Лекции.Орг


Поиск:




Категории:

Астрономия
Биология
География
Другие языки
Интернет
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Механика
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Транспорт
Физика
Философия
Финансы
Химия
Экология
Экономика
Электроника

 

 

 

 


Глава 1. Уваходжанне Беларусі ў склад Расійскай імперыі. Палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель




§ 1. Унутраная палітыка расійскага ўрада на Беларусі у канцы ХVІІІ – першай чвэрці ХІХ ст.

У выніку трох падзелаў (1772, 1793, 1795 гг.) Рэч Паспалітая спыніла сваё існаванне. Да Расіі адышла тэрыторыя Беларусі з насельніцтвам каля 3,3 млн. чалавек. З канца XVIII ст. пачынаецца новы этап беларускай гісторыі, цесна звязаны з гісторыяй Расійскай дзяржавы.

Адміністрацыйны падзел. Пасля далучэння да Расійскай імперыіна беларускія землі былі распаўсюджаны агульныя прынцыпы расійскага кіравання. Так, паводле праведзенай у 1796 г. адміністрацыйнай рэформы ў Беларусі ствараліся губерні: Беларуская з губернскім горадам Віцебскам; Мінская з губернскім горадам Мінскам і Літоўская з губернскім горадам Вільняй.

У выніку новага адміністрацыйнага падзелу Расіі ў 1801 – 1802 гг. Беларуская губерня падзялілася на Магілёўскую і Віцебскую. Яны ўвайшлі ў склад Беларускага генерал-губернатарства (па 1856 г.). Літоўская губерня падзялілася на Гродзенскую і Віленскую, якія склалі разам з Мінскай губерняй Літоўскае (Віленскае) генерал-губернатарства (па 1912 г.). У час польскага паўстання 1830 – 1831 гг. і некаторы час пасля яго Мінская губерня мела статус генерал-губернатарства (1831 – 1834).

Генерал-губернатары з’яўляліся даверанымі асобамі імператара і надзяляліся фактычна неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Выканаўчая ўлада ў губернях належала губернатарам, якія кіравалі праз канцылярыі ў складзе віцэ-губернатара, саветнікаў, пракурора, сакратароў і іншых чыноўнікаў. Як правіла, вышэйшыя пасады займалі чыноўнікі з рускіх, на іншыя чыноўніцкія пасады ў беларускіх губернях дапушчаліся мясцовыя ўраджэнцы. Толькі дваране-католікі, якія жадалі паступіць на дзяржаўную службу, павінны былі прайсці абавязковую 5-гадовую “стажыроўку” у вялікарасійскіх губернях.

Сацыяльна-палітычнае становішча беларускіх губерняў у канцы ХVІІІ ст. Расійскі ўрад дзяля ўзмацненні свайго ўплыву на далучаных землях адразу ажыццявіў шэраг мер. Насельніцтва на працягу месяца пасля выхаду ўказа аб уключэнні беларускіх зямель ў склад Расіі прыводзілася да прысягі. Сялян, як прыгонных, запісалі за новай дзяржавай іх паны з паручыцельствам духавенства. Асобам, якія не жадалі прысягаць новай уладзе, было прапанавана ў 3‑месячны тэрмін прадаць сваю нерухомасць і выехаць за мяжу. Па заканчэнні гэтага тэрміну маёмасць асоб, якія не прынялі прысягі, падлягала перадачы ў дзяржаўную казну. Большасць магнатаў і шляхты прысягнула новай уладзе.

У эканамічным і палітычным развіцці Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі ў канцы ХVІІІ ст. меліся адрозненні.

У Расійскай імперыі з яе абсалютнай уладай манарха дваране, нягледзячы на моцную залежнасць ад цэнтральнай улады, імкнуліся прыстасавацца да новых умоў гаспадарання. Рускія памешчыкі раней, чым памешчыкі Рэчы Паспалітай, пачалі пераводзіць сялян на больш прагрэсіўную форму рэнты – грашовы чынш. Разам з тым дваранская зямельная ўласнасць у Рэчы Паспалітай раней, чым у Расіі, згубіла свой умоўны характар. Яшчэ ў пачатку ХVІІІ ст. “паспалітае рушэнне”, служба ў якім лічылася неабходнай умовай для валодання шляхтай землямі, ужо не склікалася. У Расіі толькі маніфест Пятра ІІІ ад 1762 г. вызваліў дваранства ад нясення дзяржаўнай службы.

Існавалі адрозненні і ў формах дваранскага землеўладання, і ў прававым статусе дваранства. Расія не ведала землеўладання дробнай шляхты. У Рэчы Паспалітай дробная шляхта па свайму прававому становішчу амаль не адрознівалася ад магнатаў. З эпохі “залатых вольнасцей шляхецтва” яна не прывыкла да бясспрэчнага паслухмянства цэнтральнай уладзе. Улада караля ў Рэчы Паспалітай была вельмі слабай. Ён быў пазбаўлены заканадаўчых паўнамоцтваў і з’яўляўся толькі вярхоўнай выканаўчай уладай. Дзейнасць вышэйшага заканадаўчага органа ў краіне – Сейма – была паралізавана. Таму палітыка расійскага ўрада ў адносінах да дваранства Беларусі спачатку вызначалася асцярожнасцю.

Урачыстыя абяцанні расійскага ўрада не кранаць набытых беларускай шляхтай правоў і існуючых грамадскіх адносін абумовілі спакойны пераход новападданых у новую дзяржаўную залежнасць. Тым, хто прыняў прысягу, даваліся правы расійскага дваранства (пры захаванні многіх ранейшых правоў), маёнткі з сялянамі. Ухіліліся ад прысягі толькі некаторы буйныя магнаты: два Радзівілы (ваявода віленскі і староста рэчыцкі); тры Агінскя (вялікі гетман літоўскі, кашталян віленскі і ваявода трокскі); Сапега (ваявода полацкі і гетман польскі і літоўскі); Салагуб (ваявода віцебскі); Пацей (вялікі стражнік літоўскі); Чартарыйскі (ваявода рускі). Але расійскі ўрад ліквідаваў бескантрольную самастойнасць феадалаў. Шляхта страціла правы на канфедэрацыі, на ўтрыманне свайго войска і ўласных крэпасцей.

Дваранству і купецтву беларускіх зямель у 1773 г. дазвалялася выбіраць дэпутатаў для выпрацоўкі праекта новага агульнадзяржаўнага Улажэння. У 1777 г. былі праведзены выбары павятовых і губернскіх прадвадзіцеляў дваранства, створаны павятовыя і губернскія дваранскія сходы. Асноўная частка беларускай шляхты задаволілася сваім новым становішчам.

У 1785 г. на далучаныя гарады Беларусі былі распаўсюджаны прынцыпы, абвешчаныя Кацярынай ІІ у “Даравальнай грамаце гарадам”. У гарадах адмянялася панаванне свецкіх ці духоўных феадалаў, скасоўвалася магдэбургскае права. Шматлікія прыватныя гарады і мястэчкі былі выкуплены ўрадам. Кіраванне гарадскім жыццём канцэнтравалася ў Думе – прадстаўнічым органе з гарадскіх саслоўяў. Купецтва атрымала права на арганізацыю гільдый, як гэта было ў Расіі.

На беларускае насельніцтва была распаўсюджана расійская падатковая сістэма. Ліквідаваліся розныя дзяржаўныя зборы з насельніцтва. Замест іх уводзіліся падушны падатак і земскі збор. Але, прыняўшы пад увагу цяжкі стан беларускага насельніцтва, выяўлены ў час перапісу (пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай), расійскі ўрад на два гады вызваліў яго ад выплаты дзяржаўных падаткаў. На працягу наступных 10 гадоў падушны падатак збіраўся ў палавінным памеры.

Расійскі ўрад імкнуўся паказаць, што не мае намеру замахвацца на прававыя нормы, якія здаўна існавалі на далучаных землях. Асноўным заканадаўчым кодэксам тут заставаўся Статут Вялікага княства Літоўскага. Але мясцовая адміністрацыя ўсталёўвалася на расійскі ўзор і была строга падсправаздачна цэнтральнай уладзе.

Такім чынам, у першы час пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі яе ўрад імкнуўся не ўжываць жорсткія меры да мясцовага насельніцтва, каб прыглушыць апазіцыйныя настроі. Але значная частка апалячанай шляхты і каталіцкага духавенства, якія страцілі сваё прывілеяванае становішча, засталіся незадаволенымі. Гэта прымусіла расійскі ўрад устаць на шлях узмацнення сваіх пазіцый у беларускіх землях.

Канфесійная і нацыянальная палітыка. У канцы ХVІІІ ст. на беларускіх землях пражывала каля 39 % уніятаў, 38 – католікаў, 10 – іудзеяў, 6,5 – праваслаўных, 4 – старавераў, астатнія 2,5 % прыходзіліся на пратэстантаў, мусульман і караімаў. Расійскі ўрад дазволіў дзейнасць усіх канфесій, аднак верацярпімасць была адноснай. Галоўнай задачай канфесійнай палітыкі на тэрыторыі Беларусі было ўзмацненне пазіцый праваслаўя. З далучэннем Беларусі да Расійскай імперыі мясцовая праваслаўная царква перайшла пад юрысдыкцыю Свяцейшага Сінода. Сінод з’яўляўся вышэйшым органам кіравання ў Рускай праваслаўнай царкве. Яго ўзначальваў обер-пракурор – свецкі чыноўнік, які прызначаўся імператарам. На беларускіх землях існавалі Магілёўская (створана ў 1632 г.) і Мінская (створана ў 1793 г.) епархіі, куды ўваходзілі тэрыторыі Міншчыны, Віленшчыны, і Гродзеншчыны. Нягледзячы на сваё пануючае становішча, праваслаўная царква знаходзілася ў цяжкім матэрыяльным стане. Праваслаўнымі вернікамі ў асноўным былі прыгонныя сяляне, бедная шляхта і мяшчане. Дваране (у большасці сваёй католікі) мала клапаціліся пра ўладкаванне праваслаўных прыходаў.

