Пры аналізе фарміравання тэрміналогіі неабходна паслядоўна размяжоўваць працэс натуральнага папаўнення тэрміналагічнай лексікі ў ходзе развіцця пэўных галін навукі і ўласна тэрміналагічную работу па ўпарадкаванні гэтай лексікі. Натуральнае папаўненне тэрміналагічнай лексікі неаддзельна звязана ад умоў развіцця і функцыянавання нацыянальнай мовы. Паколькі беларуская мова характарызуецца працягласцю і перарывістасцю яе гістарычнага развіцця, то ёсць падставы сцвярджаць, што натуральнае фарміраванне беларускай тэрміналогіі таксама з’яўляецца працяглым, але перарывістым.
Такія экстралінгвістычныя фактары, як забарона беларускай мовы Варшаўскім сеймам у 1696 годдзе і негатыўныя адносіны да яе царскага ўрада Расіі, якія выклікалі больш чым стогадовы разрыў паміж пісьмовымі традыцыямі старабеларускай і сучаснай беларускай мовы ў 17-18 стагоддзях, адмоўна ўздзейнічалі на фарміраванне тэрміналогіі, паколькі замацаванне навуковых тэрмінаў адбываецца, перш за ўсё, у працэсе ўжывання іх у друкаваных выданнях. Лексікаграфічная ж і ўласна тэрміналагічная работа ў такіх сацыяльных умовах наогул не магла быць арганізавана.
Першапачатковай асновай фарміравання тэрміналагічнай лексікі старабеларускай мовы неабходна лічыць назвы (намінацыі) розных прадметаў і з’яў прыроды ў народным маўленні і пазней фіксацыю гэтых намінацый у пісьмовых помніках старабеларускай мовы.
Для разумення працэсу развіцця беларускай тэрміналогіі важна ўзгадаць аб узнікненні і развіцці пісьменства на Беларусі. Узнікненне пісьменства на Беларусі адбывалася адначасова з яго ўзнікненнем ва ўсёй Кіеўскай Русі (розныя надпісы, зробленыя кірыліцай рамеснікамі Кіева, Ноўгарада, Полацка, Смаленска і іншых старажытных цэнтраў; захавалася восем камянёў-валуноў з надпісамі (тэрыторыя былога Полацкага княства), знойдзеныя ў Смаленску, Віцебску, Мсціславе дзелавыя запісы і прыватныя лісты на бытавыя і гаспадарчыя тэмы – таксама сведчанне аб шырокім выкарыстанні пісьма).
Так, у тэксце знойдзенай у 1959 годзе ў Віцебску берасцяной граматы, якая адносіцца да 13 – 14 ст., можна вылучыць наступныя словы, што ўвайшлі ў склад тэрміналагічнай лексікі старабеларускай мовы і сталі асновай стварэння асобных тэрмінаў з розных галін гаспадарчай дзейнасці: грыўня, жыта, купіць, наяўнасць, прадаць.
Ад Сцяпана к Няжылу. Калі ты прадаў адзенне, то купі мне жыта за 6 грыўняў. А калі чаго не прадаў, то прышлі мне ў наяўнасці. Калі ж прадаў, то, дабрадзей мой, купі мне жыта.
Да ліку фактараў, якія садзейнічалі фарміраванню як беларускай мовы наогул, так і тэрміналагічнай лексікі ў 14 – 17 ст., можна аднесці, па-першае, тое, што з другой палавіны 14 ст. пісьмовая беларуская мова стала дзяржаўнай мовай ВКЛ. Гэта спрыяла развіццю поўнафункцыянальнасці старабеларускай мовы, фарміраванню яе асноўных стыляў, у тым ліку і навуковага.
Па-другое, у першай палавіне 16 ст. у Беларусі ўзнікла, а к сярэдзіне 16 ст. атрымала шырокае распаўсюджанне, кнігадрукаванне, якое ў значнай ступені садзейнічала выпрацоўцы лексічных норм, расшырэнню слоўніка, замацаванню намінацый новых навуковых паняццяў у моўнай практыцы.
Найбольш развітымі (з пункту погляду натуральнага фарміравання) галінамі тэрміналогіі ў 14 – 17 ст. былі тыя, якія абслугоўвалі асноўныя напрамкі гаспадарчага, навуковага і грамадскага жыцця беларускага народа. Гэта грамадска-палітычная, юрыдычная, гандлёвая (рубелъ, оброкъ, мыто (пошліна), право, ремесленикъ), сельскагаспадарчая (борона, аранье, овесъ, зерне), прамысловая (ловъ (звериный, пташный, рыбный), лукъ, воскъ, стрелецъ), ваенная тэрміналогія (войско, оружие, дружина, гусаръ), а таксама тэрміналогія мовазнаўства, астраноміі, матэматыкі і інш.
