Лекции.Орг


Поиск:




Категории:

Астрономия
Биология
География
Другие языки
Интернет
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Механика
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Транспорт
Физика
Философия
Финансы
Химия
Экология
Экономика
Электроника

 

 

 

 


Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на тэріторыі Беларусі. Полацкае і Тураўскае княствы IX – XIII стст




Прыход славян на беларускія землі супаў з пачаткам хуткага разлажэння рода-племянных адносін і фарміравання феадальнага ладу.Прычынамі таму былі ўсё больш імклівы падзел працы, хуткае развіццё эканамічных стасункаў, а таксама войны, якія ўзвысілі магчымасці правадыроў племені – князёў і вузкага кола набліжаных да іх ваяроў – баяр і дружыннікаў.Сваяцкая абшчына паступова саступіла месца суседскай (мір, грамада і г. д.). Мясцовая знаць імкнулася захапіць абшчынныя ці пакуль незанятыя землі ў прыватную ўласнасць. Прыватныя землі насілі назву вотчынаў. У Х ст. ўзгадваюцца княскія вотчыны, у ХІ - ХІІ стст. - баярскія і манастырскія. Працавалі на гэтых землях рабы (халопы) ці залежныя ад гаспадара сяляне - закупы, радовічы і ўдачы. Закупы сяліліся на землях феадала і атрымоўвалі ад яго своеасаблівы крэдыт - купу. Звычайна яна магла складацца з розных прыладаў працы, хатняй жывёлы і г. д. Радовічы заключалі з маёмаснікам зямлі спецыяльны дагавор - рад. Пакуль закуп не выплочваў купу, а радовіч не адпрацоўваў рад, ён залежыў ад феадала. Удачы часова працавалі на гаспадара.

Большасць сялян (смерды), пакуль захоўвалі асабістую свабоду, працавалі на абшчынных землях і плацілі раз у год князю даніну толькі прадуктамі лясной гаспадаркі (палюддзе). Сяляне вырошчвалі жыта (яравое і азімае), пшаніцу, лён, каноплі і іншыя культуры. У некаторых землях паша знаходзілася недалёка ад паселішчаў. Але таксама былі распаўсюджаны лясныя аблогі і высекі.

У немалой ступені развіццю вытворчасці садзейнічаў гандаль. Праз тэрыторыю Беларусі па рэках Заходняя Дзвіна і Днепр ішоў буйны гандлёвы шлях са Скандынавіі ў Візантыю ("з вараг да грэкаў"), па рэках Сож і Прыпяць – з Каспія ў Заходнюю Еўропу. Гандляры карысталіся грошамі – арабскімі, пазней заходнееўрапейскімі срэбранымі манетамі і срэбранымі ці залатымі зліткамі –грыўнямі. З Захаду на беларускія землі паступалі срэбра, металы і металічныя прылады працы, а таксама якасная зброя. З Усходу і Поўдню - тканіны, віно, соль, ювелірныя вырабы і г. д. З мясцовых зямель вывозіліся рабы, прадукты лясной гаспадаркі, асабліва пушніна, рамесныя тавары.

Цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады. Па летапісных звестках ужо ў IX ст. існаваў горад Полацк, у Х – Заслаўе і Тураў, у ХІ – Браслаў, Брэст, Віцебск, Друцк, Лукомль, Мінск і г. д. Гарады мелі моцныя абарончыя збудаванні. У найбольш узмоцненай частцы (дзядзінцы) жылі князь, баяры і дружыннікі. Вакол дзядзінца будаваўся пасад. Яго жыхарамі былі рамеснікі і гандляры. Гараджане, як і сяляне, аб’ядноўваліся ў абшчыны. Збор гараджан (веча) вырашаў самыя важкія пытанні. Так, Тураўскае веча выбірала епіскапа. Ад імя Полацкага веча падпісваліся міжнародныя дамовы. У 1151 г. па яго рашэнні з горада быў выгнаны князь Рагвалод і запрошаны мінскі князь Расціслаў. Але праз сем гадоў веча выгнала Расціслава і зноў запрасіла Рагвалода. У 1161 г., пасля паражэння ад мінскага князя Валадара, Рагвалод быў вымушаны збегчы ў Друцк, бо палачане былі настроены супраць няўдалага князя.

Гарадская гаспадарка яшчэ ў значнай ступені заставалася аграрнай. Недалёка ад гарадоў знаходзіліся палеткі і выпасы для жывёлы. Гараджане трымалі авечак, кароў, коз, свіней, гусей і г. д. Яны мелі сады і агароды.

Аднак кантроль над гандлёвымі шляхамі працяглы час знаходзіўся ў руках іншаземцаў. Напрыклад, радзімічы да Х ст. выплачвалі даніну прыкаспійскаму народу – хазарам. У канцы ІХ ст. уладу на большасці ўсходнеславянскіх зямель захапіла скандынаўская дынастыя Рурыкавічаў. Імі была заснавана феадальная дзяржава Русь з цэнтрам у Кіеве. Сярод першых беларускіх гарадоў, падначаленых Рурыкавічамі, узгадваецца Полацк. Але ў канцы Х ст. тут ужо правіла свая княжацкая дынастыя скандынаўскага паходжання на чале з Рагвалодам, які меў саюзныя адносіны з кіеўскім князем. У 980 г. наўгародскі князь Уладзімір падчас паходу на Кіеў захапіў Полацк, забіў Рагвалода і яго сыноў, а дачку Рагнеду прымусова ўзяў сабе жонкай. Падначаліўшы сабе яшчэ Кіеў, Уладзімір распачаў рэформы, якія павінны былі цэнтралізаваць дзяржаву. Самай важнай з іх было прыняцце хрысціянства.

Нягледзячы на спробы Уладзіміра і яго пераемнікаў аб’яднаць вакол Кіева ўсе рускія землі, мясцовыя князі вялі ўпартую барацьбу за незалежнасць. Ужо ўнук Уладзіміра і Рагнеды, полацкі князь Брачыслаў (1003 – 1044) адрозніваўся адносна незалежнай палітыкай. Каб спыніць з ім барацьбу, кіеўскі князь Яраслаў быў вымушаны падараваць Полацкаму княству Віцебск. Пры сыне Брачыслава, Усяславе (1044 – 1101) гэтая барацьба дасягнула свайго апагею. У 1065 г. Усяслаў напаў на Пскоў, у 1066 г. захапіў і разрабаваў Ноўгарад. Імкнучыся спыніць Усяслава, кіеўскі князь і яго браты стварылі ваенную кааліцыю. 3 сакавіка 1067 г. на рацэ Няміга яны разбілі войска палачан, разрабавалі і разбурылі Мінск. Усяслаў разам з сынамі патрапіў пад Оршай у палон. Але ў верасні 1068 г. падчас паўстання ў Кіеве ён быў вызвалены і ў 1071 г. заняў Полацк. У 1127 г. кіеўскаму князю Мсціславу ўдалося захапіць полацкіх князёў і саслаць іх у Візантыю. Аднак пасля яго смерці яны вярнуліся на радзіму.

