Лекции.Орг


Поиск:




Категории:

Астрономия
Биология
География
Другие языки
Интернет
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Механика
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Транспорт
Физика
Философия
Финансы
Химия
Экология
Экономика
Электроника

 

 

 

 


Буржуазныя рэформы 1860-70-х гг




Адмена прыгоннага права, буржуазнае развiццё краiны абумовiлi неабходнасць правядзення ў Расійскай імперыі шэрагу рэформ: земскай (1864 г.), судовай (1864 г.), гарадскога самакiравання (1870 г.), вайсковай (1862, 1874 гг.), школьнай (1864 г.), а таксама некаторых пераўтварэнняў у галінах фiнансаў, цэнзуры. У Беларусi гэтыя рэформы былi праведзены часцей за ўсё пазней i са значнымi адхiленнямi ў параўнаннi з агульнарасiйскiмi нормамi. Прычынамі гэтага сталі напружанае становiшча ў Беларусі ў сувязi з паўстаннем 1863 г. і неабходнасць барацьбы з польскiмi ўплывамi.

Земская рэформа 1864 г. была распаўсюджана на тэрыторыi Беларусi толькi ў 1911 г. i яна закранула Вiцебскую, Мiнскую, i Магiлёўскую губернi. Урад непакоiла магчымае ўзмацненне польскага ўплыву ў земскiх выбарных органах. Па гэтай прычыне рэформа не была пашырана на Віленскую і Гродзенскую губерні. Земствы садзейнічалі развіццю мясцовай ініцыятывы, гаспадаркі і культуры. Яны ўдзельнічалі ва ўтрыманні царкоўна-прыходскіх школ, арганізоўвалі санітарны нагляд, займаліся статыстыкай, садзейнічалі развіццю кустарных промыслаў і г.д. Земствы дзейнічалі да канца 1917 г.

З усiх буржуазных рэформаў 60-80-ых гг. найбольш паслядоўнай была судовая. У аснову яе былi пакладзены: бессаслоўнасць суда, спаборнiцтва бакоў, галоснасць судаводства i незалежнасць суддзяў. Быў створаны спецыяльны iнстытут прысяжных павераных (адвакатаў), iнстытут прысяжных заседацеляў (суддзяў-непрафiсiяналаў), якiя ўдзельнiчалi ў крымiнальных працэсах i выносiлi канчатковае рашэнне аб вiнаватасцi цi невiнаватасцi падсуднага.. Для разгляду дробных злачынстваў i нязначных iскаў быў створаны мiравы суд са спрошчаным судаводствам. Стваралася стройная сiстэма судовых ўстаноў: акруговыя суды, судовыя палаты, сенат. для ўсiх саслоўяў уводзiўся адзiны акруговы суд.

Судовая рэформа на Беларусi пачала праводзiцца з 1872 г. з увядзеннем мiравых судоў. Васьмiгадовая затрымка правядзення рэформы была звязана з iснаваннем на тэрыторыi Беларусi да 1868 г. вайсковага становiшча i дзейнасцю следчых камiсiй па справах за ўдзел ў паўстаннi 1863 г. З-за адсутнасцi ў Беларусi земскiх устаноў мiравыя суддзi тут на выбіраліся, а прызначалiся мiнiстрам юстыцыi з лiку памешчыкаў лаяльных да ўраду, г.зн. Беларусь адразу была пазбаўлена адной з галоўных рыс рэформы — выбарнасцi суддзяў.

Вышэйшыя судовыя iнстанцыi — акруговыя суды, судовыя палаты, а таксама пракуратура, iнстытуты прысяжных павераных i заседацеляў, у беларусi былi ўведзены толькi ў 1882 г. Да гэтага часу ўрад звузiў межы судовай рэформы, асаблiва адносна незалежнасцi суддзяў. У 1889 г. замест мiравых судоў быў уведзены iнстытут земскiх начальнiкаў, якiя прызначалiся губернатарамi, мiнiстрам унутраных спраў.

Рэформа гарадскога самакiравання на тэрыторыi Беларусi была праведзена ў 1875 г. У адрозненне ад дарэформенных гарадскiх ўстаноў, новы закон абвяшчаў самакiраванне бессаслоўным. Выбарчым правам карысталiся ўсе плацельшчыкi гарадскiх падаткаў. Аднак прынятая сiстэма выбараў гарадскiх галосных аўтаматычна забяспечвала большасць заможным гараджанам. Органы гарадскога самакiравання (гарадская дума i гарадская ўправа) займалiся арганiзацыяй камунальнай гаспадаркi i транспарту, пытаннямi сiстэмы адукацыi i аховы здароўя, добраўпарадкаваннем тэрыторыi i зборам падаткаў. У 1892 г. было зацверджана новае палажэнне, якое прадугледжвала ўзмацненне дзяржаўнага кiравання за дзейнасцю гарадскiх органаў самакiравання і павелiчэнне маёмаснага цэнза.

Школьная рэформа праводзiлася адпаведна “Палажэнню аб пачатковых народных вучылiшчах” (1864 г.) i “Статуту гiмназiй i прагiмназiй” (1864 г). Школа станавілася бессаслоўнай і агульнадаступнай, аднак склад навучэнцаў у сярэдняй i вышэйшай школе рэгуляваўся высокай аплатай за навучанне. У вынiку рэалiзацыi школьнай рэформы значна пашыраецца сетка пачатковых школ, якiя было дазволена адкрываць грамадскiм установам i прыватным асобам з падначаленнем iх вучылiшчным саветам. Гiмназii, адпаведна статуту, дзейнiчалi двух тыпаў: класiчныя i рэальныя. У класiчных гiмназiях вялiкая ўвага надавалася вывучэнню старажытных моў i дысцыплiн гуманiтарнага профiлю, заканчэнне iх давала права паступлення ва ўнiверсiтэты без уступных экзаменаў. У рэальных гiмназiях павялiчвалася выкаладанне прыродазанўчых дысцыплiн, замежных моў. Выпускнiкi iх маглi паступаць у вышэйшыя тэхнiчныя навучальныя ўстановы. У 1871 г. быў зацвержданы новы статут гiмназiй. тэрмiн навучання ў класiчных гiмназiях павялiчваўся з 7 да 8 гадоў, пашыралася выкладанне старажытных моў i матэматыкi. Рэальныя гiмназii былi пераўтвораны ў рэальныя вучылiшчы i тэрмiн навучання ў iх скарачаўся з 7 да 6 гадоў. Важнымi элементамi дзейнасцi ўрадавых арганiзацый ў сферы адукацыi Беларусi 60-90-ых гг. XIX ст. сталi штучнае стрымлiванне развiцця вышэйшай i сярэдняй адукацыi, адначасова значнае павелiчэнне колькасцi пачатковых школ, адкрыццё шэрагу настаўнiцкiх семiнарый, дзе навучалася сельская моладзь.

Некалькi пашырыліся магчымасцi друку ў вынiку прыняцця новага цэнзурнага статута 1865 г. Паводле яго, абмяжоўвалася самавольства ўлад у галiне выдавецкай справы. Адменялася папярэдняя цэнзура для кнiг вялiкага аб’ёму. Аднак масавыя выданнi, якiя прызначалiся для шырокага кола чытачоў, павiнны былi праходзiць папярэднюю цэнзуру. Асобныя перыядычныя органы друку маглi быць вызвалены ад яе спецыяльным дазволам мiнiстра ўнутраных спраў i пры ўмове ўнясення вялiкага грашовага закладу. Выдаўцы i рэдактары прыцягвалiся да адказнасцi за сваю дзейнасць толькi праз суд. Для правiнцыяльных масавых выданняў, у тым лiку i на Беларусi, захоўвалася папярэдняя цэнзура.

Адной з першых пачалася рэалiзацыя вайсковай рэформы. У 1862 г. Расiйская iмперыя была падзелена на вайсковыя акругi, тэрмiн вайсковай службы быў скарочаны да 7-8 гадоў. У пачатку 1874 г. была ўведзена ўсеагульная вайсковая павiннасць для мужчын, якiя дасягнулi 20-гадовага ўзросту. Тэрмiн службы ў сухапутных войсках панiжаўся да 6, а на флоце — да 7 гадоў. Асобы, якiя мелi вышэйшую адукацыю, служылi ў армii 6 месяцаў, сярэднюю — 1,5 года, пачатковую — 4 гады i г.д.

Мадэрнiзацыйны напрамак рэформ 60-80-ых гадоў у Беларусi быў больш абмежаваным, чым у цэнтральных губернях Расiйскай iмперыi, з-за задач нацыянальна-канфесiйнай i саслоўнай палiтыкi ўраду у заходнiх губернях.

Урадавая палітыка 1860-90-х гадоў.

Асаблівасці эканамічнай і саслоўнай палітыкі. Урадавая палiтыка ў дачыненнi да Беларусi вызначалася ў большай ступенi спецыфiчнымi чым агульнымi рысамi з еўрапейскiм цэнтрам Расii. Прычыны гэтага былi абумоўлены неабходнасцю змагання расiйскага самадзяржаўя з уплывам польскага нацыянальна-вызваленчага руху i рэжымам абмежавальных законаў, асаблiва ў дачыненнi яўрэйскага насельнiцтва.

Спецыфiчныя рысы эканамiчнай палiтыкi вызначылiся вялiкадзяржаўнымi, каланiзатарскiмi мэтамi расiйскага самадзяржаўя ў заходнiх губернях. З мэтай русiфiкацыi тут фактычна быў устаноўлены рэжым выключных законаў.