Каталіцтва і пратэстантызм карысталіся шырокай свабодай на тэрыторыі беларускіх губерняў. Расійскі ўрад улічваў, што практычна ўсе беларускія магнаты і шляхта з’яўляліся католікамі. Таму за католікамі захоўвалася права на свабоднае выкананне абрадаў, маёмасць каталіцкіх касцёлаў і кляштараў захоўвалася ў недатыкальнасці. Згодна з даравальнай граматай Кацярыны ІІ ад 1774 г. засноўвалася Беларуская каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве, што адпавядала інтарэсам польскага і апалячанага беларускага дваранства. Адзінае, што катэгарычна забаранялася каталіцкаму духавенству – гэта схіляць да сваёй веры праваслаўных.

Забаронены рымскім папам у 1773 г. ордэн езуітаў знайшоў сабе часовы прытулак на землях Беларусі. Езуіты з дазволу ўлад маглі займацца місіянерскай дзейнасцю па ўсёй Беларусі. Езуіцкія калегіі былі адкрыты ў Магілёве, Мсціслаўлі, Чачэрску, Віцебску, Дзвінску і Оршы. 12 студзеня 1812 г. Полацкай езуіцкай калегіі быў нададзены статус акадэміі з правамі універсітэта. Толькі пасля вайны 1812 г., у ходзе якой каталіцкае духавенства супрацоўнічала з французскай акупацыйнай адміністрацыяй, езуіты былі выгнаны з Расіі, а іх маёмасць канфіскавана. У 1820 г. была зачынена і Полацкая езуіцкая акадэмія.

Такая ж верацярпімасць была праяўлена і ў адносінах да уніятаў. Кіраўнікі мінскай і магілёўскай праваслаўных епархій былі папярэджаны аб тым, што нельга прымушаць уніятаў пераходзіць у праваслаўе, а трэба “абуджаць добраахвотнае жаданне”. Святары, якія парушалі гэты ўказ, падлягалі адлучэнню ад сваіх прыходаў. Толькі ў 1794 г. пасля паўстання Т. Касцюшкі Кацярына ІІ выдала ўказ, каб ніхто з шляхты, духоўных або ўрадавых асоб не рабіў перашкоды пры пераходзе з уніяцтва ў праваслаўе.

Аднак умацаванне каталіцтва адмоўна адбілася на становішчы уніятаў. Вернікамі уніяцкай царквы былі прыгонныя сяляне, мяшчане і дробная шляхта. Таму, нягледзячы на колькасную перавагу ў верніках, уніяцтва не з’яўлялася ўплывовай канфесіяй у краі. Да таго ж уніяты юрыдычна падпарадкоўваліся каталіцкай царкве. У пачатку ХІХ ст. пад ціскам мясцовых памешчыкаў-католікаў распачаўся перавод уніятаў у каталіцтва. Так, ў 1803 г. у Полацкай архіепіскапіі лацінскі абрад прынялі 100 тыс. вернікаў (паводле іншых звестак, каля 200 тыс.), у Дзісенскім і Вілейскім паветах Мінскай губерні – каля 20 тыс. і г. д. Акрамя таго, у гэты перыяд уніяцкая царква называлася не грэка-каталіцкая, а рымска-уніяцкая.

Рэскрыптам ад 4 ліпеня 1803 г. Аляксандр І забараняў пераходы ў каталіцтва. Каб захаваць цэласнасць уніяцкай царквы, указам Аляксандра І ад 16 ліпеня 1805 г. у Рыма-каталіцкай калегіі быў створаны уніяцкі дэпартамент, які ўзначальваў архіепіскап Іраклій Лісоўскі. Годам пазней І. Лісоўскі быў прызначаны уніяцкім мітрапалітам. І надалей урад неаднаразова прымаў указы, якія забаранялі каталіцкаму духавенству далучаць уніятаў, аднак яны фактычна не выконваліся.

Значныя абмежаванні ўводзіліся толькі ў адносінах да аднаго народа – яўрэяў. У Рэчы Паспалітай яўрэі не былі запрыгонены і не атрымалі права сяліцца на зямлі. У выніку гэтага яны прывыклі пастаянна перамяшчацца і займацца часовай дзейнасцю (Асноўная частка яўрэйскага насельніцтва жыла ў гарадах і таму запісвалася ў лік мяшчан або купцоў). Гэта з’ява супярэчыла парадкам у Расійскай дзяржаве, дзе ўсё насельніцтва рэгістравалася і пражывала ў канкрэтным месцы.

Расійскія ўлады імкнуліся зберагчы інтарэсы свайго карэннага насельніцтва. Калі яўрэйскія купцы пачалі канкурыраваць з рускімі, то Кацярына ІІ указам ад 23 снежня1791 г. забараніла яўрэям запісвацца ў купецтва ва ўнутраных расійскіх гарадах. Яўрэям дазвалялася жыць толькі ў межах беларускіх губерняў і Таўрычаскай вобласці. З гэтага ўказа пачалося фарміраванне “ мяжы аселасці ” яўрэйскага насельніцтва. Указам ад 23 верасня 1794 г. права аселага жыхарства і купецка-мяшчанскіх заняткаў для яўрэяў дазволена ў 10 заходніх губернях (беларускіх, літоўскіх і часткі ўкраінскіх). Яўрэям дазвалялася сяліцца ў гарадах, займацца рамяством і гандлем. Яўрэі маглі запісвацца ў мяшчанскія і купецкія саслоўі з умовай, што будуць плаціць падвойны дзяржаўны падатак у параўнанні з хрысціянскім насельніцтвам. Каб забяспечыць паступленне падаткаў, урад пакінуў кагал у якасці органа абшчыннага яўрэйскага самакіравання. У 1795 г. яўрэям-купцам і мяшчанам было забаронена перамяшчацца з губерні ў губерню. “Палажэнне аб уладкаванні яўрэяў” ад 9 снежня1804 г. захоўвала мяжу аселасці, адмяняла падвоены падатак з фабрыкантаў, рамеснікаў і землеўладальнікаў. Выбарчыя пасады ў гарадскім самакіраванні было дазволена займаць толькі адукаваным яўрэям, якія ведалі рускую, польскую або нямецкую мову. Па гандлёвых справах яўрэі маглі прыязджаць ва ўнутраныя губерні, але толькі па асобных пашпартах. “Палажэнне…” прадугледжвала новую дыскрымінацыйную меру – ссяленне да 1 студзеня 1808 г. яўрэйскага сельскага насельніцтва ў гарады і мястэчкі. Гэта акцыя мела цяжкія наступствы для яўрэяў, паколькі многія з іх гублялі сродкі для існавання – арэнду зямлі, корчмаў і г. д.

Сацыяльная структура насельніцтва беларускіх губерняў. Большую частку насельніцтва пяці заходніх губерняў складалі беларусы. Толькі ў Віленскай губерні пераважала літоўскае насельніцтва – 48 % ад агульнай колькасці жыхароў, а беларусы (іх было 20 %) канцэнтраваліся пераважна ў Віленскім, Дзісенскім і Свянцянскім паветах. На тэрыторыі беларускіх зямель таксама жылі палякі, рускія, украінцы, літоўцы, латышы, татары і яўрэі.

Сацыяльная структура насельніцтва Беларусі мела саслоўны характар. Саслоўі падзяляліся на прывілеяваныя і падатковыя. Да прывілеяваных саслоўяў належала дваранства, духавенства, купецтва і нешматлікая група ганаровых грамадзян, якая з’явілася ў 1832 г. Усе яны вызваляліся ад рэкрутчыны, цялесных пакаранняў, падушнага падатку і іншых дзяржаўных павіннасцей.

Дваранства Беларусі налічвала амаль 100 тыс. чалавек мужчынскага полу і падзялялася на радавое і асабістае. Прычым радавога (“сапраўднага”) дваранства было значна больш, чым асабістага (служылага). Гэта тлумачылася адсутнасцю ў былой Рэчы Паспалітай дараванняў “высакароднасці” за службу, як гэта практыкавалася ў Расіі паводле Табелі аб рангах. Яшчэ адной асаблівасцю Беларусі была перавага дробнамаянтковага і безмаянтковага дваранства.

Па канфесійнай прыналежнасці большая частка дваранства Беларусі была каталіцкага веравызнання – каля 87 %, праваслаўных было 6 %, мусульман – 0,9 %, пратэстантаў – 0,7 %. У нацыянальным складзе вышэйшага саслоўя беларускіх губерняў пераважалі палякі і беларусы (95 %). Рускіх і ўкраінцаў сярод дваран было не больш за 2 % ад агульнай колькасці. Каля 2 % дваран былі татарамі, менш за 1 % мелі нямецкае і французскае паходжанне.

Духавенства з’яўлялася другім прывілеяваным саслоўем. Сярод яго пераважную большасць складала хрысціянскае духавенства. Яно падзялялася на праваслаўнае, уніяцкае (да 1839 г.), рымска-каталіцкае і пратэстанцкае. Праваслаўнае і уніяцкае духавенства складалася з дзвюх катэгорый: чорнага (манаства) і белага (прыходскага). Акрамя хрысціянскага існавала іудзейскае і мусульманскае духавенства.

Да ганаровых грамадзян адносіліся купцы першай гільдыі, вучоныя, мастакі, дзеці асабістых дваран і дзеці духавенства, якія мелі адукацыйны цэнз.

На працягу першай паловы ХІХ ст. у Беларусі больш як у два разы павялічылася купецкае саслоўе, якое складалася з трох гільдый (у залежнасці ад сумы аб’яўленага капіталу). Пераважная большасць беларускага купецтва належала да 3-й (ніжэйшай) гільдыі. Агульная колькасць усіх трох гільдый у 1861 г. складала каля 7 тыс. чалавек. Купецтва вызвалялася ад падушнага падатку і цялесных пакаранняў, а купцы 1 – 2-й гільдый – і ад рэкруцкай павіннасці. Саслоўны статус купца цалкам залежаў ад яго маёмаснага стану: у выпадку банкруцтва купец “выпадаў” са свайго саслоўя.

