Два бакі праблемы: новыя людзі як супольнасць, соцыум, і герой новага тыпу, чалавек актыўнага дзеяння.
Не ўсё ў справе стварэння вобразаў «новых людзей» у акрэслены перыяд залежала ад пісьменнікаў, нягледзячы на тое, што яны выразна ўсведамлялі свае задачы.
Слабасць тагачаснай творчасці К. Чорны бачыў у наступным: «мы яшчэ мала можам назваць літаратурных персанажаў, праз якія можна было б бачыць многа жывых рысаў нашай вялікай сучаснасці». Аднак ён усведамляў і тое, што сучасная яму рэчаіснасць ёсць ніколі не бывалая раней у чалавечым жыцці з’ява, а гэта вымагае ад пісьменнікаў вялікага майстэрства.
Разважаючы аб праблемах творчасці, М. Прышвін вылучаў у ёй «два склады»: сцвярджэнне творцам сябе самога як асобы і стварэнне тыпа — і канстатаваў, што «стварэнне тыпа і ёсць усё, што патрабуецца ад пісьменніка як грамадскага дзеяча», а ў час рэвалюцыі ўвогуле «спроба стварэння тыпа рабілася без усякага сцвярджэння асобы». Між тым, «тып — гэта мост, дзе сустракаюцца асоба творчая, якая нясе ў жыццё разнастайнасць, і грамадскасць, якая патрабуе ад кожнага характару служэння адзінаму існаму». Эпоха войн і рэвалюцый актуалізавала ідэю сацыяльнай барацьбы, і пэўнае кола літаратараў яе адстойвала, аднак рабілася гэта не ў прапагандысцкіх мэтах, а ў імкненні да стварэння цэласнай карціны жыцця. Рэвалюцыйныя пазіцыі фарміраваліся натуральна, пад уплывам аб’ектыўных грамадскіх працэсаў. І ўсё ж літаратура на гэтым шляху не зрабіла значных мастацкіх дасягненняў, бо аддавала прыярытэт палітычнай падзеі і сацыяльнай сутнасці чалавечых адносін. У выніку прымітывізавалася мастацкая канцэпцыя асобы, падмяняючыся фіксацыяй змен у ідэалагічнай свядомасці героя, а дынаміка характараў зводзілася да паказу розных стадый гэтага, пераважна паскоранага і не заўсёды эстэтычна і лагічна абгрунтаванага працэсу. Складанасці духоўнага свету, псіхалагічныя канфлікты апыналіся па-за аўтарскімі інтарэсамі. У паказе людзей новага тыпу, станоўчых герояў літаратуры 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя, запанавала прадстаўленасць у сацыяльна вызначаных ролях. З жыцця і літаратуры пакрысе знікаў чалавек як суб’ект дзеяння, на змену яму прыходзіла маса. Складанасці ў эстэтычным асваенні новай рэчаіснасці выразна акрэсліў І. Бабель. Ён адзначаў: на гэтым этапе магло здацца, што «адбываюцца падзеі сусветнай важнасці, нараджаюцца людзі яшчэ не бачаныя, здзяйсняюцца рэчы небывалыя, і бадай, ужо адзін толькі фактычны матэрыял можа ўражваць…» Але складанасці ўласнага творчага вопыту і напружаны роздум над імі прывёў пісьменніка да высновы, што кніга — гэта «свет, бачны праз чалавека». У празмерна аб’ектывізаванай пабудове «чалавека і не было, — ён сышоў ад самога сябе. Трэба было да яго вярнуцца…». Беларускія пісьменнікі ніколі сыходзілі ад свайго «ўлюбёнага чалавека». Яны ўсведамлялі і тое, што ён змяняецца разам са зменлівай эпохай. Так, К. Чорны ставіў мэту «…выбрацца ў шырокія размахі і вывесці туды сваіх герояў; праблема “малога, нязначнага, нясмелага, шэрага” чалавека таксама можа быць тэмай. Але ж гэты чалавек зменьваецца, асімілюецца…». Пры сутыкненні з праблемай вызначэння канцэпцыі «новага» героя натуральна ўзнікала творчая разгубленасць. У «Аўтабіяграфіі» (1926) пісьменнік дзяліўся планамі: «… імкнуся даць жывых людзей, як самае важнае, што жыве і дзейнічае сярод падзей на свеце, у іх, з імі і на фоне іх. Праблема жывога чалавека займае мяне ўвесь час. Гэтае фактычнае наватарства ў беларускай літаратуры прымушае шукаць новых формаў, працаваць над імі». Вастрыня і актуальнасць праблемы жывога = «новага» чалавека відаць з клопатаў К. Чорнага аб якасці празаічных твораў вясковых аўтараў. Галоўны недахоп іх творчасці майстру бачыцца ў наступным: «Рэшта асоб… з’яўляюцца не асобамі, а ідэямі; яны не паказаны як людзі». Апавяданне «Новыя людзі» выявіла перакананне пісьменніка ў тым, што «новае толькі тады набывае асаблівую сілу, калі закранае лёс простых людзей, калі пранікае ў самыя глыбіні народнага асяроддзя». Сама назва апавядання дапускае наяўнасць у ім пэўнага мастацкага «маніфеста» «новых людзей». Але ў творы ёсць толькі кантэкстуальныя сінонімы да гэтага словазлучэння: «ціхія людзі ў старых хатах», «…людзі родныя, чулыя…». Аўтарскае разуменне гуманізму адбілася ў задачах сходу, скіраваных на вырашэнне ўладай самых важных людскіх патрэб: вучыць і лячыць — што можа быць больш чалавечным? Таму і «бушавала ў адноўленых людзях новая радасць <…> …новае захапленне каравых людзей». Пры гэтым у аўтарскім аповедзе пераважае не сацыяльнае, а філасофскае абгрунтаванне чалавечай радасці, такой натуральнай, знаёмай, але новай «па сваёй вялікасці і шырыні» ад чалавечай «свядомасці, што я існую і адчуваю ўсё». М. Бярдзяеў быў упэўнены: «сацыяльная праўда павінна быць заснавана на годнасці кожнай асобы, а не на роўнасці». «Адноўленыя», у чорнаўскім разуменні, людзі — тыя, хто адчуў чалавечую годнасць. Падобнае разуменне «новых людзей» выявіў М. Зарэцкі ў рамане «Вязьмо». Галілей схільны бачыць іх у сваіх добра знаёмых аднавяскоўцах. Яму належыць заключная рэпліка ў рамане — «Трэба, доктар, чалавека любіць… ага… трэба любіць…», якая падкрэслівае веру пісьменніка ў творчую сілу простых людзей. Носьбітам «сацыяльнай праўды» ў апавяданні К. Чорнага выступае «чорны чалавек за сталом». Новы герой у аўтарскай абмалёўцы амбівалентны нават у рамках апавядання. Празаік бачыць у яго істоце пачуццё, якое мяжуе «з уздымам нявінна-дзіцячага захаплення і з жалезнай цвёрдасцю». Яно дало вяскоўцам непарушную веру «ў надыходзячую лёгкасць далейшага жыцця…». Пазней К. Чорны будзе надзяляць герояў новага тыпу толькі «абвостранай цвёрдасцю», бо сацыяльная завостранасць характарыстык не сумяшчалася з цэласным спасціжэннем чалавека.
Канстатуючы прысутнасць падобных «схематычных» тыпаў у жыцці і літаратуры, Б. Пастарнак пісаў: «Гэта нешта мне недаступнае, не жыццё, а нейкая рымская грамадзянская доблесць, адна з цяперашніх прамудрасцей». Не выключэнне, што і беларускія празаікі, якія звярнуліся да вобразаў рэвалюцыянераў, партыйцаў, не вельмі пераканаўчыя ў паказе іх унутранага свету.
У рамане «Язэп Крушынскі» З. Бядуля выяўляе неадпаведную часу смеласць, калі заяўляе, што «інтэлігенцыя (якую пралетарыят-пераможца лічыў “гнілой” ) павінна кіраваць разам з партыяй». Праўда, гэты дыскурс ажыццяўляе дзівакаваты персанаж, «чалавек без знакаў прыпынку». Думаецца, перадаючы яму трыбуну, З. Бядуля небеспадстаўна разлічваў на цэнзурны недагляд з прычыны знешняй несамавітасці і маўленчых заган героя, які паслужыў у якасці «рупара ідэі». Сёння ж значнасць ідэйна-мастацкай канцэпцыі дадзенага вобраза зрабілася відавочнай, а сам дыскурс уражвае гуманістычнай вызначанасцю і безальтэрнатыўнасцю. «Інтэлігенцыя павінна кіраваць разам з партыяй» — гэта адна з умоў стварэння ў грамадстве эліты як групы людзей, якая найбольш вылучаецца па сваім характары, ведах, адукацыі, творчых здольнасцях, чым у пэўных адносінах нібыта супрацьпастаўляецца народу. Многія грамадствы пацярпелі ад уласцівай пераходным перыядам тэндэнцыі ліквідаваць эліту, бо без яе грамадства асуджана на застой і хуткую пагібель.
