Сорак хадзісаў
Алішэр Наваі. “Чыхіл хадзіс”
Прадмова перакладчыка
Алішэр Наваі (узб. Alisher Navoiy; уйг. Әлшир Наваʼи/علي شىر ناۋائى; перс. علیشیر نوایی;) Нізамаддзін Мір Алішэр – асоба вельмі цікавая, шматгранная і яскравая. Для беларускага чытача гэта, мабыць, новы чалавек, пра якога можа хтосьці і чуў, але не здагадваўся пра яго значнасць і веліч. Просты мусульманін можа зблытаць яго з імамам ан-Нававі – хадзісаведам, вучоным шафіітам, але той завецца Шарафуддзін Закарыя і мае нісбу па вёсцы, дзе нарадзіўся – Нава. А Алішэр – Наваі, што з’яўляецца псеўданімам – “Наваі” значыць “меладычны”.
Асабіста для мяне знаёмства з асобай знанага мусульманіна, суніта-ханафіта, імама-суфія, паэта, мысляра, гуманіста пачалося праз невялічкую газетку-бюлетэнь “Нур” (“Святло”), якую выдаваў старшыня мусульманскай суполкі Слоніма Сулейман Байрашэўскі. Там месцілася згадка пра чарговую гадавіну з дня яго нараджэння. Незвычайнае імя – Алішэр – прыцягвала і дзівіла тады мяне.
Пазней мне было наканавана сустрэцца з яго імем яшчэ раз. На палічцы букіністрычнай крамы ў Гродне аўтару гэтых радкоў патрапіўся невялікі томік у цёмна-зялёнай вокладцы, на якім быў надпіс, стылізаваны пад вязь, “Алишер Навои” і рымская лічба “Х”. Як выявілася, мне пашчасціла знайсці дзясяты том збору твораў гэтага аўтара. Пашчасціла – бо менавіта ў дзясятым томе месціўся трактат “Каханы сэрцаў”, які адкрыў вочы на высокі стыль ісламскай літаратуры – да таго часу неяк так само сабой лічылася, што рыфмаваная проза і вершы ў ісламскай кнізе – рэдкасць. Але акрамя формы, уразіў змест.
“Калі чалавек сапраўдны, ён сябе чалавекам не кліча, самую цяжкую працу нават працай не паліча”.
– Ну і ну! – падумалася, – няўжо так можна? Няўжо і праўда можна не ганарыцца проста тым, што ты чалавек і саромецца звацца ім?
Упершыню пасля “інфармацыйнага голаду” ці то “інфармацыйнага патопу” 90-х, калі іслам быў прадстаўлены адно ў немавядома якіх брашурах і кніжачках сучасных аўтараў, якія запаланілі кніжныя паліцы, свежы погляд з’явіўся ў выглядзе кнігі чалавека, які жыў за паўтысячы гадоў да нашага часу. І ён – о Божа, цудоўныя справы Твае! – не лічыў прыналежнасць да ханафітаў[1], суфіяў[2], ашарытаў і матурыдзітаў[3] “сектанцтвам”, як пра тое крычалі брашуры ды кніжкі. Хутчэй наадварот – сектантамі былі нядобразычліўцы, да ліку якіх міжволі належалі і мы ў той час. І гэта было не проста адкрыццё – гэта была рэвалюцыя! Мы сімпатызавалі ў той час у нечым “барацьбітам за незалежнасць” Чачні, мяркуючы, што яны трымаюцца правільных перакананняў у рэлігіі, змагаюцца з сапраўдныя каштоўнасці і ісціну супраць “ворагаў ісламу”. А тут мы бачым зусім іншы іслам, дзе пануе гармонія і мір, для якіх няма ніякіх перашкод.
Не адразу прыйшло разуменне, што сапраўдны іслам – гэта не чорна-белы свет, дзе “хто не з намі, той супраць нас”. Не адразу стала ясна, што няма ніякой праблемы ў суфізме, калі суфій не выходзіць за межы шарыята – а сапраўдны суфій і не дазволіць сабе такога выхаду.
“Дэрвіш – той, хто прывык з усім мірыцца, і нават калі цяжка на душы, быць добрым і не сварыцца… яны (суфіі) выхаваныя і вялікадушныя, сябру і ворагу зычаць дабра”.
– Як так? Няўжо іслам такі? Няўжо справа суфіяў – гэта не танцаваць у мячэцях і пляскаць у ладкі?
Не адразу прыйшло ўсведамленне, што мы, мусульмане 90-х, аказаліся закладнікамі невядома чыёй прапаганды, праваднікамі новаўведзенага погляду на іслам як на рэлігію “адвечных чужынцаў”, сталі людзьмі без павагі да іншых рэлігій і ідэй, людзьмі, якія баяцца словаў “суфізм”, “ашарызм”, “філасофія”, “музыка” і інш., і глядзяць на немусульман толькі як на патэнцыйных кандыдатаў для прыняцця ісламу ці як на ворагаў ісламу. У людзях перасталі бачыць асобу, талент, пачуцці, думкі. Гэта не магло не хваляваць і непакоіць тады, застаецца актуальным і сёння.
І хвала Пану Богу, Усявышняму Аллагу за магчымасць бачыць ісціну ісцінай, дабро – дабром, а памылкі – памылкамі.
Дык хто ж такі Алішэр Наваі? Чым ён вядомы ў гісторыі?
Для паўнаты разумення біяграфіі і творачасці шэйха Алішэра мы звярнуліся да эсэ сустаршыні Рады па узбекскай літаратуры Міжнароднага Савета пісьменніцкага саюзу Анвармірзо Хусаінава, фрагменты якога прывядзём ніжэй побач з сухімі звесткамі біяграфіі і ўласнымі роздумамі.
9 рамадана 844 года па хіджры, што адпавядае 9 лютага 1441 года грыгарыянскага каленадара, у сталіцы Харасанскай дзяржавы – горадзе Герат – у сям’і аднаго з прыдворных падзішаха Гіясіддзіна Кічкінэ нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Алішэр (свой паэтычны псеўданім “Наваі” (“меладычны”) ён узяў пазней).
Афганскі горад Герат здаўна славіўся сваімі культурнымі традыцыямі; пры нашчадках Цімура, у XV стагоддзі, культура горада дасягнула вышэйшага росквіту. Асаблівай славай карысталіся будаўнікі горада і яго выдатная бібліятэка.
Сям’я Наваі, блізкая да двара, была з ліку самых найвыкшталцоных, самых адукаваных ў Гераце. Дзядзька будучага паэта, Абу Саід, пісаў нядрэнныя вершы, а другі дзядзька, Мухамад Алі, славіўся як выдатны музыка і каліграф. З юных гадоў Алішэр выхоўваўся разам з дзецьмі цімурыдскіх сем’яў; самае добрае сяброўства ён меў з будучым султанам Хусэйнам. Султан падчас праўлення Харасанам заставаўся верны паэзіі, спрыяў развіццю мастацтваў. Алішэр вучыўся ў Гераце, Мешхедзе і Самаркандзе. Сярод яго настаўнікаў быў сам Джамі, выдатны перса-таджыкскі паэт і вядомы суфій, які належаў да накшбандзійскага тарыката – аднаго з суфійскіх ордэнаў.
У 1469 г. Наваі вярнуўся з Самарканда ў Герат, у дзень, калі яго сябар Султан Хусэйн заняў пасад сваіх продкаў. Неўзабаве Алішэр быў прызначаны на высокую дзяржаўную пасаду захавальніка пячаткі, затым візіра і атрымаў тытул эміра. У 1476 г. паэт вырашыў сысці, тым не менш, застаючыся “набліжаным яго вялікасці”. Наваі не мог адысці ад дзяржаўных спраў. Ён быў намеснікам султана то ў Астрабадзе (што было амаль выганнем – Астрабад быў правінцыйным горадам), то ў Гераце. Памёр паэт у 1501 г.