Асноўную масу падатковага саслоўя і ўсяго насельніцтва Беларусі (53,5 %) складалі прыгонныя сяляне, якія падзяляліся на дзве асноўныя групы – памешчыцкія і дзяржаўныя.

Пераважную большасць прыгонных складалі памешчыцкія сяляне – 2 369 050 мужчын і жанчын. Памешчыцкія сяляне падзяляліся на паселеных і дваровых. Паселеныя сяляне атрымлівалі ў карыстанне зямельны надзел, які юрыдычна належаў памешчыку, і займаліся сельскай гаспадаркай. Дваровыя былі пазбаўлены сродкаў вытворчасці, жылі пры двары памешчыка і абслугоўвалі яго сядзібу.

Значную частку памешчыцкіх сялян Беларусі складалі агароднікі. Яны не мелі ворнай зямлі, а толькі сядзібу з агародам. Да прыгонных сялян адносіліся таксама бабылі або кутнікі – беззямельныя і бяздомныя сяляне, якія здымалі куток у цяглых сялян і наймаліся да іх батракамі.

Дзяржаўныя сяляне Беларусі ўтварыліся з розных катэгорый сельскага насельніцтва былой Рэчы Паспалітай, жылі на казённых землях і плацілі падаткі ў дзяржаўную казну. Блізкімі па свайму становішчу да дзяржаўных сялян былі “ панцырныя баяры ” (збяднелая шляхта), велікарускія стараверы, вольныя людзі і інш.

Памешчыцкія сяляне знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад сваіх уладальнікаў. Памешчыкі адвольна прызначалі віды і памеры павіннасцей, мелі права без чаргі здаваць у рэкруты непажаданага ім селяніна, маглі адабраць у прыгонных усю іх маёмасць, цялесна пакараць. Сяляне Беларусі выконвалі розныя павіннасці, якія падзяляліся на галоўныя і дадатковыя. Да галоўных адносіліся паншчына, аброк і згоны (гвалты). Дадатковымі павіннасцямі былі: шарваркі (будаўнічыя работы), вартаўніцтва (начны каравул) і фурманачная (падводная) павіннасць (прадастаўленне фурманкі для перавозак). Усё гэта сяляне выконвалі за права карыстацца зямлёй памешчыка, лавіць рыбу, займацца ляснымі промысламі, здабываннем вапны і г. д. Па патрабаванні памешчыка сяляне прыносілі “даніну” ягадамі, грыбамі, мёдам, палатном і інш.

Развіццё памешчыцкага прадпрымальніцтва выклікала павелічэнне агульнага аб’ёму павіннасцей сялян, а іх эксплуатацыя прыняла яшчэ больш цяжкія формы. Акрамя палявых работ на панскай ворыўнай зямлі, прыгонных вымушалі яшчэ працаваць на вотчынных мануфактурах. Сяляне нават не ведалі сумы сваіх заробкаў, бо разлікаў з імі, як правіла, не праводзілі.

Дзяржаўныя сяляне належалі казне і афіцыяльна называліся “свабоднымі сялянскімі абывацелямі”. Аднак калі дзяржаўныя сяляне ўнутраных расійскіх губерняў ужо знаходзіліся на “чыншавым становішчы” (за карыстанне зямлёй плацілі грошы ў дзяржаўную казну), беларускія дзяржаўныя сяляне заставаліся на “гаспадарчым становішчы”. Яно характарызавалася тым, што большая частка казённых маёнткаў у губернях Беларусі здавалася ў арэнду (часцей на кароткі тэрмін) мясцовым памешчыкам ці буйным чыноўнікам. Як правіла, дзяржаўныя сяляне таксама адбывалі паншчыну. Як вынік, вельмі часта дзяржаўныя сяляне эксплуатаваліся часовымі арандатарамі больш жорстка, чым памешчыцкія.

Яшчэ адным падатковым саслоўем былі мяшчане. Гэта – асабіста свабоднае насельніцтва гарадоў (у канцы XVIII ст. яны складалі 80 % насельніцтва беларускіх гарадоў), якое павінна было плаціць падушны падатак, адбываць рэкрутчыну і іншыя грашовыя і натуральныя павіннасці. Аднак прадстаўнікі мяшчанскага саслоўя жылі не толькі ў гарадах. Заможныя сяляне, што сталі вольнымі і перайшлі ў саслоўе мяшчан, звычайна “прыпісваліся” да таго ці іншага горада, але жылі ў сваёй вёсцы, дзе ў іх была наладжана прадпрымальніцкая справа. Насельніцтва гарадоў і мястэчак Беларусі было шматэтнічным і шматканфесійным. Напрыклад, у канцы XVIII – пачатку ХІХ ст. у гарадах Мінскай губерні іудзеі складалі 50,5 %, праваслаўныя – 38,4 %, уніяты – 5,4 %, католікі – 4,8 %.

У першай палове ХІХ ст. у Беларусі аформілася асобая непадатковая, але і не прывілеяваная група насельніцтва – разначынцы (выхадцы з “розных чыноў і званняў”). Яны ўяўлялі сабой свабодную, служылую катэгорыю насельніцтва, даволі аднастайную па сваім становішчы ў грамадстве. У гэтую катэгорыю ўваходзілі адукаваныя інтэлігенты, выхадцы з сялянства, мяшчанства, купецтва, духавенства, збяднелага дваранства. Як правіла, разначынцы – гэта ніжэйшыя чыноўнікі, настаўнікі гімназій, работнікі навукі, літаратуры і мастацтва Агульны іх лік і ўдзельная вага сярод насельніцтва Беларусі не вызначаны.

Саслоўная палітыка расійскага ўрада. Саслоўная палітыка, якая праводзілася на тэрыторыі Беларусі, была скіравана на ўмацаванне пазіцый Расіі. Першым крокам у гэтым напрамку стала ўвядзенне ў Беларусі землеўладання рускага дваранства за кошт дзяржаўнага фонду. Яшчэ Кацярынай ІІ асноўная частка дзяржаўных зямель разам з сялянамі (звыш 180 тыс. чалавек мужчынскага полу) была раздадзена рускім дваранам і чыноўнікам. Павел І аддаў рускім памешчыкам яшчэ каля 28 тыс. сялян-мужчын. Пасля 1801 г. раздача маёнткаў у Беларусі была спынена ўрадам Аляксандра І з-за супраціўлення дзяржаўных сялян пераводу іх у разрад памешчыцкіх.

У адносінах да беларускага дваранства ўрад ўлічваў гістарычныя асаблівасці, якія склаліся на працягу стагоддзяў.

У Расіі не існавала такой сацыяльнай групы як дробная шляхта. Яе эканамічнае становішча часам набліжалася да становішча селяніна-аднадворца. Аднак збяднелая шляхта фармальна не адрознівалася ад магнатаў і юрыдычна мела з імі аднолькавыя правы. Таму ўдзельная вага дваранства ў беларускіх губернях была самай высокай у імперыі – 5 – 6 % (у сярэднім 1,5 % па Еўрапейскай Расіі).

Палітыка расійскага ўрада ў адносінах да дваранства Беларусі вызначалася надзвычайнай асцярожнасцю. Мясцовым дваранам надаваліся ўсе правы і прывілеі, якімі валодала расійскае дваранства, але дазвалялася карыстацца “мясцовымі законамі”, калі яны не супярэчылі расійскім. Так, да 1831 г. Статут Вялікага княства Літоўскага дзейнічаў ва ўсіх беларускіх губернях, а ў Мінскай, Гродзенскай і Віленскай – да 1840 г.

Новым ва ўрадавай палітыцы быў дыферэнцыраваны падыход да розных груп беларускага дваранства. У адносінах да дробнай шляхты, якая складала абсалютную большасць мясцовага прывілеяванага саслоўя, праводзіўся так званы разбор шляхты ”: шляхціцы, якія не змаглі дакументальна пацвердзіць сваё дваранскае паходжанне, прыпісваліся да розных груп падатковага саслоўя. Хоць “разбор” шляхты быў дэклараваны яшчэ ў 1772 г., яго рэалізацыя праводзілася марудна, непаслядоўна, у асноўным з‑за складанай юрыдычнай сістэмы доказаў дваранскага паходжання.

З пачатку новага стагоддзя адным са шляхоў паслаблення пазіцый дробнага дваранства была змена заканадаўства ў сістэме выбарных судовых органаў. Змяненні ажыццяўляліся ў напрамку скарачэння органаў дваранскага самакіравання.

Важным крокам, які павінен быў умацаваць пазіцыі расійскага ўрада на беларускіх землях, была канфіскацыя маёнткаў за ўдзел у антыўрадавай дзейнасці. Канфіскацыі праводзіліся ў некалькі этапаў. З 1773 па 1775 г. яны былі накіраваны супраць той часткі магнатаў і шляхты, якія не захацелі прынесці прысягу новаму гаспадару, а пазней – супраць удзельнікаў паўстання Тадэвуша Касцюшкі. У 1812 – 1813 гг. пачалася новая хваля канфіскацый, яна была звязана з вайной 1812 г. У выніку становішча магнатаў і шляхты пагоршылася, а іх імкненне да аднаўлення Рэчы Паспалітай узмацнілася.

Частка буйных землеўласнікаў звязвала надзеі на аднаўленне Рэчы Паспалітай з аўтаноміяй у складзе Расіі. У канцы 1811 – пачатку 1812 г. М. Агінскі па прапанове Аляксандра І падрыхтаваў праект аб адраджэнні Вялікага княства Літоўскага пад пратэктаратам Расіі (па прыкладу Фінляндыі). План не быў рэалізаваны, але разам з тым адыграў пэўную ролю ў фарміраванні ўрадавай палітыкі на тэрыторыі заходніх губерняў імперыі.

