Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае было феадальнай манархіяй, дзе феадалам было забяспечана права валодання залежным насельніцтвам – сялянамі. Насельніцтва княства падзялялася на дзве вялікія групы – феадалаў-землеўласнікаў і феадальна-залежнае насельніцтва. Насельніцтва падзялялася на саслоўі – шляхту, мяшчан, духавенства і сялян.
Феадалы (шляхта) – гэта найбольш прывілеяваная частка насельніцтва, яе моц апіралася на выключнае права валодання зямлёй. Гэтае саслоўе не было аднародным. Вялікімі багаццямі валодалі былые ўдзельныя князі (Рурыкавічы, Рагвалодавічы, Альгердавічы) і некаторыя баяры, што ўзвысіліся пры папярэдніх вялікіх князях. Гэтыя феадалы стварылі праслойку магнатаў – найбольш уплывовых асоб ў княстве, што займалі галоўныя дзяржаўныя пасады ў княстве. Астатнія феадалы – нашчадкі баяр – на працягу XVI ст. сталі звацца шляхтай. Кансалідацыі гэтага саслоўя паспрыяла ўзвышэнне ролі сейма ў дзяржаўным кіраванні, у паседжаннях якога прымалі ўдзел выбранцы з шляхты кожнага павета і ваяводства.
Саслоўе сялян да сярэдзіны XVI ст. так сама было неаднародным. Асабіста свабодные заможные сяляне, што выконвалі ваенную службу (зваліся баярамі, баярамі путнымі, баярамі панцырнымі ці баярамі слугамі) па статусу былі найбольш набліжаны да дробнай шляхты. Але разам з імі існавалі шматлікія катэгорыі феадальна-залежнага сялянства. Прававое становішча сялян – гэта поўная палітычная бяспраўнасць, абмежаваная грамадзянская праваздольнасць, павышаная крымінальная адказнасць. Па сутнасці, сяляне існавалі для забеспячэння патрэб феадалаў і дзяржавы.
Мяшчане – жыхары гарадоў, падзяляліся на тры групы згодна маёмаснаму становішчу. Вярхі складалі заможныя купцы і цэхмайстры, яны часта валодалі зямельнай маёмасцю, што набліжала гарадскі набілітэт да шляхты. Сярэднюю групу складалі дробныя гандляры і рамеснікі. Часта яны валодалі нерухомай маёмасцю ў горадзе і маглі ўдзельнічаць у працы органаў гарадскога самакіравання. Ніжэйшая група – чэляднікі, вучні, “чорныя людзі” не мелі аніякіх праў.
Прававое становішча мяшчан залежыла ад таго, у якім горадзе яны пражывалі. Значнымі правамі карысталіся жыхары Вільні, Полацка, Бярэсця, Мінска і іншых буйных дзяржаўных гарадоў з правам на самакіраванне і даравальнымі ільготнымі граматамі. Меньшымі правамі валодалі жыхары мястэчак і гарадоў, што не мелі права на самакіраванне. Жыхары прыватнаўласніцкіх гарадоў з’яўляліся феадальна залежным насельніцтвам.
Духавенства не змагло ўтварыць адзіную карпаратыўную грамаду. Да таго было некалькі ўмоў. Крыніцамі папаўнення саслоўя былі – феадальнае асяроддзе, мяшчанства, заможнае асабіста свабоднае сялянства. Да таго, на тэрыторыі княства дзейнічалі прадстаўнікі некалькіх рэлігій – каталіцтва, праваслаўя, уніяцтва
(з 1596 г.), пратэстанцкіх цэркваў, было яўрэйскае і магаметанскае духавенства. Часта духавенства прызнавала ўладу замежных царкоўных устаноў, што наносіла шкоду дзяржаўным інтарэсам княства.
Сталіца дзяржавы – гэта галоўны горад, дзе месціліся органы дзяржаўнага кіравання, рэзідэнцыя кіраўніка дзяржавы – вялікага князя. Тут збіраліся агульнадзяржаўныя вальныя сеймы. З 1323 г. сталіцай Вялікага княства Літоўскага Гедымін абраў Вільню (крывіцкае паселішча Крывы горад) на рацэ Віліі. З цягам часу Вільня стала адным з буйнейшых горадоў ва Ўсходняй Еўропе. Па некаторых звестках, нсельніцтва Вільні ў XVI ст. было пераважна беларускім, праваслаўным.
