Лекции.Орг


Поиск:




Категории:

Астрономия
Биология
География
Другие языки
Интернет
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Механика
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Транспорт
Физика
Философия
Финансы
Химия
Экология
Экономика
Электроника

 

 

 

 


Грамадска–палітычны рух на Беларусі ў першай палове XIX стагоддзя




На пачатку XIX ст. грамадска-палітычная сітуацыя на Беларусі шмат у чым вызначалася падзеямі агульнаеўрапейскага маштабу: французскай буржуазнай рэвалюцыей (1789-1794), падзеламі Рэчы Паспалітай, вайной 1812 г. і г.д.

Французская рэвалюцыя садзейнічала распаўсюджванню рэвалюцыйных і дэмакратычных ідэй, спрыяла актывізацыі радыкальна-дэмакратычных рухаў у еўрапейскіх краінах. Адначасова яна выклікала рэзкае супрацьдзеянне правячых колаў большасці еўрапейскіх краін. Апошнія імкнуцца кансалідавацца, каб стварыць перешкоду распаўсюджванню рэвалюцыйных ідэй і рэальных рэвалюцыйных здзяйсненняў.

Практычна ва ўсіх еўрапейскіх краінах назіраюцца рэвалюцыйныя ўзрушанні. Для значнай часткі беларускай шляхты – адзінага правадзейнага суб’екта тагачаснага грамадства, прычынай незадаволенасці была роспач аб Рэчы Паспалітай, імкненне да яе рэстаўрацыі. Побач з гэтым, у дэмакратычна-радыкальных колах выспяваюць ідэі аб неабходнасці вызвалення сялян ад прыгоннага стану, дэмакратычных переаўтварэняў у грамадстве.

Ва ўмовах абсалютысцкай Расійскай імперыі легальным асяродкам, дзе маглі праяўляцца апазіцыйныя настроі былі губернскія і павятовыя шляхецкія дэпутатскія сходы, якія мясцовае дваранства разглядалі як былыя сеймікі Рэчы Паспалітай. Гэта становішча вызывала рэзкае супрацьдзеянне мясцовай расійскай адміністрацыі.

Вайна 1812 г. паміж Расіяй і Францыяй, яе вынікі, стварэнне ў 1815 г. Царства Польскага не спраўдзілі надзей пэўнай часткі шляхецтва на аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Не дзіўна, што пры такой сітуацыі на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай узнікаюць разнастайныя суполкі, якія дзейнічаюць у гэтым накірунку.

Першай тайнай арганізацыяй стала “ Віленская асацыяцыя ”, якая дзейнічала ў 1796-1797 гг. і мела аддзяленні ў Мінску, Брэсце, Кобрыне, Ашмянах. Галоўнай мэтай удзельнікі асацыяцыі ставілі аднаўленне Рэчы Паспалітай згодна з Канстытуцыяй 3 мая 1791 г. з дапамогай звонку ад Францыі. Гэтая ідэя была папулярнай сярод шляхты, але асацыяцыя хутка была раскрыта – у шляхты яшчэ не было вопыту канспіратыўнай работы.

Частка гэтых арганізацый мела масонскі характар. Масоны – рэлігійна-маральны рух, які ўзнік на пачатку XVIII ст. у Англіі. Пад гэтым вызначэннем хаваюцца рухі разнастайнай накіраванасці, у тым ліку рэвалюцыйнай. Масонскія арганізацыі ў пачатку XIX ст. існавалі ў большасці еўрапейскіх краін і не выклікалі, пераважна, актыўнага супрацьдзеяння з боку ўлад, даволі часта ў склад масонскіх ложаў уваходзілі ўплывовыя асобы.

