Восенью 1923 г. – распачаўся першы крызіс. Пачынаючы са жніўня 1922 г. сталі ўтварацца «нажніцы цэн» – калі кошты на прамысловыя вырабы пераўзышлі кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю ў параўнанні з даваенным узроўнем больш чым у 3 разы. Сялянам стала нявыгадна прадаваць сваю прадукцыю і купляць тавары прамысловасці. «Крызіс збыту» адбыўся, калі прамысловыя прадпрыемствы яшчэ толькі пачалі аднаўляцца, толькі пачалі наладжваць выпуск прадукцыі, яле яна ўжо не раскупалася, а склады прадпрыемстваў затаварваліся. Прычынамі крызісу было больш хуткае аднаўленне сельскай гаспадаркі, манапольнае ўзняцце цэн на прамысловыя вырабы з боку трэстаў і сіндыкатаў; рэзкае зніжэнне цэн на хлеб пасля добрага ўраджаю 1923 года, а, так сама, неразвітасць гандлёвага апарату і памяншэнне крэдытавання гандлю ў верасні-кастрычніку 1923 годзе.
Меры па пераадоленню крызісу былі пераважна эканамічныя: дзяржава ўстанавіла дырэктыўныя цэны на прадметы спажывання, была праведзена грашовая рэформа 1924 г.
Рубеж 1925/26 гг. – гэта другі крызіс, сутнасць якога была ў вострым дэфіцыце тавараў. Дэфіцыт узнік у выніку хуткага росту вытворчых сіл. Прычыны крызісу былі ў праліках у планаванні. Дзяржава не змагла закупіць хлеб у сялян па нізкіх цэнах, таму што 1925 г. быў неўраджайны. Рынак прамтавараў БССР залежыў ад іх паступлення з-за мяжы, а памеры экспарту хлеба былі невялікімі. Да таго, значна вырасла пакупніцкая здольнасць сельскага і гарацкога насельніцтва, якую прамысловасць не паспявала задавальняць.
Меры пераадолення былі пераважна эканамічныя: быў скарочаны імпарт, замарожаны новабудоўлі, павялічаны ўскосныя падаткі; з 1925 г. уведзены дзяржаўны продаж гарэлкі; павялічана нарыхтоўчая цана на зерне, адноўлена дзейнасць закансерваваных тэхнічна адсталых прадпрыемстваў.
Крызіс 1925 года паказаў розніцу паміж мэтамі савецкай дзяржавы і прыватнага сектара, дрэннае валоданне кіраўніцтвам эканамічнымі рычагамі.
Рубеж 1927/28 гг. – трэці крызіс, які меў больш сацыяльна-палітычную сутнасць. Прычынамі крызісу было невыкананне дзяржаўнага плана хлебанарыхтовак па танных коштах, што вызвала недахоп сродкаў для індустрыялізацыі.
Меры пераадолення мелі надзвычайны характар, блізкі да метадаў «ваеннага камунізму». Такім чынам, НЭП страціў актуальнасць.
Агульныя прычыны крызісаў – памкненне партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва да паскоранай мадэрнізацыі грамадства пад лозунгам «рыўка ў сацыялізм», што дэфарміравала эканоміку. Існуючая ў краіне аўтарытарная палітычная сістэма неадпавядала рыначным метадам кіравання эканомікай. Адсутнічалі трывалыя сувязі з сусветнай эканомікай, бо існавала манаполія дзяржавы на знешні гандаль.
Гаспадарчае развіццё было падпарадкавана інтарэсам унутрыпартыйнай барацьбы. Апарат кіравання, больш звыклы да метадаў “ваеннага камунізму” праяўляў у большасці некампетэнтнасць. Адбываўся хуткі рост адміністрацыйна-бюракратычнага апарату, які бачыў у адраджэнні рынку небяспеку сваім прывілеям. Да таго ж, ў масавай свядомасці савецкіх грамадзян узніклі супярэчлівыя меркаванні. Па сутнасці, пасля рэвалюцыі 1917 г. адбылася “рэстаўрацыя” капіталізму. Як вынік – незадаволенась працоўных НЭПам, арыентацыя іх на агульную грамадзянскую роўнасць.