Гістарычныя крыніцы паведамляюць, што Алішэр Наваі быў шчодрым мецэнатам, садзейнічаў развіццю навук і мастацтваў. Пры яго падтрымцы прыдбалі славу гісторыкі Мірхонд, Хандамір, Васіф, Даўлятшах Самаркандзі, мастак Бехзад, архітэктар Каваш-Эдзінай, многія паэты, музыкі, каліграфы. Але і сам Алішэр быў не толькі паэтам і дзяржаўным дзеячам, але і музыкам, мастаком, архітэктарам, гісторыкам і філосафам.
Алішэр Наваі быў выхаваны на арабскай і персамоўнай паэзіі таго бліскучага перыяду яе развіцця, які даў свету Нізамі, Аміра Хасрова, Фірдаўсі, Унсуры, Саадзі, нарэшце, яго настаўніка Джамі. Наваі пачаў як персамоўны паэт, хутка авалодаўшы тэхнікай і вобразным ладам класічнай персідскай паэзіі. Але ён жыў у пару складання новых нацыянальных культур. Як пісаў Н. І. Конрад, “гэты вялікі паэт, паэт-мысляр, як яго справядліва называюць, які належыць вялізнаму, этнічна разнароднаму свету, стаў класікам узбекскай паэзіі, заснавальнікам узбекскай літаратуры. Паэт, у якога героі хто заўгодна: Фархад – кітаец, Шапур – перс, Шырын – армянка, Кайс – араб, Іскандар – грэк, гэты паэт стаў паэтам узбекскага народа”. Такая была тэндэнцыя культурнага развіцця, і Наваі не пакінуў яе без увагі. Ён выдатна разумеў вялікае значэнне сваёй літаратурнай рэформы і сам казаў пра гэта. Гэта гучыць у заканчэнні паэмы “Фархад і Шырын”:
Я – не Хасроў, не мудры Нізамі,
Не шэйх паэтаў нашых дзён – Джамі.
Але пакорліва скажу:
Па сцежках славы іх хаджу.
Хай Нізамі здабыў без тлуму
Зямлю Берда, Ганджы і Рума;
Хай быў язык Хосрову дан,
Каб пакарыць увесь Індастан;
Няхай на ўвесь Іран пяе Джамі,
Ў Аравіі літаўрамі грыміць, –
Ды цюркі усіх плямён, любой краіны,
Мной ганарацца, толькі мной адзіным.
І мой зямляк пад сцягам роднай мовы,
Дзе б ні хадзіў, устаць заўжды гатовы.
Аповесць гэтая – пра гора і расстанні,
Духоўны пошук і пакуты узнімання,
Тут захаваў у кожным слове
Я мілагучнасць роднай мовы.
Тую ж думку ён выказаў на схіле дзён у прозе, у сваім выдатным трактаце “Спрэчка дзвюх моў” (1499): “Багацце цюркскай мовы даказана мноствам фактаў. Таленавітыя паэты з народнага асяроддзя не абавязкова павінны выяўляць свае здольнасці на персідскай мове. Калі яны могуць тварыць на абодвух мовах, то ўсё ж вельмі пажадана, каб яны на сваёй мове пісалі вершаў паболей”. І далей: “Мне здаецца, што я зацвердзіў вялікую ісціну перад годнымі людзьмі цюркскага народа, і яны, спазнаўшы сапраўдную сілу сваёй мовы і яе выразаў, выдатныя якасці сваёй мовы і яе слоў, пазбавіліся ад грэблівых нападак на іх мову і гаворку з боку тых, хто складае вершы на мове персаў”.
І нам у Беларусі не пашкодзіла б пераняць урокі славутага цюрка. Мы прывыклі да панавання рускай мовы, не саромеемся вывучаць англійскую, польскую ды іншыя, а сваю лічым “вясковай” і недасканалай, прымаючы ўласную недасведчанасць за недасканаласць мовы.
Гуманістычны ўніверсалізм Наваі адбіўся на разнастайнасці яго творчай спадчыны. Яго лірычныя вершы – газэлі – сабраны ў вялікі зводны дзіван “Скарбніца думак”, які мае чатыры цыклы: “Цуды дзяцінства”, “Рэдкасць юнацтва”, “Дзівосы сярэдняга ўзросту” і “Апошнія парады старасці”; тут жа і вершы больш складаных формаў, створаныя на аснове газэлі, – кыты, рубаі, блізкя да цюркскай народнай творчасці туюгі і інш.
Наваі напісаў сваю “Пяцёрку” – Хамса, куды ўваходзяць “Збянтэжанасць праведных”, “Фархад і Шырын”, “Лейла і Меджнун”, “Сем планет”, “Сцяна Іскандара”. Яго пяру належыць і філасофская паэма “Мова птушак” у перайманне кнізе знакамітага паэта Атара. Алішэр Наваі, акрамя таго, склаў літаратуразнаўчы трактат “Збор вытанчаных”, працу па паэтыцы “Вага памераў”, працу па лінгвістыцы “Спрэчка дзвюх моў”, гістарычныя сачыненні “Гісторыя цароў Аджама”, “Гісторыя прарокаў і вучоных”, а таксама філасофскія трактаты, біяграфіі шэрагу яго сучаснікаў і многае іншае.
Як лірычны паэт Наваі быў вучнем персідскіх класікаў. Ён не спрабаваў перайначыць або знішчыць умоўныя формы газэлі. Наадварот, ён паказаў невычэрпныя паэтычныя магчымасці, заключаныя ў гэтай ёмістай лірычнай форме з яе абавязковай тэматыкай – любоўнай (услаўленне незвычайнай прыгажосці каханай, жальбы на яе халоднасць, пакуты ў расстанні з ёю) і, можна сказаць, “вакхічнай” (услаўленне радасцяў вінапіцця, сяброўскай бяседы за чарай віна, славаслоўе чашніку – за якімі насамрэч хаваюцца вобраз Бога, пакланення і імкнення да Божай ласкі, віно тут не больш як алегорыя, паколькі ў строгім мусульманскім грамадстве за п’янства можна было атрымаць дубца) і з не менш абавязковым умоўнай мовай, выключна багатай тропамі, мудрагелістымі рытмамі і рыфмамі.
Лірычныя вершы Наваі не паддаюцца даціроўцы, і ў іх ледзь ўлоўліваюцца водгукі на вядомыя нам падзеі жыцця паэта. Зводны дзіван “Скарбніца думак” разгортваецца як лірычная споведзь паэта, чуйна фіксуе багатую гаму сваіх перажыванняў, адухоўленых, як і ў Дантэ, і Петраркі, але на свой, характэрны для паэзіі Сярэдняга Усходу, суфійскі лад. Уся паэзія Наваі – скарб метафар, паэт быў незвычайна адважны, вынаходлівы і трапны.
Адны метафары і параўнанні Наваі ідуць у плыні паэтычнай традыцыі, другія свежыя і арыгінальныя. Як чалавек, які тонка адчувае прыроду, Наваі напоўніў яе вобразамі сваю паэзію. Тут і свежая зеляніна лугоў, і вабная прахалода лесу, і сінь неба, і халодная бель горных снягоў, тут птушкі, звяры, разнастайныя кветкі і травы, і мігценне зорак на чорнай перакуленай чашы начнога неба.