Пераадоленне сацыялагізацыі вобразаў «новых людзей» стала магчымым толькі на пэўнай часавай адлегласці ад «эпохі рубяжа». Змены ў сістэме ідэалагічных каштоўнасцей паўплывалі і на іх мастацкую канцэпцыю. Аднак у розныя перыяды нязменна важную ролю пісьменнікі надавалі партрэтнай характарыстыцы. «Існаванне, манатоннае ўжо само па сабе, — пісаў І. Бродскі, — было зведзена цэнтралізаванай дзяржавай да аднастайнай суровасці. Усё, за чым яшчэ можна было назіраць, былі абліччы, надвор’е, будынкі; і мова, якой людзі карысталіся». Адмысловыя штрыхі да партрэта «новага» героя дае руская проза. У Л. Ляонава чацвёра прыехаўшых па святыя мошчы «былі такія, што ані нельга было зачапіцца за іх вокам». Такое аблічча «дае прастору для разваг, пэўна… з-за адсутнасці характарнасці». Беларускімі празаікамі створаны шэраг выразна індывідуалізаваных аблічччаў «новых людзей», маладых змагароў за новы грамадскі лад. што надае пераканаўчасць літаратурнаму характару як тыпу. Так, Зелянюк (М. Зарэцкі, «Вязьмо») — па ўсіх канонах новы герой новага часу, «…зусім малады яшчэ хлопец, тонкі, драбнявы, але не малы, з досыць прыгожым, толькі залішне бледным і pэзкім тварам». Але «як усміхаецца ён, левае вока ў яго трошку косіцца і ўсмешка ад гэтага — непрыемна пустая, амярцвелая», у той час як у Віктара «ў адкрытых дзяціных вачах» загараецца «палкая цікавасць» ці яны «задыміліся шчырай турботай». Д. Бугаёў адзначае, што «нагнятанне адмоўных эмоцый… выразна заўважаецца нават у апісанні знешнасці», і гэта заўважна ў партрэтнай характарыстыцы «новага» героя. Касаваты Зелянюк маніў каханай, сябра ў роспачы суцяшаў «пралетарскай фразай», што ёсць адной з праяў яго «левізны», абазначанай партрэтнай дэталлю. Паказальна таксама, што ў рамане Зеленюка ніхто не называе па імені, а яго прозвішча мае ярка выражаную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку дзякуючы не толькі семантыцы кораня, а і форме суфікса. У гэтым антрапоніме нібыта акумулюецца сутнасць той арміі па перавыхаванні селяніна, — а гэта «розныя інструктары і ўпаўнаважаныя», «цэлая армія рабочых-дваццаціпяцітысячнікаў». Гуманізм М. Зарэцкага ў стварэнні вобраза, як ён сам падкрэслівае, «цалкам станоўчага, мала не ідэальнага героя сучаснасці» выяўляецца ў тым, што ён не пазбаўляе Зеленюка такой чалавечай слабасці, як здольнасць кахаць. Хлопец «не ўправіўся яшчэ марна растрэсці жыватворчы агонь свайго маладога сэрца».
Вобраз «дваццаціпяцітысячніка» стварае і З. Бядуля («Язэп Крушынскі»). Галоўны пункт характарыстыкі герояў гэтага раду — аратарскія здольнасці. Але маўклівасць сялянскага сходу неадназначная. «Бываюць хвіліны, калі Сакалоўскаму здаецца, што ўсе з ім цалкам згодны. … А часамі яму здаецца, што такая маўклівасць азначае нейкую раней падрыхтаваную змову. Ён... думае, што куды лягчэй збудаваць новы завод, чымся арганізаваць калгас». Безумоўна, у правядзенні калектывізацыі «новыя людзі» непазбежна сустракалі аб’ектыўныя цяжкасці, бо гэтая ідэя дасюль не была ажыццёўлена ў вопыце чалавецтва і прадбачыць вынік грандыёзнага эксперыменту было немагчыма. Такія ж «новыя людзі», як Лакота, і дапамагаюць паверыць, і прыадчыняюць завесу няведання, бо зыходзяць з канкрэтных інтарэсаў канкрэтных людзей, а не з адцягненай ідэі. Памкненне Тацяны Шыбянковай да Зеленюка, калі яна звяртаецца да яго з просьбай — гэта своеасаблівы пошук дыялогу «чалавека з чалавекам»: «На сходзе я чула, ды нічога не ўцямлю… хоць і словы, здаецца, простыя… Ведама, гавораць адразу ўсім, дык па колькі там каму прыйдзецца! А ты так скажы, каб усё мне адной…». Потым Зелянюк «узяў яе за руку, як малую, і павёў за Сівец… Яна зразумела, што ён вядзе ў Сівалапы, але не гаварыла нічога, ішла моўчкі, паклаўшыся на яго правадніцтва». Асаблівасці сюжэтнай лініі Тацяна — Зелянюк падводзяць да думкі: ідэя калгаса была прывабнай для жанчыны, акрамя іншых прычын, яшчэ і таму, што яна адчувала асабістую прыхільнасць да яе носьбіта. Зелянюк выступае для Тацяны як свайго роду «ўцелаўлёная» ідэя. Камсамолец Віктар таксама прыхінуўся да брыгадзіра «з шчырай дзяцінай адданасцю».
«Чалавек, які імкнецца да абнаўлення грамадскага жыцця, г. зн. сацыялістычны чалавек, будзе рэальным удзельнікам вырашэння лёсу грамадства ў той меры, наколькі яго жыццёвыя погляды не пярэчаць яго жыццёваму вопыту». Гэта, аднак, не Зелянюк і не другія гарадскія «калектывізатары». Надзвычай добра развіў гэтую думку І. Мележ на вобразе Башлыкова з яго недаверлівым, падазроным стаўленнем да вясковага гаспадара, апраўданым для гарадскога падлетка галодных гадоў, але недапушчальным для чалавека, якому даручана вырашаць лёс сялянства. «…Ён адчуваў, што горад — гэта горад, а вёска — гэта вёска і што між іх ва ўсім адлегласць вялізная. Як два розныя светы. І адчуваў востра, нязменна, што ён — чалавек да драбніцы гарадскі, з таго, гарадскога свету… Трываць зможа, а звыкнуць не звыкнецца».
Сярод вобразаў «новых людзей» у рамане М. Зарэцкага «Вязьмо» вылучаецца вобраз камсамольца Віктара. Праз яго ўспрыманне падаюцца і многія рысы асобы Зеленюка. Зелянюк, «малады рабочы з горада — такі разумны, разважны, такі дасканалы знаўца ўва ўсіх палітычных пытаннях — стаў для Віктара ідэалам. Але ў самога юнака пераймаемыя ад Зеленюка звычкі, «адпаведным чынам трансфармаваліся, набываючы большую мяккасць і сціпласць, уласцівыя ягонаму характару». У Віктару бачыцца вобраз кіраўніка, якога назавуць кіраўніком «ленінскага», а пазней — гуманістычнага тыпу (як у І. Мележа вобраз Апейкі). На карысць гэтай версіі працуюць такія «празрыстыя» элементы мастацкай сістэмы, як тапонімы і антрапонімы. Калі калгас у Сівалапах меліся назваць «Наша перамога» (а яго арганізацыя на пачатках добраахвотнасці і творчасці якраз і магла быць перамогай гуманістычнага, калі жыццёвая сіла Якуба Лакоты няўхільна мізарнела, то «даверыць» гэтае дзецішча лагічна было б «пераможцу» — Віктару. М. Зарэцкі натхнёна паказвае, як пачынаў жыць «асобны сівалапаўскі калгас, складзены выключна з дружных перакананых энергічных людзей». Менавіта такія людзі для М. Зарэцкага «новыя». З «новымі людзьмі» ў рамане пазіцыянуецца і Андрэй Шыбянкоў, якога абралі старшынёй калгаса ў Сіўцы. Аднак аўтарская характарыстыка «гэтага загадкава-таемнага, а ў сутнасці зусім пустога чалавека» безапеляцыйная: «нікчэмны гультай, ушчэнт раздуроны бязладна-вальготным жыццём валацугі». Яго антыпод — Якуб Лакота, «фанатычна адданы новай справе чалавек», хоць фармальна і «не новы»: «былы партызан і чырвонагвардзеец, а цяпер няўздольна хворы бядак». Аднак канцэпцыю гэтага вобраза не назавеш песімістычнай. Па-першае, творчасць надае згасаючаму жыццю Лакоты паўнату і змястоўнасць, а гэта не той стан, калі чалавек нерухома чакае смерці. Па-другое, праз гэты вобраз па-мастацку рэалізуецца ідэя сацыяльнай бессмяротнасці чалавека.