Герб дзяржавы – “Пагоня” – летапісы ўзгадваюць пад 1270-1290-я гг., часцей за ўсё звязваюць з асобай Віценя. Спачатку гэта быў асабісты герб вялікага князя, пазней ён стаў гербам дзяржавы. Статут 1566 г. юрыдычна замацаваў “Пагоню” як дзяржаўны герб ВкЛ. Кожнае ваяводства і павет павінны былі мець пячатку з “Пагоней”. Дзяржаўны герб меў наступны выгляд – на шчыце барочнай формы пурпуровага колеру ў сярэдзіне месціўся белы коннік з мячом і шчытом.
На працягу XIV-XVII стст. беларуская, а дакладней, старабеларуская мова выконвала функцыі дзяржаўнай мовы ВкЛ. На ёй былі выдадзены галоўныя законы княства – Судзебнік 1468 г., усе тры Статуты ВкЛ, вялася Метрыка Вялікага княства Літоўскага. На беларускай мове вялося справаводства ў гарадскіх магістратах, земскіх і замкавых судах, яна выкарыстоўвалася пры правядзенні рэвізій і інвентарызацый не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і на ўласна літоўскай тэрыторыі. Пасля заключэння Люблінскай уніі ўмовы для далейшага развіцця беларускай мовы як мовы дзяржаўнай, значна пагоршыліся. Справаводства паступова пераводзілася на польскую мову. Спецыяльнай сеймавай пастановай 1696 г. беларуская мова была забаронена для ўжывання ў справаводстве на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.
Цэнтральныя органы ўлады
Вялікі князь (гаспадар, кароль) – кіраўнік дзяржавы, кіраўнік выканаўча-распараджальнай дзейнасцю вышэйшых дзяржаўных органаў, кіраўнік дзяржаўнай адміністрацыі, галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі княства. За яго подпісам і дзяржаўнай пячаткай выдаваліся заканадаўчыя акты княства. Згодна склаўшайся традыцыі, выбіраўся феадаламі княства, спачатку выбары праходзілі ў межах Рады (паны-рада), пазней, з XVI ст. на агульнадзяржаўным сейме. Галоўнымі абавязкамі гаспадара былі:
· абарона дзяржавы;
· падтрымка парадку ўнутры дзяржавы;
· ажыццяўленне вышэйшага суда;
· кіраўніцтва адміністратыўным апаратам дзяржавы;
· ажыццяўленне міжнародных стасункаў;
· распрацоўка і выданне законаў.
Для забеспячэння патрэб гаспадара існавалі асабістыя княскія двары і маёнткі, якімі распараджаўся сам гаспадар і дзяржаўныя эканоміі, даходы з якіх гаспадар накіроўваў па згодзе з Радай. Такое становішча ўзнікла пасля 1492 г., калі вялікі князь вымушаны быў падзяліцца часткай паўнамоцтваў з панамі-радай, без згоды якіх ён не меў права прынімаць рашэнні і выдаваць законы. У той жа час Рада ў адсутнасць гаспадара магла вырашаць любое пытанне. Калі ўлічваць, што вялікія князі сумяшчалі яшчэ і пасаду караля польскага, то яны часта адсутнічалі ў княстве. Таму роля Рады ў кіраванні была вельмі значнай.
Рада ВкЛ (паны-рада) – спачатку дапаможны орган пры вялікім князе (князь мог не параіцца і прыняць рашэнне), а з 1492 г. – вышэйшы орган дзяржаўнай улады ў ВкЛ. Склад Рады не быў вызначаны строга, у яе ўваходзіла 30-40 важнейшых асоб княства. Сярод іх – усе каталіцкія біскупы, вышэйшыя дзяржаўныя чыны, усе ваяводы і каштэляны, некаторыя старасты і асобныя феадалы з роду Альгердавічаў ці Рурыкавічаў. На паседжанні Рады маглі запрашацца іншыя асобы – ураджэнцы ВкЛ хрысціянскага веравызнання. У поўным складзе Рада збіралася рэдка, часцей за ўсё пытанні вырашалісь старэйшымі раднымі панамі – вышэйшымі дзяржаўнымі чынамі, ваяводай Віленскім і Трокскім, біскупам Віленскім. Пытанні, што належылі кампетэнцыі Рады:
· выбары гаспадара ВкЛ;
· кантроль дзейнасці гаспадара;
· ажыццяўленне міжнародных адносін;
· кіраўніцтва вышэйшымі мясцовымі і дзяржаўнымі органамі кіравання;
· прызначэнне на дзяржаўныя пасады;
· абмеркаванне і прыняцце законаў;
· ажыццяўлення вышэйшага суда.
Апошнія функцыі Рада ажыццяўляла разам з вялікім князем, а так сама па ўсім пытанням яна магла склікаць сейм.