Гэта перш за усё абмежавальныя меры ўраду ў сферы землеўладання i землекарыстання, прынятыя ў час i адразу пасля падаўлення паўстання 1863 г. Яны былi накiраваны пераважна супраць католiкаў, яўрэяў i замежных грамадзян. Па закону ад 5 сакавiка 1864 г. “асобам польскага паходжання” i яўрэям у заходнiх i паўднёва-заходнiх губернях Расiйскай iмперыi было забаронена купляць казённыя i прыватныя землеўладаннi, прададзеныя за доўг. Iм не дазвалялася таксама набываць, прымаць у заклад, кiраванне, арэнду землi, купленыя на iльготных умовах. Для куплi прадаваемых на агульных умовах прыватных зямельных уладанняў абазначаныя ў прыведзеным законе асобы не мелi права карыстацца iльготамi i пазыкамi. Такое права мелi для набыцця канфiскаваных маёнткаў удзельнiкаў паўстання 1863 г. прыезжыя памешчыкi i чыноўнiкi з унутраных губерняў Расii i мясцовыя буйныя праваслаўныя землеўладальнiкi. Праводзiлася мэтанакiраваная палiтыка па скарачэнню памераў землеўладання памешчыкаў-католiкаў i пашырэнню рускага, пераважна буйнага, землеўладальнiка. Адпаведна закону ад 10 лiпеня 1864 г. распараджэнню ад 5 жнiўня 1864 г. яўрэi рысы аседласцi наогул былi пазбаўлены права набываць зямлю. Законам ад 10 снежня 1865 г. “асобам польскага паходжання” таксама было забаронена набываць ва ўласнасць маёнткi. Выключэнне складалi ўладанii якiя перадавалiся ў спадчыну. Акрамя таго, усе высланыя з заходнiх губерняў за ўдзел цi дачыненне да паўстання 1863 г. на працягу двух гадоў павiнны былi прадаць цi абмяняць свае маёнткi на ўмовах, якiя б iх задавальнялi. У маi 1882 г. урад забараняў яўрэям у межах рысы аседласцi стала жыць па-за межамi гарадоў i мястэчак, таксама арэндаваць тут, прымаць у заклад i кiраванне нерухомую маёмасць. У 1887 г. забараняла на набыццё зямлi ў польскай мясцовасцi (за выключэннем Магiлёўскай губернi) была распаўсюджана на замежных грамадзян. Прынятыя меры былi скiраваны на перадухiленне канкурэнцыi для мясцовых памешчыкаў з боку яўрэйскай буржуазii i iншаземцаў з мэтай захавання буйнога латыфундуальнага землеўладання. Абмежавальныя законы ў дачыненнi да рассялення яўрэяў прывялi таксама да штучнай канцэнтрацыi iх ў гарадах i мястэчках Беларусi, колькаснай перавагi яўрэяў сярод гарадскога пралетарыяту i гандлёва-прамысловага насельнiцтва, адбiлiся на ўзроўнi канцэнтрацыi прадпрыемстваў i дэфармавалi структуру прамысловай i гандлёвай буржуазii, пралетарыята, затрымлiвалi iх кансалiдацыю як сацыяльных груп. Яны абвастрылi аграрную перанаселенасць у Беларусi, прывялi да адноснага знiжэння кошту зямлi, перашкаджалi яе вольнай купле-продажу, спрыялi захаванню дваранскага землеўладання ў беларускiх губернях.

Кантынгент чыноўнiкаў у Беларусi другой паловы XIX ст. фармiраваўся ў асноўным за кошт прысланых з унутраных губерняў Расii дзяржаўных служачых. З 1863 г. па 1865 г. у беларускiх губернях было прызначана на службу звыш 4600 новых чыноўнiкаў. Пераважная большасць з iх з’яўлялася ураджэнцамi велiкарускiх губерняў. З мэтай “утрымання” запрошаных чыноўнiкаў на новым месцы iм на iльготных умовах прадавалiся казёныя i канфiскаваныя маёнткi, устанаўлiвалiся павышаныя аклады. Так, у 1866-1873 гг. у Вiленскай, Мiнскай i Гродзенскай губернях 300 чыноўнiкаў купiлi 320 зямельных уладанняў агульнай плошчай 146,3 тыс. дзесяцiн. Наогул, служба ў заходняй частцы Расiйскай iмперыi лiчылася найбольш заахвочваемай i прывiлеяванай. Праўда, далёка не заўсёды прынятыя iльготы апраўдвалiся. Нярэдка губернатары скардзiлiся на тое, што прыезжыя чыноўнiкi былi часта не лепшых маральных i прафесiйных якасцяў. Ахвочымi да прапанованых прывiлеяў былi чыноўнiкi авантурыстычнага складу i не стваралi аўтарытэту расiйскiм уладам сярод мясцовага грамадства.

Росту аграрнай перанаселенасцi ў беларускай вёсцы садзейнiчала iснаваўшае абмежаванне з боку ўлад перасяленне сялян на слабанаселеныя i вольныя землi Расiйскай iмперыi, якое праводзiлася з мэтай захавання рабочай сiлы i ўмацавання “рускага элемента” у беларускiх губернях за кошт праваслаўнага сялянства. На гэта быў накiраваны закон 13 лiпеня 1889 г. i некалькi яго аблегчыўшы цыркуляр 2 лiпеня 1894 г.

Урадавая палiтыка ў дачыненнi дваранства Беларусi змянялася ў залежнасцi ад нацыянальна-канфесiйнай прыналежнасцi яго прадстаўнiкоў, пашырэння польскага нацыянальнага руху i рэвалюцыйнага руху ў Расii, змен у адносiнах да дваранства, да урадавых мерапрыемстваў, асаблiва рэалiзацыi рэформы 1861 г. i аграрнага заканадаўства.

Першыя гады пасля падаўлення паўстання 1863 г. вызначалiся недаверам дваранства урада да каталiцкага дваранства, рэпрэсiўнымi мерамi ў сферы землеўладання i землекарыстання (што ўжо было азначана вышэй), некаторым абмежаваннем саслоўных правоў. Мясцовае дваранства ўрада было як бы падзелена на часткi. Большасць каталiцкага веравызнання, палякi — лiчылiся недабранадзейнымi ў палiтычных адносiнах, меньшасць — праваслаўнага веравызнання, нямецкiя памешчыкi, дваране прыбалтыйскага паходжання — былi прызнаны апорай самадзяржаўя.

Пасля паўстання 1963 г. урад вярнуўся да палiтыкi прыпiскi да падатковых саслоўяў бяззямельная i неаселай шляхты, праявiўшай актыўнасць у нацыянальным руху. У новых правiлах 1864 г. былi абцяжараны шляхi падцверджання шляхтай сваёй дваранскай годнасцi, што выклiкала некаторае скарачэнне колькасцi прадстаўнiкоў вышэйшага саслоўя. У беларускiх губернях была прычынена дзейнасць дваранскiх сходаў саслоўных выбарных органаў, а таксама зачынены дваранскiя вучылiшчы, заканчэнне якiх давала права паступаць на дзяржаўную службу. У дваранскiя вучылiшчы паступалi пераважна дзецi маламаёмаснай шляхты, выклiкаўшай у ўрада асаблiвую заклапочанасць сваёй сацыяльнай актыўнасцю. Уведзены былi абмежаваннi пры паступленнi католiкаў у вышэйшыя i сярэднiя навучальныя ўстановы. На тэрыторыi Беларусi захоўвалася ваеннае становiшча. Дваранства ў час яго дзеяння мела права збiрацца разам па некалькi чалавек, нават на сямейныя ўрачыстасцi, без асобага дазволу мясцовых урад. Захоўвалiся штрафы i кантрыбуцыйныя зборы, якiя спачатку накладвалiся бескантрольна i пераўтварылiся ў крынiцу дадатковых даходаў мясцовых улад, а па распараджэнню з 1866 г. накладвалiся толькi са згоды губернатара i генерал-губернатара.

Пасля адмены ваеннага становiшча заходнiх губерняў меў пэўныя хiстаннi ў сваёй палiтыцы ў дачыненнi дваранства. Але ў канечным вынiку, адмовiўшыся што-небудзь змянiць у сферы абмежаванняў у адносiнах да каталiцкай часткi дваранства, урад абмежаванняў у адносiнах да каталiцкай часткi дваранства, урад пайшоў па шляху выключэнняў з правiла, вызваляў ад дзеяння закона асобных дваран, прадстаўляючы гэта як акт асаблiвай мiласцi. Такiм чынам, улады стрымлiвалi незадаволеных i задавальнялi тых, з якiмi былi зацiкаўлены ў супрацоўнiцтве цi якiя iшлi на супрацоўнiцтва. Праўда, спачатку на дробныя уступкi ўрад пайшоў. У 1867 г. было дазволена замянiць прадвадзiцеляў дваранства, якiя не мелi маёнткаў у краi, на мясцовых рускiх цi праваслаўных памешчыкаў. Акрамя таго, у 1867 г. былi спынены ўсе незавершаныя следчыя справы па ўдзелу ў паўстаннi, а высланым у адмiнiстрацыйным парадку з Царства Польскага i заходнiх губерняў было дазволена вяртаць i пасяляцца ў Царстве Польскiм.

Пачынаючы з канца 60-х гг. XIX ст. урад палiчыў магчымым змянiць адносiны ў дачыненнi каталiцкай царквы i выдання польскай лiтаратуры. Не адмяняючы уведзенных абмежаванняў, урад вырашыў пазбягаць дзеянняў, якiя б маглi быць расцэнены як ганеннi на каталiцкую царкву. Закрыццi касцёлаў i каплiц адбывалiся з вялiкай перасцярогай. У мясцовым друку адкрытыя нападкi на католiкаў. Аднак мясцовая адмiнiстрацыя не адмовiлася ад пiльнага нагляду за каталiцкiмi святарамi i за зместам iх пропаведзяў. Па-ранейшаму не дазвалалася ксяндзам пакiдаць свае прыходы без дазволу мясцовых улад, забаранялiся духоўныя працэсы, якiя былi ўстаноўлены каталiцкай царквой. Праяўленнем некаторай лаяльнасцi ў канфесiйным пытаннi было выклiкана ўзнiкненнем зацiкаўленасцi ўрада ў саюзе з мясцовым каталiцкiм дваранствам для ўмацавання сваёй сацыяльнай апоры.

Пачынаючы ў сярэдзiне 1869 г. у беларускiх губернях аднавiлi выданне кнiг на польскай мове. У 70-х гг. XIX ст. з дазволу вiленскага цэнзара былi выдадзены 254 кнiгi на польскай мове, галоўным чынам на рэлiгiйную тэматыку. Пры неабходнасцi невялiкiя падачкi мясцоваму дваранству ўрадавымi коламi маглi быць вытлумачаны як першы крок да поўнага задавальнення iх памкненняў у замен на адмову змагацца за адраджэнне Польшчы.

У час палiтычнай рэакцыi пачатку 90-х гг. XIX ст. ва ўмовах узмацнення палiтыкi велiкадзяржаўнага шавiнiзму урад i мясцовая адмiнiстрацыя адыходзяць ад палiтыкi папярэднiх гадоў. Каталiцкае дваранства зноў пачало ўспрымацца як ненадзейны саюзнiк. Папярэдняя палiтыка была аб’яўлена памылковай i здрадай “рускай справе” у Беларусi. Па загаду вiленскага генерал-губернатара I.С. Каханава ў 1884-1885 гг. большасць чыноўнiкаў каталiцкага веравызнання зноў была звольнена i заменена на рускiх. Да 1888 г. былi зменены ўсе прадвадзiцелi дваранства з лiку мясцовых каталiцкiх землеўладальнiкаў на рускiх дваран, многiя з якiх не мелi зямельнай уласнасцi ў Беларусi.