На тэрыторыі Царства Польскага суполкі масонаў аднаўляюць сваю дзейнасць у 1814 г. Расійскія ўлады ведалі аб іх існаванні і не мелі нічога супраць. Гэтыя арганізацыі звязвалі свае надзеі на ўваскрашэнне вялікай Польшчы з расійскім імператарам у якасці польскага караля. 3 цягам часу сярод польскіх масонаў узнікаюць радыкальныя плыні, для якіх справа рэстаўрацыі Рэчы Паспалітай робіцца чыста нацыянальнай польскай справай, дзе ўжо няма месца Аляксандру I і Расіі. Як вынік – у 1822 г. абвешчаны агульнаімперскі ўказ, забараняўшы дзейнасць масонскіх лож.

3 польскімі масонскімі арганізацыямі цесна звязана дзейнасць масонаў на Беларусі і Літве. У 1819 г. у Вільні ўзнікае адгалінаванне польскага «Нацыянальнага масонства», сярод яго першых членаў – Міхаіл Ромер. У 1820 г. «Нацыянальнае масонства» фармальна прыпаняе свае існаванне, але пры гэтым многія яго члены ўваходзяць у зноў створанае «Патрыятычнае таварыства» (1821 г.), і мясцовае віленскае аддзяленне «Нацыянальнага масонства» трансфармуецца ў правінцыйны савет «Патрыятычнага таварыства» (старшыня – М. Ромер, члены: К. Радзівіл, Я. Вайніловіч, К. Навамейскі, А. Солтан). Літоўская ложа колькасна пашыраецца, цераз Т. Зана масоны ўсталёўваюць сувязь з мясцовымі тайнымі арганізацыямі студэнцкай і вучнёўскай моладзі. На тэрыторыі Беларусі і Літвы існуе ў гэты час мясцовых нешматлікіх ложаў у Мінску, Несвіжу, Навагрудку, Гродне.

Паралельна з масонскімі арганізацыямі і ў пэўнай сувязі з імі ў беларуска-літоўскім рэгіёне ўзнікаюць патаемныя (цалкам ці часткова) асацыяцыі, якія месцяцца пераважна ў Віленскім універсітэце.

У канцы 1817 – пачатку 1818 г. студэнты Т. Зан, А. Міцкевіч, Я. Яжоўскі (усяго 12 чалавак) заснавалі тайнае патрыятычнае таварыства філаматаў (ад грэч. – шанавальнікі ведаў). Члены суполкі першапачаткова ставілі польскія нацыянальныя асветніцка-культурныя мэты. Пэўны час філаматы заставаліся нешматлікай групоўкай. У 1819 г. яны разгарнулі актыўную прапагандысцкую дзейнасць сярод вучнеўскай моладзі Вільні. Вынікам гэтай працы стала заснаванне, з дазволу ўніверсітэтскага кіраўніцтва, у маі 1820 г. па ініцыятыве Т. Зана “ Таварыства прамяністых ”. Мэты гэтай культурна-асветніцкай арганізацыі супадалі з філамацкімі. Прамяністыя шчыра верылі ва ўзаемны добратворны ўплыў, прапаведывалі высокамаральныя ідэі і адпаведным чынам паводзілі сябе, практыкаваліся ў гімнастычных гульнях. Дзейнасць прамяністых выклікала незадаволенасць тагачаснага віленскага капітула і ўлад, якія ў 1820 г. распусцілі арганізацыю.

У канцы 1820 г. філаматы ініцыіравалі стварэнне новай тайнай арганізацыі філарэтаў (ад. грэч. – аматары дабрачыннасці), на чале з Т. Занам. Гэтая арганізацыя перарасла ўзровень студэнцкай карпарацыі, яна ўключала ў сябе шырокія колы моладзі, у тым ліку і за межамі Вільні.

Галоўная мэта філарэтаў была палітычнага хакрактару – аднаўленне Рэчы Паспалітай. Такім чынам адбылася эвалюцыю ад асветніцка-навуковых, маральна-этычных мэтаў да палітычных. Сярод членаў былі асобы дэмакратычных поглядаў, якія лічылі неабходным адмену прыгоннага права, вылучалі лозунг роўнасці ўсіх членаў грамадства, імкнуліся да вывучэння беларуска-ліцвінскага краю, звычак, фальклору, побыту насельніцтва, не цураліся беларускай мовы.