Адносна самастойную палітыку вяло і Смаленскае княcтва. Пры князю Расціславе (1125 – 1159) яно фактычна вылучылася з Кіеўскай дзяржавы. У значна большай залежнасці ад Кіева знаходзілася Тураўскае княcтва. Адносную самастойнасць яно набыло толькі ў другой палове ХІІ ст.

У ІХ – ХІІ стст. працягваўся рух славянскіх перасяленцаў у паўночна-заходнія раёны. У ХІ – пач. ХІІ ст. у Панямонні вылучыліся Гродзенскае, Ваўкавыскае і Навагрудскае княствы. У другой палове ХІ – пач. ХІІІ стст. Полацкаму княcтву належалі балцкія землі ўздоўж Заходняй Дзвіны – княствы Герцыке і Кукенойс са славяна-балцкім насельніцтвам.


№5 (6): Унутрыпалітычная становленія беларускіх зямель у 12 - першая палове 13 ст

У цеснай сувязі з дзяржаваўтваральнымі працэсамі на Беларусі у 9 – 13 стст. ішло развіццё культуры. Найбольш яскравым праяўленнем гэтага боку грамадскага жыцця стала прынняцце і распаўсюджванне хрысціянства.

Першыя славянскія супольнасці, якія рассяліліся на Беларусі – крывічы, дрыгавічы і радзімічы, - вызнавалі язычніцкую рэлігію. Гэта забліжала іх з аўтахтонным несельніцтвам – балтамі і, верагодна, стала адной з прычын з’яўлення прадзяржаўных утварэнняў з поліэтнічным насельніцтвам – Полацкага і Тураўскага княстваў.

Сапраўды, прынцыповай розніцы паміж язычнікамі ва ўсім свеце не існуе. Усе яны пакланяліся і пакланяюцца праявам навакольнага асяроддзя – сонцу, месяцу, агню, вадзе і інш. У нашых продкаў яны атаясамліваліся з багамі: Сварогам, Сварожычам, Жыжалем, Макошай(Цёцяй), Перуном і інш.

Аднак на мяжы Старога і Новага часу паўсюдна монатэістычныя вераванні паступова змяняюць язычніцкія. Сярод іх найбольш магутным было хрысціянства. Еўропа перажыла два этапы хрысціянізацыі. Першы пачынаецца з узнікнення хрысціянства да 7 – 8 стст., калі была ахрышчана Рымска-Візантыйская імперыя, імперыя франкаў і брытанскія каралеўствы. На другім этапе – 9 – 10 стст. – Хрыстову веру прынялі славянскія дзяржавы і Скандынавія. Паўсюдна прыняцце хрысціянства супадала з утварэннем самастойных монаэтнічных дзяржаў.

Увядзенне хрысціянства на беларускіх землях

У 10 ст. існавала дзве хрысціянскія царквы: заходняя на чале з папам у Рыме і ўсходняя з усяленскім патрыярхам у Канстанцінопалі. Істотнай розніцы паміж імі тады яшчэ не было. Афіцыйнае прыняцце хрысціянства ў яго вызантыйскай традыцыі ў 988 г. кіеўскім князем Уладзімірам Святаславічам як дзяржаунай рэлігіі – важная падзея ў гісторыі ўсходніх славян, у тым ліку тых, якія знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Прыняцце хрысціянства з’яўлася, безумоўна, прагрэсіўнай з’явай ва ўсіх сярэднявечных дзяржавах.

У Полацкай зямлі існавалі свае перадумовы прыняцця новай веры. Полацкія воі ўдзельнічалі ў паходзе на Візантыю ў 907 г. і мелі ўяўленне аб хрысціянстве. У апавяданні аб забойстве Рагвалода і ўзяцці ў палон яго дачкі Рагнеды ў 980 г. летапісец падкрэсліў, што Уладзімір быў тады маладым і знаходзіўся ў язычніцтве. Ці былі хрысціянамі Рагвалод і Рагнеда ў той час, застаецца невядомым. Аднак напярэдадні драматычных падзей у Полацку Рагнеду вырашылі аддаць замуж у Кіеў за Яраполка, які спачувальна адносіўся да хрысціянскай веры. Верагодна, са спачуваннем таксама ставіліся да новай рэлігіі ў полацкай княскай сям’і.

Больш упэўнена можна сцвярджаць, што хрысціянства ў Полацку было прынята прадстаўнікамі вышэйшай знаці ўслед за афіцыйным увядзеннем яго ў Кіеве. Ізяслаў, сын Уладзіміра і Рагнеды, хутка пасля прыняцця новай веры пачаў княжыць у Полацку. Аб клопаце па распаўсюджванню тут хрысціянства ўскосна сведчыць характарыстыка Ізяслава, змешчаная ў Цвярскім летапісе, дзе сказана, што ён “прилежаще прочитанию божественных писаний”, г. зн. быў вельмі набожны.

У пісьмовыя крыніцы трапіла цікавае падане аб Рагнедзе-манахіні, якая правяла апошнія гады свайго жыцця ў “манастыры” пад імем чарніцы Анастасіі. Ён, па мясцовых паданнях, размяшчаўся паблізу ручая Чарніца ў Заслаўі. Магчыма, гэта быў пачатковы скіт, якому не суджана было стаць сапраўдным манастыром па прычыне смерці манахіні-адзінотніцы ў 1000 годзе.

Пасля прыняцця хрысціянства ў буйных гарадах і княствах пачалі стварацца епархіі – тэратарыяльныя царкоўныя акругі, якімі кіравалі епіскапы. Лічаць, што ў 992 годзе ўзнікла епархія ў Полацку.

Сведчаннем актыўных кантактаў Усяслава Полацкага з духавенствам служыць увага князя да шанавання кананізаваных у 1072 годзе братоў яго дзеда – князёў Барыса і Глеба. Невыпадкова такія імёны насілі таксама сыны Усяслава. Гэта пралівае святло на ступень хрысціянізацыі жыцця двара полацкага князя, а таксама на кантакты яго з царкоўным асяроддзем, якое з’явілася ў Кіеве ініцыятарам шанавання святога Барыса і святога Глеба, што атрымала распаўсюджанне і ў Полацкай зямлі. Гэта відаць на прыкладзе помнікаў жывапісу ў Полацку (фрэскі святых Барыса і Глеба ў Барысаглебскім (Бельчыцкім) манастыры) і прыкладнога мастацтва(віслая пячатка з выявай святога Глеба з архіялагічных раскопак Менска, бронзавы абразок з раскопак Копысі і інш.).