Былi спробы нават зачынiць таварыствы сельскiх гаспадароў у сувязi з тым, што там, на думку расiйскiх улад, кiравалi справамi “польскiя” землеўладальнiкi. Мясцовыя ўлады ўзмацнiлi дыскрымiнацыйныя меры ў дачыненнi каталiцкага дваранства, не дапускалi парушэнняў абмежавальных законаў у сферы землеўладання i землекарыстання католiкаў i яўрэяў.

У залежнасцi ад змен адносiн улад да дваранства Беларусi адбывалiся перемены ва ўрадавай палiтыцы ў дачыненнi да сялянства.

Адмена ва ўмовах паўстання 1863 г. часоваабавязаных адносiн сялянства i перавод яго ў разрад уласнiкаў прымусiлi ўрад тэрмiнова вырашаць пытаннi забеспячэння сялян палiвам, размежаванне памешчыцкiх i сялянскiх угоддзяў, а таксама сервiтутнае пытанне. Памешчыкi пасля адмены часоваабязанага стану нярэдка пераставалi забяспечваць сялян i лiчылi, што апошнiя трацiлi права на сервитуты. У 1863 г. урад быў зацiкаўлены ў спакоi вёскi i ў сувязi з гэтым пайшоў на ўступкi сялянству. Адпаведна распараджэнню вiленскага генерал-губернатара за сялянамi захоўвалася права атрымання палiва ад памешчыкаў па ўстаноўленай плаце цi за павiнасцi. Урад забаранiў таксама ў Беларусi i Лiтве абавязковае размежаванне ўгоддзяў па жаданню аднаго толькi памешчыка i захаваў за сялянамi права на сервiтуты. Пасля 1864 г. калi паўстанне станавiлася ўсё больш аддаленай гiстарычнай падзеяй урад спынiў уступкi сялянству.

Ужо ў канцы 60-х гг. мясцовая адмiнiстацыя прапанавала ў выпадках несупадзення памераў надзелаў сялян у сапраўдансцi i паводле выкупнога акту браць за аснову памер падзелу адпаведнага выкупнога акту, што фактычна пазбаўляла беларускiх сялян права на iх дарэформены надзел.

Сялянам прапаноўвалася заключаць пагадненнi з памешчыкамi аб перадачы iх лiшкаў зямлi супраць выкупных дакументаў за дадатковыя выкупныя плацяжы. У такiм выпадку, складаўся дадатковы акт. У выпадку, калi землеўладальнiк не пагаджаўся на вяртанне зямлi, то яе адразалi ў карысць памешчыка.

На рубяжы 70-80 гг. урад зноў правёў некаторую гнуткасць у сялянскiм пытаннi i ўлiчыў некаторыя бескрыўдныя для памешчыкаў патрабаваннi сялян.

Не парушаючы правоў памешчыкаў у канцы 70-80-х гг. XIX ст. была зменена падатковая сiстэма, устаноўлены абавязковы выкуп зямлi для ўсiх сялян. За мэтай змяншэння малазямелля спрабавалi стварыць умовы для перасялення сялян на вольныя землi i арганiзаваць крэдыт для набыцця зямлi. Акрамя таго, прадугледжывалася лiквiдацыя сервiтутаў i ўладкаванне зямельнага пытання для дробных катэгорый сельскага насельнiцтва. У 1882 г. быў створаны Сялянскi пазямельны банк з мэтай арганiзацыi крыдыту для сялян, аказання дапамогi ў набыццi зямлi. У 1886 г. у Мiнску было адчынена аддзяленне гэтага банку, што з вялiкай надзеяй было сустрэта лiберальнымi коламi мясцовага грамадства. Аднак не вельмi выгадна было карыстацца паслугамi банку нават заможным сельскiм жыхарам. З-за вялiкiх працэнтных ставак дорага абыходзiлася зямля, купленая праз банк, у параўнаннi з яе рынкавым коштам.

Сяляне былi абцяжараны вялiкiм выкупнымi плацяжамi i подацямi. У сувязi з гэтым неаднаразовы ўздымалася пытанне аб спiсаннi нядоiмак. 21 лютага 1884 г. быў прыняты закон, паводле якога знiжалiся выкупныя плацяжы з сялян Магiлёўскай i беларускiх паветаў Вiцебскай губерняў. Па закону 18 мая 1882 г. у Расiйскай iмперыi паступова адмянялася падушная подаць.

У 70-90-х гадах у адносiнах да сялянства для карысцi памешчыкаў праводзiлася палiтыка стрымлiвання паўперызацыi вёскi, ускладення адрыву ад зямлi сялянства, захавання сельскай грамады. На гэта былi нацэлены закон 14 снежня 1893 г. аб неадчужэннi сялянскiх надзельных зямель i закон аб сельскагаспадарчых рабочых ад 12 чэрвеня 1896 г. якiя часткова аднавiлi пазаэканамiчную залежнасць сялян ад памешчыкаў.

Такiм чынам, у залежнасцi напружанасцi польскага нацыянальна-вызваленчага руху i палiтычнай сiтуацыi ў краiне змянiлася палiтыка i адносiны ўрада ў дачыненнi розных сацыяльных груп, перш за ўсё сялянства i дваранства — зычайна ў супрацьлеглай залежнасцi. Хаця незалежна ад веравызнання дваранства заставалася ва ўрадавай палiтыцы асноўнай сацыяльнай апорай.

 

Сельская гаспадарка

Вядучым працэсам сацыяльна-эканамічнага становішча парэформеннай Беларусі было развіццё капіталізму. Першыя два парэформенныя дзесяцігоддзі адносяцца да ліку пераходных, калі адбывалася разбурэнне феадальных адносін сельскай гаспадарцы, завяршаўся працэс тэхнічнага перааснашчэння прамысловасці, ствараўся механізаваны транспарт і складаліся новыя, характэрныя для капіталістычнага грамадства сацыяльныя слаі насельніцтва-пралетарыят і прамысловая буржуазія.

Зацвярджэнне капіталізму, як дамінуючай сацыяльна- эканамічнай сістэмы адносіцца к канцу XIX — пачатку XX стст. Развіццё яго адбывалася ва ўмовах хоць і мадэрнізаванай, але па сутнасці старой палітычнай сістэмы, пры захаванні самадзяржаўнага і саслоўнага ладу. Гэта накладвала пэўны адбітак на сацыяльна-эканамічныя працэсы як на Беларусі, так і ў парэформеннай Расіі ў цэлым, абумовіла іх цяжкасці і супярэчлівасці.

Пасля адмены прыгоннага права асноўнай у эканоміцы Беларусі па-ранейшаму заставалася сельская гаспадарка, характэрнай рысай якой было спалучэнне капіталістычных адносін з перажыткамі прыгонніцтва. Наяўнасць перажыткаў, і перш за ўсё буйнога памешчцкага землеўладання, вызначыла для Беларусі павольны, паступовы ("прускі") шлях буржуазна-аграрнай эвалюцыі, пры якой буйная памешчыцкая гаспадарка надоўга захавала сваё прыгонніцкія рысы. У 70-х гадах у Беларусі памешчыкам належала звыш 50,5 % ўсёй зямлі, а сялянам — менш 33,4%. Буйныя памешчыкі валодалі дзесяткамі і сотнямі тысяч дзесяцін зямлі. У значнай колькасці сялянскіх двароў ва ўласнасці знаходзілася ад 2 да 5 дзесяцін.

Засілле латыфундыяльнага землеўладання ўзмацнялася цераспалосіцай і неразмежаванасцю мноства сялянскіх і памешчыцкіх зямель.

У заходняй і цэнтральнай Беларусі захаваўся таксама і другі інстытут сярэднявечча — зямельныя сервітуты (права сялян карыстацца некаторымі ўгоддзямі, якія належаць памешчыкам) і агульнымі (сялянскія і памешчыіцкія) пашамі. У 60-я гады XIX ст. імі было ахоплена тут 56% сялянскіх двароў.

У развіцці сельскай гаспадаркі Беларусі ў другой паловы XIX ст. трэба вылучыць два перыяды. Першы з іх ахоплівае 60—70-я гады, другі — 80—90-я гады. Першы перыяд з'явіўся часам пакутлівага выспевання капіталістычных адносін, шырокім распаўсюджваннем адработачнай сістэмы, сутнасць якой заключалася ў апрацоўцы зямлі памешчыка сялянскім інвентаром за прадастаўленне яму ў арэнду ворыўнай зямлі і іншых угоддзяў. Вялікае распаўсюджанне адработачная сістэма атрымала ў Віцебскай і Магілёўскай губернях. У Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губернях памешчыкі шырока выкарыстоўвалі працу наёмных рабочых. Але і ў гэтых губернях адработкі займалі значнае месца, асабліва падчас збору збожжа і сенажаці. Трэба адзначыць, што ў цэлым тэхнічная ўзброенасць у земляробстве як у памешчыцкай, так і ў сялянскай гаспадарцы амаль нічым не адрознівалася ад дарэформеннай.

Нягледзячы на рэшткі феадальна-прыгонніцкіх адносін, капіталізм у сельскай гаспадарцы Беларусі развіваўся адносна хутка ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расійскай імперыі. Гэтаму садзейнічал шэраг абставін: развіццё прамысловасці, сістэмы капіталістычнага крэдыту, рост чыгуначнага будаўніцтва і гарадоў, канцэнтрацыя войскаў на тэрыторыі Беларусі. Усе гэта стварала спрыяльныя ўмовы гандлёвага земляробства і рыначных адносін. Моцным каталізатарам эвалюцыі сельскай гаспадаркі Беларусі з'явіўся сусветны аграрны крызіс 80—90-х гадоў, які выклікаў рэзкае зніжэнне цэн на хлеб. Крызіс прывёў да карэнных змяненняў у эканамічнай арганізацыі і тэхнічнай аснашчальнасці сельскай гаспадаркі, да канчатковай перамогі гандлёвага земляробства і павелічэння рыначнага попыту.

У сувязі з грунтоўным скарачэннем на пачатку 80-х гадоў пасяўных плошчаў пад збожжавыя культуры сельская гаспадарка Беларусі пачала спецыялізавацца на вытворчасці тэхнічных культур (бульбы, ільну і інш.).

Развіццё малочнай гаспадаркі аказала ўплыў на змяненні структуры пасяўных плошчаў. Так, у буйных маёнтках, на землях заможных сялян (часцей за ўсё купчых і арэндных) уводзілася шматпольная сістэма севазвароту, прыменяліся мінеральныя ўгнаенні, пашыралася выкарыстанне машын (малатарні, арфы) і палепшаных сельскагаспадарчых прылад (жалезныя плугі, бароны з жалезнымі зубамі). Па прымяненню машын Беларусь стаяла на адным з першых месцаў у Расійскай імперыі, хоць ва ўсёй сельскай гаспадарцы і панавала ручная тэхніка. У другой палове 90-х гадоў у чатырох заходніх губернях (без Віленскай) палепшаную глебаапрацоўчую тэхніку (пераважна плугі) выкарыстоўвалі 17 — 25% сялянскіх гаспадарак. Сяляне, галоўным чынам заможныя, набывалі простыя сельскагаспадарчыя машыны: малатарні, арфы, крупадзёркі, льночасалкі, сячкарні. Такім чынам, у парэформенны перыяд быў пакладзены пачатак тэхнічнага перааснашчэння сялянскага землеўладання, што склала адну з важнейшых перадумоў эвалюцыі сацыяльна-эканамічнага ладу сялянскай гаспадаркі на шляху да капіталізму.

