Лекции.Орг


Поиск:




Категории:

Астрономия
Биология
География
Другие языки
Интернет
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Механика
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Транспорт
Физика
Философия
Финансы
Химия
Экология
Экономика
Электроника

 

 

 

 


Актуальны рэпартаж: пранікненне ў Грынгатс 3 страница




- Ну-ну, поспехаў табе, - адказалі разам Рон і Герміёна, але Гары чамусь вырашыў, што перад іншымі настаўнікамі Снэйпу будзе цяжка яму адмовіць.

Гары падыйшоў да дзвярэй настаўніцкай і пагрукаў, але ніхто не адказаў. Гары пагрукаў зноў. Анічога.

Можа, Снэйп пакінуў кнігу ў настаўніцкай. Гары вырашыў паспрабаваць пашукаць яе там. Ён прыадчыніў дзверы і зазірнуў у пакой... і перад ягонымі вачыма паўстала жахлівае відовішча.

У настаўніцкай былі толькі Снэйп і Філч. Снэйп стаяў, узняўшы сваю мантыю вышэй за калена. На ягонай назе зеўрала моцна крывацечная рана, і Філч перабінтоўваў яе.

- Клятая пачвара, - прамовіў настаўнік. - Немагчыма прасачыць адразу за трыма галовамі.

Гары паспрабаваў як мага цішэй зачыніць дзверы, але...

- ПОТЭР!

Снэйпаў твар сказіла лютасцю, і ён хутка апусціў крысо мантыі, каб схаваць нагу. Гары паспрабаваў стрымаць сваё хваляванне.

- Я толькі хацеў забраць назад маю кнігу…

- ІДЗІ ПРЭЧ! ПРЭЧ АДСЮЛЬ!

Пакуль Снэйп не зняў з Грыфіндора яшчэ колькі балаў, Гары вырашыў адступіць, і зрабіў гэта надзвычай хутка.

- Якія поспехі? - спытаўся Рон, калі Гары зноў апынуўся ў гасцёўні. - Што здарылася?

Гары шэптам распавёў ім аб усім, што убачыў.

- Ці ведаеце, што гэта можа быць? - спытаўся ён, скончыўшы распавядаць аб убачаным у настаўніцкай. - Падчас Хэлоўіна ён паспрабаваў прайсці міма трохгаловага сабакі! Вось куды ён ішоў, калі мы яго бачылі... Снэйп жадае атрымаць тое, што той ахоўвае! Стаўлю ў заклад мятлу, што і троля ён выпусціў, каб адцягнуць увагу!

Герміёна агаломшана вытарапіла вочы.

- Не... немагчыма, - прамовіла яна. – Можа, Снэйп не надта добры чалавек, але ж ён не будзе спрабаваць скрасці тое, што схаваў Дамблдор.

- Герміёна, няўжо ты думаеш, што ўсе настаўнікі святыя ці накшталт таго, - гыркнуў Рон. - Я згодны з Гары. Сумняваюся я наконт Снэйпа. Але на што ён палюе? Што ахоўвае той сабака?

Калі Гары нарэшце лёг спаць, пытанні працягвалі раздзіраць ягоную галаву. У сваім ложку гучна хроп Нэвіл, і заснуць было немагчыма. Гары паспрабаваў ачысціць свой розум; ён павінны адпачыць, ён павінны, праз колькі гадзін адбудзецца ягоны першы квідычны матч... але выраз на Снэйпавым твары і ягоная параненая нага не выходзілі ў хлопчыка з галавы.

 

*

 

Наступная раніца выдалася яснай і вельмі марознай. Галоўная зала была запоўненая пахам смажаных кілбасак і гоманам вучняў, якія з нецярплівасцю чакалі першага матча па квідычы.

- Табе трэба пад’есці.

- Нешта не хочацца.

- Ну хоць кавалачак тосту, - упрошвала яго Герміёна.

- Я не галодны.

Гары жудасна сябе адчуваў. Праз гадзіну яму трэба будзе ісці на поле.

- Гары, табе патрэбная сіла, - прамовіў Шымас Фініган. - Супернікі перш за ўсё будуць біцца менавіта з паляўнічым.

- Дзякуй, Шымас, - сказаў Гары, назіраючы, як той налівае кетчуп на кілбаску.

Аб адзінаццатай гадзіне, здавалася, уся школа апынулася на трыбунах. Шмат хто з вучняў меў біноклі. Сядзенні знаходзіліся высока над зямлёй, але часам цяжка было зразумець, што адбываецца на полі.

Рон і Герміёна селі на верхнім раду разам з Нэвілам, Шымасам і фанатам Вестхэма Дынам. У якасці сюрпрыза для Гары яны адну з сапсаваных Скаберсам прасцінаў ператварылі на транспарант “Потэра ў прэзідэнты”; Дын, які добра валодаў пэндзлем, намаляваў унізе грыфіндорскага ільва. А Герміёна, крыху пачараваўшы, зрабіла так, каб фарба на транспаранце пералівалася рознымі колерамі.

Тым часам Гары разам з астатнімі гульцамі пераапранаўся ў фірмовую пунсовую квідычную форму (слізэрынцы гулялі ў зялёных мантыях).