Полацкая княская сям’я цесна была звязана з Кіева-Пячэрскім манастыром. Добрыя адносіны манастыра з Полацкам склаліся яшчэ пры жыцці Усяслава, якога падтрымліваў манастыр у 1068 годзе, і Усяслаў Полацкі быў абраны кіяўлянамі на трон у Кіеве, на якім пратрымаўся нямнога – 7 месяцаў.

Кароткая звестка аб полацкім епіскапе змешчана ў Іпацьеўскім летапісе пад 1105 годам, калі мітрапаліт Нікіфар І “постави Мину Полотьску” з манахаў Кіева-Пячэрскага манастыра. В.Н. Тацішчаў сцвярджае нават, што мітрапаліт Нікіфар І, які пасвяціў Міну, сам раней быў полацкім епіскапам, але гэта патрабуе больш грунтоўнага пацвярджэня.

У “Жыцці Ефрасінні Полацкай” называецца полацкі епіскап Ілля. Акрамя Міны і Іллі пісьмовыя крыніцы змяшчаюць звесткі яшчэ аб шасці полацкіх епіскапах 12 – 13 стст.: Касьма (Грэк) пастаўлены ў 1143г.; Дыянісій памёр у 1183 г.; Мікалай пастаўлены ў 1183г.; Аляксей упамянуты каля 1231 г.; Сімяон (Наўгародзец) упамянуты каля 1274 г.; Іакаў вядомы па дакументу прыкладна 1300 г.

У 12 ст. каля Полацка ўзнікаюць манастыры. Два манастыры – жаночы св. Спаса – і мужчынскі св. Багародзіцы – заснавала Ефрасіння Полацкая. У іх вялі манашаскі вобраз жыцця прадстаўнікі полацкай княскай дынастыі. Найбольш вядомая з іх прпадобная Ефрасіння (да пастрыжэння княжна Прадслава), пазней прылічаная да ліку святых. У распаўсюджванні хрысціянства, пісьменнасці, культуры ў Полацкай зямлі яе заслугі асабліва вялікія. У цяперашні час вызначана, што ў Полацку ў 12 ст. існавала не менш 10 культавых манументальных збудаванняў, трох манастыроў.

Нягледзячы на адзначаныя поспяхі хрысціянізацыі, неабходна сказаць, што новая вера ў Полацкай зямлі распаўсюджвалася параўнальна марудна і павінна была вытрымаць барацьбу з язычніцтвам, якое мела тут глыбокія карані ў выніку блізкага суседства Полацка з літоўскімі і іншымі неславянскімі плямёнамі, у якіх высокага развіцця дасягнуў язычніцкі культ.

Язычніцкія вешчуны ў старажытным Полацку былі ў пашане нават сярод прадстаўнікоў княскай дынастыі пасля афіцыйнага прыняцця хрысціянства. “Аповесць мінулых гадоў” прыпісвае Усяславу Полацкаму нараджэнне ад “вяшчунства”. Сучаснікі надзялялі Усяслава звышнатуральнымі якасцямі. Сама Полацкая зямля ўяўлялася летапісцам і аўтару “Слова аб палку Ігаравым” краінай чараўнікаў.

Да гісторыі рэлігійных вераванняў жыхароў Полацкай зямлі маюць адносіны велізарныя вылунныя камяні з высечанамі на іх выявамі крыжа з «Галгофай” і набожнымі надпісамі. У Падзвінні вядома 9 такіх камянёў. На шасці з іх значыцца імя Барыса, ад чаго камяні называюць “Барысавымі”. Камяні з’яўляюцца сведчаннем барацьбы полацкіх князёў з язычніцкімі вераваннямі (пакланенні камяням-фетышам) у перыяд двухвер’я, якое ўтрымлівалася ў Полацкай зямлі да 12 ст. і яшчэ пазней.

Згодна паведамленню “Аповесці мінулых гадоў”, пасля прыняцця хрысціянства ў Кіеве князь Уладзімір Святаславіч накіраваў ў Тураўскую зямлю ў якасці пасадніка свайго сына Святаполка. Падобна іншым княжычам, ён быў абавязаны не толькі валодаць дрыгавіцкай зямлёй, але і распаўсюджваць тут новую веру. У іншых крыніцах (“Сказанні аб Барысе і Глебе”, Пераяслаўска-Суздальскім летапісе) гаворка ідзе аб накіраванні Святаполка на княжанне ў Пінск. Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што Святаполк атрымаў адначасова два гарады і мог сапраўды некаторы час знаходзіцца ў Пінску.

Паводле дайшоўшага да нас падання, сам князь Уладзімір Святаславіч заснаваў пад Пінскам Лешчынскі манастыр. Выказваюць меркаванні, што Тураў стаў цэнтрам епархіі пасля таго, як у 1088 г. тут пачаў княжыць Святаполк Ізяславіч, праўнук Уладзіміра.

Аднак у “Кіева-Пячэрскім пацерку” (зборнік апавяданняў) змешчаны тэкст аб заснаванні Тураўскай епархіі ў 1005г. і прыводзіцца ўстаноўчая яе грамата, якая дадзена ад імя князя Уладзіміра з пералікам гарадоў, што ўваходзілі ў Тураўскую епархію. Першым яе епіскапам быццам быў Фама. У духоўным падпарадкаванні тураўскага епіскапа пазней знаходзіліся гарады Пінск, Наваградак, Гародня, Берасце, Ваўкавыск, Здзітаў, Сцепань, Дубровіца, Слуцк, Копысь і інш.

У старажытнарускіх летапісах няма паведамленняў пра тураўскіх епіскапаў 10 – 11 стст. Але ёсць звесткі у іншых крыніцах аб епіскапе Рэйнберне. Тураўскі князь Святаполк у 1013 г. узяў шлюб з дачкой польскага караля Баляслава. З ёй прыехаў калобжацкі епіскап Рэйнберн, які выкарыстаў момант для распаўсюджвання каталіцызму. Уладзімір, даведаўшыся аб гэтых намерах, выклікаў Святаполка разам з жонкай і яе духоўнікам у Кіеў, дзе зняволіў у турму. Рэйнберн неўзабаве памёр. У 1015 г. пасля смерці Уладзіміра княжыць у Кіеве становіцца Святаполк. У гэтым годзе адбылося забойства братоў князёў Барыса і Глеба, якія потым былі абвешчаны першымі усходнеславянскімі святымі. У 1054г хрысціянская царква канчаткова раздзялілася на каталіцкую і праваслаўную. Адбыўся афіцыйны разрыў цэркваў. У Тураве вядомы ў 12 ст. праваслаўныя епіскапы: грэк Ігнацій (1137г), Іакім (пастаўлены ў 1144г.), Кірыла (каля 1169г.), Лаўрэнцій (названы ў летапісе пад 1182г.)