Сейм (сойм) – з’езд прывілеяванага саслоўя – шляхты ВкЛ. Мог збірацца па рапараджэнню вялікага князя ці Рады. На сеймавых паседжаннях маглі прымаць удзел вялікі князь, Рада ўсім складам, усе службовыя асобы дзяржаўнага і мясцовага кіравання, каталіцкія і праваслаўныя (з 1596 г. – уніяцкія) епіскапы і настаяцелі манастыроў, а так сама кожны шляхціц. Апошнія не вельмі шанавалі сеймавыя паседжанні, таму ў 1512 г. Жыгімонт І Стары выдаў загад, па якому кожны павет абавязаны быў выбіраць 2 дэлегатаў – “паслоў” ад мясцовай шляхты. Збіраліся сеймы па меры патрэбы, а з сярэдзіны XVI ст. – раз у два гады. Былі вызначаны гарады, дзе збіраліся сей-
мы – Вільня, Гродна, Слонім, Бярэсце. Пытанні, што датычыліся кампетэнцыі сейма, строга вызначыны не былі. Гэта залежыла ад таго, якую праграму рыхтаваў гаспадар ці Рада, яны рыхтавалі і праекты рашэнняў сейма – ухвалы, статуты, а з XVII ст. – канстытуцыі. Часцей за ўсё сеймы вырашалі наступныя пытанні:
· выбары князя (элекцыйныя і каранацыйныя сеймы);
· пытанні аб вайне ці міры;
· збор і памер падаткаў на ваенныя патрэбы;
· вырашалі міжнародныя справы;
· прымалі законы;
· ажыццяўлялі суд па крымінальнай справе – дзяржаўнай здрадзе;
· прымалі хадайніцтвы павятовай шляхты.
Па сутнасці, галоўную ролю на паседжаннях сеймаў мела Рада і магнаты, яны вырашалі, якую пастанову прыме сейм.
Вышэйшыя асобы
Маршалак земскі з’яўляўся ахоўнікам этыкету і парадку пры двары гаспадара. Меў важныя функцыі: старшынстваваў на сеймавых паседжаннях і ў Радзе, абвяшчаў пастановы гаспадара і Рады. Ён жа кіраваў прыёмам паслоў, прасіцеляў са скаргамі, судзіў за злачынствы, здзейсненые пад час правядзення сеймаў. Меў намесні-
ка – маршалка дворнага.
Гетман найвышэйшы кіраваў усімі ўзброенымі сіламі дзяржавы. У ваенных абставінах і пад час паходаў меў шырокія паўнамоцтвы – нават мог пакараць падначаленых смерцю без суда. Меў намеснікаў – гетмана дворнага і гетмана польнага, што ўзначальвалі частку войска.
Канцлер у ВкЛ кіраваў дзяржаўнай канцылярыей, наглядаў за дакладнасцю вядзення Метрыкі – дзяржаўнага архіва, храніў дзяржаўную пячатку ВкЛ і ставіў подпіс пад законамі, без гэтага законы не мелі моцы. Намеснік канцлера – падканцлер – прымаў удзел у падрыхтоўке законаў, кіраваў юрыдычнай службай канцылярыі.
Падскарбі земскі – хавальнік дзяржаўнай казны (скарба). Заведаваў даходамі і расходамі дзяржавы; захоўваў дзяржаўныя рэгаліі – скіпетр, меч, сцяг, шапку Гедыміна; распараджаўся ваеннымі прыпасамі (арсеналам ВкЛ), а з сярэдзіны XVI ст. займаўся кіраваннем дзяржаўнай зямельнай маёмасцю. Яго намеснік – падскарбі дворны – захоўваў дварцовую казну вялікага князя, яго асабістыя каштоўнасці і грошы. Дапамагалі падскарбіям шматлікія служачые – скарбнікі, ключнікі, мытнікі, дзяржаўцы, цівуны.
Гаспадарчыя дваране і ўраднікі выконвалі даручэнні князя і Рады (праводзілі рэвізіі, выконвалі пастановы дзяржаўных органаў і судоў). Непасрэдна кіраваў імі маршалак дворны.
На важнейшыя дзяржаўныя пасады прызначаліся прадстаўнікі знатных родаў ВкЛ вялікім князем са згоды Рады, вельмі часта пасады займалі прадстаўнікі беларускіх знатных родаў, як праваслаўных, так і каталіцкіх. Сярод іх – Астрожскія, Пацы, Хадкевічы, Глінскія, Сапегі, Кішкі, Тышкевічы, Чартарыйскія, Радзівілы, Іллінічы, Валовічы, Друцкія, Зяновічы і інш.