Вуд кашлянуў, каб ўсе замаўчалі.

- Ну добра, мальцы, - прамовіў ён.

- І дзеўкі, - дадала пераследніца Анджэліна Джонсан.

- І дзеўкі, - пагадзіўся Олівер. - Надыйшоў наш дзень.

- Найвялікшы, - сказаў Фрэд Візлі.

- Дзень, які мы доўга чакалі, - дадаў Джордж.

- Мы ведаем Олівераву прамову на памяць, - растлумачыў Фрэд Гары, - мы ў камандзе ўжо другі год.

- Сціхніце, абодва, - гыркнуў Вуд. - Мы сабралі лепшую грыфіндорскую каманду за апошнія гады. І мы збіраемся перамагчы. Я веру ў гэта.

Ён абвёў каманду позіркам, быццам кажучы: “Альбо я вам так выдам”.

- Добра. Час. Поспехаў.

Услед за Фрэдам і Джорджам, спадзяючыся, што ў яго не дрыжаць калені, Гары выйшаў з распранальні на поўнае гоманам квідычнае поле.

Судзіла матч мадам Хуч. Яна стаяла, трымаючы ў руках мятлу, у цэнтры поля і чакала, калі да яе падыйдуць гульцы абедзвюх камандаў.

- Так, я патрабую ад вас сумленнай гульні, - прамовіла яна удзельнікам камандаў. Гары падалося, што ў гэты момант яна асаблівым чынам звярталася да слізэрынскага капітана, пяцігодкі Маркуса Флінта, як выглядаў так, быццам у яго сярод продкаў былі тролі. Краем вока Гары заўважыў плакат “Потэра ў прэзідэнты”. Сэрца шалёна закалацілася, і ён адчуў сябе лепей.

- Калі ласка, сядайце на мётлы.

Гары ўскараскаўся на свой Німбус.

Мадам Хуч паднесла да вуснаў срэбны свісток і моцна дунула.

Пятнаццаць мётлаў узнеслася высока-высока ў паветра. Гульня пачалася.

- Квафл адразу ж апынуўся ў Анджэліны Джонсан з Грыфіндору... яна выдатная пераследніца, да таго ж вельмі прывабная дзяўчына, і...

- ЁРДАН!

- Прабачце, мадам прафесар.

Матч каментаваў сябра блізнятаў Візлі – Лі Ёрдан, за якім пільна сачыла прафесарка МакГонагал.

- Яна разагнала сваю мятлу, кінула пас Алісіі Спінэт, выдатнай знаходцы Олівера Вуда, якая правяла мінулы год у рэзерве... зноў пас Джонсан... нееее, Маркус Флінт – капітан слізэрынцаў - перахоплівае квафл... бы арол, ён нясецца ў бок грыфіндорскіх колаў... зараз лік бу... не, грыфіндорскі наглядчык Вуд ловіць квафл і аддае яго Кэці Бэл, яшчэ адной грыфіндорскай пераследніцы... яна нырае пад Флінта, уздымаецца ўгару... АЁЙ... напэўна, гэта вельмі балюча - атрымаць бладжэрам па карку... квафл зноў у слізэрынцаў... Адрыян Пасі нясецца да грыфіндорскіх колаў, але спыняецца, атрымаўшы другога бладжэра... не магу сказаць вам, хто з двух Візлі, Фрэд ці Джордж, яго паслаў... цудоўныя бітакі, так ці інакш, квафл зноў у Джонсан... наперадзе чыстае поле... Анджэліна ўварочваецца ад бладжэра... яна ў колаў варотаў... ну, давай, Анджэліна... слізэрынскі наглядчык Блэчлі кідаецца за квафлам... прамахваецца... ГРЫФІНДОР АДКРЫВАЕ ЛІК!

Паветра напоўнілася радаснымі енкамі грыфіндорцаў і стогнамі Слізэрына.

- Пасуньце’, пасуньце’ крыху.

- Хагрыд!

Рон з Герміёнаю адпаўзлі ўбок, каб даць Хагрыду магчымасць сесці.

- Я ‘азіраў са сваёй хаціны, - паведаміў волат, пагладзіўшы вялізны бінокль на шыі, - але гэт’ не той’ самае. Сніч ‘шчэ не бачна?

- Ані, - адказаў Рон. - Гары сябе пакуль не паказаў.

- Але й’ праблем нь’ меў. Хаця што там, - прамовіў Хагрыд, назіраючы ў бінокль за далёкай маленькай плямачкай, якой быў Гары.

Хлопчык лятаў далёка над усімі астатнімі гульцамі і пільна шукаў сніч. Гэта было часткай тактыкі, якую яны распрацавалі супольна з Вудам.

- Не суйся ў гульню, пакуль не ўбачыш сніч, - казаў яму Вуд. - Я не хачу, каб цябе атакавалі.