Клопатам аб распаўсюджванні хрысціянства было адкрыццё цэркваў і манастыроў. Жонка Святаполка Ізяславіча Варвара заснавала ў Тураве Варварынскі манастыр, у якім жыла з дзецьмі пасля смерці князя. Сказанне аб Марціне-мніху паведамляе аб існаванні ў Тураве мужчынскага мнастыра. Тут жа знаходзілася епіскапская рэзідэнцыя.

У Тураве пры археалагічных даследваннях выяўлены рэшткі мураванага трохапсіднага сабора. Уплыў хрысціянства распаўсюджваўся на творы прыкладнога мастацтва. Пры раскопках гарадоў знойдзены металічныя, каменныя, бурштынавыя крыжы, у Тураве – цудоўныя свінцовыя абразкі, якія ўстаўляліся ў вялікі крыж, у Пінску – каменны абразок Ісуса Хрыста Эмануіла.

Увядзенне хрысціянства садзейнічала развіццю культуры на беларускіх землях. Вышэйшым узорам старажытнарускай культуры з’яўляецца манументальная архітэктура. У 10 – 13 стст. у архітэктуры Еўропы дамінаваў раманскі стыль. Грамадзянскія і культавыя раманскія пабудовы вызначаліся масіўнасцю, суровай манументальнасцю і крапаснымі рысамі. У муроўцы абавязкова ўжываўся абчэсаны і прыродны камень, часам разам з цэглай. Рысы раманскага стылю ёсць у многіх помніках беларускага дойлідства.

З прыняццем хрысціянства бярэ пачатак каменна-цяглянае будаўніцтва, узвядзенне манументальных культавых пабудоў. На пачатковым этапе рускія дойліды пераймалі візантыйскія архітэктурныя формы, потым іх пераасэнсавалі ў адпаведнасці са сваімі мастацкімі густамі, традыцыямі.

Будаўніцтву сабораў на Русі надавалася дзяржаўнае і палітычнае значэнне. Цэрквы былі не толькі культавымі установамі, але і важнейшымі цэнтрамі інфармацыі аб палітычных, рэлігійных і грамадскіх справах і падзеях. У іх захоўваліся казна, бібліятэкі, архівы. Каля сцен цэркваў праходзілі сходы гараджан. Пры храмах і манастырах навучалі грамаце, тут пісаліся славутыя рускія летапісы.

Культура. Вядомыя дзеячы асветы

Клімент Смаляціч (Клім Смаляціч;? - пасля 1164), царкоўна-палітычны дзеяч, мысліцель, пісьменнік. Нарадзіўся ў 1-й палове 12 ст. ў Смаленску. Быў манахам Зарубскага манастыра каля Кіева. Стаў вядомы дзякуючы сваёй рознабаковай адукаванасці, рэдкай эрудыцыі, выдатнаму літаратурнаму таленту. Як сцвярджае Іпацьеўскі летапіс, К.С. «быў кніжнік і філосаф, якіх у Рускай зямлі не бывала». Высокую на той час адукацыю ён, верагодна, атрымаў у Канстанцінопалі.

Як прыхільнік развіцця ўсходнеславянскай культуры, змагар супраць засілля ў рускай царкве грэчаскага духавенства К.С. актыўна агітаваў за царкоўную аўтакефалію. Ён нястомна даказваў, што назначэнне мітрапалітаў для Кіеўскай Русі - унутраная справа рускага праваслаўя, і дыктат Візантыі ў гэтым пытанні пярэчыць інтарэсам народа, царквы, дзяржавы. Паводле яго пераканання, мітрапаліты-грэкі, якія дрэнна валодалі славянскай мовай, не маглі даць столькі карысці для царкоўнага ўпарадкавання і народнай асветы, колькі можна было чакаць ад мітрапалітаў мясцовага паходжання.

Назначэнне мітрапалітаў-чужаземцаў без адабрэння княжацкай улады было знявагай для апошняй, служыла зручнай падставай для ўмяшання грэчаскіх імператараў у справы славянскіх дзяржаў. Патрыятычнасць і шчырае імкненне вучонага манаха садзейнічаць развіццю мясцовых традыцый у жыцці ўсходняга славянства выклікала прыхільнасць да яго мясцовай улады. Невыпадкова знаёмы з яго прамовамі князь Ізяслаў Мсціславіч, які заняў у 1146 г. велікакняжацкі прастол, паступіў, як яго продак Яраслаў Мудры. У 1147 г. ён склікаў у Кіеве епіскапскі сабор і прапанаваў удзельнікам выбраць першасвяшчэнніка для Кіеўскай Русі без адабрэння канстанцінопальскага патрыярха. Пры гэтым Ізяслаў Мсціславіч назваў К.С. самым дастойным кандыдатам. Так «кніжнік і філосаф» стаў другім на Русі (пасля Іларыёна Кіеўскага) мітрапалітам славянскага паходжання. Узвядзенне яго на Кіеўскую кафедру праходзіла не гладка. Праціўнікі царкоўнай самастойнасці напачатку адмовіліся прызнаць яго мітрапалітам без волі на тое патрыярха. Зламаць супраціўленне прагрэчаскі настроеных іерархаў дапамаглі настойлівасць Ізяслава і рашучая падтрымка чарнігаўскага епіскапа Ануфрыя. Становішча новага мітрапаліта было нялёгкім. Яго дзейнасць ухваляў толькі князь Ізяслаў Мсціславіч. Пасля смерці Ізяслава (1154), калі велікакняжацкі прастол заняў былы смаленскі князь Расціслаў Мсціславіч, К.С. у яго асобе таксама атрымаў саюзніка, гатовага змагацца за самастойнасць рускай царквы. Аднак і на гэты раз частка епіскапаў на чале з Ніфантам Ноўгарадскім не падтрымала мітрапаліта Клімента. Ніфант ад свайго імя і ад імя іншых епіскапаў заявіў: «Мы не станем табе кланяцца, не будзем служыць з табой, таму, што ты не ўзяў благаславення ў святой Сафіі і ад патрыярха».

Узнікла рэальная пагроза ўнутрыцаркоўнага расколу. Разумеючы, да якіх вынікаў можа прывесці гэты канфлікт ва ўмовах раздробленасці Русі, князь Расціслаў заклікаў абедзве партыі да стрыманасці і разважлівасці. Нельга, казаў ён, каб безупыннае крывавае саперніцтва ўдзельных князёў за валоданне Кіевам узмацніла барацьбу за права той ці іншай княжацкай кааліцыі ўзводзіць у мітрапаліты свайго чалавека, абцяжарыла разладамі на рэлігійнай глебе жыццё грамадства, якое і без таго вельмі пакутуе ад палітычных усобіц. Аднак угаворы і заклікі Расціслава не былі пачуты.

