Вызваленчая вайна ўкраінскага народа пачалася вясной 1648 г. У бітвах каля Жоўтых Водаў і Корсуня казацкае войска пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага (яго бацькі паходзілі з Беларусі) перамаглі польскія арміі. Адначасова Хмяльніцкі, якога абралі гетманам, стаў засылаць агентаў і казацкія атрады – “ загоны ” на тэрыторыю паўднёвай Беларусі (тэрыторыя ВкЛ, у адрозненні ад Украіны – якая з 1569 г. належыла Польшчы) з мэтай распачаць і тут вялікую “вызваленчую” вайну. У адрозненні ад Украіны, на Беларусі не было польскіх паноў (Статут 1588 г. забараняў палякам набываць маёмасць у ВкЛ), таму распачаўшаяся ўнутраная вайна стала грамадзянскай. Беларусы – мяшчане і сялянене ваявалі супраць беларусаў – шляхціцаў. Да таго ж і казацкая вярхушка, акрамя пашырэння паўстання, мела і другі намер – далучыць паўднёвую Беларусь да Украіны.
Летам 1648 г. на поўдзень Беларусі былі занесены першыя ачагі паўстання, якое адразу прыняло жорсткія формы, было накіравана на татальнае знішчэнне супраціўнікаў. Першыя казацкія “загоны” атрымалі падтрымку простага насельніцтва, сяляне далучаліся да казакаў і вынішчалі маёнткі шляхты, гараджане адчынялі брамы. Першы “загон” атамана Галавацкага разграбіў ваколіцы Брагіна, Лоева, Гомеля. Шляхта, каталіцкае духавенства і асабліва езуіты вынішчаліся. У чэрвені 1648 г. атрады Нябабы, Крывашапкі, Гаркушы, Мікуліцкага, Няпаліча рассыпаліся па ўсяму Палессю і сталі захопліваць гарады – Рэчыцу, Мазыр, Кобрын, Бярэсце. Паплечнік Хмяльніцкага, беларус Сакалоўскі здолеў захапіць Бабруйск.
Кіраўніцтва ВкЛ вымушана было сазваць паспалітае рушэнне, але сабранае войска было разбіта ў верасні 1648 г. пад Кобрынам. Новую наёмную армію збіраў гетман Януш Радзівіл на асабістыя сродкі і грошы каталіцкай царквы. У гэты час выбухнула паўстанне ў Пінску. У кастрычніку 1648 г. мяшчане пад кіраўніцтвам рамесніка І.Шашэні вынішчылі езуітаў, шляхту ў горадзе і злучыліся з атрадам атамана Антона Нябабы. Першы ўрадавы атрад пад кіраўніцтвам пана Мірскага быў разбіты, але ў лістападзе 1648 г. падыйшлі галоўныя сілы на чале з Янушам Радзівілам. Горад быў узяты штурмам і ўвесь вынішчаны. Загінула каля 3 тыс. жыхароў. Радзівіл пачаў займаць паўднёвыя гарады і адразаць паўстанцаў і казакаў ад Украіны. Былі захоплены Тураў, Мазыр, Бабруйск. У Мазыры паўстанцы на чале з рамеснікам Іванам Сталяром і майстрам Седляром злучыліся з загонам атамана Міхненкі і запёрліся ў горадзе, адхіліўшы прапанову аб капітуляцыі. Штурм пачаўся 19 студзеня 1649 г., некалькі атак паўстанцы адбілі, але, схаваўшыся ў вазы з дравамі, атрады Радзівіла ўварваліся ў горад, разрабавалі яго, частку спалілі. У Бабруйску паўстанцы разам з казакамі атамана Паддубскага разбілі ўрадавы атрад пана Паца, тады горад у пачатку студзеня асадзіў атрад пана У.Валовіча. Чатыры тыдні асады не прынеслі поспеха Валовічу і на помач рушыў гетман Я.Радзівіл, тым не менш, сілаў на штурм не хапала. Радзівіл тайна пераманіў на свой бок заможных мяшчан і духавенства, і тыя ноччу 22 лютага адчынілі браму. Войска ўчыніла крывавую расправу, не пашчасціла і здраднікам. Кіраўнікі паўстання былі закатаваны страшнай смерцю. Так гетман Радзівіл выбіў казакаў з беларускіх гарадоў. Да вясны 1649 г. паўстанне пайшло на спад і Хмяльніцкі накіраваў новыя загоны на Беларусь. На тэрыторыю ВкЛ запарожцы перапраўляліся па бродах праз Днепр каля Лоева. Таму не выпадкова туды рушыў гетман ВкЛ Я.Радзівіл. Каля Лоева сканцэнтравалася вялікая казацкая сіла – атаманы і палкоўнікі Гаркуша, Падбайла, Міхаіл Крычэўскі (з беларусаў) з колькасцю казакаў каля 17 тыс. і сялян – 10 тыс. Паўстанцы 22 ліпеня атакавалі войскі Радзівіла, што збіраліся перайсці брод, але пацярпелі паражэнне. З гэтага часу дзеянні казакаў і паўстанцаў на Беларусі прынялі партызанскія формы. На Украіне дзеянні супраць палякаў так сама перапыніліся, бо ў жніўні 1649 г. быў падпісаны Збораўскі мір. Апошні не задаволіў казакаў, і Хмяльніцкі рыхтаваўся да новай вайны. Тым часам Ян Казімір паабяцаў амністыю ўдзельнікам паўстання, якія зложаць зброю, таму паўстанне на Беларусі стала сціхаць. Януш Радзівіл тым часам рыхтаваў пад Бабруйскам вялікае войска, якое павінна было з поўначы ўвайсці на Украіну. Калі ўлічваць антыпольскія настроі гетмана, то ён марыў аб вяртанні багатых украінскіх зямель у склад Вялікага княства, аднак мара не збылася.
У красавіку 1651 г. Хмяльніцкі аднавіў ваенныя дзеянні супраць палякаў, а на Беларусь паслаў заслон ад войск Радзівіла – загоны Нябабы і сына Юрыя. Казакі авалодалі Крычавам і зноў сустрэліся ў чэрвені на Дняпры з Радзівілам каля Лоеўскіх бродаў. Радзівіл зноў перамог казакаў і ўвайшоў на тэрыторыю Украіны, а 8 жніўня 1651 г. заняў Кіеў. Хмяльніцкі вымушаны быў падпісаць у верасні 1651 г. у г.Белая царква мірныя пагадненні, значна горшыя за папярэднія Збораўскія. Галоўнае для ВкЛ – ён выводзіў з беларускіх зямель усе атрады. Новы мір не пратрымаўся доўга – з 1653 г. ваенныя дзеянні казакаў аднавіліся, але зараз Хмяльніцкі прасіў дапамогі ў Масквы і атрымаў яе. Масква пайшла на чарговую вайну з Рэчу Паспалітай, а для Беларусі яна стала нацыянальнай катастрофай, “патопам”.