Калі Анджэліна зрабіла гол, Гары, паддаўшыся эмоцыям, зрабіў мёртвую пятлю, але цяпер зноў вярнуўся на свой пост. Аднаго разу яму падалося, што ён бачыў залаты бляск, але гэта быў толькі наручны гадзіннік аднаго з блізнятаў. А яшчэ раз за ім пагнаўся падобны да гарматнага ядра бладжэр, які вырашыў змяніць свой курс, аднак Гары ад яго ўхіліўся, а потым бладжэр перахапіў Фрэд.

- Гары, з табой ўсё балазе? - спытаўся ён, паслаўшы мяч у Маркуса Флінта.

- Квафл у слізэрынцаў, - каментаваў Лі Ёрдан. - Пераследнік Пасі абыходзіць адразу два бладжэры ад блізнятаў Візлі і грыфіндорскую пераследніцу Бэл, імчыцца да варотаў... чакайце... ці гэта часам не сніч?

Па натоўпе пранеслася хваля шэпту, калі Адрыян Пасі выпусціў квафл, заўважыўшы бліскучы залаты мячык, які пранесся міма ягонага левага вуха.

Гары яго таксама ўбачыў. Адчуўшы хвалю ўзрушэння, Гары прыціснуўся да мятлы і нырнуў. Але сніч заўважыў і Тэрэнс Хігс са Слізэрыну. Бок аб бок паляўнічыя абедзвюх камандаў панесліся за залатым мячыкам... склалася ўражанне, што пераследнікі забыліся аб гульні і, завіснуўшы ў паветры, прыняліся назіраць за Гары і Тэрэнсам.

Гары быў хутчэйшым... ён ужо выразна бачыў наперадзе маленечкі мячык з трапяткімі крылцамі... хлопчык яшчэ больш паскорыў рух...

БУХ! Абуранае равенне пранеслася па грыфіндорскай трыбуне.... Маркус Флінт апынуўся на шляху Гары, і хлопчык, каб не разбіцца, быў вымушаны змяніць курс.

- Фол! - галасілі грыфіндорцы.

Мадам Хуч нешта разлютавана прамовіла Флінту і прызначыла ў слізэрынскія вароты штрафны ўдар. Аднак падчас гэтай мітусні залаты сніч, вядома ж, знік з вачэй.

- Суддзя, выдаліць яго з поля! - крычаў Дын Томас. - Чырвоную картку яму!

- Дын, гэта не футбол, - нагадаў яму Рон, - у квідычы нельга выдаляць з поля гульцоў... і што такое чырвоная картка?

Аднак Хагрыд быў цалкам на боку Дына.

- Трэ’ змяніць правіла, Флін’ мог скін’ць Гары з мятлы.

Вядома ж, Лі Ёрдану таксама было цяжка заставацца неперадузятым.

- Працягваем... пасля відавочнага і гідкага махлярства...

- Ёрдан! - гыркнула прафесарка МакГонагал.

- Я меў на ўвазе, пасля гэткага непрыкрытага, брыдотнага фолу...

- ЁРДАН, Я ВАС ПАПЯРЭДЖВАЮ...

- Добра, добра! Пасля таго, як Флінт ледзь не забівае грыфіндорскага паляўнічага, што можа здарыцца з кожным, штрафны квафл б’е Спінэт, квафл ляціць вышэй за вароты, нічога жудаснага, а гульня працягваецца, квафл у Грыфіндора.

Гары пазбег сутычкі з бладжэрам, які пранёсся на небяспечнай адлегласці ад ягонай галавы. І тут ягоная мятла, быццам чагосьці напалохаўшыся, шалёна скокнула ў паветры. Перапужаўшыся, што зараз зваліцца, Гары абедзвюма рукамі і каленямі ўхапіўся за мятлу. Нічога падобнага з ім яшчэ не здаралася.

Мятла зноў скокнула. Складалася ўражанне, што мятла жадала скінуць яго, але чаму? Гары разумеў, што Німбус не павінны рабіць нічога падобнага. Ён паспрабаваў развярнуцца і падляцець да грыфіндорскіх колаў, каб папрасіць у Вуда тайм-аут, і тут зразумеў, што мятла цалкам выйшла з-пад яго кантролю. Німбус не слухаўся. Гары заставалася толькі шалёнымі зігзагамі скокаць у паветры і спрабаваць не зваліцца.

Лі працягваў каментыяваць.

- Слізэрын атакуе... квафл у Флінта... ён абыходзіць Спінэт... абыходзіць Бэл... атрымлівае бладжэрам у твар, спадзяюся, яму зламалі нос... прафесар, гэта жарт... гол... вой, не...

Слізэрынцы кінуліся пляскаць у далоні. І ніхто, здавалася, не заўважыў, што адна мятла паводзіць сябе дзіўна. Яна ўздымалася ўсё вышэй і вышэй, дрыгаючыся і кідаючыся сюды-туды ў паветры.

- Што Гары сабе дум’е, - назіраючы за хлопчыкам у бінокль, прамармытаў Хагрыд. – К’лі б я не ведаў ‘йго дастаткоў’ добра, я б выр’шыў, што ён не кантралюй’ мятлу... але ён не можа...