У сакавіку 1155 г. кіеўскі пасад заняў правізантыйскі настроены суздальскі князь Юрый Даўгарукі, які саслаў мітрапаліта Клімента ва Ўладзімір Валынскі, а мітрапаліцкую кафедру аддаў назначэнцу патрыярха Канстанціну. Аднак праз 3 гады новы кіеўскі князь Мсціслаў Ізяславіч аднавіў К.С. на гэтай пасадзе. Барацьба за мітрапаліцкае месца выклікала царкоўную смуту. Грэчаскі стаўленік імкнуўся аддаліць ад царкоўных спраў прыхільнікаў Клімента, у сваю чаргу Клімент не мілаваў тых, хто быў на баку яго праціўніка. Каб спыніць разлад, князі Расціслаў і Мсціслаў адхілілі ад спраў абодвух мітрапалітаў і прызначылі ў жніўні 1161 на мітрапаліцкае месца Феадора, які праз некалькі месяцаў памёр. Расціслаў зноў прапанаваў кандыдатуру К.С. Каб надаць справе законны выгляд, ён паслаў прасіць благаславення для Клімента ў патрыярха. Але канстанцінопальскі патрыярх накіраваў у Кіеў мітрапалітам Іаана IV. Расціслаў, кіруючыся меркаваннямі царкоўнага міру, не хацеў ускладняць і без таго цяжкія палітычныя абставіны на Русі, неахвотна прыняў новага назначэнца, але наказаў перадаць у Канстанцінопаль: «На гэты раз, дзеля павагі і любові царскай, прыму, але калі надалей без нашага ведама і жадання патрыярх назначыць на Русь мітрапаліта, то не толькі не прымем яго, а пастановім за нязменнае правіла выбіраць і ставіць мітрапаліта епіскапам рускім па загаду вялікага князя». У выніку дзяржаўнай мудрасці і дыпламатычнай гібкасці Расціслава барацьба вакол самага прынцыповага для царкоўнага жыцця пытання сціхла. Так скончылася гісторыя з узвядзеннем на мітрапаліцкі прастол К.С., які звязаў сваё жыццё і дзейнасць з барацьбой за царкоўную незалежнасць ад Візантыі. Права прысылаць у Кіеў першасвяшчэнніка захавалася за патрыярхам. І ўсё ж ідэя рускай праваслаўнай аўтаноміі, якую так энергічна адстойваў вучоны манах са Смаленска, не памерла.

Да нас дайшоў толькі адзін твор К.С. (у тлумачэнні манаха Афанасія) - «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме». У гэтым «Пасланні...», разглядаючы тэарэтычныя пытанні, К.С. абвяргае высунутыя супраць яго абвінавачванні, прыводзіць аргументы ў абарону свайго права кіраваць царквой. Асноўныя разыходжанні, што служылі падставай для дыскусій паміж Кліментам і Фамой, - рознае разуменне таго, як і да якіх межаў можна інтэрпрэтаваць тэксты Свяшчэннага пісання, ці правамерна наогул яго пашыранае, сімвалічнае тлумачэнне. Паводле меркаванняў К.С., важнае не толькі літаральнае, але і сімвалічнае разуменне біблейскіх тэкстаў, іх творчая інтэрпрэтацыя. Ён вымушаны быў абгрунтоўваць сваё права «даследаваць іншасказальна... усе гэтыя боскія адзнакі і цуды Госпада нашага Ісуса Хрыста», свае доказы падмацоўваць аўтарытэтам айцоў царквы: «Калі святыя і боскія айцы нашы дабавілі нешта падобнае да Гасподніх слоў, каб растлумачыць і выкласці іх, то гэта вельмі карысна, добра і пахвальна».

У развіцці чалавечай гісторыі К.С. вылучае тры паслядоўныя перыяды - «Запавет», «Закон» і «Дар Божы». Значэнне першых двух у тым, што яны рыхтуюць перамогу абсалютнай ісціне, якая адкрываецца ў хрысціянстве. Паводле яго слоў, «Хрыстос Бог наш, сонца праведнае, асвяціў нас боскімі зорамі і прасвяціў сваім хрышчэннем, і вось усе старое прайшло, і стала ўсё новае, і ўжо не месціцца ў законе чалавецтва, але пад боскай ласкаю свабодна ходзіць...» У гэтай сувязі К.С. падкрэслівае, што некаторыя язычнікі, якія жылі па-за законам і да закону, «вылучаліся набожнасцю, жывучы не па законе, але па веры», таму ім лягчэй атрымаць дабрадзейства боскае, чым юдэям, якія не могуць «пайсці» далей закону Майсеевага, што заступае шлях да дабрадзейства. Для распрацоўкі і выкладання ўласных поглядаў К.С. шырока выкарыстоўвае працы Феадарыта Кірскага, Нікіты Гераклійскага, рацыяналістычныя метады для тлумачэння рэлігійных тэм. Апісваючы сваё ўяўленне пра сусвет, ён спасылаецца не толькі на хрысціянскіх, але і антычных аўтараў - Гамера, Платона, Арыстоцеля. Яго асноватворнае ўяўленне пра сусвет - гэта перакананне ў тым, што ўсё існае мае мэтазгодную будову, «усё ўладжваецца, падтрымліваецца і мае поспех сілай боскай, бо няма другой дапамогі, акрамя дапамогі боскай, і іншай сілы, акрамя сілы боскай». Мысліцель характарызуе Бога як непазнавальную абсалютную істоту, якая, аднак, пазнаецца ў сваіх тварэннях. Чалавек, які адкрывае для сябе разумную пабудову свету, становіцца, такім чынам, на шлях пазнання Бога-творцы, знаходзіць вышэйшы сэнс свайго існавання. Боская арганізацыя быцця дае чалавеку магчымасць сваімі ўчынкамі далучацца да Бога ці, наадварот, аддаляцца ад яго. Бог, са свайго боку, гатовы садзейнічаць збліжэнню з чалавекам, ратаванню яго, калі той праяўляе імкненне да гэтага. У разважаннях пра Грыгора Багаслова, прарока Ёна, траіх отракаў, разказах пра фантастычных жывёл К.С. настойліва праводзіць думку пра тое, што «нішто не пагарджанае ў Госпада: усё бачыць яго бяссоннае вока, усё назіраецца, пры ўсім стаіць, даючы кожнаму выратаванне». Валодаючы найвышэйшым дарам - свабоднай воляй - чалавек можа дзейнічаць, як яму хочацца.

