Вобраз мастацкі – форма пазнання і адлюстравання жыцця ў мастацтве і літаратуры. У цэлым паняцце В.м. можна вызначыць наступным чынам: гэта створаная пры дапамозе творчай фантазіі канкрэтная і разам з тым абагульненая карціна чалавечага жыцця, якая выяўляе эстэтычны ідэал пісьменніка.
Вечныя вобразы – народжаныя канкрэтнымі гістарычнымі ўмовамі мастацкія вобразы-персанажы, якія разам з асаблівасцямі пэўнага сацыяльнага і нацыянальнага асяроддзя, пэўнай эпохі з выключнай паўнатой і сілай, вельмі канцэнтравана, узбуйнена выяўляюць агульначалавечыя праблемы, памкненні, супярэчнасці. Таму яны захоўваюць сваё значэнне, выклікаюць жывую цікавасць людзей на працягу вельмі доўгага часу, многіх стагоддзяў.
Вобраз апавядальніка (аўтара) – вобраз-характар, які ўзнікае з асаблівасцей мовы апавядальніка, не звязанай з мовай якога-небудзь з персанажаў або аўтарскай мовай у эпічных, а таксама ў ліра-эпічных творах. В.а. можа быць набліжаны да асобы аўтара або значна адрозны.
Лірычны герой – вобраз той асобы, ад імя якой ідзе размова ў лірычным творы.
Персанаж – дзеючая асоба літаратурнага мастацкага твора (рамана, аповесці, апавядання, драмы), г. зн. тое ж, што і герой мастацкага твора, але тэрмін П. звычайна ўжываецца ў дачыненні да другарадных або адмоўных герояў ці да вобразаў такіх твораў, як байка, і г.д.
Гукапіс – выкарыстанне гукавой арганізацыі паэтычнай мовы (часам называюць “інструментоўка” верша, мовы) пры стварэнні паэтычнага вобраза. Г. мае мэтай узмацніць выразнасць вобраза, карціны з дапамогай падбору гукаў, якія перадаюць уражанне ад жыццёвай з’явы або ствараюць пэўную інтанацыю ці ўзмацняюць гучанне асобных слоў, выдзяляючы іх у тэксце.
Алітарацыя – паўтарэнне аднародных зычных гукаў у вершаваных радках (або ў празаічнай фразе), якое ўзмацняе гукавую і інтанацыйную выразнасць верша.
Асананс – адзін з відаў гукапісу, паўтарэнне ў вершаваных радках або празаічных сказах галосных, часцей націскных, гукаў з мэтай мастацкай выразнасці.
Гукаперайманне – гукавая імітацыя розных жыццёвых і прыродных з’яў з мэтай стварэння мастацкага вобраза.
Ідэя – асноўны сэнс літаратурнага, мастацкага твора, які вынікае з усёй сістэмы вобразаў і карцін. Літаратурны твор можа мець грамадскую і мастацкую каштоўнасць толькі ў тым выпадку, калі пісьменнік адкрывае для нас нешта новае ў жыцці, дае сваё разуменне, сваё тлумачэнне розных жыццёвых з’яў. Гэты аўтарскі погляд на паказаныя ў творы падзеі, чалавечыя характары, перажыванні, а таксама іх аб’ектыўны сэнс і ўключае ў сябе ідэя твора.
Жанр – форма літаратурнага твора, якая склалася гістарычна на аснове ўвасаблення пэўнага зместу.
Кампазіцыя – уся складаная будова літаратурнага твора, размяшчэнне і спалучэнне асобных частак, састаўных элементаў сюжэта, вобразаў-характараў, сцэн, эпізодаў, карцін, дыялогаў і маналогаў, падзел на часткі, раздзелы, строфы і г.д.
Перанос – несупадзенне моўнай фразы з вершаваным радком.
Праблема – гэта вострае жыццёвае пытанне, якое пісьменнік ставіць і, зыходзячы са свайго светапогляду, па-свойму вырашае ў мастацкім творы.
Рэмінісцэнцыя – наўмыснае ці міжвольнае ўзнаўленне пісьменнікам (найчасцей паэтам) вобразаў, асобных выказванняў ці рытміка-сінтаксічных канструкцый іншых аўтараў.
Стылістычныя, або сінтаксічныя, фігуры – прыёмы ўзмацнення эмацыянальнай выразнасці паэтычнай мовы, нязвыклыя моўныя звароты, у аснове якіх ляжаць сродкі сінтаксісу.
Анафара – сінтаксічная фігура, якая заключаецца ў паўтарэнні аднолькавых слоў, словазлучэнняў і сказаў у пачатку вершаваных радкоў або празаічных сказаў.
Эпіфара – сінтаксічная фігура, у якой суседнія сказы заканчваюцца аднолькавымі спалучэннямі слоў ці выразаў.
Кальцо – пэўны сінтаксічны адрэзак маўлення, які пачынаецца і заканчваецца аднолькавымі словазлучэннямі і нават сказамі.
Сінтаксічны паралелізм – экспрэсіўная сінтаксічная фігура, у якой кожная наступная сінтаксічная адзінка будуецца па тыпу папярэдняй – мае аднолькавы склад членаў сказа, аднолькавы парадак слоў, што стварае ўнутраную сіметрыю.