Вясной 1823 г. уладам стала вядома аб існаванні шматлікіх тайных юнацкіх арганізацый. Па загаду цара ў красавіку 1824 г. быў створаны спецыяльны камітэт, у які ўвайшлі А.А. Аракчэеў, М.М. Навасільцаў, які прысудзіў кіраўнікоў філарэтаў і філаматаў да высылкі ва ўнутраныя губерні (Т. Зан, Я. Чачот, А. Міцкевіч і інш.). Частка падследных была аддадзена ў салдаты, некаторыя пазбеглі пакарання.

Была праведзена «чыстка» прафесуры Віленскага ўніверсітэта: ад працы былі адхілены I. Лялевель, Ю. Галухоўскі. І.М. Даніловіч, М.К. Баброўскі. Сваіх пасад былі пазбаўлены рэктар універсітэта Твардоўскі і папячыцель Віленскай вучэбнай акругі А. Чартарыйскі.

Пакаранні не прыпынілі нелегальны рух. Шмат членаў тайных арганізацый па тым ці іншым прычынам здолелі пазбегнуць пакарання і працягвалі дзейнічаць у накірунку польскага нацыянальнага адраджэння. Напрыклад, былы філамат М. Рукевіч стаў у 1823 г фундатарам таварыства «Ваенныя сябры» сярод афіцэраў Літоўскага асобнага корпусу; гэтая суполка мела свае філіялы: «Згода», куды ўваходзілі грамадзянскія асобы і «Заране» – з вучняў Беластоцкай і Свіслацкай гімназій. 24 снежня 1825 г. члены суполкі «Ваенныя сябры» капітан К.Г. Ігельстром спрабаваў ініцыяваць адмову ад прысягі Мікалаю I батальена Літоўскага корпусу, але спроба аказалася няўдалай. Удзельнікі выступлення былі пакараныя высылкай у Сібір і на Каўказ.

Беларусь была таксама арэнай дзейнасці дзекабрыстаў. Пасля паўстання Сяменаўскага палка ў Пецярбургу (1820 г.) на заходнюю ўскраіну імперыі былі перадыслацыраваны гвардзейскія часці, у якіх служылі будучыя дзекабрысты А.А. Бястужаў-Марлінскі, М.С. Лунін, А.I. Адоеўскі, К.Ф. Рылееў, М.М. Мураўёў і інш. У 1821 г. быў напісаны «мінскі вырыянт» Канстытуцыі, аўтарам якога быў кіраўнік “Паўночнага таварыства” М.М. Мураўеў. Дзекабрыстамі быў распрацаваны «Бабруйскі план», згодна з ім трэба было арыштаваць Аляксандра I пад час смотру войскаў у Бабруйскай цытадэлі. Гэта дало б штуршок дзяржаўнаму перавароту ў імперыі. Але дрэнная падрыхтоўка сарвала выкананне плана. У лютым 1826 г. прапаршчык С.I. Трусаў (член таварыства «Злучаных славян») спрабаваў узняць паўстанне Палтаўскага палка Барысаўскага гарнізона.

Дзекабрысты і члены мясцовых польскіх тайных таварыстваў спрабавалі наладзіць супрацоўніцтва. Адной з тэм перагавораў было вызначэнне межаў паміж будучымі свабоднымі Польшчай і Расіей. Так, дзекабрысты згадзіліся на перадачу Беларусі Польскай дзяржаве.