Важным відам капіталістычнага прадпрымальніцтва як у памешчыкаў, так і ў заможных сялян было вінаробства, асноўнаю сыравінаю для якога было спачатку зерне, пераважна жыта, а затым бульба. Адходы ад вінаробства ішлі на корм жывёле.

Развіццё гандлёвага земляробства, спецыялізацыя яго па асобных галінах (малочная жывёлагадоўля, вытворчасць ільну, пянькі, вінаробства) пашырылі абмен паміж сельскай гаспадаркай і прамысловасцю. Гэта садзейнічала росту ўнутранага рынку і прывяло ў канцы XIX ст. да з'яўлення ў памешчыцкай гаспадарцы буйных высокатаварных капіталістычных форм, якія працавалі выключна на рынак. Колькасць малатаварных маёнткаў, заснаваных на адрабатачнай сістэме, паступова скарачалася. Збяднелыя дваране прадавалі маёнткі і ішлі на дзяржаўную службу, а іх зямля трапляла ў капіталістычны абарот, яе набывалі дваранства, купцы і заможныя сяляне. Развіццё капіталітычных адносін у сельскай гаспадарцы ўзмацніла працэс сацыяльнага расслаення сялянства. 3 аднаго боку, расла колькасць заможных сялян, а з другога, павялічвалася маламаёмаснае сялянства. Надзельная зямля, атрыманая ў 60-х гадах па ўраўняльнаму прынцыпу, ужо к канцу 70-х гадоў была размеркавана нераўнамерна. Павялічылася колькасць беззямельных двароў. Малазямельныя і беззямельныя сяляне, вымушаныянаймацца да памешчыкаў або да заможных сялян, па сутнасці, рабіліся наёмнымі сельскагаспадарчымі рабочымі.

Тысячы сялян-беднякоў ішлі ў адыходныя промыслы — на будаўніцтва чыгунак, на шахты Данбаса, на заводы прамысловых цэнтраў Расіі. Заможныя сяляне вялі сваю гаспадарку, выкарыстоўваючы наёмную працу, нярэдка спалучалі гандлёвае земляробства і жывёлагадоўлю з ліхвярскімі аперацыямі. Такі селянін выступаў і як капіталіст-фермер, і як гандляр, і як ліхвяр. Гэта сведчыла пра магчымасць развіцця на Беларусі фермерскага ("амерыканскага") шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы. Аднак рэалізацыі гэтай магчымасці ў рэальнае жыццё перашкаджала наяўнасць памешчыцкага землеўладання. Захаванне буйнога памешчацкага землеўладання, абеззямельванне сялян абумовілі і развіццё сялянскага руху Беларусі ў парэформенны час. Асноўнымі патрабаваннямі сялян былі вяртанне зямель, адрэзаных памешчыкамі падчас рэформы, памяншэнне надаткаў і павінасцяў, пазбаўленне ад памешчыцкай апекі і саслоўнага нераўнапраўя. Дынаміка сялянскіх выступленняў была нераўнамернай. Калі ў першыя гады пасля падаўлення паўстання 1863 г. адбыўся спад сялнскіх хваляванняў, то ў 70-я гг. наглядаўся іх значны пад'ём. Асаблівую вастрыню і размах сялянскі рух набыў у сярэдзіне 80—90 гг., калі побач з традыцыйнымі канфліктамі сялян з памешчыкамі, з'яўляюцца новыя — паміж сельскай буржуазіяй і беднатой. Своеасаблівай формай барацьбы быў масавы рух сялян асабліва Магілёўскай, Віцебскай і асобных паветах Мінскай губерні за перасяленне ў Сібір і паўднёвыя расійскія губерні. Паступова элементы арганізаванасці і самасвядомасці пранікалі ў сялянскае асяродзе, сказаліся на светапоглядзе сяляніна, узмацнілі ў ім пачаткі грамадзянскасці. Стандартным адказам мясцовай адміністрацыі на сялянскія хваляванні было прыцягненне воінскіх каманд.

Прамысловасць i гарады.

У другой палове ХІХ ст. прамысловасць Беларусі развівалася ў накірунку перапрацоўкі пераважна мясцовай мінеральнай, лясной і сельскагаспадарчай сыравіны. Аказаліся неканкурэнтназдольнымі металургічная, цукровая, суконная вытворчасць. На працягу першых двух дзесяцігоддзяў пасля рэформы 1861 г. прамысловы рост быў павольны. Па-ранейшаму па ўсіх паказчыках пераважала дробная вытворчасць і мануфактура. У 1873—1875 гг. Беларусь была ахоплена прамысловым крызісам, які выявіў нізкую пакупную здольнасць селяніна — галоўнага спажыўца тавараў. Пад цяжарам высокіх выкупных плацяжоў ён вымушаны быў сам вырабляць палотны, сукны, абутак, галаўныя ўборы і г. д. Наступны крызіс закрануў пераважна дрэваапрацоўчыя і харчасмакавыя дробныя і мануфактурныя прадпрыемствы. Наступны крызіс 1881—1882 гг. зноў ахапіў харчасмакаваю, дрэваапрацоўчую, сілікатную, гарбарную і тэкстыльную прамысловасць. Працэс развіцця прамысловай вытворчасці значна паскорыўся ў 80—90-я гг. За апошняе дзесяцігоддзе мінулага стагоддзя сярэднегадавы прырост прамысловай прадукцыі складаў у сярэднім 8,2%, што ў 2 разы больш, чым за 30 папярэдніх гадоў.

У 1860 г. на Беларусі налічвалася 20 тыс. рамесніцкіх майстэрняў, 7,8 тыс. немеханізаваных дробнакапіталістычных прадпрыемстваў (з колькасцю рабочых да 16 чалавек), 140 мануфактур і 76 фабрык і заводаў. Большая частка рамесніцкай вытворчасці Беларусі была сканцэнтравана ў гарадах і мястэчках. За чатыры паслярэформенныя дзесяцігоддзі адбылося павелічэнне яе вытворчасці, што было абумоўлена перш за ўсё попытам сялянства, местачкавога і гарадскога насельніцтва на прадметы штоддзённага ўжытку і паслугі. Хуткімі тэмпамі развіваліся новыя віды рамёслаў — хімічныя, метала — і дрэваапрацоўчыя. Павялічылася ўдзельная вага рамесных прадпрыемстваў з 23,2 (1860 г.) да 55,3% (1890 г.). У канцы ХІХ ст. налічвалася звыш 58 тыс. рамесніцкіх майстэрняў. Аднак іх доля ў агульным аб'ёме прамысловай вытворчасці знізілася за паслярэформенны перыяд з 18,7 да 9,0%, хаця яна заставалася даволі высокай у металаапрацоўчай (1900 г. — 31%), хімічнай (29%), дрэваапрацоўчай (19%), сілікатна-будаўнічай (12%)вытворчасці. Звычайна майстэрні рамеснікаў былі невялікія. У іх працавалі самі гаспадары ("майстры") з 2 — 3 наёмнымі рабочымі, а нярэдка і без іх. Падзел працы ў працэсе вытворчасці тут адсутнічаў, усе работы вяліся ўручную. Збытам товару спачатку займаўся сам рамеснік, потым з'явіліся скупшчыкі, якія займаліся рэалізацыяй вырабаў і куплялі сыравіну для рамеснікаў. Паступова скупшчык ператвараўся ў дробнага прадпрымальніка, а залежныя ад яго рамеснікі — ў наёмных работнікаў.

Рамяство, такім чынам, ва ўмовах развіцця грашовых адносін перарастала ў дробную вытворчасць у форме простай кааперацыі. Да дробнакапіталістычных прадпрыемстваў прынята адносіць тыя, дзе працавала 5—15 рабочых без паравога рухавіка, вадзяныя і ветраныя млыны, пільні і алейні (да 10 рабочых), вінакурні і піваварні з вытворчасцю да 25 тыс. вёдраў адпаведнага напітку ў год, а таксама другія прадпрыемствы, на якіх выраблялася прадукцыі менш чым на 1 тыс. руб. у год. У 1860 г. дробнакапіталістычная прамысловасць складала 9 % ад агульнай колькасці прадпрыемстваў і 62% вырабленай прадукцыі, і да 1888 г. на яе прадпрыемствах выпрацоўвалася больш паловы прамысловых вырабаў Беларусі. Аднак у сувязі з інтэнсіўным павелічэннем мануфактурна-фабрычнай вырчасці ўдзельная вага дробнакапіталістычнай паменшылася да 28,2% у канцы ХІХ ст., хаця доля апошняй у той жа час па колькасці прадпрыемстваў павялічылася на 7 %.

У другой палове ХІХ ст. адзначаны значны рост мануфактурнай вытворчасці. Удзельная вага яе ў гэты перыяд павялічылася па аб'ёму вытворчасці з 7,2 да 15,1%, па колькасці прадпрыемстваў — з 0,2 да 0,7%. У 1890 г. у Беларусі працавала 760 мануфактур, у тым ліку 193 дрэваапрацоўчыя, 185 сілікатных, 166. Мануфактуры заклалі асновы росту фабрычнай прамысловасці, фарміравання пралетарыяту і буржуазіі.

Машынная вытворчасць у другой палове ХІХ ст. развівалася найбольш інтэнсіўна. Колькасць фабрык і заводаў павялічылася ў 15 разоў і склала на канец ХІХ ст. 1137. Аб'ём вытворчасці на іх узрос у 37 разоў, колькасць рабочых — у 9. Пачалі дзейнічаць запалкавыя фабрыкі ў Барысаве (1881 г.) і Пінску (1882 г.), тытунёвая ў Гродне (1862 г.), папяровая ў Добрушы (1871 г.) і інш. Пад канец ХІХ ст. адчувальным становіцца ўплыў замежнага, асабліва нямецкага капіталу. Пераход ад ручной да машыннай вытворчасці на Беларусі меў сваю асаблівасць. У адрозненне ад вялікарускіх губерняў ён разгортваўся не ў тэкстыльнай, а ў харчасмакавай і металаапрацоўчай галінах.

