Лекции.Орг


Поиск:




Категории:

Астрономия
Биология
География
Другие языки
Интернет
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Механика
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Транспорт
Физика
Философия
Финансы
Химия
Экология
Экономика
Электроника

 

 

 

 


Глава 2. Палітычнае развіццё беларускіх зямель у ХІV – ХVІ стст.




§ 1. Беларускія землі ў грамадска-палітычным жыцці ВКЛ

Па форме дзяржаўнага ўладкавання ВКЛ уяўляла сабой поліэтнічную феадальную федэрацыю. Гэта тлумачылася перш за ўсё тым, што былі розныя палітычна-прававыя ўмовы ўваходжання ў склад дзяржавы асобных рэгіёнаў. Спачатку ўся дзяржава складалася з наступных, аўтаномных па сутнасці, частак: удзельных княстваў, аўтаномных абласцей, уласна Літвы, з прылеглымі да яе беларускімі часткамі, а таксама Кіеўскай, Валынскай і Падольскай зямель, якія мелі асаблівы аўтаномны лад да ўваходжання ў склад Кароны Польскай.

Удзельныя княствы былі раскіданы ў розных частках дзяржавы. Гэта Гарадзенскае, Новагародскае, Мінскае, якія ўвайшлі ў склад уласна Літвы ў другой чвэрці ХІV ст., Падляшша, Мсціслаўскае, Турава-Пінскае, Слуцкае, Капыльскае княствы. Пэўны час шмат такіх княстваў было на ўсходзе дзяржавы: Вяземскае, Тарапецкае, Бельскае, Трубчэўскае, Ноўгарад-Северскае, Старадубскае і інш. Удзельны князь прыносіў “пакору” вялікаму князю, плаціў яму даніну і дапамагаў дружынай у час вайны. Ва ўсім астатнім парадкі былі ранейшымі. На правах аўтаномных абласцей знаходзіліся Полацкая, Новагародская, Віцебская і Смаленская землі. Яны кіраваліся на аснове ўстаўных грамат, якія рэгулявалі мясцовае жыццё па прынцыпу, што “мы (г. зн. вялікі князь) даўніны не рушым і навіны не ўводзім”. Да ўласна Літвы адносіліся Трокскае і Віленскае княствы.

Імкнучыся больш цэнтралізаваць дзяржаву, прывязаць шчыльней да цэнтра славянскія землі і пашырыць у іх сацыяльную базу сваёй улады, вялікія князі літоўскія ажыццяўлялі палітыку зямельных падараванняў літоўскім феадалам на далучаных да княства землях. Але гэта мера мела і адваротны бок, бо вяла да змяншэння ўласных зямельных уладанняў вялікага князя (гаспадарскага дамена), скарачала матэрыяльную базу яго палітычнай улады ўнутры краіны. У той жа час узрасталі эканамічная роля і палітычны ўплыў буйных літоўскіх феадалаў, што замацоўвала федэратыўныя тэндэнцыі ў пабудове дзяржавы.

Барацьба цэнтралісцкіх і федэратыўных пачаткаў пранізвала ўсё ўнутрыпалітычнае жыццё княства ў ХІV – ХVІ стст. і вяла да крызісаў дзяржаўнай улады, якія пагражалі распадам ВКЛ.

Першы крызіс узнік неўзабаве пасля смерці вялікага князя Гедыміна ў 1341 г. і быў выкліканы парушэннем права наследавання трона. Скончыўся ён дзяржаўным пераваротам 1345 г., калі вялікі князь Еўнут быў звергнуты яго старэйшымі братамі Альгердам і Кейстутам. Еўнуту было перададзена Заслаўскае княства. Вялікім князем стаў Альгерд, які валодаў усходняй часткай дзяржавы, яго суправіцелем – Кейстут, у валоданні якога знаходзіліся заходнія землі княства з цэнтрам у Троках.

