Урок 13
Тэма: Я і мае сябры. Занятак у вольны час
Мэты: выпрацоўваць вымаўленчыя навыкі, пазнаеміць са словамі і выразамі па тэме, фарміраваць уменні асэнсаванага ўспрымання беларускай мовы на слых.
Абсталяванне: падручнік, сшытак, каляровыя алоўкі, фламастары.
Ход урока
Арганізацыйны момант
Празвінеў званок і зноў
У клас сабраў маіх сяброў.
Будзем дружна працаваць,
Будзем веды набываць.
I. Маўленчая размінка
Паслухайце верш. У якую гульню гуляў хлопчык?
— Я—чу, я—чу!
На кані скачу.
Ані ў кога,
Ані ў кога
Не было каня такога!
Гоп, гоп!
Гой, гой!
— Ты куды, герой?
Гоп, гоп!
Гой, гой!
— Можна мне з табой?
— Каго называюць героем?
2) Вучні паўтараюць за настаўнікам наступныя радкі верша:
— Я—чу, я—чу!
На кані скачу.
— Як трэба вымаўляць гук [ч]? (Цвёрда.)
Гоп, гоп! Гой, гой!
— Ты куды, герой?
— Як трэба вымаўляць гукі [г], [г']? (Прыглушана.)
Гоп, гоп! Гой, гой!
— Можна мне з табой?
— Адкажыце на пытанне па-беларуску.
II. Лексічная праца
Дамінуючы лексічны матэрыял: цацкі, лялькі, вольны час, чытаць, маляваць, гуляць.
Сёння давайце пагаворым пра тое, чым можна займацца ў вольны ад урокаў час.
Паслухайце верш і скажыце, дзе праводзілі дзеці вольны час.
На каньках
Вечар, лёд у агнях,
А над елкай — месяц.
Едуць, едуць на каньках
Міхасек з Алесем.
Бачаць хлопцы: Таня
То ўпадзе, то ўстане. —
Ой, ізноў я на баку!
Дай хутчэй, Алесь, руку.
— То трымайся, калі ласка.
Дапаможа і Міхаська.
Мы дзяўчатак анідзе
Не пакінем у бядзе.
— Як звалі дзяцей? На чым каталіся дзеці? Што здарылася з Таняй? Хто ёй дапамог? Як павінны адносіцца хлопчыкі да дзяўчынак?
2) Чым яшчэ можна займацца ў вольны час? Раз-ледзьце малюнкі у сшытку. Адкажыце на пытанні:
- Для чаго альбом і фламастары?
- Хто гуляе з лялькамі?
- Дзе можна знайсці цікавыя кнігі?
- Дзе можна катацца на лыжах?
- Калі можна катацца на каньках?
— Раскажыце па малюнках, чым можна займацца ў вольны час. Падумайце, што вам падабаецца, не вельмі падабаецца і зусім не падабаецца.
— Злучыце малюнкі прадметау з адпаведнымі тварыкамі. Раскажыце, чым вам падабаецца займацца ў вольны час.
3) Паслухайце текст. Адкажыце, ў што гуляла дзяўчынка?
Снежны мішка
Зляпіла Таня са снегу мішку і панесла яго ў хату паказаць маме. Мамы дома не было. Таня паставіла мішку на стол і сказала:
— Няхай пастаіць, пакуль мама прыйдзе.
А сама пабегла на вуліцу. Тут і мама прыйшла.
— Хадзем, мама, хутчэй у хату, паглядзіш, якога я мішку зляпіла.
На стале нічога не было. Толькі вада сцякала на падлогу.
— Дзе ж твой мішка? — запыталася мама. — Ці не ўцёк?
— Уцёк, — уздыхнула Таня.
— З чаго зляпіла мішку Таня? Навошта дзяўчынка занесла мішку у хату? Што здарылася з мішкам? Якую параду вы можаце даць дзяўчынцы? Пра што запыталася мама? Як адказала Таня?
Работа ў сшытку.
— Разгледзьце малюнкі. Якія цацкі вы на іх бачыце? Пагуляем у гульню «Адкажы і запытайся». (Першае пытанне задае настаўнік: «Дзе ляжыць лялька?» Выкліканы вучань адказвае, а потым сам задае пытанне па наступным малюнку і выклікае вучня, які на яго адказвае.)
III. Аудзіраванне
1) Казачнік Бай прапануе вам адгадаць загадку і сказаць, хто будзе героем казкі:
З барадою, а не стары,
з рагамі, а не бык,
дояць, а не карова. (Каза.)
