Артыкул А. Адамовіча быў надрукаваны ў 1944 г., калі яшчэ былі жывымі многія беларускія дзеячы 1917 – 1920 гг., дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, якія б маглі не пагадзіцца, паправіць аўтара, калі б была надрукавана няпраўда.
Такім чынам, герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг з’яўляюцца не нацыянальнымі сімваламі, а сімваламі барацьбы за ўладу пэўных палітычных сіл, не падтрыманых большасцю беларускага народа. Герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг – сімвалы буржуазнай Беларусі, чырвона-зялёны сцяг з белым арнаментам і герб з серпам і молатам – сімвалы Савецкай Сацыялістычнай Беларусі.
Выбіраючы сімвалы новай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь, большасць народа зыходзіла з таго, што дзяржаўныя герб і сцяг павінны быць незаплямленымі, чыстымі, не звязанымі ў думках беларусаў са злачынствамі і генацыдам перыяду Вялікай Айчыннай вайны. На рэферэндуме 1995 г. большасць народа выказалася за новую сімволіку, якая ўяўляе сабой крыху змененую дзяржаўную сімволіку Савецкай Беларусі.
Палітычная апазіцыя, у тым ліку частка дэпутатаў Вярхоўнага Савета і членаў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, выступіла супраць курсу, абранага А.Р. Лукашэнкам і большасцю беларускага народа. Палітычная напружанасць у грамадстве ўзмацнілася.
19 – 20 кастрычніка 1996 г. у Мінску адбыўся Усебеларускі народны сход, на якім з дакладам “Толькі народ мае права рашаць своё лёс” выступіў А.Р. Лукашэнка. Дэлегаты схода, якія прадстаўлялі народ Беларусі, адобрылі ўнутраную і знешнюю палітыку, што праводзіла кіраўніцтва дзяржавы.
24 лістапада 1996 г. адбыўся ініцыіраваны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкам рэспубліканскі рэферэндум. Беларускі народ прагаласаваў за прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. са змяненнямі і дапаўненнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), прапанаванымі А.Р. Лукашэнкам, выказаўся супраць свабоднай, без абмежаванняў куплі і продажу зямлі, супраць адмены смяротнай кары ў Рэспубліцы Беларусь.
На рэспубліканскім рэферэндуме была падтрымана прапанова А.Р. Лукашэнкі аб перанясенні Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня рэспублікі) з 27 ліпеня на 3 ліпеня – дзень вызвалення Мінска ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне. Дзень 27 ліпеня ў памяці людзей звязваецца з некаторымі змрочнымі падзеямі ў айчыннай гісторыі. 27 ліпеня 1942 г. кат беларускага народа, гаўляйтэр В. Кубэ, падтрымаў беларускіх здраднікаў і выдаў распараджэнне, якім дазволіў “пры розных урачыстасцях і для распазнавання нацыянальнасці беларускай побач з нямецкімі адзнакамі на дамах вывешваць і насіць “бела-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоню”. Менавіта ў гэты дзень (выпадкова ці наўмысна), 27 ліпеня 1990 г. была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. З гэтым днём і з гэтым дакументам большасць народа звязвае не толькі крок да незалежнасці Беларусі, але і да развалу вялікай і магутнай дзяржавы – Савецкага Саюза. Беларускі народ адмовіўся ад таго, каб дзень 27 ліпеня і далей лічыць сваім галоўным дзяржаўным святам – Днём незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Днём рэспублікі).
У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замест аднапалатнага Вярхоўнага Савета быў сфарміраваны двухпалатны Нацыянальны сход. Ён складаецца з Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Кіраўніком выканаўчай улады з’яўляецца прэм’ер-міністр урада, пашыраны правы і паўнамоцтвы Савета Міністраў.
18 мая 2001 г. у Мінску адбыўся другі Усебеларускі народны сход. На ім з дакладам “За моцную, квітнеючую Беларусь” выступіў А.Р. Лукашэнка. Сход падвёў вынікі выканання “Асноўных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 1996 – 2000 гг.”, прынятых першым Усебеларускім народным сходам у 1996 г. Была абмеркавана і адобрана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001 – 2005 гг.
У 2000 г. адбыліся свабодныя дэмакратычныя выбары дэпутатаў двухпалатнага Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. 9 верасня 2001 г. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь на новы 5-гадовы тэрмін выбраны А.Р. Лукашэнка.
У 2002 г. былі зацверджаны музыка і словы Гімна Рэспублікі Беларусь. Аўтарам музыкі з’яўляецца кампазітар Нестар Сакалоўскі, аўтарамі слоў – паэты Міхась Клімковіч і Уладзімір Карызна.