Як адзначаў А. Адамовіч, амаль усе аповесці і раманы К. Чорнага 30-х гадоў — гэта эпічны подступ да сучаснасці, для якога характэрна ўважлівае вывучэнне мінулага герояў, «каб разам з імі, “напоўненымі да берагоў” вострай памяццю пра мінулае, пераступіць парог сучаснасці, дзе павінны атрымаць завяршэнне і вырашэнне жыццёвыя канфлікты і эвалюцыя характараў» [1, c. 232]. Пісьменнік па-мастацку даследуе псіхалогію «чалавека ў скураной жакетцы» праз вобраз Абрама Ватасона («Сястра»). Для пісьменніка важна адзначыць, што герой «раней быў крыўджаны адкрыта», а ў грамадзянскую вайну змог узяць рэванш, «быў камісарам над Вацем Браніслаўцам» (што і вызначыла характар іх далейшых узаемаадносін). Дзяцінства Казімера Ірмалевіча, Боні і Ваці мала чым адрознівалася, аднак іх індывідуальныя задаткі «адгукнуліся» на покліч часу па-рознаму. Казімір зазначае, што ў Абраме «нешта трохі ёсць ад ваеннага камунізму», чаго той, у прынцыпе, і не адмаўляе. Мы бачым тут спробу характарыстыкі асобы праз супадзенне яе псіхатыпу са стыхіяй часу. А гэта, у сваю чаргу, выклікае ў Ірмалевіча рытарычнае пытанне: «Няўжо камісар палка разбурыў дашчэнту слаўнага Боню, сапсаваўшыся сам, нават як камісар?». У рамане ёсць амаль незаўважны штрых да псіхалагічнага партрэта Ватасона. У яго размове з Вацем вынікла, што Абрам не можа любіць Маню, як «чалавека з таго хутара, на якім у дзяцінстве так насміхаліся над ім…». Браніславец быў уражаны, і яго ніяк не пакідала думка: Ватасон у часы свайго камісарства, калі Маня ляжала на хутары хворая на тыфус, «мог нават… і нядобрае што зрабіць ёй (а можа, і зрабіў…)». Ватасон лічыць Вацю пасіўным, баязлівым, слабым, як трава, і ўпэўнены, што над ім патрэбна чужая воля. Не любіць і за тое, што, «носячы ў сабе буры, ён баіцца і не любіць іх, калі яны пакідаюць яго вузкае нутро і робяцца вонкавымі і канкрэтнымі». У метафорыцы гэтага ўрыўка бачыцца з аднаго боку, непрыманне інтэлігенцыяй тэрору і дыктатуры, праз якія сцвярджаецца рэвалюцыя, а глыбей — беларускую ў цэлым прыхільнасць да паступовых, а не радыкальных змен.
Характарызуючы сучасную яму рэчаіснасць, К. Чорны адзначае, што «пачалося новае з сваім бунтоўным ходам і кемлівасцю». Апошняя характарыстыка — патрабаванне кемлівасці — утрымлівае пэўную долю іроніі, арганічнай для дыскурсаў пераходных грамадскіх станаў. Іншае ўражанне аказвае вобраз прафесійнага рэвалюцыянера Паўла Зыкава (Гаўрылы Росяка) з рамана Я. Нёманскага «Драпежнікі». У ім адчувальна жаданне аўтара стварыць канцэпцыю гарманічнага героя, якому ўласцівы ўсе чалавечыя пачуцці. Гэта даволі яркі характар, у якім спалучаюцца тыповыя рысы рэвалюцыянера і чалавечая індывідуальнасць. Яму рэдка даводзілася адчуваць людскую ласку ў сваім жыцці, «і дзеля гэтага ён ніколі не ведаў, як адказаць» на яе. «Гэта яго злавала, і ён рабіўся вуглаватым, жорсткім», што, аднак, не з’яўлялася яго асабовай дамінантай. Росяк цяжка перажывае нягоды рэакцыі: «…знішчана, мусіць, арганізацыя, якую ён збіваў з такімі цяжкасцямі, ён сам нейкі час не зможа адкрыта працаваць… і яшчэ… яшчэ… загублена Зося».
Рэвалюцыйная чыннасць героя магла запатрабаваць ад яго змены роляў, змены масак. Напрыклад, калі меншавік рабіўся бальшавіком, яму пажадана было ўтойваць сваю папярэднюю ідэнтычнасць. У такіх калізіях назіраецца спалучэнне праблематыкі «маленькага чалавека» і «новага чалавека», а праблема «двайніцтва» як паказчык пратэічнай кампазіцыі, традыцыйна ўласцівай мастацтву, трансфармуецца ў адпаведнасці з новым сацыяльна-палітычным кантэкстам. Прыкладам можа быць вобраз Шапавалава-Мятлова (З. Бядуля, «Язэп Крушынскі»). Ствараючы яго, пісьменнік унёс у жыццё героя, як лічыць І. Навуменка, «цалкам дэтэктыўную, жыццёва малаверагодную лінію», зрабіўшы здраднікам. Мятлоў кідае жонку, дзяцей, дае ім тэлеграму аб уласнай смерці, набывае новае прозвішча, хаваючыся ў глухіх раёнах Беларусі. «У такое, вядома, паверыць цяжка», — рэзюмуе даследчык. Аднак, паглыблена прааналізаваўшы вобраз Шапавалава-Мятлова, можна пагадзіцца з апошнім сцвярджэннем толькі часткова. Бо перад намі не рэальная асоба, для якой такі жыццёвы паварот сапраўды малаверагодны, а мастацкі характар, які набыў даволі выразныя тыповыя рысы якраз з прычыны сваёй анамальнай «нармальнасці» для канкрэтнай эпохі. Ужо прыгадвалася??? наступнае выказванне К. Чорнага: «Як шчаслівы тыя людзі, якія і ў думках сваіх жывуць тым, чым жывуць целам…». Якраз гэтага шчасця і пазбаўлены Антон Сяргеевіч (ён жа Іван Мацвеевіч). З. Бядуля паказвае суадносіны ў асабовых адчуваннях героя свядомага і падсвядомага, выяўляе ролю прыгнечаных пачуццяў і сапраўдныя намеры дзеянняў. Вось яго сціслая праграма: «Трэба стварыць новага чалавека, навюткага, якога яшчэ не знаў да гэтага часу. Тут патрэбна мастацкая творчасць». Герой так захапіўся ёю, што на пэўным этапе адчуў: «...тое, што раней было яму непрыемна і цяжка, цяпер зрабілася надзвычай цікавым... не толькі з практычнага боку, а нават з погляду «псіхалагічна-мастацкага эксперыменту» — «тварыць новага чалавека з самога сябе, з той самай жывой гліны ляпіць новую фігуру». Тварэнне героем З. Бядулі «новага чалавека» ёсць не што іншае, як гвалтаванне ўласнай душы. Нездарма пісьменнік ужывае такі спосаб вызначэння сутнасці ўчынкаў Мятлова: ён «пачаў прыдумваць наркатычны спосаб затуманення ў памяці ўсяго таго, што там жыло да гэтай апошняй мяжы». Для пачатку Мятлоў пачынае весці дзённік. Вось асноўныя тэзісы з яго: «1. Выкінуць з памяці ўсё мінулае. Ён толькі цяпер нарадзіўся. 2. Змяніць свой выгляд і характар». Пакрысе намаганні пачалі прыносіць плён, а «думка аб стварэнні новага чалавека патроху выпіхала з яго нутра ўсё ранейшае». Урэшце герой выпрацаваў пэўны кодэкс, ад выканання якога залежаў жыццёвы поспех змадэляванага ім працэсу, хоць і ўсведамляў, што спачатку яго «твор — новы, жывы чалавек — выйдзе трохі ў стылі мазаікі, але з цягам часу гэта зробіцца непрыкметным і яго новы чалавек заваюе поўнае права не толькі на існаванне, але нават на поспехі ў жыцці». Цяжэй за ўсё, аднак, было заглушыць таемнае запытанне: «Каін, дзе твой Авель?». Сярод дамінантных аўтарскіх словаўжыванняў у апісанні працэсу «тварэння» «новага чалавека» не можа не звярнуць на сябе ўвагу словазлучэнне «трохі ў стылі мазаікі». Можна ўбачыць у «мазаічнай» асобе пэўныя маральныя якасці «маленькага чалавечка» ў яго розных сацыяльна-гістарычных іпастасях. Тут і лёкайскае «Чего изволите-с?», і маральнае «дэзерцірства», і страх, і пазіцыя «вінціка» — адсутнасць грамадзянскай мужнасці. Аднак, разам з тым, праз неардынарны вобраз Мятлова сцвярджаецца тая ж настойлівая аўтарская думка, якая ўжо падкрэслівалася пры аналізе іншых мастацкіх характараў і выказана М. Зарэцкім у словах Галілея: гэтыя людзі будуць новымі, ніякіх іншых новых людзей, акрамя тых, што ўжо жывуць на гэтай зямлі, не трэба… Пры відавочнасці непрывабных чалавечых рыс у асобе Мятлова ён усё ж не страціў некаторых маральных характарыстык, аптымістычных у агульначалавечым плане: «“Кабетай ад кабеты лячыся”, — разважаў Іван Мацвеевіч. Але... кожная жанчына, як наўмысне, напамінала аб жонцы і выклікала непажаданыя ўспаміны. Дзеля гэтага ён адклаў справу на нявызначаны час», які, дарэчы, у рамках раманнага дзеяння так і не настаў. У працэс «псіхалагічна-мастацкага эксперыменту» па стварэнні новага чалавека ва ўсёй яго гістарычнай складанасці быў уцягнены і сам З. Бядуля. Як успамінае Б. Мікуліч, «ён з цяжкасцю мяняў погляды, але заўсёды шчыра імкнуўся не быць “папутнікам”, а быць “сапраўдным”. І гэты працэс быў пакутлівы, марудны і цяжкі. Але і ў ім, у гэтым працэсе, была сапраўдная эпічная паэзія». Бядулеў дзівак «Леў Талстой», канцэптуальна падобны да Галілея, згадвае, што недзе чытаў пра «гумункулюса» — «новага штучнага чалавека», і марыць зрабіць «такі гумункулюс» з Крушынскага і Драчыка, аб’яднаўшы «тактыку і спрыт» (гаспадарлівасць і прадпрымальнасць) першага і шчырасць другога, але разумее, што для такой «фабрыкацыі» мала адной псіхалогіі. Патрэбна «чалавекалогія». Такая ідэя, як у свой час стварэнне «гамункулюса», у 20—30-я гады ХХ стагоддзя была ўтапічнай.
