Семінар № 2. Гістарычныя этапы фарміравання беларускага этнасу.
План:
Тэарэтычныя канцэпцыі паходжання беларусаў.
Этнас і яго формы. Этнаўтваральныя фактары.
Фарміраванне беларускай народнасці.
4. Нацыяўтваральныя працэсы на беларускіх землях у ХІХ – пачатку ХХ стст.
Паходжанне назваў “Белая Русь” і “Чорная Русь”, “Беларусь”.
1. Тэарэтычныя канцэпцыі паходжання беларусаў
Славянскі этап этнічнай гісторыі Беларусі пачаўся ў раннім сярэднявеччы. Яго храналагічныя рамкі: ІV – V стст. н.э. – да нашага часу.
Адным з самых складаных у гісторыі Беларусі з’яўляецца пытанне: як і калі з раней названых славянскіх, славяна-балцкіх супольнасцей і іншых груп насельніцтва сфарміравалася беларуская народнасць, як узнікла Беларусь? Адказаць на гэтыя пытанні адназначна нельга. Справа ў тым, што ў навуцы няма адзінай думкі наконт гэтых праблем. Адны даследчыкі сцвярджаюць, што беларусы як этнас ужо існавалі ў ХІІІ ст., а працэс фарміравання беларускай народнасці пачаўся яшчэ ў VІІ – VІІІ стст. (Г. Штыха ў, М. Ермаловіч, М. Ткачоў і інш.). Паводле У. Сядова, беларуская этнічная супольнасць склалася ў ХІІІ – ХІV стст. М. Грынблат лічыць, што фарміраванне беларусаў адбывалася ў ХІV – ХVІ стст. Ёсць іншыя меркаванні.
Няма адзінага погляду і на пытанні аб продках беларусаў. Узнікла мноства канцэпцый, якія ўзаемавыключаюць адна адну. У ХІХ ст. з’явіліся польская і велікаруская канцэпцыі, якія адмаўлялі існаванне самастойнага беларускага этнасу на той падставе, што ў насельніцтва Беларусі быццам не было самастойнай славянскай мовы. Прыхільнікі польскай канцэпцыі (Л. Галембоўскі, А. Рыпінскі і інш.) лічылі беларускую мову дыялектам польскай мовы, а беларусаў – часткай польскага этнасу. Творцы велікарускай канцэпцыі (А. Сабалеўскі, І. Сразнеўскі і інш.) сцвярджалі, што Беларусь – частка велікарускай этнічнай тэрыторыі, а беларуская мова – дыялект рускай мовы.
Памылковасць гэтых канцэпцый выяўлена даследаваннямі па беларускай мове. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. выдатны беларускі славіст Я. Карскі ў фундаментальнай працы “Беларусы” (Варшава; Петраград. 1903 – 1922. Т. 1 – 3) пераканаўча даказаў, што беларуская мова з’яўляецца самастойнай славянскай мовай, якая паводле свайго лексічнага складу, сінтаксісу, фанетыкі і марфалогіі ўваходзіць у групу ўсходнеславянскіх моў нароўні з велікарускай і ўкраінскай.
У пачатку ХХ ст. з’явілася крывіцкая канцэпцыя. Яе аўтарамі былі М.Пагодзін, В.Ластоўскі і інш. Яна заснавана на памылковым уяўленні аб тым, што продкамі беларусаў з’яўляюцца крывічы. Аўтары канцэпцыі атаясамлівалі беларусаў і крывічоў і прапаноўвалі называць беларусаў крывічамі, а Беларусь – Крывіяй. Памылковасць гэтай канцэпцыі заключаецца ў тым, што крывічы займалі толькі паўночную і цэнтральную частку тэрыторыі сучаснай Беларусі. А як жа ўзнікла паўднёвабеларускае насельніцтва? На гэта пытанне крывіцкая канцэпцыя адказу не дае. Няма ў данай канцэпцыі тлумачэння і таго, чаму на частцы тэрыторыі, якую займалі крывічы, пазней сфарміравалася велікаруская народнасць. Аднак самая вялікая памылка крывіцкай канцэпцыі выяўляецца ў храналагічнай неадпаведнасці знікнення крывічоў і з’яўлення беларускага этнасу. Крывічы зніклі да сярэдзіны ХІІ ст., а беларусы як этнас да гэтага часу яшчэ не сфарміраваліся.