17 кастрычніка 2004 г. адбыўся ініцыіраваны Прэзідэнтам рэспубліканскі рэферэндум і свабодныя дэмакратычныя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Сфарміраваны таксама новы склад Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. На аснове галасавання на рэспубліканскім рэферэндуме з артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь выключана яго другая частка: “Адна і тая ж асоба можа быць Прэзідэнтам не больш двух тэрмінаў”. Тым самым пераважная большасць беларускага народа пагадзілася з тым, каб А.Р. Лукашэнка нараўне з іншымі кандыдатамі мог балаціравацца ў час выбараў 2006 г. на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
2 – 3 сакавіка 2006 г. у Мінску адбыўся трэці Усебеларускі народны сход, на якім з дакладам “Дзяржава для народа” выступіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка. Сход падвёў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2001 – 2005 гг. і зацвердзіў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2006 – 2010 гг.
§ 4. Канфесійная палітыка. Адраджэнне царкоўнага жыцця
У 80‑я гады ХХ ст. у СССР і БССР пачынаюць змяняцца адносіны паміж дзяржавай і рэлігійнымі канфесіямі. Традыцыйнае супрацьстаянне і канфрантацыя паступова саступаюць месца талерантнасці і ўзаемнай павазе, супрацоўніцтву і ўзаемаразуменню. Пачынаецца працэс адраджэння царкоўнага жыцця. З рэлігіяй вернікі звязваюць гарантыю палітычнай і этнаканфесійнай стабільнасці ў грамадстве, непарушнасць яго духоўнасці і маралі, аднаўленне нацыянальных звычаяў і традыцый народа.
На тэрыторыі Беларусі аднаўляюцца і будуюцца новыя храмы, адкрываюцца новыя прыходы, павялічваецца колькасць вернікаў. У 2004 г. у Рэспубліцы Беларусь было зарэгістравана 26 рэлігійных накірункаў. Каля 80 % вернікаў атаясамліваюць сябе з праваслаўем, каля 10 % – з каталіцызмам, каля 2 % – з пратэстантызмам, 0,3 % – з іудаізмам.
Спецыфіка рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі вызначаецца перш-наперш яе геапалітычным становішчам на мяжы паміж заходняй і ўсходняй цывілізацыямі, суіснаваннем і пачарговым дамінаваннем праваслаўя і каталіцызму. Дзяржавы, у склад якіх у розныя гістарычныя перыяды ўваходзіла тэрыторыя Беларусі, заўсёды характарызаваліся поліканфесійнасцю. У Заходняй Беларусі захоўваецца традыцыйна больш высокі ўзровень рэлігійнасці (каля 70 – 80 % насельніцтва вернікі) і адпаведна значна больш рэлігійных абшчын, чым ва ўсходніх абласцях. Затое ў 80 – 90‑я гг. найбольш высокі колькасны рост рэлігійных абшчын адбываўся ў Цэнтральнай і Усходняй Беларусі.
Рэлігійныя арганізацыі Беларусі маюць значныя магчымасці для распаўсюджання сваіх веравучэнняў. У апошнія 10 гадоў на тэрыторыі Беларусі выдавалася больш за 100 найменняў перыядычных выданняў, з якіх 17 належаць праваслаўнай царкве, 8 – каталіцкай, 4 – іудзеям, 1 – мусульманам, 73 выданні выпускаюцца новымі рэлігійнымі рухамі. Акрамя таго, на тэрыторыю рэспублікі з‑за мяжы завозілася 256 найменняў рэлігійнай літаратуры.
Праваслаўная царква. Па колькасці абшчын і вернікаў сярод іншых рэлігійных аб’яднанняў Беларуская праваслаўная царква займае першае месца. У канцы 2009 г. яна аб’ядноўвала 1277 прыходаў, 10 епархій, 26 манастыроў. Найбольш буйнымі і старажытнымі манастырамі з’яўляцца Полацкі Спаса-Ефрасінеўскі жаночы і Свята-Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр. У 2004 г. яна аб’ядноўвала 1 245 абшчын, 10 епархій, 19 манастыроў. З канца 80 – пачатку 90‑х гг. колькасць праваслаўных прыходаў у Беларусі павялічылася больш чым у 2 разы. У 1985 г. у Мінску быў здадзены ў эксплуатацыю будынак, у якім памясціўся архірэйскі дом з дамавой царквой у гонар Сабора беларускіх святых.