Раптам дзіўныя паводзіны мятлы заўважылі астатнія гледачы; яна працягвала шалёна круціцца і скокаць у паветры, і невядома, якім чынам хлопчык працягваў на ёй сядзець. Натоўп вохнуў, Німбус звар’яцела тузануўся, і хлопчык страціў раўнавагу. Цяпер ён вісеў у паветры, трымаючыся за мятлу адной рукой.

- Можа, з мятлой нешта здарылася, калі на Гары наскочыў Флінт? - прашаптаў Шымас.

- Немагчым’, - дрыжачым голасам заўважыў Хагрыд, - Німбусу-2000 не можа пашкодзь’ць нейкі дзіцёнак, яе можа сапс’ваць тольк’ чорна’ магія...

Падчас Хагрыдавай прамовы Герміёна схапіла ягоны бінокль, але замест таго, каб глядзець на Гары, прынялася разглядаць нешта ў натоўпе.

- Што ты робіш? - прастагнаў ушчэнт збляднелы Рон.

- Я ведаю, што адбываецца, - вохнула дзяўчынка. - Паглядзі на Снэйпа.

Рон схапіў бінокль. Снэйп сядзеў насупраць іх у цэнтры трыбуны. Ён вытарапіўся на Гары і нешта бесперапынна мармытаў.

- Ён нешта мармыча... пэўна, сурочыць мятлу, - прамовіла Герміёна.

- Нам трэба нешта зрабіць?

- Дазволь мне.

Перш чым Рон паспеў адказаць нешта, Герміёна знікла. Рон зноўку паглядзеў на Гары. Было сапраўдным цудам тое, што хлопчык гэдак доўга трымаецца на мятле. Напалоханыя гледачы ўскочылі на ногі і з жахам назіралі, як браты Візлі паспрабавалі падляцець да Гары і перасадзіць яго на адну са сваіх мётлаў, але ў іх нічога не атрымлівалася: як толькі нехта з іх набліжаўся да Німбуса, той уздымаўся вышэй. Таму блізняты, апусціўшыся ўніз, кружлялі пад мятлой у надзеі, што ў іх атрымаецца схапіць Гары, калі той раптам упадзе. Маркус Флінт схапіў квафл і пяць разоў забіў яго ў грыфіндорскае кола, але гэтага аніхто не заўважыў.

- Давай жа, Герміёна, - у адчаі мармытаў Рон.

Герміёна паімчалася па праходзе да трыбуны, дзе сядзеў Снэйп. Яна хутка бегла між радамі, не спыніўшыся нават, каб папрасіць прабачэння ў прафесара Квірэла, якога выпадкова скінула з сядзення. Дабяжаўшы да Снэйпа, Герміёна прысела на кукішкі, выцягнула палачку і прашаптала колькі добра падабраных словаў. Яскравы блакітны агонь стрэліў з кончыку палачкі і падпаліў прытол Снэйпавай мантыі.

Прайшло паўхвіліны, перш чым прафесар зразумеў, што гарыць. Ягоны раптоўны енк паведаміў Герміёне, што справа зробленая; яна зграбла агонь у шклянку і кінулася назад... Снэйп нават не здагадаўся, што здарылася.

Але гэтага хапіла, каб Гары змог нанова асядлаць раптам ізноў спакойную мятлу.

- Ужо можна глядзець! - паведаміў Рон Нэвілу, які апошнія пяць хвілінаў плакаў, прыткнуўшыся да Хагрыдавай курткі.

Гары ляцеў да зямлі, і тут гледачы заўважылі, што ён прыціскае рукою рот, быццам яго ванітуе... ён сеў на поле і, саскочыўшы з мятлы, паваліўся на карачкі... кашлянуў... нешта залатое павалілася яму на далонь.

- Я злавіў сніч! - закрычаў ён, уздымаючы руку над галавой. Такім чынам, гульня скончылася ў поўнай разгубленасці.

- Ён яго не злаві ў, ён яго ледзь не праглынуў, - яшчэ дваццаць хвілінаў пасля заканчэння гульні лямантаваў Флінт, але ніхто яго не слухаў. Гары не парушыў аніякіх правілаў, і Лі Ёрдан абвесціў вынікі матчу - з лікам сто семдзесят на шэсцьдзесят Грыфіндор перамог. Але Гары гэтага не чуў. З вялікім кубкам гарбаты ў руках ён сядзеў разам з Ронам і Герміёнай у Хагрыдавай хаціне.

- Гэта ўсё Снэйп, - заявіў Рон. - Мы з Герміёнай бачылі, як ён сурочыў тваю мятлу. Ён мармытаў, не спускаючы з цябе вачэй.

- ‘Лупства, - прамовіў Хагрыд, які не чуў іх размовы падчас гульні. – Нашто Снэйпу гэт’ рабіць?

Гары, Рон і Герміёна перазірнуліся, вырашаючы, ці расказаць Хагрыду аб тым, што яны ведалі. Гары вырашыў расказаць.

- Я сёе-тое пра яго ведаю, - паведаміў ён брамніку. - На Хэлоўін ён паспрабаваў прайсці міма трохгаловага сабакі і той укусіў яго. Магчыма, Снэйп вырашыў скрасці нешта, што сабака ахоўвае.