Рэжым новага расійскага імператара Мікалая I (1825-1855 гг.) быў пазбаўлены ўсялякіх ліберальных памкненняў. Гэта хутка адчулі жыхары Царства Польскага і Заходніх губерняў Расіі, што выклікала нарастанне апазіцыйных настрояў. У снежні 1828 г. у Варшаве ўзнікае «Таварыства падхарунжых», ініцыятарам стварэння якога быў П. Высоцкі, да арганізацыі далучаюцца члены раней разгромленных суполак. «Таварыства» планавала забойства Мікалая I пад час яго каранацыі ў Варшаве (май 1829 г.) і захоп улады. Тэрмін выступлення некалькі разоў пераносіўся, але непасрэдны штуршок паўстанню далі рэвалюцыйныя падзеі ў Францыі і Бельгіі ў 1830 г.

Паўстанне пачалося ў ноч з 28 на 29 лістапада 1830 г. у Варшаве. Курсанты школы падхарунжых захапілі арсенал, іх падтрымала большасць насельніцтва Варшавы. Намеснік імператара вялікі князь Канстанцін Паўлавіч, брат расійскага імператара, прыняў рашэнне аб адыходзе рускіх воінскіх часцей з тэрыторыі Царства Пальскага (польскія нацыянальныя часці далучыліся да паўстання).

Сярод кіраўніцтва паўстаннем вылучаліся дзве плыні: кансерватыўна-арыстакратычная, на чале з А. Чартарыйскім і дэмакратычны клуб («левіца»), кіраваў якім I. Лялевель. Першыя імкнуліся, абапіраючыся на армію Царства Польскага і дапамогу заходнееўрапейскіх краін дабіцца незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. ці шырокай нацыянальнай аўтаноміі (уключаючай усе тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай у межах Расіі). Здзяйсненне грунтоўных сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў кансерватары не лічылі патрэбным. Прадстаўнікі гэтага накірунку займалі большасць уплывовых пасад у арміі, урадзе, былі большасцю ў сейме.

«Левіца» – шляхецкія рэвалюцыянеры адлюстроўвалі інтарэсы прагрэсіўнай і рэвалюцыйнай часткі сярэдняй і дробнай шляхты, буржуазіі, студэнцка-вучнёўскай моладзі. Гэтая плынь не была кансалідаванай, яе ўплыў у сейме, урадзе і арміі быў нязначным. У змаганні з расійскім самадзяржаўем галоўнай сілай яны лічылі польскі народ. «Левіца» трывала падкрэслівала, што змаганне ідзе не супраць рускага народа, а накіравана супраць расійскага абсалютызму, які з’яўляецца ворагам і рускага народу. У студзені 1831 г. быў вылучаны лозунг «За нашу і вашу свабоду». I правыя і левыя ніякім чынам не ўздымалі пытання нацыянальнага вызначэння беларускага, літоўскага і ўкраінскага народаў, якія на іх думку, павінны былі ўліцца ў склад незалежнай Польшчы.

Узнаўленне шляхецкай феадальна-манархічнай Польшчы ў межах 1772 г. на ўсходзе было галоўнай, а для многіх кіраўнікоў і ўдзельнікаў – адзінай мэтай паўстання 1830-1831 гг.

На тэрыторыі Беларусі і Літвы непасрэдная і актыўная падрыхтоўка да паўстання пачынаецца ў студзені 1831 г. Вялася вусная агітацыя, рассылаліся пісьмовыя адозвы, збіраліся сродкі і зброя. Але ніякіх абяцанняў наконт аблягчэння становішча прыгоннага сялянства не было.

Тым часам у Варшаве шляхта, якая збегла туды з заходніх губерняў аб’ядналася ў “Клуб аб’яднаных славян”, які звярнуўся да Сейму з заявай, што беларускі, літоўскі і ўкраінскі рэгіёны далучаюцца да паўстання. Сейм прапанаваў “Клубу” прымаць удзел у сеймавых пасяджэннях (часова, да правядзення нармальных выбараў). 25 студзеня 1831 г. Варшаўскі ўрад звярнуўся з заклікам да насельніцтва Беларусі, Літвы і Украіны, у якім адзначалася, што Сейм і Урад абвясцілі цэласнасць і незалежнасць Польшчы, таму і насельніцтва ўсходніх тэрыторый былой Рэчы Паспалітай павінна прымаць актыўны ўдзел у барацьбе.