Буйнейшым помнікам старабеларускага пісьменства з’яляецца “Літоўская метрыка”, якая ўключае разнастайныя дагаворы, акты, граматы, запісы, Статуты канцылярыі ВКЛ. Значную ролю ў станаўленні тэрміналогіі адыгралі творы Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага і інш.
Развіццё беларускай тэрміналогіі, як і іншых мовазнаўчых дысцыплін, было цесна звязана са станам школьнага навучання. Праваслаўным, ці так званым брацкім, вучылішчам і школам, якія ў 16 – 17 ст. былі шырока распаўсюджаны на Беларусі як цэнтры ўсходнеславянскага пісьменства, патрэбны былі падручнікі. Першая друкаваная граматыка выдадзена ў 1586 г. у Вільні друкарняй Мамонічаў (“Кграматыка словеньска языка...” прыпісваецца Іаану Дамаскіну). Кожная наступная граматыка, якая выдавалася на тэрыторыі Беларусі (“Грамматика словенска” Л.Зізанія 1596 г., “Грамматика славенския правилное синтагма...” М.Сматрыцкага 1618 і 1619 гг.), усё больш тэрміналізавалі лексічныя сродкі народнай мовы.
Ролю тэрміналагічных слоўнікаў 14 – 17 ст. часткова выконвалі глосы, якія змяшчалі на палях ці паміж радкамі рукапісу або друкаванага выдання, што садзейнічала станаўленню адзінага моўнага і сэнсавага ўжывання тэрмінаў. У 17 ст. у сувязі з пашырэннем сферы ўжывання беларускай мовы распаўсюдзілася тлумачэнне беларускіх тэрмінаў з дапамогай рускіх глос: выличать – вычитать, грашовые – денежные, поданья – подати, час – время.
Вялікае значэнне для развіцця беларускай тэрміналогіі меў створаны ў 1596 г. Лаўрэнціем Зізаніем першы славяна-беларускі слоўнік – “Лексіс”, а таксама “Лексікон славенароскі” Памбы Бярынды. Значная частка змешчаных тут тэрмінаў захавалася да нашага часу: бытие, выхованье, истина, мова, особа, оборонца, пытанье, сведомосць, скарга, утиск.
Нягледзячы на дастаткова высокі ўзровень развіцця навукі і асветы, адпаведны тэрміналагічны фонд старабеларускай мовы, а таксама даўнія лексікаграфічныя традыцыі, у 17 - 18 ст. спецыяльныя тэрміналагічныя слоўнікі на Беларусі выдадзены не былі. Убачылі свет толькі адзінкавыя навуковыя кнігі. У многім гэта тлумачыцца перапынкам функцыянавання пісьмовай беларускай мовы, а пазней - негатыўным стаўленнем да яе царскага урада Расіі.
Прыкметны ўплыў на развіццё новай беларускай тэрміналогіі зрабілі навуковыя і навукова-папулярныя публікацыі канца 19 – пачатку 20 ст.(пасля выдання царскім урадам “закона аб свабодзе друку”).
Да першых спроб беларускай тэрміналагічнай працы адносяцца граматычная тэрміналогія ў падручніку Б.Тарашкевіча “Беларуская граматыка для школ” (1918), слоўнік літаратурных тэрмінаў у кнізе М.Гарэцкага “Гісторыя беларускай літаратуры” (1920), распрацоўка Беларускай вайсковай камісіяй ваеннай тэрміналогіі ў брашурах “Вайсковая стылістыка” (1919) і “Каманды па-беларуску” (1920) і інш.
Паслядоўная і мэтанакіраваная праца па стварэнню беларускай навуковай тэрміналогіі пачалася пасля арганізацыі Беларускага школьнага савета (1919), які распрацоўваў асноўныя тэрміны для пачатковай школы.
