У паслеваенны перыяд, у 50-я гг., перад гаспадаркай БССР стаялі вялікія задачы, сярод якіх галоўнымі былі павышэнне матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця савецкага народа; актыўнае ўключэнне ў навукова-тэхнічную рэвалюцыю; вывад з крызісу сельскай гаспадаркі.
Часткова гэтыя задачы былі закладзены ў пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі БССР на пятую пяцігодку
(1951-1955 гг.).
На жнівеньскай (1953 г.) сесіі ВС СССР старшыня СМ СССР Г.М. Малянкоў выступіў з абгрунтаваннем эканамічнай палітыкі новага палітычнага кіраўніцтва краіны па сацыяльнай пераарыентацыі народнай гаспадаркі. Адначасова з высокімі тэмпамі развіцця цяжкай прамысловасці трэба было больш хутка развіваць вытворчасць тавараў народнага спажывання; павялічваць капіталаўкладанні ў сельскую гаспадарку; правесці зніжэнне цэн. У Дзяржаўным бюджэце СССР на 1953 г. былі прадугледжаны вялікія датацыі на вытворчасць тавараў народнага спажывання.
Для падтрымкі сельскай гаспадаркі прадугледжвалася павысіць нарыхтоўчыя цэны ў некалькі разоў. Спісваліся нядоімкі з калгасаў і калгаснікаў па сяльгаспадатку за папярэднія гады, адначасова яго памеры зніжаліся, а з 1958 г. ён быў адменены. Была ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база, павялічаны капіталаўкладанні на патрэбы вёскі.
У верасні 1953 г. была распрацавана сістэма эканамічных і сацыяльных мер па далейшаму развіццю сельскай гаспадаркі, пачалося асваенне цаліны. Але гэта адзначала, што кіраўніцтва адмовілася ад інтэнсіўных метадаў пад’ёму сельскай гаспадаркі, таму замарудзіліся тэмпы росту прадукцыйнасці працы ў традыцыйных сельскагаспадарчых рэгіёнах. Тым не менш, у БССР вырасла ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы і нарыхтоўка мяса, малака. Аднак па шэрагу паказчыкаў заданні і гэтай пяцігодкі не былі выкананы.
У прамысловасці за гады пяцігодкі ўвайшло ў строй 1.010 новых прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку каля 150 буйных (падшыпнікавы завод, камвольны камбінат, гадзіннікавы завод і завод будаўнічых матэрыялаў у Мінску, цукровы завод у Скідзелі, завод швейных машын у Оршы, шоўкаткацкая фабрыка ў Віцебску). Вырасла прадукцыйнасць працы, аб’ём прадукцыі прамысловасці за 1951-1955 гг. павялічыўся ў Беларусі больш чым у 2 разы пры плане 75-80%. Было пераадолена адставанне лёгкай і харчовай прамысловасці, у 1955 г. выраблена ў 2 разы больш тавараў народнага спажывання, чым у 1950 г.
Было лібералізавана працоўнае заканадаўства. Адменены рэпрэсіўныя законы 1938-1940 гг., якія забаранялі звальняцца са сваіх прадпрыемстваў і ўстаноў, абмяжоўвалі правы працыючых.
У гады шостай пяцігодкі (1956-1960 гг.) паскорана развіваліся лёгкая, харчовая, дрэваапрацоўчая галіны прамысловасці, якія выпускалі тавары народнага спажывання; далей развівалася энергетыка, машынабудаванне, хімічная, радыётэхнічная вытворчасці.
Былі ўведзены буйныя прадпрыемствы – Васілевічская ДРЭС, аўтамабільны завод у Жодзіне, першы калійны камбінат у Салігорску, нафтаперапрацоўчы завод у Полацку, суперфасфатны завод у Гомелі. Пашыралася ўкараненне элементаў НТР (навукова-тэхнічнага прагрэсу) у розных галінах прамысловасці.
10 мая 1957 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў Закон аб ліквідацыі агульнасаюзных прамысловых міністэрстваў (міністэрства электрастанцый, абароннае, авіяцыйнае, судабудаўнічае, радыётэхнічнае, хімічнае заставаліся). Замест міністэрстваў ствараліся саўнаргасы – саветы народнай гаспадаркі ў рамках буйных адміністрацыйных раёнаў. Так галіновае кіраўніцтва мянялася на тэрытарыяльнае. У межах БССР быў створаны адзін саўнаргас. У выніку рэформы аблегчылася развіццё мясцовай і лёгкай прамысловасці, але ўскладнілася развіцце цяжкай.
Сельская гаспадарка Беларусі з сярэдзіны 50-х гг. упершыню пасля вайны стала рэнтабельнай. У калгасах сталі стварацца грашовыя і прадуктовыя фонды для гарантавання рэгулярнай аплаты працы. З 1956 г. калгаснікі пачалі кожны месяц атрымліваць грашовыя авансы на працадні. У 1958 г. былі ліквідаваны МТС, тэхніка была прададзена калгасам.
50-я гг. былі паспяховымі для эканомікі нашай рэспублікі. Тэмпы эканамічнага росту былі высокімі. Дасягнута гэта за кошт прыросту рэсурсаў і за кошт лепшага іхвыкарыстання. Прадукцыйнасць працы за дзесяцігоддзе ўзрасла на 62%. Была забяспечана таварна-грашовая збалансаванасць (на здаровую аснову пастаўлена грашовае абарачэнне і фінансы), зніжаліся цэны. Тэмпы прыросту нацыянальнага даходу склалі каля 10% у год за кошт цяжкай індустрыі разам з галінамі, якія выпускалі тавары народнага спажывання, сельскай гаспадаркі, жыллёвага будаўніцтва.