход на Брандэнбург, у час якога быў па-здрадніцку (ударам нажа ў спіну) забіты наёмным польскім рыцарам. Воіны-гарадзенцы прынеслі цела свайго ваяводы дамоў на шчытах і пахавалі на беразе Нёмана каля старажытнай Каложы.
З усходу на рускія землі абрынуліся татара-мангольскія полчышчы. У 1223 г. на рацэ Калцы сышліся на першую бітву татара-манголы і аб’яднаныя сілы рускіх і полаўцаў. Але тут па прычыне сваёй раздробленасці і здрады полаўцаў Русь пацярпела паражэнне. Татара-манголы, не маючы сіл, не рызыкнулі ісці на Кіеў і пайшлі на Усход.
У 1236 г. яны разграмілі Балгарскую дзяржаву на Волзе, пачалі заваяванне Русі, захоп зямель Усходняй Еўропы. У 1240 г. захапілі Кіеў, напалі на Галіцка-валынскае княства, рушылі на Польшчу, Венгрыю, Чэхію, дасягнулі Адрыятыкі.
Жыхары беларускіх зямель у адрозненне ад іншых усходнеславянскіх зямель не зведалі ў цэлым пакут мангола-татарскага нашэсця і нашэсця іншых качавых народаў.
У летапісах адзначаецца разбурэнне войскамі Батыя Брэста ў 1240 г. і абкладанне данінай некаторых гарадоў Паўднёвай Беларусі. У некаторых крыніцах маюцца звесткі аб бітвах з татара-манголамі ў нізіне ракі Прыпяць, пад Мазыром, аб іх набегах на заходнярускія землі ў 1258, 1275, 1277, 1288, 1315, 1325, 1388 гадах. Але пытанне аб тым, наколькі гэтыя звесткі праўдзівыя, ці чаму татара-манголы абмінулі яе тэрыторыю, застаецца адкрытым.
Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі на змену першабытным грамадска-эканамічным адносінам паступова прыходзіць феадалізм. Феадалізм характарызуецца панаваннем дробнай натуральнай гаспадаркі, нізкай прадукцыйнасцю працы, прымацаваннем непасрэднага вытворцы да зямлі. У гістарычным разуменні перыяд феадальных адносін і тэхналогій займае даволі вялікі адрэзак. На тэрыторыі Беларусі – ад ІХ ст. да 1861 года.
Замацаванне крыжакоў у канцы ХІІ ст. каля вытокаў Заходняй Дзвіны, а затым і іх ваенная экспансія, стварылі небяспеку для Полацкай зямлі. Мужнасць палачан, іх палітычны і ваенны саюз з наўгародскім насельніцтвам і іншымі рэгіёнамі старажытнай Русі дазволілі прыпыніць нашэсце крыжакоў на Усход.
Пытанні і заданні: 1. У які час адбыўся пераход славянскіх плямён ад першабытнаабшчыннай эпохі да феадальнай? 2. Якія буйныя феадальныя княствы існавалі на тэрыторыі Беларусі ў ІХ - ХІІІ стст. 3. У сувязі з якімі падзеямі ўпершыню згадваюцца ў летапісах старэйшыя гарады нашай Бацькаўшчыны? Назавіце гады іх узнікнення. 4. Да якога часу сярод насельніцтва Беларусі панавала язычніцтва? Назавіце прычыны ўвядзення хрысціянства. 5. Чаму князь і феадалы падтрымлівалі хрысціянскую (праваслаўную) царкву? 6. Назавіце першых знакамітых асоб беларускай гісторыі і іх асноўныя заняткі, вядомыя помнікі старажытнарускага дойлідства на тэрыторыі Беларусі. 7. Як, калі і якім чынам адбыўся распад Кіеўскай Русі? 8. Адзначце асноўныя этапы перыяду феадалізму на беларускіх землях. 9. Назавіце крыніцы фарміравання буйнога феадальнага землеўладання, а таксама асноўныя групы залежнага ад феадалаў насельніцтва. 10. Чаму каталіцкая царква падтрымлівала агрэсію нямецкіх феадалаў? Ахарактарызуйце найбольш вядомыя ваенныя дзеянні беларускага народа ў барацьбе з іншаземнымі захопнікамі.