Пачуццё любові, паводле паэта, узвышае, ажыўляе, вытанчае пачуцці, але адначасова падпарадкоўвае чалавека сабе і нават можа спаліць яго дашчэнту. Гэтая апантанасць любоўю ўласцівая Наваі, і думкі пра непазбежнасць зямнога канца не нараджаюць у паэце песімістычнага стаўлення да сегасветнага:
Непазбежнасць свет пакінуць мусіш зведаць, Наваі,
І каханне, і пяшчоту. Сыдзеш упрочкі з мітусні.
Ён трактуе каханне як усёабдымнае пачуццё, якое напаўняе жыццё чалавека вялікім зместам і сэнсам. Аптымістычны пафас лірыкі Наваі выяўлены і ў вершах да чашніка. Лірыка Наваі, пры ўсёй яе артыстычнай віртуознасці, звернутая да народа. У паэта ёсць вершы, якія асуджаюць несправядлівых правіцеляў і адзначаныя непадробнай любоўю да простага люду. Зрэшты, і само жыццё Наваі, арыстакрата, чалавека вытанчанай культуры, але жывога, чуйнага да патрэб народа, сведчыць пра яго гуманізм.
Сам Наваі прызнаваўся на схіле гадоў: “Са сродкаў сваіх я браў сабе на жыццё толькі тое, што неабходна простаму чалавеку, – здавольваўся халатам, які прыкрываў мяне ў спёку і ў холад, і няхітрым харчам. Астатняе ж я ахвяраваў на людзей, на харчаванне служак і дамачадцаў. А тое, што заставалася звыш выдаткаў на ежу і на выкананне розных абавязкаў, я раздаваў на справы дабрачыннасці”.
Яго паэма “Лейла і Маджнун” (1484) – кніга пра апантанасць любоўю, нездарма героя твора – арабскага юнака Кайса называюць “Маджнун”, то бок “чалавекам, які апантаны джынам”. Над ім смяюцца, яго саджаюць на ланцуг, ён вымушаны бегчы і хавацца, але нішто не можа зменшыць яго кахання да Лейлы. Чысціня і сіла пачуцця супрацьстаяць тут не толькі злу племянных звад і няроўнасці, але і адвечнаму злу. Перамагчы гэта зло Лейла і Меджнун наканавана толькі цаной смерці. У рэшце рэшт закаханыя паміраюць разам, у смерці знаходзячы жаданае яднанне:
Тады з’явіўся мілы сябар,
Прыйшоў, як верны сябар,
Не, вечны сябар!
Вочы таго, хто пабачыць іх хоча,
Знайшлі любай мілыя, мілыя вочы.
Жаданне адно ў іх, адно – і нямала.
Каханаму, любаму рукі узняла,
А разам з рукой і душу аддала,
Даўно гэтай марай яна і жыла.
Каханы схіліўся, не дыхае ён:
У мілай, каханай душы яго скон.
За гэтымі сімваламі хаваюцца вечныя ісціны – любоў не столькі да чалавека, як да Самаго Бога, адданасць Яго запаветам і шчырае імкненне дасягнуць Яго ласкі. Такое ж ўслаўленне ўсёпераможнага пачуцця любові мы знаходзім і ў паэме Наваі “Фархад і Шырын” (1484).
Наваі сам вылучае з ліку іншых паэтаў Аміра Хасрова Дэхлеві, свайго настаўніка Джамі і сябе як сапраўдных спадкаемцаў Нізамі, вартых блаславення “шэйха паэтаў”. Аднак, пачаўшы пісаць на мове цюркі, на стараўзбекскай мове, Наваі тым самым звярнуўся да новай, можа, менш вытанчанай, але больш сапраўды народнай аўдыторыі.
Сярэднявечныя моманты суфійскага разумення любоўнай апантанасці як сілы, якая дапамагае герою пераадолець сябе, узвысіцца над зямнымі інтарэсамі свайго “я”, часам знаходзяць след і ў паэме Наваі, у вобразе Фархада, які часам нагадвае Кайса-Маджнуна. У Нізамі Фархад быў эпізадычным персанажам, працаўніком-волатам, каменячосам і будаўніком, але ўсё ж простым чалавекам. У Наваі Фархад – галоўны герой. Ён сваёй працай каменячоса заваёўвае вольнае сэрца Шырын і любоў яе народа.
Наваі развівае унівэрсалісцкія ідэі Нізамі, сканцэнтраваныя галоўным чынам у “Іскандар-намэ”. Істотным момантам у гуманістычным выхаванні Фархад з’яўляецца мірны паход у Рум-Юнан (у краіну рамеяў – у Візантыйскую імперыю і ў Грэцыю) на вучобу да Сакрата. Матыў іншавер’я і сувязі Рума з далёкім мусульманскім Усходам, Захадам і Поўначчу Еўропы цалкам здымаецца ў паэме Нізамі.
Грэчаскія мудрасці выступаюць як “свой” здабытак і спадчына кожнага чалавека. Прычым калі ў мастацкай тканіне паэмы “Фархад і Шырын”, прыпадобненай да народных эпічных паэм цюркскіх народаў, Сакрат хутчэй мудрэц, чым філосаф ці навуковец, то ў паэме таго самага Наваі “Сцяна Іскандара” ужо цэлая суполка грэчаскіх філосафаў, набліжаная па часе жыцця з Аляксандрам Македонскім (сучаснікам якога з іх насамрэч быў толькі Арыстоцель), выстаўляе супроць магіі чарадзеяў кашмірского хана дакладна апісаную буйную гармату, а туркестанскі або чынскі (кітайскі) хакан дзівіць гледачоў астралябіяй і рухомай мадэллю планетнай сістэмы з шарападобнай Зямлёй.
Адзінства народаў у Наваі не толькі выступае ў сусветным значэнні румскай (заходняй) дзяржавы і румскай навукі. У паэме “Фархад і Шырын” дружба і каханне не залежаць ад нацыянальнай прыналежнасці і адрознення рэлігій. У паэме “Сцяна Іскандара” Наваі аб’ядноўвае вакол ідэальнага Іскандара сілы, якія традыцыйна супрацьстаяць мусульманскаму Ўсходу ў яго час: Рум, Рус, Франгестан (краіна франкаў, г.зн. Заходняя Еўропа) і Зіндж (ўсходне-афрыканскія народы), у той час як Дарый, першы праціўнік Аляксандра, згодна паэме, стаіць на чале традыцыйна мусульманскіх народаў. Яднанне ж дасягаецца ў выніку перамогі Рума! Аўтар не бяздумны ці раўнадушны – ён вучыць бачыць перавагі нават у заклятых ворагаў.
Уславіўшы працу, Наваі апеў і паэтычнае мастацтва, і паэтаў. Ён даў самыя пахвальныя характарыстыкі Нізамі, Аміру Хасрову, Джамі, грамадскай ролі паэта наогул.
“Сцяна Іскандара” (1485), – гэта гуманістычнае філасофскае перасэнсаванне жыццяпісаў Аляксандра Македонскага, подзвігам якога ў старажытнасці і ў сярэднявеччы было прысвечана шмат твораў. Яго імя атаясамлівалі нават з вядомым паводле Карана набожным царом-заваёнікам Зуль-Карнайнам, хоць дадзенае сцвярджнне не катэгарычнае. Паэма грунтуецца на славутым творы Нізамі “Іскандар-намэ”. Паэма Наваі – гэта твор пра моц і дапытлівы розум чалавека, пра сэнс яго жыцця.
Сімвалічная, як і ў іншых усходніх паэмах аб Іскандары, яго перадсмяротная воля ўладара: несці яго ў апошні шлях па яго дзяржаве ў труне, з якой бы была відаць яго рука з адкрытай далонню:
Каб гэтыя пальцы людзям памаглі:
Каб людзі спазналі на гэтай зямлі,
Што той, хто сем царстваў сабе пакарыў,
І новыя сферы пазнанню адкрыў,
Сыходзіць туды, дзе жаданняў няма,
І пуста ў руцэ – ўсе старанні дарма.