У лютым 1921 г. была створана Навукова-тэрміналагічная камісія, праца якой дала вялікі плён. За ўвесь час свайго існавання камісія мела 70 агульных пасяджэнняў, на якіх было разгледжана і прынята да 3000 тэрмінаў. На базе гэтай камісіі ў пачатку 1922 г. быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). У яго ўвайшлі М.Байкоў, М.Гуткоўскі, Я.Лёсік і інш. Тэрміналагічныя камісіі Інбелкульта, нягледзячы на цяжкасці і недахопы (характэрнай асаблівасцю тэрміналогіі, распрацаванай Навукова-тэрміналагічнай камісіяй, была высокая ступень варыятыўнасці, падачай часткі запазычаных тэрмінаў разам з беларускімі лексемамі і неалагізмамі), зрабілі вельмі карысную для беларускай навукі справу, а іменна:
а) вызначылі кола навуковых паняццяў і сродкі іх выражэння ў мове. Побач з асобнымі няўдалымі штучнымі наватворамі былі прапанаваны і даволі трапныя і дакладныя тэрміны, як скарачэньне (абревиатура); калючапёрыя (колючепёрые); яшчарка (ящерица); прымета, адзнака (примета); дужкі (скобки); сугучча (созвучие) і інш.;
б) шукалі крыніцы навуковай тэрміналогіі (навуковыя тэксты па розных галінах ведаў) і распісвалі іх на карткі;
в) падбіралі іншамоўныя лексічныя адпаведнікі да беларускіх тэрмінаў;
г) распрацоўвалі прынцыпы тэрміналагічнай працы і асвятлялі іх у друку;
д) займаліся сістэматызацыяй і ўніфікацыяй тэрміналагічнай лексікі;
е) абагульнялі звесткі з розных беларускіх тэрміналагічных слоўнікаў, выдадзеных у рэспубліцы і за яе межамі.
Вынікам працы спецыялістаў па розных галінах ведаў і супрацоўнікаў тэрміналагічных камісій Інбелкульта (з 1929 г. – Беларукай акадэміі навук) сталі падрыхтоўка і выданне 24 выпускаў “Беларускай навуковай тэрміналогіі”: 1. Элементарная матэматыка, 1922; 2. Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва, 1923; 4. Тэрміналогія логікі і псіхалогіі, 1923; 6. Батаніка: агульная і спецыяльная, 1924; 7. Музычныя тэрміны, 1926; 13. Анатамічныя назвы, 1927; 17. Слоўнік бухгалтарскай тэрміналогіі, 1928; 19. Слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі, 1928; 21. Слоўнік фізічнай тэрміналогіі, 1929; 24. Слоўнік тэрміналогіі агульнай раслінагадоўлі, 1930 і інш.) Але не ўсе рэкамендаваныя тэрміны замацаваліся ў беларускай тэрміналогіі, бо некаторыя наватворы былі недакладнымі, варыятыўнымі ці ўжо мелі свае інтэрнацыянальныя адпаведнікі (часцей рускія): (красленне (чарчэнне), пэўнік (аксіёма), прамакутнік (прамавугольнік) і інш.) Значная частка тэрмінаў паўтаралася з выпуска ў выпуск.
Тэрміналогія медыцынскіх слоўнікаў у значнай ступені грунтуецца на тэрміналогіі марфалагічных навук – анатамічнай, гісталагічнай, эмбрыялагічнай. Многія назвы, найперш анатамічныя, цалкам выкарыстоўваюцца ў медыцынскіх тэарэтычных і клінічных дысцыплінах, або служаць асновай для ўтварэння клінічных тэрмінаў. Пры падборы беларускіх адпаведнікаў аўтары (Д.М. Голуб, П.У. Лабко, А.С. Леанцюк) прытрымліваліся агульных прынцыпаў стварэння тэрміналогіі, прынятай міжнароднымі намінклатурнымі камітэтамі: адназначнасці назваў, найбольшай сэнсавай адаведнасці беларускага эквівалента лацінскай назве, выключэння сінонімаў і г.д. Укладальнікі імкнуліся да таго, каб фанетычная і граматычная структура беларускіх медыцынскіх назваў была больш натуральнай для беларускай мовы. Было таксама вырашана падаваць тэрміны на трох мовах: лацінскай, рускай і беларускай. Змяшчэнне тэрмінаў на рускай мове мае на мэце палегчыць пераход да ўжывання беларускай мовы пры карыстанні падручнікамі і медыцынскай літаратурай.
Укладанне першай беларускай анатамічнай тэрміналогіі было распачата ў 1923 г. у прыродазнаўчай секцыі Інбелкульта, а з 1924 г. працягвалася ў тэрміналагічнай камісіі медыцынскай секцыі, у склад якой уваходзілі ўрачы У. Цвікевіч, П. Трэмповіч, П. Каравайчык. Распрацоўка тэрміналогіі вялася на падставе найбольш пашыраных у той час у выкладанні ў медыцынскіх ВНУ падручніка А. Раўбера, анатамічнага атласа В. Шпатэгольца, а таксама перакладаў на ўкраінскую і польскую мовы Базельскай анатамічнай наменклатуры і шэрагу іншых падручнікаў і слоўнікаў.
Выданне беларускай медыцынскай тэрміналогіі мела на мэце паскорыць стварэнне падручнікаў для студэнтаў па асноўных медыцынскіх дысцыплінах і спрыяць пашырэнню выкладання на беларускай мове на медыцынскім факультэце БДУ і ў Медыцынскім інстытуце.