Пры Аляксандры І урад лічыўся толькі з дваранствам. Мерапрыемствы расійскага ўрада па сялянскаму пытанню не маглі не зацікавіць беларускіх памешчыкаў. “Вызваленне сялян” у Остзейскім краі (частка Латвіі) ў 1816 – 1819 гг., дзе сяляне атрымлівалі асабістую свабоду, а памешчык заставаўся ўласнікам усіх зямельных угоддзяў, умацавала памешчыкаў памежных раёнаў у жаданні беззямельнага вызвалення сялян. Так, дваранства Віцебскай губерні стварыла камітэт для выпрацоўкі адпаведнага палажэння, але яго распрацоўка зацягнулася і не была даведзена да канца.

Адным са сродкаў рашэння сялянскага пытання было ўвядзенне з 1810 г. ваенных пасяленняў (ініцыятарам гэтай палітыкі быў А. Аракчэеў). Мэтай іх арганізацыі было стварэнне з сялян ізаляванай ваеннай касты, якая б забяспечвала сябе харчаваннем і фуражом і з’яўлялася б апорай ураду. Аднак вопыт іх стварэння ў Магілёўскай і Віцебскай губернях быў няўдалы. Яны не здзейснілі ніводнай з пастаўленых задач.

“Польскае пытанне” ва ўрадавай палітыцы Расіі. Падзелы Рэчы Паспалітай абумовілі ўзнікненне “польскага пытання, сутнасць якога заключалася ў пастаянным імкненні пераважнай большасці польскага грамадства да аднаўлення страчанай дзяржаўнасці. У шматнацыянальных заходніх губернях Расійскай імперыі “польскае пытанне” было амаль што самым вострым і аказвала ўплыў на ўсе сферы ўрадавай палітыкі на тэрыторыі Беларусі.

У пачатку ХІХ ст. па ініцыятыве Аляксандра І пачала абмяркоўвацца магчымасць аднаўлення дзяржаўнасці Польшчы. Гэта дапамагло прыцягнуць да супрацоўніцтва з імперскімі ўладамі польскіх дзеячаў, у тым ліку А. Чартарыйскага і М. Агінскага. У 1815 г. Каралеўству Польскаму, створанаму паводле пастановы Венскага кангрэсу, была падаравана Канстытуцыя, у адпаведнасць з якой у Польшчы стваралася мясцовая адміністрацыя.

Канстытуцыйныя імкненні Аляксандра І (ёсць звесткі, што ён нават планаваў перадаць у склад будучай Польшчы заходнія губерні Беларусі) выклікалі ў польскім грамадстве хвалю паланафільскіх настрояў і падагравалі надзею на хуткае аднаўленне дзяржаўнай самастойнасці. Узмацненню польскага ўплыву ў галіне культуры і мовы, умацаванню пазіцый каталіцызму ў беларускіх губернях спрыяла і тое, што ўся тэрыторыя Беларусі была ўключана ў склад Віленскай навучальнай акругі, польскай па характару сваёй дзейнасці.

Аднак выкрыццё ў пачатку 1820-х гадоў у Віленскім універсітэце тайных студэнцкіх гурткоў польскай моладзі выклікала змены ва ўрадавай палітыцы ў Беларусі. З гэтага часу асноўным яе кірункам стала паслабленне польскага палітычнага і культурнага ўплыву. Менавіта гэтай мэце адпавядала перадача ў 1824 г. з Віленскай навучальнай акругі ў Пецярбургскую дзвюх беларускіх губерняў – Віцебскай і Магілёўскай, а таксама замена А. Чартарыйскага М. Навасільцавым на пасадзе папячыцеля Віленскай навучальнай акругі.

Курс на аслабленне польскага ўплыву на беларускіх землях яшчэ больш узмацніўся ў канцы 20-х гадоў і асабліва ў сувязі з польскім нацыянальным паўстаннем 1830 – 1831 гг.

 

§ 2. Беларусь у Айчыннай вайне 1812 г.

Міжнароднае становішча ў Еўропе напярэдадні вайны. Захапіўшы ўладу ў Францыі, Напалеон пачаў відавочна праяўляць свае прэтэнзіі на сусветнае панаванне. У ходзе войн 1796 – 1809 гг. Францыя падпарадкавала амаль усе краіны Заходняй Еўропы, за выключэннем Англіі і Швецыі. Такая сітуацыя пагражала інтарэсам Расійскай імперыі. Расія актыўна ўдзельнічала ў ваенных кааліцыях еўрапейскіх манархій, накіраваных супраць Францыі. Але ў руска-франка-прускай вайне 1805 – 1807 гг. кааліцыя пацярпела паражэнне. Аўстрыя і Прусія сталі сатэлітамі Францыі. Англіі Напалеон абвясціў кантынентальную блакаду і прымусіў далучыцца да яе ўсе заваяваныя ім дзяржавы. Расія таксама вымушана была заключыць ў 1807 г.Тыльзіцкі мір, які меў антыбрытанскую накіраванасць. Згодна з гэтым дагаворам, Напалеон стварыў з польскіх зямель, што належалі Прусіі, Герцагства Варшаўскае, васальную Францыі дзяржаву на граніцы з Расіяй. Расіі Напалеон навязаў Беластоцкую акругу з мэтай паглыбіць руска-прускія супярэчнасці. Герцагства Варшаўскае Напалеон выкарыстоўваў у якасці свайго плацдарма на выпадак вайны з Расіяй. Ён нават пагражаў Аляксандру І, што гатовы аднавіць Польшчу ў межах 1772 г.

Да пачатку 1810 г. адносіны паміж Францыяй і Расіяй яшчэ больш абвастрыліся, і яны пачалі рыхтавацца да вайны. Узрастае ваенны бюджэт Францыі, яе войска папаўняецца навабранцамі. Напалеон сцягвае свае войскі ў Прусію і Герцагства Варшаўскае, пастаянна папаўняючы іх кантынгент. Адначасова ён стварае з суседзяў Расіі – Аўстрыі і Прусіі франка-аўстра-прускі ваенны саюз, абяцаючы ім пашырыць іх тэрыторыі за кошт зямель, якія ўваходзілі ў склад Расіі. У лютым 1812 г. Напалеон заключыў дагавор з Прусіяй, а ў сакавіку – з Аўстрыяй. Прусія абавязалася выставіць 20 тыс. салдат, Аўстрыя – 30 тыс., перадаць іх пад французскае камандаванне і прадставіць усё неабходнае для забеспячэння саюзнай арміі. Армія Герцагства Варшаўскага ўжо ў сакавіку 1811 г. налічвала 60 тыс. чалавек. Такім чынам, супраць Расіі Напалеон здолеў выставіць 647 158 чалавек войска і 1 372 гарматы.

Падрыхтоўка Францыі да вайны не была тайнай для Расіі. Расійскі ўрад рыхтаваўся да абароны. Буйным поспехам расійскай дыпламатыі напярэдадні вайны стала заключэнне саюзных дагавораў з Швецыяй, Вялікабрытаніяй і Іспаніяй. Перамога Расіі ў руска-турэцкай вайне 1806 – 1812 гг. і Бухарэсцкі мірны дагавор, заключаны ў маі 1812 г., выключылі магчымасць удзелу Турцыі ў вайне на баку Францыі.

Падрыхтоўка Расіі да вайны і сацыяльна-палітычная сітуацыя ў заходніх губернях. Тэрыторыя Беларусі і Літвы разглядалася расійскім камандаваннем у якасці будучага галоўнага тэатра ваенных дзеянняў. Таму ўрад прыняў шэраг мер для яе ўмацавання ў інжынерных і інтэнданцкіх адносінах. У жніўні 1810 г. было вырашана пабудаваць ваенныя цытадэлі ў Бабруйску і Дынабургу і ваенны лагер каля Дрысы, а каля Барысава – масты праз Бярэзіну. У будаўніцтве гэтых абарончых збудаванняў прымала актыўна ўдзел насельніцтва Беларусі. Напрыклад, на работы па пабудове Дрысенскага ваеннага лагера кожны дзень прыцягвалася каля 2 500 чалавек.

У ваенна-стратэгічных планах расійскага камандавання беларускія землі адыгрывалі значную ролю ў бягучым забеспячэнні дыслацыраваўшыхся тут палявых рэгулярных войск, стварэнні харчова-фуражных запасаў, пастаўцы для арміі коней, транспартных сродкаў і іншых неабходных для арміі рэчаў. Ішло таксама камплектаванне расійскай арміі. Толькі за 1811 г. з пяці беларускіх губерняў у расійскія войскі паступіла 14 750 рэкрутаў, а разам з наборам 1808 – 1810 гг. агульная колькасць рэкрутаў з Беларусі складала некалькі дзесяткаў тысяч чалавек.

Падрыхтоўка да вайны ўскладнялася супярэчнасцямі ў палітычным настроі беларуска-літоўскага грамадства, у першую чаргу ў асяроддзі шляхецкага саслоўя. Дэмакратычныя шляхецкія, мяшчанскія, інтэлігенцкія колы арыентаваліся на Напалеона. Вялікая колькасць шляхецкай моладзі яшчэ з часоў аўстра-франка-польскай вайны 1809 г. эмігравала ў Герцагства Варшаўскае і паступала служыць у польскае войска. Прынятыя ў гэтай сувязі расійскімі ўладамі захады (секвестр і канфіскацыя маёмасці, судовыя прыгаворы) асаблівага поспеху не мелі.

Аднак пераважная большасць шляхты з асцярогай глядзела на сацыяльныя рэформы ў герцагстве, асабліва на адмену прыгоннага права. Для многіх шляхціцаў імя Напалеона было непарыўна звязана з Французскай рэвалюцыяй, якая знішчыла ўсе феадальныя інстытуты. Частка арыстакратаў і буйных землеўласнікаў звязвала свае надзеі на аднаўленне элементаў “літоўскай” дзяржаўнасці (ВКЛ) у саюзе з Расіяй і на чале з Аляксандрам І.

