1. Станаўленне раннефеадальных дзяржаўных утварэнняў усходніх славян на тэрыторыі Беларусі. Кіеўская Русь.
2. Полацкае і Тураўскае княствы ў IX-XIII стст. Іх узаемаадносіны з Кіевам і Ноўгарадам.
3. Барацьба супраць крыжакоў і татара-манголаў.
4. Увядзенне хрысціянства. Культура на беларускіх землях у X-XIII стст.
Пытанне да дыскусіі:
Аб праблеме старажытнарускай дзяржаўнасці.
Тэмы рэфератыўных паведамленняў:
1. Полацкае княства – выток беларускай дзяржаўнасці.
2. Выдатныя дзеячы беларускай культуры Х – першай паловы ХІІІ стст.
Літаратура: [9, с.33-34, 54-74; 10, с.44-71; 17, с. 8-19; 20, с.71-113; 21, с.28-57; 30, с.45-60; 34, с.39-56, 104-108; 35, с.29-38].
Раскрываючы змест дадзенай тэмы, студэнты павінны адзначыць, што ІХ – першая палова ХІІІ стст. храналагічна звязаны з эпохай ранняга сярэднявечча. Да ІХ ст. у асноўным завершылася разлажэнне родаплемянных адносін ва ўсходніх славян, і яны ўступілі ў новы этап гістарычнага развіцця. Характэрнай асаблівасцю гэтага этапа стала не толькі складванне класавых адносін, але і з’яўленне дзяржаўных утварэнняў, даволі хуткі рост вытворчых сіл грамадства, яго культуры.
У развіцці дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі можна вылучыць працэс узнікнення племянных княжанняў (першапачатковых дзяржаўных утварэнняў), ператварэнне племянных княжанняў у дзяржаўна-палітычныя аб’яднанні, цесную сувязь княстваў на тэрыторыі Беларусі з палітычнымі працэсамі Старажытнай Русі.
Да гісторыі Беларусі маюць дачыненне княжанні, якія сфарміраваліся на аснове Крыўскага племяннога саюза. Гэты саюз аб’ядноўваў крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, вяцічаў і севяран. Раней за іншых з гэтага племяннога саюза выдзеліліся палачане. З распадам саюза ўтварылася княжанне дрыгавічоў і радзімічаў. Важную ролю ў княствах адыгрывала народнае веча, яму фактычна належала заканадаўчая ўлада. Выканаўчую ўладу ажыццяўляў князь.
Дзяржаўна-палітычныя ўтварэнні ў выглядзе племянных княжанняў з’явіліся да ІХ ст. не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і на іншых славянскіх землях і ў сярэднім Падняпроўі, дзе ўзвысіўся Кіеў, а таксама ў раёне Паладажжа, у якім цэнтрам стаў Ноўгарад. Паміж гэтымі фарміраваўшыміся княствамі мела месца барацьба, якая адлюстравала імкненне князёў пашырыць сферу свайго ўплыву. Прычым найбольш актыўнымі ў ёй былі кіеўскія князі. Асабліва ўзмацнілася значэнне Кіева, як аднаго з буйнейшых палітычных цэнтраў усходніх славян пасля аб’яднання яго земель з Ноўгарадам у 882 г. У выніку аб’яднанай палітыкі кіеўскіх князёў на тэрыторыі Усходняй Еўропы склалася адна з буйнейшых сярэдневяковых дзяржаў – Старажытнаруская дзяржава або Кіеўская Русь. Погляды вучоных на гэтую дзяржаву розныя, таму ў гістарычнай літаратуры па дадзенай праблеме склаліся тры асноўныя пункты гледжання. Прыхільнікі першага разглядаюць Кіеўскую Русь як палітычна цэнтралізаваную адзіную дзяржаву. Другі пункт погляду гісторыкаў наступны: яны прызнаюць Старажытнарускую дзяржаву, але разглядаюць яе як федэратыўную ці канфедэратыўную з вялікай самастойнасцю мясцовых княстваў. У аснове трэцяга пункту гледжання – погляды гісторыкаў, якія адмаўляюць факт існавання Старажытнарускай дзяржавы.