Хагрыд выпусціў з рук імбрычак.

- ‘Куль вы ведаце пра Флуфі? - спытаўся ён.

- ФЛУФІ?

- Так... гэт’ мой сабака... набыў ‘го ў мінулым годзе ў аднаго грэцкага мальца... Дамблдор пазыч’ ‘го ў мяне дзель’ аховы...

- І што? - з нецярпілвасцю спытаўся Гары.

- Больш ні аб чым у м’не не пытайце’, - змрочна адказаў Хагрыд, - Гэт’ вялікі сакрэт, вось.

- Але Снэйп жадае гэта скрасці.

- Лухцень, - прамовіў Хагрыд, - Снэйп - хогварцкі наста’нік, нашто яму рабіць нешта падобнае.

- А чаму ён тады жадаў забіць Гары? - уз’енчыла Герміёна.

Сённяшнія падзеі, здаецца, прымусілі дзяўчынку змяніць сваё стаўленне да Снэйпа.

- Я ведаю, што ён сурочыў мятлу, Хагрыд, я чытала пра гэта! Дзеля гэтага патрэбны зрокавы кантакт, а Снэйп глядзеў на мятлу, нават не міргаючы, я сама бачыла!

- А я к’жу, што ты памыляе’ся! - палка прамовіў палясоўшык. - Я не вед’ю, што стал’ся з мятлой, але Снэйп ніколь’ бы не спраб’ваў забіць на’ўчэнца! І ‘шчэ, слухаце м’не ўважліва, усе трой’... не лезьце ў справы, якія вас не датычаць’. Гэт’ небяспечна. Забудз’цесь’ аб сабаку, забудз’цесь’ аб тым, што ён ‘хоўвае. Гэт’ справа прафесара Дамблдора і Нікалас’ Фламеля...

- Ага! - усклікнуў Гары. - Да ўсяго гэтага мае дачыненне нейкі Нікалас Фламель!

Здавалася, Хагрыд быў сам на сябе моцна раззлаваны.

 

— РАЗДЗЕЛ ХІІ —

 

Люстэрка Урам

 

Набліжаліся Каляды. Аднойчы раніцай у сярэдзіне снежня Хогвартс прачнуўся, завалены колькіфутавымі гурбамі снегу. Возера замёрзла, а блізняты Візлі былі пакараныя за тое, што зачаравалі снежкі, каб яны пераследавалі прафесара Квірэла і біліся яму ў турбан. Колькі соваў, што змаглі дабрацца да школы з поштаю, былі адпраўленыя да Хагрыда на гадаванне, перш чым іх пусцілі ў зваротны шлях.

Усе вучні не маглі дачакацца калядных вакацыяў. Хаця ў галоўнай залі і грыфіндорскай гасцёўні палала безліч комінаў, па калідорах блукаў скразняк, а вокны ўсіх аўдыторый грукаталі ад рэзкага ільдзянога ветру. Горш за ўсё было ў падзямеллі, на занятках у прафесара Снэйпа: з ротаў валіла пара, і вучні шчыльней прыціскаліся да гарачых катлоў.

- Як мне шкада, - заявіў на адным з заняткаў па зеллеварстве Драко Малфой, - тых, хто застанецца ў Хогвартсе на Каляды, бо дома яны анікому не патрэбныя.

Кажучы гэта, ён глядзеў на Гары. Крэйб і Гойл пасміхнуліся. Але Гары, які ў гэты час адмяраў парашок з голак крылаткі, цалкам іх праігнараваў. Пасля пройгрышу слізэрынскай каманды Малфой зрабіўся яшчэ больш невыносным, чым звычайна. Не задаволены вынікамі, ён колькі часу спрабаваў прымусіць усіх смяяцца, кажучы, што наступным паляўнічым у грыфіндорскай камандзе, напэўна, будзе дрэўная жабка, бо ў той самы шырокі рот. Аднак хутка Малфой зразумеў, што ніхто не лічыць гэта смешным, больш за тое, большасць вучняў была ўражаная тым, як у Гары атрымалася столькі часу ўтрымлівацца на звар’яцелай мятле. Так што цяпер раз’юшаны і зайздрослівы Драко вярнуўся да здзекаў з Гары праз адсутнасць у таго сям’і.

Шчыра кажучы, Гары і не збіраўся вяртацца на Прайвет-Драйв на вакацыі. Калі за тыдзень да Калядаў прафесарка МакГонагал прыйшла, каб скласці спіс тых, хто застанецца на вакацыі ў школе, хлопчык запісаў сваё імя першым. Ён зусім не шкадаваў сябе, наадварот, лічыў, што гэтыя Каляды будуць для яго лепшымі за ўвесь час. Рон і ягоныя браты таксама заставаліся ў Хогвартсе, бо іхныя бацькі сабраліся ў Румынію, каб адведаць там свайго сына Чарлі.

Калі пасля заняткаў яны пакінулі падзямелле, праход наверх ім быў перакрыты агромістай елкай. Дзве велізарныя нагі знізу і моцная задышка падказалі вучням, што дрэва нёс Хагрыд.