Але дараваная яму свабода ўчынкаў - адначасова і напамін пра тое, што чалавеку, як вянцу тварэння, як асноўнаму цэнтру сусвету, створанаму па ўзоры і падабенстве боскаму, належыць імкнуцца да маральнага ўдасканалення, безагаворачна давяраць боскаму промыслу, «праслаўляць і дзякаваць» Творцу. Такім чынам, як і Іларыён Кіеўскі, Кірыла Тураўскі і інш. мысліцелі эпохі Кіеўскай Русі, К.С. развіваў антрапацэнтрычныя ідэі, падкрэсліваў духоўна-маральную прыроду чалавека. Але гэтыя аспекты сярэдневяковага светапогляду ён фармуляваў больш выразна і тэарэтычна абгрунтавана, чым яго папярэднікі. Важнае месца ў светапоглядзе К.С. займае ідэя няхцівасці. Яго адмова ад усяго, уключаючы царкоўную маёмасць, у той час як многія манастыры, цэрквы, асобныя свяшчэннаслужыцелі з'яўляліся буйнымі ўласнікамі, была не зусім тыповая. Акцэнт на духоўным, вечным, асуджэнні скнарнасці характарызуе ўсё сярэдневяковае светасузіранне ўсходніх славян. Але ў 12 ст., бадай, толькі К.С. ясна і дакладна выказаў гэту думку. Яго заклік захаваць маральную чысціню думак і ўчынкаў, духоўнае памкненне да найвышэйшых каштоўнасцей быцця гучыць вельмі сучасна і надзённа: «І як мы атрымалі закон і благадаць Свяшэннага пісання ад агульнага Ўладыкі, Госпада нашага Ісуса Хрыста Збавіцеля і Кіраўніка нашых душ, і святых і боскіх яго апосталаў, па дары і благадаці і сіле Духа, будзем трымацца, любыя, за гэту будучую надзею, не адхіляючыся ні ўлева, ні ўправа, каб не зваліцца нам на самае дно пагібелі.

 

Але пайшоўшы следам за ісцінным і сумленным царкоўным свяціцелем, такім чынам дасягнем найвышэйшай светласці ў будучым царстве Госпада нашага Ісуса Хрыста...».

Ефрасіння Полацкая (1102 – 24.5.1173) Прадстаўніца хрысціянскага культурнаасветніцкага руху ў Полацкім княстве 12 ст. Першая жанчына гэтага перыяду, прылічаная да святых. Нарадзілася ў Полацку. Дачка полацкага князя Георгія Усяславіча, малодшага сына князя Усяслава Брачыславіча. У 2й палове 11 — 1й палове 12 ст. полацкае княства як самастойная i моцная дзяржава дасягнула высокага ўзроўню i ў культурным жыцці. Трывалымі былі гандлёвыя i культурныя сувязі Полацкага княства з краінамі Усходу i Захаду. Культурным сувязям з Візантыяй спрыялі сваяцкія адносіны полацкіх князёў з візантыйскім iмператарскім домам. Менавіта ў гэтыя часы ў Полацку пабудаваны Сафійскі сабор i іншыя манументальныя царкоўныя пабудовы. Ёсць звесткі пра наяўнасць тут свайго летапісання. У духоўна-культурным жыцці Полацкага княства ўмацоўвалася хрысціянская ідэалогія, хоць язычніцкія ўяўленні былі яшчэ даволі моцныя нават у княжащим асяроддзі. Аднак хрысціянская ідэалогія заваёўвала ўсё больш прыхільнікаў, якія імкнуліся сцвердзіць у жыцці ідэі падзвіжніцтва, асветы i кніжнасці. Асабліва важную ролю ў гэтым працэсе адыграла Е. Полацкая., звесткі пра дзейнасць якой дайшлі да нас з «Жыція Ефрасінні Полацкай», створанага, відаць, неўзабаве пасля яе смерці (старэйшы з вядомых спісаў датуецца 14 ст.). «Жыціе...» было шырока вядомае i папулярнае ў старажытнабеларускі перыяд. Стварэнне ў Полацкім княстве свайго «Жыція...» — важнае сведчанне культурнай суверэннасці дзяржавы, яе значнасці i сілы. Калі адлюстраванне дзяржаўна-палітычнай ролі княства знаходзіла сваю фіксацыю ў галіне летапісання, то ў духоўнай сферы гэта замацавана найперш у самім факце стварэння «Жыція...». Арыгінальнасць гэтага твора — у сцвярджэнні неабходнасці ведаў, любові да кнігі, у ідэі духоўнага ўдасканалення, праслаўленні падзвіж ніцтва, самаадднаным служэнні вышэйшым маральным ідэалам.

Ефрасіння рана пастрыглася ў манахіні насуперак волі бацькоў, якія хацелі аддаць яе замуж. Пасяліўшыся ў келлі Сафійскага сабора, яна занялася перапіскай твораў рэлігійна-маральнага зместу. Гэта, відаць, былі пераважна пераклады з грэчаскіх арыгіналаў. Ёсць падставы меркаваць, што на той час у храме існавала майстэрня, дзе ствараліся i па-мастацку ўпрыгожваліся рукапісы, былі падрыхтаваны майстры i спецыяльнае абсталяванне. Відаць, яшчэ да прыходу Ефрасінні быў пакладзены пачатак вядомай бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора, якая паступова ператварылася ў буйны культурны цэнтр Полаччыны, дзе ствараліся i захоўваліся нацыянальныя духоўныя каштоўнасці, у т.л. летапісы i творы грэчаскай патрыстыкі. Ефрасіння заснавала ў Полацку жаночы i мужчынскі манастыры, была фундатарам пабудовы каля 1160 г. царквы святога Спаса (цяпер СпасаЕфрасіннеўская), дзе размяшчаліся келлі Ефрасінні i яе сястры, i царквы Багародзіцкай. Спаская царква была багата ўпрыгожана фрэскамі, якія маюць вялікую гістарычную i мастацкую каштоўнасць. Па заказе Ефрасінні полацкім майстрам Лазарам Богшам у 1161г. быў зроблены напрастольны шасціканцавы крыж для царквы святога Спаса. Ён быў з кіпарысу, да яго пярэдняй i адваротнай паверхняў прымацаваны залатыя, да бакавых — сярэбраныя пласціны. Крыж быў аздоблены каштоўнымі камянямі, упрыгожаны выявамі евангелістаў, заснавальнікаў праваслаўя, святых Ефрасінні i яе бацькоў. Гэты выдатны ўзор прыкладнога мастацтва 12 ст. стаў найкаштоўнейшай нацыянальнай святыняй (у час Другой сусветнай вайны крыж украдзены з Беларусі). Па просьбе Ефрасінні візантыйскі імператар Мануіл Комнін прыслаў для царквы святога Спаса адзін з трох абразоў (эфескі) Маці Боскай, створаных, паводле падання, евангелістам Лукою. Па яе загадзе гэты абраз быў упрыгожаны золатам, серабром i каштоўнымі камянямі (зараз знаходзіцца ў Рускім музеі ў СанктПецярбургу). У канцы жыцця Ефрасіння здзейсніла паломніцтва ў Іерусалім, дзе i памерла. У 1187 г. яе мошчы былі перенесены ў Кіева Пячорскую лаўру, a ў пач. ХХст. у Полацк.