Свет вобразаў і пачуццяў Алішэра Наваі ўліў святло духоўнасці ў паэзію народаў Сярэдняга Усходу, ажывіў узбекскую літаратуру, першым вялікім прадстаўніком якой ён быў.
Заслуга Наваі не толькі ў тым, што ён з бляскам даказаў неабмежаваныя магчымасці цюркскай/узбекскай паэтычнай творчасці і стварыў “на мове цюркі” геніяльныя творы, але і ў тым, што ён выказаў перадавыя, гуманістычныя ідэі свайго часу ва ўсёй іх складанасці, супярэчлівасці, ва ўсім перапляценні вялікіх прасвятленняў і памылак, нястрымнага праслаўлення жыцця ва ўсіх яе праявах і сумнага скепсісу, летуценняў і цвярозага погляду на жыццё.
Паэзія Наваі стымулюе ў чытачу ўсё лепшае, падахвочвае кожнага задумацца пра вечнае, цудоўнае, пра пакуты і любоў, вучыць быць неабыякавым да чужой бяды і актыўным ў захаванні справядлівасці ва ўсім.
Быць справядлівым – значыць быць чалавекам высокіх маральных якасцяў, міласэрным і велікадушным, даказваючы гэта канкрэтнымі ўчынкамі. Тады багацце і ўлада не стануць самамэтай, а будуць служыць асновай для здзяйсненні добрых спраў і задум. Думкі Наваі ўзбагацілі скарбніцу мудрасці свету:
Знай, справядлівасць – лепш за славу бітваў,
Вышэй няшчырай веры і малітвы.
Пакуль зямля стаіць і купал неба,
Народам свету радавацца трэба.
І яшчэ Наваі пакінуў чалавецтву вялікі запавет:
Нельга чалавекам зваць таго,
Людское гора не гняце каго.
Гэты вялікі запавет Наваі стаў часткай светапогляду і культуры ўзбекскага народа, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945-х гадоў прыняў і прытуліў як родных мільёны эвакуяваных з Расіі, Украіны, Беларусі і Прыбалтыкі дзяцей, сірот, жанчын і старых, дзеячаў навукі, літаратуры і культуры, спецыялістаў і рабочых, цэлыя заводы і навукова-даследчыя інстытуты. Сярод эвакуяваных былі і знаныя беларускія дзеячы навукі і культуры, у тым ліку і славуты пясняр Якуб Колас. Тым самым Узбекістан ўнёс важкі ўклад у перамогу над фашызмам. У гэтым бессмяротным гуманітарным подзвігу ўзбекскага народа ёсць і ўклад Наваі як настаўніка нацыі.
Бязмежная любоў Алішэра Наваі да свайго народу, роднай мовы і культуры ніколькі не замінала яму з вялікай павагай, добразычлівасцю і захапленнем ставіцца да іншых моў і нацыям. Ён прасьцёр і апеў дружбу паміж народамі незалежна ад таго, дзе яны пражываюць, на якой мове гавораць, да якой расы ставяцца і што ў іх за веравызнанне. Па сцвярджэнні Наваі толькі сяброўства і станоўчае ўзаемаўплыў ўзбагачае, надае высакароднасць народы і адпавядае карэнным каштоўнасцям ісламскай рэлігіі і культуры.
Ведайце, людзі ўсёй зямлі: варожасць – дрэнная справа,
Жыць ў дружбе між сабой – няма лепшай славы.
У XIX-XX стст. рускія вучоныя-усходазнаўцы, паэты і перакладчыкі правялі вялікую творчую працу, пераклаўшы практычна ўсю літаратурную спадчыну паэта на рускую мову. Вартыя згадкі імёны навукоўцаў-даследчыкаў, пашыральнікаў творчасці Наваі сярод рускамоўных народаў: Бертэльса, Бартольда, Конрада, Західава і іншых і вучоных наваіведаў.
“Рубаят” славутага Умара Хаяма перакладаў Рыгор Барадулін. Нейкія вершы ўсходніх паэтаў, магчыма, перакладалі і іншыя нашыя паэты. Перакладаў Наваі на беларускую мне не траплялася.
Пагадзіцеся, што патрэбныя новыя пераклады велізарнай літаратурнай спадчыны Наваі ў нашы дні калі над светам стаяць пагрозы новых войнаў і канфліктаў, калі так мала узаемапаразумення, верацярпімасці і шчырасці.
Трэба сказаць, што ва ўмовах камуністычнай атэістычна-таталітарнай дзяржавы, дзе адсутнічала свабода слова і свабода веравызнання, не магло быць і гаворкі пра поўны і глыбокі пераклад усіх тэкстаў Наваі, які быў спеваком свабоды асобы, таленавіта прапаведаваў сутнасць ісламскай рэлігіі, усхваляў вартасці нашага пана прарока Мухамада ﷺ[4], называючы нашага пана і ўлюбёнца найвышэйшым дарам Стваральніка чалавецтву. Па гэтых прычынах творы Наваі літаральна бязбожна рэзала цэнзура. Паэмы Наваі на ўзбекскай і рускай мовах у народзе з болем называліся “коннікамі без галавы” – нагэтулькі куртатымі яны выглядалі ў параўнанні з арыгіналамі, так многа сапраўдных каштоўнасцяў было схавана і зацёрта. Даследчыкі Наваі сцвярджаюць, што яго паэмы бязлітасна скарочаны на 15-20 працэнтаў і менавіта ў гэтых скарочаных частках сваіх твораў паэт дасягаў найвышэйшага праявы свайго генія. Там што не радок – азарэнне, што не двухрадкоўе – афарызм. Ва ўсхваленні Алаха, праслаўляем прарока Мухамада ﷺ Наваі дасягнуў найвышэйшых межаў чалавечага розуму і паэтычнага дару. Таму яны з’яўляюцца неацэнным багаццем ісламскай і агульначалавечай думкі.
Можна толькі дзівіцца, як у гэтых скаротах і недарэзаных цэнзурай радках можна знайсці столькі разумных і вечных сэнсаў, як яны захавалі свой дыяментавы бляск нават скрозь цьмянае шкло перакладу і цэнзуры, пад які яго хацелі б схаваць ворагі ісламу і гуманізму. Хочацца, каб у нашы дні знайшліся маладыя розумы і таленавітыя асобы, якія смела і адважна возьмуцца за гэта мілую Богу справу.
Сёння чытаюць Наваі у арыгінале і спяваюць песні на яго выдатныя газэлі толькі ўзбекі, ды і тыя не ўсе, а толькі невялікая частка гуманітарыяў ды старэйшае пакаленне. Прычына гэтай сумнай з’явы такая. Як вядома, Алішэр Наваі быў не толькі паэтам, але і навукоўцам-энцыклапедыстам, вялікім знаўцам арабскай, фарсі-таджыкскай моў. Ён жыў і тварыў у залатыя гады цывілізацыі Цімурыдаў, вядомай свеце як эпоха ўсходняга рэнесансу – адраджэння навукі, культуры і мастацтва пасля часу ганебнага рабства народаў Сярэдняй Азіі перад пятой мангольскіх варвараў. Тады вялікая частка інтэлігенцыі цюркамоўных народаў выдатна ведала нароўні з роднай цюркскай і арабскую, і персідскую мовы. Словы і паняцці на гэтых мовах, а іх не адзін дзясятак тысяч, і стварылі найбагацейшую мову Наваі – адну з інтэлектуальных вяршыняў сусветнай літаратуры. Але з часам разрыў паміж культурнай нормай XV стагоддзя і ўзроўнем адукаванасці чытачоў павялічваўся, на жаль, не на карысць апошніх.