У 1989 г. праваслаўнай царкве былі перададзены жаночыя манастыры Спаса‑Ефрасіннеўскі ў Полацку і Раждзяство-Багародзічны ў Гродне. 1 верасня 1989 г. аднавіліся заняткі ў Мінскай духоўнай семінарыі, якая, як і раней, памясцілася ў жыровіцкім Успенскім манастыры. У гэтым жа годзе ў Мінску пачало работу духоўнае вучылішча для падрыхтоўкі псаломшчыкаў і рэгентаў царкоўных хораў.
У кастрычніку 1989 г. у межах БССР быў утвораны Беларускі Экзархат. Мінска-Беларуская епархія, кіраўніком якой з 1978 г. быў мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў), прыпыніла сваё існаванне. Мітрапаліт Філарэт стаў мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам Усяе Беларусі. Беларуская праваслаўная царква арганізацыйна падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. У 1992 г. у Мінску, Заслаўі і Полацку адбыліся ўрачыстасці з нагоды 1000‑годдзя ўстанаўлення Полацкай кафедры, а ў 1993 г. святкавалася 200‑годдзе Мінскай епархіі.
У 1993 г. Сінод Беларускага Экзархата прыняў рашэнне аб адкрыцці Мінскай духоўнай акадэміі. Сістэму духоўных навучальных устаноў дапоўнілі створаныя на мяжы ХХ – ХХІ стст. духоўныя вучылішчы ў Віцебску і Слоніме, факультэт тэалогіі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў Мінску (пасля яго закрыцця – Беларускага дзяржаўнага універсітэта), школа катэхізатараў у Мінску, рэгенцкая школа пры Мінскім духоўным вучылішчы і школа царкоўных званароў пры Мінскім епархіяльным упраўленні. У 1996 г. на мінскім прадпрыемстве “Выдатнае ліццё” пачалі адліваць званы, якія паступаюць у прыходы і манастыры Беларускага Экзархату.
Сведчаннем непарыўнай сувязі Беларускага Экзархату з Рускай праваслаўнай царквой з’явіліся візіты ў Беларусь Патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Алексія ІІ. У час першага візіту ў 1991 г. ён наведаў раёны, якія пацярпелі ад ядзернай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Алексій ІІ наведаў Беларусь і ў сувязі са святкаваннем 50‑годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і ў сувязі з 60‑годдзем яе пачатку. У час свайго візіту ў 2002 г. Патрыярх Маскоўскі і Усяе Русі прыняў удзел у святкаванні Жыровіцкай іконы Божай Мацеры ва Успенскім мужчынскім манастыры і ў цырымоніі адкрыцця будынка Дома міласэрнасці ў Мінску.
Важнай падзеяй не толькі ў жыцці беларускай праваслаўнай супольнасці, але і ў галіне дзяржаўна-царкоўных адносін стаў візіт у Беларусь 25-28 верасня 2009 г. Патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Кірыла і яго сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусі А.Р. Лукашэнка. У час свайго выступлення на ўрачыстым акце ў Дварцы Рэспублікі 25 верасня 2009 г. Патрыярх Кірыл падкрэсліў, што Беларусь – гэта ніякі не мост, ніякі не шлюз, а заходняя частка Святой Русі, гістарычнай Русі. З утварэннем новых незалежных дзяржаў Расія, гаварыў Патрыярх Кірыл, застецца духоўным і аб’яднаўчым цэнтрам, а разбураная на палітычным узроўні тэрыторыя працягвае існаваць як адзіная не толькі ў свядомасці многіх людзей, але і ў якасці гістарычнай, этнічнай і культурнай супольнасці.
Адраджэнне царкоўнага жыцця ў іншых канфесіях. Да ліку традыцыйных рэлігій у Беларусі адносіцца другая па колькасці вернікаў каталіцкая царква. Ва ўмовах дэмакратызацыі грамадства ёй дзяржава перадала больш за 25 раней закрытых касцёлаў. У канцы 2009 г. у 4 каталіцкіх епархіях Беларусі, якія ўзначальвае мітрапаліт Мінскі і Магілёўскі, архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч, аб’яднаны 467 абшчын . Д зейнічаюць 451 касцел, 35 каталіцкіх культавых будынкаў знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва. Цяпер у 4 каталіцкіх епархіях Беларусі, якія ўзначальвае мітрапаліт кардынал Казімір Свёнтак, аб’яднаны 427 абшчын, дзейнічаюць 359 каталіцкіх храмаў. Падрыхтоўка каталіцкіх святароў ажыццяўляецца ў семінарыях у Гродне і Пінску.