Другі палітычны крызіс узнік у 1377 г. пасля смерці Альгерда, калі, згодна з папярэдняй дамоўленасцю паміж братамі, пры падтрымцы Кейстута на велікакняжацкі прастол быў узведзены Ягайла Альгердавіч. Ён, як і яго бацька, імкнуўся да стварэння моцнай цэнтралізаванай дзяржавы. Але гэта задача ўскладнялася трыма акалічнасцямі. Па‑першае, рэальную ўладу Ягайла меў толькі ва ўсходняй частцы дзяржавы, у Троках і ўсёй заходняй частцы правіў стары Кейстут. Па‑другое, на велікакняжацкі трон прэтэндаваў князь Андрэй Полацкі, старэйшы сын Альгерда ад першага шлюбу. Па‑трэцяе, узмацнялася апазіцыя з боку заходнерускіх княстваў, якія былі незадаволены палітыкай цэнтралізацыі і былі супраць ідэі поўнага палітычнага зліцця з Літвой. Тут выспяваў шырокі грамадска-палітычны рух супраць умацавання ўлады вялікага князя. У 1377 г. Ягайла пазбавіў Андрэя Альгердавіча яго Полацкага ўдзелу. Андрэй збег у Пскоў і стварыў цэлую антылітоўскую кааліцыю ў складзе Маскоўскай дзяржавы, Смаленскага княства, Вялікага Ноўгарада і Лівонскага ордэна.

У гэты час сапсаваліся адносіны Ягайлы з Кейстутам. Апошні, выкарыстаўшы складанае становішча пляменніка, у 1381 г. захапіў вярхоўную ўладу ў дзяржаве. Наступіў новы, трэці па ліку, палітычны крызіс. Праз год, узяты ў палон Ягайлам, Кейстут быў задушаны ў цямніцы Крэўскага замка.

Быў яшчэ адзін фактар, які абцяжарваў праблему цэнтралізацыі дзяржавы: рост аўтарытэту Масквы на заходнерускіх землях пасля перамогі над татарамі на Куліковым полі ў 1380 г. Дарэчы, у гэтай бітве ўдзельнічалі і некаторыя князі з ВКЛ, напрыклад, той жа Андрэй Полацкі. Спроба нейтралізаваць гэту тэндэнцыю шляхам заключэння саюза паміж вялікімі князямі літоўскім і маскоўскім не прывяла да станоўчых вынікаў, бо маскоўскі бок выставіў умовы, непрымальныя для літоўскага. Самастойнаму гаспадару было не з рукі станавіцца васалам ханскага данніка.

Новае выйсце бачылася ў саюзе з Польшчай, якая акрамя апоры ў барацьбе з унутранай апазіцыяй разглядалася яшчэ і як саюзнік у змаганні з Тэўтонскім ордэнам. Польскія феадалы ў сваю чаргу хацелі засцерагчыся ад моцнага і небяспечнага ўсходняга суседа, а таксама пашырыць свае ўладанні за кошт княства: страціўшы Сілезію і Памор’е, яны прэтэндавалі на Валынь, Падолле і Галіцкую Русь.

Сітуацыю аблегчыла тое, што палякі ўбачылі ў вялікім князю літоўскім Ягайле кандыдатуру на ролю мужа сваёй малалетняй каралевы Ядзвігі і свайго будучага караля. Усё гэта прывяло да заключэння 14 жніўня 1385 г. у Крэве пагаднення з Польшчай, якое вядома пад назвай Крэўскай уніі. Тэкст уніі да нас не дайшоў, аднак вядома, што Ягайла, у адпаведнасці з яе ўмовамі, абавязаўся аб’яднаць Польшчу з Літвою і прыняць разам з усімі сваімі падданымі каталіцтва ўзамен на права стаць польскім каралём. У 1386 г. Ягайла быў абраны польскім каралём, прыняў каталіцтва, атрымаў імя Уладзіслаў і быў абвянчаны з каралевай Ядзвігай. Такім чынам, з дапамогай уніі ВКЛ павінна было быць інкарпаравана ў склад Кароны Польскай.

Унія прывяла да таго, што паступова пачала нарастаць каталіцызацыя Вялікага княства. Гэта ў сваю чаргу змяніла сацыяльна-прававое становішча беларускіх зямель у ім. Паводле прывілея Ягайлы ад 20 лютага 1387 г., феадалы каталіцкага веравызнання мелі істотныя перавагі ў параўнанні з праваслаўнымі. Яны атрымалі неабмежаванае права валодання і распараджэння сваімі вотчынамі, вызваляліся ад выканання многіх дзяржаўных павіннасцей. Другім прывілеем ад 22 лютага 1387 г. была абумоўлена магчымасць заключэння шлюбаў паміж католікамі і праваслаўнымі толькі ў выпадку пераходу апошніх у каталіцтва. Такім чынам, каталіцызацыя закранула інтарэсы не толькі вярхоў, але і шырокіх колаў праваслаўнага насельніцтва.

Дэскрымінацыя праваслаўнай знаці з канца XIV ст. абвастрыла становішча ў краіне. Супраць уніі і Ягайлы ўзнік грамадска-палітычны рух, які на першым этапе ўзначаліў князь Андрэй Полацкі. Аднак Ягайлу ўдалося падавіць выступленні, а Андрэй быў узяты ў палон і адпраўлены ў Польшчу.