Глава 3. Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (другая чвэрць ХІІІ – першая палова ХVІ ст.): ад сярэднявечча да новага часу
Тэма 1. Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя перадумовы фарміравання Вялікага княства Літоўскага
§1. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага
§2. Унія Літоўска-Беларускай дзяржавы з Польшчаю (1386 г.). Барацьба з Тэўтонскім ордэнам
§3. Арганізацыя дзяржаўнага кіравання
§1. Працэс утварэння Вялікага княства Літоўскага ў сучаснай навуцы з’яўляецца дыскусійным пытаннем. Традыцыйна ў гістарычных працах і падручніках сцвярджалася, што ў часы аслаблення Русі і заваявання яе большай часткі мангола-татарамі, ва ўмовах барацьбы з крыжацкай агрэсіяй літоўскі князь Міндоўг змог аб’яднаць літоўскія землі, стварыць моцную дзяржаву і далучыць да яе шляхам заваёў ці дагавораў беларускія землі.
Процілеглую канцэпцыю абгрунтаваў даследчык старажытнай Беларусі М.І. Ермаловіч. На падставе летапісных крыніц М. Ермаловіч даказвае, што ніякай заваёвы Літвой беларускіх зямель не было. Не Літва заваявала Навагрудак, а, насупраць, Навагрудак падпарадкаваў сабе суседнюю Літву. У Навагрудку склалася ядро Вялікага княства Літоўскага, пасля чаго адсюль заваёўваюцца іншыя літоўскія, балцкія землі – Нальшчаны, Дзяволтва, падпарадкоўваюцца Полацк і іншыя мясцовасці.
Такім чынам, Вялікае княства Літоўскае складваецца перш за ўсё як беларуская дзяржава, Літва па сутнасці – правінцыя Беларусі. У 1323 г. сталіца пераходзіць у Вільню. Аднак перамена сталіцы не азначае перамены характару дзяржавы. Вялікае княства Літоўскае было поліэтнічнай дзяржавай, але перш за ўсё – беларускай, дзе пануе беларуская мова, беларуская культура, беларуская юрыспрудэнцыя.
У дыскусіі па праблемах утварэння Вялікага княства Літоўскага апошняя кропка яшчэ не пастаўлена. Навукоўцы Беларусі, Літвы, іншых краін імкнуцца прыйсці да згоды ў гэтым пытанні. Так, удзельнікі круглага стала, які адбыўся ў Мінску ў 1992 г. па тэме “Беларусь у Вялікім княстве Літоўскім”, адзначалі, што ў першай палове ХІІІ ст. у верхнім Панямонні ўзнікла Беларуска-Літоўская дзяржава з цэнтрам у Новагародку, якая стала ядром магутнай еўрапейскай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага. Да сярэдзіны ХV ст. дзяржава афіцыйна называлася Вялікім княствам Літоўскім і Рускім, а пазней – Вялікім княствам Літоўскім, Рускім, Жамойцкім і іншых зямель.
У Вялікім княстве назва “Літва” тады адносілася да тэрыторыі верхняга і сярэдняга Панямоння, а пад “Руссю” разумелася верхняе Падзвінне і Падняпроўе. Сучасныя заходнія этнічна-літоўскія землі (Жмудзь) былі канчаткова далучаны да Вялікага княства ў першай палове ХV ст. У склад Вялікага княства Літоўскага з другой паловы ХІV ст. да канца 60-х гг. ХVІ ст. уваходзіла частка ўкраінскіх зямель (Валынь, Падолле, Кіеўшчына). Усе народы, якія прымалі ўдзел у палітычным, эканамічным і культурным жыцці Вялікага княства, а найперш беларускі і літоўскі, з’яўляюцца гістарычнымі пераемнікамі гэтай дзяржавы. Было вырашана вызначыць супольнае дзяржаўнае ўтварэнне як Беларуска-Літоўскую, або, што раўназначна, Літоўска-Беларускую дзяржаву, улічваючы пры гэтым важкі ўклад, які ўносіў і ўкраінскі народ у яе палітычнае і культурнае развіццё.
Першай сталіцай Вялікага княства Літоўскага быў Новагародак. Як сведчаць археалагічныя даследаванні, у ХІІ – ХІІІ стст. Новагародская зямля дасягнула значнага эканамічнага і культурнага развіцця, а сам Новагародак стаў багатым горадам і моцнай крэпасцю. Землі вакол яго былі даволі ўрадлівымі і давалі добрыя ўраджаі. У самім горадзе вядучай галіной рамяства была апрацоўка каляровых і каштоўных металаў. Ювеліры станавіліся заможнымі гараджанамі. Развіваліся і іншыя рамёствы: ганчарнае, кастарэзнае, выплаўка і апрацоўка жалеза. Горад меў шырокія знешнія сувязі, вёў гандаль з Полацкам, паўднёварускімі гарадамі, Прыбалтыкай, Польшчай, Візантыяй, Блізкім Усходам.