Да 1890 г. доля фабрычна-заводской вытворчасці ў агульным аб'ёме прамысловасці склала 46,2% (1860 г. — 8,4%), па колькасці прадпрыемстваў — 1,1% (1860 г. — 0,1%). Тэмпы росту аб'ёму вытворчасці і колькасці занятых наёмных работнікаў у мануфактурнай і машыннай прамысловасці ў 4—7 разоў перавышалі адпаведныя паказчыкі ў дробнай.

Шырокае чыгуначнае і прамысловае будаўніцтва спрыяла паскоранаму развіццю сродкаў вытворчасці. Пры росце прадукцыі ўсёй прамысловасці Беларусі ў 6,8 раза ў цяжкай прамысловасці аб'ём вытворчасці павялічыўся ў 12 разоў. У канцы ХІХ ст. сродкі вытворчасці складалі 32% усёй прамысловай прадукцыі Беларусі (для параўнання па Расійскай імперыі наогул каля 40%). Найбольш буйныя фабрыкі і заводы знаходзіліся ў гарадах. Аднак 2/3 фабрык і заводаў Беларусі і амаль палова занятых на іх рабочых былі сканцэнтраваны ў вёсцы. Гэта ў значнай ступені было абумоўлена спецыялізацыяй беларускай прамысловасці на апрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай, лясной і мінеральнай сыравіны.

Узровень развіцця прамысловасці ў Беларусі быў ніжэйшы, чым у сярэднім на Еўрапейскай частцы Расійскай імперыі. У 1900 г. тут прыходзілася на душу насельніцтва 8,69 руб. прамысловага абаротнага капіталу, тады як у Еўрапейскай Расіі — 26,4 руб. Тэхнічнае пераўзбраенне прамысловасці Беларусі да канца ХІХ ст. не завяршылася.

Фарміраванне прамысловай буржуазіі Беларусі пачалося да часу правядзенне рэформы 1861 г. У другой палове ХІХ ст. агульная колькасць уладальнікаў прамысловых прадпрыемстваў узрасла з 28,2 тыс. у 1860 г. да 77,1 тыс. чалавек у 1900 г. Сюды ўключаны ўладальнікі рамесніцкіх, дробнакапіталістычных, мануфактурна-фабрычных прадпрыемстваў.

У 60-х гг. ХІХ ст. 83% мануфактур і фабрык Беларусі належыла дваранам. З 94 прадпрыемстваў, якія знаходзіліся ў іх уласнасці, было 55 харчасмакавых, прычым тут перавага аддавалася вінна-гарэлачнай, цукровай, мукамольна-крупяной вытворчасцям; 17 сілікатна-будаўнічых; 7 металаапрацоўчых і г. д. Купцы валодалі 16% фабрык і мануфактур. Іх капіталы сканцэнтраваны ў асноўным у суконна-шарсцяной і харчасмакавых вытворчасцях.

Да канца ХІХ ст. удзельная вага дваранскіх прадпрыемстваў у мануфактурна-фабрычнай прамысловасці знізілася да 45%, хаця колькасць іх складала 281. Па-ранейшаму асноўная маса прадпрымальнікаў з ліку вышэйшага саслоўя валодала 207 харчасмакавымі прадпрыемствамі (73,7%). Сярод фабрык і мануфактур дваран 15,7% (44) былі дрэваапрацоўчыя, 4,6% (13) — сілікатна-будаўнічыя. Купцам належыла 189 (30%) мануфактур і фабрык. Мяшчане валодалі 93 буйнымі прадпрыемствамі (15%). Яны ўкладвалі свае капіталы, у першую чаргу, у гарбарна-абутковую вытворчасць, дрэваапрацоўчую прамысловасць.

У канцы ХІХ ст. назіралася тэндэнцыя зніжэння ўдзельнай вагі дваран сярод сярэдніх і буйных прамыслоўцаў і рост прадпрымальніцкай дзейнасці купцоў і мяшчан. У 1900 г. большая частка дваран валодала фабрыкамі і заводамі з колькасцю рабочых да 20 чалавек і толькі 23% дваран мелі адносна буйныя прадпрыемствы з колькасцю наёмных работнікаў звыш 51. Сярод купцоў была меншая ўдзельная вага дробных прамысловых прадпрымальнікаў і некалькі вышэй сярэдніх і буйных. Мяшчане валодалі пераважна невялікамі фабрыкамі і заводамі (у асноўным з колькасцю рабочых да 30).

Да канца ХІХ ст. працэс станаўлення прамысловай буржазіі Беларусі як сацыяльнай групы не завяршыўся. Кансалідацыі буржуазіі перашкаджалі існаваўшыя саслоўныя перагародкі паміж яе прадстаўнікамі, а таксама іх нацыяльна-рэлігійныя адрозненні.

Тэмпы ўрбанізацыі ў Беларусі былі дастаткова інтэнсіўнымі. Гарадское насельніцтва за другую палову ХІХ ст.павялічылася ў 2,2 разы. Гарадское насельніцтва ў сучасных межах дзяржавы ў 1858 г. склала 293,6 тыс. чалавек (9% адагульнай колькасці жыхароў), а ў 1897 г. — 655,1 тыс. чалавек (10,3%), Каля 500 тыс. чалавек жыло ў канцы ХІХ ст. у мястэчках Беларусі. Інтэнсіўна працэсы ўрбанізацыі праходзілі ў 60-х — першай палове 80-х гг., калі гарадское насельніцтва павялічвалася за кошт шляхты, абеззямеленага сялянства і выгнаных з сельскіх населішчаў яўрэяў. У другой палове 80—90-х гг. назіралася змяншэнне тэмпаў росту гарадоў, што было звязана з іх перанаселенасцю, складанасцямі переарыентацыі іх гандлёва-прамысловай спецыялізацыі на агульнарасійскі рынак.

Мясцовае сялянства вельмі насцярожана ставілася да "гарадской цывілізацыі", выступала за кансервацыю патрыярхальнасці беларускай вёскі. Існавала заўважная раз'яднанасць сацыяльна-дэмаграфічных працэсаў у горадзе і вёсцы Беларусі. Урадавая палітыка садзейнічала гэтаму. Абмежаванні ў рассяленні яўрэяў прывялі да штучнай канцэнтрацыі іх у гарадах і мястэчках Беларусі і дэфармавалі нацыянальны і часткова саслоўны склад насельніцтва. Гэтая сітуацыя была ўзмоцнена адноснай слабасцю і невялікімі патрэбамі гарадской прамысловасці ў наёмнай рабочай сіле. Сотні тысяч беларускіх сялян вымушаны былі знаходзіць сабе працу на прадпрыемствах і гаспадарках у сельскай мясцовасці, ці за кошт міграцыі ў іншыя рэгіёны Расійскай імперыі.

Працэсы горадаўтварэння найбольш інтэнсіўна ішлі ў цэнтральнай і заходняй частках Беларусі, што ў значнай меры было звязана з чыгуначным будаўніцтвам і больш цеснымі сувязямі з агульнарасійскім і замежным рынкамі. Эканамічная інтэграцыя беларускіх гарадоў у сістэму агульнарасійскага рынку больш заўважна пачала рэалізоўвацца ў 80—90-х гг. ХІХ ст. У вынікупераарыентацыі гаспадарчых сувязяў Беларусі з Польшы на Расію знікла фактычна традыцыйная структура гарадскіх цэнтраў, узнікла новая, арыентаваная на агульнарасійскія эканамічныя патрэбы. Адна з прычын гэтага — інтэнсіўнае чыгуначнае будаўніцтва. Беларускія гарады станавіліся важнымі вузламі пасрэдніцкага гандлю. Прычым іх значэнне ў азначанай сферы было вышэй, чым у прамысловай, гандаль прыносіў большыя прыбыткі. Прамысловасць Беларусі наогул развівалася ў адпаведнасці з попытам мясцовага рынку, без уздзеяння мэтанакіраванай урадавай палітыкі. Яшчэ адной асаблівасцю ўрбанізацыйных працэсаў на Беларусі ў ХІХ — пачатку ХХ стст. з'яўляецца адсутнасць буйных гарадскіх цэнтраў. У канцы ХІХ ст. толькі Мінск і Віцебск мелі колькасць жыхароў у межах ад 50 да 100 тыс. жыхароў, Брэст, Гродна, Гомель, Магілёў — ад 20 да 50 тыс. Адной з перашкод для развіцця гарадоў на рубяжы стагоддзяў была сістэма зямельных адносін. У адрозненне ад вялікарускіх губерняў, зямельная ўласнасць гараджан Беларусі мела вялікія памеры. У Мінску каля 85% будынкаў знаходзіла на чужой арандаванай зямлі, у Віцебску — 87%. Адпаведна расійскаму заканадаўству тэрміны зямельнай арэнды звычайна не перевышалі 12 гадоў і ўзнаўленне дагавораў аб арэндзе не было абавязковым. Гэта ставіла арандатараў у залежнасць ад землеўласнікаў, прычым апошнія ў выпадку парушэння кантракту мелі права на яго скасаванне, і будынкі арандатараў і іншыя задаткі пераходзілі да землеўладальнікаў. У сувязі з гэтым для прадпрымальнікаў патрабаваліся дадатковыя фінансавыя выдаткі для папярэдняга набыцця зямлі. Попыт і кошт гарадскіх земляў у Беларусі быў высокі.

Прамежкавае становішча паміж горадам і вёскай займалі мястэчкі. Яны не мелі заканадаўча аформленага дакладнага вызначэння. Гэта была спецыфічная з'ява, характэрная для заходніх губерняў Расійскай імперыі. Каля паловы мястэчак знаходзілася на тэрыторыі Беларусі. Тут пераважалі па колькасці дробныя мястэчкі (да 2 тыс. жыхароў), але налічвалася каля ста населенных пунктаў з лікам насельніцтва ад 2 да 5 тыс. чалавек і нават вышэй.

У 80-х гг. ХІХ ст. з'явілася неабходнасць размежавання мястэчак і сельскіх паселішчаў у сувязі з забаронай у 1882 г. яўрэям сяліцца па-за межамі гарадоў і мястэчак. Мястэчкі малі пераважна прыватнаўласніцкі характар і шматэтнічны склад насельніцтва. 82,5% мястэчак Беларусі ў пачатку 60-х гг. знаходзілася на памешчыцкіх землях, астатнія — на дзяржаўных, у той час як вёскі стаялі пераважна на сялянскіх. У 1863 г. для мяшчан замест падушнага падатку ўводзены падатак з нерухомай маёмасці. Разам з мяшчанамі гэты падатак павінны былі плаціць таксама і жыхары (у тым ліку сяляне) мястэчак. Акрамя таго, пасля 1875 г. з'явілася местачковае мяшчанскае самакіраванне. У пачатку 60-х гг. у беларускіх губернях налічвалася 418 мястэчак, у канцы стагоддзя — каля 320. Мястэчкі адыгрывалі значную ролю ў эканамічным жыцці. Каля паловы ўсіх занятых у сферы прамысловасці Беларусі канцэнтравалася ў мястэчках, у гарадах — прыкладна 30%, у сельскіх населенных пунктах — каля 18%.