Са свайго боку, для забеспячэння падтрымкі з боку дваранства Літвы і Беларусі напярэдадні вайны з Францыяй імператар Аляксандр І істотна знізіў падаткі, якія паступалі ў казну з тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага, і выказаў жаданне аднавіць цэласнасць краю пад эгідай Расіі. Па даручэнню імператара ў 1811 г. магнаты М. Агінскі, К. Любецкі, К. Плятэр, К. Любамірскі, С. Грабоўскі склалі праект Палажэння аб кіраванні аўтаномным Вялікім Княствам Літоўскім. У склад апошняга павінны былі ўвайсці ўсе тэрыторыі, што адышлі да Расіі ад былой Рэчы Паспалітай. Першым крокам на шляху да аўтаноміі павінна было быць абвяшчэнне Маніфеста Вялікага княства Літоўскага. Прадугледжвалася таксама паступовае, на працягу 10 гадоў, асабістае вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Аднак ажыццяўленне праекта адкладвалася. У вышэйшым расійскім кіраўніцтве гэты праект разглядалі як спробу раздзялення і аслаблення імперыі.

Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі летам 1812 г. Расійскае войска на заходняй мяжы імперыі складалася з трох армій і трох асобных карпусоў. Першая Заходняя армія на чале з ваенным міністрам М.Б. Барклаем дэ Толі (120,2 тыс. чалавек і 580 гармат) дыслацыравалася ў Віленскай губерні, па лініі Расоны – Ліда і прыкрывала пецярбургскі кірунак. Другая Заходняя армія пад камандаваннем генерала ад інфантэрыі П.І. Баграціёна (49,4 тыс. чалавек і 180 гармат) знаходзілася ў Гродзенскай губерні, паміж Нёманам і Бугам і засланяла маскоўскі напрамак. Трэцяя Заходняя армія на чале з генералам ад кавалерыі А.П. Тармасавым (44,2 тыс. чалавек і 168 гармат) была размешчана каля г. Луцка ў Валынскай губерні і закрывала кіеўскі напрамак. Акрамя таго, пад Рыгай знаходзіўся асобны корпус генерал-лейтэнанта І. Эсена (38,1 тыс. чалавек), каля Тарапца – рэзервовы корпус генерал-ад’ютанта Я. Мелера-Закамельскага (27,5 тыс. чалавек) і войскі генерал-лейтэнанта Ф. Эртэля (37,5 тыс. чалавек). Паводле плана, распрацаванага саветнікам Аляксандра І прускім генералам К. Фулем, рускія арміі былі размешчаны на фронце ў 600 км і аказаліся адарванымі адна ад другой на 100 – 200 км. Гэта стварала рэальную пагрозу разгрому іх паасобку, на што і разлічваў Напалеон.

У ночна 12 чэрвеня 1812 г. пачалася пераправа войскаў Напалеона праз Нёман. Адразу быў заняты г. Коўна. Напалеон спадзяваўся разбіць рускія войскі ў прыгранічных раёнах і прымусіць Расію заключыць мір. На нарадзе ў Дрысенскім лагеры расійскае камандаванне прыняло рашэнне не ўступаць у рашаючую бітву да аб’яднання 1-й і 2-й армій у Віцебску. Армія М.Б. Барклая дэ Толі адыходзіла на Віцебск праз Вільню – Свянцяны – Дрысу – Полацк. Для прыкрыцця Пецярбургскага напрамку ў Дрысенскім лагеры быў пакінуты корпус П.Х. Вітгенштэйна. У асабліва цяжкім становішчы апынулася 2‑я армія П.І. Баграціёна, якая адступала ў напрамку Ваўкавыск – Слонім – Навагрудак – Нясвіж – Магілёў. Яна страціла сувязі з асноўнымі рускімі войскамі і праследавалася французскай арміяй.

Беларусь стала арэнай ваенных дзеянняў. 16 чэрвеня 1812 г. французская армія заняла Вільню. У той жа дзень сюды прыехаў Напалеон. У чэрвені – ліпені адбыліся жорсткія баі каля вёсак Вароны, Закрэўшчына, Гудзявічы Гродзенскай губерні, пад мястэчкамі Вішнева, Карэлічы Віленскай губерні; паблізу мястэчкаў Мір і Раманава Мінскай губерні, каля мястэчка Астроўна і вёскі Кукавячыны Віцебскай губерні, пад Клясціцамі каля Полацка. 15 ліпеня А.П. Тармасаў разбіў пад Кобрынам саксонскі корпус Ж. Рэнье і знішчыў больш за 6 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Аднак у ліпені 1812 г. злучыцца расійскім арміям у раёне Віцебска не атрымалася. Корпус Даву апярэдзіў рускую армію, заняў Магілёў і перагарадзіў ёй шлях каля вёскі Салтанаўка. Спроба рускіх войск прарвацца не ўдалася. Тады П.І Баграціён пераправіў армію праз Днепр каля Нова-Быхава і выратаваў яе ад разгрому. Чарговым пунктам сустрэчы рускіх армій быў прызначаны Смаленск.

Палітыка французскіх улад на акупіраванай тэрыторыі. Амаль уся Беларусь, апрача паўднёвых паветаў, кантралявалася французскім ваенным камандаваннем. Але ўжо на пачатку вайны Напалеон вымушаны быў пакідаць значныя сілы ў гарнізонах, асабліва ў Вільні, Мінску, Віцебску. Напалеонаўская армія разам з хворымі і дэзерцірамі страціла да 150 тыс. чалавек, у ёй пагоршылася дысцыпліна, шырока распаўсюдзілася марадзёрства.

Напалеон разлічваў, што значная частка літоўска-беларускай шляхты спадзявалася на аднаўленне пры яго дапамозе Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Каб яшчэ больш схіліць шляхту на свой бок, Напалеон распарадзіўся стварыць у захопленай Вільні Часовы ўрад пад назвай “ Камісія Вялікага княства Літоўскага ”. Дзейнасць Камісіі распаўсюджвалася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губерні і Беластоцкую вобласць, якія былі ў хуткім часе ператвораны ў дэпартаменты з двайной (мясцовай і французскай) адміністрацыяй. Галоўныя пасады ў іх занялі французскія военачальнікі – інтэнданты. У склад Камісіі ВКЛ ўвайшлі мясцовыя землеўласнікі і палітычныя дзеячы: С. Солтан (старшыня), К. Прозар, Ю. Серакоўскі, А. Сапега, Ф. Ельскі, А. Патоцкі, Я. Снядзецкі. У яе функцыі ўваходзілі фінансавыя пытанні (збор падаткаў і размеркаванне бюджэтных сум), арганізацыя ўзброеных сіл, фарміраванне жандармерыі і суда. Вышэйшая ваенная ўлада ў княстве належала прызначанаму 8 ліпеня 1812 г. генерал-губернатару графу Дзірку ван Гогендорпу, а ў кожным дэпартаменце дзейнічаў ваенны губернатар. Для Віцебскай і Магілёўскай губерняў было вызначана асобнае, “польскае праўленне”. Неўзабаве Расійскі герб быў заменены на польскага белага арла.

Французскай арміі патрэбны былі салдаты і афіцэры, харчаванне, коні і фураж. Марыянетачны Часовы ўрад ВКЛ павінен быў перш за ўсе забяспечваць усім гэтым войскі Напалеона. Палякі заклікалі аднавіць Польскае каралеўства ў старых межах. Аднак Напалеон ухіляўся ад прамога адказу – ён не жадаў, каб паміж ім і Аляксандрам І паўставала непераадольная перашкода для заключэння міру. Да таго ж літоўска-беларуская шляхта не жадала аб’яднання з Польшчай, бо марыла аб стварэнні самастойнай дзяржавы. Менавіта таму Напалеон не далучыў тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага да герцагства Варшаўскага, праігнараваўшы просьбы польскага сейма.

Адносіны розных слаёў насельніцтва Беларусі да падзей вайны 1812 г. Прыход французскай арміі насельніцтва Беларусі сустрэла неадназначна. Гараджане ўрачыста віталі французаў. Шляхта амаль усюды сустракала французскія войскі як вызваліцеляў ад расійскіх захопнікаў. Падтрымку Напалеону аказала і каталіцкая царква. Аднак па меры прасоўвання французскіх войск на ўсход Беларусі шляхта, асабліва ў Віцебскай і Магілёўскай губернях, пачынае выказваць свае пачуцці ўсё больш стрымана. Масавыя рэквізіцыі, недастаткова паважлівыя адносіны французаў да мясцовых органаў улады, ваенныя няўдачы прывялі да ахаладжэння ў адносінах шляхты да французаў. Захапленне змянілася трывожным чаканнем.

Асноўны цяжар вайны лёг на плечы сялян. Новая ўлада не толькі не адмяніла прыгон, але і павялічыла паборы з сялян, чым выклікала ўзмоцненае супрацьдзеянне і варожасць апошніх. Жыхары многіх вёсак пакідалі хаты, забіралі маёмасць і ўцякалі ў лясы, стваралі ў тыле акупантаў партызанскія атрады. Вядомы партызанскія атрады вёсак Стараселле, Мажаны, Есьманы і Кляўкі ў Барысаўскім, Варанкі ў Дрысенскім, Жарцы ў Полацкім паветах і інш. 18 ліпеня Аляксандр І падпісаў у Полацку маніфест аб скліканні народнага апалчэння. Трэба адзначыць, што ў чэрвені – ліпені 1812 г. разам з выступленнямі сялян супраць французскай арміі шырока распаўсюдзіліся выступленні сялян супраць памешчыкаў.

Ваенныя дзеянні ў Беларусі восенню 1812 г. 22 ліпеня 1812 г. арміі Баграціёна і Барклая дэ Толі злучыліся пад Смаленскам. У пачатку жніўня адбылася Смаленская бітва, у якой Напалеон страціў больш за 14 тыс. чалавек. Пасля Смаленска рускую армію ўзначаліў М.І. Кутузаў. Генеральная бітваадбылася 26 жніўня каля вёскі Барадзіно. На Барадзінскім полі супраць французаў актыўна змагаліся ўраджэнцы Беларусі. Так, сфарміраваныя на Віцебшчыне чатыры палкі 3-й пяхотнай дывізіі, абаранялі вядомыя Баграціёнавы флешы, а 24-я пяхотная дывізія, складзеная з ураджэнцаў Мінскай губерні, гераічна змагалася каля батарэі Раеўскага.