У сучаснай гісторыяграфіі тэрмінам “Кіеўская Русь” абазначаецца раннефеадальная дзяржава ўсходніх славян ІХ – ХІІ стст., на чале якой стаяў вялікі князь. Яна ўзнікла ў выніку аб’яднання двух усходнеславянскіх дзяржаўных утварэнняў – Куявы (палітычны саюз палян, севяран і вяцічаў, цэнтр – Кіеў) і Славіі (чудзь, славене, мера, крывічы, цэнтр – Ноўгарад). Існуюць дзве асноўныя тэорыі паходжання Кіеўскай Русі: нарманская і антынарманская. Сфарміраваўшыся на працягу другой паловы ІХ – першай паловы Х стст., Кіеўская Русь як адносна адзіная і цэласная дзяржава праіснавала да пачатку ХІІ ст. Найвышэйшага росквіту дасягнула падчас княжання Уладзіміра Святаславіча і Яраслава Мудрага. З узмацненнем міжусобіц пачаўся распад Кіеўскай Русі на самастойныя дзяржаўныя ўтварэнні. Прычынамі распаду сталі імкненні княстваў да самастойнасці, палітычнае і эканамічнае замацаванне іх, узмацненне ролі мясцовай знаці і кіраўніцтва княствамі, развіццё феадальных адносін у грамадстве.
Першымі дзяржаўнымі ўтварэннямі на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі Полацкае і Тураўскае княствы. Разглядаючы другое пытанне тэмы, студэнтам неабходна звярнуць увагу на асаблівасці палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця гэтых княстваў, іх ўзаемаадносіны з Кіевам і Ноўгарадам.
Пры вывучэнні гісторыі беларускіх зямель ІХ – першай паловы ХІІІ стст. студэнты павінны ўлічваць і знешнепалітычныя ўмовы іх развіцця. Фарміраваўшымся княствам даводзілася вырашаць праблемы ўзаемаадносін усходнеславянскіх зямель, устанаўліваць сувязь з сумежнымі дзяржавамі і весці барацьбу са знешняй бяспекай.
У перыяд феадальнай раздробленасці ўзмацнілася самастойная роля мясцовых княстваў у вырашэнні міжнародных спраў у сувязі з небяспекай, якая навісла з боку іншаземных захопнікаў. Для беларускіх зямель гэта небяспека зыходзіла перш за ўсё ад нямецкіх рыцараў – крыжаносцаў.
З пачатку ХІІІ ст. развярнулася барацьба беларускіх зямель з агрэсіяй крыжакоў. Прычым асноўны цяжар яе лёг на Полацкае і іншыя княствы, якія знаходзіліся на мяжы з Прыбалтыкай. Барацьба з нямецкімі захопнікамі працягвалася многія гады. Толькі за перыяд з канца ХІІІ ст. па 1410 г. крыжаносцы больш за 140 разоў урываліся на тэрыторыю Беларусі і Літвы, а беларуска-літоўскія палкі ажыццявілі каля 60 адказных паходаў. Але пагроза ў ХІІІ ст. зыходзіла не толькі з боку крыжакоў. Страшэнным бедствам для народаў Усходняў Еўропы стала мангола-татарскае нашэсце. Ёсць падстава сцвярджаць, што манголы прайшлі толькі па поўдню Беларусі, аднак у цэлым землі Беларусі засталіся з боку ад галоўнага напрамку руху манголаў і не зведалі таго разарэння, якому падвергліся паўночна-ўсходняя і паўднёвая Русь. Барацьба з іншаземнымі захопнікамі была працяглай, аднак пакарыць беларускія землі тады не ўдалося ні крыжакам, ні татара-манголам.
Раскрываючы змест чацвёртага пытання, студэнты павінны адзначыць, што хрысціянскай рэлігіі на Русі папярэднічала язычніцтва. Хрысціянства на Старажытную Русь прыйшло з Візантыі ў гатовым выглядзе. У славянскім грамадстве яго распаўсюджвалі зверху. Руская княгіня Вольга першай прыняла хрысціянства, а яе ўнук Уладзімір у 988 г. пачаў хрышчэнне Русі. Узаемадзеянне дзвюх рэлігійных сістэм – язычніцкай і хрысціянскай нарадзіла такую з’яву, як двухвер’е. Увядзенне хрысціянства садзейнічала развіццю культуры на беларускіх землях. Асабліва вялікую ролю адыграла хрысціянства ў распаўсюджванні пісьменнасці, асветы, у развіцці кніжнай справы, мастацтва, архітэктуры, жывапісу і г.д. Хрысціянская рэлігія стала ідэалагічнай асновай усяго духоўнага жыцця людзей.