 

«Жыціе Ефрасінні Полацкай» прасякнута пафасам сцвярджэння хрысціянскіх светапоглядных уяўленняў i імкненнем давесці ix ісціннасць. У ім даецца дастаткова разгорнутая змястоўна-паняційная аргументация i пра эфемернасць «славы зямной», i пра сутнаснае размежаванне свету тленнага i свету вечнага, i пра славутую, але няўстойліва-зніклівую прыгажосць бачнага свету гэтага. Відавочна цікавасць аўтара гэтага твора да шырокіх светапоглядных пытанняў эпохі сярэднявечча, хоць у жыццеапісанні выразна прысутнічае вузкацаркоўны i нават вузкаманаскі пласт зместу, спецыфічных павучанняў i норм, што, зразумела, сведчыць пра асяроддзе, у якім стваралася «Жыціе...». Актыўным суб'ектам сцвярджэння ісціннасці як ідэй i ўяўленняў шырокага светапогляднага плана, так i канкрэтных прадпісанняў дабрачыннасцей рэлігійнага служэння выступае ў творы сама Ефрасіння.

У адпаведнасці з законамі агіяграфічнага жанру ў «Жыціі...» паслядоўна апавядаецца пра бацькоў Ефрасінні, пра тое, як рана выявіліся ўстойлівыя духоўна-маральныя асновы яе чалавечай натуры. Паведамляецца, што ў яе рана выявілася любоў да ведаў i што хутка i шырока разышліся весткі пра яе мудрасць i прыгажосць. Асаблівая ўвага звяртаецца на ўнутраныя духоўныя рысы Ефрасінні, найперш на яе інтэлектуальную адора- насць: «Дан бяше таков дар Еуфросинии от Бога: аще кто ея вопрошаше о которой вещи, она же ему разрешаше чему есть быти». Хоць індывідуальна-асобасная характарыстыка ў абмалёўцы героя выходзіла за межы такога кананічнага жанру, у гэтым творы спалучэнне ўнутраных якасцей гераіні i патрабаванняў жанру ўспрымаецца арганічна. У духоўным свеце Ефрасінні на першае месца ставілася ідэя служэння Богу i вышэйшым духоўным каштоўнасцям, а яе дар — спасціжэння рэчаў i людзей, беспамылковага распазнання тых, хто ўнутрана схільны да служэння Богу i царкве — набываў рэлігійнаідэалагічную інтэрпрэтацыю. «Дан бысть дар блаженой Ефросиний от Бога: аще кого узрит очима своима, то разумеваше в коем человеце сосуд избран хощеть быти Богови». У 12 гадоў Ефрасіння зрабіла найважнейшы свой духоўнамаральны выбар, які вызначыў увесь далейшы яе кірунак дзейнасці i сэнс жыццёвага шляху. Рашэнне пайсці ў манастыр i прысвяціць сябе служэнню Богу яна прыняла насуперак волі бацькоў, якія ўжо думалі пра хуткае замужжа Прадславы. Так перад ёй узнікае першая калізія: зямное каханне ці любоў да Бога, нявеста князя ці нявеста Хрыста. Ефрасіння цвёрда заявіла пра сябе як пра нявесту Хрыстову. Гэта калізія — вытворная ад фундаментальнага хрысціянскага разумения ўсяго існуючага, ад уласцівага хрысціянству прынцыповага падзелу быцця на духоўнае i матэрыяльнае, боскае i зямное, абсалютна ісціннае i мінучачасовае. Абгрунтоўваючы правільнасць свайго выбару, Ефрасіння нагадвае вопыт жыцця сваіх продкаў: яны жаніліся i выходзілі замуж, княжылі, дабіваліся славы i паміралі, але жыццё ix было пазбаўлена подыху вечнасці i слава ix гінула як прах, як павуцінне. Выбар паміж «княжением», «славой мира сего» i духоўным служэннем, супрацьпастаўленне жыцця продкаў, якое прайшло ў пагоні за эфемернымі зямнымі дабротамі, i жыцця ісціннага з'яўляецца вельмі паказальным для ўнутранай змястоўнасці вобраза Ефрасінні.

Супрацьпастаўленне канкрэтназямнога існавання i духоўнага падзвіжніцтва несла адбітак рэальнага гістарычнага проціборства хрысціянства ca старажытнаславянскімі міфалагічнымі ўяўленнямі. Як вядома, праявы язычніцкага светапогляду на пач. 12 ст. былі яшчэ даволі выразнымі ў розных сацыяльных пластах Полацкага княства, i натуральна, што канкрэтную духоўную мэту i сэнс свайго служэння Ефрасіння бачыла ў сцвярджэнні новых, хрысціянскіх маральных прынцыпаў існавання чалавека. Выбар Ефрасінні — гэта выбар паміж свецкім, людскім (багаццем i славай) i цяжарам манаскага быцця, выбар, заснаваны на супрацьпастаўленні зямнога, рэальнага i духоўнага. Яна настойліва прыводзіць аргументы на карысць правільнасці свайго рашэння. Першы раз — калі павінна зрабіць выбар паміж замужжам i манаствам, любоўю зямною i любоўю да Бога, у другі — калі ўжо рашэнне прынята, i яна пераконвае ігуменню манастыра прыняць яе ў сваё асяроддзе. У адказ на словы ігуменні, што яна яшчэ маладая i не адолее цяжкасці манаства, ды i наогул, навошта ёй адракацца ад радасцей жыцця, Прадслава ў поўнай адпаведнасці з хрысціянскай ідэяй сцвярджае пафас веры i падзвіжніцтва ў імя вечнасці, нятленнасці. «Вся видимая мира сего и краная суть и славна, но вскоре минует, яко сон, яко цвет уведает. Вечная же и невидимая во векы пребывають...» У гэтым фрагменце хрысціянскія ўяўленні пра вышэйшую духоўную рэальнасць як сапраўдную сутнасць быцця суседнічаюць i спалучаюцца з паэтычнай вобразнасцю, што перадае пачуццё зачараванасці прыгажосцю рэальнага свету.