Аднак Барадзінская бітва не прынесла перамогі ніводнаму з бакоў. М.І. Кутузаў дзеля далейшага захавання арміі пакінуў Маскву, якую хутка занялі французы. Не дачакаўшыся адказу Аляксандра І на прапановы аб міры, Напалеон у пачатку кастрычніка 1812 г. пачаў адступаць з Масквы па спустошанай Смаленскай дарозе. 7 кастрычніка 1812 г. рускія войскі вызвалілі Полацк, 26 кастрычніка – Віцебск, 4 лістапада – Мінск, 9 лістапада – Барысаў, 12 лістапада – Магілёў.

Завяршальны ўдар па французах быў нанесены рускімі войскамі ў лістападзе 1812 г. пры іх пераправе праз Бярэзіну, каля вёскі Студзёнка непадалёку ад Барысава. Тут загінула 20 тыс. іншаземных захопнікаў, 50 тыс. трапілі ў палон. Пасля гэтага напалеонаўская армія фактычна перастала існаваць. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і натоўпамі рухаліся да Вільні. 23 лістапада ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, пакінуў армію і паехаў у Парыж.

Вынікі вайны для Беларусі. Вайна прынесла Беларусі велізарныя людскія, матэрыяльныя і культурныя страты. Многія гарады і вёскі былі разбураны і знішчаны. У гарадах Беларусі колькасць насельніцтва зменшылася ў 2 – 3 разы. У Мінску, напрыклад з 11 200 чалавек да 3 480. У Гродзенскай губерні загінула звыш 37 тыс. душ мужчынскага насельніцтва. Прыйшла ў заняпад сельская гаспадарка. Амаль напалову скараціліся пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы. У грашовым вылічэнні страты Беларусі ад вайны, паводле няпоўных звестак, складалі каля 52 млн. руб. серабром.

Ад французаў пацярпелі помнікі царкоўнага дойлідства: Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская царква ў Віцебску, Екацярынінскі храм у Мінску. Свята-Духаў храм у Вільні быў ператвораны захопнікамі ў звычайную стайню.

Расійскія ўлады не спяшаліся палепшыць становішча ў Беларусі. Прыгоннае права было захавана, працягваліся рэкруцкія наборы, падаткі амаль не зменшыліся. Негатыўныя наступствы падзей 1812 г. адчуваліся ў Беларусі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. У той жа час мясцовая шляхта, нават скампраметаваная супрацоўніцтвам з Напалеонам, у большасці захавала свае правы і прывілеі. Маніфестам Аляксандра І ад 12 снежня 1812 г. калабарацыяністам абвяшчалася “уселітасцівейшае дараванне” і “вечнае забыццё” мінулага. Пачатыя да маніфеста канфіскацыі былі адменены і памешчыкам былі вернуты іх маёнткі. Напрыклад, С. Камінскі, які ўзначальваў створаную Напалеонам “Камісію Вялікага княства Літоўскага”, захаваў пасаду старшыні ў мінскім галоўным судзе. В. Гяцэвіч, член савета ў Вільні, стаў мінскім віцэ-губернатарам і г. д.

У гонар перамогі расійскіх войск над арміяй Напалеона на тэрыторыі Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Салтанаўка і інш.

 

§ 3. Рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух

Польскія і расійскія дваранскія рэвалюцыянеры ў Беларусі. Вынікі Венскага кангрэса 1815 г., наданне аўтаноміі і канстытуцыі Царству (Каралеўству) Польскаму выклікалі ў адукаваных колах Літвы і Беларусі спадзяванні на далучэнне беларуска-літоўскіх зямель да Царства Польскага. Гэтыя надзеі падмацавала стварэнне ў 1817 г. асобнага Літоўскага корпуса з ураджэнцаў беларуска-літоўскіх і ўкраінскіх губерняў. Яго ўзначаліў галоўнакамандуючы польскім войскам, вялікі князь Канстанцін Паўлавіч. Штандарам Літоўскага корпуса была зацверджана “Пагоня” Вялікага княства Літоўскага, змешчаная на двухгаловым срэбным арле.

Але для найбольш радыкальнай і актыўнай часткі шляхты былой Рэчы Паспалітай існаванне куртатага польскага нацыянальнага дзяржаўнага ўтварэння было недастаткова. Яшчэ ў 1796 г. ў Вільні было заснавана першае тайнае антырасійскае згуртаванне Віленская асацыяцыя ”. Сваёй мэтай таварыства вызначыла барацьбу за адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Члены таварыства склалі “Акт паўстання”, але ў 1797 г. ўлады выкрылі арганізацыю.

Значны ўплыў на распаўсюджванне тайных арганізацый аказала адраджэнне ў 1815 г. ў Царстве Польскім дзейнасці легальнага масонства. У 1819 г. таварыства “Нацыянальнае масонства” паставіла сабе за мэту аднаўленне незалежнай “Польшчы ў магчыма больш шырокіх межах”. Для яе рэалізацыі меркавалася стварыць аддзяленні таварыства ў кожнай правінцыі былой Рэчы Паспалітай. У склад арганізацыі ўвайшлі былы маршалак Віленскай губерні М. Ромер, сакратар канцылярыі віленскага маршалка Ю. Струміла, князь К. Радзівіл, граф С. Солтан. У маі 1821 г. таварыства было пераўтворана ў тайную арганізацыю, якая атрымала назву Патрыятычнае таварыства ”. Ініцыятарамі выступілі генерал Я. Ушынскі, маёр В. Лукасінскі і іншыя польскія афіцэры. Цэнтральны Камітэт арганізацыі накіраваў эмісараў у Літву, Кракаў, Падолле для стварэння мясцовых аддзелаў. Асноўную ўвагу ў сваёй дзейнасці ён звярнуў на асобны Літоўскі корпус. У 1824 – 1825 гг. паміж Патрыятычным таварыствам і Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў адбыліся перамовы аб будучыні адроджанай Польшчы. Землі Беларусі сталі прадметам спрэчак. У 1826 г. існаванне “Патрыятычнага таварыства” было выкрыта па справе дзекабрыстаў.

У канцы 1817 г. студэнты Віленскага універсітэта А. Міцкевіч, Я. Чачот, Ю. Яжоўскі і інш. заснавалі тайнае патрыятычнае Таварыства філаматаў (прыхільнікаў ведаў), члены якога першапачаткова ставілі асветніцка-культурныя мэты. Паступова філаматы прыйшлі да ідэі карэнных сацыяльна-эканамічных рэформ: ліквідацыі прыгоннага права, увядзення канстытуцыйнага кіравання. У праграме таварыства выказвалася ідэя аб праве народаў на незалежнае існаванне. У 1818 г. філаматы пашыраюць сферу сваёй дзейнасці. Яны засноўваюць філіялы – “ Таварыства прамяністых ” і “ Саюз літаратараў ”. У 1819 г. у Свіслацкай гімназіі ўзнікае “ Таварыства аматараў навук ”, члены якога прапаведавалі ідэі волі і роўнасці. На працягу 1817 – 1823 гг. у асяроддзі студэнцкай моладзі Каралеўства Польскага і заходніх губерняў Расіі існавала каля 50 тайных згуртаванняў.

У канцы 1820 г. філаматы заснавалі новую тайную арганізацыю філарэтаў (аматараў дабрачыннасці). Гэта таварыства ўключала ў сябе больш шырокія колы моладзі, ў тым ліку за межамі Вільні. Галоўная мэта філарэтаў – аднаўленне Рэчы Паспалітай і адмена прыгоннага права. Члены таварыства займаліся вывучэннем беларуска-літоўскага краю, яго гісторыі, фальклору, побыту насельніцтва. У асяроддзі віленскай моладзі выказваліся і планы ўзброенага выступлення. Аднак уладам стала вядома аб існаванні тайных студэнцкіх арганізацый. Дзевяць філарэтаў і адзінаццаць філаматаў былі высланы ва ўнутраныя губерні Расіі, у тым ліку А. Міцкевіч, Т. Зан, І. Дамейка. Ад працы ў Віленскім універсітэце былі адхілены І. Лялевель, І. Даніловіч, М. Баброўскі. Сваіх пасад пазбавіліся рэктар універсітэта Ю. Твардоўскі і папячыцель Віленскай навучальнай акругі А. Чартарыйскі.

У 1824 – 1825 гг. урад, улічваючы, што цэнтрамі большасці тайных таварыстваў былі навучальныя ўстановы, прымае меры па наглядзе за навучэнцамі. У адпаведнасці з указам Аляксандра І жыхарам Беларусі і Літвы забаранялася адпраўляць дзяцей на вучобу ў Гейдэльбергскі, Іенскі, Гесенскі і Вюртэмбергскі універсітэты. Чыноўнікі абавязаны былі даваць падпіску аб непрыналежнасці студэнтаў і настаўнікаў да тайных суполак.

Пасля паўстання Сямёнаўскага палка ў Пецярбургу ў 1820 г. у Беларусь былі пераведзены гвардзейскія часці, у якіх служылі будучыя дзекабрысты А. Бястужаў, М. Лунін, А. Адаеўскі, К. Рылееў і інш. М. Mypaўёў, кіpaўнік “Паўночнага таварыства”, падчас знаходжання ў Мінску, напісаў свой першы варыянт “Канстытуцыі”. У Віцебску жыў і вучыўся вядомы дзекабрыст, сябра “Таварыства з’яднаных славян” І. Гарбачэўскі. Дзекабрыстамі распрацоўваўся план паўстання ў Бабруйскай крэпасці, якое павінна было даць штуршок дзяржаўнаму перавароту ў Расіі. Дзекабрысты і члены мясцовых тайных таварыстваў спрабавалі наладзіць супрацоўніцтва. Аднак пытанне аб самастойным развіцці Беларусі не ўздымалася.

