Паўночны саюз, складзены па прапанове рускага цара Пятра з Даніі, Саксоніі, Рэчы Паспалітай і Расіі павінен быў пакласці канец панаванню Швецыі на Балтыке – амаль усё ўзбярэжжа знаходзілася ва ўладанні Стакгольма. Рэч Паспалітая жадала вярнуць страчаную Лівонію (ці Ліфляндыю) і хутка ўвайшла ў саюз з Расіяй. Аднак пачатак вайны быў катастрафічны для саюзнікаў. Адным рэйдам Карл XII вывеў з вайны Данію, другім – разбіў рускіх пад Нарвай, трэцім – саксонцаў і палякаў пад Рыгай – усё ў 1700 г. У пачатку 1702 г. шведы разам з Сапегамі ўступілі на тэрыторыю ВкЛ, разрабавалі Гродна і яго наваколле, захапілі Вільна і Коўна. Войскі ВкЛ і Польшчы не рашаліся на бой са шведскім каралём.. Пры падтрымцы Сапегаў і некаторых магнатаў, акупанты 13 ліпеня 1704 г. выбралі каралём Станіслава Ляшчынскага. Верная Аўгусту шляхта арганізавала ў тым жа 1704 г. Сандамірскую канфедэрацыю і запрасіла рускія войскі на дапамогу. Яшчэ раней, у 1703 г., гэта зрабіла Генеральная канфедэрацыя беларускай шляхты. Тэрыторыю краіны спусташалі не толькі шведскія інтэрвенты, але і свае феадалы рабавалі маёнткі сваіх жа суседзяў. Войскі Агінскага і Вішнявецкага цярпелі паразу за паразай ад шведскіх атрадаў. Хутка на Беларусі з’явілася яшчэ адна армія – руская. Восенню 1704 г. шасцідзесяцітысячная армія пад кіраўніцтвам Рапніна была ўжо на тэрыторыі ВкЛ. Разам з войскам некаторы час тут знаходзіўся і цар Пётр. Да канца лета 1705 г. уся тэрыторыя ВкЛ кантралявалася рускімі войскамі, але пасля некалькіх хуткіх удараў Карла XII рускія да 1706 г. былі выцяснены ў усходнюю Беларусь. Тым часам шведы ў 1706-1707 гг. спалілі Нясвіж, Клецк, Полацк, Наваградак і асадзілі Ляхавічы. У 1706 г. Карл XII прымусіў капітуляваць Аўгуста ІІ і падпісаць Альтранштацкі мір, па якому Аўгуст пазбаўляўся кароны Рэчы Паспалітай (захаваў толькі карону герцага саксонскага), разрываў саюз з Пятром, выплочваў значную кантрыбуцыю Швецыі. Але шляхта і магнаты Сандамірскай канфедэрацыі не прызналі гэты мір і працягвалі ваенныя дзеянні.
Пры адступленні руская армія спаліла Мсціслаў, Оршу, Віцебск, Магілёў. Таму галоўныя сілы шведаў накіраваліся на яшчэ неразрабаваную саюзную Украіну (гетман Мазепа быў саюзнікам Карла XII). На Украіну з Рыгі праз усю Беларусь накіраваўся вялізарны шведскі абоз з 7 тыс. павозак з ваеннай амуніцыяй пад аховай корпуса генерала Левенгаўпта. 28 верасня 1708 г. каля вёскі Лясная рускія войскі захапілі абоз, а шведскі корпус быў разбіты. Хутка пад Палтавай Пётр перамог у генеральнай бітве Карла XII, які збег у Турцыю. Беларусь была ачышчана ад шведаў і прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага. Ян Сапега прасіў амністыі ў Пятра і 11 лістапада 1709 г. капітуляваў са сваёй арміяй у 15 тыс. штыкоў. “Вялікі” Варшаўскі сейм 1710 г. аднавіў на каралеўстве Аўгуста ІІ Моцнага. Межы Рэчы Паспалітай не змяніліся, але ў гарадах стаялі расійскія гарнізоны, а непаспеўшая аднавіцца пасля “патопу” гаспадарка зноў ляжала ў руінах. Колькасць насельніцтва зменьшылася з 2,2 млн. да 1,5 млн. – кожны трэці беларус загінуў пад час Паўночнай вайны і міжусобіц, што яе суправаджалі. Пры падтрымке свайго сябра Пятра Аўгуст паспрабаваў узмацніць асабістую ўладу – у Еўропе ўсюды ўсталяваліся абсалютысцкія манархіі. Супраць гэтых намераў выступіў Людзвіг Пац і магнаты ВкЛ. 23 сакавіка 1716 г. была ўтворана антыкаралеўская Канфедэрацыя ліцвінскай шляхты, якая выступала супраць моцнай каралеўскай улады і за захаванне “ залатых шляхецкіх вольнасцяў ”. Пры ўмяшальніцтве Пятра ў 1717 г. адбыўся так званы “нямы” сейм, які працягваўся толькі 7 гадзін і зацвердзіў умовы прымірэння караля і шляхты. Па яму захоўваліся ўсе шляхецкія вольнасці, значна абмяжоўвалася ўлада вышэйшых дзяржаўных асоб, асабліва гетмана, значна скарачалася воўска ВкЛ, яно налічвала не больш 6 тыс. чалавек. Відавочнай стала поўная залежнасць Рэчы Паспалітай ад расійскай дзяржавы, якая разам з іншымі суседкамі Польшчы і ВкЛ змовілася падтрымліваць бязладдзе ў дзяржаве. У 1720 г. такую дамову падпісалі Расія і Аўстрыя, а ў 1726 г. да іх далучылася Прусія. Далейшае караляванне Аўгуста ІІ было адзначана наступленнем на праваслаўе і ўніяцтва. Згодна з умовамі ўніяцкага сабора, які быў скліканы ў Замосці (Польшча), уніяцкая царква прымала ўсе дагматы каталіцкай царквы, уводзіўся цэлібат, уняцкія святары павінны былі апранацца як і каталіцкія, храмы перабудоўваліся на кшталт касцёлаў. У 1732 г. на варшаўскім сейме ўзяліся за праваслаўных. Было забаронена выбіраць іх на сеймы і ў склад трыбуналаў, прымаць на працу ў ваяводствах, гарадах і замках. Святары маглі праводзіць абрады толькі з дазволу ксяндзоў. Дзеці ў змешаных браках прымусова запісваліся каталікамі.
Пасля смерці Аўгуста ІІ у барацьбе з былым каралём Станіславам Ляшчынскім за карону Рэчы Паспалітай перамог сын першага Аўгуст ІІІ (1733-1763 гг.). Адзінае, што вызначае гэта кіраванне – адсутнасць войнаў. Гэта зразумела. Моцныя суседзі – Расія, Аўстрыя і Прусія не жадалі разбурэння слабай дзяржавы, якая была бар’ерам паміж імі. Аднак ва ўнутраных справах кароль не меў ніякіх рычагоў уціску. Аўгуст ІІІ увесь час жыў у Дрэздэне, сталіцы свайго герцагства, дзе ён быў абсалютным уладаром, а Рэч Паспалітую наведваў пад час сеймаў і паляванняў. Пасля яго смерці карона Рэчы Паспалітай пад уціскам Кацярыны ІІ, рускай імператрыцы, дасталася яе фаварыту Станіславу Аўгусту Панятоўскаму (1764-1795 гг.), які стаў апошнім каралём Рэчы Паспалітай і вялікім князем Літоўскім.