Працэс трансфармацыі парвеню= ў новага героя, чалавека праз меру актыўнага дзеяння, паказаў А. Мрый у рамане «Запіскі Самсона Самасуя». Кантэкстуальным сінонімам да слова «парвеню» выступае ў рамане спалучэнне «паветраны чалавек», ужытае адносна галоўнага героя. Такім чынам, у вобразе «новага чалавека» Самсона Самасуя можна ўбачыць разнастайныя «мутацыі» «маленькага чалавечка». Ф. Ніцшэ вызначыў сутнасць асоб такога тыпу праз паняцце «прадуктыўны чалавек». Ён надзелены неўтаймоўным жаданнем тварыць, якое з’яўляецца вульгарным і «сведчыць пра рэўнасць, зайздрасць і пыхлівасць». Варта адзначыць, што ацэнка, дадзеная ў філасофіі гэтаму асабоваму феномену, датычыць яго найперш як антыпода творцаў — «арыстакратаў духу». А. Мрый па-мастацку ўвасобіў тып якраз такога чалавека, якому ўласцівы «пыха, амбітнасць, гіпертрафіраванае сябелюбства, імкненне дагадзіць уладам». З аднаго боку, ацэньваючы віталізм (жыццёвасць) як здольнасць грамадства і чалавека да руху, набыцця адметнасці, самаўдасканалення, А. Мрый, карыстаючыся багатым арсеналам сатырычных сродкаў, паказвае, як, даведзены да апагею, актывізм абвяргае сам сябе. Цяжка не пагадзіцца ў гэтых адносінах з меркаваннем А. Дж. Тойнбі (мы падаём яго на рускай мове, каб захаваць тонкасць адценняў, якія будуць страчаны пры перакладзе) аб тым, што «общество — это лишь обще е простран ство» для дзейнасці пэўнага ліку асоб, кожная з якіх «мае прыроджаную здольнасць як да дабра, так і да ліха». «Народны філосаф» Торба засцерагаў: «Не давай ёлупу агонь у рукі». Сістэма вобразаў рамана засведчыла, што ліха ў свеце не існуе ў выглядзе нейкай адгароджанай тэрыторыі, а спрэс разліта ў ім і нават мае адмысловыя стасункі з дабром. У акрэсленым А. Мрыем мастацкім часе чалавеку ўласціва «боязь застацца аднаму. Па-за калектывам». Аднак успрыманне героямі прынцыпу калектывізму — гэта хутчэй адменнік звыклага інстынкту статкавасці, што забяспечвае іхняе самазахаванне, «облагороженная стадность». Такі стан грамадства не спрыяе сапраўднай сацыяльнай творчасці, а толькі яе імітацыі, што і вызначае сутнасць «прадуктыўнага», дзейнага чалавека. «Няшчасце дзейных заключаецца ў тым, што іх дзейнасць амаль заўсёды неразумная, і яны коцяцца, падобна да каменя, з прычыны законаў механікі… Лянота, якая ляжыць у глыбіні душы “дзейнага” чалавека, перашкаджае яму чэрпаць ваду са свайго ўласнага калодзежа. Свабода думкі тое ж, што і здароўе: адно і другое індывідуальна. Тое, што адной асобе неабходна для яе здароўя, для іншай ужо крыніца захворвання...». Выключнае «здароўе» Самасуя ў сацыяльным кантэксце прыводзіць да падмены руху бязладнай мітуснёй. Здольнасць думаць і жадаць пабуджае чалавека рабіць выбар паміж дабром і злом. Самасуй — і прылада, і ахвяра працэсу вынішчэння гэтай здольнасці.
Часта прыватныя дэталі ўказваюць на тоеснасць агульнай канцэпцыі новага героя ў творах розных пісьменнікаў. Самасуй на сходзе ў Забягаеўцы «як грамафон гаварыў». У Петушыху, паведамляе Л. Ляонаў, прыехаў «скураны чалавек з грамафонам». Завёў пружыну — пачаў грамафон гаварыць, у тым ліку і пра тое, каб усім разам… Калі старыя запярэчылі, «скураны чалавек» паправіў рэвальвер і растлумачыў, што гэта называецц камуна і што тады зусім добра будзе жыць. Абодва героі — такая разнавіднасць «новых людзей», як людзі «газетнай начытанасці». Народныя адносіны да падобных дзеячаў яскрава выявіў і А. Платонаў. Захар Паўлавіч («Чэвенгур») у гутарцы са «змрочным» чалавекам, членам партыі «з самай доўгай назвай», абураецца, не атрымаўшы належнага адказу на хвалюючыя пытанні: «Я цябе запытаў таму, што у мяне сэрца баліць. А ты газетай мяне суцяшаеш». Вяртаючыся да вобраза Самасуя, адзначым, што, калі ён пачынае пералічваць службовыя і грамадскія «абавязкі і функцыі», здаецца, што гэта свае «паперы, паперы і паперы» прывёз на каламажцы ў трох вялізных партфелях Зносак. Аднак Самасую пашанцавала ўгадаць, «на якую стануць пляцформу», і таму хутка «зыйсці з трыбуны» яму не пагражае. Самсон ужо «на 100 проц.» адпавядае патрабаванням да сучаснага героя, «які павінен не толькі гаварыць і блішчэць вачыма, але яшчэ добра спяваць, скакаць, займацца стралянінай і фізкультурай», і для якога «неабходна буйнае аблічча, паважная фігура, гучны… голас і пластыка ў рухах». Адчувальны, аднак, амбівалентныя адносіны аўтара да гэтага героя, тым самым яшчэ больш умацоўваючы лінію яго тыпалогіі з героем «Тутэйшых». Самасуй бачыцца як яшчэ адна іпастась «тутэйшасці», толькі ў іншай сферы, урэчаўленне мары Мікіты Зносака дабіцца «беларускага асэсарства». Значнасць вобраза Самсона Самасуя абумоўлена яго шматграннасцю. Гэты мастацкі тып у сваіх яскрава індывідуалізаваных рысах спалучае характарыстыкі, уласцівыя «маленькаму чалавеку» беларускай літаратуры, які, з прычыны сваёй асабовай адметнасці, апынуўшыся ў новых гістарычных умовах, набыў рысы «новага», «прадуктыўнага», дзейнага чалавека з яго вульгарызаваным памкненнем да сацыяльнай творчасці.