З пачатку 90‑х гг. у Беларусі рабіліся спробы адраджэння уніяцкай царквы. Гэты працэс звязаны з пошукамі часткай беларускамоўнай інтэлігенцыі нацыянальнай царквы, у якой богаслужэнне і культ павінны быць звязаны з нацыянальнай сімволікай, мовай і традыцыямі. У 2004 г. на тэрыторыі Беларусі было зарэгістравана 13 уніяцкіх абшчын, у кожнай з якіх па 5 – 7 чалавек. Для падрыхтоўкі прафесійных святароў уніяцкія абшчыны накіроўваюць сваіх прадстаўнікоў у духоўныя навучальныя ўстановы Ватыкана і Польшчы. У 1996 г. беларускія уніяты ўрачыста адзначалі 400‑гадовы юбілей Брэсцкай царкоўнай уніі. Сучасныя спробы адраджэння уніяцкай царквы ў Беларусі большасцю насельніцтва ўспрымаюцца як спроба расколу беларускага грамадства, экспарту чужой культурнай традыцыі і арганізацыйнай структуры.
У 90‑я гады ХХ ст. значна павялічылася колькасць пратэстанцкіх цячэнняў у Беларусі. У канцы 2009 г. у Рэспубліцы Беларусь было афіцыйна зарэгістравана 992 пратэстанцкія абшчыны 14 рэлігійных накірункаў. Акрамя таго, у Беларусі ажыццяўлялі рэлігійную дзейнасць 28 груп веручых Савета цэркваў евангельскіх хрысціян – бапцістаў. Найбольш шматлікімі сярод пратэстанцкіх накірункаў з’яўляюцца аб’яднанні хрысціян веры евангельскай – 500 абшчын, і евангельскіх хрысціян-бапцістаў – 269 абшчын. Усе пратэстанцкія цячэнні аб’ядноўваюць у Беларусі каля 70 тыс. актыўных веруючых. Прэсвітараў, прапаведнікаў і рэгентаў рыхтуюць у двух вышэйшых і двух сярэдніх навучальных установах евангельскіх хрысціян-бапцістаў і хрысціян веры евангельскай. Выдаецца некалькі часопісаў і газет, дзейнічаюць 307 малітвенных дамоў і 12 дабрачынных місій. Вядучыя пратэстанцкія арганізацыі карыстаюцца магутнай зарубежнай фінансавай падтрымкай.
З ХІV ст. на беларускіх землях існуе этнаканфесійная група яўрэяў-іудзеяў. У 90‑я гады ХХ ст. пачало аднаўляцца рэлігійнае жыццё іудзеяў у Рэспубліцы Беларусь. Сёння тут зарэгістравана 27 іудзейскіх абшчын, якія ў 1993 г. арганізавалі Іудзейскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь. Дзейнічае ў Мінску духоўнае вучылішча (ешыбот), больш за 15 нядзельных школ, яўрэйскія класы ў сярэдніх школах. Пытанні рэлігійнага жыцця асвятляюцца ў 4 яўрэйскіх газетах. З‑за адсутнасці мясцовых равінаў абшчыны запрашаюць прапаведнікаў з ЗША і Ізраіля. Значнай падзеяй ў жыцці беларускіх яўрэяў стала стварэнне ў 1998 г. Цэнтра яўрэйскай культуры, які ўспрымаецца як цэнтр адраджэння нацыянальнай культуры з адпаведнымі атрыбутамі (рэстаран нацыянальнай кухні, магазіны кашэрных прадуктаў і прадметаў рэлігійнага культа, курсы па вывучэнню іўрыта, гісторыі і традыцый яўрэйскага народа).
На тэрыторыі Беларусі этнаканфесійная група татар-мусульман існуе з ХІV ст. У 2004 г. ў Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны 23 мусульманскія абшчыны. Яны ўваходзяць у склад створанага ў 1994 г. Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання Рэспублікі Беларусь, кіруючым органам якога з’яўляецца муфціят на чале з муфціем. З 1991 г. дзейнічае культурна-асветнае беларускае аб’яднанне татар “Аль‑Кітаб”. Праводзяцца акцыі па культурна-рэлігійнай інтэграцыі татар Беларусі, Літвы, Польшчы і Крыма, захаванню іх этнічнай самабытнасці, адраджэнню ісламскай рэлігіі і культуры. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі засталася адна мячэць – у Іўі Гродзенскай вобласці. У 90‑я гады ХХ ст. пачалося будаўніцтва і рэстаўрацыя мячэцей у Слоніме, Навагрудку, Відзах. Ствараецца комплекс мусульманскага культурна-рэлігійнага цэнтра ў Мінску. У 1997 г. былі праведзены ўрачыстасці з нагоды 600‑годдзя з дня афіцыйнай даты з’яўлення на тэрыторыі Беларусі першых пасяленняў татар.