Рэлігія стала нейкай разменнай манетай, калі гаварыць пра веру маюць магчымасць толькі прызначаныя некім аўтарытэты, людзі, не проста далёкія ад нашых рэаліяў, але і адарваныя ад рэчаіснасці наогул. Даводзілася бачыць водгукі на творы аб ісламе, што “вершы – гэта нешта не тое”, што трэба прытрымлівацца літаральнага зместу аятаў і хадзісаў, не шукаць метафары, не разважаць пра зместы прешакрыніц, трымацца асновы і не займацца тонкасцямі. Але няўжо адно супярэчыць другому? Такі звышкансерватыўны падыход, свайго роду шоры на вочы верніка – зусім не той шлях, які зробіць ісламу добрую славу і вывядзе да мэтаў шарыяту.
Зразуменне Наваі, яго непаўторнага паэтычнага, філасофскага светапогляду – гэта захапляльная перспектыва культурнага росту цюркамоўных народаў у XXI стагоддзі, што дазволіць ім не згубіцца ў эпоху імклівай глабалізацыі, захаваць сваю нацыянальную, культурную самабытнасць і непаўторнасць.
Што такое сорак хадзісаў?
Калі мы пашукаем даўнія рукапісы і кнігі, то ўбачым, што многія мусульманскія багасловы, правазнаўцы, суфіі і іншыя навукоўцы пакінулі пасля сябе адносна невялікія творы – зборнікі сарака хадзісаў – выслоўяў нашага Прарока ﷺ. “Хадзіс” літаральна азначае “паведамленне”, “апавяданне”, “апісанне”. Хадзісы – гэта апавяданні, якія фіксуюць Суну Пасланца Божага ﷺ, апісанні тых ці іншых учынкаў Прарока ﷺ і яго выслоўі. Суна – гэта дзеянні і выказванні прарока Мухамада, яго рэакцыя на розныя падзеі, па сутнасці – жыццё Прарока ﷺ. У ісламе абодва паняцці сталі прымяняцца ў адносінах да Прарока ﷺ. Былі сабраныя запісы – хадзісы – аб тым, што ён казаў, як ён сябе паводзіў і як рэагаваў на тыя ці іншыя падзеі і дзеянні, якія адбыліся пры яго жыцці. Гэтыя запісы збіраліся ісламскімі навукоўцамі-мухаддзісамі, такімі як імамы Малік, Бухары, Муслім і інш. Важна таксама адзначыць, што яшчэ пры жыцці Прарока ﷺ некаторыя з яго паплечнікаў запісвалі яго выслоўі і ўчынкі для свайго ўласнага карыстання. На жаль, па розных прычынах у першасным выглядзе гэтыя раннія дакументы да нас не дайшлі. Але гэтыя запісы, а таксама вусныя паданні пасля былі даступныя навукоўцам для развіцця навукі аб хадзісах.
У больш позні перыяд, калі былі складзеныя навуковыя працы па хадзісазнаўстве, у пачатку кожнага хадзіса стала паказвацца паслядоўнасць перадачы, “ланцужок” людзей, якія перадавалі хадзіс, т.зв. “ланцужок перадатчыкаў” (існад). Такім чынам, аўтары гэтых прац не проста прадставілі інфармацыю, якую яны збіралі аб Прароку ﷺ, але і падалі яе ў дакументаваным выглядзе. Кожны пэўны хадзіс абавязкова павінен мець існад і дакладны тэкст (матн). Першы такі збор хадзісаў быў напісаны ў ІІ стагоддзі ад хіджры.
Што датычыцца збору менавіта сарака хадзісаў, то гэта вынікае з ісламскай традыцыі. Імам ан-Нававі (не блытаць з Наваі) ў прадмове да свайго збору кажа: “Перадаецца ад Алі б. Абі Таліба, Абдулы б. Мас’уда, Му’аза б. Джабаля, Абу Дарды, Ібн ’Умара, Ібн ’Абаса, Анаса б. Маліка, Абу Хурайры, Абу Саіда аль-Худры (хай будзе задаволены Алах імі ўсімі), што Пасол Божы ﷺ сказаў: “Хто захавае для маёй грамады сорак хадзісаў пра рэлігію, той будзе ўваскрэшаны ў Судны Дзень у ліку заканаведаў (фукаха) і вучоных”. У версіі Абу Дарды сказана: “ Хто захавае для сваёй грамады сорак хадзісаў аб рэлігіі, для таго будзе заступніцтва і сведчанне”. У версіі ібн Мас’уда гаворыцца: “...таму будзе сказана: “Увайдзі ў Рай праз тую браму, праз якую хочаш”. А ў версіі Ібн ’Умара сказана: “...такі чалавек будзе запісаны ў ліку знаўцаў і сабраны ў коле пакутнікаў (за веру)”. Нягледзячы на велізарную колькасць шляхоў перадачы, некаторыя мяркуюць, што гэты хадзіс з’яўляецца слабым[5]. Улемы[6] напісалі мноства кніг, у якіх прыводзіліся сорак хадзісаў[7], якія датычацца розных аспектаў рэлігіі. Наколькі мне вядома, першым аўтарам такой працы быў Абдуллах бін аль-Мубарак, наступным стаў багаслоў Мухамад бін Аслам ат-Тусі, затым такую працу напісаў аль-Хасан бін Суф’ян ан-Насаі, затым – Абу Бакр аль-Аджурры, затым – Абу Бакр Мухамад бін Ібрагім аль-Ісфахані, затым - ад-Даракутні, затым – аль-Хакім, затым – Абу Ну’айм, затым – Абу Абд ар-Рахман ас-Сулямі, затым – Абу Са’ід аль-Маліні, затым – Абу Усман ас-Сабуні, затым – Абдула бін Мухамад аль-Ансары, затым – Абу Бакр аль-Байхакы, а таксама многія іншыя людзі, якія жылі ў розныя часы і спіс якіх немагчыма пералічыць цалкам”.
Айшэ Шэвер Юртсевен у сваім артыкуле “Досвед па традыцыі сарака хадзісаў” дае пэўныя тлумачэнні папулярнасці гэтага жанра. У ім сказана, што традыцыі – гэта дзіця цывілізацыі і культуры. За іх кошт цывілізацыі працягваюць існаваць. Традыцыя сарака хадзісаў – гэта адна з першых прыкмет захавання маральнасці іслама.
Зборнік сарака хадзісаў ўзяў на сябе вельмі важную ролю для тлумачэнняў народу простай мовай такіх прыкмет як вера, маральнасць і таксама прынцыпы і погляды іслама. Дадзеныя тлумачэнні маюць вялікае значэнне ў сумяшчэнні акадэмічных і простанародных ведаў аб рэлігіі. Традыцыя сарака хадзісаў ўяўляе сабой быццам сорак прыступак рэлігійных вучэнняў паміж Прарокам ﷺ і людзьмі, у канцы якіх чалавек дасягае неабходнай ступені ведаў. Тлумачэнні сарака хадзісаў адзін іх практычных відаў вывучэння рэлігіі.
Тлумачэнне сарака хадзісаў заслужыла належнае важнае месца ў літаратуры Іслама да такой ступені, што ў традыцыі ранняй літаратуры пад назвай “хамса ” (пяцёрка [твораў]), адным з паказчыкаў надання заслужанага месца твора пісьменніка ці паэта было тлумачэнне і каментар да сарака хадзісаў.
Першыя зборы сарака хадзісаў з’яўляюцца ў ІІ ст. па хіджры. Што з’яўляецца зыходным пунктам складання сарака хадзісаў? Для гэтага ёсць некалькі прычын. Перш за ўсё, гэта хадзіс, словы самага дарагога чалавека на свеце, Прарока: “Хто з маіх паслядоўнікаў вывучыць на памяць сорак хадзісаў, таго Алах ажывіць [у Судны дзень] сярод навукоўцаў і факыхаў”.
