Лекции.Орг


Поиск:




Категории:

Астрономия
Биология
География
Другие языки
Интернет
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Механика
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Транспорт
Физика
Философия
Финансы
Химия
Экология
Экономика
Электроника

 

 

 

 


Глава 6. Вызваленне Беларусі. Заканчэнне вайны




Восенню 1943 г., пасля разгрому фашысцкіх войск пад Курскам, пачалося выгнанне ворага з акупіраванай тэрыторыі Беларусі. 23 верасня савецкія войскі вызвалілі першы раённы цэнтр Беларусі – г. Камарын, а да канца верасня выйшлі на подступы да Віцебска, Рагачова, Магілёва.

У лістападзе 1943 г. вызвалены буйны прамысловы і культурны цэнтр рэспублікі – г. Гомель, які да выгнання немцаў з Мінска стаў месцам знаходжання ўрада БССР. Усяго ў Беларусі ў выніку асенне-зімовага (1943–1944) наступлення савецкіх войск было вызвалена 40 раёнаў Магілёўскай, Віцебскай, Гомельскай і Палескай абласцей.

У 1944 г. пачаўся завяршальны этап Вялікай Айчыннай вайны, які характарызаваўся поўным выгнаннем акупантаў з савецкай зямлі і пачаткам вызвалення народаў Еўропы ад фашысцкай няволі. Адной з буйнейшых падзей гэтага этапа з’явілася Беларуская наступальная аперацыя, якая ўвайшла ў гісторыю пад кодавай назвай “Баграціён”.

Да пачатку бітвы гітлераўцы сканцэнтравалі на лініі фронту найбольш буйную групоўку сваіх войск (група армій “Цэнтр” і на флангах часці груп “Поўнач”, “Паўночная Украіна”) колькасцю 1,3 млн чалавек, 9500 гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, 1350 самалётаў. Створаную ў Беларусі глубокаэшаланіраваную сістэму абароны, якая прыкрывала галоўныя стратэгічныя напрамкі (усходне-прускі і варшаўска-берлінскі), гітлераўцы называлі “Фатэрлянд” (Айчына), паказваючы, што тут іх армія адстойвае рубяжы самой Германіі.

Савецкае камандаванне, улічваючы важнасць і складанасць задачы, прыняло ўсе неабходныя меры для забеспячэння поспеху аперацыі па вызваленні Беларусі: на працягу красавіка – мая 1944 г. быў дэталёва распрацаваны план аперацыі “Баграціён”; праведзена ўсебаковая падрыхтоўка да наступлення – савецкія войскі былі аб’яднаныя ў чатыры фронты, забяспечаны ў дастатковай ступені тэхнікай, боепрыпасамі, гаручым, харчаваннем. Раніцай 23 чэрвеня 1944 г. пачалася бітва за поўнае вызваленне Беларусі. У наступленне перайшлі войскі 1-га Прыбалтыйскага (камандуючы І.Х. Баграмян), 2-га Беларускага (Г.Ф. Захараў) і 3-га Беларускага (І.Д. Чарняхоўскі) франтоў. На другі дзень да іх далучыліся войскі 1-га Беларускага фронту (камандуючы К.К. Ракасоўскі). У аперацыі ўдзельнічалі таксама Дняпроўская ваенная флатылія, авіяцыя далёкага дзеяння і процівапаветранай абароны, першы асобны французскі добраахвотніцкі знішчальны авіяполк “Нармандыя-Нёман”. Актыўны ўдзел прымалі партызанскія злучэнні. Каардынавалі дзеянні франтоў маршалы А.М. Васілеўскі і Г.К. Жукаў.

З першых жа дзён наступлення ў Беларусі, як сведчыць у сваіх успамінах маршал Г.К. Жукаў, на ўсіх напрамках разгарнуліся бязлітасныя баі на зямлі і ў паветры. 24 чэрвеня лінія абароны праціўніка была прарвана. На трэці дзень баёў войскі 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў акружылі і знішчылі Віцебскую групоўку праціўніка (Віцебскі кацёл), вызвалілі Віцебск. Войскі 2-га Беларускага фронту, фарсіраваўшы водныя перашкоды, 28 чэрвеня штурмам авалодалі Магілёвам. Тады ж была завершана ліквідацыя варожых войск, акружаных пад Бабруйскам (Бабруйскі кацёл). Гітлераўцы, пацярпеўшы паражэнні на галоўнай абароннай паласе, спрабавалі замацавацца на рубяжы Бярэзіны. Аднак іх спроба была сарвана войскамі 3-га Беларускага фронту, якія фарсіравалі Бярэзіну і 1 ліпеня вызвалілі Барысаў.