Былі і станоўчыя вынікі правядзення НЭПа на Беларусі. Была адноўлена сельская гаспадарка рэспублікі, адноўлена прамысловасць, узрасла колькасць прадпрыемстваў і працуючых на іх. Спажывецкі рынак быў напоўнены асноўнымі таварамі, павялічыўся абарот гандлю. Тым не менш, Беларусь заставалася індустрыяльна слабаразвітай рэспублікай СССР, удзельная вага яе прамысловасці ў 1926 годзе склала менш аднаго працэнта ад усёй прамысловасці СССР.
Пасля правалу “сусветнай рэвалюцыі” ў кіраўніцтве краіны стала пашырацца ідэя аб магчымасці пабудовы сацыялізму ў адной асобна ўзятай краіне. Існавала дзве праграмысацыялістычнага будаўніцтва, розніца паміж імі знаходзілася ў пытанні аб суадносінах долі назапашання і спажывання.
Праграма «аптымальнага спалучэння» М.І.Бухарына і спецыялістаў Дзяржплана (А.І.Рыкаў, М.П.Томскі і інш.) прадугледжвала павышэнне жыццёвага ўзроўню і культуры рабочых і сялянскіх мас; рост дзяржаўнай прамысловасці ў народнай гаспадарцы; больш высокія, чым у капіталістычных краінах, тэмпы развіцця гаспадаркі; павышэнне ўдзельнай вагі сацыялістычнага гаспадарчага сектара; аптымальнае спалучэнне ў развіцці цяжкай і лёгкай прамысловасці; аптымальнае спалучэнне ў развіцці прамысловасці і сельскай гаспадаркі. У межах выканання праграмы прадугледжвалася захаванне асабістай уласнай гаспадаркі ў сельскай гаспадарцы; пераадоленне павышэння прамысловых ці рэзкага зніжэння сельскагаспадарчых цэн; пераадоленне значнага павышэння падатковага абкладання сялянства; павышэнне пакупной здольнасці чырвонца; прыцягненне дробных зберажэнняў грамадзян для ўнутраных інвестыцый (да індустрыялізацыі); устанаўленне сувязі эмісіі грошай з ростам тавараабароту; распрацоўка пяцігадовага плана як дакладнага прагноза асноўных тэндэнцый у развіцці эканомікі з папраўкамі пад уплывам міжнародных і ўнутраных умоў.
Гэта была праграма развіцця рэгулюемага рынку з выкарыстаннем таварна-грашовых адносін і пераадоленнем дыспрапорцый развіцця эканамічнымі метадамі. Праграма прадугледжвала існаванне агульнадэмакратычных нормаў, магчымасць з’яўлення новых палітычных аб’яднанняў.
Праграма “вялікага скачка” І.Сталіна (В.Куйбышаў, В.Молатаў, А.Андрэеў, Л.Кагановіч, С.Кіраў, А.Мікаян, Г.Арджанікідзе і інш.) мела крыху іншыя мэты: паскораную індустрыялізацыю народнай гаспадаркі; паскоранае каапераванне сялянства і сярэдніх слаёў горада; пад’ём дабрабыту і культуры мас; пабудову сацыялізму. Праграма будавалася на прынцыпах адмаўлення адначасовага і раўнамернага развіцця ўсіх галін гаспадаркі; выкарыстання энтузіязму рабочага класу; умацавання партыйна-дзяржаўнай сістэмы, усталявання адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіраўніцтва гаспадаркі; адмены плюралізму ў грамадска-палітычным жыцці.
У студзені 1928 г., прынятае рашэнне Палітбюро ЦК УКП(б) аб правядзенні хлебанарыхтоўкі адміністрацыйна-прымусовымі мерамі выклікала адкрытае сутыкненне дзвюх праграм. Прыхільнікі Бухарына былі зняты з пасад і пазней знішчаны. У краіне ўсталявалася таталітарная сістэма кіравання. Таталітарызм – гэта цэласная ідэалагічная, палітычная і арганізацыйная структура, у якой эканоміка мае падпарадкаваную да ідэалогіі ролю.