З’яўленню такой магутнай традыцыі спрыяе другая непахісная крыніца пасля Карана – Суна, словы і ўсё зробленае Прарокам. Дадзеную традыцыю падтрымліваюць два хадзісы, адзін з із такі: “Хто гатовы, хай апавесціць непадрыхтаваных”. Таму, навукоўцы захацелі сабраць яго словы і перадаць іх іншым. Другі хадзіс, які падтрымлівае іх: “Хто перадасць адно маё слова, на таго Алах не накладзе сораму”. Падтрымка дадзеных двух хадзісаў – адна з асноўных прычын збірання сарака хадзісаў. Кожная кветка з букета напоўніць грамадства каштоўным пахам дабрачыннасці і будзе спрыяць напаўненню мядовым нектарам асобы чалавека.
Перш чым перайсці да іншых прычын тлумачэння сарака хадзісаў трэба крыху спыніцца на дадзеных хадзісах. Прарок словамі “мае паслядоўнікі” хацеў сказаць: гэта людзі, якія прынялі Іслам як лад жыцця. Каб прыняць якое-небудзь вучэнне як лад жыцця, трэба добра яго ведаць. Таму слова хіфз (вывучыць на памяць) тут вельмі дарэчы. Само слова “хіфз” азначае абарону, захаванне, запамінанне і веданне значэнне слова, а таксама яго ажыццяўленне. Калі гэта будзе на самой справе так, то будзе набліжэннем да ступені вучонага і ў дзень ўваскрэсення такі чалавек будзе знаходзіцца побач з імі. Таму калі глядзець з такога пункту, то адраджэнне ў асяроддзі навукоўцаў – месца, якім не будзе грэбаваць ні адзін мусульманін. З іншага боку захаванне гонару і годнасці – таксама сярод вартасцяў хафіза, захавальніка Карана і хадзісаў.
Можа ўзнікнуць пытанне чаму тлумачэнняў не менш і не больш. Можна спытаць, чаму меркаванні з тых двух хадзісаў, якія не надавалі вялікае значэнне лічбам, раптам надало важнасць ліку “сорак”. У суфійскай літаратуры, у аснове слова на персідскай мове “чэхель” паняцце “чыле” (прамежак часу ў сорак сутак) азначае час, калі чалавек, што уступаў у адзін з тарыкатаў, заставаўся адзін, каб абыходзячыся малой колькасцю ежы, адмовіўшыся ад усяго зямнога і прайшоўшы праз цяжкасці, перадужаць іх. Лічба сорак тут азначае шлях, які трэба прайсці каб дасягнуць належнага высокага ўзроўню.
Урокі сарака хадзісаў запрашаюць паслядоўнікаў дзеля агульнай карысці мусульман спусціцца ў уласны ўнутраны калодзеж, а з іншага боку – для ўзвышэння разважанняў запрашаюць на чыле з сарака ступеняў.
Нягледзячы на ўсе перашкоды, хадзісы дапамагаюць лягчэй спасцігнуць навуку. У рэлігіі, якая надае перавагу якасці перад колькасцю мець традыцыю лічбаў у навуцы хадзісаў – зыходзіць з набыцця пераходу з колькаснай стадыі ў якасную.
Першая перавага лічбы сорак праходзіць у чатырох месцах Карана. Тры з іх звязаныя з прарокам Мусай (бібл. Майсей). Аднак чацвёртае паказвае на надыход сталасці чалавека ў сорак гадоў і становіцца ясна, што сорак хадзісаў нададуць чалавеку пэўную дасканаласць. Таксама спасланне Адкрыцця Божага ў сорак гадоў Прарока з мэтай з самага пачатку змяніць людзей паказвае на асаблівую пэўнасць гэтага ўзросту. Разам з тым можна пералічыць наступныя прыкметы: іслам пачаў распаўсюджвацца пасля прыходу ў яго сарака чалавек; сорак выслоўяў Алі[8]; фарміраванне дзіцяці ва ўлонні маці цягам саракадзённых цыклаў; вызначэнне закяту ў 2,5 % (1/40) ад стану; меркаванні пра сорак дзён жалобы[9]; разважанні аб працягласці ўваскрасення ў сорак дзён і многае іншае. Так ці інакш, але кожны пагодзіцца з тым, што лічба сорак сапраўды мае пэўнае значэнне ў жыцці чалавека.
Дадзены зборнік уяўляе сабой менавіта такі збор сарака хадзісаў, да якіх дадзены кароткі вершаваны каментар укладальніка – Алішэра Наваі.
Прадстаўленая праца зусім не вядомая беларускаму чытачу. Сорак чатырохрадкоўяў “Арбаін кырк хадзіс”, напісаныя Алішэрам Наваі ў 1481 годзе на цюркскай мове, упершыню былі перакладзены на рускую мову Айдынам Наджафавым. Асновай кнігі паслужылі сорак хадзісаў Прарока Мухамада ﷺ.
Ствараючы свой твор, Наваі назваў яго перакладам сарака чатырохрадкоўяў настаўніка Джамі з мовы фарсі (персідскай) на узбекскую (цюркскую) мову. Так, на працягу шасці стагоддзяў “Арбаін” – Джамі на мове фарсі і Наваі на узбекскай мове жылі разам – іх перапісвалі, выдавалі і імі зачытваліся цэлыя пакаленні. Чатырохрадкоўі неслі паэтычныя словы пра сутнасць дабра, высакароднасці, маральнай дасканаласці асоб.
Гэты твор паэта неапраўдана замоўчвалася савецкай ідэалогіяй на працягу дзесяцігоддзяў. У цяперашні час, калі народы звяртаюцца да сваіх духоўных каранёў, яго актуальнасць не толькі не знікла, але, наадварот, узрасла. Ідэйная задума “Арбаін”, накіравана на фарміраванне грамадскіх уяўленняў аб высокай маральнасці, прысутнічае ў фальклоры сучасных цюркамоўных народаў, якія насяляюць тэрыторыі Азіі, Каўказа, Турцыі і некаторыя рэгіёны Расіі.
Асноўная мэта работы Айдына Наджафава – падтрымка ідэі бесперапыннасці гісторыка-культурнай працэсу з увядзеннем у навуковы абарот і грамадскае карыстанне невядомых, забытых, і ўнікальных крыніц, матэрыялаў і дакументаў па гісторыі культуры народаў і цывілізацыі Сярэдняй Азіі. Дадзеная праца была выпушчаная на ўласныя сродкі аўтара ў 2002 годзе тыражом у 200 асобнікаў, што пацверджана жнівеньскім нумарам 2002 г. кніжнага агляду “Китоб дунёси” ва Узбекістане, выдавецтва «Ижод дунёси». Колькасць накладу не адпавядала чытацкім запытам, таму сёння можна азнаёміцца з мастацкімі перакладамі Алішэра Наваі на сайце islam.ru.
Дадзены пераклад зроблены па электронным выданні, падрыхаваным Мадзі Цюлемісавым (Tyulemissov Madi, tmadi1@gmail.com). Для зручнасці чытачоў мы забяспечылі пераклад тэкстам арыгіналу. За ўдакладненне зместу выказваю падзяку маім сціплым сябрам з Узбекістану, якія забяспечылі нас электроннай версіяй “Арбаин кирк хадис” на ўзбецкай мове з арыгінальным арабскім тэкстам хадзісаў і спасылкамі на кнігі, адкуль былі ўзяты хадзісы. Дадатак з кароткімі звесткамі біяграфіі збіральнікаў хадзісаў (муха́ддзісаў) – наш уклад у гэтую працу. Мы спадзяёмся, што не нашкодзім задуме аўтара і паспрыяем дасведчанасці чытачоў пра імёны славутых вучоных ісламу.