За другую палову XIX ст. толькі адно паселішча Беларусі атрымала афіцыйны статус горада. Гэта — Горкі ў 1861 г., хаця шэраг мястэчкаў па сваіх памерах і гандлёва-прамысловаму значэнню не ўступалі некаторым гарадам, а часам іх і пераўзыходзілі. Расійскі ўрад не спяшаўся надаваць гарадскі статус населенным пунктам Беларусі. Тыя, што былі афіцыйна прызнаны гарадамі, звычайна выконвалі пэўную адміністратыўную функцыю. Сярод 44 беларускіх гарадоў налічваліся 4 губернскія цэнтры, 31 павятовыя і толькі 9 пазаштатных ці безпавятовых гарадоў.

У гарадскіх цэнтрах Беларусі на працягу другой паловы ХІХ ст. паступова ствараліся лепшыя бытавыя ўмовы жыцця і прадпрымальніцтва. Тут з'явіліся брукаваныя вуліцы, электраасвятленне, тэлефонная сувязь і г. д. Ужо з 1860 г. уздоўж шашэйных і чыгуначных дарог працягнуліся тэлеграфныя правады, якія злучылі многія населеныя пункты. З 1874 г. на Беларусі пачалі дзейнічаць вадаправод (у Мінску), з 1889 г. — электраасвятленне (пры Добрушскай папяровай фабрыцы), з 1898 г. — трамвай (у Віцебску). Апошні тут быў пушчаны раней, чым у Маскве і Пецярбургу.

У цэлым урбанізацыйныя працэсы ў Беларусі другой паловы ХІХ ст. развіваліся ў неспрыяльных эканоміка-палітычных умовах. Тагачаснаму стану Беларусі найбольш адпавядалі дробныя гарады і буйныя мястэчкі. У іх канцэнтравалася больш паловы неземляробчага насельніцтва Беларусі. Структура вытворчасці ў такіх паселішчах найбольш адпавядала мясцоваму ўкладу жыцця. Беларускія гарады мелі перавагу над расійскімі ў сферы гандлю, які тут быў больш інтэнсіўным.

 

Транспарт, гандаль, крэдыт.

Да 60-х гадоў XIX ст. асноўнымі сродкамі зносін на Беларусі з'яўляліся водныя, шашэйныя і грунтовыя дарогі, якімі абслугоўваўся ўнутраны і замежны гандаль. Водныя шляхі ў беларускіх губернях складалі ў сярэдзіне XIX ст. 5 399 верст, паштовыя дарогі — 3 816 верст, шашэйныя дарогі — 1 109 верст. Водныя шляхі ўтваралі рэкі басейнаў Днепра, Заходняй Дзвіны і Немана, што Дняпра-Бугскім, Агінскім і Бярэзінскім каналамі злучаліся ў адзіную транспартную сетку. У рачным суднаходстве за 60—90-я гг. XIX ст. значна ўзрасла роля параходаў. У 1900 г. на рэках Беларусі налічвалася 194 паравых і 590 непаравых суднаў. За гэты ж перыяд прыкметна пашырылася якасць іпавялічылася працягласць шашэйных дарог. У пачатку XX ст. у разліку на 100 кв. верст Беларусь іх мела ў 2 разы больш, чым Еўрапейская Расія. Асаблівае значэнне мела Пецярбургска-Кіеўская і Маскоўска-Варшаўская шашэйныя дарогі.

На эвалюцыю структуры гарадскіх паселішчаў, далейшае развіццё гандлева-прамысловай дзейнасці істотны ўплыў аказала чыгуначнае будаўніцтва. Акрамя ваенна-стратэгічных задач яно адпавядала патрэбам агульнарасійскага рынку. Аднак правядзенне чыгуначных магістраляў не улічвала патрэбаў развіцця беларускага ўнутранага рынку, існаваўшай структуры гарадскіх паселішчаў, змяніла транзітнае становішча Беларусі ў гандлі Расіі з заходнімі краінамі. Першая чыгунка праз Беларусь прайшла ў 1862 г. Гродзенскі кавалак пабудаванай Пецярбургска-Варшаўскай магістралі склаў 50 верст. У 1866 г. было завершана будауніцтва Рыга-Арлоўскай чыгункі, якая прайшла праз паўночны ўсход Беларусі (Дзвінск — Полацк Віцебск). У лістападзе 1871 г. быў адкрыты рух на беларускім адрэзку (праз Оршу, Барысаў, Мінск, Баранавічы) чыгуначнай магістралі Масква — Брэст. Праз два гады была здадзена ў эксплуатацыю Лібава-Роменская чыгунка, якая прайша праз Маладзечна — Мінск — Бабруйск — Гомель. У 80-х гг. пачаўся рух на Палескіх чыгунках, якія складаліся з невялікіх участкаў (Вільня — Баранавічы — Лунінец, Гомель — Лунінец — Пінск — Жабінка, Баранавічы — Слонім — Ваўкавыск — Беласток). Да палескіх чыгунак былі далучаны ўчасткі, якія звязалі Брэст з Украінай, Гомель з Бранскам. У 1896 г. закончылася будаўніцтва лініі Асіповічы — Старыя Дарогі, а ў 1902 г. Пецярбурска — Адэскай магістралі, якая пралягла праз Віцебск, Оршу, Магілеў, Жлобін.

У выніку чыгуначанага будаўніцтва чыгуначнымі вузламі і цэнтрамі транзітнага гандлю сталі Мінск, Гомель, Орша, Жлобін, Пінск, Мазыр, Слонім, Баранавічы, Лунінец і інш. Аднак на мясцовым рынку новыя чыгуначныя станцыі не адразу станавіліся гандлевымі цэнтрамі. У 60—90-х гг. паступова страчваюць сваю ролю кірмашы, затое актывізуецца магазінна-крамны гандаль. У канцы XIX ст. на яго прыходзілася 95% усяго унутранага абароту гарадоў.

На беларускім рынку галоўным таварам у канцы XIX ст. быў лес. Другое месца па значнасці ў грузаабароце займала група прадуктаў паляводства (зернавыя, плады, гародніна і г. д.). Аднак удзельная вага гэтых тавараў на працягу другой паловы XIX ст. скарачалася, асабліва ў сувязі з аграрным крызісам. Апошні прывеў да пераспецыялізацыі землеўласнікаў на мясамалочную вытворчасць і адпаведна да росту ў таваразвароце ўдзельнай вагі прадуктаў жывелагадоўлі. У грузаабароце Беларусі былі тавары з мінеральнага паліва, будаўнічых матэрыялаў, металічных вырабаў, шкла, солі.

Прадукты сельскай гаспадаркі і вырабы прамысловасці, акрамя сбыту на месцы, вывозіліся ў гарады Расіі, Украіны, Польшчы. Спірт вывозіўся ў Пецярбург, Кіеў, Адэсу, Маскву, Цвер. Прадукцыя запалкавых фабрык адпраўлялася ў Ромны, Палтаву, Харкаў, Варшаву, Баку папера і кардон — у Кіеў, Екацерынаслаў, Адэсу, Рыгу. Вырабы шкляной і керамічнай прамысловасці збываліся ў Маскве, Кіеве, Адэсе.

У другой палове XIX ст. разам з развіццем гандлевага прадпрымальніцтва вырасла колькасць асоб, якія ім займаліся. Склад апошніх па саслоўнаму паходжанню і сацыяльна-эканамічнаму становішчу істотна пашырыўся. Да канца XIX ст. гандлевае прадпрымальніцтва ў адносна буйных памерах заканадаўча звязвалася з прыналежнасцю да купецкага саслоўя. К пачатку 60-х гг. колькасць купцоў у беларускіх губернях складала 14,9 тыс. чалавек. Перапісам насельніцтва 1897 г. іх было зафіксавана тут каля 18,3 тыс. чалавек. Аднак многія прадпрымальнікі лічылі для сябе больш мэтазгодным заставацца па-за межамі купецкага саслоўя, прыналежнасць да якога не давала ніякіх рэальных пераваг. Яны набывалі пасведчанні на права займацца гандлем і промысламі, але не выкуплялі гільдзейскіх дакументаў. Акрамя таго, статыстыка набытых прамысловых дакументаў улічвала і дробнае прадпрымальніцтва (развозны, разносны гандаль і г. д.). Так, толькі ў Мінскай губерні ў 1870 г. было выдадзена 12 625 гадавых пасведчанняў і білетаў на права гандлю і промыслаў, з іх 1 317 (10,4%) —гільдзейскіх. У 1895 г. колькасць набытых тут гадавых дакументаў склала 14 239, у тым ліку 2 529 (17,8 %) купецкіх.

У сярэдзіне XIX ст. пачалі з'яўляцца на тэрыторыі Беларусі крэдытныя кааператывы, аб'яднанні дробных гандляроў, рамеснікаў, сялян іг. д. У 1870 г. у Гомелі, а затым у 1874 г. — у Полацку, 1882 — у Віцебску былі адкрыты гарадскія грамадскія банкі, якія належалі органам гарадскога самакіравання. У 1873 г. быў створаны першы прыватны банк на тэрыторыі Беларусі — Мінскі камерцыйны. Ён займаўся пераважна крэдытаваннем гандлю сельскагаспадарчай прадукцыяй, лесам. Аддзяленні банка дзейнічалі ў Гомелі, Магілёве, а таксама за межамі Беларусі — у Лібаве, Навазыбкаве. У 1881—1884 гг. у Мінску, Віцебску, Магілеве, Гродне пачалі дзейнічаць аддзяленні Дзяржаўнага банка Расіі, якія крэдытавалі багатых кліентаў. Ва ўсіх беларускіх губернях дзейнічалі аддзяленні Дваранскага зямельнага банка, які быў створаны для ільготнага крэдытавання памешчыкаў пад заклад зямліібудынкаў. У Віцебску, Мінску, Віцебску і Магілёве былі адчынены аддзяленні Сялянскага зямельнага банка, куды як і ў Дваранскі зямельны доступ мелі асобы праваслаўнага веравызнання. У 1874 г. з'явіліся Мінскае і Магілёўскае таварыствы ўзаемнага крэдыту, да канца XIX ст. іх колькасць павялічылася да 9. Асобныя з іх мелі не меньшы аб'ём аперацый, чым філіялы буйных агульнарасійкіх банкаў.