Нетрадыцыйныя рэлігійныя накірункі і рухі. Яны звязаны галоўным чынам з буддызмам і індуізмам (хатха-ёга, дзэн‑буддызм, агні‑ёга, вайшнавы, крышнаіты, брахма кумарыс і інш.). Іх членамі з’яўляецца ў асноўным вучнёўская моладзь і інтэлігенцыя.
Дзейнасць экстрэмісцкіх і дэструктыўных рэлігійных сект у Рэспубліцы Беларусь забаронена.
Закон Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях”. Прававым выражэннем новай палітыкі дзяржавы стала прыняцце Закона Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях”, які дзейнічае з 1992 г. На працягу 90‑х гадоў у яго ўносіліся змены і дапаўненні. 27 чэрвеня 2002 г. Палатай прадстаўнікоў была прынята і адобрана Саветам Рэспублікі новая рэдакцыя Закона “Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях”. Ён рэгулюе адносіны ў галіне правоў чалавека і грамадзяніна на свабоду веравызнання, а таксама вызначае прававыя асновы стварэння і дзейнасці рэлігійных арганізацый, зыходзячы з:
· права кожнага на свабоду веравызнання, а таксама на роўнасць перад законам незалежна ад адносін да рэлігіі;
· роўнасці рэлігій перад законам;
· прызнання вядучай ролі Праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленні і развіцці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа;
· духоўнай, культурнай і гістарычнай ролі Каталіцкай царквы на тэрыторыі Беларусі;
· неаддзельнасці ад агульнай гісторыі народа Беларусі Евангеліцка-лютэранскай царквы, іудаізму і ісламу;
· неабходнасці садзеяння дасягненню ўзаемнага разумення, цярпімасці і павагі рэлігійных пачуццяў грамадзян у пытаннях свабоды веравызнання.
Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь з павагай і разуменнем адносіцца да ўсіх рэлігійных канфесій і перш‑наперш да вядучай канфесіі – праваслаўнай. Пры гэтым умовамі добрых адносін да канфесій з’яўляецца любоў да Беларусі і беларускага народа, выкананне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе заканадаўства, падтрымка ўнутранай і знешняй палітыкі дзяржавы.
Сістэматычна праходзяць сустрэчы Прэзідэнта краіны А.Р. Лукашэнкі з іерархамі праваслаўнай, каталіцкай і іншых канфесій, на якіх абмяркоўваюцца пытанні супрацоўніцтва ў духоўна-этычнай сферы, у выхаванні ў насельніцтва высокіх маральных якасцей, чалавекалюбства, патрыятызму, любві да Айчыны. Кіраўнікі Рэспублікі Беларусь прысутнічаюць на богаслужэннях, звяртаюцца да іерархаў царквы і вернікаў з прамовамі, аказваюць матэрыяльну і фінансаву падтрымку ў аднаўленні, будаўніцтве і рамонце храмавых і манастырскіх збудаванняў. Пастаянная і цесная сувязь паміж свецкай дзяржавай і царквой, якая афіцыйна аддзелена ад дзяржавы, садзейнічае ўсталяванню талерантнасці, міру і ўзаемаразумення паміж вернікамі розных канфесій, а таксама палітычнай і этнаканфесійнай стабільнасці ў Рэспубліцы Беларусь.
§ 5. Рэспубліка Беларусь на шляху рыначных рэформ. Асаблівасці беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця
Сутнасць рынку. Навуковай тэорыі рынку, адзінага агульнапрынятага яго вызначэння ў літаратуры не існуе. Разглядаюцца найпрасцейшыя з’явы рыначнай эканомікі: роўнасць попыту і прапановы, залішняга попыту і недастатковай прапановы і г. д. Мала хто разумее, што нецывілізаваны, грабежніцкі, гангстэрска-мафіёзны рынак – гэта хаос і выпадковасць, вялікі базар, дзе ўсё прадаецца і купляецца (у гэтым сэнсе рынак заўсёды існаваў). Іншая справа – цывілізаваны, рэгуляваны дзяржавай, сацыяльна арыентаваны рынак. Каб такі рынак усталяваць, дзяржава і манаполіі павінны быць багатымі, мець вялікія таварныя запасы і грошы, што бывае рэдка. Не выпадкова, што найбольш пацярпеўшыя ў Другой сусветнай вайне краіны Заходняй Еўропы і Японія для аднаўлення сваіх эканомік ажыццяўлялі цэнтралізаваныя праграмы і толькі пасля дасягнення раўнавагі попыту і прапановы пераходзілі да ўвядзення рыначных механізмаў.