У 1825 – 1826 гг. у Магілёве існавала ўправа Паўночнага таварыства, арганізаваная па ініцыятыве М. Нарышкіна ад’ютантамі галоўнакамандуючага 1-й арміі В.А. Мусіным-Пушкіным і П.П. Цітовым. У Гродзенскай губерні дзейнічалі два тайных дзекабрысцкіх таварыствы – “Таварыства сяброў” (1822 – 1826 гг.) і “Таварыства ваенных сяброў” (1825 – 1826 гг.). Апошняе па ініцыятыве К.Г. Ігельстрома і А.І. Вягеліна, 24 снежня 1825 г. падняло паўстанне Літоўскага піянернага (сапёрнага) батальёна. У пачатку лютага 1826 г. спрабаваў падняць паўстанне ў Бабруйскай крэпасці С. Трусаў.

Пасля разгрому дзекабрыстаў праз ваенна-судовую камісію, якая працавала ў Магілёве, прайшлі 15 чалавек. Другім цэнтрам следства і суда над дзекабрыстамі быў Беласток. Бабруйская крэпасць стала “турмой на Бярэзіне” для 20 дзекабрыстаў, у тым ліку І. Бурцова, В. Норава, С. Трусава і інш.

Разгром дзекабрыстаў у Расіі прывёў да росту апазіцыйнага руху ў Царстве Польскім. Ідэі ўзброенага паўстання супраць самадзяржаўя, якія існавалі ў польскіх тайных таварыствах, знаходзілі водгук і сярод студэнцкай моладзі Віленскага універсітэта.

Паўстанне 1830 – 1831 гг. Набліжэнне паўстання ў Каралеўстве Польскім паскорылі рэвалюцыя ў Францыі, нацыянальна-вызваленчыя рухі ў Бельгіі і Італіі. У ноч на 29 лістапада 1830 г. пачалося паўстанне ў Варшаве. Галоўнымі прычынамі паўстання былі незадаволенасць шляхты падзеламі Рэчы Паспалітай і парушэнне расійскім урадам польскай Канстытуцыі 1815 г. Рэвалюцыйна-дэмакратычныя сілы Польшчы адстойвалі лозунгі буржуазна-дэмакратычных пераўтварэнняў. Але кіраўніцтва паўстаннем апынулася ў руках польскіх арыстакратаў. Яны імкнуліся дабіцца незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., абапіраючыся на армію Царства Польскага і дапамогу заходнееўрапейскіх краін. Ні правыя, ні левыя не ўздымалі пытання нацыянальнага вызначэння беларускага народа. На іх думку, Беларусь павінна была ўліцца ў склад незалежнай Польшчы.

Расійскі ўрад імкнуўся не дапусціць пашырэння паўстання на тэрыторыю Беларусі, Літвы і Украіны. Тут у снежні 1830 г. было ўведзена ваеннае становішча. На гэтых тэрыторыях павялічвалася колькасць войска. На маёнткі памешчыкаў, якія з’ехалі ў Каралеўства Польскае, быў накладзены арышт, звольнены многія з мясцовых чыноўнікаў. Аднак у пачатку красавіка 1831 г. паўстанне дасягнула Літвы і Паўночна-Заходняй Беларусі – Ашмянскі, Браслаўскі, Дзісненскі і Вілейскі паветы. Паўстанне развівалася тут пераважна стыхійна, хоць у студзені 1831 г. пры падтрымцы эмісараў з Варшавы і быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Камітэт распрацаваў план паўстання, згодна з якім для падрыхтоўкі паўстання на месцах было вырашана стварыць тайныя павятовыя паўстанцкія камітэты. У лютым 1831 г. Цэнтральны камітэт сабраў у Вільні прадстаўнікоў павятовых камітэтаў. Пачаць паўстанне было вырашана з Віленскай губерні, дзе знаходзілася невялікая колькасць расійскіх войск.

У канцы сакавіка 1831 г. пачалося паўстанне ў Літве і Заходняй Беларусі. Віленскі цэнтральны камітэт не здолеў кантраляваць ход гэтага паўстання. У кожным павеце быў створаны свой павятовы ўрад, які ўзначальвалі мясцовыя памешчыкі. Урад кожнага павета пры дапамозе каталіцкага духавенства прыводзіў насельніцтва да прысягі, аб’яўляў рэкруцкі набор ў войска, выдаваў розныя звароты да насельніцтва. Сяляне і мяшчане мабілізоўваліся ў паўстанцкія атрады пераважна пад прымусам і не былі зацікаўлены ваяваць без вырашэння сваіх сацыяльных праблем. У той жа час імперскія ўлады абяцалі ім вызваленне ад паноў-паўстанцаў. Ядро паўстанцаў складалі шляхта, навучэнцы, афіцэры-палякі, каталіцкае і ўніяцкае духавенства. Увогуле ў Літве і Беларусі ў паўстанні прымалі ўдзел каля 10 тыс. чалавек. Вузкія палітычныя мэты кіраўнікоў паўстання абумовілі той факт, што яно не атрымала значнай падтрымкі насельніцтва.

У красавіку паўстанне ахапіла ўсю Віленскую губерню, але сувязь паміж паветамі была перарвана. Таму Віленскі Цэнтральны камітэт вырашыў пачаць падрыхтоўку да захопу Вільні і стварыць аб’яднанае войска. Бітва за Вільню 19 чэрвеня 1831 г. стала кульмінацыяй паўстання, у якой аб’яднаныя паўстанцкія сілы краю разам з прысланым на дапамогу польскім корпусам (12 тыс. чалавек) не змаглі дасягнуць перамогі над расійскім войскам. Тым не менш, у Беларусі і Літве было арганізавана каля трыццаці партызанскіх атрадаў, якія налічвалі 12 тыс. чалавек. Найбольш буйнымі былі атрады пад агульным кіраўніцтвам С. Радзішэўскага ў Вілейскім павеце (3,3 тыс. чалавек), В. Брахоцкага ў Дзісненскім павеце (3 тыс. чалавек), К. Пшаздзецкага ў Ашмяскім павеце (2,5 тыс. чалавек), Ю. Кашыца і М. Мяржэўскага ў Навагрудскім (1 тыс. чалавек). На дапамогу ім прыйшлі рэгулярныя польскія войскі на чале з генераламі Д. Хлапоўскім і А. Гелгудам.

У жніўні 1831 г. паўстанне было падаўлена па ўсёй Беларусі і Літве, а потым і ў Польшчы. Указам 6 мая 1831 г. былі выдзелены тры разрады “злачынцаў”: да першага адносілі кіраўнікоў, да другога – тых, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, да трэцяга – усіх іншых. Сялянам, якія вярталіся да свайго памешчыка, давалася дараванне. Маёнткі абвінавачаных падлягалі секвестру. Ад секвестру пазбаўляліся тыя, хто сам з’явіўся на працягу месяца пасля публікацыі ўказа і пакаяўся або даказаў, што яго прымусілі далучыцца да паўстання. Да следства за ўдзел у паўстанні ў беларуска-літоўскіх губернях было прыцягнута 2 878 чалавек. Сваіх маёнткаў пазбавіліся магнаты, якія валодалі тысячамі прыгонных (Агінскія, Плятэры, Радзівілы, Сапегі, Чартарыйскія і інш.). На тэрыторыі Беларусі ў 1837 г. лічыліся канфіскаванымі 115 маёнткаў з больш як 38 тыс. сялян мужчынскага полу, яны папоўнілі дзяржаўны фонд.

Але і пасля падзей 1830 – 1831 гг. рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух у Беларусі і Літве не спыніўся. Адна з найбольш радыкальных у Беларусі і Літве тайных суполак – Дэмакратычнае таварыства – была створана ў 1836 г. па ініцыятыве Ф. Савіча пры Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі. У 1837 г. Ф. Савіч наладзіў сувязі з Пінскай і Слуцкай ячэйкамі тайнага таварыства “ Садружнасць польскага народа ”, якое ўзначальваў польскі рэвалюцыянер-дэмакрат Ш. Канарскі. У статуце “Дэмакратычнага таварыства” – “Прынцыпах дэмакратызму” – былі абвешчаны ідэі сацыяльнай роўнасці, вызвалення сялян з зямлёй ад прыгоннай залежнасці, права кожнага народа на нацыянальную самастойнасць. У 1838 г. “Дэмакратычнае таварыства” было выкрыта, а праз год Ф. Савіч быў высланы на Каўказ у дзеючую армію.

У 1846 – 1849 гг. у Ашмянах, Вільне, Гродне, Лідзе і Мінску дзейнічалі суполкі тайнай арганізацыі “ Саюз свабодных братоў ”. Ён меў на мэце сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, барацьбу за свабодную Польшчу і Расію.

 

§ 4. Змены ва ўрадавай палітыцы ў Беларусі ў 30 – 50-я гг. ХІХ ст.

Пашырэнне расійскага ўплыву на беларускіх землях. Паўстанне 1830 – 1831 гг. выклікала рэзкую перамену палітычнага курса расійскага ўрада ў Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне. Пераканаўшыся ў палітычнай нядобранадзейнасці мясцовага дваранства, урад Мікалая І зрабіў стаўку на поўную уніфікацыю дзевяці заходніх губерняў з Цэнтральнай Расіяй як адзіную надзейную гарантыю ўтрымання гэтай тэрыторыі ў складзе Расійскай імперыі. У верасні 1831 г. у Пецярбургу быў створаны Асобы камітэт па справах заходніх губерняў, які распрацоўваў палітыку ўрада ў дзевяці заходніх губернях адносна сістэмы кіравання, суда, асветы, культуры, шляхецкага саслоўя і інш.