Пасля стварэння Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР была разгорнута работа па ўкладанню больш вузкіх спецыяльных тэрміналагічных слоўнікаў. У 1932 г. выйшаў першы Слоўнік тэхнічнай тэрміналогіі, праводзілася работа над падрыхтоўкай Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. У працэсе гэтай работы быў унесены значны ўклад у справу ўнармавання беларускай тэрміналогіі.
Аднак намечаныя планы не былі рэалізаваны. У сярэдзіне 30-х гг. пачалася рэпрэсіўная кампанія супраць беларускай інтэлігенцыі. Беларуская навуковая тэрміналагія грунтоўна не замацавалася ў практычным выкарыстанні з прычыны выцяснення беларускай мовы як мовы выкладання ў медыцынскіх інстытутах, асабліва пасля вядомай рэформы беларускай мовы, у выніку якой набыла размах тэндэнцыя да зліцця беларускай мовы з рускай.
Адраджэнне пачалося толькі у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. Аднак на гэты час ў рэспубліцы не было агульнага цэнтра распрацоўкі і ўпарадкавання тэрміналагічнай лексікі, што прывяло да варыятыўнасці: з’явілася мноства варыянтных пар тыпу выключацель і выключальнік, скорасць і хуткасць і інш. Вялікая ступень варыятыўнасці тэрмінаў характэрна для выдадзеных у 1947 – 1950 гг. брашур і кніг па тэхналогіі металаў, будаўнічай справе, механізацыі і г.д. Моўная практыка патрабавала ўзнаўлення ў рэспубліцы тэрміналагічнай работы. У 1955 – 1965 гг. у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР працаваў сектар тэрміналогіі. У гэтым сектары былі падрыхтаваны і выдадзены “Русско-белорусско-латинский словарь ботанической терминологии” (1967), “Русско-белорусский словарь общественно-политической терминологии” (1970), картатэка для Руска-беларускага палітэхнічнага слоўніка, “Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў” (1962) і інш.
З 1965 па 1979 гг. ў рэспубліцы не было спецыяльнага тэрміналагічнага цэнтра.
У 1979 г. створана Тэрміналагічная камісія Акадэміі навук БССР, якая складалася з 9 секцый і ўключала вядучых вучоных, спецыялістаў розных галін ведаў. Асноўнымі задачамі камісіі з’яўляліся: распрацоўка і ўпарадкаванне беларускай тэрміналогіі; падрыхтоўка слоўнікаў, тэрміналагічных зборнікаў; сістэматызацыя рускай тэрміналогіі; кансультацыі ўстаноў і арганізацый па тэрміналогіі і інш.
У 1991 годзе Тэрміналагічная камісія была ператворана ў Рэспубліканскую тэрміналагічную камісію пры Акадэміі навук Беларусі. За перыяд з 1991 па 1995 гады Камісія выдала пяць выпускаў “Тэрміналагічнага зборніка”. Паколькі адна Рэспубліканская тэрміналагічная камісія не магла вырашыць усе праблемы фарміравання беларускай тэрміналогіі, а ў 90-я гады ў сувязі з пераходам выкладання шэрагу дысцыплін у ВНУ на беларускую мову з’явілася неабходнасць у стварэнні перакладных тэрміналагічных слоўнікаў, то былі створаны Тэрміналагічная камісія Таварыства беларускай мовы, Тэрміналагічны цэнтр БДУ і шэраг камісій, груп, творчых калектываў у многіх ведамствах, вышэйшых навульных установах і г.д.
V. Літаратура
Асноўная:
1. Азарка В. У., Васілеўская А. С., Круталевіч М. М. Беларуская мова: Спецыяльная лексіка. – Мн., 2004.
2. Антанюк Л. А. Беларуская навуковая тэрміналогія: Фарміраванне, структура, упарадкаванне, канструяванне, функцыяніраванне. – Мн., 1987.
3. Антанюк Л. А., Плотнікаў Б. А. Беларуская мова: спецыяльная лексіка. – Мн., 2004.
4. Арашонкава Г. У., Булыка А. М., Люшцік У. В., Падлужны А. І. Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі. – Мн., 1999.
5. Ляшчынская В. А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка: вучэбны дапаможнік. – Мн., 2001.
6. Ляшчынская В. А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка. – Мн., 2003.
Дадатковая:
1. Старавойтава Н. П. Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць / Вучэбна-метадычны дапаможнік для нефілалагічных спецыяльнасцей. – Мн., 2006.
2. Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі. – Мн., 1999.
3. Праблемы беларускай навуковай тэрміналогіі // Матэр. 1-й нац. канф. –Мн., 1995.
УА “Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў
медыцынскі універсітэт”
Кафедра рускай і беларускай моў ФПДП
Абмеркавана на пасяджэнні кафедры
рускай і беларускай моў ФПДП
Пратакол №8 ад 24.02.2010г.