Расійскія ўлады прымалі экстраныя меры. У снежні 1830 г. у Заходняй Беларусі і Літве аб’яўляюць ваеннае становішча, узмацняюцца расійскія гарнізоны, больш пільным становіцца нагляд за насельніцтвам. Найбольш падазроныя асобы этапіруюцца ў глыб Расіі, адбываецца чыстка мясцовай адміністрацыі – чыноўнікі палякі і католікі замяняюцца рускімі. У снежні 1830 г. з’явіўся ўказ згодна з якім маенткі памешчыкаў, якія збеглі ў Царства Польскае, падлягалі секвестру.

На пачатку 1831 г. арганізуецца Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Большасць членаў камітэта прытрымлівалася памяркоўна-кансерватыўных поглядаў. Камітэт прызнаваў вяршэнства Варшаўскага ўрада і не праяўляў асаблівай ініцыятывы. Сярод яго спраў быў збор грашовых сродкаў на мэты паўстання, арганізацыя майстэрні па вырабу зброі, спробы каардынацыі дзейнасці павятовых камітэтаў.

К вясне 1831 г. на Беларусі і Літве склалася вельмі напружаная сітуацыя. Перадыслакацыі расійскіх вайсковых кантынгентаў, рэквізіцыі на патрэбы арміі вялі к пагаршэнню і так дрэннага становішча большасці насельніцтва. Узбуджальна дзейнічалі чуткі аб поспехах польскай арміі. Да таго ж, у многіх рэгіёнах Беларусі і Літвы не было значных рускіх вайсковых сіл.

Узброенае выступленне на Беларусі ахапіла ў першую чаргу Ашмянскі, Браслаўскі і Свенцянскі паветы Віленскай, Вілейскі і Дзісненскі паветы Мінскай губерняў. Агульнага кіраўніцтва ў паўстанцаў не існавала, практычна адсутнічала і каардынацыя дзеяняў, звычайна рух абмяжоўваўся тэрыторыяй павета. У выпадку перамогі і авалодання цэнтрам павета, шляхта абірала павятовы ўрад, кіраўніка ўзброеннымі сіламі, іншыя органы ўлады. Кіруючыя пасады ў большасці займалі прадстаўнікі буйной і сярэдняй шляхты, якія і пры расійскім рэжыме выконвалі розныя адміністратыўна-распараджальныя функцыі.

Паўстанцкія ўлады неадкладна абвяшчалі акты паўстання, прыводзілі насельніцтва да прысягі, абвяшчалі набор рэкрутаў, шляхце, далучыўшайся да паўстання, гарантавалася захаванне ўсіх саслоўных і маёмасных правоў.

Сяляне і мяшчане заклікаліся рашуча ўзяцца за зброю і адстойваць новую ўладу. Вольныя ад вайсковых абавязкаў павінны былі падпарадкавацца сваім памешчыкам і адміністрацыі, выконваць звычайныя павіннасці. У выпадку не падпарадкавання памешчыкам і адміністрацыі вінаватых чакалі жорсткія пакаранні. Каталіцкае і ўніяцкае духавенства павінна было схіляць насельніцтва да змагання супраць рускіх і да паслушэнства сваім уладарам і паўстанцкім уладам. За невыкананне рэкруцкіх набораў уласнікам сялян гразілі пакаранні, уключаюцы смяротную кару. Такім чынам мяркавалася стварыць шматлікае паўстанцкае войска. Але гэтыя планы засталіся нерэалізаванымі, бо сутыкнуліся з нежаданнем сялянства, а таксама сабатажам значнай часткі буйных і сярэдніх памешчыкаў, якія не жадалі пазбавіцца працоўных рук. На тэрыторыі пяці раней узгаданых паветаў Віленскай і Мінскай губерняў у паўстанні прыняло ўдзел крыху болей за 10 тыс. чалавек.