Асаблівая ўвага пачала надавацца планаванню развіцця эканомікі, якое набыло статус абавязковых для выканання дакументаў. Раней, у 1926 г., Дзяржплан і ВСНГ падрыхтавалі два варыянты пяцігадовага плана развіцця гаспадаркі – максімальны і мінімальны. Першы прадугледжваў рост прамысловай вытворчасці на 180% (амаль што ў 3 разы), рост вытворчасці сродкаў вытворчас-
ці – 230%, рост прадукцыйнасці працы ў індустрыі – 110%, рост вытворчасці ў сельскай гаспадарцы – 55%, рост рэальнай зарплаты, падваенне нацыянальнага даходу. Мінімальны план прадугледжваў скарачэнне гэтых паказчыкаў максімальнага на 20%. Гэта былі збалансаваныя планы, нягледзячы на высокія тэмпы развіцця. Пасля асабістага ўмяшальніцтва І.Сталіна, абавязковым для выканання застаўся толькі максімальны варыянт, у які ўнеслі карэктывы ў бок павелічэння паказчыкаў.
У маі 1929 г. IX Усебеларускі з’езд Саветаў зацвердзіў першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР на 1928-1932 гг. Яго асноўным прынцыпам была збалансаванасць і дакладная абгрунтаванасць мэт і задач пяцігодкі. Вынікі пяцігодкі можна падзяліць на станоўчыя (да фарсіравання індустрыялізацыі) і адмоўныя (з абвяшчэннем “ вялікага скачка ” – на XII з’ездзе КП(б)Б у чэрвені 1930 г.).
Капіталаўкладанні ў прамысловасць за пяцігодку склалі
243 млн. руб., гэта ў 5,3 разы болей чым за папярэднія 10 гадоў. Пераважнае развіццё атрымалі дрэваапрацоўчая, запалкавая, папяровая, харчовая, льняная і швейная галіны прамысловасці. Было пабудавана 78 буйных і 480 дробных і сярэдніх новых прамысловых прадпрыемстваў, сярод якіх швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» і панчошна-трыкатажная фабрыка «КІМ» у Віцебску, фабрыка штучнага валакна і трубаліцейны завод у Магілёве, бабруйскі, барысаўскі і гомельскі дрэваапрацоўчыя камбінаты, буйнейшая ў рэспубліцы ГРЭС і інш. У 3,8 раза павялічыўся аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі, але больш хуткімі тэмпамі развіваліся галіны лёгкай, а не металаапрацоўчай прамысловасці. Узніклі новыя галіны прамысловасці: сельскагаспадарчае машынабудаванне, станкабудаванне, хімічная (вытворчасць штучнага валакна і хіміка-фармацэўтычная), вытворчасць стандартных будынкаў, вытворчасць маргарыну і інш.
Адбыліся змены ў структуры прамысловасці. На буйных прадпрыемствах выраблялася 57,3% прадукцыі, на іх занята больш паловы прамысловых рабочых. У 1931 г. аб’ём валавай прадукцыі прамысловасці перавысіў аб’ём валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі – Беларусь стала індустрыяльна-аграрнай рэспублікай.
Аднак, адначасова эканамічныя стымулы і гаспадарчы разлік саступаюць месца каманднай эканоміцы, выкарыстоўваюцца валюнтарысцкія метады кіраўніцтва эканомікай. Увогуле выкананне пяцігадовага плана было правалена нават па мінімальным паказчыкам, але абвешчана аб яго выкананні за чатыры гады і тры месяцы. Пачаліся чысткі сярод мясцовых партыйных, дзяржаўных і гаспадарчых кадрах, абвінавачванні іх у нацыянал-ухілізме і шкодніцтве на падставе невыканання планаў.
Другі пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР на 1933-1937 гг. быў зацверджаны ў студзені 1934 г.
Згодна з ім вядучае месца надавалася развіццю цяжкай прамысловасці, ствараліся два энергетычных вузла – Гомельскі і Мінскі. Далейшае развіццё атрымала лёгкая і харчовая прамысловасць. Шырока выкарыстоўваліся метады сацыялістычнага спаборніцтва і ўдарніцтва.
Пад час выканання плана другой пяцігодкі былі пабудаваны новыя буйныя прадпрыемствы: Гомельскі шклозавод, Крычаўскі цэментны завод, Аршанскі льнокамбінат, Магілёўскі трубаліцейны завод, Магілёўскі аўтарэмонтны, дрэваапрацоўчы камбінат, завод ізаляцыйных пліт у Нова-Беліцы, ацэтонавы завод у Быхаве і інш. Усяго пабудавана 1700 прадпрыемстваў, каля 90 – рэканструявана. Уведзены новыя электрастанцыі: Мінская ЦЭЦ-2, Слуцкая, Мазырская, Полацкая, Барысаўская, Заслаўская, Дзяржынская, Дрысенская, Нараўлянская.