Маладосць — час павелічэння творчай актыўнасці чалавека. Таму праблема «новых людзей» у беларускай прозе ў значнай ступені вырашаецца праз вобразы моладзі. «…Гэта і праблема бацькоў і дзяцей у яе праламленні праз рэаліі канкрэтна-гістарычнага часу: усё новае нараджаецца ў больш ці менш актыўным змаганні з ужо вядомым. Паводле выразу З. Бядулі, над сталым чалавекам гаспадараць «сасуны-камсамольцы». Селяніну часта даводзілася трываць папрокі ў грамадскай ці нават гаспадарскай нясталасці ад уласных дзяцей (К. Крапіва, «Мядзведзічы»). Натуральна, што і бацькі не заўсёды пагаджаюцца з дзецьмі. Бацька абураецца, што сын «з газет вычытае якую трасцу» і хоча вучыць, як гаспадарку весці: «сырадэлю сей, буракі на полі садзі, вокны ў хляве карове праразай. Быццам карове там чытаць або пісаць». К. Крапіва стварыў адметныя вобразы маладых змагароў за новае жыццё, прасякнутыя разнастайнымі аўтарскімі пачуццямі — ад добразычлівага гумару да па-бацькоўску неабыякавай патрабавальнасці. Якуб Курыльчык, які нядаўна ўcтупіў у камсамол, у думках бачыць сябе лідарам. На сялянскім сходзе «ўважна слухаюць яго вуcатыя дзядзькі». Якуб прыпадабняецца ў сваіх марах да ўрадніка (Я. Колас, «Соцкі падвёў»), які пайшоў па службовай лесвіцы, як цыган па драбінах на неба… Алесь Галаскок, учарашні дэзерцір, «зрабіўся заўзятым прыхільнікам усяго новага. Хапаўся ён за ўсякую навіну, не прымераўшы яе да сябе, да жыцця і ўмоў сваёй вёскі, і хацелася яму зрабіць гэта новае зараз жа, на гэтым самым месцы. Затое, калі на змену гэтаму новаму з’яўлялася другое, ён таксама раптоўна адракаўся ад гэтага і хапаўся за тое, хоць бы сабе і процілеглае нават, не заўважаючы свае такое непаслядоўнасці». Мітусня пераходных перыядаў… Калі ён выступаў, «голас яго быў урачыста-ўзнёслы, якім з сялян ніхто не гаварыў, і таму рабіў уражанне не тое, якое хацеў зрабіць Алесь». Тут зноў адчувальны «грамафонны» матыў. У аповесці Л. Калюгі «Ні госць ні гаспадар» створаны шэраг вобразаў вясковай моладзі, канцэпцыю якіх не вызначаюць падзеі «вялікага пералому», бо аповесць напісана раней. У пісьменніка іншыя крытэрыі ацэнкі вартасці маладых вяскоўцаў, і найперш стаўленне да працы, да вучобы, да людзей. Так, Хвядосу Чвардоўскаму трохі крыўдна, што ён па заканчэнні вучобы вяртаецца ў вёску. «Хто ў настаўнікі, хто ў каморнікі, меліяратары… Адзін ён — гаспадар (“мужык” бы даўней сказалі)». Аднак ён мае цвёрды намер: з «роднымі кнігамі» дома сваяўство завядзе. Каторую пазычыць, каторыя прыкупіць і возьмецца са смагаю каля іх». Паказана Л. Калюгам і сувязь сучаснай яму моладзі з нацыянальнай, бацькоўскай традыцыяй разумнага ўладкавання і паступовага паляпшэння жыцця, «хараства ў працы». Аднак ён, як і яго сучаснікі, бачыў пагрозу запанавання псіхалогіі «шрубкі». А. Мрый згадвае, як у адной з вёсак «нейкі несвядомы гарлапан» прапанаваў рэзалюцыю: «…не таўчы ў ступе вады, а ўзяцца за масты, за школы, за шляхі, за іншыя дзіркі ў нашай гарманізме». Л. Калюга заўважае, што жыздрыцкія камсамольцы «ўжо каторы раз вялі гаворку… што трэба суботнік зрабіць і… вазоў колькі пяску падвезці, але як пачалі меркаваць… дык сход зацягнуўся ад поўдня і да цямна, пасварыліся ў ахвоту ды разышліся па адным дамоў». Між тым пісьменнік-гуманіст не ставіць канчатковага бюракратычнага кляйма на сваіх героях: «жвавыя хлопцы да новай работы, што… цяпер на ўсім свеце ідзе». Хвалюе, аднак, яго тое, што жыздрыцкія камсамольцы «высока сябе несці пачалі. Яны не абы-што — актыў ячэйкі…». А з дыскурсаў Бладзіка Мотуза паўстае злавесны абрыс будучых «чыстак»: «Палавіну ячэйкі трэба будзе пад мятлу… Я… калі чаго наважу, дык здохні, а дайду, і па-мойму выйдзе». Выразнасць аўтарскіх адносін да героя дасягаецца паслядоўным завастрэннем увагі на яго манеры смяяцца: «Злосная ўсмешка здаволенасці кранула вуглы губ»; «…з касою ўсмешкаю на твары…»; «Гэтакі дзікі быў яго смех». Аднак сакратар райкама лічыць, што «над яго баявейшага камсамольца няма». Асаблівасці маўлення героя дазваляюць пазнаць у Бладзіку прагнага да кар’еры функцыянера маючай запанаваць «сцюжнай» эпохі, у якога маральныя арыенціры цалкам падмяняюцца ідэалагічнымі: «У гаворку словаў як найбольш палітычных умешваю. А ну, можа падумаюць, што з цэнтра які прадстаўнік. Трэба ж холаду задаць». Ідэалогія ж, якая «ставіць сябе вышэй за маральнасць, непазбежна робіцца злачыннай». У старога Мотуза, які даўно ўжо мае «гада ў сваёй хаце», склалася цвёрдае: «Гультай каторы ўдасца, дык і камсамолец».
Б. Пастарнак пісаў: «Гэта толькі ў дрэнных кніжках людзі падзелены на два лагеры і не судакранаюцца. А насамрэч усё так пераплятаецца! Якой непапраўнай нікчэмнасцю трэба быць, каб іграць у жыцці толькі адну ролю, займаць адно толькі месца ў грамадстве, азначаць заўжды толькі адно і тое ж».
М. Бярдзяеў адзначаў, што адно з самых пакутлівых яго ўражанняў у часы рэвалюцыі — гэта «трансфармацыя людзей», таму так востра ў такія часы паўстае праблема асобы, якая ёсць «нязменнае ў зменах». Гэта ж непакоіць і З. Бядулю. Яго герой «Леў Талстой» («Язэп Крушынскі») так ацэньвае сучасную рэчаіснасць: «Я не веру ні ў бога, ні ў чалавека. У бога не веру, бо яго не бачу. У чалавека не веру, бо бачу яго». М. Бярдзяеў заўважае, што ў стыхіі рэвалюцыі з’явіліся зусім новыя абліччы, якія не сустракаліся ў народзе раней. З’явіўся новы антрапалагічны тып, пазбаўлены дабрыні, расплывістасці, нейкай няпэўнасці абрысаў ранейшых абліччаў. «Гэта былі твары... наступальныя і актыўныя... Новы антрапалагічны тып выйшаў з вайны, якая і дала бальшавіцкія кадры. Гэта тып... мілітарызаваны». Такі тып «новых людзей» па аб’ектыўных прычынах не знайшоў паўнакроўнага адлюстравання ў беларускай прозе. Але асобныя яго рысы можна бачыць у вобразе Рыгора Талокі з апавядання Я. Нёманскага «Маці», дзе праблема «новых людзей» таксама цесна звязана з праблемай бацькоў і дзяцей. Старэйшы сын Васіля і Таццяны Талокаў Міхась, афіцэр, на якога маці ўскладала вялікія надзеі, у час грамадзянскай вайны трапіў у банду, меншы Рыгор, які «яшчэ малым быў прыкрым мацеры», падаўся ў бальшавікі. Таму натуральна, што першапачатковае, на эмацыянальным узроўні, успрыманне ёю апошніх негатыўнае. Ды і Міхась усё часцей у лістах скардзіўся на нейкіх «сацыялістаў», якія зневажаюць і нават б’юць афіцэраў. «Для Таццяны слова “сацыяліст” стала варожым, а людзей, якіх так звалі, яна называла зладзеямі». Можна таксама часткова вытлумачыць такое стаўленне кансерватыўнасцю свядомасці беларусаў, іх пераважнай субпасіянарнасцю ўвогуле. Нечаканае з’яўленне Рыгора ўсё ж ажывіла Таццяну, але сын не збіраўся заставацца з маці, бо «трэба рабіць рэвалюцыю». Гэта ўзняло ў яе душы вялікае абурэнне. У мястэчку мяняліся акупанты, «а Міхася ўсё няма… А Рыгор прадаў матку за рэвалюцыю…» Калі заходзіў, то «нават не скідаў свае шкураное жакеткі і рэменю з пісталетам». Аднойчы ў доме разам з ім з’явілася Алеся, і маці ўсцешылася надзеяй, што ёй-такі давядзецца паняньчыць унукаў. Але ўтрапёны Рыгор пакіраваўся «канчаць рэвалюцыю», бо ён бальшавік. Таццяна чула, што бальшавікі яшчэ горшыя за сацыялістаў, і «скураная жакетка, пісталет на рэмені збоку палохалі яе». З такім жа страхам думаў пра бальшавікоў і Міхась, якога лёс прывёў у банду. «…Кажуць, што ад іх нельга чакаць літасці». Паказальна, што Я. Нёманскі называе Міхася «чалавек у афіцэрскім шынялі», падкрэсліваючы гэтым годнасць героя. Ваюючы з бальшавікамі «як з арганізаванаю адзінкаю», ён кіраваўся законамі вайны і сваім абавязкам, а зараз ніяк не можа прымірыцца з тым, што сённяшнія яго паплечнікі, «у якіх засталася адна помста, замест вайны пусціліся ў самы брудны разбой, падтрыманы на чужыя грошы». Я. Нёманскі, ствараючы вобраз «новага чалавека» Рыгора Талокі, выказвае занепакоенасць бракам гуманістычнага зместу ў яго асобе, без чаго выглядае абсурднай сама, у аснове гуманістычная, ідэя пабудовы новага грамадства дзеля чалавека. Бо, як пісаў рускі пісьменнік-эмігрант Б. Зайцаў, «за ўсім грукатам культур, войнаў, пераваротаў цывілізацый ёcць яшчэ малая рэч — чалавечае сэрца, якое шукае непарушнага заўсёды, як бы ні ап’янялі яго поспехі і рух жыцця».