- Здароўку, Хагрыд, ці табе дапамагчы? - спытаўся Рон, сунуўшы галаву ў галлё.

- Неа, ‘сё добра, дзяк’, Рон.

- Адсунься! - данёсся ззаду халодны працяжны голас Малфоя. - Што, шукаеш, як зарабіць крыху грошаў, Візлі? Жадаеш пасля заканчэння Хогвартса пайсці ў брамнікі, так... зразумела ж, Хагрыдава халупа – палац у параўнанні з тым, да чаго прызвычаілася твая сям’я.

Рон кінуўся на Малфоя, але ў той жа момант на лесвіцы з’явіўся Снэйп.

- ВІЗЛІ!

Рон адпусціў вопратку Малфоя.

- Ён быў справак’ваны, прафес’ Снэйп, - прамовіў Хагрыд, высунуўшыся з-за елкі. - Малфой ‘бражаў ‘йгоную сям’ю.

- Што б там ні здарылася, Хагрыд, але бойкі супраць школьных правілаў, - лісліва заявіў Снэйп. - Пяць балаў з Грыфіндора, Візлі, і скажы дзякуй, што не больш. А цяпер разыйдзіцеся.

Малфой, Крэйб і Гойл, усміхаючыся і раскідаючы голкі ўва ўсе бакі, рушылі міма яліны.

- Я яму яшчэ выдам, - скрыгочучы зубамі ўслед Малфою, сказаў Рон. - Прыйдзе час...

- Я ненавіджу абодвух, - прамовіў Гары. - І Малфоя, і Снэйпа.

- Ну-ну, насы ўгор’, хутка Каляды, - супакоіў іх Хагрыд. – Слух’це, хадземце са мной у г’лоўну’ залу, там так прыгожа.

Услед за Хагрыдам Гары, Рон і Герміёна накіраваліся ў залу, дзе прафесарка МакГонагал і прафесар Флітвік займаліся падрыхтоўкай да свята.

- А, Хагрыд, гэта апошняя елка? Пастаў яе там, у дальнім куце.

Відовішча ўражвала. Па ўсіх сценах віселі гірлянды з вастралісту і амелы, а вакол сталоў размясцілася прынамсі дванаццаць елак, частка з якіх была ўпрыгожаная маленечкімі зіготкімі ледзяшамі, а на астатніх палалі сотні свечак.

- Кольк дзён вам заст’лося да вакац’? - спытаўся брамнік.

- Адзін, - адказала Герміёна. – Дзякуй, што нагадаў: Гары, Рон, да абеду паўгадзіны, нам трэба заскочыць у бібліятэку.

- А, так-так, сапраўды, - прамовіў Рон, вытарапіўшыся на тое, як прафесар Флітвік выдзьмуваў са сваёй палачкі залатыя бурбалкі і ўпрыгожваў імі апошнюю елку.

- У бібл’ятэку? - здзівіўся Хагрыд, гледзячы, як тройца пакідае залу, - Перад вакац’ямі? Ці вы не за’ўчыліся?

- Гэта не дзеля працы, - хутка адказаў Гары. - З таго моманту, як ты паведаміў аб Нікаласе Фламелі, мы спрабуем высветліць, хто ён такі.

- Вы ШТО? - агаломшана прамовіў Хагрыд. – Слух’це... я ‘жо вам казаў... кіньце дурное. Вас не датычыць’ тое, што ‘хоўвае сабака.

- Мы толькі хочам ведаць, хто такі Фламель, - адказала Герміёна.

- Калі хочаш, можаш нам сам расказаць, - дадаў Гары. - Мы ўжо абшукалі не адну сотню кніг, але нідзе яго не знайшлі... ці не даш падказку... я ж памятаю, што недзе ўжо бачыў гэтае імя.

- Ань’чога я не скажу, - заўпарціўся Хагрыд.

- Нам папросту цікава, - прамовіў Рон, і, пакінуўшы незадаволенага Хагрыда, тройца паспяшалася ў бібліятэку.

І сапраўды, ажно з таго моманту, як Хагрыд выпадкова прагаварыўся, яны займаліся пошукамі Фламеля ў разнастайных кнігах. Ім неабходна было ведаць, што збіраўся скрасці Снэйп. Але бяда была ў тым, што яны не ведалі, адкуль распачаць свой пошук, бо не ведалі, што той Нікалас Фламель зрабіў. Яго не ўзгадвалі ані ў “Вялікіх чараўніках ХХ стагоддзя”, ані ў “Вядомых чараўніках сучаснасці”. Не было ягонага імя і ў “Найважлівейшых магічных адкрыццях нашага часу”, не кажучы ўжо пра “Даследванне апошніх чароўных падзей”. Да таго ж сама бібліятэка была папросту агромістай. Яна змяшчала колькі дзясяткаў тысяч кніг на тысячах паліц на сотнях вузкіх стэлажоў.