Рынак павінен быць рэгулятарам і стымулятарам вытворчасці і спажывання, сродкам дасягнення грамадскіх мэт – умацавання магутнасці Айчыны, павышэння ўзроўню жыцця народа. Ёсць іншая, палітыка-эканамічная матывацыя: рынак – сродак капіталізацыі эканомікі, стварэння буржуазіі, аднаўлення капіталізму ў краіне. Першы падыход да рынку можна лічыць агульнацывілізаваным, другі – класавым. Яны з’яўляюцца сродкам для сапраўднага разумення і прызнання рыначнай эканомікі, тут праходзіць водападзел паміж яе прыхільнікамі і праціўнікамі. Супраць агульнацывілізаванага разумення рынку ніхто не выступае, барацьба ідзе вакол капіталізацыі эканомікі і грамадства ў цэлым.
Рынак узнікае як вынік высокай цывілізаванасці, культуры, прадукцыйнасці працы, а не як іх перадумова. Вось чаму краінам Захаду спатрэбіліся стагоддзі, каб сфарміраваць сістэму больш ці менш цывілізаваных рыначных адносін на капіталістычнай аснове, вырасціць сучаснага прадпрымальніка, забяспечыць сацыяльную стабільнасць. Рыначная эканоміка функцыяніруе амаль ва ўсіх краінах, але штогод ад голаду ці звязаных з ім прычын у свеце памірае каля 20 млн. чалавек, а не менш 435 млн. чалавек на Зямлі пакутуюць ад розных стадый і форм голаду. Значыць, сама па сабе рыначная эканоміка не забяспечвае высокі ўзровень жыцця людзей.
Настаў час сказаць праўду і развеяць створаныя ў гады перабудовы міфы аб тым, быццам рынак па сваёй прыродзе з’яўляецца гуманным, садзейнічае росквіту эканомікі, забяспечвае людзям багацце і шчасце. Жыццё паказвае, што рынак як атрыбут ліберальна-буржуазнай мадэлі развіцця грамадства з’яўляецца агрэсіўным і амаральным па сваёй сутнасці. Яго галоўная задача – атрыманне прыбытку любымі сродкамі і перш-наперш шляхам зману, гвалту і грабяжу. Справа ў тым, што прыбытак ўзнікае тады, калі адзін з канкурэнтаў ведае аб становішчы на рынку больш за другога. Калі ж гэтае становішча вядомы аднолькава ўсім, рыначная эканоміка перастае функцыянаваць, бо няма адкуль узяцца прыбытку. “Не абманеш – не прадасі выгадна, з прыбыткам”, – такі, на жаль, амаральны лозунг рынка. Мараль і рынак – паняцці не заўсёды сумяшчальныя. А грамадства, якое адмаўляе маральныя каштоўнасці, будучыні не мае.
Велічыня прыбытку ў многім залежыць ад магутнасці дзяржавы і яе месца ў сусветнай рыначнай сістэме. Напрыклад, расійскі капітал (на прыбытак яму ідзе столькі працэнтаў валавога ўнутранага прадукта, колькі на ўсю нацыянальную зарплату) “здымае” прыбытак толькі са свайго насельніцтва (жадае “здымаць” у перспектыве з насельніцтва дзяржаў СНД). Амерыканскі ж капітал “шчыпле” прыбытак з усіх краін і народаў свету, у тым ліку і з народаў постсацыялістычных краін. А тых, хто не жадае, каб іх “шчыпалі”, ЗША аб’яўляюць дзяржавамі-ізгоямі і прымяняюць супраць іх розныя санкцыі, у тым ліку і ваенныя (Югаславія, Ірак, Лівія, КНДР і інш.).
Сучасны рыначны капіталізм, львіную долю выгад якога спажываюць ЗША, не ў стане аднолькава задаволіць патрэбы ўсіх яго ўдзельнікаў. Рынак як усеахватная сістэма функцыянавання нацыянальных эканомік і сусветнай гаспадаркі вычэрпвае свае магчымасці. Праблематычным становіцца таксама ўпраўленне гаспадарчымі сувязямі. У такой сітуацыі моцная і разумная апора на дзяржаву ўяўляецца безальтэрнатыўнай.