Па крэдытных аперацыях у сярэдзіне XIX ст. Беларусь залежыла ад Германіі і яе пасрэдніцы Польшчы. У апошняй чвэрці XIX ст. асноўны накірунак уплыву ў крэдытнай сферы перамясціўся з захаду на ўсход. У гэты час ужо склалася агульнарасійская крэдытная сістэма. У 90-х гадах XIX ст. у гарадах Беларусі пачалі працаваць аддзяленні Маскоўскага міжнароднага гандлёвага банка (Віцебск, Брэст), Пецярбургска-Азоўскага (Мінск), Арлоўскага (Гомель, Орша, Бабруйск), Паўднева-Рускага (Магілеў), Віленскага (Бабруйск), Паўднёвага (Гродна) камерцыйных банкаў. Усе беларускія губерніі былі ўключаны ў раён дзейнасці Віленскага зямельнага банка. Акрамя таго, Віцебская, Магілеўская і Мінская губерніі уваходзілі ў сферу ўплыву Маскоўскага, а Віленская і Гродзенская — у сферу Пецярбургска-Тульскага зямельных банкаў.

Паўстанне 1863 г.

Канец 50-ых — пачатак 60-ых гадоў ХІХ ст. вызначылiся новым уздымам польскага нацыянальна-вызваленчага руху, якi ахапiў Польшчу, Беларусь i Лiтву. Кульмiнацыяй яго стала паўстанне 1863 г. Напярэдаднi ў патрыятычным асяродку аформiлiся два крылы, за якiмi замацавалiся назвы “белыя” i “чырвоныя”. “Белыя” разлiчвалi дасягнуць асноўнай мэты — аднаўлення Рэчы Паспалiтай у межах 1772 г. з уключэннем у яе склад Беларусi, Лiтвы і Правябярэжнай Украiны — шляхам дыпламатычнага нацiску заходнееўрапейскiх краiн на расiйскi ўрад. Пытанне аб надзяленнi сялян зямлей у iх праграме адсутнiчала. У адрозненне ад “белых” “чырвоныя” iмкнулiся да ўздыму нацыянальна-вызваленчага паўстання. Яны ўяўлялі сабой стракаты ў сацыяльных i палiтычных адносiнах блок.

Па метадах дасягнення мэты i праграмных разыходжаннях “чырвоныя” падзялялiся на памяркоўных (правых) i радыкальных (левых). Памяркоўныя вядучую ролю ў паўстанні адводзiлi шляхце і вырашэнню нацыянальнага пытання. Аграрную праблему яны прапаноўвалi вырашыць шляхам надзялення сялян зямлей праз канфiскацыю часткi зямлi ў памешчыкаў з адпаведнай грашовай кампенсацыяй за кошт дзяржавы. Радыкальныя “чырвоныя” прызнавалi вядучую ролю сялян у паўстаннi i права на нацыянальнае самавызначэнне беларусаў, лiтоўцаў, украiнцаў. Падзел на “белых” i “чырвоных” iснаваў у тагачасным грамадска-палiтычным жыццi Беларусi i Лiтвы. Для падрыхтоўкi i кiраўнiцтва паўстаннем “чырвоныя” вясной 1862 г. стварылi ў Варшаве Цэнтральны нацыянальны камiтэт (ЦНК). Летам 1862 г. У Вiльнi быў арганiзаваны Лiтоўскi правiнцыяльны камiтэт (ЛПК), якi падрыхтаваў паўстанне ў Беларусi i Лiтве i фармальна быў падначалены ЦНК. У ЛПК уваходзiлi Л. Звяждоўскі, Я. Козел-Паклеўскi, З. Чаховiч, К.Калiноўскi i iнш. У пачатку 60-х гадоў былi створаны мясцовыя рэвалюцыйныя арганiзацыi: гродзенская, мiнская, навагрудская i iнш.

“Левую” частку паўстанцаў у Беларусi ўзначальваў Кастусь Калiноўскi (1838-1864).. У час вучобы у Пецярбургскім універсітэце з’яўляўся актыўным членам тайнага гуртка З. Серакоўскага. Разам з В. Урублеўскiм i Ф. Ражанскiм К. Калiноўскi ў 1862 -1863 гг. выдаваў на беларускай мове газету “Мужыцкая праўда” (усяго выйшла 7 нумароў). Газета растлумачвала сялянам прыгоннiцкi характар адмены прыгоннага права, заклiкала iх не верыць цару i разам “з мужыкамi з-пад Варшавы.. I ўсёй Расii” са зброяй у руках iсцi здабываць “сапраўдную волю i зямлю”. Разам з тым газета заклiкала сялян вярнуцца ў грэка-каталiцкую (унiяцкую) веру, якая была скасавана на Полацкiм царкоўным саборы ў лютым 1839 г. З кастрычнiка 1862 г. К.Калiноўскi узначалiў ЛПК. актыўна адстойваў ён iнтарэсы Беларусi i Лiтвы перад кiраўнiцтвам ЦНК, марыў аб стварэннi Беларуска-Лiтоўскай рэспублiкi.

Паўстанне пачалося ў студзенi 1863 г. у Варшаве, раней вызначанага тэрмiна, што было нечаканасцю для рэвалюцыянераў Беларусi i Лiтвы. У спецыяльнай адозве ЦНК заклiкаў насельнiцтва Беларусi i Лiтвы далучыцца да руху. Паўстанне па сваіх задачах стала, перш за ўсё, нацыянальна-вызваленчым. З яго разгортваннем Англiя, Францыя i Аўстрыя пачалi рыхтаваць дыпламатычную агрэсiю супраць Расii. Для папярэджання дыпламатычнага дэмарша гэтых дзяржаў 12 красавiка 1863 г. былi выдадзены 2 царскiя манiфесты аб амнiстыi ў Польшчы, Беларусi i Лiтве. Праз некалькi дзен, 17 красавiка, расiйскаму ўраду былi ўручаны ноты, у якiх прысутнiчаў заклiк змянiць палiтыку ў “польскiм пытаннi”. да гэтага дэмаршу далучылiся Iспанiя, Партугалiя, Англiя, Швецыя, Нiдзерланды, Данiя, Турцыя i папа рымскi. 27 чэрвеня расiйскаму ўраду былi ўручаны ноты ў больш рэзкай форме. Ва ўрадавых колах Расii ноты расцэньвалiся як папярэднiкi новай вайны. З улiкам гэтага у раёне паўстання пачалася канцэнтрацыя расiйскiх войскаў. Iх тут было сабрана значна больш, чым памеры самаго паўстання. Аднак дапамога еўрапейскiх дзяржаў аказалася вельмi iлюзорнай.

1 лютага 1863 г. ЛПК звярнуўся да насельнiцтва Беларусi i Лiтвы з заклiкам узняцца на ўзброеную барацьбу. У сваiм манiфесце ён прадублiраваў праграмныя дакументы польскага кiраўнiцтва. Усе жыхары абвяшчылiся вольнымi i раўнапраўнымi. Ва ўласнасць сялян бязвыплатна перадавалi зямельныя надзелы, якiмi яны карысталiся. З памешчыкамi за страту зямлi разлiчвалася дзяржава. Беззямельныя сяляне надзялялiся 3 маргамi зямлi (2,1 га) пры умове, што яны прымуць удзел ва ўзброенай барацьбе. Рэкруцкая павiннасць замянялася 3-гадовай ўсеагульнай вайсковай павiннасцю, аднаўлялася ўнiяцкая царква. Аднак гэтыя меры паўстанцкага кiраўнiцтва не задаволiлi большасць сялянства.

Першыя паўстанцкiя атрады ў заходнiх паветах Беларусi з’явiлiся ў канцы студзеня 1863 г. з Царства Польскага. Некаторыя камандзiры, якiя iмкнулiся пашырыць паўстанне на ўсход, спрабавалi прайсцi праз Гродзенскую i Мiнскую губернi. Самым буйным атрадам, якi паспяхова рухаўся на ўсход, было злучэнне Р. Рагiнскага. Мясцовыя фармiраванні пачалi стварацца ў сакавiку-красавiку. найбольш актыўна дзейнiчалі паўстанцы на тэрыторыi Гродзенскай i Вiленскай губерняў. У раёне Белавежскай пушчы паўстанцкi атрад стварыў В. Урублеўскi, якi стаў ваенным начальнiкам Гродзенскай губернi. У Кобрынскiм павеце ўзняў узброеную барацьбу Р. Траўгут — будучы дыктатар паўстанцаў у Польшчы. У Навагрудскiм павеце дзейнiчаў атрад У. Борзабагатага, на мiншчыне — А. Трусава i г.д. Аднак агульнага плана дзеяння паўстанцаў не было, адсутнiчалi ўзаемадзеянне i ўзаемадапамога памiж атрадамi. Частка iх была знiшчана царскiмi войскамi яшчэ на стадыi фармiравання, iншыя — бяздзейнiчалi, не хапала зброi i г.д. Найбольшага поспеху дамогся атрад Л. Звяждоўскага, якi ў ноч на 24 красавiка захапiў г. Горкi. Яго падтрымалi студэнты Горы-Горацкага земляробчага iнстытута. Атрад захапiў зброю, грошы i днем пакiнуў горад. Пазней з-за дапамогi студэнтаў паўстанцам быў зачынены Горы-Горацкi iнстытут.

На тэрыторыi Вiцебскай, мiнскай i магiлеўскай губерняў паўстанне не атрымала развiцця. Да канца вясны на ўсходзе Беларусi яно было задушана. Толькi ў Гродзенскай губернi паўстанцы працягвалi ўпарта супрацiўляцца. Найбольш буйныя сутычкi адбылiся каля мястэчка Мiлавiды Слонiмскага павета, дзе да 20 мая сабралася некалькi атрадаў паўстанцаў — усяго каля 800 чалавек. Супраць iх было накiравана 5 рот салдатаў з гарматамi. Першы бой адбыўся 21 мая і працягваўся некалькi гадзiн. Урадавыя войскi не здолелi ўзяць лагер i вымушаны былi адступiць з вялiкiмi стратамi. На наступны дзень, ноччу, паўстанцы непрыметна пакiнулi лагер. Паўстанцы ў Гродзенскай губернi карысталiся спачуваннем сялян, дзейнiчалi пераважна дробнымi атрадамi, часта былi няўлоўнымi для ўрадавых войскаў.

Вясной 1863 г. назiраўся найвышэйшы ўздым паўстання ў Беларусi i Лiтве. Але, нягледзячы на асобныя поспехi, паўстанцы нiдзе не атрымалi рашучай перамогi. Яны перайшлi да тактыкi пазбягання адкрытых баёў з працiўнiкам. Паўстанне атрымала шырокi рэзананс у Еўропе i расii. Многiя расiйскiя афiцэры i салдаты перайшлi на бок паўстанцаў, рэвалюцыянеры спрабавалi пашырыць узброеную барацьбу на цэнтральныя расiйскiя губернi, але няўдала.