Характарызуючы сутнасць рэвалюцыйных падзей, М. Бярдзяеў адзначаў, што не можа быць рэвалюцыйнай ідыліі, бяскроўнай рэвалюцыі, у якой нарэшце выявілася б дабрыня чалавечай прыроды і народных мас. «Рэвалюцыя ёсць цяжкая хвароба, пакутлівая аперацыя хворага, і яна сведчыць аб недахопе станоўчых творчых сіл, нявыкананым абавязку. Старая гістарычная плоць Расіі, што называлася свяшчэннай, разлажылася, і павінна была з’явіцца новая плоць. Але гэта яшчэ нічога не гаворыць пра якасць гэтай новай плоці». Сімволіка хваробы і спосабаў яе лячэння мае глыбокія карані. Гэта вынікае, у прыватнасці, з наступнай сентэнцыі М. Мантэня: «Мэта хірурга не ў тым, каб выдаліць дзікае мяса… Ён імкнецца да таго, каб на тым жа месцы адрадзілася здаровая тканка і каб той жа ўчастак цела зноў зажыў нармальным жыццём. Кожны, хто хоча ўстараніць толькі тое, што прыносіць пакуты, недастаткова дальнабачны, бо дабро не абавязкова ідзе ўслед за злом; за ім можа надарыцца і новае зло, і да таго ж яшчэ горшае… Усе буйныя перамены расхістваюць дзяржаву і ўносяць у яе сумятню. Таму, хто жадае вылечыць яе адным махам, не шкодзіла б задумацца, што з гэтага выйдзе». Сказанае мысляром пераконвае ў невыпадковасці вобраза доктара сярод «новых герояў». Казімер Ірмалевіч (К. Чорны, «Сястра») — асістэнт хірурга. У час аперацыі ён адчувае, што «…усё гэта дзейнічанне адбываецца над жывым жыццём, якое нячутна калоціцца пад імі. Яны трымаюць яго і самі знаходзяцца з ім, і таму ў кожным руху… такая вялікая дапасаванасць…». Казімер напружвае ўсе сілы, каб перамагчы ўласную неспрактыкаванасць. Паэтыка твора дае падставы меркаваць, што «неграмадскаму чалавеку» Казімеру Ірмалевічу аўтар вызначыў пэўную ролю ў аздараўленні тагачаснага грамадства, у чым пераконваюць асобныя штрыхі да партрэта героя. Казімер «любіць маўчаць і ад сваёй работы нікуды ўбок не падаецца». Адсутнасць у чалавека «сацыяльнай гаварлівасці» характарызуе яго як носьбіта інтэлекту і рэфлексіі. Выклікае павагу і імкненне Казімера да прафесійнага ўдасканалення. Неардынарная прафесія і ў Ваці Браніслаўца. Ён таксатар. Таксацыя — «улік і матэрыяльная ацэнка лесу: вызначэнне запасаў драўніны, аб’ёму дрэў, прыросту…». Задоўга да таго, як Ваця стаў таксатарам, адбыўся паказальны дыялог паміж Казімерам і Ватасонам, у якім прагучаў «крылаты» выраз сталінскіх часоў «Лес сякуць — трэскі ляцяць». Пазіцыя Абрама выказана ў наступнай рэпліцы: «Лес заўсёды расце для таго, каб яго сеч. У гэтым вечнае абнаўленне. А якім спосабам ты яго ні сячы, усё роўна не можаш ты яго cеч так, каб не было трэсак…». Канцэпцыя асобы Ваці Браніслаўца гуманістычная. «Лясы мераю», — кажа ён аб сабе. А жаданне Ваці ўдарыцца аб цвёрдасць такіх, як Ватасон, можна разглядаць у рэчышчы філасофіі экзістэнцыялізму: каб не застацца «могільнікам магчымасцей». У ім «акрэслілася… жаданне знайсці метад аўладання ўсім, ці хоць знаёмства з шырынёю ўсяго». У вачах суразмоўнікаў Ваця паўстае як «чалавек пачуцця», які мае асаблівасць «ува ўсім дакопвацца да пачаткаў і канцоў, нават там, дзе яго ўсё здавальняе і радуе», і гэтым «цікавы ён вельмі», як можа быць цікавы рэфлексіўны, кажучы сённяшняй мовай, чалавек, нонканфарміст, які «меў вялікую здольнасць адмаўляць усё тое, чаго не адмаўляе той, каго ён не любіць». На пэўным этапе свайго жыцця Ваця небеспадстаўна «пачаў развіваць з вялікім поспехам востры скептыцызм, адзнакі якога з’яўляліся ў яго ўжо з ранніх дзён».
А як пісаў В. Бялінскі, «злосны розум ёсць таксама прымета вышэйшай натуры: чалавек з такім розумам бывае незадаволены не толькі людзьмі, а і самім сабою». Аднак усякая вартасць можа набываць крайнасці, чым, на думку герояў, з’яўляецца Вацева няздольнасць «спакойна прымаць нават тое, што часамі нават і трэба прыняць спакойна». Калега Браніслаўца імкнецца спасцігнуць Вацеву «немагчымую» натуру і ўрэшце «растлумачвае» яе так: «Я от думаю — ты быў напалоханы рэвалюцыяй. Не ёю, а самым працэсам яе. Крывёю, порахам, смерцю.Самы працэс яе ўстанаўлення напалохаў цябе». І такое вытлумачэнне досыць верагоднае, калі мець на ўвазе трагічны канфлікт паміж высакароднымі рэвалюцыйнымі мэтамі і заганнымі сродкамі іх дасягнення. «Ваця Браніславец амаль фізічна адчуваў бязлітасную цвёрдасць камення і цэглы і сілу жалеза і нават нямоцнага шкла. І побач таксама вятры, пахучыя мяккай зямлёю і лебядою». Менавіта пра дух абнаўлення думае ён, калі кажа: «Я сам рэвалюцыя». Прыходзіць, аднак, нарэшце пара, калі ўсё для Ваці робіцца «поўна сэнсам», а ён сам зрабіўся «вясёлым філосафам». Яго адносіны з навакольным светам гарманізуе сустрэча з Маняй, пачуццё блізкасці да яе. Матыў кахання ў прозе К. Чорнага не правіла, а, хутчэй, выключэнне, таму звяртае на сябе ўвагу і патрабуе абгрунтавання. Разглядаючы вобраз Ваці Браніслаўца ў галерэі вобразаў «новых людзей», хочацца бачыць у гэтым матыве штрых да аблічча «чалавека гарманічнага», якому, у адрозненне ад людзей з «абвостранай цвёрдасцю», уласцівы ўсе чалавечыя пачуцці, і ён не лічыць іх праявай слабасці
М. Мантэнь, характарызуючы «дзяржаўных» людзей свайго часу, пісаў, што дабрадзейнасць, неабходная для кіраўніцтва свецкімі справамі, павінна мець «выпукласці, выемкі і выгібы», каб яе можна было прыкладваць і прыладжваць да чалавечых слабасцей. «Хто хоча застацца сумленным, той павінен пакінуць двор». Чалавечая шчырасць, узятая сама па сабе, не можа не лічыцца дабрадзейнасцю. Але для шчырасці Антося Драчыка З. Бядуля («Язэп Крушынскі») знаходзіць не адно яскравае параўнанне. Яна была «востраю брытваю ў няўмелых руках»; «сыпалася, нібы град, на галовы гайдачан»; «кожнаму тыцне праўдай, нібы шпількай, у самыя вочы». Вяскоўцы па-свойму выяўлялі ўзаемнасць —яны Драчыка «шчыра білі... А за што б ні білі чалавека, ці за шчырасць, ці за фальш — усё роўна баліць... А як баліць, чалавек набіраецца злосці…Выкрышталізаваная злосць на здзекі з шчырасці — моцная, як чысты спірытус». Гэтым З. Бядуля папярэджвае аб небяспецы, бо воля да пакуты стаіць усяго на крок ад таго, «каб адчуць і волю да жорсткасці…» — працяглыя пакуты выхоўваюць у чалавеку тырана (як абяздоленасць не выключае схільнасці да дэспатызму).