NB. Гэта з пункту гледжання марксізма. Але сучасная этнаграфія лічыць, што этнас пачынае фарміравацца разам з дзяржаўнасцю. Беларуская дзяржаўнасць пачынае фармірафаца з часоў калі не Рагвалода, то Усяслава Чарадзея (сяр. XI ст.). Гэта падмацоўвае крывіцкую канцэпцыю.
Аднабаковасць крывіцкай канцэпцыі вырашылі пераадолець вядомы беларусазнаўца Я.Карскі, гісторык-славіст У.Пічэта, даследчык этнічнай гісторыі Беларусі М. Грынблат, вядомы гісторык М.Доўнар-Запольскі. Яны ўключылі ў склад продкаў беларусаў не толькі крывічоў, але таксама дрыгавічоў і радзімічаў. Адсюль і назва канцэпцыі – крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкая. Аднак і гэта канцэпцыя, як і папярэдняя, не ўлічвае таго факта, што дрыгавічы і радзімічы, як і крывічы, зніклі да сярэдзіны ХІІ ст., калі агульнабеларускі этнічны комплекс яшчэ не сфарміраваўся.
NB. Тая ж заўвага.
Асаблівую папулярнасць набыла балцкая тэорыя этнагенезу беларусаў. Паводле гэтай тэорыі, змяшэнне славян з даславянскім насельніцтвам – балтамі – прывяло да з’яўлення беларускага этнасу. Балты, такім чынам, адыгралі ролю субстрату (падасновы) у этнагенезе беларусаў. Аўтар гэтай тэорыі археолаг В. Сядоў робіць выснову на падставе таго, што шмат элементаў беларускай культуры і мовы маюць балцкае паходжанне. Аднак В. Сядоў не ўлічыў таго, што гэтыя элементы ўласцівы як славянам, так і балтам. Яны індаеўрапейскага паходжання. Балты з’явіліся продкам, субстратам не непасрэдна беларусаў, а ўсходнеславянскіх супольнасцей – крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў.
Існуе і фінская канцэпцыя паходжання беларусаў. Яе аўтары прыхільнікі на падставе таго, што на тэрыторыі Беларусі ёсць назвы рэчак і азёраў фінскага паходжання (Дзвіна, Свір і інш.), лічаць, што продкамі беларусаў маглі быць і фіны. Для такой высновы няма навуковых падстаў. Фінамоўнае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі жыло ў глыбокай старажытнасці і было асімілявана не славянамі, а старажытнымі балтамі, якія рассяліліся ў Панямонні, Падзвінні і Падняпроўі ў бронзавым веку. Фіны на тэрыторыі Беларусі з’явіліся субстратам не беларусаў, а старажытных балтаў.
У 50-я гады ХХ ст. савецкі этнограф С. Токараў абгрунтаваў новую канцэпцыю. Яе сутнасць заключаецца ў наступным. У выніку змешвання розных супольнасцей – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, драўлян, палян, вяцічаў і іншых – у Сярэднім Падняпроўі ў ІХ – Х стст. у межах Кіеўскай Русі сфарміравалася новая ўсходнеславянская этнічная супольнасць – старажытнаруская народнасць. У другой палове Х ст. зацвердзілася і агульная назва гэтай тэрыторыі – Русь. Сярэдняе Падняпроўе стала звацца Рускай зямлёй, кіеўскія князі – рускімі князямі. Затым у працэсе распаду Кіеўскай Русі раз’ядналася і старажытная народнасць. У выніку ўтварыліся тры роднасныя народы: рускі, беларускі і ўкраінскі.
Аднак у гэтай канцэпцыі з’явілася шмат апанентаў (Г. Штыхаў, М. Ермаловіч, М. Ткачоў і інш.). Яны сцвярджаюць, што ніякай старажытнарускай народнасці не існавала, што не магло быць ніякага падзелу неіснуючай агульнарускай народнасці на тры галіны – беларускую, рускую і ўкраінскую. Кіеўская Русь, як лічаць М. Ермаловіч і Г. Штыхаў, была не збіральніцай рускіх зямель, а перш за усе ваенна-адміністратыўным аб’яднаннем, мэтай якога былі ванные паходы на Візантыю. Яна не мела трывалай эканамічнай базы. Пры гэтым узгаданыя аўтары спасылаюцца на К. Маркса аб тым, што Кіеўская Русь была нетрывалай “шматвай імперыей”, у якой існавала як мінімум дзва палітычных цэнтра: Кіеў і Ноўгарад.