Рыначныя рэформы ў Рэспубліцы Беларусь у 1992 – 1994 гг. З канчатковым знішчэннем СССР і стварэннем суверэнных дзяржаў рыначныя рэформы ўступілі ў новую фазу. Яны пачалі праводзіцца па заходніх рэцэптах, у першую чаргу па рэцэптах “шокавай тэрапіі” Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) для слабаразвітых краін. Іх праводзілі не вельмі аўтарытэтныя і прафесійныя людзі, каго ў народзе называлі малодшымі навуковымі супрацоўнікамі і загадчыкамі лабараторый. Унукі і праўнукі бальшавіцкіх камісараў часоў грамадзянскай вайны прадэманстравалі вывернуты знутры бальшавізм. Тое, на што Захаду спатрэбіліся стагоддзі, яны зрабілі спробу ўвесці зараз жа ці цераз 500 дзён. Асаблівасці савецкай мадэрнізацыі яны цалкам праігнаравалі. Таму разбуральны характар іх рэформ быў непазбежным.
Але ж Беларусь, як і Расія і Украіна, не слабаразвітая, а індустрыяльная дзяржава з многагаліновай прамысловасцю і магутным навукова-тэхнічным патэнцыялам. Мадэль МВФ, дзе вынікам лібералізацыі цэн з’яўляецца этап банкруцтваў і беспрацоўя, прыемлема для слабаразвітых краін, у якіх рабочыя складаюць 5 – 10 % насельніцтва. Пры такіх маштабах нават масавыя банкруцтвы прадпрыемстваў грамадства ў цэлым не кранаюць. А калі дзяржаўны сектар складае пераважную большасць эканомікі, а рабочыя – 70 % працоўных?
Больш таго, знешнія паступленні (пазыкі, крэдыты) у некалькі мільёнаў долараў аказвалі моцнае стымулюючае ўздзеянне на эканоміку малых краін. Маштабы ж краін СНД такія, што, каб уздзейнічаць на ход спраў у эканоміцы, патрэбны дзесяткі, а для Расіі – сотні мільярдаў долараў, што не пад сілу ніякаму міжнароднаму банку. Таму надзеі на дапамогу Захаду не мелі пад сабой ніякай асновы. Гэтых абставін не ўлічвалі прыхільнікі “шокавай тэрапіі”.
Правядзенне рэформ у 1992 – 1994 гг. дазволіла стварыць у Беларусі неабходны мінімум асноўных рыначных інстытутаў, нарматыўна-прававых дакументаў, пераўтварыць сістэму дзяржаўнага кіраўніцтва эканомікай у новую сістэму, якая ў пэўнай ступені абапіраецца на рыначныя рэгулятары. Разам з тым беларускі рынак цярпеў значна большыя страты, чым меў здабыткаў: разбурэнне раней існаваўшых вытворча-эканамічных сувязей і “абвальны” спад вытворчасці на 50 % і больш у параўнанні з канцом 80-х гадоў, што пагражала дзяржаве стратай сваёй незалежнасці і пераўтварэннем у калонію; раскручванне інфляцыйнай спіралі і катастрафічнае падзенне курсу беларускіх грошай, крытычнае становішча з забеспячэннем гаспадаркі энергарэсурсамі; галапіруючы рост цэн (іх лібералізацыя не прывяла да ўстанаўлення раўнавагавых цэн, што з’яўляецца асаблівасцю рынку, заснаванага на механізме свабоднай канкурэнцыі); рэзкае падзенне жыццёвага ўзроўню большасці насельніцтва, рост беспрацоўя, нарастанне іншых сацыяльных праблем.
Мадэль рыначных рэформ метадам “шокавай тэрапіі”, пабудаваная па рэкамендацыях Міжнароднага валютнага фонду, пацярпела правал летам 1994 г. у час выбараў першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мандат на правядзенне новага варыянта рэформ атрымаў першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка.
Для пераадолення крызісных з’яў і недахопаў, а таксама для вызначэння перспектыўных задач у правядзенні рыначных рэформ былі распрацаваны “Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996 – 2000 гады”. 20 кастрычніка 1996 г. удзельнікі Усебеларускага народнага сходу адобрылі гэты дакумент.