На другім этапе (1389 – 1392 гг.) на чале руху стаў стрыечны брат Ягайлы Вітаўт. На гэты раз удалося адстаяць самастойнасць дзяржавы. Барацьба скончылася заключэннем Востраўскага пагаднення 5 жніўня 1392 г., якое значна карэктавала Крэўскую унію. ВКЛ было гарантавана адасобленае дзяржаўнае існаванне, але ў саюзе з Польшчай і пад верхаўладдзем польскага караля. Ягайла прызнаў Вітаўта вялікім князем літоўскім (1392 – 1430).

З мэтай умацавання цэнтральнай улады Вітаўт ліквідаваў сістэму спадчыннага ўдзельнага княжання і замяніў яе інстытутам намесніцтва. Намеснікамі прызначаліся як ранейшыя ўдзельныя князі, якія выказалі лаяльнасць Вітаўту, так і выдзвіжэнцы вялікага князя, пераважна літоўскага паходжання. Намеснікі з’яўляліся прадстаўнікамі цэнтральнай улады.

Адстаяўшы незалежнасць ВКЛ, Вітаўт разам з тым вымушаны быў згадзіцца на пашырэнне каталіцкага ўплыву. У 1413 г. Вітаўт і Ягайла падпісалі Гарадзельскую унію, якая, з аднаго боку, юрыдычна аформіла палітычную самастойнасць ВКЛ (але найвышэйшым князем літоўскім па‑ранейшаму заставаўся польскі кароль Ягайла), а з другога, пашырыла правы каталіцкай шляхты, бо дэкларавала выключнае права феадалаў-католікаў займаць дзяржаўныя пасады.

Так Гарадзельскі прывілей яшчэ больш паглыбіў раскол у грамадстве, што вылілася пасля смерці Вітаўта ў грамадзянскую вайну 1432 – 1436 гг. У ходзе яе федэрацыя распалася на дзве дзяржавы: Вялікае княства Літоўскае на чале з Жыгімонтам Кейстутавічам і Вялікае княства Рускае на чале са Свідрыгайлам Альгердавічам. Апошняе праіснавала чатыры гады. Каб ліквідаваць напружанасць у грамадстве польскі кароль Ягайла ў 1432 г. выдаў прывілей, які потым фактычна паўтарыў у 1434 г. Жыгімонт Кейстутавіч. Паводле гэтага прывілея, адбывалася ўраўнаванне ў маёмасных правах праваслаўнай і каталіцкай шляхты і перадача на карысць баяр дзяржаўнай павіннасці – дзякла. Аднак саслоўная роўнасць не была падмацавана палітычнай. Гэта азначала, што канчаткова праблема не была вырашана. Толькі 7 чэрвеня 1563 г. вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў прывілей, які ўраўняў у палітычных правах шляхту хрысціянскага веравызнання розных канфесій (праваслаўных, католікаў, пратэстантаў).

У ХV – пачатку ХVІ ст. можна было назіраць шэраг спроб палітычнай эліты ВКЛ разарваць асабістую унію з Польшчай. Гэта было ў час праўлення вялікага князя Казіміра Ягайлавіча (1440 – 1492) у 1440 – 1447 гг. і пры сыне апошняга вялікім князю Аляксандры (1492 – 1506) у 1492 – 1501 гг. У гэтыя перыяды асабістая унія з Польшчай перарывалася і заставалася толькі унія дынастычная. Апошняя спроба разарваць асабістую унію была зроблена ў час праўлення Жыгімонта Старога (1506 – 1548), калі ў 1529 г. на сейме ў Вільні па настаянні паноў Рады ВКЛ вялікім князем быў выбраны яго 9‑гадовы сын Жыгімонт Аўгуст. Але каранаваны ён так і не быў. Толькі ў 1544 г Жыгімонт Аўгуст пачаў выконваць абавязкі вялікага князя і кіраваў дзяржаўнымі справамі пры дапамозе паноў Рады. Калі ў лютым 1548 г. памёр Жыгімонт Стары, Жыгімонт Аўгуст стаў паўнапраўным польскім каралём і вялікім князем літоўскім.

 

§ 2. Знешняя палітыка ВКЛ у ХІV – сярэдзіне ХVІ стст.

Знешняя палітыка ВКЛ ХІV – сярэдзіны ХVІ стст. была цесна ўзаемазвязана з палітыкай унутранай і мела тры асноўныя напрамкі: заходні, усходні і паўднёвы.