Антытэза – сінтаксічная фігура кантрасту, супастаўленне процілеглых паняццяў, перажыванняў, думак з мэтай узмацнення ўражання ад гэтых з’яў, падкрэслівання кантрасту.
Полісіндэтон (шматзлучнікавасць) – сінтаксічная фігура, у якой злучнікі або прыназоўнікі паўтараюцца перад кожным аднародным членам сказа або перад іншымі аднароднымі сінтаксічнымі канструкцыямі.
Градацыя – экспрэсіўная сінтаксічная фігура, якая заключаецца ў такім размяшчэнні частак выказвання (слоў, адрэзкаў сказа), дзе адбываецца паступовае нарастанне або, наадварот, аслабленне ўражання, пачуцця, перажывання.
Эліпсіс – сінтаксічная фігура, у якой прапускаецца выказнік, які не з’яўляецца неабходным для перадачы пэўнага паведамлення.
Асіндэтон (бяззлучнікавасць) – сінтаксічная фігура, у якой адсутнічаюць злучнікі паміж граматычна аднароднымі словамі і сказамі з мэтай узмацнення экспрэсіі, дынамічнасці, насычанасці з’яў, падзей, фактаў.
Інверсія – такая расстаноўка слоў або словазлучэнняў (сінтаксічных кампанентаў) у сказе, якая парушае іх звычайны граматычны парадак.
Сюжэт – сістэма падзей у творы, у якой раскрываецца і развіваецца характар. Паняцце сюжэт часам ужываецца і ў дачыненні да лірычных твораў. У такім выпадку пад сюжэтам падразумяваецца рух пачуцця, развіццё думкі верша.
Троп – адзін з найважнейшых прыёмаў стварэння мастацкага вобраза ў літаратуры, пры якім слова набывае вельмі актыўны выяўленчы характар, выражае пэўнае пачуццё, эстэтычную ацэнку жыццёвай з’явы. Калі глядзець з боку мовы, Т. – гэта ўжыванне слова ў пераносным значэнні.
Аксюмаран – мастацкі троп, наўмыснае спалучэнне слоў процілеглага сэнсу з мэтай перадачы супярэчлівых па зместу або па ўспрыманню іх пісьменнікам з’яў жыцця.
Алегорыя – іншасказанне, адна з форм мастацкага адлюстравання жыццёвых з’яў, калі абстрактнае паняцце або думка перадаюцца праз канкрэтны вобраз.
Гіпербала – мастацкі прыём – моцнае перавелічэнне ўласцівасцей, якасцей ці памераў прадмета або з’явы з мэтай дасягнення большай мастацкай выразнасці.
Метанімія – мастацкі троп, замена аднаго слова ці выразу іншым на аснове знешняй або ўнутранай сувязі паміж з’явамі, якія яны абазначаюць.
Метафара – від тропа, у якім уласцівасці адной з’явы пераносяцца на другую па прынцыпу ўпадабнення.
Параўнанне – мастацкі троп, у аснове якога ляжыць супастаўленне дзвюх з’яў з мэтай іх характарыстыкі адной праз другую.
Сінекдаха – адзін з мастацкіх тропаў, разнавіднасці метаніміі. С. – гэта метанімія, у аснове якой ляжыць узаемазамена такіх з’яў, якія знаходзяцца ў колькасных суадносінах: частка выдаецца за цэлае, адзіночны лік ужываецца замест множнага і наадварот.
Сімвал – прыём мастацкага паказу, а таксама адзін з тропаў, умоўнае абазначэнне з’явы праз вобраз, які нечым нагадвае гэту з’яву.
Увасабленне – мастацкі троп, асобны від метафары, які асноўваецца на прыпадабненні прадметаў, з’яў прыроды паводзінам чалавека, перанясенні на гэтыя з’явы чалавечых уласцівасцей.
Эпітэт – мастацкае азначэнне, якое вобразна характарызуе прадмет, чалавека або жыццёвую з’яву.
Тэма – кола грамадскіх з’яў і звязаных з імі жыццёвых пытанняў, якія аўтар кладзе ў аснову зместу твора і адлюстроўвае, раскрывае ў святле асноўнай ідэі.