Паўстанцкі рух на Беларусі меў пераважна рэйдавы характар. Паўстанцы ў зручны момант захоплівалі цэнтр павета, іншыя населеныя пункты. Пры набліжэнні царскіх войскаў інсургенты часам аказвалі жорсткае супраціўленне, у шэрагу выпадкаў пакідалі месцы дыслакацыі без супраціўлення і адыходзілі ў бяспечныя месцы.

Сяляне не спачувалі паўстанню, бо не бачылі ў ім для сябе ніякай карысці. Многія з іх аказаліся ўцягнутымі ў пастанцкі рух пад пагрозай карных санкцый. Пры зручным моманце частка іх кідала паўстанцкія атрады і накіроўвалася да хаты ці хавалася ў лесе, дзе часам яны аб’ядноўваліся і пачыналі змагацца з памешчыкамі – прыгнятальнікамі, не робячы розніцы паміж рускімі і сваімі прыгоннікамі.

Расійскія ўлады прымалі экстраныя і рашучыя захады, каб не дапусціць з’яднання шляхецкага руху з сялянскім. 3 красавіка 1831 г. з’явіўся ўказ, якім прадугледжвалася падсуднасць шляхціцаў-паўстанцаў ваеннаму суду з наступнай канфіскацыяй іх маёмасці. Адначасова сялянам абяцалася прабачэнне, калі яны дабраахвотна складуць зброю і вярнуцца дамоў.

На Беларусь і Літву былі ўводзены дадатковыя вайсковыя кантынгенты, фарміравалася спецыяльная рэзервовая армія, прызначаная для падаўлення паўстання ў Віленскай і Мінскай губернях. Значная роля ў зацішэнні належыць генерал-паліцмайстару рэзервовай арміі М.М. Мураўеву, які быў добра знаемы з сітуацыяй на Беларусі. У выніку, у канцы мая паўстанцкі рух на Віленшчыне і Міншчыне быў падаўлены. Адначасова паўстання пачалося на Гродзеншчыне ў Белавежскай пушчы. На Гродзеншчыне рух супаў з прыходам на Беларусь з Польшчы экспедыцыйных атрадаў, да якіх далучаюцца мясцовыя жыхары (іх налічвалася каля 1000 чал.). Дзейнаць белавежскіх паўстанцаў сур’езна пагражала камунікацыям расійскай арміі, перашкаджала яе дзеянням на терыторыі Польшчы, таму прымаліся экстраныя і рашучыя меры.

У маі 1831 г. у Варшаве Сейм прапанаваў шляхце прадставіць па 1 дэпутату ад кожнага павета заходніх губерняў для ўдзелу ў сеймавых паседжаннях, а Варшаўскі нацыянальны ўрад прымае рашэнне аб накіраванні на тэрыторыю Беларусі і Літвы рэгулярных польскіх войскаў для дапамогі мясцовым паўстанцам. Цераз Белавежскую пушчу да Вільні накіраваўся атрад генерала Хлапоўскага, дзе адбылося яго злучэнне з мясцовымі паўстанцамі і з другім экспедыцыйным корпусам польскіх войск пад кіраўніцтвам генерала А. Гелгуда. Паўстанцы ставілі мэтай захоп Вільні.
19 чэрвеня 1931 г. каля Вільні адбылося рашучае сражэнне. Рускія войскі без асаблівых цяжкасцей адбілі атакі паўстанцаў, а потым перашлі ў контрнаступленне. Паўстанцы адступілі, сярод іх пашырылася дэмаралізацыя і дэзерцірства. Рэшткі экспедыцыйных атрадаў і мясцовых паўстанцаў здолелі адыйсці на тэрыторыю Польшчы і працягнулі змаганне.