Знаходжанне Ефрасінні ў манастыры было пачаткам яе ператварэння ў падзвіжніцу, часам збірання духоўных сіл. Мінуў пэўны час, i яна просіць дазволу пасяліцца ў келлі Сафійскага сабора. Ведучы манаскі, аскетычны лад жыцця, Ефрасіння занялася перетекай кніг. «И нача книгы писати своими руками». Ідэал ведаў i асветы, любоў да кнігі i найперш да Бібліі ў сярэднявеччы былі шляхам спасціжэння Божай мудрасці, твораў тэалагічнага характеру. У «Жыціі...» падкрэслівеецце, што ў Прадслевы з маленстве была Прага да ведаў. Яе імкненне вучыцца падаецца адначасова i як вытворнае ад любові да Бога, i як шлях унутранага ўдасканалення, дасягнення ідэалу. Сцвярджаючы ідэю самаадданага духоўнага служэння ў зямным жыцці i ўспамінаючы словы Хрыста, сказаныя апосталам: «Не носите с собою ничто же, токмо жезл един!», — Ефрасіння гаворыць, што ў яе нічога няма, акрамя слова Боскага i кніг. «И еще же за все имение имею книги сея. Ими же утешает ми ся душа и сердце веселится». Шлях дасягнення ідэалу неадлучны ад боскага слова i ведаў, занатаваных у кнігах Свяшчэннага пісання. Перапіска, распаўсюджванне кніг — адна з найважнейшых i богаўгодных місій чалавека. У гэтым сэнс дзейнасці Ефрасінні па перапісванні кніг.

Дзейнасць Е. Полацкай — яскравы адбітак кардынальных духоўных зрухаў, што адбываліся ў культурнаграмадскім жыцці Беларусі на працягу 12 ст., калі закладваўся i мацаваўся фундамент новага разумения свету, ствараліся перадумовы развіцця індывіда як непаўторнай асобы, сцвярджэння духоўнамаральнай самакаштоўнасці чалавека. Духоўны ўплыў беларускай асветніцы Е. Полацкай далёка выйшаў за межы старажытнай эпохі. Яе імя, справы i вобраз падзвіжніцы крышталізаваліся ў часе i набылі найвышэйшую якасць нацыянальнага сімвала самаадданага служэння высакародным ідэалам, вернасці сваёй радзіме.

Пісьменнік, царкоўны дзеяч Кірыла Тураўскі (каля 1130 – 1182)

Старажытнарускі (старабеларускі) пісьменнік, прапаведнік, царкоўны дзеяч. Звестак пра яго жыццё няшмат. У рукапісных пралогах захавалася яго «Жыціе» — кананічная царкоўная біяграфія: «Гэты шчасны Кірыла, — гаворыцца ў ёй, — нарадзіўся i выхаваўся ў горадзе Тураве. Сын заможных бацькоў, ён не любіў, аднак жа, Багацця i тленнай славы гэтага свету; але найперш стараўся спасцігнупь вучэнне боскіх кніг i добра напрактыкаваўся ў святых пісаннях». Атрымаў добрее хатняе выхаванне, пазней спасціг вышэйшыя навукі i мастацтвы ад грэчаскіх настаўнікаў. Памайстэрску валодаў народнай вобразнай i стараславянскай мовамі, глыбока ведаў візантыйскую культуру, асабліва паэзію i красамоўства. Рана стаў паслушнікам аднаго з тураўскіх менестыроў.

Творы К. Тураўскага набылі вялікую папулярнасць на Русі i распаўсюджваліся ў спісах 12—17 ст. Яго малітвы друкаваліся на Беларусі ў «Евангелии учительном» (Заблудаў, 1569) І.Фёдарава i П.Мсціслаўца, у «Молитвах повседневных» (Еўе, 1615; Вільня, 1635) i інш. выданнях. У 1821 К. Калайдовіч выдаў 15 твораў Кірылы ў «Помніках расійскай славеснасці XII ст.». Пазней епіскап мінскі i тураўскі Яўгеній выдаў зборнік яго твораў у перакладзе на рускую мову (Кіеў, 1880). Акадэмічнае выданне літаратурнай спадчыны беларускага асветніка ажыццявіў І. Яромін у 1956—58. Ю. Лабынцаў перавыдаў факсімільным спосабам (1992) малітоўныя творы Кірылы з віленскага выдання «Молитвы повседневные» (1956).

 

К. Тураўскі развівае багаслоўскую традыцыю ўсходніх айцоў хрысціянскай царквы, паводле якой Бог ёсць непазнавальны ў ланяццях, трансцэндэнтны (паза межамі людскога вопыту) Дух як абсалютны суб'ект, які сімвалічна пазнаецца праз пазнанне i ўмілаванне створанага ім дасканалага сусвету, праз веру i любоў да Яго адзінароднага i аднаіснага з ім Сына Ісуса Хрыста, праз якога адбылася тайна спалучэння Духа i цела, Бога i чалавека, трансцэндэнтнага i іманентнага светаў. А праз гэту тайну стала магчымым выратаванне чалавека i ўсёй «плоці» прыроды, ix далучэнне да трэцяй іпастасі Святой Троицы — да Святога Духа, стала рэальнай перамога жыцця над смерцю, святасці над трахом. Багаслоўская канцэпцыя К.Тураўскага грунтуецца на гэтых асноўных пастулатах хрысціянскага светапогляду.

Для хрысціянскай культуры таго часу багаслоўская паэтычная, красамоўніцкая i асветніцкая творчасць К.Т. была сапраўдным адкрыццём красы i мастацкай выяўленчай сілы роднай мовы. Пісьменнік добра ведаў класічную візантыйскую рыторыку i паэтыку, творча выкарыстаў гэту багатую эстэтычную традыцыю, узбагаціўшы культуру i мову свайго народа. 3 пазнейшых беларускіх асветнікаў бадай што адзіны Сімяон Полацкі дасканала валодаў красамоўніцкім майстэрствам, хоць i ўступаў свайму выдатнаму папярэдніку ў сіле i прыгажосці лірычнага самавыяўлення.

Вывады

Вялікае значэнне ў лёсе Старажытнай Русі, у тым ліку і яе заходніх зямель, мела прыняцце у 10ст. хрысціянства. Яно спрыяла ўмацаванню больш развітых грамадскіх адносін, чым першабытнаабшчынныя, дапамагала пераадолець перажыткі племянной адасоблеенасці, садзейнічала ўздыму культуры, пісьменнасці, умацаванню міжнародных сувязей.

Пры ўсёй агульнасці культуры Кіеўскай Русі(мова, вера і інш.) на тэрыторыі сучаснай Беларусі яна мела свваю спецыфіку, свае адметныя асаблівасці. Найбольш яскрава яны выявіліся ў культуры Полацкай зямлі, дзе ўжо ў пачатку 12ст. склаліся самабытныя школы дойлідства, жывапісу, пластыкі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Такім чынам, багатая, яскравая і шматгранная культура беларускіх зямель у 9-13стст. стаяла у шэрагу перадавых культур свайго часу, была часткай усходнеславянскай культуры.





Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-11-23; Мы поможем в написании ваших работ!; просмотров: 2030 | Нарушение авторских прав


Поиск на сайте:

Лучшие изречения:

Большинство людей упускают появившуюся возможность, потому что она бывает одета в комбинезон и с виду напоминает работу © Томас Эдисон
==> читать все изречения...

2493 - | 2164 -


© 2015-2024 lektsii.org - Контакты - Последнее добавление

Ген: 0.011 с.