Гэта канцэпцыя лічыць, што уся справа ў тым, на якой тэрыторыі пасяліліся плямёны і з якім карэнным насельніцтвам (субстратам) адбылося змяшэнне. Так, рускі этнас фарміраваўся на аснове фіна-угорскага субстрату, украінскі – цюрскага, беларускі – балцкага. Памылковасць гэтых поглядаў заключаецца ў тым, што ў выніку асіміляцыі, змяшэння прышлых славян з фіна-угорскім, цюркскім і балцкім насельніцтвам сфарміраваліся новыя славянскія этнічныя супольнасці (усяго каля 15) – крывічы, дрыгавічы, радзімічы, славене, паляне, драўляне, валыняне, улічы, ціверцы і іншыя, а не руская, украінская і беларуская народнасці. Фарміраванне гэтых народнасцей адбылося не ў ІХ – Х стст., а значна пазней.
NB, Некаторыя вучоныя лічаць, што, з пункту гледжання сучаснай этнаграфіі, фарміраванне народнасцей адбываецца адначасова з узнікненнем дзяржаўнасці. Старэйшыя дзяржаўныя утварэнні на Беларусі (Полацкая і Тураўскае княствы) узніклі якраз у ІХ – Х стст. У такім выпадку канцэпцыя Г. Штыхава, М. Ермаловіча і М. Ткачова атрымлівае новы падмурак і новые аргументы на сваю карысць. Згодна э вядомым савецкім этнографам Ю.В. Брамлеям (“Народы мира”. Историко-этнографический справочник. – М., Сов. Энциклопедия, 1988. – С. 602) узнікненне народнасцей звычайна адбываецца ў раннефеадальны перыяд. Згодна з перыядызацыяй гісторыі Беларусі, гэты перыяд да сярэдзіны ХІІІ ст. ужо завяршыўся.
Акрамя таго, як лічыць шэраг сучасных расійскіх і беларускіх гісторыкаў (напрыклад, дактарант БДУ С.Н. Цемушаў) галоўным прызнакам суверэнітэта той ці іншай дзяржавы у раннім Сярэднявеччы з’яўлялася права збора даніны. Іншымі словамі, суверэнным лічыўся той князь, хто збараў у сваім княстве даніну на сваю карысць, а не на карысць іншага гаспадара. З гэтага пункту гледжання Полацкае княства часоў Брачыслава і Усяслава безумоўна, павінна лічыцца суверэннай дзяржавай.
У пачатку 90-х гадоў ХХ ст. сваю канцэпцыю ўзнікнення беларусаў распрацаваў гісторык-этнограф М. Піліпенка (Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: новая концепция. Мн., 1991). Ён лічыць, што ў выніку шырокага рассялення славян і змешвання іх з усходнімі балтамі ўтварыліся не беларусы, а першапачатковыя ўсходнеславянскія этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Гэта адбылося ў ІХ – Х стст. Затым у канцы Х – пачатку ХІ ст. разам з іншымі ўсходнеславянскімі супольнасцямі крывічы, дрыгавічы і радзімічы кансалідаваліся ў новую агульнаславянскую этнічную супольнасць. Для яе былі характэрны агульнаўсходнеславянская мова, агульная матэрыяльная і духоўная культура. З трансфармацыяй гэтых першапачатковых этнічных славянскіх супольнасцей у агульнаславянскую старажытную супольнасць іх тэрыторыі сталі агульнай этнічнай тэрыторыяй, якая атрымала назву “Русь”. Менавіта з гэтага часу ў дачыненні да тэрыторыі Беларусі, як і да суседніх усходнеславянскіх зямель, пачала ўжывацца назва “Русь”, а насельніцтва стала называцца русамі, русічамі, русінамі, рускімі.