У чэрвені - ліпені паўстанцкі рух разгарнуўся на поўдні – у Мазырскім, Рэчыцкім і Пінскім паветах. Арганізатарамі і кіраўнікамі былі мясцовыя памешчыкі Ф. Кеневіч, Т. Пуслаўскі, колькасць паўстанцаў склала каля 1300 чалавек, але дасягнуць нейкіх рэальных поспехаў яны не здолелі. У першай палове жніўня паўстанне фактычна зышло на нет. У верасні, у лясах Заходняй Беларусі і Літвы засталіся беглыя сяляне, частка найбольш актыўных удзельнікаў - кіраўнікоў, якія не маглі разлічваць на літасць.

Паўстанне 1830-1831 гг. было шляхецкім па сваім мэтам, кіравалася польскай і апалячанай шляхтай, якая з’яўлялася галоўнай рухаючай сілай. Яго галоўная мэта – гэта рэстаўрацыя шляхецкай Рэчы Паспалітай. Не гледзячы на кансерватызм, паўстанне нанесла моцны ўдар па самаўладству, садзейнічала замацаванню рэвалюцыйных змен у Францыі і Бельгіі, паспрыяла разгортванню нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў іншых еўрапейскіх краінах.

На ўдзельнікаў і западозраных ва ўдзеле ў паўстанні абрынуліся рэпрэсіі. Ствараліся спецыяльныя губернскія следчыя камісіі, якія пільна разглядалі справы. Сотні шляхціцаў былі пазбаўлены сваіх маёнткаў, арыштаваны, сасланы, мноства знайшло выратаванне ў эміграцыі.

Рэзка актывізаваліся дзеянні па «разбору шляхты» з мэтай выключыць з прывіляванага дваранскага саслоўя мелкапамесную і беззямельную шляхту – галоўных удзельнікаў паўстання. Дзеля гэтага праводзілася татальная праверка дакументаў на дваранскую годнасць. У выніку тысячы сямей былых шляхціцаў папоўнілі падатковыя станы сялян-аднадводцаў і мяшчан. Тэрмін “шляхта” быў забаронены для выкарыстання ў рускай мове.

Адначасова расійскія ўлады абаранялі правы памешчыкаў, калі апошнія адкрыта не выступалі супраць самаўладдзя. Агульная амністыя ўдзельнікам паўстання была абвешчана ў каранацыйным маніфесце новага імператара Аляксандра II (26 жніўня 1856 г.).

Вынікамі няўдалага паўстання стала адмена аўтаноміі Каралеўства Польскага і скасаванне Польскай Канстытуцыі 1815 г. Кіраўніцтва імперыяй узяла курс на татальную русіфікацыю заходнягя края, у выніку чаго была скасавана ўніяцкая царква (1839 г.), быў зачынены Віленскі ўніверсітэт (1832 г.), адменена дзеянне Статута 1588 г. Масавая эміграцыя найбольш актыўнай і адукаванай часткі шляхты адбілася на адраджэнні беларускай культуры.

Рэпрэсіі, безумоўна, абмяжоўвалі магчымасці нацыянальна-вызваленчага руху, але цалкам пагасіць імкненне да волі, нацыянальнай і сацыяльнай свабоды не змаглі.

У той час найбольш актыўную і радыкальную пазіцыю займалі эмігранцкія арганізацыі. Шэраг з іх лічыў, што трэба аднавіць узброеную барацьбу. Пачалася засылка на тэрыторыі Польшчы і Заходніх губерняў Расійскай імперыі спецыяльных эмісараў, якія павінны былі ствараць з мясцовых жыхароў узброеныя атрады для разгортвання партызанскай барацьбы.