Казка называецца «Каза-манюка». Як вы думаеце, каго называюць манюкай?
Каза-манюка
Жыў дзед ды баба з дачкою. I была ў іх каза. Пагнала дачка пасвіць казу. Цэлы дзень пасвіла па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты. Дзед пытаецца ў казы:
— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?
Каза кажа:
— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі, як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...
Насварыўся дзед на дачку, што дрэнна казу пасвіла, і назаўтра выправіў бабу.
Цэлы дзень пасвіла баба казу па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты. Дзед зноў пытаецца ў казы:
— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?
Каза кажа:
— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі, як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...
Дзед і на бабу насварыўся, што дрэнна казу пасвіла.
Надзеў тады дзед бабін каптан і хустку ды пагнаў сам пасвіць казу.
Цэлы дзень пасвіў па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары вярнуўся дахаты, пераадзеўся ў свае адзенне, сеў і чакае казу з пашы.
Прыйшла каза на двор.
Дзед пытаецца:
— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?
Каза кажа:
— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі, як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...
Узлаваўся дзед на казу-манюку, прывязаў яе да плоту, а сам пайшоў касу вастрыць, казу-манюку рэзаць.
Дазналася аб гэтым каза, сарвалася з прывязі і пабегла ў лес. Знайшла щ лесе зайчыкаву хатку, залезла ў яе і жыве там, а зайчыка і на парог не пускае.
Сеў зайчык пад елачкай і плача.
Ідзе воўк:
— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?
— Як жа мне не плакаць, як не журыцца? Была ў мяне хатка — новая, яловая. Прыйшоў нейкі звер рагаты ды барадаты, выгнаў мяне з хаткі і сам у ёй жыве, а мяне не пускае.
— Ну, добра, не плач: я таго звера выганю. Падышоў воук да зайчыкавай хаткі, пастукаў хвастом у дзверы ды кажа:
— Гэй, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!
А каза як затупае, як замэкае:
— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!
Спужаўся воўк ды ад бяды ўцёк. А зайчык зноў сеў і плача. Ідзе мядзведзь:
— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?
— Як жа мне не плакаць, як не журыцца? I расказаў мядзведзю пра сваю бяду.
— Ну, добра, — кажа мядзведзь, — не плач: я таго звера адразу выганю.
Падышоў ён да зайчыкавай хаткі, патупаў каля дзвярэй ды кажа:
— Гэй, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!
А каза як затупае, як замэкае:
— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!
Спужаўся і мядзведзь ды ў гушчар (чащу). Ідзе певень. Убачыў зайчыка і пытаецца:
— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?
— Як жа мне не плакаць, як не журыцца? I расказаў зайчык пеўню пра сваю бяду.
— Э, — кажа певень, — такую бяду я адной лапай развяду. Я таго звера ведаю — гэта дзедава каза-манюка...
Падышоў певень да зайчыкавай хаткі, захлопаў крыламі, закукарэкаў:
— Кукарэку! Кукарэку! Заб'ю казу-недарэку.
Пачула каза ды як затупае, як замэкае:
— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!
Тады певень зноў яшчэ мацней залопаў крыламі, закрычаў:
— Гэй, каза, збірай манаткі,
Уцякай хутчэй ты з хаткі,
Бо вунь дзед ідзе,
Ён касу нясе...
Як пачула каза пра дзеда з касою, напужалася і кулём выскачыла з хаткі.
А зайчык з пеўнікам зайшлі ў хатку і сталі там жыць-пажываць ды дабра нажываць.
3) Калі вам было смешна? А калі — страшна? Што каза гаварыла дзеду, вяртаючыся з пашы? Чаму казу назвалі манюкай? Як дзед даведаўся, што каза — манюка? Куды ўцякла каза? Дзе стала жыць? Успомніце, што гаварылі воўк і мядзведзь казе, каб прагнаць яе. А што адказвала каза?
Хвілінка адкрыццяў.
— Звярніце ўвагу на тое, што каза, адказваючы на пытанні дзеда: «Дзе? Што?» гаварыла: «Нідзе, нічога». Так кажуць па-беларуску. Падрыхтуйце інсцэніроўку ўрыўка з размовы дзеда з казой.
Праца ўу сшытку.
— У сшытку знайдзіце, які герой казкі зашыфраваны на малюнку? Размалюйце яго.