Адлюстраванне калектывізацыі абумовіла з’яўленне ў прозе абагульненага вобраза партыйнага кіраўніка ў вёсцы, затым у калгасе — «актывіста», «чалавека паперы». У такой якасці яго ўпершыню выявіў А. Платонаў. Безыменны герой праводзіць ідэалагічную работу, арганізуе калгас, потым — раскулачванне і ліквідацыю кулацтва як класа. «Усе партыйныя прадстаўнікі, арганізатары калгасаў пачынаючы ад Давыдава з “Узнятай цаліны”… пазнавальныя ў актывісце з “Катлавана” (1929—1930)». Пазнейшыя вобразы такога тыпу толькі дадалі да сутнасці платонаўскага «актывіста» некаторыя псіхалагічныя дэталі. А. Платонаў першым сярод рускіх пісьменнікаў выявіў у літаратуры аблічча генацыду свайго народа як неад’емнага элемента будаўніцтва «новага» грамадства і першым вытлумачыў яго механізм. Пісьменнік паказвае, што асноўнай умовай генацыду з’яўляецца ператварэнне чалавека ў абстракцыю, клеймаванне яго адмоўным знакам — «буржуй», «крывасмок», «кулак», «падкулачнік», «шкоднік». Але гінyць і самі «актывісты»: як тыя, хто быў верны Ідэі, так і тыя, хто захоўваў вернасць Дырэктыве. Першыя перашкаджаюць у ажыццёўленай утопіі тым, хто лічыць сваім правам інтэрпрэтацыю Ідэі. Другія — упэўненасцю ў тым, што сляпое падпарадкаванне дае ім нейкія асаблівыя правы. Беларуская проза першай трэці ХХ стагоддзя таксама не засталася ўбаку ад гэтай праблематыкі. Абодва тыпы «актывістаў» дзейнічаюць у рамане М. Зарэцкага «Вязьмо» (1932). Сымон Карызна жыве і працуе ў імя ідэі. Але на пэўным этапе да яго прыходзіць асэнсаванне таго, што такія, як ён, «ужо лішнія ў гэтай рэвалюцыі», што далей яна пойдзе без іх. Карызну не дае спакою думка, што «ў партыі могуць быць чынoўнікі, якія будуць рабіць тое, што ім загадаюць, хоць душой, нутром і не ўспрымаюць гэтага». Інакш паводзіць сябе ў момант краху «актывіст Дырэктывы» Пацяроб. Ён «…нахабна вытыкаў кожнаму яго ўласныя грахі, якіх ён нейкім дзівам меў на ведаме безліч, і ўпарта напіраў на іх, як на сваё апраўданне, хоць яны не мелі ніякага дачынення да разглядання справы. І кожны свой выпад, якія б вынікі ён ні меў, пакрываў трыумфальным поглядам ваяўнічага пераможцы». Рысы «актывіста ў імя Дырэктывы» ў вобразе «страшнага калектывізатара» Пацяроба надзвычай завостраны. На першы погляд у яго прозвішчы не бачна адмоўных канатацый. «Каб ісці наперад, трэба церабіць дарогу», — кажа Сымон Карызна. Але гэта, хутчэй, пераўтворанае «Лес сякуць — трэскі ляцяць». Пацяроб увасабляе дэструктыўныя рысы «новых людзей», нагадваючы таго хірурга, які бяздумна выдаляе «дзікае», на яго думку, мяса. Як адзначае аўтар, ён «быў наскрозь чалавек адміністрацыйны» і не любіў «малімоніцца», а ўсё яго аблічча нібы гаварыла: «Ну што ты, братачка, за чалавек? Попел ты, а не чалавек. Шкада мне цябе… а то б узяў ды расцёр цябе нагой, як чорнага жука». Скончыўшы раскулачванне, Пацяроб далажыў: «Раскудлычыў, Сымонка… Цяпер будзем у калгас запісваць». Пацяроб не сумняваецца: усё пойдзе па плану, бо «план… гэта сацыялізм». Ён пераконвае Карызну: «Абцярэбім усё на першы нумар». І сапраўды, справа ў яго пайшла досыць гладка, а «што ён рабіў, зайшоўшы ў каторую хату, якія ўжываў метады агітацыі і прапаганды, гэта аставалася на яго шчырым пацяробаўскім сумленні». У мастацкай форме М. Зарэцкі праводзіць думку, што выразная мяжа паміж «актывістамі Ідэі» і «актывістамі Дырэктывы» на пэўным этапе можа знікнуць. Так, на сходзе Карызна бачыў, што «Пацяроб лішне загнуў… але разам з тым ён мімаволі спачуваў яму, працінаўся тымі самымі пачуццямі… Ён пачынаў дрыжаць у нястрымнай злосці, пачынаў ненавідзець увесь гэты тупы раз’юшаны натоўп, і кожнае вострае Пацяробава слова, кожная яго грубая лаянка давала яму нейкую звярыную асалоду». Больш таго, ён сам стаў крычаць, лаяцца, пагражаць. Словы «выляталі ў яго самахоць, выпхнутыя з нутра несуладным звярыным шалам. Ён разышоўся яшчэ горш за самаго Пацяроба». Чалавек, які «раздвойваецца паміж духам і інстынктамі», — «хворы чалавек, адрэзаны ад свету». У гэтым вытокі крызісу Карызны. Яго рамантычны баявы дух церпіць крах перад абліччам спрадвечнага інстынкту, якім з’яўляецца страх. Сымон Карызна ў сваіх паводзінах нагадвае чалавека, што, па метафарычным выразе Мантэня, апынаецца ў натоўпе: даводзіцца жыць не столькі на свой густ, колькі паводле густу iншых, не столькі адпаведна cваім намерам, колькі ў адпаведнасці з намерамі другіх, у залежнасці ад часу, ад волі людзей, у залежнасці ад стану спраў. «Платон казаў, што каму ўдаецца адысці ад грамадскіх спраў, не запляміўшы сябе самым агідным чынам, той, можна сказаць, цудам ратуецца…бо і расліна, перасаджаная ў зусім нязвыклую і непрыдатную для яе глебу, хутчэй сама прыстасуецца да яе, чым прыстасуе яе да сябе». Не ўдаецца гэта і Карызну. Між тым, М. Зарэцкі не пазбаўляе свайго героя магчымасці заняць месца сярод «новых людзей»: хоць ён і пацярпеў крах як сацыяльны тып, але ў яго ёсць такі шанс хаця б таму, што ў паводзінах Карызны выявіліся некаторыя рысы творчай асобы. Напрыклад, ён бачыў і быў гатовы выяўляць і канструктыўна скарыстоўваць рашучасць сялян да нейкай кардынальнай, хай сабе яшчэ не асэнсаванай змены свайго несуладнага жыцця. На жаль, творчы патэнцыял героя застаўся незапатрабаваным у рамках раманнага дзеяння. Але ў яго вобразе добра заўважна такая абумоўленая эпохай эстэтычная рыса, як незавершанасць характару, што відаць з адкрытасці свядомасці героя, яго сумненняў у прапанаваных светапоглядных схемах, крытычнай рэфлексіі ўласнай дзейнасці. Канцэпцыя вобраза Карызны пацвярджаецца думкай К. Чорнага: «Такі духоўны разлад чалавека, скалечанага бурным рухам гістарычных падзей, можна паказаць толькі ў глыбокім псіхалагічным творы, абгрунтаваўшы… праўдзівымі перадумовамі, паказаўшы гэтага чалавека з усіх яго… адмоўных і дадатных бакоў».
Сацыяльная і маральная ізаляцыя, а затым ліквідацыя «актывістаў» ператварае «новае» грамадства ў «аднаасобную гаспадарку», у якой улада належыць «галоўнаму чалавеку». Гэтая думка паслядоўна праводзіцца А. Платонавым, але не застаецца і па-за абсягам праблематыкі рамана «Вязьмо». «Велічны», «велічна-непарушны ў сваіх перакананнях»; «каменны»; «каменная ўпэўненасць», «пераможна-саманадзейны настрой», «трыумфальны погляд ваяўнічага пераможцы» — гэта эпітэты, якія арганічна дапасуюцца да аблічча «правадыра ўсіх часоў і народаў». І хоць М. Зарэцкі выкарыстоўвае іх адносна постаці несувымерна больш дробнага маштабу — старшыні Сівецкага сельсавета Пацяроба, — усё ж будзе дапушчальным меркаванне, што аўтар рамана «Вязьмо» праз канцэпцыю вобраза «страшнага калектывізатара» сівецкага маштабу хацеў паказаць сутнасць характару «галоўнага чалавека» ў савецкай дзяржаве — Сталіна — і яго ролю ў вырашэнні лёсу краіны ўвогуле і сялянства ў прыватнасці, выявіць свае адносіны да памылковых рашэнняў у ажыццяўленні калектывізацыі. Як бачым, і ў А. Платонава, і ў М. Зарэцкага тэмы «новага чалавека» і «галоўнага чалавека» набываюць адметныя пункты судакранання. На нашу думку, Пацяроб у рамане «Вязьмо» — гіпатэтычна маркіраваная асоба. Гэтая гіпотэза часткова пацвярджаецца высновай В. Шура аб тым, што «адсутнасць у творы онімаў, асабліва імёнаў канкрэтных гістарычных асоб, учынкі якіх засведчаны ў тэксце, традыцыйна кампенсуецца канцэнтраваным ужываннем апісальных выразаў, назваў іх пасад, эматыўнай лексікі, што ў комплексе садзейнічае выяўленню павышанай асацыятыўнасці да такіх гіпатэтычна маркіраваных імёнаў». Яшчэ больш умацоўвае ў вылучаным меркаванні характар рэакцыі Пацяроба на «сенсацыйную заяву Сымона Карызны» аб фракцыйнай рабоце ў ячэйцы, якую вядзе групоўка на чале з Зеленюком. У характары маўлення падкрэсліваецца ўласцівая жорсткім людзям сентыментальнасць. Ён спачатку працягла свіснуў, а пасля «грымнуў яго бесцырымонны голас, разарваўшы… змрочную трывожную цішыню: “Дык вось яно што?.. Галубочкі мае, родненькія… Дык вы ўжо фракцыі рабіць панаўчыліся? Як той, не тут кажучы, Троцкі?.. Груповачкі, фракцыйкі… Здорава, любачкі!..” Ён быў страшэнна рад, гэты дзівак Пацяроб, і не мог стрымаць свае нядобрае злоснае радасці». У дыялогу Якуба Лакоты і Галілея фігура Пацяроба ўзбуйняецца да маштабу гістарычных і міфалагічных постацяў, што, на першы погляд, нелагічна. Прычым М. Зарэцкі не імкнецца захаваць гістарычную дакладнасць у маўленні Галілея. Празаіку важна выказаць праз яго свае адносіны да спосабу вырашэння лёсавызначальных дзяржаўных праблем: «Дурны быў цар… ага… Дурны Ляксандр… сячы кожны патрапіць… І гэты сячэ… А хай развяжа, ага… хай развяжа!». Аўтар у гэтым эпізодзе, безумоўна, засцерагаецца, калі піша: «Якуб зразумеў, што стары гаворыць пра Пацяроба», але тут жа працягвае вылучаную вышэй ідэйна-мастацкую лінію. Галілей аніяк не хоча пагадзіцца з тым, што «сячы» азначае дзейнічаць рашуча і смела: «Няпраўда! Няпраўда! Не рашучы ён… Не смелы ён… Ён — рызыкант!.. Ён бурыць… ага… ён разбурае… усё разбурае…». М. Зарэцкага надзвычай хвалявала праблема новага героя, разнастайныя мастацкія варыянты рашэння якой прапануе яго проза.