Герміёна дастала з кішэні спіс кніг і пачала ўголас называць іх, а Рон крочыў уздоўж стэлажоў і выцягваў неабходныя. Гары ж тым часам блукаў па забароненай секцыі. Яму было цікава, ці не знойдзецца імя Нікаласа Фламеля там. На жаль, каб паглядзець іх, неабходна было мець адмысловы дазвол ад кагосьці з настаўнікаў. Тут былі кнігі, якія месцілі ў сабе магутную чорную магію, якую не вывучалі ў Хогвартсе, і доступ да іх мелі толькі вучні старэйшых курсаў, якія паглыблена вучыліся Абароне ад цёмных мастацтваў.

- Ты нешта шукаеш тут, хлопчык?

- Нічога, - адказаў Гары.

Бібліятэкарка – мадам Пінс - махнула ў ягоны бок мяцёлкаю для змахвання пылу.

- Тады табе лепей сыйсці. Давай... вэк адсюль!

Не жадаючы губляць час на прыдумленне якой-небудзь верагоднай гісторыі, Гары пакінуў бібліятэку. Яны з Ронам і Герміёнаю дамовіліся нічога не пытацца аб Фламелі ў мадам Пінс. Яна, зразумела ж, ведала, дзе можна знайсці інфармацыю пра яго, але была рызыка, што Снэйп пачуе аб гэтых пошуках.

Гары стаяў у калідоры і чакаў, пакуль Рон з Герміёнаю выйдуць і распавядуць аб сваіх выніках, але надзеі ў яго было мала. Яны шукалі ўжо два тыдні, але рабілі гэта між заняткамі, і нядзіўна, што пакуль нічога не знайшлі. Што ім сапраўды было патрэбна, дык гэта доўгі, мэтанакіраваны пошук, без мадам Пінс над душой.

Праз пяць хвілінаў да Гары далучыліся Рон з Герміёнай; яны не знайшлі нічога. Тройца накіравалася на абед.

- Добра, пакуль я буду дома, працягвайце пошук, - сказала Герміёна. - А як штосьці знойдзеце, дашліце мне саву, згода?

- А ці ты не магла б спытацца пра Фламеля ў бацькоў? - спытаўся Рон. – Думаю, гэта будзе дастаткова бяспечна.

- Так, - адказала Герміёна, - гэта дакладна будзе бяспечна, яны ж у мяне дантысты.

 

*

 

Пачаліся вакацыі, і ў Гары з Ронам з’явілася досыць часу, каб разважаць аб Фламелі. Больш за тое, амаль уся грыфіндорская вежа была ў іх поўным распараджэнні, і цяпер ім было даволі лёгка займаць фатэлі ля самога коміна. Хлопцы сядзелі там і на доўгіх пожагах смажылі кавалкі хлеба, зефір ці рабілі аладкі... а яшчэ прыдумлялі спосабы выгнання са школы Малфоя, большасць з якіх не спрацавала б. Аднак разважаць аб Малфоевым выключэнні ўсё адно было прыемна.

А яшчэ Рон вучыў Гары гуляць у чарадзейскія шахматы. Яны былі вельмі падобныя да маглаўскіх, за тым выключэннем, што фігуры былі жывыя і імі трэба было кіраваць, бы камандзір войскам. Ронавы шахматы былі старымі і падрапанымі. Як і ўсе ягоныя рэчы, шахматы дасталіся яму ў спадчыну... на гэты раз ад дзядулі. Але ў Рона не было праблемам з узростам фігур: ён вывучыў іх настолькі добра, што яны разумелі яго з паўслова.

Гары гуляў шахматамі, якія яму пазычыў Шымас Фініган, і фігуры яму не давяралі. Да таго ж ён гуляў не надта добра, таму шахматы ўвесь час збівалі яго з панталыку дробнымі парадамі: “Не пасылай мяне туды, хіба не бачыш, там стаіць ягоны конь? Лепей пашлі яго, ім можна ахвяраваць”.

На Вігілію Гары паклаўся спаць у прадчуванні вялікай колькасці ежы і весялосці, але зусім не чакаючы падарункаў, аднак першым, што ён убачыў, прачнуўшыся, была купа разнастайных пакункаў ля свайго ложка.

- З Божым Нараджэннем, - сонна прамовіў Рон, калі Гары ўзняўся з ложку і апрануў халат.

- Цябе таксама, - адказаў Гары. - Ты толькі паглядзі. Я маю колькі падарункаў!

- А ты чаго жадаў, купу рэпы? - прамовіў Рон, павярнуўшыся да сваіх падарункаў, якіх было значна больш, чым у Гары.

Гары ўзяў з купы верхні пакуначак, загорнуты ў карычневую паперу. Ён быў ад Хагрыда. Усярэдзіне была груба зробленая, магчыма, самім брамнікам, флейта. Гары падзьмуў у яе... флейта выдала гук, які здорава нагадваў савінае вухканне.

Да другога пакуначка, самага маленечкага ў купе, прыкладаўся ліст:

“Тваю паштоўку атрымалі, дасылаем разам з лістом твой калядны падарунак. Твае дзядзька Вернан і цётка Пятуння”.

Да ліста скотчам была прылепленая пяцідзесяціпенсавая манета.

- Як прыемна, - заўважыў Гары.