Мы спадзяемся, што Пан Бог дасць чытачу прыдбаць карысць і вынесці карысныя ўрокі ад нашай сціплай працы. Просім усіх неабыякавых людзей аднесціся з разуменнем да нашай працы і зрабіць дуа-мальбу за ўсіх, хто спрычыніўся да яе. Мы ж просім у Аллага дабра і настаўлення на прамы шлях для ўсіх, хто чытае, вывучае і слухае гэтыя словы. Амін.
Дзмітрый Радкевіч,
radko-dmitrich@mail.ru
Першая старонка рукапісу “Арбаін”, выкананая пісцом Мухамадм ібн Даутам ў сярэдзіне ХVI ст. Захоўваецца ў г. Урумчы, Кітайская Народная Рэспубліка.
Сорак хадзісаў
Хвала Таму, Хто мудрасці даў многа
Прароку, каб нас вывеў на дарогу,
каб весткі перадаў Прарок ад Бога,
Зазначыўшы: “Загады – не нічога!”
Знайдзіце ў іх спакой і выбаўленне,
Хай Бог асвеціць вас святлом вучэння.
Агню пазбегніце таго, што не згасае
І асалоду атрымайце ў цені Раю.
Хай не змяншаецца Прарока перамога,
Ды ўзрастае слава Бога.
***
Прычына стварэння вершаў
Джамі[10] – набожных правадыр, нібыта ў ззянні,
Падобны кубку, што чароўна-беззаганны,
Настаўнік мой і выхавацель мяккім светам
Мяне схіляе да сябе, і добра гэта.
Свет поўніцца багаццем, дараваным ім,
І вершы, і паэмы перадаў пяром сваім.
Ад хіджры восем сотняў год, дзясяткаў восем –
Сказаў народ: “Джамі вярнуўся, просім!”
Не, гэта больш за дар, то – “Арбаін” цудоўны,
Ён моваю фарсі святога сэнсу поўны.
Бяскрайнім цветам сорак кветак расцвітаюць,
І сэрцы людзям асалодай напаўняюць.
Ды асалоду “Арбаін” адчулі персы,
А нашы людзі не спасціглі тыя вершы.
Тады я вырашыў: для племені майго
Перакладу я твор да слоўца аднаго.
Задуму скласці верш на роднай мове
Дабраславіў мой сябар, і злавіў на слове.
Дзень прамінаў за працай, час мінаў…
І сорак я хадзісаў зрыфмаваў.
І мэта добрая дайшла да завяршэння,
Вось – вершы, а на іх – дабраславенне.
Мой валадар, ты сёння вежа Шарыята,
Пашанай славіш запаветы Мухамада.
Спадзеў усклаў, што гэтыя старонкі
Пакінуць у грудзях ідэяў гронкі.
І з асалодай прозу прачытаўшы,
Спазнаеш зноў яе, паэзію спазнаўшы.
Радок, дзе мудрасць тоіцца да часу,
Ты зразумей. І станеш мудрым зразу.
I
Не паверыць [адпаведным чынам] ніводзін з вас, пакуль не пажадае свайму брату тое ж, што любіць сам [11]
Не будзе прававерным той з людзей,
Хто насычаецца, смакуе слодыч веры,
Не даючы ні шанца даць свяцей
Свайму адзінаверцу ў той жа меры.
ІІ
Усё, што Бог дазволіў і забараніў, загадаў любіць і ненавідзець, удасканальвае веру [12]
Любоў і гнеў, дазвол і забарона –
Усё ад Бога і прадвызначана Ім.
Даб’ецца ласкі Божай той, хто да аж скону
Адданы Богу, абавязаны ўсім.
ІІІ
Мусульманін той, ад языка і рук якога засцярожаны [іншыя] мусульмане [13]
Хто і жыццём, і сэрцам будзе пэўны,
Хай знае, што не пройдзен перакат.
Бо толькі той сапраўдны шчыры вернік,
Хто не ўжывае дарма рук і языка.
IV
У верніка не павінна быць дзвюх якасцяў: скупасці і дрэннага нораву [14]
Калі ты вернік, будзь, як неба, шчодрым,
Свяці душой і асвятляй дарогу.
Скупое сэрца – як агонь галодны,
Заганна тое, што няўгодна Богу.
V
Чалавек старэе, але ў яго маладзеюць дзве рысы характару: скнарлівасць і доўгія спадзяванні [15]
Гадуе чалавек сваіх дзяцей,
У справах сталасць бóльшае штодзень.
Ды два бакі душы ўсё маладзей:
Скнарлі́́васць і разлік на новы дзень.
VІ
Хто няўдзячны людзям, няўдзячны і Богу [16]
Хто ўдзячнасць хоча Богу скіраваць,
Падзякуе няхай людзям вакольным.
Бо, калі створаных не будзеш шанаваць,
То і Стваральніку аддзячыць ты не здольны.
VІІ
Хто не літасцівы да людзей, да тога не будзе літасцівы Бог [17]
Калі жадаеш ласкі Пана Бога,
Дзяліся літасцю з народам ад сябе.
Калі ж не выявіш ты добрага нічога,
То што чакаць ад Бога і табе?
VІІІ
Адрынута сегасветнае жыццё і ўсё, што ў ім, акрамя памінання імя Аллага Ўзвышняга [18]
Адрынуў Бог усё, што мае свет.
Ён Сам прызначыў кошт яму мізэрны,
Аднак ёсць скарб, які вышэй манет,
І ён завецца услаўленнем Бога верных.
ІХ
Праклятыя рабы дзінара і дырхема [19]
Той пераможа, хто ідзе з дабром да Бога,
Каго ні золата, ні срэбра не спакусіць,
А хто зняволіць за метал сябе самога,
Няшчасны той, і ў Рай яго не пусцяць.
Х
Рух пры ўмыванні павялічвае тваю долю [20]
Чый верны сябар – чыстая вадзіца,
Той брудным не застанецца навек.
А хто вады як ладану баіцца,
Той бедны, годны жалю чалавек.
ХІ
Верніка не ўджаляць з адной нары двойчы [21]
Калі змяя з нары цябе уджаліць,
Не думай нават, ад яе сыдзі упрочкі.
Нядобра гаду даць нагоду га́дзіць,
Не дай з адной нары сябе уджаліць двойчы.
ХІІ
Абяцанне – доўг [22]
Ты клятвай абяцаўся? Не стаі́!
Зрабі усё, што ў сілах у тваіх.
Дакляраванні – за пазыкі не ніжэй,
Выконвай іх, хоць лёгка, хоць цяжэй.
ХІІІ
Любы сход мае перадумовай дабранадзейнасць [23]
Пачуеш словы таямніцы ў вузкім коле –
Нікому не кажы ты іх ніколі.
Бо зерне плёткі – гэта зерне здрады,
Ты недаверу ад людзей не будзеш рады.
ХІV
Дарадца – давераная [асоба] [24]
Калі даверыш свой сакрэт душы другой,
Чакаеш промню сонца – свет парады.
Ды не парадзіць добрага, затушыць свет рукой,
Іскру парады ўто́іць хітраваты.
ХV
Выйграе́ шчодры [25]
Раздай нажытае – такі прыбытак твой,
Бо ў свет наступны ты майно з сабой не хопіш.
Раскошу, статкі, дом не прыме Той,
Прад Кім ты памяць і падзяку не заробіш.
ХVI
Пазыка – загана веры [26]
Спяшайся ўсё зрабіць сумленна,
Пазыкі для сумлення твайго – страта.