Вывады
Беларуская проза першай трэці ХХ ст бачыла сваю надзённую задачу ў стварэнні вобразаў новых герояў. Гэтае наватарства патрабавала значных творчых намаганняў. Уважліва шукаючы ў жыцці рысы новага, пісьменнікі ўшчыльную падступіліся да тыпу чалавека, дагэтуль незнаёмага вёсцы. У пэўнай меры такія вобразы адпавядалі эстэтыка-ідэалагічным патрабаванням эпохі. Аднак заўважна і моцнае імкненне творцаў выйсці за межы сацыялагізаваных схем, напоўніць унутраны змест прадстаўнікоў новага грамадства выпрабаванымі часам каштоўнасцямі. Распаўсюджаным мастацкім маркёрам гэтай дыялектыкі ў беларускай прозе выступае спалучэнне «адноўленыя людзі» і семантычна блізкія яму лексемы (К. Чорны, М. Зарэцкі, Я. Колас).
Праблема новага чалавека цесна змыкалася з праблемай «жывога чалавека», якім для беларускай літаратуры быў найперш селянін з самага дна народнага жыцця. Беларускія празаікі ўсведамлялі і тое, што іх улюбёны герой змяняецца разам з эпохай, таму імкнуліся вывесці яго «ў шырокія размахі» жыцця. Аднак гуманістычная мастацкая мадэль «новага чалавека» страчвала рэальную перспектыву ва ўмовах няўхільнага ўмацавання таталітарысцкіх тэндэнцый у тагачасным грамадстве. У дэгуманізаваным, «запраграмаваным» грамадстве новы герой выяўляецца і ў іпастасі «чалавека абумоўленага», страчваючы такія каштоўнасці, як воля і сумленне, і, у сваю чаргу, набываючы адзнакі рэсентыментнага тыпу.
Перавага памкнення новага мастацтва да скульптурнасці і манументальнасці вяла да пераважнай прадстаўленасці станоўчых герояў прозы 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя ў сацыяльна вызначаных ролях, з чаго выклікала пагарджанне асабовай індывідуальнасцю ў працэсе пераўтварэння характару ў тып. У выніку многім мастацкім характарам нестае энергіі самаразвіцця (К. Чорны, Ц. Гартны). Пісьменнікі вычувалі аб’ектыўныя цяжкасці ў дапасаванні ўласнай канцэпцыі «новага чалавека» да тагачасных эстэтыка-ідэалагічных ўстановак. Завершанасць характару ў тыпе вызначала пафас твораў яўнай сацыяльнай афарбаванасці.
Вобраз рэвалюцыянера як «новага чалавека» не вызначальны ў сістэме вобразаў-характараў беларускай прозы першай трэці ХХ стагоддзя праз адсутнасць аб’ектыўных перадумоў для фарміравання падобнага сацыяльнага тыпу. Вобразы рэвалюцыянераў, створаныя ў гэты перыяд, недастаткова індывідуалізаваны, каб стаць тыпамі, пісьменнікам бракуе пераканаўчасці ў паказе іх унутранага свету. Аднак у асобных творах можна вылучыць досыць паспяховыя спробы спасцігнуць псіхалогію «чалавека ў скуранцы» (Я. Нёманскі, К. Чорны).Майстэрства беларускіх празаікаў у абмалёўцы вобразаў-характараў дазваляе ў асобных выпадках канкрэтызаваць думку пра неабходнасць стварэння ў грамадстве «новых» людзей як эліты, што вылучаецца па сваіх ведах, адукацыі, творчых здольнасцях (З. Бядуля, Я. Колас).
Вырашаючы такую буйную мастацкую задачу, як адлюстраванне чалавека новага тыпу, пісьменнікі ставілі яе і ў кантэкст традыцыйнай праблематыкі, у прыватнасці ўзаемаадносін паміж бацькамі і дзецьмі. Ва ўмовах карэннай ломкі старога свету гэтая тэма набывала асаблівую вастрыню і спрыяла стварэнню вобразаў «новай», перадавой моладзі.
Праблема новага чалавека для беларускіх аўтараў — гэта найперш праблема «адноўленай» у сваіх чалавечых правах і годнасці асобы. Асабліва выразны гэты матыў у прозе К. Чорнага і М. Зарэцкага. Не пазбегнуўшы ў цэлым небяспекі схематызацыі вобразаў, народжаных новай рэчаіснасцю, яны разумелі каштоўнасць у літаратуры амбівалентнага характару, які актыўна рухае сюжэт. Такая канцэпцыя ўласціва вобразам «новых людзей» у творах З. Бядулі, Л. Калюгі, А. Мрыя, Я. Нёманскага.
Імкнучыся спасцігнуць псіхалогію і выразна абмаляваць вобразы дзеячаў сучаснай ім эпохі, пісьменнікі карыстаюцца разнастайнымі сродкамі мастацкага выяўлення, надаючы прыярытэтнае значэнне партрэтнай і маўленчай характарыстыкам, сімволіцы рэчаў і з’яў. Эфектыўным сродкам тыпізацыі выступаюць антрапонімы. Беларускія празаікі творча выкарыстоўваюць элементы эпісталярнага жанру, пратэічнай кампазіцыі, у тым ліку звязанай
з утойваннем папярэдняй ідэнтычнасці. Сацыяльна-маральная пазіцыя героя выступае інварыянтам раманнага двайніцтва (З. Бядуля), што можа быць ацэнена як сродак мастацкай рэпрэзентацыі пратэсту супраць запанавання эпохі татальнай крывадушнасці. У размаітых вобразах «новых людзей» заўважны асобныя штрыхі аблічча «чалавека гарманічнага» (К. Чорны, М. Зарэцкі, Л. Калюга).
Як апазіцыя аўтарытарнасці некаторых прадстаўнікоў «новага грамадства» праводзіцца матыў пошуку дыялогу «чалавека з чалавекам» (М. Зарэцкі), які спрыяе інтэрыярызацыі новых каштоўнасцей. Пісьменнікі ставяць паспяховасць вырашэння «новымі людзьмі» лёсу сялянства ў залежнасць ад адэкватнасці іх ідэйных поглядаў жыццёваму вопыту, у сувязі з чым акрэсліваюцца некаторыя асабовыя рысы кіраўнікоў гуманістычнага тыпу.
У канцэпцыі асобы новага героя прысутнічае матыў мэтазгоднасці сувязі з быццёвым і маральным вопытам папярэднікаў, у пэўнай супярэчнасці з якім знаходзяцца людзі «газетнай начытанасці». Затое тып доктара, хірурга рэпрэзентуе пэўную ролю асобы ў аздараўленні тагачаснага грамадства.
Асобныя мастацкія тыпы ў сваіх яскрава індывідуалізаваных рысах утрымліваюць характарыстыкі, уласцівыя «маленькаму чалавеку», які, апынуўшыся ў новых гістарычных умовах, набыў рысы «новага», «прадуктыўнага», дзейнага чалавека з вульгарызаваным памкненнем да сацыяльнай творчасці (А. Мрый, З. Бядуля).
У падзеях «траістай вайны» не вырашаліся геапалітычныя інтарэсы беларусаў, і гэта адна з прычын, паводле якой у айчыннай прозе акрэсленага перыяду не набыў распаўсюджання «мілітарызаваны» тып асобы, як сацыяльны, так і мастацкі.
Пераканаўча абмаляваны ў апавяданнях, аповесцях і раманах беларускіх пісьменнікаў тып «актывіста» ў дзвюх яго асноўных іпастасях, што яшчэ раз пацвердзіла тыпалагічную сувязь айчыннай літаратуры з літаратурамі іншых народаў.