Сярод кiраўнiкоў паўстання адсутнiчала адзiнства, разгарнулася барацьба за ўладу. “Белыя”, не жадаючы страчваць iнiцыятыву, усталявалі кантроль над ЦНК, а затым пастаралiся адхiлiць “чырвоных” на чале з К.Калiноўскiм, ад кiраўнiцтва паўстаннем на Беларусi i ў Лiтве. У Вiльнi “белымi” пры падтрымцы прадстаўнiка Варшавы у ЛПК Н.Дзюлерана быў створаны Аддзел кiравання правiнцыямi Лiтвы, якi варшаўскi цэнтр прызнаў азiным кiруючым органам на Беларусi i Лiтве. ЛПК быў распушчаны. К.Калiноўскi, радыкалiзм i аўтарытэт якога не задавальняў “белых”, быў адхiлены ад кiраўнiцтва i накiраваны паўстанцкiм камiсарам у Гродзенскую губерню. Тут К.Калiноўскi разгарнуў бурную дзейнасць па пашырэннi паўстання i прыцягненнi на свой бок сялян.

Аддзел кiравання правiнцыямi Лiтвы iмкнуўся паралiзаваць мерапрыемствы “чырвоных”. У склад мясцовых паўстанцкiх органаў былi ўведзены прыхiльнiкi “белых”. Частка ўдзельнiкаў патрыятычнага руху не была гатова весцi самаахвярную барацьбу. для iх больш прыцягальнай была рамантыка, жаданне заняць пасады ў рэвалюцыйных органах улады. Удзельнiкi у паўстанцкай адмiнiстарацыi амаль раўнялiся колькасцi змагароў у паўстанцкiх атрадах.

Расiйскiм урадам былi кiнуты буйныя сiлы для падаўлення паўстання. У маi 1863 г. замест лiберальнага У.I.Назiмава вiленскiм генерал-губернатарам з неабмежаванымi паўнамоцтвамi быў прызначаны М.М.Мураўёў, якi атрымаў прозвiшча “вешальнiк” за бязлiтасную расправу над удзельнiкамi паўстання. З яго прыездам ўзмацнiлiся рэпрэсii, пачалося публiчнае пакаранне смерцю паўстанцаў, масавымi сталi высылкi без суда. Паралельна М.Мураўёў правеў шэраг мерапрыемстваў, якiя павiнны былi перацягнуць сялян на бок урада. Рэалізаваны былі значныя змены ва ўмовах адмены прыгоннага права ў беларускіх і літоўскіх губернях. Мясцовым органам улады было забаронена выкарыстоўваць супраць сялян узброеную сiлу. Сялян сталi запрашаць да нагляду за “польскiмi” памешчыкамi, паўстанцамi. Маёмасць рэпрэсiраваных змагароў часткова перадавалася сялянам. Была разгорнута эфектыўная антыпаўстанцкая прапаганда.

У сваю чаргу кiраўнiцтва паўстаннем не зрабiла рэальных крокаў у бок сялянства з мэтай прыцягнуць яго ў шэрагi змагароў. па сацыяльнаму складу ўдзельнiкаў паўстанне было шляхецкiм. Сяляне не прынялi актыўнага ўдзелу ва ўзброенай барацьбе. Iх было толькi 18 % сярод паўстанцаў i гэта пераважна дзяржаўныя сяляне.

У чэрвенi 1863 г. былi арыштаваны многiя члены Аддзела кiравання правiнцыямi Лiтвы, некаторыя пакiнулi свае пасады i эмiгрыравалi. У склад Аддзела былi ўведзены К.калiноўскi i I.Малахоўскi. Кiраўнiцтва паўстаннем зноў перайшло ў рукi “чырвоных”. Прыхiльнiкамi К.каліноўскага быў створаны падпольны ўрад “Лiтоўска-Беларускi чырвоны жонд”. Яго мэтай стала спроба адрадзiць паўстанне. У мясцовыя паўстанцкiя арганiзацыi былi прызначаны новыя кiраўнiкi, але рэальных поспехаў дасягнуць не ўдалося. У канцы жнiўня 1863 г. Варшаўскае кiраўнiцтва прыняло рашэнне аб спыненнi ваенных дзеянняў. Асобныя паўстанцы на Беларусi працягвалi барацьбу яшчэ восенню 1863 г. Летам 1864 г. была лiквiдавана апошняя паўстанцкая арганiзацыя ў Навагрудскiм павеце.

К.Калiноўскi планаваў зноў узняць паўстанне вясной 1864 г., але ў студзенi ён быў арыштаваны; ў сакавiку пакараны смерцю на Лукiшскай плошчы ў Вiльнi. Знаходзячыся ў турме, К.Калiноўскi напiсаў i перадаў на волю “Лiсты з-пад шыбеннiцы”. Гэты дакумент уяўляў сабой палiтычны запавет беларускаму народу, у якiм крытыкавалася русiфiкатарская палiтыка ў Беларусi. Сялян К.Калiноўскi заклiкаў адстойваць свае правы, прычым любымi сродкамi.

Удзельнiкi паўстання падверглiся жорсткiм рэпрэсiям. Маёмасць iх была канфiскавана цi знiшчана. Маёнткi памешчыкаў — удзельнiкаў паўстання забiралiся ў казну i на iльготных умовах прадавалiся выхадцам з цэнтральных губерняў. Чыноўнiкi мясцовага паходжання былi звольнены са сваiх пасадаў. На тэрыторыi Беларусi i Лiтвы па афiцыйных звестках было пакарана смерцю 128 паўстанцаў, больш 850 чалавек накiравана на катаргу, каля 12,5 тысяч чалавек высланы за межы Беларусi. Многiя касцёлы i манастыры зачынены. Польская мова была выключана з грамадскага жыцця, навучальных i асветных устаноў. Пачалася палiтыка ўзмоцненай русiфiкацыi з мэтай знiшчэння адрозненняў, якія iснавалі ў Беларусi ў параўнаннi з цэнтральнымi расiйскiмi губернямi.

У час i адразу пасля падаўлення паўстання былi ўведзены абмежаваннi ў сферы землеўладання i землекарыстання у дачыненнi палякаў, беларусаў-католiкаў, а таксама яўрэяў. Па закону ад 5 сакавiка 1864 г. “асобам польскага паходжання” i яўрэям у заходнiх i паўднёва-заходнiх губернях Расiйскай iмперыi было забаронена набываць землеўладаннi, прададзеныя за даўгі, а таксама распараджаюцца землямі, купленымі на iльготных умовах, карыстацца правам на iльготы i пазыкi. Такое права мелi для набыцця канфiскаваных маёнткаў удзельнiкаў паўстання 1863 г. прыезджыя памешчыкi i чыноўнiкi з унутраных губерняў Расii i мясцовыя буйныя праваслаўныя землеўладальнікі. Праводзiлася мэтанакiраваная палiтыка па скарачэнню памераў землеўладання памешчыкаў-католiкаў i пашырэнню рускага, пераважна буйнага, землеўладання. Некалькiмi месяцамi пазней яўрэi рысы аседласцi наогул былi пазбаўлены права набываць зямлю. Законам ад 10 снежня 1865 г. палякам і беларусам-католікам таксама было забаронена набываць ва ўласнасць маёнткi за выключэннем уладанняў, якiя перадавалiся ў спадчыну. У маi 1882 г. урад забараніў яўрэям у межах рысы аседласцi стала жыць па-за межамi гарадоў i мястэчак, таксама арандаваць тут, прымаць у заклад i кiраванне нерухомую маёмасць. У 1887 г. забарона на набыццё зямлi ў сельскай мясцовасцi (за выключэннем Магiлёўскай губернi) была распаўсюджана на замежных грамадзян. Апошнія меры былi скiраваны на перадухiленне канкурэнцыi для мясцовых памешчыкаў з боку яўрэйскай буржуазii i iншаземцаў. Абмежавальныя законы ў дачыненнi да рассялення яўрэяў прывялi да штучнай канцэнтрацыi iх ў гарадах i мястэчках Беларусi.

Пасля паўстання 1863 г. урад вярнуўся да палiтыкi прыпiскi да падатковых саслоўяў бяззямельнай i неаселай шляхты, праявiўшай актыўнасць у нацыянальным руху. У новых правiлах 1864 г. былi абцяжараны шляхi пацвярджэння шляхтай сваёй дваранскай годнасцi, што выклiкала некаторае скарачэнне колькасцi прадстаўнiкоў вышэйшага саслоўя. У беларускiх губернях была прыпынена дзейнасць дваранскiх саслоўных выбарных органаў, а таксама зачынены дваранскiя вучылiшчы, заканчэнне якiх давала права паступаць на дзяржаўную службу. На тэрыторыi Беларусi пасля паўстання некалькі год захоўвалася ваеннае становiшча. Дваранства ў час яго дзеяння не мела права збiрацца разам па некалькi чалавек, нават на сямейныя ўрачыстасцi, без асобага дазволу мясцовых улад. Захоўвалiся штрафы i кантрыбуцыйныя зборы, якiя спачатку накладвалiся бескантрольна i пераўтварылiся ў крынiцу дадатковых даходаў мясцовых улад, а па распараджэнню з 1866 г. накладвалiся толькi са згоды губернатара. У канцы 60-х гадоў урад меў пэўныя хiстаннi ў сваёй палiтыцы ў дачыненнi дваранства заходніх губерняў. Але ў канечным вынiку, адмовiўшыся што-небудзь змянiць у сферы абмежаванняў, урад пайшоў па шляху выключэнняў з правiла, вызваляў ад дзеяння закона асобных дваран, прадстаўляючы гэта як акт асаблiвай мiласцi.

Паўстанне 1863 г. зрабiла вялiкi ўплыў. Яго падзеi прымусiлi расiйскi ўрад пайсцi на больш выгадныя для сялян умовы адмены прыгоннага права ў Беларусi i Лiтве. Паўстанне садзейнiчала ажыўленню апазiцыйнага руху ў Расiйскай iмперыi i краiнах Заходняй Еўропы, абуджэнню беларускага нацыянальнага руху. разам з тым, паўстанне затрымала правядзенне буржуазных рэформ 60-70-ых гадоў у Беларусі, прыпынiла станаўленне мясцовай iнтэлiгенцыi.





Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2016-07-29; Мы поможем в написании ваших работ!; просмотров: 1992 | Нарушение авторских прав


Поиск на сайте:

Лучшие изречения:

Люди избавились бы от половины своих неприятностей, если бы договорились о значении слов. © Рене Декарт
==> читать все изречения...

2466 - | 2258 -


© 2015-2024 lektsii.org - Контакты - Последнее добавление

Ген: 0.008 с.