— Вельмі станоўча. Але прафесійны спорт нельга параўноўваць з фізічнай культурай. Грошы тут, натуральна, — не самамэта, а паказчык запатрабаванасці тых або іншых паслуг. А што яны павінны быць сучаснымі, яркімі і запатрабаванымі — неаспрэчна.
— Апякунскія саветы ў сферы раённай культуры…
—...Патрэбны тады, калі ствараюцца не з дапамогай “адміністратыўных рэсурсаў”. Я ўжо казаў, што фармалізм у культуры — вельмі небяспечны. І такія саветы не павінны стаць бяздоннай “грашовай кішэняй”, іх мэта — каардынацыя дзеянняў і заахвочванне сапраўды адметных ініцыятыў. Капейчыну трэба старанна лічыць, і неабходна дакладна ведаць, што атрымаецца на выхадзе любога праекта... Міхаіл Фінберг пры апошняй сустрэчы прапанаваў наступным разам прыехаць з цэлай серыяй дзённых канцэртаў: аркестранты, разбіўшыся па групах, выступяць у школах, дзіцячым садку, у арганізацыях, а ўвечары адбудзецца агульнае выступленне. Прапанова — вельмі карысная, але трэба падлічыць, у якую суму яна нам абыдзецца...
Алег Портнік — не адзіны спонсар рэгіянальнай культуры. З поспехам шчыруюць на гэтай дзялянцы старшыня СВК “Калгас Радзіма” Васіль Белы, старшыня СВК “Калгас імя Тэльмана” Юрый Зямскоў.
Замест Коды
У аддзеле культуры не пярэчаць: мерапрыемствам іншым разам не хапае рэкламы, у тым ліку і камп’ютарнай. А вуліцам і завулкам райцэнтра ды вёсак — яркіх і падсветленых увечары банераў з абавязковай пазнакай культурных адметнасцей, якія ўстановы прапаноўваюць ахвотным. Урэшце, з такім інфармацыйным забеспячэннем і інвестараў шукаць будзе непараўнальна лягчэй. Дарэчы, менавіта з дапамогай Сеціва Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Ансамбль народнай музыкі і песні “Жытніца” знайшоў сяброў у Расіі, Прыбалтыцы, Аўстрыі, Малдове (кожная з гэтых краін — патэнцыйны ўдзельнік будучага Фестывалю малых гарадоў).
Але галоўнае бачыцца ў іншым. У горада і раёна ёсць памкненне стаць гэткім цэнтрам самабытнага мясцовага мастацтва. Сапраўды, кожнае наша мястэчка проста абавязана стаць заканадаўцам моды на адмысловае стаўленне да ўласнай гісторыі, традыцыйных абрадаў, спрадвечных звычак. І тут, як падаецца, немалаважна не толькі шанаваць сваю мінуўшчыну, але і дбаць пра шляхецкі, так бы мовіць, этыкет, якім і вызначаліся ў Еўропе нашы продкі. А тагачасныя выбітныя асобы, як вядома, жылі збольшага не ў сталіцах, але ж і ў правінцыі шанавалі жывапіс, балет ды класічную музыку… А тым часам у Клічаве аддзел культуры рыхтуе чарговы салонны вечар у мясцовым краязнаўчым музеі. І на запрашальніках, як і заўжды, пазначана: “Наведанне ў вячэрніх строях — вітаецца”. Як тут не згадаць чалавекалюбныя высновы кіраўніка “Добраахвотніка” Алега Портніка: кожны самадастатковы заўжды павінен быць “у форме”. І гаворка пры гэтым збольшага не пра смокінгі і вячэрнія сукенкі, а — пра адпаведнасць добрых слоў-памкненняў і не менш высакародных учынкаў.
Фота аўтара
Аўтар: Яўген РАГІН