Разгарнуліся баі за сталіцу Беларусі – Мінск. Баі за вызваленне Мінска пачаліся на досвітку 3 ліпеня і паспяхова завяршыліся да канца таго ж дня. Першым уварваўся ў Мінск танк камандзіра ўзвода Д.Г. Фролікава. У баях за горад вызначыліся многія байцы 2-га Тацынскага гвардзейскага танкавага корпуса генерала А.С. Бурдзейнага, 1-га гвардзейскага танкавага корпуса генерала М.Ф. Панова, 5-й гвардзейскай танкавай арміі маршала бранятанкавых войск П.А. Ротмістрава, 3-й арміі генерала А.В. Гарбатава, 31-й арміі генерала В.В. Глаголева і інш.

Каля Мінска ў акружэнні апынулася больш чым 100-тысячная групоўка ворага (“Мінскі кацёл”). Гітлер звярнуўся да камандавання групоўкі з загадам, у якім патрабаваў зрабіць усё, каб выйсці з акружэння. Цэлы тыдзень, да 11 ліпеня, кіпеў “Мінскі кацёл”. Аднак фашысцкім войскам не ўдалося вырвацца з акружэння: 70 тыс. было забіта, 30 тыс. узята ў палон.

У той час як частка савецкіх войск разам з партызанамі заканчвалі ліквідацыю акружанай групоўкі праціўніка пад Мінскам, галоўныя сілы трох беларускіх франтоў рухаліся на захад. Былі вызвалены 4 ліпеня – Полацк, 5 – Маладзечна, 16 – Гродна, 28 – Брэст. Такім чынам, да канца ліпеня 1944 г. нямецка-фашысцкія захопнікі былі поўнасцю выгнаны з беларускай зямлі.

Разгром нямецка-фашысцкіх войск у Беларусі ўвайшоў у гісторыю як адна з важнейшых бітваў Вялікай Айчыннай і другой сусветнай вайны. Паражэнне гітлераўцаў на Беларусі ў 1944 г. многія гісторыкі ацэньваюць як катастрофу вермахта, а некаторыя і як канчатковае паражэнне Германіі. Сапраўды, бітва за Беларусь у 1944 г. стала адной з буйнейшых ваенных катастроф Германіі. У ходзе аперацыі “Баграціён” савецкія войскі разбілі 28 дывізій групы “Цэнтр” з 38. Агульныя страты гітлераўцаў у Беларусі летам 1944 г. перавысілі тыя, якія панеслі яны ў бітве на Волзе: было забіта звыш 381 тыс. і ўзята ў палон 158 тыс. салдат, афіцэраў і генералаў. За месяц наступлення савецкія войскі ачысцілі ад ворага тэрыторыю працягласцю з поўначы на поўдзень больш як на 400 км і з усходу на захад больш як на 500 км. У выніку беларускай аперацыі была вызвалена не толькі ўся Беларусь, але і большая частка Літвы, частка Латвіі, усходнія раёны Польшчы. Савецкія войскі падышлі да граніц Усходняй Прусіі, што стварыла спрыяльныя ўмовы для вызвалення шэрага краін Еўропы і разгрому фашысцкай Германіі.

Яшчэ дзевяць месяцаў пасля вызвалення Беларусі працягвалася вайна супраць фашысцкай Германіі. Беларускі народ увесь гэты час аказваў усямерную дапамогу Чырвонай Арміі і адначасова адраджаў жыццё на амаль цалкам спапялёнай, разбуранай зямлі Беларусі.

Пасля вызвалення рэспублікі 147 тыс. партызан уліліся ў шэрагі Чырвонай Арміі, а ўсяго ў ходзе і пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ў Чырвоную Армію было мабілізавана 755 тыс. яе жыхароў. Усё насельніцтва вызваленай Беларусі ўключылася ў самаадданую працу пад дэвізам “Усё для фронта, усё для перамогі!”. Чырвонай Арміі аказвалася дапамога ў рабоце палявых шпіталяў, рамонце баявой тэхнікі, падвозе боепрыпасаў і інш. Важнае значэнне надавалася ўзнаўленню чыгунак, забеспячэнню рэгулярнай і своечасовай дастаўкі грузаў на фронт. Да лютага 1945 г. на Беларусі было ўзноўлена больш за 10 тыс. км чыгуначных дарог. У 1944 г. узровень прамысловай вытворчасці рэспублікі быў у 10 разоў ніжэйшы, чым у 1940 г., а да лета 1945 г. ужо дзейнічала звыш 8 тыс. прамысловых прадпрыемстваў, майстэрань і арцеляў, ці 25 % іх даваеннай колькасці. Пасля вызвалення Беларусі Чырвоная армія з неаслабнай сілай граміла нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У выніку наступных удараў вораг быў поўнасцю выгнаны з савецкай зямлі, дзяржаўная граніца СССР адноўлена. Чырвоная Армія, выконваючы вызваленчую місію, дапамагала народам Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі, Румыніі, Балгарыі і іншым вызваліцца ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.