Асаблівасці беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 1994 – 2005 гг. Па-першае, у цэнтры беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця знаходзіцца Чалавек з яго інтарэсамі, памкненнямі, жаданнем жыць у свабоднай, дэмакратычнай і квітнеючай краіне. Усё ў імя чалавека і для дабрабыту чалавека – такі глыбінны сэнс беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця, унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Дзяржава для народа клапоціцца і будзе клапаціцца аб росце заработнай платы, пенсій, стыпендый і іншых выплат насельніцтву, аб паляпшэнні жыллёвых умоў, умоў працы і адпачынку, каб чалавек адчуваў сябе камфортна, ганарыўся тым, што ён жыве і працуе ў краіне, імя якой Рэспубліка Беларусь.
Па‑другое, новае кіраўніцтва дзяржавы адмовілася ад ліберальнай мадэлі рынку і ўзяло на ўзбраенне сацыяльна арыентаваную мадэль рыначнай эканомікі. Выкарыстоўваючы яе, дзяржава праводзіць моцную і эфектыўную эканамічную і сацыяльную палітыку, абараняе інтарэсы ўсіх класаў і пластоў насельніцтва, у тым ліку і тых, хто па розных прычынах зарабляе мала, ці зусім нічога не зарабляе (састарэлыя, інваліды, шматдзетныя сем’і, студэнты, навучэнцы і г. д.). Гэта выключае сацыяльныя катаклізмы і забяспечвае сацыяльную стабільнасць у грамадстве.
Па-трэцяе, улічваючы вопыт краін з развітай рыначнай інфраструктурай, Рэспубліка Беларусь стала на шлях дзяржаўнага рэгулявання эканомікі. Правядзенне дзяржаўнай патэрналісцкай палітыкі забяспечвае павышэнне эфектыўнасці эканомікі, абарону інтарэсаў айчынных таваравытворцаў, недапушчэнне “праядання” крэдытаў, узмацнення інфляцыі, развіцця крымінальных і ценявых структур.
Па-чацвёртае, прыпынена дзікая “прыхватызацыя”, раскраданне кучкай дзялкоў агульнанароднага багацця і стварэнне буйных прыватных капіталаў, большасць з якіх маюць крымінальную прыроду. Прыватызацыя праводзіцца пры ўдзеле і пад кантролем дзяржавы, у інтарэсах умацавання яе магутнасці і павышэння дабрабыту народа.
Па-пятае, народ і дзяржава адмовіліся ад куплі-продажу зямель сельскагаспадарчага прызначэння, ад дэмантажу буйной калгасна-саўгаснай вытворчасці і замены яе сялянскай (фермерскай) гаспадаркай. Калгас, саўгас, сялянская (фермерская) гаспадарка маюць роўныя правы і магчымасці існавання, калі яны эфектыўна гаспадараць на зямлі.
Па-шостае, Рэспубліка Беларусь адкрыта для эканамічнага супрацоўніцтва з усімі краінамі свету. Яна прыцягвае ў народную гаспадарку капіталы айчынных і замежных інвестараў. Але трэба памятаць, што ў эканоміцы дарэвалюцыйнай Расіі, у тым ліку і Беларусі, уладарыў замежны капітал. Буйнейшыя прадпрыемствы знаходзіліся ў прыватнай уласнасці ці ў арэндзе ў замежных капіталістаў. А між тым краіна і яе народ былі надзвычай беднымі. Таму сёння, маючы велізарны вытворча-эканамічны, навукова-тэхнічны і інтэлектуальны патэнцыял, стаўка робіцца на ўласныя сілы і сродкі, прыцягваюцца іншаземныя інвестыцыі ў тым выпадку, калі яны даюць нам эканамічную выгаду і адпавядаюць нацыянальным інтарэсам.
Буржуазная прапаганда, стараючыся прынізіць беларускую мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця, мусіруе ранейшы тэзіс аб больш нізкім узроўні жыцця ў нашай краіне ў параўнанні з краінамі Захаду. Пры гэтым не ўлічваецца ўзаемадзеянне розных умоў і прычын, якія аказваюць уздзеянне на ўзровень жыцця людзей. Напрыклад, у 1988 г. у СССР выпускалася ў 2 разы больш цэменту, але ў 8 разоў менш кардона і фанеры, чым у ЗША. У ЗША на душу насельніцтва прыходзілася 49 м2 жылля, а ў Савецкім Саюзе – толькі 15 м2. Але 3/4 насельніцтва ЗША жылі ў танных, немарозастойкіх жылых дамах з драўляных планак, фанеры і кардона. Паўночная граніца Злучаных Штатаў Амерыкі праходзіць на шыраце г. Валгаграда і там кардонна-фанерныя домікі прыгодныя для жылля, а ў Савецкім Саюзе з-за халадоў патрабаваліся капітальныя збудаванні з цэглы і цэменту ці з дабротных лесаматэрыялаў.