Фігура | Вызначэнне | Функцыя | Прыклад |
Анафара | С. ф., якая заключаецца ў паўтарэнні аднолькавых слоў, словазлучэнняў і сказаў у пачатку вершаваных радкоў або празаічных сказаў | Эмацыянальна падкрэсліваецца слова, якое паўтараецца; дэманструецца ўпэўнены эмацыянальны настрой; удала ўжываецца пры перадачы аптымістычнага настрою | Трэба дома бываць часцей, Трэба дома бываць не госцем, каб душою не ачарсцвець, каб не страціць святое штосьці. (Р. Барадулін) |
Эпіфара | С. ф., у якой суседнія сказы заканчваюцца аднолькавымі спалучэннямі слоў ці выразаў | Падкрэсліваецца слова, якое паўтараецца; надае маўленню ўпэўненасць, але разам з тым яна адлюстроўвае нейкую непазбежнасць падзей, і таму радзей дэманструе ўзнёсласць фразы | Дзевачкі, з ружы вянкоў не віце, Купала, Дзевачкі, рана замуж не йдзіце, Купала. Віце вяночкі ды із чабору, Купала. Ідзіце замуж ды ўпору, Купала. (З народнай песні) |
Стык, або эпана-страфа | С. ф., у якой наступны сказ пачынаецца з таго ж слова, словазлучэння, якімі заканчваецца папярэдні сказ | З’яўляецца спосабам далейшага развіцця падзей, думак, надае маўленню рытмічную арганізацыю і цэласнасць | І назаўтра яе алені не прыйшлі. Не прыйшлі яны і праз дзень. (І.Пташнікаў) |
Кальцо | Пэўны сінтаксічны адрэзак маўлення, які пачынаецца і заканчваецца аднолькавымі словазлучэннямі і нават сказамі | Гэта фігура надае выказванню ўпэўненасць, непазбежнасць у зыходным сцвярджэнні, непахіснасць пажаданай думкі | Не шукай ты шчасця, долі На чужым, далёкім полі, Гэт, за шумным лесам-борам, За шырокім сінім морам Не шукай ты шчасця, долі! (Я. Купала) |
Сінтаксі-чны парале-лізм | С. ф., у якой кожная наступная сінтаксічная адзінка будуецца па тыпу папярэдняй – мае аднолькавы склад членаў сказа, аднолькавы парадак слоў, што стварае ўнутраную сіметрыю | Выкарыстоўваецца з мэтай стварэння асаблівай экспрэсіўнай атмасферы кантэксту, часцей узвышанай, лірычнай | Рукі пабрудзіш – вадою адмыеш, душу забрудзіш – і мыла не паможа. (Прыказка) |
Антытэза | С. ф. кантрасту, супастаўленне процілеглых паняццяў | Выкарыстоўваецца з мэтай узмацнення ўражання ад процілеглых з’яў | “Агонь і снег”(назвы аповесці І. Шамякіна) |
Геміна-цыя, або паўтор | С. ф., заснаваная на кантактным паўторы слоў ці словазлучэнняў у пэўнай паслядоўнасці | Гэта фігура надае маўленню асаблівую экспрэсію, узвышае тон, запавольвае тэмп выказвання, робіць яго велічна-спакойным | Слізкія, слізкія, слізкіясловы, - Што б ні сказала – сабе папярок. (Я. Янішчыц) |
Полісіндэтон (шмат-злучніка-васць) | С. ф., у якой злучнікі або прыназоўнікі паўтараюцца перад кожным элементам аднароднай сінтаксічнай канструкцыі | Фігура запавольвае тэмп маўлення, робіць яго разважлівым, але разам з тым паступова ўзмацняецца сэнсавае і эмацыянальнае напружанне маўлення | Нілютасць фашыстаў, ні боль адзіноты, ні пекла забойстваў, ні жах катаванняў – нішто ні на міг не застрашыла горад. (К. Кірэенка) |
Градацыя | С. ф., якая заключаецца ў такім размяшчэнні частак выказвання, дзе адбываецца паступовае нарастанне або, наадварот, аслабленне пачуцця, перажывання | З дапамогай гэтай фігуры дасягаецца нарастанне або паслабленне эмацыянальна-экспрэсіўнага значэння выказвання | Найвялікшыя раны ў чалавечай душы загойваюцца, зарастаюць і забываюцца. (З. Бядуля) |
Эліпсіс | С. ф., у якой прапускаецца выказнік, які не з’яўляецца неабходным для перадачы пэўнага паведамлення | Выказванню такім чынам надаецца большая энергія, дынамічнасць, напружанасць дзеяння; ужываецца для дэманстрацыі душэўнага, псіхалагічнага стану персанажа | У цёмным небе карагоды сінявокіх зорак. (М. Багдановіч) |
Асіндэ-тон (бяззлуч-нікавасць) | С. ф., у якой адсутнічаюць злучнікі паміж граматычна аднароднымі словамі і сказамі | Такім чынам фразе надаецца сцісласць, большая выразнасць, энергічнасць; перадаецца хуткая змена з’яў і падзей | Попел і чорныя цені майна, Вые ў комінах скруха. Як называюцца слёзы? – Вайна. Смерць. Галадоўка. Разруха. (Я. Янішчыц) |
Інверсія | Такая расстаноўка слоў або словазлучэнняў у сказе, якая парушае іх звычайны сінтаксічны парадак | Дапамагае сэнсавава ці эмацыянальна падкрэсліць пэўнае слова, думку; надае сказу своеасаблівую інтанацыю | Заміж сноў сакаўных, зялёных, Мроі жоўтыя сніць зямля... (Н. Арсеннева) |
Парцэля-цыя | Падзел сказа на некалькі асобна аформленых паведамленняў | Выкарыстоўваецца з мэтай узмацнення сэнсавай і экспрэсіўнай нагрузкі асобнай часткі выказвання | А скрыпка спявае. Сардэчна і сумна. (Я. Брыль) |