Так, пад час “Экспедыцыі палкоўніка Ю. Заліўскага” 1833 г. тэрыторыя Беларусі была падзелена на акругі, у кожную прызначаліся эмісары. Галоўная стаўка рабілася на прыцягненне сялян да паўстання. Агучваліся лозунгі: надзяленне сялян зямлёй, рэстаўрацыя Рэчы Паспалітай у выглядзе дэмакратычнай дзяржавы. На пачатку 1833 г. на тэрыторыю Беларусіі прыбылі М. Валовіч, П. Пішчатоўскі, М. Ходзька і інш. Аднак эмісары былі хутка арыштаваныя ўладамі, сяляне не падтрымалі “экпедыцыю”.

Па ранейшаму цэнтрам нацыянальнай і сацыяльнай барацьбы заставалася Вільна. Пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта дзейнічалі створаныя на яго базе медыка-хірургічная і рымска-каталіцкая акадэміі. У 1836 г. сярод студэнтаў першай ўтвараецца «Дэмакратычнае таварыства», лідэрам якога быў студэнт Ф. Савіч. Акрамя студэнтаў у склад суполкі ўваходзілі прадстаўнікі разначынскай інтылегенцыі, выхадцы з шляхецкага асяроддзя.

Кіраўнік, частка членаў суполкі прытрымліваліся радыкальных дэмакратычных поглядаў, іх ідэалам было грамадства роўных магчымасцей для ўсіх. Члены таварыства крытычна ацэньвалі дзейнасць сваіх папярэднікаў у 1830-1831 гг., папракалі іх за немагчымасць ўзняцца да прызнання роўнасці ўсіх людзей. Савіча нават не палохала фізічная расправа над прыгоннікамі дзеля вырашэння сялянскага пытання. Савіч і яго аднадумцы выступалі за роўнаць усіх людзей, права кожнага народа на самастойнасць, заклікалі да сумеснай барацьбы розных народаў супраць царызму, прапагандавалі рэспубліканскі лад. У 1837 г. «Дэмакратычнае таварыства» стала часткай нелегальнай арганізацыі «Садружнасць польскага народа» на чале з Ш. Канарскім, і якая на тэрыторыі Заходніх губерняў Расійскай імперыі вядома пад назвай «Маладая Польшча». У чэрвені 1838 г. улады выкрылі арганізацыю Савіча, яе кіраўнік і іншыя актыўныя члены былі сасланы на Каўказ салдатамі ў дзеючую армію.

У 1846-1849 гг. дзейнічала тайная арганізацыя «Саюз свабодных братоў», вядомы яе суполкі ў Ашмянах, Вільна, Гродне, Лідзе і Мінску, колькаць удзельнікаў дасягала 200 чалавек. Найбольш актыўна дзейнічала мінскае адгалінаванне, якое разгарнула сваю дзейнасць сярод вучнеўскай моладзі, вайскоўцаў мінскага гарнізона. У Бараўлянах, каля Мінска, была наладжана вытворчасць зброі і патронаў. «Саюз свабодных братоў» ставіў перад сабой мэту сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення, свабоду Польшчы і Расіі. Гэтым памкненням ў вялікай ступені садзейнічалі рэвалюцыйныя падзеі ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе.

Улады ў 30-50я гг. праводзілі актыўныя і досыць паспяховыя пошукі тайных таварыстваў, таму рэвалюцыйныя падзеі 1848 г.
у Еўропе не знайшлі працягу на Беларусі. У 50-я гг. нараджаецца новая – рэвалюцыйна-дэмакратычная ідэалогія, якая хутка прыйдзе на змену шляхецкай ідэі бырацьбы супраць рускага самаўладдзя.





Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2016-11-24; Мы поможем в написании ваших работ!; просмотров: 461 | Нарушение авторских прав


Поиск на сайте:

Лучшие изречения:

Студенческая общага - это место, где меня научили готовить 20 блюд из макарон и 40 из доширака. А майонез - это вообще десерт. © Неизвестно
==> читать все изречения...

2316 - | 2272 -


© 2015-2024 lektsii.org - Контакты - Последнее добавление

Ген: 0.023 с.