На заходнім накірунку унія з Польшчай, нягледзячы на складаныя ўнутраныя вынікі, умацавала міжнародныя пазіцыі княства, забяспечыла адносны спакой на яго заходняй мяжы, дазволіла аб’яднаць сілы абедзвюх дзяржаў супраць агульных знешніх ворагаў.

У ХІV – першай палове ХV ст. галоўнымі ворагамі, з якімі ВКЛ даводзілася весці напружаную барацьбу, былі крыжакі. У 1409 г. пачалася так званая “Вялікая вайна” (1409 – 1411 гг.) паміж Польшчай і ВКЛ, з аднаго боку, і Тэўтонскім ордэнам, з другога. Менавіта антыкрыжацкі польска-літоўскі саюз дазволіў 15 ліпеня 1410 г. нанесці сакрушальнае паражэнне Тэўтонскаму ордэну ў Грунвальдскай бітве і спыніць крыжацкую экспансію на славянскія землі.

На паўднёвым напрамку княства кантактавала з татарскімі ордамі. У 1362 г. у бітве на р. Сінія Воды (Падолле) вялікі князь Альгерд ушчэнт разбіў татара-мангольскае войска. Пасля гэтай бітвы была вызвалена і далучана да ВКЛ большая частка Украіны (Кіеўшчана, Падолле). Разгром у сіняводскай бітве ўзмацніў цэнтрабежныя тэндэнцыі ў Залатой Ардзе, якая пачала развальвацца.

У 1395 г. чарговы залатаардынскі хан Тахтамыш пацярпеў паражэнне ад сярэднеазіяцкага хана Цімура, які выгнаў свайго саперніка. Вялікі князь Вітаўт, які імкнуўся аб’яднаць пад сваёй уладай усе рускія землі, заключыў з Тахтамышам пагадненне: Вітаўт паабяцаў вярнуць хану яго былы пасад “на Орде”, а Тахтамыш паабяцаў Вітаўту пасадзіць яго на княжанне ў Масковіі, якая з’яўлялася даннікам ардынскіх ханаў. Але гэтыя планы не спраўдзіліся, бо на р. Ворскла 12 жніўня 1399 г. кааліцыйнае войска Вітаўта і Тахтамыша было разгромлена войскамі Цімура.

У ХV ст. Залатая Арда распалася на некалькі ўлусаў: Вялікую, Перакопскую (Крымскае ханства), Казанскую, Астраханскую і Нагайскую орды. У сярэдзіне ХV ст. набегі Вялікай Арды на тэрыторыю ВКЛ практычна спыніліся. З другой паловы ХV ст. ускладніліся адносіны ВКЛ з Крымскім ханствам, якое ў 1480 г. заключыла антылітоўскі саюз з Вялікім княствам Маскоўскім. Штогод адбываліся набегі татар на тэрыторыю сучаснай Украіны. Часам яны даходзілі і далей, да беларускіх зямель. Іх актывізацыя назіралася на мяжы ХV – ХVІ стст., падчас маскоўска-літоўскіх войн. Падлічана, што за перыяд з 1500 г. да 1569 г. крымчакі наведаліся на беларускія землі 45 разоў. Інтэнсіўнасць нападаў некалькі аслабла пасля іх разгрому войскам ВКЛ на чале з князем Міхаілам Глінскім пад Клецкам у жніўні 1506 г. Наступнае буйнае паражэнне крымчакам было нанесена ў 1527 г. у бітве пад Каневам. Пазней іх набегі спыняліся наладжанай сістэма аховы паўднёвых рубяжоў дзяржавы, у т. л. стварэннем атрадаў казакаў на Украіне.

З канца ХV ст. найбольш прыярытэтным напрамкам знешняй палітыкі ВКЛ стаў усходні, на якім разгортваліся падзеі, што склалі асноўны змест канфлікту з Вялікім княствам Маскоўкім. К канцу ХV ст. яно ўзмацнілася і, падбіраючы астатнія рускія землі, у сутык падышло да межаў ВКЛ. Пачала нарастаць канфрантацыя паміж Вільняй і Масквой як двума цэнтрамі аб’яднання старажытнарускіх зямель. Масква прад’яўляла прэтэнзіі не толькі на тыя рускія княствы, якія пакуль яшчэ заставаліся самастойнымі, але і на землі ВКЛ, населеныя праваслаўным, рускім па тагачаснай тэрміналогіі, насельніцтвам. Літоўская ж дыпламатыя імкнулася ўбіць клін у аб’яднаўчыя працэсы ў Маскоўскай дзяржаве і прадтрымлівала апошнія самастойныя княствы Русі. Акрамя таго, пачынаючы з канца ХV ст., маскоўскі вялікі князь Іван ІІІ абвясціў сябе абаронцам інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва ВКЛ, умешваючыся тым самым ва ўнутраныя справы заходняга суседа. Сапраўды праваслаўе ў ВКЛ было не пануючым, а цярпімым веравызнаннем, але цярпімасць гэта была дастаткова шырокай і адкрытага гвалту над праваслаўнымі ў гэты перыяд тут не было. Таму заявы Івана ІІІ пра ўціск на праваслаўных у ВКЛ належыць прызнаць надуманымі, закліканымі апраўдаць агрэсію супраць заходняга суседа.