Указам ад 1 студзеня 1831 г. ў Магілёўскай і Віцебскай губернях адмянялася дзеянне Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г. і ўводзілася расійскае заканадаўства. На тэрыторыі Беларусі ўводзілася новае заканадаўчае ўлажэнне – “Установа аб губернях”, усім дзяржаўным установам і пасадам даваліся расійскія назвы. У мясцовыя адміністрацыйныя органы пачалі прызначацца пераважна расійскія чыноўнікі, польская мова ў судовай справе замянялася на рускую.

У 1840 г. было поўнасцю адменена дзеянне Літoўскага Статута. Расійскае заканадаўства распаўсюдзілася на ўсю тэрыторыю Беларусі. Адначасова была праведзена адміністрацыйная рэформа. Яе вынікам стаў указ 18 ліпеня 1840 г., які прадпісаў замест агульнага наймення беларускіх і літоўскіх губерняў выкарыстоўваць іх назвы: Віцебская, Магілёўская, Віленская і Гродзенская.

Полацкі царкоўны сабор і яго вынікі. У 1827 – 1830 гг. праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на рэфармаванне уніяцкай царквы і збліжэнне яе з праваслаўнай. Была створана асобная грэка-уніяцкая калегія, чатыры уніяцкія епархіі рэарганізаваны ў Беларускую і Літоўскую. У практыцы богаслужэння прадугледжвалася выкарыстоўваць “мясцовы дыялект”. У аснову адукацыі дзяцей уніятаў была пакладзена праваслаўная сістэма навучання. У Віленскую каталіцкую семінарыю забаранялася прымаць уніятаў. Для іх у 1828 г. была створана асобная семінарыя ў Жыровічах (каля Слоніма).

Польскае паўстанне 1830 – 1831 гг. вызначыла лёс уніяцкай царквы. У 1836 г. ствараецца Сакрэтны камітэт па уніяцкіх справах. У студзені 1837 г. кіраванне уніяцкай царквой пераходзіць да Свяцейшага Сінода. У лютым 1838 г. памёр уніяцкі мітрапаліт І. Булгак, які быў апошняй перашкодай у справе скасавання уніі. Грэка-уніяцкую калегію ўзначаліў літоўскі епіскап І. Сямашка, які разам з епіскапамі В. Лужынскім і А. Зубко падтрымлівалі ідэю ліквідацыі уніяцтва. 12 лютага 1839 г. ў Полацку ў прысутнасці вышэйшага уніяцкага духавенства быў падпісаны “ Саборны Акт ” з просьбай на вышэйшае імя аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. Да прашэння быў прыкладзены спіс 1 305 свяшчэннікаў, якія падтрымалі аб’яднанне. “ Сінадальны ўчынак ” зацвердзіў Мікалай І. Усяго ў 1839 г. да праваслаўнай царквы далучылася каля 1,5 млн. вернікаў.

Змяненні палітыкі ў галіне асветы. З ўступленнем на прастол імператара Мікалая І у Расіі пачалося рэфармаванне сістэмы асветы. У аснову народнай асветы быў пакладзены прынцып строгай саслоўнасці. Гэта адлюстроўваў выдадзены ў 1828 г. “ Статут навучальных устаноў ”. Згодна з ім пачатковая і сярэдняя адукацыя падзялялася на тры катэгорыі: для дзяцей ніжэйшага саслоўя (сялян) прызначаліся аднакласныя прыходскія вучылішчы з элементарнай праграмай навучання; для сярэдняга саслоўя – трохкласныя вучылішчы з больш шырокай праграмай пачатковага навучання; для дзяцей дваран і чыноўнікаў уводзіліся сямікласныя гімназіі, заканчэнне якіх давала права для паступлення ва універсітэты. Статут ліквідаваў пераемную сувязь паміж ступенямі. Такім чынам, узровень адукацыі павінен быў адпавядаць сацыяльнаму становішчу вучня. Згодна з новым палажэннем аб навучальных акругах (1835 г.) яны выключаліся з-пад улады універсітэтаў, істотна пашыраліся правы папячыцеляў навучальных акруг.

У поўнай адпаведнасці з палажэннем “Статута” 1828 г. была створана Беларуская навучальная акруга (1829 г.). Дадатковыя палажэнні Статута 1828 г. так тлумачылі мэту стварэння акругі: “неабходнасць навучання юнакоў у адпаведнасці з асаблівасцямі Беларусі” і прадпісвалі “навучаць роднай мове”. У новую навучальную акругу ўвайшлі Віцебская, Магілёўская, а ў 1831 г. – і Мінская губерні.

Пасля паўстання 1830 – 1831 гг. апекуну Беларускай навучальнай акругі рэкамендавалася найхутчэй перайсці да выкладання ў свецкіх вучылішчах усіх прадметаў на рускай мове ў мэтах збліжэння тутэйшых жыхароў з “прыроднымі рускімі”. У маі 1832 г. у сувязі з закрыццём Віленскага універсітэта была ліквідавана Віленская навучальная акруга. Навучальныя ўстановы Віленскай, Гродзенскай губерняў і Беластоцкай вобласці ўвайшлі ў склад Беларускай навучальнай акругі. Цэнтр навучальнай акругі знаходзіўся ў Віцебску, яго папячыцелямі былі вядомы матэматык Р.І. Карташэўскі (1829 – 1835 гг.) і былы дырэктар вучылішчаў Закаўказскай вобласці і Тыфліскага шляхецкага пансіёна Е.А. Грубер (1836 – 1850 гг.).

Замест закрытага Віленскага універсітэта планавалася адкрыць у Оршы вышэйшае вучылішча для дзяцей дваран з далейшым яго пераўтварэннем у вышэйшую навучальную ўстанову. Але ў ходзе паўстання пачатая справа была спынена. Асігнаваныя для гэтага грошы былі пераведзены ў Кіеў на будаўніцтва універсітэта Святога Уладзіміра.

Дзеля абмежавання польскага ўплыву польская мова была выключана з праграм адукацыі. Толькі ў заходніх губернях акругі яна вывучалася як асобны прадмет па скарочанай праграме. У мясцовых школах забаранялася выкладаць выпускнікам Віленскага універсітэта. Падрыхтоўку выкладчыкаў для Беларусі пачала весці настаўніцкая семінарыя, створаная ў 1834 г. у Віцебску.

Важнай падзеяй у галіне асветы на Беларусі было адкрыццё ў 1840 г.Горы-Горацкай земляробчай школы, пераўтворанай у 1848 г. ў земляробчы інстытут. На пачатку 60-х гг. усяго на Беларусі налічвалася 567 навучальных устаноў усіх тыпаў, у тым ліку адно вышэйшае, 12 сярэдніх, 21 духоўнае вучылішча, звыш 400 пачатковых школ.

Адметнай рысай сістэмы асветы ў беларускіх губернях стала пашырэнне ваенна-вучэбных устаноў. Калі ў эпоху Аляксандра І, яны былі прадстаўлены юнкерскімі вучылішчамі ў Бабруйску, Дзінабургу і Магілёве, то пры Мікалаі І дадаткова адкрыліся кадэцкія карпусы ў Полацку (1835 г.) і Брэсце (1842 г.). Расійскім урадам яны разглядаліся як сродак выхавання дваранства ў духу вернасці самадзяржаўю і таму напалову камплектаваліся з дваранства беларускіх губерняў.

Супраць міфа беларускай савецкай гістарыяграфіі аб “забароне” расійскім урадам назваў “Беларусь” і “Літва”, “беларускія і літоўскія губерні”, беларускай мовы і беларускага друкаванага слова. У беларускай савецкай гістарыяграфіі, а таксама ў публікацыях апошніх дзесяцігоддзяў шырока выкарыстаны тэзісы аб т. зв. “забароне” Мікалаем I назваў “Беларусь” і “Літва”, “беларускія і літоўскія губерні”, аб забароне беларускай мовы і беларускага друкаванага слова. Ля вытокаў гэтых тэзісаў знаходзіліся складальнікі 2‑га тома дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі акадэмік М.М. Нікольскі, навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі АН БССР Д.А. Дудкоў, І.Ф. Лочмель і інш. Яны, перадрукоўваючы ўказ ад 18 ліпеня 1840 г. з “Хронологического указателя указов и правительственных распоряжений…”, на што зроблена адпаведная спасылка, замянілі яго назву: замест “Об именовании губерний Белорусских и Литовских, каждою отдельно: Витебскою, Могилевскою, Виленскою и Гродненскою” па палітыка-ідэалагічных матывах назвалі гэты дакумент так: “Забарона царом Мікалаем ужываць назвы Беларусь і Літва” (гл.: Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі (1772 – 1903). Мн.: Выдавецтва АН БССР, 1940. Т. 2. С. 369). Аналагічным чынам зрабілі і складальнікі 4‑га тома зборніка дакументаў і матэрыялаў “Белоруссия в эпоху феодализма”, якія далі такі загаловак указу ад 18 ліпеня 1840 г.: “Указ Сената о запрещении употребления терминов “Белоруссия и Литва” (гл.: Белоруссия в эпоху феодализма. Мн., 1979. Т. 4. С. 131).

Каб высветліць, аб чым ідзе размова ва ўказе ад 18 ліпеня 1840 г., прывядзём яго цалкам.

“1840. 18 июля. Сенатский, по Высочайшему повелению.

Об именовании губерний Белорусских и Литовских, каждою отдельно: Витебскою, Могилевскою, Виленскою и Гродненскою.

Правительствующий Сенат слушали предложение управляющего Министерством Юстиции, что управляющий делами Комитета Министров, по поручению оного, отношением от 26 минувшего июня сообщил ему, что по случаю внесения по высочайшему предписанию проекта указа, в котором упоминались губернии Белорусския и Литовския под сими наименованиями, государь император, зачеркнув название Белор





Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2017-02-25; Мы поможем в написании ваших работ!; просмотров: 919 | Нарушение авторских прав


Поиск на сайте:

Лучшие изречения:

Два самых важных дня в твоей жизни: день, когда ты появился на свет, и день, когда понял, зачем. © Марк Твен
==> читать все изречения...

2216 - | 2044 -


© 2015-2024 lektsii.org - Контакты - Последнее добавление

Ген: 0.015 с.