Рон зачаравана вытарапіўся на пяцідзесяціпенсавік.

- Нешта дзіўнае! - прамовіў ён. - І што гэта такое? Грошы?

- Можаш пакінуць іх сабе, - усміхнуўшыся, заявіў Гары, і Рон папросту зазіхацеў ад шчасця. - Так, падарунак ад Хагрыда, ад дзядзькі з цёткай, а гэта ад каго?

- Думаю, я ведаю, ад каго вось гэты, - заявіў Рон, кажучы на ружаватага колеру пузаты пакунак. - Ад маёй маці. Я сказаў ёй, што табе няма ад каго атрымліваць падарункі, і... аёйку, не, - прастагнаў ён, - яна звязала табе фірмовы візлеўскі джэмпер.

Гары разарваў пакунак і выцягнуў адтуль пухнаты смарагдава-зялёны ручнога вязання джэмпер і вялізную скрынку хатняга печыва.

- Яна штогод вяжа для нас джэмперы, - паведаміў Рон, разгортваючы свой пакунак, - мой, як заўжды, цёмна-бардовы.

- Вельмі міла з ейнага боку, - прамовіў Гары, ласуючыся вельмі смачным печывам.

У наступным пакунку таксама былі ласункі – скрынка шакаладных жабак ад Герміёны.

Застаўся толькі адзін падарунак. Гары ўзяў яго у рукі; той быў надзвычай лёгкі. Хлопчык разгарнуў яго.

Нешта серабрыста-шэрае і цякучае выслізнула на падлогу. Рон вохнуў і выпусціў з рук скрыначку з цукеркамі на любы смак, якую атрымаў ад Герміёны.

- Я чуў пра такое, - ціхім голасам прамовіў ён. - Калі гэта тое, пра што я думаю... гэта сапраўды рэдкая і вельмі каштоўная рэч.

- І што гэта?

Гары ўзняў зіхоткую серабрыстую тканіну з падлогі. Яна была вельмі дзіўная навобмацак, быццам яе зрабілі з вады.

- Гэта мантыя-невідзімка, - з глыбокаю пашанаю на твары паведаміў Рон. - Я ўпэўнены ў гэтым... паспрабуй, апрані.

Гары накінуў мантыю на плечы.

- ТАК! - загаласіў Рон. - Паглядзі на свае ногі!

Гары зірнуў уніз, але ног не ўбачыў. Ён кінуўся да люстэрка. Там адлюстравалася толькі завіслая ў паветры галава, а ўсё астатняе зрабілася нябачным. Ён нацягнуў мантыю на галаву і цалкам знік.

- О, глядзі! - раптам усклікнуў Рон. - Там яшчэ нейкі ліст!

Гары скінуў мантыю і схапіў пергамент. На ім незнаёмым хлопчыку тонкім мудрагелістым почыркам было напісана:

 

“Твой бацька пакінуў яе ў мяне перад смерцю.

Надыйшоў час вярнуць табе тваю спадчыну.

Скарыстайся ёй правільна.

Шчаслівых табе Калядаў”.

 

Подпісу не было. Гары ўтаропіўся ў ліст, а Рон з замілаваннем глядзеў на мантыю.

- Я б аддаў усё, што заўгодна, каб мець такую, - прамовіў ён. - Усё. Што такое?

- Нічога, - адказаў Гары. Ён адчуваў сябе вельмі дзіўна. Хто мог даслаць яму мантыю? Ці сапраўды яна належала ягонаму бацьку?

Перш чым ён паспеў сказаць ці падумаць штосьці яшчэ, дзверы ў іх спальню адчыніліся, і ў пакой заскочылі Фрэд і Джордж Візлі. Гары хуценька схаваў мантыю: ён не хацеў камусьці яшчэ паведамляць аб ёй.

- З Нараджэннем Божым!

- Гэй, глядзі, у Гары таксама ёсць візлеўскі джэмпер!

Блізняты былі апранутыя ў аднолькавыя блакітныя джэмперы, толькі ў аднаго на грудзях была вялізная жоўтая літара “Ф”, а ў другога – “Дж”.

- А ў Гары прыгажэйшы за наш, - уздымаючы джэмпер, заявіў Фрэд. – Відаць, маці намагаецца больш для не чальцоў сям’і.

- А ты свой чаму не апрануў? - сурова спытаўся Джордж у Рона. - Ён такі прыгожы, цёплы.

- Ненавіджу цёмна-бардовы, - нацягваючы джэмпер, млява прастагнаў Рон.

- А ў цябе літараў няма, - заўважыў Джордж. – Напэўна, лічыць, што ты сваё імя не забудзеш. Але і мы не дурныя... мы ведаем, што нас клічуць Джрэд і Фордж.





Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2017-01-28; Мы поможем в написании ваших работ!; просмотров: 304 | Нарушение авторских прав


Поиск на сайте:

Лучшие изречения:

Логика может привести Вас от пункта А к пункту Б, а воображение — куда угодно © Альберт Эйнштейн
==> читать все изречения...

2225 - | 2154 -


© 2015-2024 lektsii.org - Контакты - Последнее добавление

Ген: 0.014 с.