Валавая прадукцыя гаспадаркі павелічалася ў 1,9 раза (запланавана ў 3,8 разы). Адбыліся змены ў структуры рабочага кла-
са – 2/3 ад яго колькасці – гэта былыя сяляне, якіе не мелі дастатковай кваліфікацыі. Адначасова атрымалі шырокае распаўсюджанне судовыя працэсы над шкоднікамі, яны былі “знойдзены” ў Віцебскім чыгуначным дэпо, на фабрыцы «Сцяг індустрыялізацыі», Гомельскім вагонарамонтным заводзе і г.д. Атрымала шырокае развіццё “ лагерная эканоміка ”. У 30-40-я гг.
600 тыс. беларусаў працавалі ў рамках лагернай сістэмы НКУС, але на тэрыторыі БССР вялікіх лагераў не было.
Трэці пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР на 1938-1942 гг. быў зацверджаны XVII з’ездам КП(б)Б у чэрвені 1938 г. Ён прадугледжваў павелічэнне нацыянальнага даходу ў 2 разы; рост аб’ёму валавай прадукцыі прамысловасці ў 1,5 разоў; рост вытворчасці харчовых прадуктаў у 2,5 разоў; рост узроўню народнага спажывання ў 1,5-2 разы; пераважнае развіццё машынабудавання і хімічнай прамысловасці, будаўнічай індустрыі; далейшае развіццё дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасці, транспарту і сувязі.
Пад час пяцігодкі адбылося хуткае развіццё транспарту. Праведзены чыгуначныя лініі Камунар-Орша, Орша-Лепель, Гомель-Чарнігаў, Асіповічы-Магілёў. У аўтамабільным транспарце на 1940 г. колькасць грузавых аўтамабіляў павялічылася ў 37,5 разоў ў параўнанні з 1928 г. Працягласць аўтамабільных дарог з цвёрдым пакрыццём склала 11,2 тыс.км. Было адкрыта Дняпроўска-Дзвінскае рачное параходства, пабудаваны Гомельскі рачны порт. Адкрыўся рачны пасажырскі маршрут Гомель-Кіеў. У 1940 г. адноўлены Днепра-Бугскі канал, рачны флот папоўніўся новымі судамі. З’явіўся авіятранспарт. У Мінску быў пабудаваны аэрапорт, пачала дзейнічаць авіялінія Мінск-Масква.
У 1940 г. ужо 80% прадукцыі народнай гаспадаркі БССР прыходзілася на прамысловасць. Гэта 33,8% выпрацоўваемай у СССР фанеры, 27% – запалак, 30% – штучнай аліфы, 25% – дражджэй,
11% – маргарыну, 10% – торфу, 10% – металарэзных станкоў. Аднак, наглядалася адставанне ў развіцці энергетыкі, папяровай прамысловасці, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, павялічылася колькасць незавершаных аб’ектаў будаўніцтва.
У верасні 1939 г. адбылося далучэнне Заходняй Беларусі да БССР. Тэрыторыя БССР павялічылася ў 1,9 разоў, колькасць насельніцтва вырасла ў 1,6 разоў. Пачалася індустрыялізацыя ў Заходніх абласцях. Яе асноўнымі мэтамі было ліквідацыя беспрацоўя, стварэнне сацыялістычнага рабочага класа – апоры бальшавіцкага рэжыму. Народная гаспадарка рэспублікі ў 1940 г. злілася ў адзінае цэлае.
Да пачатку 40-х гг. на Беларусі (як частцы СССР) была рэалізавана сталінская мадэль дзяржаўнага сацыялізму. Індустрыялізацыя садзейнічала яе ўмацаванню. Былі нацыяналізаваны сродкаў вытворчасці, адбылася цэнтралізацыя кіравання ўсёй прамысловасцю. Прыватны і саматужна-рамесны сектар вытворчасці быў выціснуты з эканомікі БССР. Дзяржаўны манапалізм уладкаваўся ў вытворчасці і размеркаванні. Вырасла колькасць бюракратыі, усталяваўся загадны стыль кіраўніцтва эканомікай.