Вярнуць пазычанае – норма прававерных
Адмова аддаваць – таксама здрада.
ХVII
Задаволься тым, што не залішне [27]
Пазбаўся хцівасці, гані беспрынцыповасць –
Ад іх спакусаў цяжка уцячы.
У кожнай справе важна памяркоўнасць,
Якая не мінае, зберагчы.
ХVIII
Ранішні сон пазбаўляе долі [28]
Хто адмаўляецца ад ранішняй дрымоты,
Дабром пачне і ўславіць ласку Пана.
А той, хто доўга спіць – вось той гаротнік,
Яму дабро хіба што ў снах прыслана.
ХІХ
Шчодрасць гіне ад папрока [29]
Паслуга некаму – як міласціна бедным,
Аб ёй казаць не трэба, не трубі.
Тут нават згадка-напамінак не патрэбна –
Папрок жа справу можа ў момант загубіць.
ХХ
Шчаслівы той, хто вучыцца ў іншых [30]
Адзін з дурноты раўнадушшам расквітнее,
Не хоча ведаць, як народ яго бяднее.
Другі жыве пазнаннем мудрасці людской,
І з ведамі ён прыйдзе ў спакой.
ХХІ
Каб саграшыць, дастаткова проста паўтарыць пачутае [31]
Вялікі грэх – разносіць чуткі і размовы,
Ты таямніцы між людзей не раззвані,
Бо толькі горы паўтараюць рэхам словы,
Таму і сэрцы іх – глухія камяні.
ХХІІ
У смерці – дастатковае настаўленне [32]
Смерць блізкіх нам нясе бяду і гора.
Спакой ад Бога мёртвым, родным – горыч.
І кожны, як люстэркі занавесіць,
Сябе не будзе аб жыцці надзеяй цешыць.
ХХІІІ
Лепшы чалавек той, хто прынёс большую карысць людзям [33]
Спытаешся: “А хто з людзей найлепшы?”
Адказ паслухай, паспрабую вершам:
“Той лепшы, хто клапоціцца пра іншых,
Карыснай справай злоснасць перакрыўшы”.
ХХІV
Бог любіць роўных, жвавых, вясёлых [34]
Як людзям ласку ты нясеш у кожным слове,
То ашчаслівіць Бог цябе і ласкай, і любоўю,
Ты гутарку пачні з усмешкаю на вуснах,
Напоўніш светам душы, там дзе пуста.
ХХV
Дарыце і любіце [35]
Павага і пашана ў падарунках,
Бо тоіцца цяпло ў дабра карунках.
Што можа лепшым быць за ўсе дарункі дружбы?
Усмешка шчырая, што хцівасць можа здужаць.
ХХVI
Прасі сабе дабра ў чалавека з прыемнай знешнасцю [36]
Калі цябе патрэба нечакана напаткала,
Прасі ў таго, хто будзе харашэй,
І нават калі, можа, дапаможа табе мала,
То ўсё адно прыемнасць даражэй.
ХХVII
Адвядай [людзей] радзей, то і будзеш ім мілей [37]
Чым бачацца сябры адзін з адным радзей,
Сустрэчы робяцца іх сэрцам даражэй.
І цяга стрэцца павялічвае жаданне
Сустрэчу тую зладзіць зноўку чым хутчэй.
ХХVIII
Дабрашчасны [38] той, хто больш заняты сваімі недахопамі, чым правіннасцямі людзей [39]
Той, хто прызнаў віну сваю – шчаслівы,
Яго учынак – подзвіг мудраца.
Прызнанне вінаватага – знак сілы,
Што слова гонару трымае да канца.
ХХIX
У сваім імкненні быць багатым не разлічвай на чужое [40]
“Эх, мець бы незлічонае багацце!..” –
Так кожны колісь марыў і не раз.
Ды толькі лепшае багацце – не ў зарплаце,
А ў свеце Божым, што ў душы тваёй не згас.
ХХХ
З найлепшага вызнання іслама – пакінуць тое, што цябе не датычыцца [41]
Як хочаш светам веры засвяціцца
І свет той веры справай пацвярджаць,
Дурное кінь, дабро чыні, спяшы маліцца,
Бо толькі так ты зможаш на дарозе Божай стаць.
ХХХІ
Не той моцны, хто пераможа праціўніка,
а той, хто можа валодаць сабой ў гневе [42]
Не той асілак, хто асілка пераможа
І кіне ў пыл, падняўшы над зямлёй.
А той асілак, хто стрымаць у гневе можа
Язык свой і замах рукі сваёй.
ХХХІІ
Багаты не той, у каго шмат маёмасці, а той, хто багацейшы за сваю маёмасць [43]
Багаты не такі, хто хцівы, ненажэрны,
Не знае стомы ў назапашванні манет,
Багаты той, хто шчодры і сумленны,
Каму майно не засланіла свет.
ХХХІІІ
Асцярожнасць замест падазронасці [44]
Хто падазронасць адвядзе – пазбегне смут,
Разважлівы ён вынесе прысуд.
Цвяроза думай пра людзей і справы іх –
І ланцугоў пазбавішся сваіх.
ХХХІV
Навука не скупіцца [45]
Вучоны, мудрасцю квітней,
Дзяліся ведамі з малодшым.
Шукальнік ведаў мо’ пазней
Праз веды зможа стаць не горшым.
ХХХV
І добрае слова – міласціна [46]
Калі не маеш чым карміць,
Хоць хораша скажы.
І смагу-голад наталіць
Ты зможаш ад душы.
ХХХVI
Празмерны смех робіць сэрца мёртвым [47]
Не рагачы над кожным глупствам,
Бо сэрца можа стаць пустым.
А калі ў сэрцы будзе пуста,
Дык чым яго запоўніш ты?
ХХХVII
Рай знаходзіцца ля ног маці [48]
Ля мілых ног тваёй матулі
Ўсе кветкі райскія паснулі.
Як райскім хочаш дыхаць пахам,
То мусіш быць ля ног тых прахам.
ХХХVIII
Да няшчасця [можа] прывесці [нават адно] слова [49]
– Гаворыць шмат – памылак шмат у тога, –
Сказаў мудрэц, і вырашыў другі:
– Дык лепей не казаць зусім нічога,
Калі не можаш добрага сказаць – не лгі.
ХХХIX
Погляд [на чужую дзяўчыну] – адна з атрутных д’ябальскіх стрэл [50]
Пагляд на дзеўчыну, калі яна чужая
Завецца страшна – д’ябальскай стралой.
Бо ты глядзіш – і сэрца тваё тае,
Нашто глядзіш? Яна анёл не твой.
XL
Сапраўдны вернік не можа быць сытым, калі яго сусед галадае [51]
Як можа сыты прававерны
Галоднаму паспагадаць?
Павінен сыты долю ў поўнай меры
Таму, хто у нястачы, даць.
Канец кнігі
Бог-Стваральнік Узвышні людзям расказаў:
“Чалавека Я з гліны сорак дзён фармаваў”
Каб сэрца і розум напоўніць карысным,
Урокам няхай будуць сорак хадзісаў.
Сорак дзён вывучай іх, спяшацца не трэба,
Зможаш ты з імі поруч дабрацца да неба.
Калі ўдасца дабіцца вышыняў табе,
Не забудзь і мяне прыгадаць у мальбе.
Для паэта няма лепшай славы, ты знай,
Каб душа яго птушкай узнеслася ў Рай.
Завершана
гэта кніга з дапамогай
Уладара, Які дае даброты.
І вершы гэтыя – твор паміж многіх твораў,
Алішара па нісбе Наваі, які ўпрыгожыў твар
Чашніка[52] і прыадкрыў вясельны ўбор Нявесты[53].