З 1487 да 1492 г. на памежжы фактычна ішла неаб’яўленая вайна, якая суправаджалася ад’ездамі т. зв. “украінных” князёў на службу ў Маскву. А з 1492 па 1494 г. доўжылася ўжо першая маскоўска-літоўская вайна. У выніку яе да Маскоўскай дзяржавы адышлі Вяземскае княства і землі ў вярхоўях Акі. ВКЛ адмовілася ад прэтэнзій на Пскоў, Ноўгарад, Цвер. Мірная дамова 1494 г. была замацавана шлюбам вялікага князя Аляксандра з Аленай, дачкой вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ. У 1500 г. пачалася чарговая маскоўска-літоўская вайна, якая доўжылася да 1503 г., калі было абвешчана 6‑гадовае перамір’е і вызначаны новыя межы паміж дзяржавамі. Да Масквы адышла прыкладна трэцяя частка тэрыторыі ВКЛ з 19 буйнымі гарадамі, у т. л. Гомелем, Бранскам, Чарнігавам, Ноўгарад-Северскім, Старадубам і г.д.

Пры Жыгімонце Старым войны з Маскоўскай дзяржавай аднавіліся. Вайна 1507 – 1508 гг. нікому не прынесла поспеху (ВКЛ вярнула толькі Любеч і пяць смаленскіх валасцей) і скончылася т. зв. “вечным мірам”, які доўжыўся толькі 4 гады. У 1512 г. вайна аднавілася. Яна цягнулася 10 гадоў. У ходзе яе 31 ліпеня 1514 г. быў страчаны Смаленск, а 8 верасня 1514 г. адбыласязнакамітая бітва пад Оршай, у якой гетман ВКЛ князь Канстанцін Астрожскі дашчэнту разбіў больш чым удвая пераважаючае маскоўскае войска. У 1522 г. было падпісана 5‑гадовае перамір’е, па ўмовах якога Смаленская зямля засталася за Масквой, шматлікі “маскоўскі палон” – за ВКЛ. Але мір так і не быў падпісаны з‑за спрэчак наконт Смаленска. Таму перамір’е было прадоўжана ў 1527 і 1532 гг. У 1534 г. пачалася чарговая вайна, якая доўжылася да 1537 г., калі было падпісана 5‑гадовае перамір’е, якое затым працягвалася ў 1542 і 1548 гг. (да 1562 г.). У выніку яе ВКЛ вярнула Гомель, аднак страціла шэраг тэрыторый на поўначы. У сярэдзіне ХVІ ст. ВКЛ сустрэлася з дамаганнямі Івана ІV ужо на сучасныя беларускія і ўкраінскія землі. Гэта сведчыла аб пагрозе існаванню ВКЛ. З 1559 г. ВКЛ аказалася ўцягнутым у чарговы ваенны канфлікт, які меў самыя страшныя наступствы для яго далейшага лёсу.

Такім чынам, у канцы ХV – пачатку ХVІ ст. у знешняй палітыцы ВКЛ адбылася пераарыентацыя і найбольш прыярытэтным напрамкам стаў усходні, дзе разгарнулася барацьба з Вялікім княствам Маскоўскім за так званую “спадчыну Рурыкавічаў”. Барацьба гэта прывяла да значных тэрыторыяльных страт і прымушала ВКЛ шукаць лепшага паразумення са сваім партнёрам па уніі – Польшчай.

 





Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2017-02-25; Мы поможем в написании ваших работ!; просмотров: 396 | Нарушение авторских прав


Поиск на сайте:

Лучшие изречения:

Что разум человека может постигнуть и во что он может поверить, того он способен достичь © Наполеон Хилл
==> читать все изречения...

2456 - | 2270 -


© 2015-2024 lektsii.org - Контакты - Последнее добавление

Ген: 0.007 с.