На падставе высокага развіцця земляробства, рамёстваў і гандлю багацелі мясцовыя феадалы. Новагародская зямля мела даволі развітыя феадальныя адносіны, значную маёмасную дыферэнцыяцыю, перажывала эканамічны ўздым. Яе князі і феадалы былі зацікаўлены ў пашырэнні тэрыторыі княства. У гэтыя ж часы па шэрагу прычын страчвае сваё былое значэнне гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі” і слабеюць тыя моцныя гарады і княствы, якія на ім разбагацелі і ўмацаваліся. Дзяржаваўтваральная ініцыятыва на беларускіх землях стала пераходзіць ад Полацка да Новагародка. Паступова вакол апошняга пачынае фарміравацца новая дзяржава – Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае.
Ролю Новагародчыны ў гістарычным працэсе стварэння новай дзяржавы вызначала і тое, што ў перыяд нашэсця на ўсходніх славян манголаў і крыжакоў беларускае Панямонне было адносна бяспечнай тэрыторыяй. Дарэчы, тут ратаваліся ад заваёўнікаў і шматлікія бежанцы, што ўзмацняла прадукцыйныя сілы Новагародскай зямлі.
Першым вялікім князем літоўскім быў Міндоўг. Сам гэты факт пярэчыць тэорыі літоўскага заваявання беларускіх зямель. Да паловы ХІІІ ст. Літва і наогул балты яшчэ не былі палітычна аб’яднаныя, яны карысталіся племяннымі назвамі: прусы, яцвягі, голядзь, жмудзь, аўкштота і інш. Іх тэрыторыі былі слаба заселены, насельніцтва займалася ў асноўным паляваннем, жывёлагадоўляй, зрэдку прымітыўным земляробствам. Да ХІV ст. балты заставаліся язычнікамі. Беларусь, безумоўна, была на больш высокім узроўні эканамічнага і палітычнага развіцця: мела высокі ўзровень ворыўнага земляробства і рамяства, насельніцтва было хрысціянскім, мела пісьменнасць.
Усё гэта рабіла невыпадковым утварэнне сталіцы новай дзяржавы ў славянскім Новагародку. М.Ермаловіч лічыць, што Міндоўг быў запрошаны ў 1246 г. у Новагародак на княжанне ў якасці ваеннага наёмніка, каб заваяваць Літву і далучыць яе да Новагародскага княства (у свой час Рурык быў запрошаны ў Кіеў, Рагвалод – у Полацк (дарэчы, абодва скандынавы)). Невыпадкова, згадвае Ермаловіч, у летапісе кажацца: “Міндоўг зане Літву”, а не “Міндоўг зане Новагародак”. У Новагародку Міндоўг прыняў праваслаўе, што таксама можа быць сведчаннем намеру Міндоўга стаць князем праваслаўнай дзяржавы.
Характэрна, што Полацкая і Віцебская землі ў 60-я гг. ХІІІ ст. мірна далучаюцца да Вялікага княства Літоўскага, захоўваюць у яго межах значную аўтаномію. У той жа час літоўскія феадалы супраціўляюцца ўтварэнню Вялікага княства, Міндоўг і яго сын Войшалк вынішчаюць іх значную частку.
Літоўскія князі Лютавар, Віцень, Гедымін далучылі да дзяржавы Турава-Пінскае і Чарнігаўскае княствы. Менавіта пры Гедыміне (княжыў у 1316–1341 гг.) завяршылася аб’яднанне тэрыторыі Беларусі ў складзе Вялікага княства Літоўскага. Славяне ў гэтай дзяржаве складалі ¾ насельніцтва (а пазней і 90 %), на беларускай мове вялося дзяржаўнае справаводства, іх рэлігія – праваслаўе – стала афіцыйнай.
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што пасля заняпаду Кіеўскай Русі на тэрыторыі ўсходняга славянства пачынае фарміравацца Беларуска-Літоўская дзяржава, якая адыграла рашаючую ролю ў фарміраванні беларусаў. У той час, як мангола-татарскае нашэсце замарудзіла працэс палітычнага аб’яднання ўсходнярускіх і паўднёварускіх (украінскіх) зямель, падарвала іх прадукцыйныя сілы, беларускія землі гэтага пазбеглі. Іх прадукцыйныя сілы ў выніку прытоку новага насельніцтва, якое ратавалася ад захопнікаў, яшчэ больш узраслі, аб’яднанне паскорылася пад пагрозай нашэсця татараў і крыжакоў. Такім чынам, фарміраванне тэрыторыі Беларусі і ўтварэнне беларускай народнасці пайшлі хутчэй, чым у іншых усходнеславянскіх землях. Культурныя цэнтры на Беларусі не былі разбураны, на іх развіццё аказалі ўплыў балцкая культура і культура Заходняй Еўропы, што спрыяла дасягненню ёю высокага ўзроўню.