Савецкія войскі разам з амерыканскімі, англійскімі, французскімі, польскімі, чэхаславацкімі і югаслаўскімі, а таксама з войскамі румынскай і балгарскай армій, якія далучыліся пазней, наносілі гітлераўскім полчышчам знішчальныя ўдары. Супраць фашызму, за свабоду і незалежнасць сваіх краін змагаліся патрыёты Італіі, Грэцыі, Венгрыі, Албаніі, Нарвегіі і іншых краін. У выніку гітлераўская Германія апынулася пад пагрозай немінучага разгрому.

Многія народы і дзяржавы ўнеслі ўклад у перамогу над фашызмам, у тым ліку ЗША, Англія, Францыя і іншыя саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі. Важнай падзеяй у барацьбе супраць фашызму з’явілася адкрыццё ў чэрвені 1944 г. другога фронту ў Еўропе, дамоўленасць аб чым была дасягнута яшчэ ў пачатку 1942 г. У канцы студзеня – пачатку лютага 1945 г. савецкія войскі ў ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі фарсіравалі Одэр, наблізіліся на 70–80 км да Берліна. У той жа час, калі Савецкія Узброеныя Сілы ажыццяўлялі наступленне супраць фашысцкай Германіі з усходу, англа-амерыканскія войскі разгарнулі наступальныя дзеянні на захадзе. Рашаючае значэнне для разгрому фашысцкай Германіі мела Берлінская аперацыя (16 красавіка – 8 мая). Яе ажыццявілі войскі 1-га, 2-га Беларускіх і 1-га Украінскага франтоў з выкарыстаннем сіл балтыйскага флоту, дняпроўскай ваеннай флатыліі, авіяцыі дальняга дзеяння, а таксама 1-й і 2-й армій Войска Польскага. 2 мая савецкія войскі завяршылі разгром берлінскай групоўкі ворага і поўнасцю авалодалі Берлінам.

8 мая ў прадмесці Берліна Карлсхорсце ў прысутнасці прадстаўнікоў камандаванняў армій СССР, ЗША, Англіі і Францыі прадстаўнікі павергнутай Германіі падпісалі акт аб безагаворачнай капітуляцыі сваіх узброеных сіл. Кровапралітная вайна ў Еўропе закончылася. У азнаменаванне перамаганоснага завяршэння Вялікай Айчыннай вайны супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў 9 мая 1945 г. было аб’яўлена днём усенародных урачыстасцей – святам Перамогі.

У Еўропе наступіў мір. Але ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі, на Далёкім Усходзе і ў басейне Ціхага акіяна ўсё яшчэ палыхала полымя вайны, развязанай Японіяй. Верны саюзніцкаму абавязку, СССР далучыўся да дэкларацыі ЗША, Англіі і Кітая ад 26 ліпеня 1945 г., у якой патрабавалася безагаворачная капітуляцыя Японіі, і 8 жніўня аб’явіў вайну мілітарысцкай Японіі.

Баявыя дзеянні Чырвонай Арміі і Флоту супраць Японіі пачаліся 9 жніўня 1945 г. Нягледзячы на моцнае супраціўленне, савецкія войскі хутка зламалі абарону праціўніка. На працягу 11 дзён яны разграмілі галоўную ўдарную сілу японскіх мілітарыстаў – Квантунскую армію і ачысцілі ад японцаў паўночна-ўсходнія правінцыі Кітая (Маньчжурыю), гарады Дальні і Порт-Артур, Паўднёвы Сахалін, Курыльскія астравы, вызвалілі Паўночную Карэю.

Ужо пасля разгрому савецкімі войскамі Квантунскай арміі ЗША, якія 6 і 9 жніўня 1945 г. падверглі атамнай бамбардыроўцы Хірасіму і Нагасакі, 28 жніўня пачалі высадку сваіх акупацыйных сіл на Японскія астравы. Страціўшы лепшую сухапутную армію, а таксама флот, Японія вымушана была капітуляваць.

2 верасня 1945 г. Японія падпісала акт аб безагаворачнай капітуляцыі. Ад імя дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі яго падпісалі прадстаўнікі ЗША, Англіі, СССР, Кітая, Францыі, Аўстраліі, Канады, Новай Зеландыі і Нідэрландаў. Так закончылася другая сусветная вайна.

 





Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2017-02-25; Мы поможем в написании ваших работ!; просмотров: 445 | Нарушение авторских прав


Поиск на сайте:

Лучшие изречения:

Студенческая общага - это место, где меня научили готовить 20 блюд из макарон и 40 из доширака. А майонез - это вообще десерт. © Неизвестно
==> читать все изречения...

2316 - | 2272 -


© 2015-2024 lektsii.org - Контакты - Последнее добавление

Ген: 0.009 с.