З часу свайго фарміравання этнічная тэрыторыя “Русь” не была аднастайнай. Яна падзялялася на рэгіёны, якія не супадалі з ранейшымі этнічнымі тэрыторыямі першапачатковых усходнеславянскіх этнічных супольнасцей. Тэрыторыя сучаснай Беларусі па лакальных асаблівасцях мовы і культуры ўваходзіла ў дзве дыялектна-этнаграфічныя зоны агульнаўсходнеславянскай этнічнай супольнасці – папрыпяцка-палескую і падзвінска-дняпроўскую. Акрамя агульнай назвы “Русь”, за паўднёвай часткай тэрыторыі Беларусі замацавалася назва “Палессе”, за цэнтральнай і паўночнай – “Белая Русь”. У паўднёвай папрыпяцка-палескай зоне на аснове трансфармацыі дрыгавічоў, драўлян і паўднёвай часткі радзімічаў ішоў працэс складвання новай этнічнай супольнасці – палешукоў, у паўночным (падзвінска-дняпроўскім) рэгіёне ў выніку трансфармацыі крывічоў, вяцічаў і паўночных радзімічаў – старажытных беларусцаў. Піліпенка лічыць, што менавіта палешукі і беларусцы сталі непасрэднымі продкамі беларусаў.
З цягам часу, адзначае М. Піліпенка, у выніку інтэнсіўных этнічных працэсаў на аснове ўзаемадзеяння, узаемапранікнення, згуртавання дзвюх значных груп (папрыпяцка-палескай і падзвінска-дняпроўскай) усходнеславянскага насельніцтва, з аднаго боку, і змяшэння, кансалідацыі іх з асобнымі групамі неўсходнеславянскага насельніцтва – заходнеславянскага (польскага), балцкага і цюркскага (татарскага), з другога, на шырокай тэрыторыі, размешчанай паміж Прыпяццю на поўдні і Заходняй Дзвіной на поўначы, Нёманам на захадзе і Дняпром на ўсходзе, у канцы ХV – сярэдзіне ХVІ ст. сфарміраваліся новы комплекс культуры і звязаная з ім сістэма мовы. Усё гэта сведчыла аб з’яўленні новай, усходнеславянскай этнічнай тэрыторыі, якая атрымала з таго часу сваю назву “Белая Русь”, а яе жыхары атрымалі назву “беларусы”.
Этнас і яго формы. Этнаўтваральныя фактары.
Этнас (ад грэч. ethnos – племя, народ) – устойлівая супольнасць людзей, якая склалася гістарычна на пэўнай тэрыторыі, мае агульную мову, культуру, побыт, псіхалагічныя рысы і самасвядомасць. Асноўныя гістарычныя формы этнасу – род, племя, народнасць, нацыя. Паняцце “этнас” блізкае да паняцця “народ” у этнаграфічным сэнсе. Галоўнымі прыкметамі этнасу з’яўляюцца 1) этнічная тэрыторыя, 2) мова, 3) культура, 4) побыт, 5) псіхалагічны склад, 6) самасвядомасць. На паняцці “этнас” грунтуецца значная частка навуковай тэрміналогіі, а навука, якая вывучае асаблівасці этнасаў, праблемы іх паходжання называецца этнаграфіяй (народазнаўствам).
Існуюць народы, якія у працэсе гістарычнага развіцця страцілі тую ці іншую этнічную рысу (напрыклад: цыгане, яўрэі да 1947 г. – тэрыторыю). Існуюць шмат народаў, якія маюць шэраг агульных культурных, бытавых ці псіхалагічных рысаў (лацінаамерыканцы, славяне і г.д.). Гэта можа быць растлумачана як шматвекавям суседствам, так і агульнымі продкамі. Але есць адна рыса, без якой немагчыма існаванне нацыі, якая з’яўляецца сваеасаблівым стрыжнем, базай для кансалідацыі усіх іншых этнічных рыс. Гэта........, якая выконвае ролю сваеасаблівага маркёра “сваіх” ад “чужых”. Калі гэтай рысы няма, то і этнас раней ці пазней раствараецца ў іншых народах, нацыях, племянах...
Акрамя таго, разглядаючы этнас, трэба мець на увазе не нейкую адну яго рысу, нават і вельмі важную, а разглядаць сукупнасць усіх яго этнічных рыс, што і робіць гэтую этнічную супольнасць непадобнай на іншыя, нават суседнія нацыі і непаўторнай на Зямле.